|
СТУЖКІ ПАМЯЦІ
RECOLLECTIONS
CHAPTER V
Гісторыя айца Мікалая Лапіцкага не пачалася ў 1907 годзе й ня скончылася жніўнем 1976. Ейныя карані — на землях Вялікага Княства Літоўскага, ейны працяг — на абшарах Злучаных Штатаў: ад Каліфорніі — на захадзе, да Нью Джэрзі — на ўсходзе краіны, дзе жывуць сёньня дзеці, унукі, праўнукі чалавека, якога доктар Вітаўт Кіпель назваў адным з найвыбітнейшых царкоўных і грамадзкіх дзеячоў беларускае эміграцыі. Успаміны — тая жывая гісторыя, што трывае ў памяці нашчадкаў — настолькі-ж каштоўныя для нас, як і архіўныя дакуманты, навуковыя досьледы, манускрыпты. З адным толькі адрозьненьнем, што незанатаваныя своечасова яны неадменна зьнікнуць, схаваюцца за смугою часу.
Пэўна, усьведамленьнем гэтага забавязана сваёй папулярнасьцю ў ЗША так званая Oral History, вусная гісторыя — адначасна й найстарэйшы мэтад гістарычнага досьледу, і параўнальна малады, 1940 гг.— часу, калі быў вынайдзены магнітафон. Безьліч інстытутаў, унівэрсытэтаў, музэяў, прафэсыйных і грамадзкіх арганізацый ня толькі сыстэматычна й мэтанакіравана запісваюць відэа- і аўдыа- ўспаміны, але й ствараюць адмысловыя месцы, куды можа зайсьці любы чалавек з натоўпу й з дапамогаю прафэсыяналаў запісаць свой успамін, узбагаціўшы тым самым нашую агульную гісторыю на яшчэ адзін лёс, поўны цёплых жывых фарбаў і сапраўднага паху.
Рыхтуючы да друку працы а. Мікалая Лапіцкага, укладальнік кнігі ў росшуках зьвестак пра жыцьцё аўтара сустракаўся зь дзецьмі і ўнукамі сьвятара, уключаў магнітафон і запісваў галасы: Лёлі Касоўскай, дачкі; Жоржа Лапіцкага, сына; Алекса Касоўскага, унука; Ніка Лапіцкага, унука; Ніка Касоўскага, унука; Стывена Лапіцкага, унука.
ПІапаціць магнітафонная стужка, лічыльнік фіксуе ейныя дзюймы-сантымэтры, галасы адлічваюць дзесяцігодзьдзі...
Лёля Касоўская разважае-прпамінае:
„Быў час, калі для мяне Тата, Мама й Жорж былі адно — наша сям'я. Потым мы з Жоржам акрэплі, атрымалі асьвету, стварылі свае сем'і. У маёй памяці побач бацькі заўсёды маці— мы яе звалі „матулька". Так клікалі яе ўсе, ня толькі ўласныя дзеці. Яны былі бацькамі ад Бога, я заўсёды вычувала блізкасьць да іх. Зь імі было спакойна і ўтульна — нават падчас вайны, калі зямля й неба, здавалася, былі супраць людзей.
Мае дзеці, сыны Алекс і Нікалас, былі першымі ўнукамі ў нашай сям'і, і з цудоўных бацькоў тата з мамаю вырабіліся на надзвычайных дзядулю з бабуляю. Мы жылі блізу адзін ад аднаго, часта сустракаліся. Бацька браў Алекса, старэйшага, на рукі й было бачна, наколькі ён ганарыцца ім. А сёньня таму маленькаму Алексу — 41 год, ён жанаты й сам ужо мае дзяцей: сына Джэйка, якому сем гадкоў, і дачку Алену, названую ў мой гонар.
Нашая сям'я была-б большай, каб не вайна. Бацькава сястра Ксенія, адзіная, акрамя яго самога, каму малазаможныя бацькі здолелі даць адукацыю, трапіла ў Вялейскую турму за беларускую дзейнасьць і памерла там.
А каб вам уявіць багацьце сям'і скажу, што самым чаканым пачастункам былі смаленскія бублікі, якія нам дзед прывозіў з Грэлікаў. Але як ён вяртаўся дадому, наш бацька заўсёды даваў яму з сабою бульбы, пшаніцы, яшчэ нечага бо мы лічыліся троху багацейшымі.
Матуля, Валянціна Трафімюк, нарадзілася ў маёнтку недалёка ад Беластоку й належала да зусім іншай сям'і, багатай. Пад час Першай сусьветнай вайны яны ўцяклі ў Расею, былі там працяглы час, а па вяртаньні Цімафей і Марыя, матчыны бацькі, заснавалі сваю фарму, даволі прыбытковую. Жыцьцё на той фарме разам з сястрою й трыма братамі належалі да шчасьлівых матчыных успамінаў.
Цімафей, Марыя й адзін з сыноў, Валодзя, былі пазьней забітыя чырвонаармейцамі.
Бацькі пазнаёміліся троху дзіўна, як на сёньня, але тады падобнае было завядзёнкаю. Тата студыяваў у Варшаве, вучыўся на сьвятара. I вось надыходзіў час, калі ён мусіў вызначыцца: або ажаніцца, або застацца цэлебатнікам на ўсё жыцьцё. Яму багата тады сваталі варшавянак, але нехта расказаў пра маці. Тата прыехаў у маёнтак, паглядзець, значыць, і яны адразу спадабаліся адзін аднаму й заручыліся. Бацька зьехаў назад, заканчваць навуку, а маці засталася ў маёнтку, дзе пазьней я й нарадзілася.
Як тату высьвяцілі, яго накіравалі служыць у Апімяну. Памятаю, што ў тым невялікім мястэчку на той час было некалькі чалавек, іпто ўсьведамлялі сябе беларусамі. Не палякамі, не расейцамі, а менавіта беларусамі. I бацька далучыўся да той беларускай дзейнасьці, якая з часам стала рухам.
Сваякі з матчынай сям'і не падзялялі татавых беларускіх настрояў. Дзед нават зьдзекваўся з мовы. Так што вакол мамы (між іншага, кузынкі Ларысы Геніюш) была небеларуская атмасфэра. Але як толькі яна выйшла замуж, яна адразу стала на татаў бок, успрыняла ягоныя ідэі, мову як свае спрадвечнае. 3-пад вянца яна выйшла гаворачы па-беларуску й больш ніколі таму ня здрадзіла. Яна была шчыраю беларускаю.
Увесь час першае бацькавае працы маці жыла не зь ім, не ў парафіі, а ў маёнтку з бацькамі, і далучылася да яго толькі ў наступнай парафіі, Сьцяфанапалі, каля Дзісны, дзе яны жылі й працавалі аж да пачатку Другой сусьветнай вайны. Напэўна, гэта была клясычная парафія таго
часу. Бацькі мелі сваю гаспадарку, непадалёк ад якой стаяла царква — дзьверы ў дзьверы з хатаю.
Бацька казаў пропаведзі па-беларуску. Час ад часу польскія ўлады загадвалі служыць па-польску, але ён заўсёды адмаўляўся. Таксама ён выкладаў Закон Божы ў школах, і з таго сям'я жыла разам з прыбыткам ад гаспадаркі ды з таго, што парафіяне прыносілі ў аддзяку.
У нас быў вялізны дом, куды прыходзілі людзі, багата людзей, ня толькі да бацькі па справах, але й да матулі. Яна была надзвычайным кухарам, і на царкоўныя сьвяты за стол сядалі бацькі, госьці, сьвяцілі ежу, радаваліся адзін аднаму... Аяк пачалася вайна 1939 году — прыйшоў канец нашаму дому.
Расейцы занялі вёску й адразу зачынілі царкву. Пачалі забіраць з хатаў усё, што ім спадабаецца. Проста прыходзілі й забіралі, напрыклад, кароў. Памятаю, як прыйшла аднойчы камісарша ці хто, дык у яе ня было вяроўкі, каб карове навязаць. То яна зайшла ў хату і ў маці спытала, а маці не дала, кажа: „Ты па маю карову прыйшла ды яшчэ вяроўку хочаш? Ідзі ды знайдзі сабе сваю!".
Нэрвовы быў час. Да ўсяго дадаваліся чуткі, што нас неўзабаве павязуць у Сібір. Mo й павезьлі-б, але сытуацыя зьмянілася: немцы наступалі. Я памятаю, як мы ўсе стаялі каля нашага старога дому, на гары, і глядзелі, як немцы ўваходзілі ў вёску: добра апранутыя, элегантныя, на матацыклах. У нашую вёску ўваходзілі новыя акупанты.
Натуральна, царкву адразу адчынілі й бацька зноў пачаў казаць пропаведзі па-беларуску. Але парафіянаў паменшала. Значная частка іх апынулася ў нямецкім палоне. Тады тата зарганізаваў пошукі палонных, і сам выпраўляўся ў Менск шукаць — лічыў гэта сьвятарскім абавязкам. У Менску яго закруцілі арганізацыйныя справы аднаўленьня Беларускай Аўтакефальнай Царквы, і ён застаўся там, пакінуўшы нас з маці ў доме на гары. Так яны падзяліліся: кабета апекавалася сямейным домам і гаспадаркаю, а мужчына —домам Божым.
Бацька як толькі мог часта езьдзіў да нас зь Менску, адведваў мяне, маці з толькі народжаным Жоржыкам. Аднойчы ягоную машыну спынілі ў лесе партызаны. Хацелі, відаць, забіць, але тата растлумачыў хто ён, чым займаецца — і іх адпусьцілі. А вось немцы арыштавалі: нехта расказаў, што тата маліўся за забітага партызана. Не дапамаглі тлумачэньні, што сьвятар мае маліцца за любога, хто-б той ні быў. Тату пасадзілі ў турму. Мама тады пакінула нас на дагляд суседзяў, узяла каня й паехала па тату. Тады арыштаваных немцы часта перакідвалі з адной турмы ў другую, і маці паўсюль ехала сьледам, ад турмы да турмы. Аднойчы ей сказалі, што немцы ўсіх арыштаваных расстралялі, пакідалі ў ад ну агульную вялікую магілу й што сярод забітых быў сьвятар. Маці знайшла тую магілу й пачала раскапваць, каб пераканацца, што тата ляжыць там. Але раптам пачала губляць прытомнасьць і мусіла спыніцца, каб самой не ўваліцца ў магілу. Яна вярнулася дадому й сказала, што бацькі сярод забітых няма, што ён жывы.
I так здарылася! Бацька быў жывы, немцы яго выпусьцілі акурат напярэдадні сьвята Сьвятых Пятра й Паўла — вялікага дня нашай парафіі, бо яна была названая імем гэтых сьвятых. Па парафіі прайшла імгненна погаласка, што айцец вярнуўся. Набралася паўнюсёнькая царква, і дзякавалі адначасна й Сьвятым Пятру й Паўлу і маліліся за вяртаньне айца. Было такое дзіўнае яднаньне ўсіх...
Тата вярнуўся ў Менск працаваць, а маці пачала рэгулярна езьдзіць да яго, прывозячу яму масла, малака, вэндліны, бо тата ніколі не гатаваў сабе. Але такія падарожжы былі даволі небясьпечныя, у першую чаргу з-за партызанаў, і было вырашана ўсім таксама пераехаць у горад.
У Менску тата працаваў у Самапомачы. Часта здаралася, што габрэі пакідалі на прыступках Камітэту сваіх дзяцей у спадзяваньні, што тут ім дадуць прытулак і тым захаваюць іхнае жыцьцё. I сапраўды, нямала жыцьцяў было выратавана.
Мае ўспаміны пра Менск пункцірныя. Вось памятаю пахаваньне забітага айца Іаана Кушнера. Ня ведаю, чаму маці вырашыла ўзяць нас на паховіны, але добра памятаю, як тады пачала думаць пра сьмерць як нешта датычнае й мяне, нашай сям'і.
Жылі мы спачатку каля Кацярынінскай царквы на Нямізе, потым пераехалі да Чыгуначнай царквы. Гэтыя мясьціны бамбілі, здавалася, штодзень, але па нейкім часе мы ўсе нібыта прызвычаіліся, мала зварачвалі ўвагі і, дзякуй Богу, неяк абыходзілася.
У наш дом часта прыходзілі незнаёмыя людзі, затрымліваліся на кароткі ці даўжэйшы тэрмін, але бацькі не тлумачылі, што да чаго. Толькі нашмат пазьней маці сказала, што то габрэі хаваліся ў нас.
Прыходзілі да нас людзі й не хаваючыся. Часта сядзеў за нашым сталом Іван Іванавіч Касяк. Прыяжджаў зь вёскі айцец Нікіфар Пыск, у якога заўсёды былі, як мне здавался, праблемы ў парафіі. Ён прывозіў з сабою нейкія вельмі важныя дакуманты, якія дазваляў пакінуць толькі на матчын дагляд.
Памятаю адзначэньне ў нашай царкве нейкага сьвята, калі прыехалі Прэзыдэнт БЦР Радаслаў Астроўскі й Анатоль Плескачэўскі (той падаўся нават больш важным за прэзыдэнта). Астроўскага атачала вялікая колькасьць целаахоўнікаў.
Жыцьцё працягвалася. Маці любіла тэатар і глядзела ці ня ўсе прэм'еры. Але хадзіла адна, бо тата лічыў, што сьвятару не выпадае часта бываць у тэатры. Я брала актыўны ўдзел у царкоўным жыцьці, зьбірала грошы на дабрачыннасьць, здаецца, на пабудову царквы ў Козыраве. Для мяне Менск стаўся адною вялікаю прыгодаю.
Толькі з новым паваротам у вайне жыцьцю ў Менску надышоў канец: расейская армія наступала. Нашая сям'я не хацела ізноў апынуцца пад іхнаю ўладаю, а таму мы селі на цягнік і выехалі ў Вільню. Гэта сталася толькі пачаткам нашых пераездаў. Наступным горадам была Прага, дзе мы спыніліся ў матчынай кузынкі Ларысы Геніюш і жылі ў доме, які належаў Петру Крэчэўскаму. Адтуль мы пераехалі ў Францэсбад, дзе знаходзілася беларуская епархія, адкуль скіраваліся ў Тырсгайм. Пераезды даваліся няпроста, але самым жахлівым успамінам таго часу для мяне ёсьць звычайная нямецкая школа. Тата заўсёды вычуваў вялікую павагу да адукацыі, навучаньня. Ён казаў, што аднойчы набытыя веды будуць заўсёды з табою, іх нельга згубіць. Даць адукацыю сваім дзецям было для яго вельмі важным. I як толькі ў Нямеччыне ў маіх бацькоў зьявілася магчымасьць аддаць мяне ў нямецкую школу, яны адразу аддалі. Там было для дзіцяці сапраўднае пекла: сярод непрыязных да цябе нямецкіх дзяцей, бяз веданьня мовы.
Тата быў вельмі актыўным: распачаў будоўлю царквы („ягоная" царква ў Рэгэнсбургу была першай для беларускіх ДП), заняўся арганізацыяй школы. Ён багата езьдзіў, маці езьдзіла зь ім — больш па справах гандлёвых. Я заставалася адна або пад наглядам Іны Рытар-Каханоўскай.
Празь нейкі час амэрыканскія акупацыйныя ўлады загадалі нам пераехаць у Міхэльсдорф. Гэта месца было як маленькая Беларусь пасярод Нямеччыны. Мы мелі сваю ўправу, сваю паліцыю, школу, тэатар. Усё было па-беларуску. Была й царква, і тата там правіў службы. Дзе-б ні быў тата, ён заўсёды быў ў царкве, а калі царквы ня было — ён будаваў. Калі ня мог будаваць, карыстаў пад службы самыя розныя будынкі — гаражы, склепы, і паўсюль гучала імя Божае. Яго motto было: „Дзе двох — там царква".
Апошнім пунктам нашага падарожжа сталіся Злучаныя Штаты. Да сёньня памятаю тое ўражаньне ад Статуі Свабоды: радасьці, надзеі, шчасьця... Mo будзе гучаць звыкла й шаблённа, але гэта зямля шанцу, магчымасьці, калі ад чалавека патрабуецца адно — воля і ўпартасьць. Я тое вычула на сабе, калі ўсяго праз некалькі гадоў па прыезду, ка-лі закончыла каледж й працавала загадчыкам бібліятэкі Bristol Myers Squibb Pharmaceuticals, падпісвала мнагамільённы кантракт у кабінэце з вокнамі на Статую Свабоды. Не адна я — ўся нашая сям'я стала на ногі, здабылі адукацыю, атрымалі добрыя працы, наладзілі такое жыцьцё, пра якое ў той час нават і не марылася. Толькі ў Амэрыцы!
Але да гэтага было яшчэ няблізка.
Тымчасам у Нью Ёрку нас спаткаў Эмануіл Ясюк і прывёз у Пассэйк, гарадок у суседнім штаце Нью Джэрзі. Бацькі знайшлі працу: маці ўладкавалася на ткацкую фабрыку, а тата працаваў на заводзе па вырабу тэлевізараў. Там знайшлі сабе кавалак хлеба багата нашых. Грошай ня было, і сям'я Мілевічаў запрапанавала на час пасяліцца ў іх. Беларусы дапамагалі адзін аднаму.
Тата працаваў пяць дзён, а ў суботу ехаў цягніком у Саўт Рывэр, адзін зь беларускіх цэнтраў, каб адслужыць вячэрню, а пазьней і нядзельную службу, і позьнім вечарам вяртаўся да нас, каб у панядзелак зноў ісьці на завод. Калі-ж мы набылі машыну і я атрымала правы, вазіла бацьку й сама заставалася ў гарадку, бо там заўсёды нешта адбывалася цікавае, ішло беларускае жыцьцё. Пазьней атрымалі правы й тата з мамаю, езьдзілі ўжо самі. А калі тата распачаў будаўніцтва царквы, мы ўсё больш і больш часу праводзілі ў Саўт Рывэры. I так атрымалася, што царква паўстала ў мястэчку, дзе жыло нямала беларусаў, а паўстаўшы, пачала вабіць да сябе новых эмігрантаў або жыхароў іншых месцаў. Гэткім чынам царква сталася цэнтрам жыцьця — духовага й фізычнага ў нашым горадзе, чым бацька вельмі ганарыўся. Ён лічыў, што царква, сьвятыня стварае грамаду, і ён меў рацыю. Мы прыехалі туды ў 1950 годзе, і празь 53 гады гэта па-ранейшаму беларускі цэнтар!
Тата быў, што называецца, адпаведны чалавек у адпаведным месцы: энэргічны, зацікаўлены, з вопытам будоўлі цэркваў у Менску й Нямеччыне. Гэта было ягоным жыцьцём, сэнсам, мэтаю й шляхам адначасна. Тата быў тае думкі, што й ад на асоба можа нешта зрабіць.
Каб зразумець тату, трэба ведаць дзьве рэчы пра яго. Першае, ён быў беларусам, заўсёды й паўсюль. Другое, для яго, сьвятара, было немагчымым ісьці ў Расейскую Праваслаўную Царкву. Таму калі нашыя гіерархі кінулі БАПЦ, бацька застаўся. Але самотнае становішча бацькі ўзмацнялася яшчэ расколам беларускага грамадзтва на крывічоў і зарубежнікаў, на БЦР і БНР. Тата ня мог пайсьці ў цэрквы крывічоў, бо хоць і не адмаўляў ім у беларускасьці, лічыў іх некананічнымі. Такая была ягоная пазыцыя.
У гэткай сытуацыі яму заставаўся адзін шлях — да грэкаў. У грэцкай епархіі быў на той час архіепіскап Міхаіл, што некалі вучыўся, дарэчы, разам з Філафеем, і трохі ведаў пра беларускія справы. Ён з радасьцю прыняў тату да сябе. Так усё й пачалося ў Саўт Рывэры.
Нашая першая царква была ў памешканьні набытай у горада старой сынагогі. Але тату тое не задавальняла. Ён пачаў заводзіць знаёмствы, кантакты, вынікам чаго ўрад гораду прадаў нам зямлю пад царкву у добрым месцы й даволі танна. Быў зарганізаваны Камітэт пабудовы царквы, узначаліў які Віталь Цярпіцкі.
Грошай на будаўніцтва ня было. Тады тата зьвярнуўся да парафіянаў з заклікам ахвяраваць па тысячы даляраў. Гэта й сёньня немалыя грошы, а тады, на пачатку сямідзесятых, для людзей, што працуюць на фабрыках і якім няма адкуль чакаць спадчыны, было вельмі й вельмі шмат.
У бацькі былі знаёмыя — браты Кавалёвы, будаўнікі. Яны вельмі-ж любілі тату, і тата да іх надта добра ставіўся. Дачуўшыся, што беларусы задумалі будаваць сваю царкву, яны прыйшлі да таты й прапанавалі задарма збудаваць яе, а з аплаты прасілі толькі вяртаць ім грошы за дарогу, бо жылі яны няблізка.
Ня ўсё ішло роўненька, ведаеце, як у хаце, дзе некалькі гаспадароў. Нехта нечым незадаволены, хтосьці пакрыўджаны. Тады бацька выступаў у ролі міратворцы. Не заўсёды ўдала: аднойчы нечым раззлаваныя й пакрыўджаныя саўтрывэрцамі браты Кавалёвы кінулі працу й больш да яе не вярнуліся. З нашай сям'ёю-ж яны засталіся ў добрых стасунках: вельмі любілі бацьку.
Штораніцы за сьняданкам тата з мамаю гаварылі пра будоўлю, а потым ішлі да царквы, размаўлялі з будаўнікамі, парафіянамі, якія свае вакацыі, увесь вольны ад фабрыкі час прысьвячалі ўзьвядзеньню царквы. Гэта быў фантастычны энтузіязм, вялікая ахвярнасьць.
Адначасна з царквою распачалася будоўля Беларуска-Амэрыканскага Цэнтру — важнага для беларускага грамадзтва як месца, дзе-б зьбіраліся людзі й які-б дапамагаў беларусам у ЗША прапагандаваць сваю ідэю, свае пагляды й мэты.
Дзень заканчэньня будоўлі царквы быў найшчасьлівейшым днём у жыцьці маіх бацькоў. Яны вычувалі, што дасягнулі нечага, стварылі нешта надзвычай істотнае.
Я заўсёды верыла, што асоба, адзін адзінюткі чалавек здольны зьмяніць штосьці ў гісторыі народу, у палітыцы. I на маю думку, такім чалавекам для Саўт Рывэру стаўся мой бацька. Каб ня ён, магчыма, была-б царква й дом, але былі-б іншыя, не такія. Той цэнтар, што стварыў тата, ён унікальны для беларускай Амэрыкі.
Прайшло нямала часу ад дня ягонай сьмерці, але й пасёньня ў Саўт Рывэры для ўсіх я — дачка айца Лапіцкага, які збудаваў царкву. Дасюль да мяне падыходзяць людзі й згадваюць, якім ён быў чалавекам. I што-раз я вычуваю гонар, што я — дачка бацькі й сваёй маці.
30 ліпеня 1972 году царква была высьвечана епіскапам Філатэосам з грэцкай праваслаўнай епархіі, высьвечаны Цэнтр і блаславёны абед на 300 чалавек. У той дзень у царкву сабраліся ўсе — беларусы Саўт Рывэру, парафіяне зь іншых гарадкоў, беларусы, што не належалі да нашае царквы наагул. Гэта было сьвята эмігрантаў, якія прыехалі ў краіну нішчымнымі, бяспраўнымі й асягнулі нечага, дзякуючы сваім рукам, свайму розуму, настойлівасьці й веры. Яны, як і ўсе, хадзілі на працу, цяжка працавалі, ашчаджаючы капейчыну на адукацыю для дзяцей, на сваю старасьць, але пабачылі, што здольныя на нешта большае — на стварэньне Божага дому для сябе й сваіх нашчадкаў.
Кожны раз, згадваючы той дзень, я плачу. Плачу й цяпер. Я стаяла каля царквы й не магла даць веры. Той летні дзень 1972 году быў сьвятам і перамогаю беларусаў і асабістым сьвятам нашае сям'і - шчасьлівага бацькі, прыгожай маладой маці.
У лістападзе таго самага году бацька меў інсульт. Гэта здарылася ў нядзелю, тата з цяжкасьцю гаварыў, цяжка рухаўся, але ўсё-ж сеў у машыну, каб ехаць у царкву служыць. У царкве ён ня змог ужо гаварыць зусім, і маці павезла яго дамоў, дзе выклікалі лекараў, якія й забралі тату ў шпіталь. Тата страціў мову, і гэта было так страшна: чалавек, які без паперы чытаў казаньні, ня мог слова вымавіць.
Пакрысе мова пачала вяртацца, і тата паўтараў: Я пабудаваў царкву й дом, то ня страшна... ня страшна...
Ён вярнуўся дамоў на Каляды й служыў яшчэ чатыры гады, чатыры шчасьлівыя гады. За гэты час мы дапамаглі разбудаваць „Бэлэр-Менск", месца ў гарах, дзе-б усе беларусы, незалежна ад сваёй партыйна-грамадзкай прыналежнасьці, маглі-б адпачываць, хадзіць у грыбы, вудзіць рыбу. Гэта месца належала ўсім беларусам, і тата думаў пра „Бэлэр-Менск" як частку пакінутай Беларусь У „Бэлэр-Менску" тата распачаў уладкаваньне невялічкай капліцы - месца, дзе-б ён ці іншы сьвятар мог-бы служыць у нядзелі. Пад гэтую мэту ён прыгледзіў будынак як раз пасярэдзіне нашага „Менску".
Царква была прысьвечана Смаленскай Адыгітрыі. У дзень ейнага сьвята сабраліся ўсе мы: усё сям'я, я з мужам, дзецьмі... Мы сядзелі разам. Тата казаў, як багата зроблена, але яшчэ болей наперадзе. Я слухала яго й думала, наколькі мы сталі блізкія, як я вычуваю яго, ведаю, што ён скажа, што ён думае. А тата казаў далей пра пляны, узьняўшы рукі, вымавіў „Многая лета", уздыхнуў і пасунуўся на мяне.
Я цьмяна памятаю, што адбывалася далей. Здаецца, я крычала па дапамогу, клікала Віталя Цярпіцкага, які быў абазнаны ў рэанімацыйнае дапамозе. Я не магла спыніцца, крык быццам сам па сабе ірваўся зь мяне. Змагла суняць сябе толькі згадаўшы, што каля мяне мае малыя дзеці. Пакуль прыехалі лекары, мінула каля 25 хвілінаў — далёка ад гораду быў наш „Менск". Тата быў мёртвы, а я крычэла дактарам, што ён жывы, што яго трэба везьці ў шпіталь, што яго яшчэ магчыма выратаваць...
Трэба было рыхтаваць паховіны... Я званіла Івану Касяку, сябру нашай сям'і, айцу Сьвятаславу Каўшу з просьбаю напісаць нэкралёг. Я званіла ўсім, каго ведала. Я званіла кожнаму сьвятару, якога ведала. Прыпамінаю таксама, што ў тым часе пагэлефанавала Вольга Фёдараўна Качанская ды папрасіла, каб тата пахаваў Сэляха-Качанскага. Іронія лесу...
Потым была падрыхтоўка да пахаваньня. Выбар месца на могілках, труны... Ён хацеў труну зь беларускай бярозы. Мы шукалі й знайшлі нешта падобнае. Рабілі ўсё, каб выканаць ягоныя жаданьні. Пачалі прывозіць кветкі, 50 — 60 вянкоў. Прыходзілі людзі — крывічы, зарубежнікі — усе разам.
Нам шмат хто дапамагаў. Айцец Алег Мірановіч з Чыкага, айцец Сьвятаслаў Коўш... Усіх не згадаць. Казалі прыгожыя словы пра яго, успаміналі...
Таты больш ня было.
Мама засталася адна. Усю сваю энэргію, сум, адзіноту яна скіравала на ўпрыгожваньне царквы, давядзеньня яе да ладу. За свае ўласныя грошы яна напачатку замовіла ікону Сьв. Мікалая — ў татаву памяць, пазьней замовіла яшчэ дзьве. Сястрыцтва нашае наагул вельмі ўважліва ставілася да царкоўных іконаў: іх нямала і ўсе вельмі прыгожыя.
Мама была надзвычай актыўнаю — і ў сястрыцтве, і ў хоры. Адсьвяткавала сваё 80-годзьдзе. А ў 1996 годзе таксама, як тата, мела інсульт, у выніку якога не магла болей хадзіць. Яна мусіла мець пастаянны кантроль лекараў, і пераехала ў адмысловы дом. Надзя Запруднік наведвала яе. Перад сьмерцю мама папрасіла зрабіць надпіс на ейным надмагільным помніку — „Протапрэсьвіцерша". Гэта было вельмі істотным для яе. Яна памерла ў 2000 годзе, маючы 91 год.
Бацькі сышлі. Яны пакінулі па сабе ня толькі беларускі цэнтр, царкву. Яны яшчэ стварылі нашую сям'ю, якая расьце й мацнее. Пры жыцьці яны былі тою сьцяной, якая ахоўвала нас, абараняла. Па сьмерці сваёй яны сталіся цэнтрам, вакол якога мы гуртуемся. Дзякуючы ім я закончыла два ўнівэрсытэты — вучылася на хіміка й на бібліятэкара, выгадавала дваіх дзяцей. Брат Жорж здабыў адукацыю. I калі мы цяпер зьбіраемся разам, мы заўсёды ўспамінаем нашых бацькоў з удзячнасьцю й шануем іхную памяць і тыя тры галоўныя бацькоўскія сьвятыні: Бога, Беларусь, сям'ю. I гэтая кніга — наш абавязак як дзяцей".
Жорж Лапіцкі, сын:
„Мне 67 гадоў. Я прыйшоў на сьвет у шпіталі, калі не памыляюся, у горадзе Дзісна, на Беларусі. Першыя ўспаміны дзяцінства — царква, каля якой мы жылі, каровы, конь, куры, козы, сабака. Зусім блізенька рэчка, дзе часта сядзелі з вудамі. Паходы на кірмаш: мы хадзілі гандляваць, калі патрэбныя былі грошы.
Памятаю нямецкіх жаўнераў, але больш за іх — людзей, што ўцякалі ад іх, таксама, відаць, жаўнераў. Яны падыходзілі пад нашыя вокны й прасілі паесьці, і маці тады давала ім сыру й хлеба, а калі яны прасілі прытулку на ноч, хавала іх у пуню каля дарогі.
Што дзіця памятае з вайны? Машыну, на якой езьдзіў тата, — яна рухалася парам, і, каб ехала, трэба было падкідаць чугуркі ў агонь. Памятаю кватэру ў Менску ў цэнтры гораду, як хаваліся ў бамбасховішчах. Калёны габрэяў.
Калі немцы адыходзілі, бацька вырашыў, што нам трэба ехаць таксама. Ён даведаўся пра цягнік на Вільню, не пасажырскі, натуральна.
Мы сабралі рэчы й з самага раньня рушылі на вакзал. Там было процьма людзей.
У дарозе цягнік некалькі разоў спыняўся: шукалі міны. Але дабраліся спакойна. Толькі ў Варшаве нам затрымацца не дазволілі: горад і без таго быў перапоўнены ўцекачамі. I мы мусілі перасядаць на іншы цягнік, гэтым разам у Прагу, дзе ў маці былі сваякі. Толькі і ў Празе пражылі які месяц, як горад таксама запоўніўся падобнымі да нас, і ўжо тамтэйшыя ўлады прымусілі ехаць далей. Гэтак мы апынуліся ў Нямеччыне, у Францэсбадзе. Там мы жылі ў гатэлі, які немцы аддалі пад беларускія справы, пад царкву, адтуль я пайшоў у нямецкую школу. Спакойна ня было. Памятаю, я пазнаёміўся ў гатэлі з сынам сьвятара Балая, хлапцом гадоў 15. Аднойчы ён пайшоў у кіно, і як раз горад пачалі бамбіць. Усе беглі, хлопец пабег таксама, але пабачыў ровэр каля дарогі, узяў яго й на ім даехаў дамоў. Дык нямецкая жандармэрыя адшукала яго, арыштавала й расстраляла.
Бамбаваньне працягвалася аж пакуль амэрыканскія войскі не ўвайшлі ў горад. Яны былі там цягам колькі тыдняў. Неяк пайшла погаласка, што амэрыканцы частку Нямеччыны аддадуць камуністам. Перапалоханыя ўцекачы праўдамі й няпраўдамі перабіраліся ў амэрыканскую зону. Мы затрымаліся, а межы тым часам паміж зонамі зачыняліся ўсё шчыльней і шчыльней. Нарэшце тата знайшоў немца-фармара, які пагрузіў нашыя рэчы на воз, пакінуўшы большую частку ў гатэлі. Такі перабраліся да амэрыканцаў. Па дарозе нас спынілі чэхаславацкія жаўнеры, але толькі пакорпаліся ў пакунках, пабраўшы сабе найбольш каштоўнае. Нас не чапалі.
Цягам некалькіх тыдняў хадзілі мы ад адной фармы да другой у пошуках хлеба й прытулку. Часам нямецкія гаспадары пускалі нас на ноч, часьцей не, а зрэдку нават гналі. Нарэшце мы апынуліся ў Тырсгайме, адкуль бацька кожны тыдзень выбіраўся ў Рэгэнсбург, а потым у Міхэльсдорфе служыць службу. Неўзабаве мы пераехалі туды ўсе. Але й там не затрымаліся — наперадзе нас чакаў пераезд у іншы лягер, Бакнанг, дзе мусілі прайсьці мэдычнае асьведчаньне, а потым і палітычныя праверкі, каб урэшце атрымаць дазвол выехаць у ЗША.
12 ці 13 дзён морам і нас сустракала Статуя Свабоды. Яна — тое першае, што кідалася ў вочы. Ды іншае мора — мора аўтамабіляў. Ніколі раней такога ня бачыў. Думаў, што нейкая ўрачыстасьць, мо парад, але-ж не — звычайнае побытавае жыцьцё.
Пасяліўшыся ў Пасэйку тата, мама, сястра, разам зь беларускаю сям'ёю, што прытуліла нас на час, хадзілі на закупы да габрэя. Мовы ня ведалі, вядома, але неяк камунікаваліся. Вось ён і запрапанаваў мне дапамагаць яму. Гэта была мая першая амэрыканская праца — прыборка ў ягонай краме кожную суботу. Плаціў даляр за 4 або 5 гадзінаў працы. Я да сёньня маю той мой першы зароблены даляр.
З часам бацька з маці ўладкаваліся на працу, і мы пераехалі жыць у іншы дом — з 4 пакоямі, але без ванны або душу, толькі з халоднаю вадою на кухні. Мы грэліся вуглем, награвалі ваду, вылівалі яе ў металё-вую ванну й гэтак мыліся.
Я пачаў хадзіць у школу, зьявіліся сябры, запісаўся ў хлапечы клюб, куды хадзіў займацца плаваньнем. Мы яшчэ жылі ў той самай кватэры, як я скончыў школу. Бацькі як раз заашчадзілі дастаткова грошай, каб набыць дом і выправіць мяне вучыцца ў каледж.
Я запісаўся у Нью Ёркаўскі ўнівэрсытэт, жыў у інтэрнаце, а скончыўшы, атрымаў працу ў кампаніі M.W.Kellogg інжынерам на будоўлях. Наступныя 14 гадоў я працаваў ва ўсіх штатах Амэрыкі й 5 гадоў у Турэччыне, а па вяртаньні пасяліўся у Нью Джэрзі, дзе распачаў свой уласны бізнэс. Вёў яго 13 гадоў, а пасьля вярнуўся ў M.W.Kellogg. Працаваў у Вэнэсуэлі 5 гадоў і зноў вярнуўся у сваё Нью Джэрзі.
У мяне ёсьць два сыны, бацькоўская гордасьць: Стывен, выпускнік Бостанскага Паўночнаўсходняга ўнівэрсытэту (у галіне геалёгіі) і Нікалас, які атрымаў ступень інжэнерыі ад Рэнсэлларскага Палітэхнічнага ўнівэрсытэту. Гэта — працяг нашае беларускае сям'і й будучыня Амэрыкі".
Нік Касоўскі, унук:
„Першае, што згадваецца, як думаю пра дзеда, гэта ягоная сіла ўнутраная. Гэта быў чалавек, што мог прамаўляць да каралёў, імпэратараў, да кангрэсаў і знаходзіць патрэбныя словы. Гэты чалавек вёў за сабою ня толькі сям'ю, але царкву й парафію. Ён быў ня толькі слугою Бога, але й філёзафам.
Зь дзедам я заўсёды пачуваў сябе абароненым. Ён любіў браць мяне на рэчку вудзіць рыбу, і рабіў з гэтага вясёлыя спаборніцтвы: хто далей закіне або хто болей наловіць. Ён вучыў мяне, як абіраць рыбу і як гатаваць яе. I калі з рыбалкі мы ехалі дадому, я ведаў, што мяне чакае самы смачны абед у сьвеце!
Другі момант — ягоныя прамовы на Пасху. Ён увесь мяняўся, ён быў поўны спагады, дабрыні й высокай узьнёсласьці адначасна. Традыцыйныя звычайныя словы службы мянялі сэнс і вагу. Я іх адчуваў фізычна, іхны цяжар і значнасьць. Я толькі дзіву даваўся, як ён, у сваім зьнямоглым пасьля хваробы фізычным стане, мог узьнімацца а чацьвёртай раніцы, служыць дзень і назаўтра быць у такім узьнеслым духоўным стане.
Калі я ўяўляю сабе дзеда там, на Бацькаўшчыне, бачу карціну, нечым падобную на Сібір: у сьнезе, шараю гадзінаю, вые вецер, і мой дзед, адзін, які змагаецца за сваю сям'ю, за яе выжываньне. I ён ня толькі выжыў, ён перамог!
Дзед пераплыў акіян не на адпачынковым параплаве. Гэта было падарожжа роспачы й надзеі, надзеі на лепшыя часы, на жыцьцё. I я блаславёны насіць ягонае імя.
Жыцьцё дзеда, разуменьне ім годнасьці, павага да працы маюць працяг у наступных пакаленьнях, у маіх сынах — Коўле й Броды, у справах, якія я дзялю з маёю жонкаю Марыяй. Я-б хацеў, каб у маіх дзецях была тая дзедава прага да сапраўднага, нявыдуманага жыцьця, уменьне рызыкаваць, як рызыкаваў дзед, прыехаўшы ў гэтую краіну. Каб ягоныя ўнукі былі вартыя ахвярнасьці продкаў".
Нік Лапіцкі, унук:
„Мне было толькі чатыры гады, калі мой дзед памёр. Таму мае ўспаміны пра яго невялікія, але мне багата пра яго распавядаў бацька. Цяпер мне 31 год. Пасёньня сустракаю на сваім шляху людзей, хто мне расказвае гісторыі пра дзеда й кажа добрыя словы.
Вось нядаўні выпадак, зьвязаны з адным маім будаўнічым праектам у гардзкой управе Саўт Рывэру. Па справах я меў спатканьне з інспэктарам, хто працуе на гэтай дзялянцы 35 — 40 гадоў. Пачуўшы маё імя, ён пацікавіўся, ці ня маю я якога дачыненьня да айца Лапіцкага. I калі я назваўся ўнукам, інспэктар пачаў мне казаць, якім чалавекам быў а. Мікалай Лапіцкі, чалавекам зь вялікай літары, чалавекам, якіх сёньня ўжо няма. I ён расказваў мне пра майго ўласнага дзеда, і той выяўляўся казачным асілкам або славутым каўбоем — кшталту тых, якіх граў у кіно легендарны Джон Уэйн. Пачуць такое ад незнаёмца выпадае ня кожнаму.
Другі выпадак здарыўся пасьля аднаго паседжаньня, на якім я меў прэзэнтацыю. Пасьля заканчэньня накіраваўся да выхаду, як мяне перапыніў адзін з сямі дырэктароў. Ён адклікаў мяне ўбок і таксама пацікавіўся сваяцтвам з сьвятаром Лапіцкім. А пачуўшы станоўчы адказ, пачаў расказваць пра майго дзеда й свайго вялікага сябра.
Я заўсёды ведаў, што мой дзед быў добрым чалавекам, але падобныя сустрэчы, наблізілі мяне да маіх продкаў далі мне адчуць мае карат — хто я, адкуль прыйшоў. Я зразумеў, што паходжу не абы адкуль. I калі ў мяне складаныя часы, непрыемнасьці, я згадваю дзедава жыцьцё, тыя складанасьці, празь якія ён мусіў прайсьці й правесьці сваю сям'ю. Я — унук свайго дзеда, і здольны быць вартым яго!"
Алекс Касоўскі, унук:
„Матэматыка жыцьця: дзед памёр, калі мне было 13 гадоў. Сёньня мне 41.
Што я памятаю пра яго? Вуджэньне рыбы — гэта быў наш зь ім час, дзеда і ўнукаў. Ён мог быць суворым зь іншымі, але з намі бавіўся, як роўны.
Часам мы, унукі, заставаліся на ноч у дзедавай хаце. Тады на стол ставіўся боршч, кілбасы, а пасьля разам глядзелі тэлевізар. Дзед быў галоўным у царкве, а у хаце гаспадарыла бабуля.
У царкве я быў прыслужнікам, меў свае даручэньні, абавязкі. I заўсёды вычуваў гордасьць, што мой дзед — сьвятар, а я — ягоны ўнук.
Шкада, што ён адышоў у такім веку, шкада, што я мала меў часу лепей пазнаць яго. Я-б хацеў паказаць яму, якім я вырас, пазнаёміць з сваёю жонкаю, дзецьмі — ягонымі праўнукамі, ягоным працягам".
Стывэн Лапіцкі, унук:
„Мой дзядуля як пры жыцьці, так і пасьля сьмерці меў незвычайны станоўчы ўплыў на людзей. Я неаднойчы сустракаў шмат асобаў, якія добра яго ведалі: адны — яшчэ зь Беларусі, іншыя — ужо пазьней, у ЗША. Многія зь іх — гэта яго парафіяне, прыяцелі й проста добрыя знаёмыя з парафіі Сьвятой Еўфрасіньні Полацкай у Саўт Рывэры (Нью Джэрзі). Прайшло ўжо амаль 30 год пасьля яго сьмерці, але й сёньня пра дзядулю згадваюць як пра незвычайнага чалавека.
Я й сам разумею, што мой дзядуля якраз і быў такім, незвычайным чалавекам — з душою, адкрытай для людзей. Быў ён, як мне казалі, таксама добрым сябрам і адказнай асобай. Сёньня, калі згадваю пра гэта, ганаруся, што я — унук а. Мікалая Лапіцкага.
Памятаю тыя, такія дарагія мне сёньня, хвіліны, якія праводзіў з дзядулем і бабуляй, калі разам езьдзілі на пляж ці лавілі рыбу. Час, праведзены ў іх атачэньні, быў нечым незвычайным. Я заўсёды меў нейкае асаблівае пачуцьцё ўнутранай цеплыні, калі сядзеў у дзядулі на каленях. Ён бавіўся са мною, а я адчуваў яго цеплыню й любоў да мяне як унука.
Ведаю, што ён, сапраўды, быў чалавекам зь вялікай літары. I ня толькі таму, што так мне пра яго гаварылі. Яго дасягненьні ў жыцьці гавораць самі за сябе: сьвятар, грмадзка-культурны дзеяч, муж, бацька, дзядуля, сябра-дарадчык...
Мая бабуля Валянціна й дзядуля Мікалай стварылі той фундамант-аснову, на якім трымаецца сёньняшні дзень і будучыня роду Лапіцкіх. Яны мелі незвычайную адвагу, каб у гады вайны зь дзецьмі пусьціцца ў далёкі сьвет: прайсьці нялёгкі шлях ад роднай Беларусі да Амэрыкі, дзе яны распачалі яшчэ адзін, ці не найважнейшы перыяд свайго жыцьця.
Пасьля пераезду ў ЗША і сталым пасяленьні ў Саўт Рывэры дзядуля Мікалай прадоўжыў сваю душпастырскую дзейнасьць. Ды й ці магло быць іначай ?! Ён жыў тым, што рабіў і што казаў на пропаведзях сваім парафіянам, праз усё сваё жыцьцё самаахвярна служачы ідэі аўтакефаліі БПЦ. Гэтая адданасьць беларускай справе, самаахвярнасьць і працавітасьць дзеда ў многім спрычыніліся да таго, што ў Саўт Рывэры была пабудавана беларуская праваслаўная царква Сьвятой Еўфрасіньні Полацкай. Магчымасьць рэалізацыі мары мець сваю беларускую праваслаўную царкву з грамадзка-рэлігійным цэнтрам тут, на эміграцыі, трэба зьвязваць зь вялікім высілкам дзядулі й парафіянаў. Таму мара й сталася рэчаіснасьцю. Факт гэты гаворыць мне пра многае. Але ў першую чаргу, пра характар майго дзядулі, яго здаровую амбіцыю, вытрываласьць ды мэтанакіраванасьць у дасягненьні пастаўленай мэты.
Ён змагаўся з рознымі цяжкасьцямі на Беларусі, а потым і ў Заходняй Эўропе. Досьвед гэтага змаганьня дапамог перамагчы паўсталыя праблемы й тут, у ЗПІА. Дзядуля клапаціўся пра ўсіх і ўсё. Ён заўсёды цешыўся, калі мог чым-кольвек дапамагчы людзям.
Сёньня з вышыні гадоў бачу шмат рысаў яго характару ў паводзінах і характары майго бацькі, цёткі Лёлі ды й ва ўсёй сям'і Лапіцкіх-Касоўскіх. Адна з гэтых рысаў — любоў і павага да сям'і, якую дзед бэз рэшты аддаваў сваім родным. Яе лёгка заўважыць у яго дзецях і ўнуках. Можа таму й я ў атачэньні сваіх крэўных найлепш адчуваю, што якраз сям'я — гэта тое, найважнейшае ў жыцьці.
Калі гляджу на нашую сям'ю Лапіцкіх, сэрца перапаўняе гонар за дзядулю й бабулю ды пачуцьцё глыбокай ім удзячнасьці. Іх дзеці (мой бацька й яго сястра) — цудоўныя людзі, якіх асабліва люблю. Яны шмат чаго дасягнулі ў жыцьці і ў многім сябе рэалізавалі. Прычым, у розных галінах. Пры ўсім гэтым яны цалкам аддавалі сябе сваім сем'ям. Іх дзеці цяжкай працай і напорыстасьцю таксама шмат дасягнулі, сталіся добрымі людзьмі, з пачуцьцём годнасьці.
Усе нашыя дасягненьні зьвязаныя зь дзедам, зь яго мэтанакіраванасьцю ў жыцьці й незвычайнай працавітасьцю. Жыцыдё й дзейнасьць дзядулі служылі й будуць прыкладам для кожнага з нас. Ён паказаў і навучыў, як працаваць, як быць людзьмі амбітнымі, шанаваць пачуцьцё ўласнай годнасьці ў сабе і ў іншых. Паказаў нам таксама як быць сябрам, асобаю, якая дапамагае іншым і тым, хто робіць пазытыўныя зьмены ў сваім жыцьці.
Яго прысутнасьць са мною штодзённа. Як быццам ён побач і глядзіць на мяне. Нешта падобнае адчуваю кожны раз, калі прыяжджаю ў Саўт Рывэр і ўваходжу у царкву Сьвятой Еўфрасіньні Полацкай. Ведаю, што ён там прысутнічае. Дае мне гэта пачуцьцё цеплыні й бяспекі. Таму заўсёды тут адчуваю сябе як дома. Ніколі дзядулі не забуду й буду любіць яго да канца маіх дзён. Нават і сёньня, калі жыву ў іншым месцы, легенда яго жыцьця са мною. I так будзе заўсёды".
