МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Ліставаньне з царкоўным актывам у Чыкага // Мікалай Лапіцкі У служэньні Богу й Беларусі

Кнiга: Лапіцкі Мікалай. У служэньні Богу й Беларусі / Укл. прадм. камэнт. Ю. Гарбінскага. Нью Ёрк — Варшава 2005. — 672 с.
Год: 2005
Cерыя: Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк)
Раздзел: Эпісталярыі
Краiна: Нявызначана
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

Ліставаньне з царкоўным актывам у Чыкага

Лісты да а. В. Вячоркі, М. Латушкіна, а. А. Мірановіча, В. Пунтуса

№ 1

[Копія]

Саўт Рывэр, 9 красавіка 1962 г. Дарагі а. Васіль!

У свой час у Вас было як-бы жаданьне служыць сярод беларусаў. У сувязі з гэтым пішу Вам гэты ліст. У Чыкага беларусы арганізавалі прыход у юрысдыкцыі экзарха Канстантынопальскай Патрыярхіі. Абслужываў гэты прыход а. Міхаіл Мігай з Канады. Цяпер ён хоча вярнуцца

ў Канаду й прыход астаецца без настаяцеля. Прыход мае прыгожую царкву, добры хор. Сьвяшчэньніку плацілі 30 дол., а цяпер 40 - у нядзелю плюс трэбы й невялікая кватэрка. З часам кватэра будзе большая, бо маюць дом, але ён яшчэ заняты.

Калі-б Вы хацелі перайсьці да нас і заняць гэты прыход, на што мы, беларусы, спадзяемся, прашу павядоміць мяне й мы разам зрэалізуем гэту справу.

Жадаючы ўсяго найлепшага, на гэтым канчаю й адначасна прашу як найхутчэй адказаць мне па гэтаму пытаньню.

З любоўю ў Хрысьце [Прот. М. Лапіцкі]

 

№ 2

[Копія]

[Саўт Рывэр], 26 сьнежня 1963 г. Дарагі а. Алег!

Вельмі рад, што словы мае апраўдаліся. Як Вы, так і Чыкага на сягоньняшні дзень задаволена. Спадзяюся, што так будзе й далей. Вуніятаў трымайцеся воддаль, а з сваімі навязывайце як найцясьнейшую сувязь ды супрацоўніцтва як на ніве царкоўнай, так і грамадзкай. Зразумела, „мядовы" месяц кончыцца, нармальнае жыцьцё ўвойдзе ў сваю калею. Будуць радасьці й будуць скорбі, але скарбямі ня трэба праймацца, бо яны пасылаюцца нам Богам для нашага іспытаньня. А таму, калі будуць і скорбі, не прымайцеся імі, працуйце з надзеяй на дапамогу Госпада Бога й людзей добрай волі і ўсё будзе добра.

Даражэнькі а. Алег! Дзякуючы Вашаму прыезду ў Чыкага, спала шмат праблемаў з маёй галавы. За Чыкага я спакойны. Цяпер мусім агульнымі сіламі адваяваць Ракфорд. Я нядаўна атрымаў ліст і там справа стаіць кепска. Айцец Яськоў выехаў у Мільвокі і ўкраінскі сьвятар намаўляе іх, каб яны прылучыліся даўкраінцаў або Тамашчыка. Я напісаў ім назад. Званіў дня 24 сьнежня 1963 г. сп. Пунтусу ў гэтай справе. Ён абяцаў паехаць туды й пагаварыць зь беларусамі ды з а. В. Вячоркам, калі ён ужо ёсьць у Чыкага. Лістоўна-ж зварачываюся да Вас з просьбай, прылажыце ўсе стараньні разам з сп. Пунтусам, каб прыход прылучыўся да нас. Копію залучаную дайце пачытаць і сп. Пунтусу.

У Ракфордзе ёсьць шмат маіх прыяцеляў і прыхільнікаў, але сярод іх ёсьць і такія, якім падабаецца Тамашчык, бо там у назове царквы ёсьць слова „аўтакефалія". Калі там паўстане гэта пытаньне й слова „аўтакефалія" будзе мець значэньне, дык ім трэба адказаць, што мы таксама маем гэта слова, бо Чыкага прыняло яго, а а. М. Лапіцкі далучыўся да Чыкага. Праўда, гэта слова можа й адпугнуць людзей дзеля таго, што там ёсьць шмат і такіх, якія супроць аўтакефаліі як украінскай, так і беларускай. Атаму гэта трэба там на месцы вычуць і ўжыць гэты козыр, ці іначай сказаць, ход, калі ён прынясець карысьць. Гэта хай будзе паміж Вамі й мной. Бо калі гаварыць аб гэтым, дык яно можа прынясьці карысьці й шкоды. Да кожнай справы людзей трэба падгатовіць і тады гаварыць. Адным словам, самі там на месцы рабіце ўсё што магчыма, каб прыход прылучыўся да нас. Запытайце, ці а. Яськоў мае там голас. Калі так, дык няхай яму напішыць сп. Пунтус і папросіць, каб і ён дапамог у гэтай справе.

Пасылаю Вам копію пасланьня арх. Якава у беларускай мове. Прачытайце яго на першы дзень Каляд. У мяне нічога новага. Усё ідзе па старому. Хутка буду ў арх. Якава ў справе рукапалажэньня а. дыякана Я. Кузьміцкага ў сан сьвяшчэньніка.

На гэтым канчаю, жадаючы ўсяга найлепшага. Як найхутчэй наведайце Ракфорд, а таксама перавозьце матушку з дачушкай. У Ракфордзе, у першую чаргу, правядзіце гутарку з сп. П. Ракуцем і М. Вайтовічам. Адрас сп. П. Ракуця падаю ўнізе, а адрас сп. М. Вайтовіча сп. Пунтус знае. Яшчэ раз паўтараюся, не адкладывайце Ракфордскай справы, бо „промедление" сьмерці падобна.

З любоўю ў Хрысьце [Прот. М. Лапіцкі]

 

№ 3

[Копія]

[Саўт Рывэр], 27 студзеня 1964 г.

Паважаны сп. Латушкін!

Ліст Ваш атрымаў. Каляндары вышлю. Выслаў-бы ўжо, але не атрымаў з друкарні, якая канчае друкаваць. Плата - хто што дасьць, абы толькі яны не ляжалі, а віселі на сьцяне ў доме кожнага беларуса.

Што ў Вас добрага? Задаволены са сьвятара ці не, і як ідзе жыцьцё прыхода? Айцец А. Мірановіч напісаў мне пара лістоў. Яму прыход і прыхаджане ў Чыкага падабаюцца. Ня ведаю, як будзе далей? Зразумела, гэта ў далейшым будзе залежыць як ад яго, так і прыхаджан. Добра было-бы, каб Вы з Чыкага прыслалі для друку ў „Царкоўным Сьветачы" аб прыезьдзе, спатканьні й г. д., ды залучылі якую-небудзь фатаграфію. Мне залежыць на часе, а таму не адкладвайце з матар'яламі ды з адказам на пастаўленыя мной вышэй пытаньні, за што буду вельмі Вам удзячны. Наагул, хацеў-бы мець ізноў з Вамі цясьнейшую пісьмо-вуюлучнасьць.

На гэтым канчаю. Прывітаньне бацькам і ўсёй Вашай радзіне.

З любоўю ў Хрысьце [Прот. М. Лапіцкі]

 

№ 4

[Копія]

[Саўт Рывэр], 20 лютага 1964 г.

Дарагі а. Алег!

Дня 15 лютага 1964 г., з благаславеньня арх. Якава, на маю просьбу ў нашай царкве мітр. Германос рукапалажыў у сан іерэя а. дыякана Кузьміцкага, які пачне служыць у Клівеляндзе. Гэта было адказам для крывічоў на іх рукапалажэньне Мартыновіча ў Чыкага.

Праўда, а. Я. Кузьміцкі ў некалькі раз стаіць вышэй Мартыновіча. Ён добра знае ўстаў, добра служа й добра выконвае абавязкі псаломшчыка. Адно бяда, што стараваты й ня зможа навярстаць таго, чаго яму магчыма не хватае, - прапаведніцтва. Магчыма, і ў гэтым дапаможа яму Гасподзь Бог.

Даражэнькі а. Алег! Тыя рэчы, якія я Вам пазычаў і якія неабходныя для службы, ветліва прашу беспасрэдна выслаць а. Я. Кузьміцкаму ў Клівелянд, а мне прыслаць спісак высланых рэчаў. У Клівеляндзе сягоньня ўсё патрэбна, за выняткам аблачэньня.

Што новага ў Вас, як наладзілі асабістае жыцыіё й як працуецца? З Чыкага я меў пара кароценькіх лістоў ад сп. Латуіыкіна, і адзін ліст ад сп. Пунтуса, які ляніцца пісаць, але калі напіша, дык цікава чытаць. Як адзін, так і другі піша, іпто Чыкага задаволена сваім настаяцелем, што мяне цешыць.

Апошнія часы пачынае падкачываць маё здароўе. Мушу ісьці ў шпіталь і зрабіць апэрацыю. Палажыўся ўжо-бы, але калі доктар-хірург дазволіць, дык зраблю гэта пасьля 26 сакавіка. Бо 26 сакавіка г.г. мушу

чытаць малітву ў Палаце Рэпрэзэнтантаў у Вашынгтоне, у чэсьць 25 Сакавіка.

Прывітанне ад усіх нас радзіне.

З любоўю ў Хрысьце [Прот. М. Лапіцкі]

 

№ 5

[Копія]

[Саўт Рывэр], 24 жніўня 1967 г.

Дарагі а. Алег!

У гэтым годзе прыпадае Дваццаціпяцігодзьдзе Беларускага Аўтакефальнага Праваслаўнага Сабору (Менск, 1942).

25 год таму назад адбылася падзея, важная, як у царкоўным жыцьці, так і нацыянальна-дзяржаўным. Падчас Зьезду беларусаў Амэрыкі й Канады будзем абходзіць і 25-годзьдзе Сабору.

Дзеля гэтага ветліва прашу прыбыць на зьезд і прыняць удзел у службе Божай, а таксама і ў нарадах зьезду.

Апрача гэтага, хацелася-б спаткацца й абгаварыць тыя пытаньні, якія стаўляе на парадак дня царкоўнае жыцьцё.

Спадзяюся, што хутка ўбачымся й на гэтым канчаю.

З любоўю ў Хрысьце [Прот. М. Лапіцкі]

 

№ 6

[Копія]

[Саўт Рывэр], 23 студзеня 1969 г.

Дарагі сп. Пунтус!

Хаця ня маю часу, аде справы неадкладныя й мушу пісаць да Вас. Калі быў я ў Чыкага, гутарыў з а. Алегам і прасіў яго, каб ён у гэтым годзе прачытаў малітву ў Кангрэсе ці ў Сэнаце. Ён быў не супроць гэтага. Гэту справу трэба ўжо афармляць праз кангрэсмэна, альбо сэнатара свайго дыстрыкту, залежна ад таго, дзе будзеце чытаць: у Кангрэсе ці Сэнаце. Калі-б гэта ўдалося ўрэчаісьніць, дык з Чыкага пад'ехаў а. Алег,

а з Саўт Рывэру - прадстаўнікі арганізацыяў. Пажаданым ёсьць, каб Вы маглі атрымаць месца ў Сэнаце. Малітву трэба пісаць самаму сьвятару. Дзень прасіць найбліжэйшы да 25 сакавіка, Вось гэта адна справа.

Другая, гэта выданьне часапісу „Царкоўны Сьветач". Выдаецца ўжо раз у год. Выдаецца ён Саўт Рывэрам, а матар'ял апрацовываю я. Таму хроніка пераважна саўтрывэрская. Апошні нумар, высланы на адрас а. Алега, мае артыкульчык і пра высьвячэньне іканастасу ў Чыкага. Напісаў я і зьмясьціў фатаграфію, што дала Ваша жонка. Пісаў ужо дома, ды мусіў зьняць матар'ял, які ўжо быў набраны да друку, каб мець месца. Пісаў, як кажуць, на калене. Калі-б нехта пісаў з Чыкага, дык магчыма былі-бы ўгледжаны й іншыя варыянты. Калі падтрымаюць Чыкага й Канада матар'яльна й хронікай зь беларускага царкоўнага й грамадзкага жыцьця, дык я перайду на 16 старонак і буду выдаваць 4 разы ў год. У нас няма сваей газэты, дык гэтай дарогай мы хоць трохі выяўлялі свой твар.

Ад Чыкага я шмат не патрабую. Дайце хроніку й хаця 150 д. Наш Саўт Рывэр дае й дасьць 300 д. Ці гэтыя грошы сабярыце ці адпусьціце ад царквы - гэта Ваша справа. У нас 300 даляраў - царква, а рэшту сабіраем пры прадажы.

Калі я быў ў Чыкага, гэту справу парушаў сп. Латушкін, але я ня маю яго адраса й пішу толькі Вам. Калі-б Вы й сп. М. Латушкін заняліся гэтай справай, дык часапіс выходзіў-бы, не раз, а 4 разы ў год. Спадзяюся на Вашу дапамогу.

Трэцяе. Дня 4 сьнежня 1968 г. прыехаў а. ігумен Язэп Строк з Польшчы на мае запрашэньне у Амэрыку з тым, каб астацца тут настала й працаваць на нашай царкоўнай і грамадзкай ніве. 3 Польшчы яго не пускалі царкоўныя ўлады. Справа цягнулася 2 гады. За гэты час, да выезда яго з Польшчы, ён быў прыняты ў юрысдыкцыю епіскапа Мацьвея ў Англіі дня 15 лістапада 1968 г. Прароблена гэта для таго, каб ня мела сілы забарона Варшаўскага мітр. Сьцяпана. Я прадбачыў гэта і, як кажуць, заляцеў наперад. Выяжджаючы з Польшчы а. ігумен Язэп быў ужо ў юрысдыкцыі епіскапа Мацьвея, і Варшаўскі мітр. Сьцяпан ня мае права яго забараніць у сьвяшчэннаслужэньні, а калі зрабіў гэта, ці яшчэ зробіць, дык гэта, згодна канонам, ня мае сілы.

Пішу аб гэтым таму, што арх. Апанас пачаў супроць а. ігумена Язэпа акцыю, уцягнуўшы ў яе й сп. прэзыдэнта Р. Астроўскага, які ў гэтай справе напісаў ліст у Саўт Рывэр сп. А. Еўцу, а таксама, магчыма, каму-небудзь і ў Чыкага. Арх. Апанас сам цягнуў а. Язэпа ў Аргентыну, але ён да яго не паехаў. Айцец ігумен Язэп прабыў у нас больш месяца. Прыход наш палюбіў яго вельмі, рад бачыць яго ў сане епіскапа. Добра было-бы, каб і Чыкага запрасіла яго да сябе ды запазналася. Праўда, мала запрасіць, але трэба аплаціць і білет туды й назад.

Дня 9 лютага будзем рукапалагаць а. С. Каўша ў сан сьвяшчэньніка. Рукапалажэньне адбудзецца ў нашай царкве. Будзе рукапалагаць мітр. Германос, заступнік арх. Якава. Прыяжджайце на рукапалажэньне. Больш навасьцей асаблівых няма. Хаджу са Сьв. Вадой і пачынаем гатовіцца да 25 Сакавіка. У палове лютага, магчыма, паеду да сп. Волаха ў Фларыду на пара тыдняў.

Мне сп. Р. Астроўскі нічога не пісаў у справе а. ігумена. Калі Вам пісаў, дык напішыце яму й залучыце копіі дакумантаў, якія перасылаю Вам пры гэтым лісьце.

Жадаючы ўсяго найлепшага, на гэтым канчаю. Прывітаньне для Вас, Вашай жанкі й дзяцей ад мяне й матушкі.

З любоўю ў Хрысьце [Прот. М. Лапіцкі]

 

№ 7

[Копія]

[Саўт Рывэр], 19 кастрычніка 1970 г.

Дарагі а.Алег!

Згодна нашай дамоўленасыті пасылаю Вам копію ліста арх. Апанаса. Арх. Апанас чэсны й адкрыты чалавек, а таму й першая частка ліста яго мне-бы не хацелася, каб была ведама, апрача Вас, каму-небудзь іншаму. Другую частку, акрэсьленую чырвоным карандашом, калі трэба, можаце зачытаць Царкоўнаму Камітэту.

Адначасна з гэтым паведамляю, што а. Якаў Кузьміцкі вельмі хворы. Пасьля цяжкой апэрацыі дажывае апошнія дні. Аб гэтым павядоміла мяне яго матушка й прасіла маліцца й падгатаўляцца да паграбенія. Атаму ветліва прашу не адмовіцца й прыняць удзел у паховінах, калі гэта станецца. Доктар сказаў, што найбольш можа працягнуць 2 месяцы й найменш 3 нядзелі. Ідзе ўжо 3-яя нядзеля. 3 кожным днём слабее й матушка думае, што двух месяцаў ён не працягне. Кошты падарожжа на паховіны мусіць аплаціць Ваш прыход.

На гэтым канчаю. Прывітаньні ад мяне й маёй матушкі Вам і Вашай матушцы з дачкой.

З любоўю ў Хрысьце [Прот. М. Лапіцкі]

 

Лісты ад а. А. Мірановіча, В. Пунтуса

№ 1

[Арыгінал]

[Чыкага], 10 лютага 1961 г.

Ваша Высокапрэпадобіе, дарагі й шматпаважаны а. Мікалай!

У кароткіх словах дазвольце падзякаваць за прысланы Вамі журнал „Царкоўны Сьветач" і Беларускі праваслаўны каляндар. Цешуся Вашай працай на ніве царкоўнай, а таксама для агульнай справы беларускай. Асабіста не прыходзілася сустракацца з Вамі раней, але чуць пра Вашу дзейнасьць прыходзілася. Толькі зьезд беларусаў Амэрыкі й Канады даў магчымасьць пачуць Ваш голас у царкве й праслухаць даклад на зьездзе, што дало магчымасьць бліжэй пазнаёміцца асабіста.

Рэфэрат, прачытаны Вамі, закрануў шмат вельмі балючых пытаньняў, аб якіх я хачу падзяліцца з Вамі. [Сярод іх] - Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква як фактар, цэласьць Яе, праўдзівасьць і кананічнасьць. На колькі я зразумеў Вас на зьездзе і ў асабістых раз-мовах з Вамі, настолькі пацвярджае даклад Ваш, апублікаваны у журнале „Царкоўны Сьветач", дзе сказана: „Перад намі стаіць сягоньня заданьне знайсьці паважанага й аўтарытэтнага кандыдата, які-б ачоліў нашу Беларускую Праваслаўную Царкву й быў-бы адпаведны свайму высокаму архіпастырскаму служэньню". Толькі злучэньне ўсіх нашых беларускіх прыходаў як Саўт Рывэр, Таронта, Чыкага, Ракфорд і др. у адну БАПЦаркву падняло-б Яе на адпаведную вышыню наагул, і беларускую нацыянальную справу, у часнасьці.

Адзін із такіх кандыдатаў, як я яшчэ гаварыў з Вамі ў Таронта, быў-бы настаяцель царквы ў Ракфорд, протапрэсьвіцер а. Яськоў, чалавек з высокай адукацыяй, умеючы сябе трымаць на высаце свайго сану й належачы да грэцкай юрысдыкцыі. Я зь ім асабіста на гэтую тэму не гаварыў, але, кранаючы некаторыя царкоўныя пытаньні, вычуў, што ён не супроць, але па лініі кананічнай і пры падтрымцы асабіста Вашай і ўсіх беларускіх прыходаў. Матар'яльна ён абяспечан у Ракфордзе $ 200 на месяц.

Што касаецца Чыкага, аднаго із моцных беларускіх прыходаў, то ўвесь актыў і прыхаджане стаяць толькі за Беларускую Аўтакефальную Праваслаўную Царкву, галавою каго прызнаюць вышэй пералічаныя беларускія прыходы, у тым ліку й Вапіа Высокапрэпадобіе.

На гэтым будзьце здаровы. Астаюся з пашанаю й дапамогай.

Ваш В. Пунтус

 

№ 2

[Арыгінал]

Чыкага, 16 верасьня 1966 г.

Яго Высокапрэпадобію протапрэсьвіцеру а. М. Лапіцкаму

Прабачце, што ня змог раней адказаць на Ваш ліст, а таксама не прыбыў на сустрэчу беларусаў Амэрыкі й Канады. Ліст а. Івана Валюковіча адсылаю й адначасна спаўчуваю, што не змагу яму дапамагчы.

Што да а. В. Вячоркі: я асабіста падзейнічаць на яго не магу. Мне здаецца, што трудна з крывога простага зрабіць. Лягчэй беларуса зрабіць расейцам, як расейца - беларусам. У жыцьцё Ракфордскай парафіі мы ня маем ніякага права мяшацца. Прыказка кажа: „Ня сунься з сваім уставам у чужы манастыр". Ізноў, каб Ракфордская парафія не жадала а. В. Вячорку, даўным даўно падзякавала-б яму за службу. А яны дзяржаць яго амаль 6 месяцаў.

Кажучы шчыра, я гаварыў з г-м В. Пунтусам і ініпымі актыўнымі сябрамі нашай парафіі й ніхто ня даў згоды рабіць парадак у чужой парафіі.

На маю думку, адно зь лепшага, калі Вы напішаце да а. В. Вячоркі ды пры магчымасьці самі наведаеце парафію ў Ракфорд і залагодзіце ўсе балючыя справы (аб якіх звяртаюцца да Вас асабіста) раз і назаўсёды. Аб нашай дыскусыі з г-м В. Пунтусам, спадзяюся, што г-р В. Пунтус Вас ужо павядоміў або павядоміць у гэтых днях, здаецца, тэлефанічна.

На 1967 год нам календароў не прысылайце. Старшыня Цар.[коўнай] Рады замовіў у „fiuniral". Гэта сьведчыць, што мы ўжо будзем мець свае.

З любоўю ў Хрысьце а. А. Мірановіч


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by