МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Ліставаньне з царкоўным актывам у Таронта й Вініпэгу // Мікалай Лапіцкі У служэньні Богу й Беларусі

Кнiга: Лапіцкі Мікалай. У служэньні Богу й Беларусі / Укл. прадм. камэнт. Ю. Гарбінскага. Нью Ёрк — Варшава 2005. — 672 с.
Год: 2005
Cерыя: Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк)
Раздзел: Эпісталярыі
Краiна: Нявызначана
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

Ліставаньне з царкоўным актывам у Таронта й Вініпэгу

Лісты да а. В. Сагайдакоўскага, К. Навіцкага, Царкоўнага камітэту парафіі Сьв. Еўфрасіньні у Таронта

№ 1

[Копія]

[Саўт Рывэр], 24 травеня 1963 г.

Дарагі а. Віталій!

Ліст твой атрымаў. Шчыра дзякую й перапрашаю, што позна адказываю. Шкада, што мы не спаткаліся. Калі ты званіў, матушка была ў дачкі, а я ў гэты час быў у Чыкага. Прышлося адведаць Клівелянд (дзе 28 красавіка служыў), Чыкага й Ракфорд. Вось гэта й было прычынай, што ніхто не адказываў на тэлефон. Ясна, не дагаварыліся наперад, а таму й не спаткаліся.

Што тычыцца „Царкоўнага Сьветача", я ў свой час пісаў Царкоўнаму Камітэту, але, як бачу, гэта не заимела ніякага выніку. А таму пісаць другі раз - гэта толькі трата часу. Тым больш, што за каляндар таксама не разлічыліся. Магчыма, узноў нехта прад'явіў свае прэтэнзыі. „Царкоўны Сьветач" выйшаў. Заплаціў я за яго частку сваімі грашмі й цяпер рассылаю па ўсяму вольнаму сьвету, спадзеючыся, што нехта дацэніць гэту працу ды дапаможа яе й далей прадаўжаць. Выслаў 50 шт. і на твой адрас. Ня хочуць купляць - раздавай дарма. Калі-ж вуніяты ўплынуць, што й дарма не захочуць браць, дык тады вярні назад.

Што тычыцца Тамашчыка, дык гэта добра, што ён, нарэшце, хоча аформіцца кананічна. Адно толькі робіць непрыемнае ўражаньне, што ён пры гэтым падпіраецца імем кананічнага духаўніка-ўкраінца (які не ў курсе ўсіх спраў беларускіх) і адначасна маніць, пішучы ў заяве: „Як перад, так і ў часе хіратоніі я быў поўнасьцю перакананы, што архіерэйскія дастоінствы маіх сьвяціцеляў былі абсалютна беззаганнымі...". Гэта ёсьць няпраўда. Перад хіратоніяй Тамашчыка я прыпадкова спаткаўся зь ім у Мюнхэне пры канцэлярыі Сьв. Сыноду Рус.[кай] Зар.[убежнай] Цар.[квы] і гутарыў зь ім каля 4-х гадзін. Парушаў і кананічны бок успомненых епіскапаў, але для Тамашчыка й яго „крывіцка-га" ўгрупаваньня гэта пытаньне не існавала, бо ім трэба было для палітычнай і вуніяцкай акцыі манція й тытул праваслаўнага епіскапа, а атрымаць гэта яны маглі толькі ад успомненых епіскапаў. Другія епіскапы на гэта не пайшлі-б. Прыклад, міт. Аляксандр Палескі, які адмовіўся ад ачольваньня гэтае акцыі. Пасля гэтага акцыю ачоліў Ахоценка.

Далей, ён таксама маўчыць, што Вячаслава (Лісіцкага) перарука - палагалі пасьля таго, як ён браў удзел у хіратоніі Тамашчыка. Калі ён быў кананічны, дык яго ня мелі права перарукапалагаць. Калі-ж ён ня быў епіскапам і браў удзел у хіратоніі Тамашчыка, дык гэтым самым ён парушыў хіратонію й літургію, падчас якой літургісаў (Лісіцкі) як епіскап. I, нарэшце, на падставе матар'ялу, які даў Сабор Епіскапаў Беларускай Праваслаўнай Царквы, Рус.[кая] Зар.[убежная] Цар.[ква] прызнала хіратонію Тамашчыка нядзейнай. Пры гэтым мушу зазначыць, што ў Аўстраліі Ахоценка для грэкаў рукапалажыў пара сьвятароў, якіх экзарх Канет, [антынопальскай] Патрыярхіі перарукапалагае, калі яны ўліваюцца ў яго юрыедыкцыю.

Усё гэта ўтойваецца, і грэх лажыцца на тваю душу, дзеля чаго я не хацеў, каб ты асабіста прадстаўляў гэту справу. Я хацеў, каб Тамашчык сам, без тваёй дапамогі, афармляўся, і тады, што-б ён не напісаў, дык за ўсё адказываў ён сам. У сваім лісце ты пішаш, што „гэта не азначае, што я да яго буду належаць". А што рабіць нам, грэшным? Вось такія мае заўвагі, што тычыцца афармленьня Тамашчыка. Праўда, каб я быў дома, магчыма, было-б іначай. Парадзіліся-б і, магчыма, нашлі-б іншы выхад. Але магло-б стацца й так, як сталася, бо ён, магчыма, не пагадзіўся-б афармляцца без тваёй дапамогі. На ўсё, відаць, Гасподня Воля, і я спадзяюся, што ўсё будзе добра.

Новасьцей у мяне няма й я на гэтым канчаю, жадаючы табе й Тваёй радзіне ўсяго найлепшага. Ці атрымаў кнігу, якую я таксама выслаў?

З любоўю ў Хрысьце [а. М. Лапіцкі]

 

№ 2

[Копія]

[Саўт Рывэр], 8 кастрычніка 1963 г.

Дарагі а. Віталій!

Нашы лісты разьмінуліся й таму пішу другі, каб адказаць на тыя пытаньні, якія парушаеш. Але перад тым, як адказаць на пытаньні, яшчэ раз хачу прыпомніць аб дзесяцігодзьдзі асвячэньня нашае царквы, якое мы сьвяткуем 20 кастрычніка, ды просім Цябе з матушкай, Царкоўны Камітэт і прыхаджан парафіі прыбыць у Саўт Рывэр і прыняць удзел у сьвяткаваньні.

Што тычыцца а. Вакапуласа, дык ён мне ніколі нічога не палагодзіў, хаця заўсёды абяцаў. Ня ведаю, якая прычына. Праўда, апошні раз я праз яго прасіў арх. Якава прыняць удзел у нашым сьвяткаваньні й атрымаў за подпісам арх. Якава ліст, што ён ня можа прыбыць сам, але калі мы хочам, можа прыслаць іншага епіскапа. Зразумела, іншага мы не запрашалі й сьвяткаваць будзем без епіскапа.

У мяне ёсьць іншы чалавек, праз якога я палагоджваю свае справы. Але яму нада пісаць, бо як прыходзім у канцэлярыю, дык не выпадае мінаць а. Вакапуласа й ісьці да іншага, які мае іншую галіну працы. Тым больш і а. Вакапулас сам, як убачыць, выходзіць на спатканьне й гэтым самым не дапускае мяне да майго прыяцеля. Абыходзіць яго не хачу, маючы на ўвазе, што ён можа памагчы й можа зашкодзіць. Мне зь імі трэба жыць у згодзе, і таму мушу быць карэктным. Прычын да гэтага шмат. Беручы пад увагу вышэй сказанае, мне здаецца, наша супольнае наведваньне нічога не дасьць карыснага. Апрача гэтага мне-бы не хацелася-б увязывацца ў справу кананічнага афармленьня т. з. „епіскапаў". Сам бачыш, як гэтай справай цікавяцца й як яе палагоджваюць. Магчыма ў гэтым ёсьць віна й епіскапаў, якія хочуць аформіцца кананічна і ў той самы час прызнаюць сябе кананічнымі. Па гэтаму пытаньню можна было-б шмат пісаць, але спадзяюся, што хутка спаткаемся й тады пагутарым. Зазначаю, што для цябе гатоў зрабіць усё, што ў маіх магчымасьцях. Нават ратаваць за Тамашчыка, хаця, магчыма, ён на гэта й не заслугоўвае.

Зьезд трэба належна падгатовіць, а таму ў гэтым годзе яго, на маю думку, цяжка склікаць. Іначай мы сабяромся, пасварымся й разойдземся. Крывіцкае духавенства я запрашу толькі тады ў сваю царкву, калі яно кананічна аформіцца. Аб тым, каб падчас нашага сьвяткаваньня рабіць нейкія камбінацыі, альбо экспэрыменты ня можа быць і рэчы. Мы хочам у гэты дзень ціха, спакойна памаліцца Госпаду Богу, падзякаваць за Яго міласьць ды на далейшую працу іспрасіць благаславеньня. Рэшта з часам само прыложыцца. Адно толькі ня трэба сьпяшацца.

Ці служыў у Піцбургу міт. I. Тэадаровіч? Ня ведаю. Езьдзіў у Нью Ёрк, але не застаў арх. Ірынея. Не застаў і а. С. Няпрэля. Прышлося пабываць у гасьцях у а. С. Гаюка, але ад яго нічога не даведаўся. Мне здаецца ў курсе гэтай справы арх. Багдан або а. I. Ткачук, сакратар арх. Палладзія. Напішы яму й ён выясьніць гэту справу.

Ці атрымаў Тамашчык слова ня ведаю? Пытаўся лістом у Пунтуса, але ён не адказаў. Прывязі нам матар'ял для друку ў „Царкоўны Сьветач" ды які-небудзь даляр на пакрыцьцё друку.

[З любоўю ў Хрысьце Прот. М. Лапіцкі]

 

№ 3

[Копія]

[Саўт Рывэр], 23 студзеня 1964 г.

Паважаны сп. Навіцкі!

Ёсьць некалькі месц, дзе можна арганізаваць беларускія праваслаўныя кананічныя прыходы. Насколькі я арыентуюся, да такіх месц належыць і Вініпэг. Але бяда наша ў тым, што няма сьвятароў. На маю думку, Вы - добры кандыдат на сьвятара, а таму прапаную Вам прыняць сьвятарскі сан (калі няма царкоўных перашкод), цяжкі, але пачэсны, ды распачаць арганізацыю прыхода ў Вініпэгу. Сп. У. Гуцька й сп. I. Бурдзь будуць добрымі памочнікамі Вам. Да іх я напішу, калі атрымаю ад Вас пазытыўны адказ.

Рукапалажэньне Ваша адбылося-бы ў арх. Якава, экзарха Канстантынопальскай Патрыярхіі. Гэту справу палагоджу я, але кошты, зьвязаныя з гэтым, мае пакрыць Вініпэг. Як найхутчэй дайце адказ, каб не траціць часу й зараз-жа прыступіць да рэалізацыі маёй прапановы.

На гэтым канчаю, жадаючы Вам і Вашай радзіне ўсяго найлепшага.

З любоўю ў Хрысьце Прот. М. Лапіцкі

 

№ 4

[Копія]

[Саўт Рывэр], 29 кастрычніка 1970 г.

Айцу Настаяцелю й Царкоўнаму Камітэту Беларускай Праваслаўнай Сьв. Еўфрасінеўскай Царквы ў Таронта

У адказ на Ваш ліст з дня 20 кастрычніка 1970 г. паведамляю, што арх. Апанас у сучасны мамэнт знаходзіцца ў складзе епіскапаў Расейскай Зарубежнай Праваслаўнай Царквы, зь якой ён пагаджаецца выйсьці, калі ўсе нашы прыходы, якія цяпер падпарадкаваюцца арх. Якаву, экзарху Канстантынопальскай Патрыярхіі, пажадаюць гэтага і ў далейшым будуць падлягаць яму, як епіскапу Беларускай Праваслаўнай Царквы ў Вольным Сьвеце.

У 1945-1946 г.г. арх. Апанас, калі сарганізаваўся беларускі лагер у Рэгэнсбургу (Амерыканская зона) пераехаў у лагер, каб быць разам зь беларусамі й працаваць разам для дабра Беларускай Праваслаўнай Царквы й Беларускага Народу, але тут ён спаткаўся з вунійнымі й бязбожнымі дзейнікамі, якія паставілі яго ў такое палажэньне, што ён змушаны быў пакінуць лагер і пасьля разам з іншымі ўліўся ў РЗПЦаркву. Віна ў гэтым ляжыць на беларускім праваслаўным грамадзтве, якое не заапекавалася епіскапам, а таксама й на арх. Апанасу, які хутка заламаўся й хутка выехаў. А гэтага толькі й чакалі вуніяты й бязбожнікі, якія падзялілі нас і сягоньня пажынаюць плады.

Арх. Апанас можа выйсьці з РЗПЦарквы толькі тады, калі мы будзем яго прасіць. Дай Божа, каб гэта сталася як найхутчэй! Пры яго дапамозе мы зможам аднавіць свой Беларускі Епіскапат. Дацэньваючы гэта, нашы прыходы (Нью Ёрк, Чыкага й Саўт Рывэр) пастанавілі прасіць арх. Апанаса й гэтымі днямі высланы лісты яму з просьбай. Хацелася-б, каб і прыход у Таронта прыхільна палагодзіў гэту справу, прадыскутаваўшы яе яшчэ раз.

Я не хачу ўваходзіць у дыскусыю адносна Ваіыай пастановы, а толькі, упадабляючыся Вам, зварачываюся з запытаньнем: дзе знаходзіцца кананічны Епіскапат Беларускай Праваслаўнай Царквы ў Вольным Сьвеце, да якога мог-бы быць прыняты арх. Апанас, калі на гэта пагадзілася-б парафія ў Таронта? Калі-б такі быў, дык епіскапы самі без нашага ўдзелу вырашылі-б гэту справу. На вялікі жаль, яго няма й я, як старшыня ЦРБП Царквы, а таксама й протапрэсьвіцер, шукаю дарогі, каб яго аднавіць.

З любоўю ў Хрысьце Протапр. М. Лапіцкі

 

Лісты Р. Беразоўскага, М. Кухарчыка

№ 1

[Арыгінал]

Таронта, 24 сьнежня 1956 г.

Вашае В. Благаславенства, а. протапрэсьвіцер!

Шчыра дзякую за ліст з дня 18 гэтага месяца. Адначасна з жалем паведамляю, што залучыць пасланьне экзарха Міхаіла й зьмясьціць у бягучым нумары „Б. [еларускага] Г.[ оласу]" ёсьць тэхнічна немагчымым, таму што набор ужо зданы да друку. Наступны нумар выйдзе з датай 1 лютага 1957 г. і калі Вы ўважаеце, што не будзе апозьненым, дык мы яго замесьцім.

Закіды адносна паправак і скарачэньняў тэксту ў мінулым у ніякім выпадку не абцяжваюць сп. Хмары. Адміністратары друкарні, зь якой мы карыстаем, катэгарычна зажадалі апусьціць пэўныя уступы або забраць набор. Для ратаваньня газэты нам прыіплося пагадзіцца. Трэба ведаць, што друкарня знаходзіцца ў вуніяцкіх руках і ўсякі антыкаталіцкі матар'ял адкідаецца імі.

Пераходзячы да справы нашай царквы жадаю сказаць, што стаім перад цяжкай праблемай. Калі ў найбліжэйшы час не атрымаем свайго настаяцеля, трэба паважна лічыцца зь ліквідацыяй царквы, а гэтым самым і спыненьнем актыўнасьці на грамадзкім адрэзку. Гэтага моманту найбольш і чакаюць крывічы. Нашай адзінай надзеяй ёсьць прыезд а. арх. Фінькоўскага. Мы упорна дабіваемся й будзем дабівацца зьвярнуць яму візу. Калі нашыя намаганьні акажуцца аканчацельна безрэзультатнымі, прыдзецца пагадзіцца з фактам і замерці пасьля столькі гадоў афярнай працы. Мы чуем жаль да экзарха й да Вас, а. протапрэсьвіцер, за халодны падыход да так жывотнай справы. Заўвагі, што экзарх нядобрага мненьня адносна а. архімандрыта, зьяўляюцца жалю годныя. На маю думку, намесьнік Усяленскага Патрыярхату павінен падыйсьці да справы з сэрцам Хрыста, а не бізнэсмэна. Калі мы просім, яго як свайго духовага правадніка, аказаць дапамогу, нават і з апозьненьнем, дык памылкі павінны быць выбачанымі й дапамога аказаная. Якое-ж пачуцьцё таіцца ў нашых змучаных сэрцах, калі памінаецца імя экзарха падчас службаў Божых?! Мы ставім пытаньне проста: ці ёсьць патрэбай гэта на будучыню?

Справу быўшых архіерэяў БАЦ разглядаем як вонкавую для нас. Не бяром ніякай спаўадказнасьці й астанёмся пасыўнымі да поўнага выясьненьня іх становішча. Вяртаючыся да справы а. Фінькоўскага, жадаў-бы сказаць, што яго прыезд у Канаду рашуча ўплыве на далейшы развой царквы й будзе гробам Тамашчыкавай групоўцы раз назаўсягды ў Таронта.

Думаю, што вышэй сказанае павінна нас злучыць як ніколі, каб асягнуць супольную мэту. У сувязі з гэтым яшчэ раз зьвяртаюся з гарачай просьбай дапамагчы нам. Мы асягнем галоўнае - ліквідацыю зародкаў вуніяцтва сярод беларускай эміграцыі.

З любоўю да Вас М. Кухарчык

P. S.: а. Беляй адмовіўся з прычын слабога здароўя й веку.

 

№ 2

[Арыгінал]

іаронта, 15 сьнежня 1964 г.

Высокадастойны а. Мікалай!

Аб тым, што Вы мелі аперацыю, я даведаўся ад сп. Стрэта, з каторым бачыўся ў Баффала. Добра, што ўсё праходзіць нармальна, за што дзякаваць Богу.

У справе царкоўнага зьезду, які мае адбыцца ў Кліўлендзе, я даведаўся з Вашага ліста. Было-б вельмі добра, ды паможа нам Бог, каб уладыка Афанасій вярнуўся да нас і ачоліў Беларускую Праваслаўную Царкву. Але ня хочацца верыць, што гэта будзе. Апошні раз, калі я спаткаўся із уладыкам Афанасам у нашага настаяцеля а. Віталія ў дому, то пры гутарцы я ацаніў, што яго варункі, напэўна, не пад сілу будуць нашым прыходам. А па-другое, для яго Справа Беларуская - гэта чужая справа.

З-за некаторых абставін на месцы я не змагу быць у дэлегацыі нашай парафіі на зьезд. Аб чым пісаць багата ня буду, бо гэта будзе без карысьці, а, магчыма, толькі шкодным. I калі будуць якія-небудзь інфармацыі аб маіх поглядах, то не ўсё бярыце за цэлае.

Зь першага дня, калі мы зарганізавалі нашую царкву й да сёньня, я ею радаваўся й гардзіўся, гарджуся й адначасна шмат перажываў і перажываю цяпер. Але стараюся па магчымасьці прымірыцца, разумеючы, што „ кожнаму свая кашуля бліжэй да цела".

Дык памажы вам Бог, на зьездзе.

Прывітаньне матушцы ад мяне, маёй жонкі й нашых дзетак.

Застаюся з пашанаю да Вас Р. Беразоўскі


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by