|
Ліставаньне з царкоўным актывам у Ракфордзе
Лісты да П. Ракуця, М. Вайтовіча, а. Л. Стаднікава
№ 1
[Копія]
[Саўт Рывэр, 60-я гады]
Дарагі сп. Ракуць!
Шчыра дзякую за ліст. Як я бачу, справа яшчэ не страчаная і ў мяне ёсьць маленькая надзея, што мы можам яшчэ мець і прыход у Ракфордзе. Някепска, што ў Вас служыць а. В. Вячорка. Я яго ведаю й разам зь ім служыў у Чыкага ў беларускай царкве. Ён - беларус. Да яго трэба ўмела падыйсьці й ён можа адыграць пэўную ролю ў беларусізацыі Вашага прыходу. Праўда, яго могуць выкарыстаць і расейцы, калі мы будзем сядзець злажыўшы рукі. На а. В. Вячорку трэба ўплываць праз беларусаў у Чыкага. Дочкі а. В. Вячоркі хадзілі раней у беларускую царкву. Ня ведаю, куды яны ходзяць цяпер. Магчыма, у расейскую, леонцееўскую, бо бацька, як Вам ведама, служыў апошні час у гэтай юрысдыкцыі.
Калі я быў у Ракфордзе, дык я й Вы сабраліся ў Касаўца й трохі пагутарылі. Някепска было-бы, каб тыя самыя людзі й цяпер дзе-кольвек сабраліся й запрасілі а. В. Вячорку. Пасядзелі, пагутарылі, зразумела, пры чарцы, успомнілі Палесьсе, Бацькаўшчыну, але на першым такім сяброўскім спатканьню ня трэба чапаць справы беларусізацыі прыходу
Вашага. Гэту справу можна будзе зачапіць, калі да гэтага падгатовіцца адпаведны грунт. Падгатаўляць гэты грунт трэба праз беларусаў у Чыкага й а. Ф. Бялецкага, якому я напішу, альбо наведаю, калі буду ў Чыкага. Магчыма, у канцы гэтага месяца я буду ў Чыкага й можа наведаю Ракфорд. На спатканьні з а. В. Вячоркам мусіць быць невялікая колькасьць людзей і ўсе яны мусяць быць нашы. Спатканьне гэта адно, два, можыць збліжыць Вас зь ім і ён будзе рабіць тое, што мы яго будзем прасіць.
Што тычыцца духаўніка з Аўстрыі, дык добра, што Вы нікому аб гэтым не гаварылі. Я забыўся Вам аб гэтым напісаць. Гэта справа будучага. Магчыма, калі ён згодзіцца прыехаць, дык я праваджу яго сам. А там будзе відаць, дзе патрэбны й туды яго пашлём. Калі-б ён быў, як Вы зварочываліся, каб Вам даць сьвятара-беларуса, дык, магчыма, прыход ужо быў-бы наш. Тое, што я пішу Вам, трымайце ў тайне й толькі тым можаце даць прачытаць мой ліст, хто разам з Вамі й са мной. Такіх, на вялікі жаль, у Вас мала ёсьць, ды й тыя, якія ёсьць, не заўсёды на месцы. А таму глядзіце й падбірайце самі для нашай работы людзей, якія, калі Богу будзе ўгодна, праробяць працу для дабра нашай Беларускай Праваслаўнай Царквы й нашага Беларускага Народу. Зразумела, справа цяжкая, але не зражайцеся. З дапамогай Госпада Бога можам асягнуць яе. На гэтым канчаю, жадаючы ўсяго найлепшага. Пішыце.
З любоўю ў Хрысьце [а. прот. М. Лапіцкі]
№ 2
[Копія]
[Саўт Рывэр], 1 лістапада 1963 г.
Паважаныя сп. Ракуць і сп. Вайтовіч!
На Вашы два лісты прапаную Вам зрэалізаваць наступнае: у Англіі ёсьць добры беларус, протадыякан а. Павел Вялікі. У сан дыякана яго рукапалагаў епіскап Мацьвей. Ён і цяпер мае зь ім лучнасьць. Я зь ім у кантакце й час ад часу пішам адзін другому. У свой час ён хацеў пераехаць у Канаду ці Амэрыку, але гэту справу мне было цяжка зрэалізаваць, ды й жонка яго не вельмі хацела ехаць на няведамае палажэньне і ў нязнаны край. У сувязі з гэтым Вы напішыце прашэньне да арх. Мацьвея, каб ён рукапалажыў протадыякана Паўла Вялікага ў сан сьвяшчэньніка й назначыў да Вас настаяцелям. Пры прашэньні залучыце выразкі газэт і зазначце, што нават калі й апраўдаецца Ваш настаяцель, дык яму ня месца ў Вас. Гэты плян можаце рабіць адкрыта. Адно толькі, не кажыце, што я падаў такі плян. Праўда, Яськоў можа саабразіць, што гэта ад мяне паходзіць і будзе перашкаджаць, ліючы балота на мяне, Вас і а. Паўла Вялікага. А таму ўзважце гэта й рабіце так, як будзе лепей. У прашэньні зазначце, што а. П. Вялікі - Ваш зямляк і Вы хочаце мець яго Вашым настаяцелем. Калі гэта Вы будзіце рэалізоўваць, дык адразу напішыце мне, каб я мог напісаць а. П. Вялікаму ды прасіць яго з матушкай, каб пераехалі ў Амэрыку. Праўда, ён слабейшы за цяперашняга, але моцны беларус, зь якім пры дапамозе Вашай, магчыма, спалучымся. На гэтым канчаю, жадаючы Вам усяго найлепшага. Адрас а. П. Вялікага падаю ўнізе. Мяне цікавіць, што кажа и што думае рабіць Яськоў? Аб гэтым напішыце мне пару слоў.
З любоўю ў Хрысьце [а. прот. М. Лапіцкі]
№ 3
[Копія]
[Саўт Рывэр], 27 сьнежня 1963 г.
Дарагі а. Леанід!
Хацеў выслаць сьвяточную картку, але гэтага-б было замала, а таму пішу ліст. Па-першае, вітаю з Калядамі й Новым Годам і ад шчырага сэрца жадаю ўсяго найлепшага. Другое, што ляжыць мне на сэрцы, гэта прыход у Ракфорд, каля Чыкага. Прыход гэты ў бальшыні складаецца зь беларусаў. Ёсьць там трохі ўкраінцаў і пара расейцаў (зрусафікаваныя беларусы). Яны пабудавалі новую царкву й да гэтага часу належалі да юрысдыкцыі еп. Мацьвея зь Вільні, каторы цяпер жыве ў Англіі. Але апекай гэтай яны ўжо пацешыліся, дзякуючы няўдачнікам сьвятарам. Апошнім быў а. Яськоў, які мае судовую справу (не з прыходам, а прыватную), дзякуючы якой мусіў пакінуць Ракфорд і пераехаць на прыход у Мільвокі. Цяпер гэты прыход вольны й яго часова абслужывае ўкраінскі сьвятар, які намаўляе іх увайсьці ў украінскую, альбо Тамашчыка царкву. Быўшыя мае прыхаджане па лагеру ў Нямеччыне ведаюць, што прадстаўляе вуніяцка-крывіцкая царква Тамашчыка, а таму ня хочаць мець зь ей нічога супольнага й шукаюць сьвяшчэньніка беларуса, які згадзіўся-б прыняць іх прыход з тым, каб пазьней належаць да юрысдыкцыі экзарха Канстантынопальскага патрыярха. У гэтай справе яны пісалі да мяне й прасілі парадзіць сьвяшчэньніка беларуса, да каторага яны-б маглі зьвярнуцца з прапановай заняць іх прыход. Я для Ракфорда так, як раней для Чыкага, падаў Вас як сьвяшчэньніка беларуса, каторы не проч уключыцца ў нашае беларуска-царкоўнае жыцьцё, згодна слоў сп. праф. Б.Кіта й слоў сп. У. Брылеўскага, пасьля гутаркі з Вамі ў Лос Анжэлас. Як мне інфармуюць з Ракфорда, яны пісалі да Вас, але Вы ім не адказалі на ліст. У сувязі з гэтым яшчэ раз непакою Вас і ветліва прашу напісаць мне пара слоў у гэтай справе. Магчыма, Вы назаўсёды аселі ў Лос Анжэлас і мы напрасна Вас турбуем.
Што тычыцца Ракфорда, прыход зарганізаваны. Старшыня й сакратар Камітэту - беларусы. Царква новая. Каля царквы вялікі кусок зямлі, дзе маюць намер пабудаваць дом для сьвяшчэньніка. Ёсьць а. дыякан, які кіруе хорам і часам служа. Можа служыць заўсёды, калі настаяцель хацеў-бы. Аб матар'яльным забесьпячэньні настаяцеля Царкоўны Камітэт Вас паінфармуе, калі Вас цікавіць, ды адначасна Вы й самі можаце гэта пытаньне паставіць так, як Вы-бы хацелі. Справа гэта адчыненая й яе можа стаўляць як адзін бок, так і другі. Таксама й справу пераезда. Пад гэтым разумею пакрыцьцё коштаў пераезду. Ракфорд - гэта горад, у якім жыве каля ста тысяч людзей. Мне ён падабаецца. Быў я там некалькі разоў. Асабліва прыгожыя яго акраіны. Ад Ракфорда да Чыкага, дзе ёсьць наш прыход, сто майлаў. Нядаўна ў Чыкага з Англіі прыехаў а. А. Мірановіч, які заняў месца настаяцеля ў беларускай царкве Сьв. Юрага. Як ён, так і вернікі задаволеныя. Вось, здаецца, усё тое, што хацеў напісаць, а таму на гэтым канчаю, жадаючы ўсяга найлепшага Вам і Вашай радзіне. Чакаю хуткага адказу.
З любоўю ў Хрысьце [а. М. Лапіцкі]
№ 4
[Копія]
[Саўт Рывэр], 27 студзеня 1964 г.
Дарагі сп. Ракуць!
Выбачце, што так доўга не адказываў на Ваш ліст. Перад тым, як адказаць Вам, мусіў сьпісацца з а. Міхаілам Мігаем. Сягоньня атрымаў ад яго ліст і ён піша, што паедзе ў Ракфорд. У сувязі з гэтым трэба змагацца за беларускі кананічны прыход. Беларусаў бальшыня, а таму, калі прыедзе а. М. Мігай, дык гэту справу трэба паставіць рабром. Для дапамогі магу
прыехаць і я, калі гэтага вымагае справа. Для мяне найлепш прыехаць зараз-жа пасьля Грамніц, т. е. пасьля 15 студзеня 1964 году. Дарогу мусіў-бы аплаціць Ракфорд, туды й назад. Калі расейцы і ўкраінцы будуць супроць, дык трэба дзяліцца. Гэта для прыхода вельмі цяжкая справа, але гэткія падзелы бываюць, калі вымагае жыцьцё. Мне здаецца ў Вас пазьней ці раней да гэтага дойдзе. А таму трэба не адкладываць гэтай справы. Перад арх. Якавам я Вам дапамагу аформіць прыход. У апошнім лісьце Вы ня пішаце, як стаіць справа з тым, каму Вы будзеце падлягаць у далейшым: еп. Мацьвею, украінцам, Тамашчыку ці арх. Якаву, якому падлягаю я й мой прыход. Чым кончыўся суд Яськова?
З любоўю ў Хрысьце [а. прот. М. Лапіцкі]
№ 5
[Копія]
[Саўт Рывэр], 9 сьнежня 1964 г.
Дарагі сп. Ракуць!
Пару тыдняў быў у шпіталі. Меў апэрацыю. Усё прайшло, дзякаваць Богу, добра. Праўда, яшчэ не дамагаю, але ўсё памаленьку прыходзіць да нармальнага стану.
Прыехаўшы да хаты застаў Ваш ліст, за які шчыра дзякую. Як бачу зь ліста, у Вас, ды і ўсіх, магчыма, беларусаў у Ракфордзе, зьмяніўся настрой што да Тамашчыка. Тамашчык умее гаварыць і пры гэтым ведае, дзе што трэба сказаць. А таму няма нічога дзіўнага, што ён зрабіў нядрэннае ўражаньне на ўсіх Вас. На дадатак і выглядае ён вонкава някепска. Але гэтага мала. Каб быць праваслаўным епіскапам, дык трэба ня толькі насіць бараду, епіскапскую манцію, посах ды называць сябе епіскапам, але трэба ім быць. Епіскап Праваслаўнай Царквы мусіць быць кананічным, а гэтай кананічнасьці Тамашчык ня мае й ён просіць нашага экзарха арх. Якава, каб ён яму памог аформіцца кананічна. Калі гэта станецца, тады ўсе мы будзем прызнаваць яго епіскапам. Бяз гэтага ён ня ёсьць епіскапам Праваслаўнай Царквы, хаця й называе сябе ім. Гэта ёсьць закон Праваслаўнай Царквы й яго нарушаць ня можна. Калі хто нарушыу закон Царквы, дык той называецца гэрэтыкам і яго адлучаюць ад Сьв. Усяленскай Праваслаунай Царквы, а гэта ёсьць самае страшнае, за што трэба будзе адказываць, калі ня тут - на зямлі, дык там - на небе, перад Богам. Для чалавека, які ня верыць у Бога, дык яму гэта абыякава, але для мяне, веруючага ў Бога, гэта важная рэч, а таму я нічога супольнага ня маю з некананічнымі епіскапамі як Тамашчык і Фінькоўскі. Закон Царквы мусіць заховываць ня толькі епіскап, сьвяшчэньнік, але й кожны веруючы чалавек. З такіх людзей вось і ёсьць арганізаваныя беларускія прыходы ў Саўт Рывэры, Чыкага, Таронта ды і ў іншых мясцох. Мне асабіста хацелася-б, каб такі кананічны беларускі прыход быў і ў Ракфордзе, дзе шмат ёсьць маіх быўшых прыхаджан па лагеру ў Нямеччыне. На вялікі жаль, мне гэта не ўдаецца. Крывіцка-вунійныя чыньнік, зь якімі ў супалцы знаходзіцца Тамашчык, перашкаджаюць ў гэтым.
Дня 25 - 26-га 1964 г., у Клівеляндзе адбудзецца царкоўны зьезд, на які добра было-бы, каб хто-небудзь прыехаў з Ракфорда: Вы, Вайтовіч ці хто іншы. Запросіны Вам перасылаю пры гэтым лісьце. З Чыкага таксама будуць на зьездзе. Каб Вы былі ў курсе справы, залучаю маленькую інфармацыю, чаму мы робім зьезд. Калі арх. Апанас прыдзе да нас, дык мы будзем мець свайго кананічнага беларускага епіскапа, які ачоліць нашу Царкву. Арх. Апанас быў епіскапам на Бацькаўінчыне й браў удзел на Саборы Беларускай Праваслаўнай Аўтакефальнай Царквы ў Менску ў 1942 годзе. Майце гэта на ўвазе й пакуль што старайцеся, каб Ваш прыход не падпарадкаваўся Тамашчыку. Пазьней будзе відаць, што рабіць.
З Вашых лістоў я бачу, што Вы чалавек граматны, а таму разам зь беларускімі каляндарамі пасылаю Вам кнігу пра гісторыю нашай царквы. Чытайце яе й там знойдзеце ўсё. Калі цікавіцеся Тамашчыкам, дык чытайце ад старонкі 145 да 156. Кнігу шлю Вам як калядны падарунак, а каляндары, калі можна, прадайце па 50 цэнтаў, што й мы плацілі друкарні. Хутка выйдзе „Царкоўны Сьветач". У ім пададзены ўсе асобы, якія прыслалі ахвяры на Беларускі Дапамаговы Камітэт. Апрача гэтага хутка вышлю на Ваш адрас усім квітанцыі.
З любоўю ў Хрысьце [а. прот. М. Лапіцкі]
№ 6
[Копія]
[Саўт Рывэр, студзень 1965 г.] Дарагія Браты ў Хрысьце!
Упарадкаваць прыход вельмі цяжка. На ўсё трэба час і добрая воля людзей, гэта значыць, добрая воля духавенства й прыхаджан. Пры наяўнасьці гэтага й Бог пашле Яго благаславеньне й дапамогу.
Да гэтага часу Вашым прыходам кіравалі розныя юрысдыкцыі й сьвятары розных нацыянальнасьцяў. Цяпер Вы, беларусы, маеце поўнае права на гэта самае, што мелі іншыя.
Як гэта зрабіць? Першае, Вы мусіце афіцыйна запрасіць а. Алега Мірановіча з Чыкага, каб ён адслужыў у Вас Божую службу, а пасьля зрабіць зь ім нараду Царкоўнага Камітэту й парафіян, ды разам абгаварыць усе пытаньні, якія стаўляе на парадак дня Ваша царкоўнае жыцьцё, атаксама мае наступныя прапановы:
1. Ці Вы згодны ўвайсьці ў юрысдыкцыю арх. Якава, экзарха Канстантынопальскай Патрыярхіі й прылучыцца да нашых кананічаскіхбеларускіх парафіяў, адміністратарам якіх на сягоньняшні дзеньзьяўляюся я. Пры гэтым зазначаю, у нашых цэрквах няма ніякайпалітыкі, а таксама антаганізма да іншых нацыянальнасьцяў. Усекарыстаюцца адзінакавымі правамі й поўнай талеранцыяй. Служым мы на царкоўна-славянскай мове, а ў пропаведзі карыстаемсябеларускай і часам ангельскай мовай. Зразумела, мы молімся за сваю Бацькаўшчыну - Беларусь, дзе жывуць беларусы, украінцы, расейцы й іншыя.
2. Усе сьвяшчэньнікі беларусы ў сягоньняшні дзень маюць парафіій працуюць у тых ці іншых парафіях. Ёсьць пара, якія не пайшлі напрыходы і, працуючы ў іншых галінах, у нядзелі служаць там, кудыіх запросяць. Сярод іх ды іншых кандыдатаў я мушу падыскаць сьвяшчэньніка, які-бы мог заняць месца настаяцеля ў Ракфордзе. Дзеля гэтага мусіце паінфармаваць мяне аб матар'яльных варунках, якія можаце даць свайму настаяцелю.
Вось гэта два пытаньні, ад вырашэньня якіх залежыць, магу я памагчы ці не? Прапановы мае мусіце ад крыта й шчыра ў прысутнасьці а. Алега Мірановіча вырашыць: прымаюцца яны ці не? Калі бальшыня галасоў будзе за мае прапановы, дык я разам з а. Алегам Мірановічам з Чыкага й а. Якавам Кузьміцкім наладзім службы й адначасна разам з Вамі будзем падысківаць настаяцеля для прыхода ў Ракфорд. Службы наладзім зараз-жа пасьля прыняцыія маіх прапаноў. Спадзяюся таксама, што дапаможа нам i a. M. Мігай, які ў свой час дапамагаў у Чыкага, пакуль не прыбыў з Англіі а. А. Мірановіч, запрошаны Царкоўным Камітэтам на маю прапанову. Сягоньня ў Чыкага ціш, гладзь і Бож'я благадаць, з чаго цешацца людзі й я асабіста, што не памыліўся. Праўда, я ведаў каго прапаную. Айцец Алег Мірановіч, малады, энэргічны й чалавек з вопытам. Дык навяжыце зь ім цеснае супрацоўніцтва, а я заўсёды буду з Вамі.
На гэтым канчаю, жадаючы ўсяго найлепшага.
З любоўю ў Хрысьце Ваш прот. М. Лапіцкі
№ 7
[Копія]
[Саўт Рывэр, студзень-люты 1965 г.]
Паважаны сп. Вайтовіч!
Вельмі цешуся, што Вы нарэпще спаткаліся з а. А. Мірановічам, настаяцелем беларускай царквы ў Чыкага. Спадзяюся, што гэта спатканьне дасьць карысьць як для Вашай Царквы, так і для нашай беларускай справы, калі Вы станеце на царкоўны грунт, на якім стаіць Чыкага, Саўт Рывэр і Таронта, грунт праваслаўны, беларускі й кананічны. Запазнайцеся бліжэй з а. А.Мірановічам і жыцьцём парафіі ў Чыкага, і Вы ўбачыце той парадак і тую пладатворную працу для карысьці Царквы й для дабра нашага народу. I, наадварот, калі напішаце ў Нью Ёрк, да Вашых знаёмых, і пацікавіцеся пра жыцьцё парафіі, дзе служыць Тамашчык, дык даведаецеся, што ён дайшоў да таго, што на службу паклікаў паліцыю, каб ахраняла яго й наводзіла парадак. Пачытайце крывіцкую прэсу, а таксама хмараўскаю газэту аб т. з. Епархіяльным Зьездзе ў Таронта і Вы ўбачыце той балаган, да якога давёў Тамашчык. Дзівіцца тут не прыходзіцца, вуніяты робяць сваю работу, у якой памагае й Тамашчык тым, што кампрамітуе й разбурае Праваслаўную Царкву, адкідаючы хрысьціянскую этыку й праваслаўныя каноны. У царкве, дзе няма канонаў, там няма й парадку. Там хаос, балаган і сваркі, якія даводзяць да таго, што паліцыя мусіць прысутнічаць на службе, пакліканая Тамашчыкам. А таму не зьвязывайцеся з Тамашчыкам, які й сам не знае кананічны ён ці не, а трымайцеся а. А. Мірановіча. Сьвяшчэньніка мы Вам нойдзем. Нават сягоньня мы з а. А. Мірановічам абслужым Ваш прыход супольнымі сіламі й адначасна падышчым для Вас адпаведнага сьвяшчэньніка, калі Вы станеце на наш царкоўна-беларускі шлях. Сваім парафіянам небеларусам скажыце: кіравалі сьвятары, расейцы, украінцы, а цяпер прыйшла чарга й на беларусаў, якія, магчыма, навядуць парадак. Падумайце аб гэтым і вазьміцеся за работу, а я таксама, чым магу, дапамагу.
На гэтым канчаю, жадаючы ўсяго найлепшага Вам і ўсім маім знаёмым у Ракфордзе.
Ад 5 лютага да 20 лютага маю вакэйшэн і паеду на пара нядзель у Фларыду. Спаткаюся таксама й з сп. Волахамі, хаця маю запрашэньне ад доктара А. Багдановіча, які цяпер жыве ў Фларыдзе.
З любоўю ў Хрысьце [а. прот. М. Лапіцкі]

