МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Ліставаньне з царкоўным актывам у Пасэйку // Мікалай Лапіцкі У служэньні Богу й Беларусі

Кнiга: Лапіцкі Мікалай. У служэньні Богу й Беларусі / Укл. прадм. камэнт. Ю. Гарбінскага. Нью Ёрк — Варшава 2005. — 672 с.
Год: 2005
Cерыя: Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк)
Раздзел: Эпісталярыі
Краiна: Нявызначана
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

Ліставаньне з царкоўным актывам у Пассэйку

Лісты да Мая [Э. Ясюка]

№ 1

[Копія]

[Саўт Рывэр], 17 красавіка 1962 г.

Ініцыятыўнай групе па арганізацыі прыходу ў Пассэйку неабходна зараз-жа зрабіць наступнае:

1.   Злажыць заяву аб чартар. Пасылаю ў ангельскай мове копію заявы з Саўт Рывэру. Перадрукуйце яе, перамяніўшы назовы й прозьвішчы і, сьцьвердзіўшы ўласнаручнасьць подпісаў у сп. Сільскага ці Хрыстановіча, вышліце ў стэіт.

2.   З грэкамі дагаварыціся адносна служб у іх царкве. Гэта можа зрабіце перш, чымсьць выслаць заяву аб чартар. Вазьміце ў арэнду.

3.   Пацікаўцеся царквой, дзе служыў а. П. Каханік, пакуль пабудаваў новую. Сп. Вішнеўскі казаў, што яе можна дастаць за дзесяць тысяч.Я не веру гэтаму, але пацікавіцца трэба. Сп. С. Жамойда знае, дзе гэта царква. Прайдзіце й паглядзіце. Калі спадабаецца, тэлефанічна зьвяжыціся з а. П. Каханікам і ён дасьць Вам інфармацыі.

4.   З сабраных грошай прышліце мне $ 8.00 і я Вам у Нью Ёрку куплю кнігу „Вялікі Зборнік", які мусіце мець, каб адпраўляць службу. Я думаў, што ён каштуе $ 5.00, прагледзіў каталог і там напісана $ 8.00.

5.   Мусіце вырашыць справу з настаяцелям. Калі а. А. Апанасевіч адмовіцца служыць у гэту нядзелю й на Вялікдзень, дык мне хацелася-б, каб Вы настала запрасілі а. I. Малатка. Тым больш, што ён даў мне згоду служыць два разы ў месяц. Мне хочацца, каб а. А.Апанасевіч заняў месца ў Чыкага. Тады-б прыходы былі-б абстаўлены добрымі сьвятарамі. Айцец I. Малаток з Гэмштэт нікуды ня хоча ехаць, купіўшы дом. Айцец А. Апанасевіч піша, што яго фабрыка выяжджае з Нью Ёрку і ён, разабраўшыся зь ей, можа выехаць на прыход. Праўда, зрабіць ён гэта толькі можа ўвосені.

6.   Мусіце прыняць пастанову, згодна якой забараняецца ў залі пад царквой піць напіткі з алкаголем. Калі гэта не зробіце, разложыцца прыход, нават, калі яго сарганізуеце. Статут нашай царквы ў Саўт Рывэры, таксама забараняе на тэрэне царкоўным піць алкаголь.Выняткі могуць быць з дазволу настаяцеля й камітэту.

7. Заяву на чартар мусяць падпісаць сп. сп. Э. Ясюк, А. Шудзейка, С. Жамойда, М. Падлезнік, Іван Дашкевіч, М. Маслоўскі й мой брат, або Сяргей з Францыі. Сп. У. Дутку не ўцягавайце, бо будзеце толь-id сварыцца. Час не прыйшоў яшчэ на паяднаньне, за якое ратуе сп. Дутка. Ён ужо спрачаўся са мной у Івана Дашкевіча, даводзячы, што спачатку трэба купіць будынак, а тады запрасіць не а. Апанасевіча й не а. Малатка, а такога, якога захочам, сьвятара. Што ён хоча асягнуць, ідучы гэткай дарогай, ня ведаю. Па-першае, Царква, згодна катэхізісу - гэта не будынак, а вернікі, духавенства й епіскапы. Вось такую я й хачу дапамагчы Вам арганізаваць Царкву. Калі-ж ісьці дарогай сп. У. Дуткі, дык сабраўшы грошы, у што я ня веру, паўстане пытаньне: на каго прызнаваць будынак. Усюды будынкі прызнаюцца на царкву, дзе ёсьць юрысдыкцыя, сьвятар і вернікі, ды адбываецца служба. У Чыкага зрабілі іначай і мусяць папраўляць. Прыватны будынак ня можа называцца і ўтрымлівацца Царквой. Ён можа толькі арандавацца, за што ўласьнікі мусяць плаціць падаткі, якія ня плоціць Царква.

Майму лісту не давай агласкі. Пішу гэта толькі да Цябе. Хаця на Цябе брэшаць, але ня будзь Мая ў Пассэйку, дык напэўна ўжо нічога не было-б там беларускага. Сягоньня гэта па тэлефону пацьвердзіў сп. Вайцяхоўскі. Я буду Табе памагаць, але мне мусіш варочаць расходы майго падарожжа. Я быу у Нью Ёрку па Вашай справе й 2 разы ў Пассэйку. Я выдаў $ 7.00, якія мусіш мне вярнуць з сабраных грошай. Не дзівіся гэтаму, бо я атрымліваю жабрачыя грошы й на кожнай справе дакладываць цяжка. Зразумела, я на пакупку царкоўнага будынку таксама нешта ахвярую. Барыс казаў таксама, што ахвяруе. Жадаючы посьпеху у далейшай працы, на гэтым канчаю.

З любоўю у Хрысьце [а. прот. М. Лапіцкі]

 

№ 2

[Копія]

Саўт Рывэр, 8 жніўня 1962 г.

Даражэнькі Май!

Падчас нашага апошняга спатканьня Ты запрасіў мяне на 25 жніўня ў Пассэйк. Усё рабілася на хаду й я не застанавіўся над тым, што гэта дата прыпадае на суботу, калі ў мяне ёсьць служба. А таму адлучацца мне ў гэты дзень, без падставы, не выпадае. Падставай для мяне зьяўляецца служба Божая ў Пассэйку. А таму мусіць быць адслужана ў суботу 25 жніўня Вячэрня з малебнам, а у нядзелю 26 чэрвеня - літургія.

У сувязі з тым, што я магу служыць толькі ў суботу, Вы мусіце запрасіць а. А. Апанасевіча, а нават і а. I. Малатка, з тым, каб а. А. Апанасевіч астаўся на нядзелю й адслужыў літургію. Атаму зараз-жа дагаварыцеся з грэкамі адносна царквы, а таксама з а. А. Апанасевічам адносна службы. Справу гэту не адкладывайце ў дальні яшчык, дзеля таго, што а. А. Апанасевіча можа запрасіць іншая царква.

Падобная пастаноўка прынясе карысьць для царкоўнае справы, а таксама падыме прэсьціж сьвяткаваньня. Вячэрню назначце на б гадз. вечара, а літургію - на 10 гадз. раніцы. Зразумела, пасьля таго, як дагаворыцеся з грэкамі й а. А. Апанасевічам.

Для мяне прышліце афіцыяльнае пісьмо як аб службе, так і аб сьвяткаваньні. Гэтага вымагае справа й этыка, на якой Май разумеецца. Калі гэта ня будзе зроблена, я не змагу прыехаць, хаця мае сэрца заўсёды з Маем. Прывітаньне ад матушкі.

З любоўю ў Хрысьце [а. прот. М. Лапіцкі]

P. S.: Прышліце мне копію ліста, які выслалі арх. Якаву.

 

№ 3

[Копія]

[Саўт Рывэр], 12 кастрычніка 1963 г.

Даражэнькі Май!

Ліст Ваш атрымаў і зараз-жа даю Вам адказ. Калі-б Ваш прыход пераключыўся да нас, дык я сам мог-бы прыехаць на які месяц да Вас і служыць, пакуль не знайшлі-б настаяцеля. Зразумела, Вы мусілі-б аплаціць дарогу да Вас і назад, ды даць кватэру і ўтрыманьне.

Пазьней ці раней еп. Мацьвей адойдзе й Вы будзеце змушаны шукаць выхаду з палажэньня. Цяпер, магчыма, самы найлепшы мамэнт для беларуса вырашыць гэту справу й адваяваць прыход. Ведаю, што зрабіць гэта цяжка, але з дапамогай Бога магчыма.

Калі я там цяпер не падыходжу як беларус, нацыяналіст (каб не дражніць індыкоў, маю на ўвазе расейцаў і ўкраінцаў), дык трэба ісьці дарогай,

намечанай Вамі. Праўда, ня веру ў вялікія посьпехі, але можа што й выйдзе. Атаму пішыце спачатку а. Л. Стаднікаву й а. А. Апанасевічу. Адрасы іх падаю ніжэй. Канчаючы свой ліст, мушу зазначыць, што я магу толькі прыехаць і служыць пакуль выясьніцца справа, дзеля таго, што я Саўт Рывэр пакідаць ня маю намеру.

Жадаючы ўсяго найлепшага, на гэтым канчаю. Прывітаньне ўсім беларусам.

З любоўю ў Хрысьце [а. прот. М. Лапіцкі]

 

№ 4

[Копія]

[Саўт Рывэр, 60-ыя гады]

[Да М. Сяднёва]   

Даражэнькія Мае...!

Лянюся пісаць, але сягоньня найшла ахвота, а таму сеў і лісты пішу. Пераважна адказываю на лісты зь вялікім спазьненьнем. Ня помню, чый быў апошні ліст, Ваш ці мой да Вас? Але гэта няважна, і я хачу скрэсьліць пара слоў, не з тым, каб перапужаць Майсея Іларыёнавіча, але каб запытаць як здароўе, як жывецца, як растуць дзеткі, якія весткі з Плісы й што добрага ў Вас? Адначасна з гэтым дзякую за дапамогу папярэднюю ды прашу, калі што маеце з паэзыі ці прозы, дык прышліце. Верш будзе надрукаваны.

Заказы ёсьць, але не асьмеліваюся імі абцяжываць. Так, напрыклад, Вітаўт Кіпель у прыватнай гутарцы прасіў мяне выказацца адносна часапісу моладзі (№ 17). Я пералістаў гэты часапіс і ўбачыў, што ён чысьцюсенькай вады крывіцкі часапіс. Адна толькі розніца, што ў рэдакцыйнай калегіі фігуруюць людзі як-бы нашага ўгрупаваньня ды на абложцы змешчана іх арганізацыя, за што яны мусяць плаціць 100 дол. Рэшта ўсё крывіцкае. Аб гэтым напісаў В. Кіпелю ды прасіў, калі часапіс і над алей будзе сьмярдзець антосяўшчынай і янкаўшчынай, каб мне яго не прысылалі, бо я не пераношу ашуканства й старыны. Хочацца мець часапіс моладзі такім, ад якога веяла-б новым і праўдзівым. Хацелася-б, каб у ім друкаваліся ды прабавалі свае сілы прадстаўнікі моладзі, а не „чало" крывіцкага ўгрупаваньня, бо іначай трэба мяняць і назоў часапіса: часапіс старых для маладых. Кожны часапіс мае сваю мэту. Мне здаецца, мэтай часапісу моладзі ёсьць прыцягнуць да пісаньня моладзь. Праўда, гэта быў прыватны ліст і, магчыма, ён ня будзе мець разгалосу, але калі і далей будзе часапіс моладзі такім, дык я змушаны буду зрабіць аб гэтым зацемку ў „Царкоўным Сьветачы". Тут патрэбна мне дапамога.

Далей, хацелася-б мець малітву праваслаўнага паэта, а не Кушаліхі, якая й сама ня ведае, хто яна такая. Маю намер аб'явіць конкурс, але перад тым, як зрабіць гэта, хачу мець Вашы заўвагі ў гэтай справе, а таксама інфармацыю: прымуць паэты ўдзел у конкурсе, ці не? Калі паэты ў Блюмінгтоне прымуць удзел, дык ужо можна аб'яўляць конкурс.

У Саўт Рывэры жыцьцё ідзе старой каляёй. Родзяцца, жзнянца й паміраюць. Родзяцца нават і па двое. Такое шчасьце спаткала сп. Бахара й яго жонку Любу з дому Урыўскіх. Радзіўся хлопчык і дзяўчынка. Дзені чуюцца добра, а матка па недагляду дохтара амаль не умерла, але, дзякаваць Богу, паправілася й хутка будзем хрысьціць народжаных. Апошняе вясельле было нядаўна. Добрая была пара, добрае было й вясельле. Госьці былі запрошаны не па партыйнай кніжцы, а па прыяцельскім сувязям. Сваёй прысутнасьцяй пераважаў Менск, на чале з Качанскімі, Кіпелем, Стаськевічам, Верачкай, Віёлкай і г. д. Наступнай парой, калі не растроіцца, будзе Міжэвіч Г. (малодшы й яго ізбраная), якую ня ведаю, бо не надежа да нашай парафіі. Памёрлі сьв. п. Л. Каліноўская, Е. Талмачэвец і Г. Хмура. Каліноўская й Хмура - з рака. У нас усё ў парадку. Лёля пайшла на работу, а мы з матушкай няньчым унука, які надакучае, а таксама й цешыць. Жорж пакуль што ня жэніцца. Працуе цяпер недалёка ад Чыкага. Добрай пагодай з унукам ездзім на мора й карыстаемся дабрадзействамі прыроды, якую стварыў Усемагутны Бог.

Цалуем Вас усіх: Бацюшка, Матушка, Лёля, Лявон і Аляксандр.

З любоўю ў Хрысьце Ваш [а. прот. М. Лапіцкі]

 

№ 5

[Копія]

[Саўт Рывэр], 23 лютага 1965 г.

Даражэнькі Май!

Навін асаблівых няма, але мушу напісаць пара слоў. У прайшоўшую нядзелю 21 лютага 1965 г. адбылося паседжаньне рэдакцыйнай калегіі часапісу „Беларуская Думка". На гэтым паседжаньні папрасілі мяне, каб

я напісаў Вам пару слоў з просьбай, каб Вы прыслалі што-небудзь да друку ў часапіс. Роля мая, як сьвятара, была, ёсьць і будзе: маліцца, вучыць, дзякаваць, прасіць. Дзеля гэтага, выконываючы сваю роль, а таксама просьбу рэдакцыйнай калегіі (да якой належу й я) ветліва прашу Вас не адмовіць і прыслаць што-небудзь для друку. Часапіс выйдзе хутка, калі адбяром найлепшы матар'ял. Грошы на друк ужо маем. Просьбу маю, у аснаўным, хоць часткова выконываюць. Гэтымі днямі спавядаў матушку Віцьбіч. Пры гэтай аказыі перакінуўся пара словамі з сп. Стукалічам, які, між іншым, сказаў: „Я ў даўгу перад а. Мікалаем, але я помню й што-небудзь прышлю для „Царкоўнага Сьветача". Спадзяюся, што і ў даным выпадку й Вамі мая просьба будзе палагоджана пазытыўна.

Матушка Віцьбіч мае ўжо 88 год. Два разы ў год я яе спавядаю на кватэры й прычашчаю Сьв. Таінств. Чуецца яна някепска, але ня можа хадзіць. Праўда, па хаце соўваецца, але прыйсьці ў царкву й стаяць падчас службы ей цяжка. Сын яе трымаецца, але нядаўна быў у шпіталі. Меў вельмі вялікае кравяное цісьненьне. Цяпер пахудзеў, цісьненьне абніжылася й чуецца някепска. Працуе на старым месцы. Нявестка таксама чуецца някепска.

Калі расходзіцца аб Саўт Рывэр, дык нічога не зьмянілася. Адно павырасталі амэрыканцы беларускага паходжаньня, асабліва сп. Завістовіч. Не адстаюць і дзяўчаты: Сіцько, Занкавіч, Шчорс, Варанцова й г. д. Вырас і наш Аляксандр, які прыйшоў да дзеда, сеў на калені й перашкаджае друкаваць, гледзячы на дагавор, што я сьпярва буду друкаваць, а пасьля ён.

Цяпер гатовімся да сьвяткаваньня 25 Сакавіка. Адбываюцца сьпеў і нарады. Маем два хары - жаночы, пад кіраўніцтвам сп. К. Барысаўца й мужчынскі, пад кіраўніцтвам сп. Ю.Рымко. Сп. Д. Верасаў кіруе царкоўным хорам і да акадэміі ня мае магчымасьці, каб выступіць змешаным хорам. Сьвяткаваць будзем і ў гэтым годзе разам з крывіцкім адламам. Крывіцкае непрадрашэнскае вуніяцкае „чало" з Ст. Станкевічам сьвяткуе аддзельна. Сьвяткаваньне адбудзецца ў адзін дзень. Дзякуючы гэтаму, Тамашчык знаходзіцца ў пікавым палажэньні й пакуль што няведама, куды ён пойдзе.

У прошлым годзе брат Ларысы Генюш пісаў нам, што яна вярнулася з Сібіры й дажывае свае апошнія дні ў Зэльве, хварэючы на страшную хваробу рак. Магчыма, ужо й памёрла, але мы аб гэтым яшчэ нічога ня ведаем. У нас усё, дзякаваць Богу, добра. Наракаць ні нашто не можам. Чакаем вясны, якая ўжо не за гарамі, а там і лета.

Што добрага ў Вас? Можа маеце якія весткі з Бацькаўшчыны? Як гадуюцца дзеткі? Я перад Валодзем не ўпарадку. Абяцаў сьціхар і не прыслаў. Цяпер мог-бы выканаць сваё абяцаньне, але, магчыма, яму ўжо ня трэба, ды й рост ня ведаю які?

Ёсьць чуткі, што бальшавікі выдалі кнігу досьць абшырную аб беларускай эміграцыі. Як чуваць, усіх прадставілі праступнікамі, калябарантамі й г.д. Кнігу гэту, кажуць, мае Ст. Станкевіч. Прывітаньне ад маіх дамачадцаў.

З любоўю ў Хрысьце Ваш [а. прот. М. Лапіцкі]


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by