МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Ліставаньне // Мікалай Лапіцкі У служэньні Богу й Беларусі

Аўтар: М. Сяднёў
Кнiга: Лапіцкі Мікалай. У служэньні Богу й Беларусі / Укл. прадм. камэнт. Ю. Гарбінскага. Нью Ёрк — Варшава 2005. — 672 с.
Год: 2005
Cерыя: Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк)
Раздзел: Эпісталярыі
Краiна: Нявызначана
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

Ліставаньне з М. Сяднёвым

Лісты да М.Сяднёва

№ 1

[Копія]

[Саўт Рывэр], 27 студзеня 1970 г.

Дарагі сп. Сяднеў!

Атрымаў Ваш ліст і бачу, што першы блін комам. Справа ў тым, што мне не хацелася ехаць у каносу, а таксама зварочывацца за дапамогай на месцы. Сам я меў першы раз дачыненьне зь лентай і, паскупіўшыся, нагаварыў свае слова на ўжыванай ленце. Зьмест і мова - таксама выключна мая апрацоўка. Прачытаў сп. Віцьбічу свае словы пасьля таго, калі нагаварыў і адаслаў Вам ленту. Выслухаўшы, ён сказаў: „Слова някепскае, але трэба было-бы зрабіць моўныя папраўкі". Няпроч гэта зрабіць быў і ён, але я адказаў, што ўжо позна, а, магчыма, і не патрэбна дзеля таго, што ён высланы сп. М. Сяднёву, які мае права рабіць папраўкі ды дэцыдаваць (надаваць яго ці не).

Я рад, што слова было нададзена, але не таму, што атрымаю ганарар, а таму, што праца была не на марна. Чэка на $ 50.00 я яшчэ не атрымаў.

Вашы заказы я гатоў прыняць. На вялікія сьвяты я магу даслаць свае казаньні, магу напісаць і некалькі рэлігійных скрыптаў. Адно, з мовай цяжкавата ды з тэматыкай. Цяпер перад намі Вялікдзень, а таксама немалое сьвята й Вербніца. Кончу калядаваць, пастараюся напісаць на гэтыя сьвяты казаньні. На Троицу ў прошлым годзе я напісаў слова й яно надрукавана ў „Царкоўным Сьветачы" за 1969 год. Я з малымі папраўкамі ўжо магу нагаварыць на ленту й пераслаць Вам, а Вы, калі падойдзе, на Тройцу пусьціце яго на сьвет.

Цяпер, што да службы. У 30 хвілін можна ўлажыць Вячэрню. Песнапеньні Вячэрні вельмі прыгожыя. Праз пару тыдняў мы возьмем гэту службу на ленту й перашлём Вам. Прыдзецца таксама апаратурай карыстацца прыватнай. Магчыма, на ленту возьмем малебен і паніхіду. Малебен можна надаць на 25 сакавіка, а паніхіду на Слуцкае Паўстаньне, калі гэтым дням прысьвечваецца аўдыцыя.

Віцьбіч часта мне звоніць. Раней ён, на маю думку, хістаўся, да якой належаць царквы, але нядаўна аформіўся ў нашым прыходзе. Каштавала яму гэта $ 149.00 (залеглыя складкі). Званю й я яму часам, каб тое-сёе даведацца аб крывічах. Мае высьці „Беларуская Думка". Магчыма будзе надрукаваны мае „Каляднае Слова". Арх. Антонія выкінем. Сп. Кавыль у гутарцы гаварыў, што сп. Сяднёў ня пііна й ён ня ведае, чы яго верш наданы?

Праца пры пабудове прыастаноўлена, але з надыходам вясны прыступім да заканчэньня як царквы, так і залі.

Жадаючы ўсяго найлепшага, на гэтым канчаю. Прывітаньне для радзін ад матушкі й Касоўскіх.

З любоўю ў Хрысьце Ваш [а. М. Лапіцкі]

 

Лісты да a. M. Лапіцкага

[Арыгінал]

[першая палова 60-х гадоў]

Дарагія а. Мікалай і матушка!

Пішам да Вас ужо з хаты, пасьля доўгачаканага й вельмі прыемнага падарожжа нашага. Дазвольце, калі ласка, адразу-ж на гэтым месцы выказаць Вам, а. Нікалай і паважаная матушка, нашае як найбольшае дзякуй за ўсё тое, што вы зрабілі для нас, каб нашае прабываньне ў Саўт Рывэры было сапраўды прыгожым. Вашы чулыя, далікатныя адносіны да нас запалі ў сэрца, і Вы на гэтулькі падкупілі нас сваей добразычлівасьцяй, што нам нават не хацелася выяжджаць ад Вас. I цяпер, калі мы ўжо прыехалі да хаты, Вас як-бы не стае для нас.

У „Менску" было таксама няблага. Лягер добры, адпачыць можна добра. Месца прыгожае. Шмат з кім пабачыліся. У гутарках згадвалася колькі раз і Ваша імя, як уладаючага ў Саўт Рывэры. Усе шкадуюць, што Вы не прыехалі з Тамашчыкам на высьвячэньнне.... I яшчэ я спасьцярог адну рэч: ахаладжэньне да Абрамчыка. Наагул, як мне здаецца, у нашым грамадзтве можна назіраць тэндэнцыю „прымірэньня", паразуменьня ці што. Толькі, безумоўна, у такім разе паўстае пытаньне: паразуменьне коштам чаго?

Страціў недзе адрас Касоўскіх, а трэба чыркнуць ім пару словаў. Думаю зрабіць гэтак: напішу да іх, пісьмо укладу ў канвэрт, прыляплю марку, дашлю гэта Вам, а Вы ўжо заадрасуеце й адашлеце поштай, указаўшы й мой зваротны адрас.

Вось гэта і ўсё тымчасам. Прывітаньне Жоржу.

Яшчэ раз дзякуем Вам за гасьціннасыгь, зь якой Вы нас прынялі.

Ваш Сяднёў

P. S.: Як мы ні хадзілі па Саўт Рывэру, а ўсіх не абышлі. Таму можа хто й пакрыўдзіцца на нас. Пры нагодзе, а. Нікалай, калі ласка, растлумачце „незадаволеным"...

 

№ 2

[Арыгінал]

4 лістапада 1962 г. Дарагія айцец і матушка!

Шчыра дзякуем за ліст, вельмі прыемна было атрымаць вестачку ад Вас. Тым больш, што доўга нічога не чуваць было ад Вас. Я думаў, што Вы ўжо забыліся на нас зусім, купаючыся ў моры ды падрыхтоўваючы календары з „Царкоўнымі Сьветачамі". Аж усё-ткі, дзякаваць Богу, знайшлі часу й для нас.

Радасна чуць, што ўсё ў Вас там у парадку. У нас таксама тымчасам той самы, ранейшы стан рэчаў. Дзеці пакрысе падрастаюць і адпаведна гэтаму ўскладняецца й само жыцьцё. На гэтым месцы яны шлюць Вам свае найлепшае прывітаньне й пажаданьне ўсяго найлепшага. Ваш ліст яны слухалі зь вялікай пільнасьцю, як ліст ад знаёмага бацюшкі й як ліст з іхнай радзімы. 3 здароўем таксама сяк-так. Тым часам нядрэнна, праўда, у жонкі завялося каменьне ў пузыры, чуецца нядрэнна й працуе, але, мусіць, трэба будзе зрабіць апэрацыю. Меліся прыехаць у Саўт-Рывэр летам, але якраз улетку унівэрсытэт запрасіў мяне выкладаць мову ў унівэрсытэце (пазычылі ў Аір Форсе) i мы, такім чынам, зьездзілі толькі на возера Мічыган на тры дні, каштуе дорага. Так і скончыліся мае вакацыі.

Шкада Каліноўскай, шкада й Антона. Але чаму быць, таму не мінаваць. Нічога не зробіш. „Ніхто з граніц сваіх ня выйдзе жыцьця, законам напісаных", як пісаў калісьці Колас.

Прыемна чуць, што Вашая парафіяльная школка разрастаецца. Надзвычайна добра. Царква й школа - гэта, бадай, адзіны слуп беларускасьці ў Саўт Рывэры, што там не гавары. Разумеецца, царква й школа - гэта сам той народ, які там жыве, на чале з сваім бацюшкам.

З маімі рэчамі, якія я Вам дасылаю для друку, канешне, Вы можаце абыходзіцца так, як Вам хочацца. Друкаваць, не друкаваць, выпраўляць, дадаваць, выкідваць і г.д. Тое-ж самае й з маім рэфэратам да 25 Сакавіка.

Што тычыцца каляднай п'ескі, дальбог, айцец Мікалай, ня маю цяпер часу: вучуся-ж яшчэ й сам, хай яно спрэхне. Узяў цяпер стараславянскую мову й псыхалёгію, пхнуся, хоць з гэтага нічога й ня выйдзе: застары ўжо. Хопіць аднаго „с" для грэдуэйт студэнт, каб выгнаць. Але я абяцаю ўсё-ж напісаць такую п'еску, калі буду жыў і здароў, добрую такую, каб на вякі. Тым-жа часам закінуў і свайго Корзюка, якога ўжо напісана досыць-такі ладна. Ня гневайцеся, калі ласка.

Я ня ведаю цяпер тых цытатаў з Жылуновіча, Цанавы й Кнорына, копіі гэтага рэфэрату ў мяне няма. Але я думаю, што гэта будзе прыблізна, а то й дакладна так: Л. Цанава: „Всенародная партизанская война против фашистских захватчиков", Менск, 1951 г., том 2, бач. 786, 726, 725, 732; 3. Жылуновіч: „Люты-кастрычнік у беларускім нацыянальным руху". Зборнік „Беларусь", Менск, 1924 г., бач. 185; В. Кнорын: „1917 год в Белоруссии и на Западном фронте", Минск, 1925 год, стр. 3, або В. Кнорын: „Да гісторыі диктатуры пралетарыяту ў БССР", „Полымя", Менск, 1929 г., нумар I, бач. 90-91, або В. Кнорын: „Камуністычная партыя на Беларусі". Зборнік „Беларусь", Менск, 1924 г., бач. 219. Выбірайце любую крыніцу!

Вось і ўсё тым часам.

Прывітаньне ад усіх нас матушцы, Лёлі, Жоржу, Лявону, улучна з Вамі, безумоўна. Пішэце нам, мы будзем вельмі рады атрымаць ад Вас хаця пару слоў.

З пашанай да Вас Ваш Масей

Ці ня прыслалі-б Вы мне адрас Завістовіча?

P. S.: Ёсьць у мяне з дзесятак новых недрукаваных верінаў, але на жаль, усе яны такія, што Вы іх у „Сьветачы" не надрукуеце.

М. С.

 

№ 3

[Арыгінал]

7 сьнежня 1969 г. Дарагі айцец Мікалай!

Належыўся-б вялікі й прыгожы ўступ, - колькі-ж часу прагасьцявалі ў Вас, колькі засталося добрых успамінаў ад нашага побыту ў Саўт Рывэры, колькі сустрэчаў, гутарак, што мусіла-б быць напісаная не адна ода, не адзін мадрыгал, але давядзецца пачаць без усяго гэтага, пачаць прама з просьбы. На носе Сьвятыя Каляды й трэба, айцец Мікалай, каб Вы прамовілі да ўсяго беларускага праваслаўнага народу праз радыё „Свабода". Гэта было-б просткі гістарычнае патрыяршае пасланьне. Мы ўсе тут спадзяемся, што Вы нам дапаможаце ў гэтым. Гэта мусіла-б быць ня то, што нейкае казаньне, а хутчэй, слова. Спакойнае, ціхае слова, чалавечае слова, слова любві да чалавека. Кароткае. Не абавязкава доўгае. Зусім не. I спакойна начытанае. Вы маглі-б, айцец Мікалай, начытаць яго і ў студыі ў Нью Ёрку, там умовы лепшыя (я напісаў-бы Запрудніку й ён прыняў-бы Вас там добра). Калі-б не захацелі Вы ехаць у Нью Ёрк, Вы маглі-б начытаць гэта і ў зяця свайго. Здаецца, ён гэтую ўсю музыку мае?! Бацюшка атрымаў-бы радыё і ўзнагароду. Калі-ж бы, крый Божа, ба-цюшка ўздумаў адмаўляцца, дык на яго загневалася-б уся Беларусь Праваслаўная, гэта значыць уся Беларусь. Вось гэткая, ня толькі мая асабістая, а і ўсебеларуская, просьба да Вас, айцец Мікалай. Чакаючы істужкі з тэкстам ад Вас, застаюся адданы Вам.

Ваш Масей

А матушку й забыў уставіць наверсе, у звароце. Во будзе мне, грэшнаму. Добры дзень, матушка, найлепшыя нашыя прывітаньні прымеце ад нас усіх. Як прыедзем яшчэ, дык пэўна-ж пасадзіце нас, як заўсёды, за стол і накорміце.

П.С: Істужку, айцец Мікалай, калі ласка, паветранай поштай. Выдаткі будуць аплачаныя. А можа калі-небудзь прыслалі-б нам усю службу Калядную, ці якую. Мы пушчалі-б яе кожную нядзелю замест той, якая круціцца бясконца вось ужо колькі год, невядома кім і дзе накручаная. Прывітаньні Ігару, Тасі, Цярпіцкім, Палюховічу, усім добрым людзям, у тым ліку Сіцько, айцу Сьвятаславу, Івану Іванавічу.

М. С.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by