|
Ліставаньне з а. П. Вялікім
Лісты да а. П. Вялікага
№ 1
[Копія]
Саўт Рывэр, 12 студзеня 1961 г. Дарагі а. протадыякан!
Згодна дагаворанасьці на зьездзе ў Чыкага з сп. М. Кухарчыкам пішу Вам гэты ліст з тым, каб паінфармаваць Вас аб варунках, зь якімі Вы спаткаецеся, калі пераедзіце ў Канаду ці Амэрыку. Варункі гэтыя для духаўніка, які працуе сярод беларусаў, вельмі цяжкія, але пачэсныя. Цяжкія, па-першае, тым, што народ наш расьсеяны й адначасна ў сваёй масе нацыянальна нясьведамы. Па-другое, калі Вы прыбудзіце ў Амэрыку, Вы мусіце арганізовываць прыход і адначасна працаваць на фабрыцы. Магчымасьць арганізаваць беларускі прыход ёсьць у Пассэйку, Нью Ёрку й нават Трэнтане. Я арганізаваў прыход ў Саўт Рывэры. Ёсьць арганізаваны прыход ў Чыкага, і па нашай лініі там даездам з Канады служыць а. М. Мігай. Праца цяжкая дзеля таго, што перашкаджае Фінькоўскі, якога адстранілі ад прыхода. Крывічы маюць прыходы ў Нью Ёрку, Клівеляндзе й фікцыйны ў Нью Брансвіку.
Матар'яльны бок на пачатку вельмі слабы. Я працаваў 8 год на фабрыцы, каб утрымаць сябе й радзіну. Цяпер не працую й маю 170 дал. у месяц плюс трэбы. Матушка яшчэ працуе, але магла-б і не працаваць. На кусок хлеба хватаіць, бо дзеці кончылі калэдж і таксама не забываюць пра бацькоў. Праўда, калі ёсьць лішні грош, высылаем пачкі ў Поль-шчу й на Беларусь. Вось так прадстаўляюцца варункі, якіх пужацца ня трэба, бо ўсюды ёсьць добрыя людзі й апека Ўсявышняга Бога. Тут Вы знойдзіце працу, кватэру й падтрыманьне сярод сьведамых беларусаў. Спаткаецеся з прыемнымі й непрыемнымі зьявішчамі, якія заўсёды бываюць у жыцьці й працы кожнага чалавека, а тым больш духоўніка. Я з свайго боку абяцаю дапамогу ўва ўсім тым, што ёсьць у маёй магчымасьці. Праўда магчымасьці гэтыя ў мяне невялікія, але пры пераезьдзе, йры рукапалажэньні ў сан іерэя й пры арганізацыі прыходу, што ад мяне залежыць, ува ўсім дапамагу.
З любоўю ў Хрысьце [а. М. Лапіцкі]
№ 2
[Копія]
[Саўт Рывэр, 1969 г.]
Дарагі а. Павел!
Дзякую за ліст, які з задаволеньнем прачытаў. Рад, што Вы справіліся з цяжкім заданьнем і арганізавалі прыход і гэтым апраўдалі маю просьбу, каб Вас еп. Мацьвей рукапалажыў у сан іерэя. Цяжкасьці ў прыходзе заўсёды ёсьць, а тым больш пры арганізацыі, але на гэта не зварачывайце ўвагі й рабіце сьвятую справу, а Гасподзь Бог ды добрыя людзі заўсёды будуць Вам дапамагаць.
На вуніятаў не зварачывайце ўвагі й рабіце сваю праваслаўную й беларускую справу незалежна ад таго, падабаецца ім гэта ці не. Што тычыцца праваслаўных, якія стаяць з боку, дык час свае зробіць і яны прыдуць. Так было ў мяне, так будзе і ў Вас.
На маю думку Вам трэба было-бы адчыніць прыход ў імя Сьв. Прэп. Афанасія Брэсцкага. У Вас вунійны цэнтр праслаўляе Язафата Кунцэвіча, якога забілі беларусы, а Вы праслаўлялі-бы Сьв. Афанасія, якога за праваслаўную веру й беларускую народнасьць замучылі палякі й вуніяты. Вуніяты паставяцца варожа, але на гэта ня трэба зьвяртаць увагі, так як і яны не зьвяртаюць увагі як мы ставімся да Кунцэвіча. Гэта адно. Другое, на эміграцыі ўжо ёсьць два прыходы імя Сьв. Еўфрасіньні - Саўт Рывэр і Таронта. Калі гэтага ня можна зьмяніць, ну дык хай астаецца так, як ужо пастаноўлена.
У мяне ёсьць ня толькі трапар і кандак Сьв. Еўфрасіньні, але цэлая служба з акафістам. Трапар і кандак дасылаю пры гэтым лісьце, а іконку выслаў аддзельна разам з „Царкоўным Сьветачам". Назоў нашай царквы выпісаны на вярху гэтай бланкі. Раней мы пісалі трохі іначай, але цяпер ужываем гэты назоў. На пячатцы царкоўнай астаўся стары назоў дзеля таго, што на гэты назоў выданы „чартар". Як зьменім назоў у чар-тары, дык тады зьменім і пячатку. Узор цяперашняй пячаткі падаю на адваротнай бачынцы.
У „Вялікім Зборніку" (часьць першая) ёсьць обшчая служба „Прэпадобнай". Гэтым і карыстайцеся пры службах Сьв. Еўфрасіньні. Там-жа ёсьць служба й „Прэпадобнаму". Калі ня маеце гэтай кнігі і ў Англіі ня можыце дастаць, дык я куплю тут і перашлю Вам. Каштуе яна $ 10.00. Прэп.[адобнаму] Афанасію маю таксама акафіст.
У мяне справы разгортываюцца добра. Атрымаеце „Царкоўны Сьветач" і там запазнаецеся, як ідуць справы. Ад Тамашчыка адцягнулі прыход і ў гэту нядзелю была першая служба. Ачоліваў яе я, а настаяцелем назначаны а. С. Коўш, які нядаўна быў высьвечаны ў сан іерэя.
Маем кандидата ў епіскапы, але справа зь хіратоніяй зацягнецца трохі. Ворагі ставяць перашкоды. Памагае мне трохі еп. Мацьвей, за што яму я вельмі ўдзячны.
Календароў я ўжо ня маю. Напісаў ў Чыкага, каб яны Вам выслалі, бо там здаецца ёсьць лішнія.
На Вялікдзень маю выдаць „Царкоўны Сьветач". Прышліце для хронікі матар'ял з царкоўнага й грамадзкага жыцьця ды пару фатаграфіяў з царкоўнага жыцьця. Зрабіце гэта як найхутчэй.
Жадаючы ўсяго найлепшага на гэтым канчаю. Пішыце.
З любоўю ў Хрысьце [а. М. Лапіцкі]
№ 3
[Копія]
[Саўт Рывэр], 11 сьнежня 1972 г.
Дарагі а. Павел!
У Таронта (Канада) а. архім. Язэп аб'явіў, што пакідае прыход і служа толькі да 1 студзеня 1973 [году]. Замяніць тут [яго] няма кім і таму зварочываюся да Вас з просьбай: ці не маглі-бы Вы пераехаць ў Канаду й абняць гэты прыход. Вы былі ў Таронта й ведаеце, як выглядае царква й што прадстаўляе прыход.
Што тычыцца а. архім. Язэпа, Вы бачылі як ён заховываўся й прыход ня быў ім задаволены. Асабліва пасьля таго, як ён пайшоў на сьвята да крывічоў і там разам сядзеў зь іх „гіерархіяй".
У Саўт Рывэры ўсё ў парадку. Будынкі закончылі, асьвяцілі й службы ўжо адбываюцца ў новай царкве. Адно толькі я захварэў, але папраўляюся й хутка буду служыць.
Калі па тэй ці іншай прычыне Вы не зможыце пераехаць, дык там мне ўладыка Мацьвей пісаў, што ён гатовіць нейкага беларуса Мароза. Можа ён-бы хацеў пераехаць? Гэта я пішу на выпадак, калі не зможаце пераехаць Вы. Беларусы з Таронта, а таксама й я ўсім сэрцам, усёю душою хочам, каб пераехалі Вы й абнялі гэты прыход ва славу Божую й ва славу Беларускаму Народу.
Прывітаньне матушцы і ўсёй Вашай радзіне.
З любоўю ў Хрысьце Ваш [а. М. Лапіцкі]
Лісты да a. M. Лапіцкага
№ 1
[Арыгінал]
Лёндан, 28 лютага 1969 г.
Дарагі й паважаны а. мітр. прот. Мікалай!
У сувязі з арганізаваньнем нашага беларускага прыходу ў Лёндане ў нас паўсталі пытаньні як і ў імя якога сьв. [ятога] назваць наіп прыход. На апошнім нашым зьездзе было прынята назваць прыход у імя Сьв. Еўфрасіньні Полацкай. Вось, як Вам ведама, у кніжках служэбных няма ані трапара, ані кандака й другіх малітваў расейцы для беларусаў ня думаюць друкаваць. Вось, я маю да Вас і просьбу ў гэтым напрамку. Прашу Вас прыслаць нам усё, што ёсьць патрэбнае для службы Сьв. Еўфрасіньні, а можа маеце штось і нотнае для сьпеву. Далей, прашу гэта ікону, бо многім няведама як Сьв. Еўфрасіньня выглядае, і напішыце, як Вы пішаце па-ангельску, каб мы таксама пісалі й каб не было разыходу ў пісаньні па-ангельску. Далей, гэта форма пячаці, каб мы маглі на ўзор вашае зрабіць сваю ў Англіі. Вось, амаль два гады мне каштавала працы, каб сабраць сваіх людзей і залажыць беларускі праваслаўны прыход. Праўда, зьбіраліся й перад гэтым, але ў меншай колькасьці.
У сучаснасьці зьбіраецца больш людзей і мы ўжо выбралі Царкоўны Камітэт, Сястрыцтва й траст. Дзякаваць Богу, мілая атмасфэра пануе да гэтага часу й спадзяюся, што й над алей так будзе. Праўда, ёсьць яшчэ многа такіх, аддалёных ад царквы, якія баяцца прылажыць сваю працу, і такія дзеячы-актывістыя, якія не жадаюць, каб хтось імі ўпраўляў. Такіх тут ёсьць шэсьць чалавек зь нашага боку [ды] вуніяцкае духавенства й іхнія паплечнікі як Лашук, Навара й другія бунтаўшчыкі супраць нашага прыходу.
Мы з кожным разам становімся мацней і лепей у дзейнасьці нашага прыходу. Яны, [прыхаджане], ня слухаюць агітатараў.
Вось, калі Вы можаце, дык дапамажеце ў гэным, што я Вас прасіў. Я ведаю, што ў Вас таксама многа працы, але Вы ўжо зарганізаваныя й я чуў, што Вы скора пабудуеце сваю царкву. Гэта вельмі добра й няхай Вам Бог дапаможа ў Вашых стараньнях. Таксама чуў, што маеце кандыдата на епіскапа. Гэта таксама будзе вельмі добра мець свайго кананічнага епіскапа. Праўда, можа будуць і цяжкасьці, але Бог дапаможа нам і ў гэтым.
Прашу прыслаць вышэйуспомненае ў просьбе як найхутчэй. Калі маеце календары й „Царкоўны Сьветач", міласьці просім. Думаю, што ўжо й так многа напісаў [усялякіх просьбаў] аб помачы.
З любоўю да Вас
Ваш сабрат у Хрысьце
Сьвяшчэньнік Павел Вялікі
№ 2
[Арыгінал]
[Лёндан], 11 травеня 1969 г.
Хрыстос уваскрос! Дарагі а. прот. Мікалай!
Дзякую за ліст, які, сапраўды, падняў мяне духова. Адносна пака-наньня цяжкасьцяў пры арганізаваньні прыходу, дык яны ў поўнасьці яшчэ непакананыя:
1. Яіпчэ ня маем свайго сталага месца царквы.
2. Няма сгалага месца, дзе-б мы маглі-б зьбірацца на ўсялякія сходкі й г. д.Справа рэгістрацыі прыходу ўжо ў дарозе - адвакат робіць. Калі аформіцца рэгістрацыя, то мы зможам лепей дзейнічаць: напрыклад, афіцыяльная зборка грошай на пакупку дому й т. п. Усё ідзе добра (хаця й паволі, але чэсна), дзякуючы еп. Мацьвею, які дапамагае мне ў многім. Але некаторыя нашы людзі сьляпыя й ня хочуць гэтага чуць і бачыць. Вось, каб яны бачылі, дык справа хутчэй была-б аформлена.
Праўда, вуніяты аселіся тут моцна, [бо] ім дапамагае Ватыкан і месныя католікі. Яны маюць зарганізаваны свой асяродак, маюць некалькі дамоў і т.п. Прыхаджанаў яны ня маюць, толькі, пару паплечнікаў, якія трымаюцца іх. Вуніяты стараюцца нас пасварыць і разагнаць, каб мы нічога не зрабілі. Але мы зробім, бо ёсьць людзі, якія ацэньваюць маю працу ў рэлігійна-нацыянальным жыцьці. Вуніяты самі па сабе можа былі-б і нястолькі шкадлівыя, каб не нашы людзі самі. Яны, падтрымоўваючы [вуніятаў], даюць ім большае поле да папісу. Мы на іх увагі не зьвяртаем, а ім гэта найгорай баліць, што мы робім усё самі, без іхняй дапамогі. Яны ведаюць, што ў нас агульная атмасфэра спакойная, з брацкай любоўю, як у адной добрай Божай сям'і.
На адным зьездзе мы выбралі назоў прыходу - Сьв. апосталаў Пятра й Паўла. Але ўладыка Мацьвей пачаў казаць, чаму ня выбралі назоў у імя сьвятых зь Беларусі, што болей адпавядала-б справе і ў нацыянальным кірунку. Дзеля гэтага на другім зьездзе выбралі назоў прыходу Сьв. Еўфрасіньні. Калі зможаце, прышліце цэлую службу з акафістам Сьв. Еўфрасіньні й Прэпадобнаму Афанасію.
„Царкоўны Сьветач" палучыў, за што шчыра дзякую.
„Вялікі Зборнік" я маю чэшскага выданьня. Цешыць мяне моцна, што ў Вас усё ідзе добра. [...].
Адносна матар'ялу ў „Царкоўны Сьветач" да Вялікадню, то я не мог нічога зрабіць. Вельмі быў заняты й да гэтага не падшыкованы. Спадзяюся зрабіціг пару здымкаў. Гэта будзе на ўгодках Другога Кангрэсу
й на фэсьце Пятра й Паўла, які адбудзецца ў ліпені 1969 году. На ім будзе служыць арх. Афінагор, еп. Мацьвей і другое духавенства. Таксама будзе прысутнічаць духавенства ангельскае. Тады будзе больш матар'ялу.
Выбачайце, што пішу так позна. Зьбіраўся пісаць некалькі разоў і ўсё былі нейкія перашкоды. Усё самому трэба зрабіць, пачаўшы ад паведамленьняў грамадзкіх і царкоўных. А я-ж сам хаджу да працы, дык вельмі мала часу, асабліва ў гэтым годзе. Перад Вялікаднем, дзе найбольш працы, мая матушка захварэла й яіычэ хварэе.
7 красавіка 1969 году памёр адзін з маіх прыхаджанаў, а ён быў сваяком еп. Афанасія. Таксама трэба было дапамагчы ўдаве. Хараніў яго я 14 красавіка 1969 году. Пасьля другія справы. I так з дня на дзень. А час ляціць скора. Вы самі ведаеце як ёсьць, калі аднаму трэба глядзець за кожнай справай.
Дарагі а. прот. Мікалай, маю яшчэ просьбу, якая датычыць іерэйскага наперстнага крыжа. Можа ў Вас часам ёсьць запасовы? А можа ў вас у ЗША лягчэй знайсьці, каб мець выгляд праваслаўны? Бо тут крыжа няма. Іконку Сьв. Еўфрасіньні, што Вы прыслалі, магла-бы быць, каб была каляровая й большая.
Вітаю Вас і Вашу сямейку й жадаю Вам усяго найлепіпага.
З любоўю ў Хрысьце Сьвяшчэньнік Павел Вялікі
№ 3
[Арыгінал]
[Лёндан], 5 кастрычніка 1971 г.
Дарагі а. прот. Мікалай!
Прайшло ўжо спора часу ад нашай візыты ў Вас. Прабачце мне, што я так доўга не пісаў, але было многа ўсялякіх повадаў як дамашніх, так і другіх.
Мы шчыра дзякуем Вам і матушцы за так мілае гасьцепрыімства, якое Вы аказалі для нас. Гэта, сапраўды, была вялікая радасьць для нас сустрэць сваіх беларускіх змагароў за сваю веру й Бацькаўшчыну. Мы духова сталі мацнейшыя. Праўда, гэта быў вельмі кароткі час і мы не маглі абгаварыць усіх спраў рэлігійных і нацыянальных, але шчыра дзякуем за ўсё, што было.
Дарагі а. Мікалай, я хачу паведаміць Вас аб некаторых праблемах адносна нашага разьвіцьця ў Англіі.
Мы, праўдападобна, маем магчымасьць у Лёндане дастаць царкву. Тады наша рэлігійна-грамадзкае жыцьцё наладзілася-б хутчэй і лепей ня толькі ў Лёндане, але і ў Англіі наагул. Я прашу дапамогі [ў Вас] альбо ў вашага Кангрэсавага Камітэту (як будзе лепей).
У нас зьяўляюцца праблемы ў большай частцы Вам ведамыя. Мая просьба дапамагчы разьвязаць іх і парадзіць у гэтай справе.
Як Вам ведама, у Англіі ёсьць еп. Мацьвей, які афіцыяльна ачольвае Праваслаўную Царкву з Польшчы й зрачыся гэтага ня хоча. Усім гэта добра ведама, але многім нашым людзям такі стан рэчаў не падабаецца, што тармазіць нашаму разьвіцьцю ў рэлігійным напрамку. Арх. Афінагор упаважніў еп. Мацьвея ўпраўляць таксама й беларусамі й другімі славянамі, якія падлягаюць да грэкаў. I мы мусім у многіх рэчах зьвяртацца да еп. Мацьвея, бо яго ўпаўнаважыў арх. Афінагор.
Я думаю (а можа памыляюся), што еп. Мацьвей лічыць нас неафіцыяльна за свой польскі прыход. Можа гэта няпраўда, але вычуваецца ягоная думка. Нашай абавай ёсьць тое, што калі нам надарыцца магчымасьць набыць царкву, дык ён можа мець прэтэнзіі ці ўплыў, бо ён зьяўляецца епіскапам і мы (ня хочучы) павінны яму падлягаць, хаця многія лічаць, што мы падлягаем беспасярэдне грэкам. Мы ня маем нічога супраць яго ў маліцьвенных суадносінах. Што праўда, ён спецыяльна нічога й не мяшае, бо пакуль няма чаму мяшаць. Але сытуацыя зьменіцца, калі мы штось здабудзем.
Мая просьба да Вас наступная. Калі па Вашаму разгляду было-б гэта магчыма, а можа лепей было-б, каб Вы зрабілі гэта праз Кангрэсавы Камітэт, не ўспамінаючы майго прозьвішча. Напішыце да арх. Афінагора, каб ён нас афіцыяльна ўключыў беспасярэдне пад сваю апеку. Тады многім можна будзе сьмела казаць, што наш прыход поўнасьцю падлягае грэкам, а я мог-бы быць як адміністратарам нашай царквы на Англію. Вось тады мы змаглі-б спыніць дзейнасьць вуніяцкую й крытаўскую, які ўмаўляў некаторых, што ён кананічны. Толькі, барані Божа, не падумайце, што я праз гэта хачу здабыць нейкае падвышэньне. Не. Я хачу толькі й выключна дабра для нашай агульнай рэлігійна-грамадзкай справы й думаю, што так і Вы гэта разумееце.
Апісаць збольшага адносіны палякаў да праваслаўных і што яны рабілі няма сэнсу. Усё яно засталося глыбока ў памяці нашых людзей. Таму яны не жадаюць падлягаць назову польскаму. Многія беларусы з Англіі зьвяртаюцца да Вас, каб Кангрэсавы Камітэт дапамог у гэтай справе й т. д. Як паводле Вашай думкі гэта справа можа быць зроблена? Ці пакінуць усё так, як яно пакуль ёсьць цяпер?
Дарагі а. Мікалай, калі будзеце што пісаць да арх. Афінагора дык прашу не ўспамінайце, што гэта я прашу, а тое, што просяць людзі з Англіі.
Калі будзеце штось пісаць, паведамце, калі ласка. Усё, што я Вам напісаў, няхай будзе толькі паміж намі, бо гэта прыватны зварот і просьба да Вас.
Яшчэ раз шчыра дзякуем за ўсё й за рэчы, якія Вы мне падарылі.
Я чуў, што ў Вас недалёка ёсьць манастыр, у якім знаходзіцца ігумен Генадзі Еўкаловіч. Ён, праўдападобна, мае намер адысьці ад расейцаў і Вы маглі-бы зь ім скантактавацца. Можа ён і быў-бы добрым кандидатам у епіскапы. Каб мог ачоліць нашу Царкву на эміграцыі. Ніжэй падам ягоны адрас.
Жадаем Вам і Вашай дамаіпняй царкве ўсяго найлепшага.
З любоўю да Вас у Хрысьце Сьвяшч.[эньнік] П. Вялікі

