|
Ліставаньне з В. Войтанкам
Лісты да а. М. Лапіцкага
№1
[Арыгінал]
[Пассэйк], 19 сьн.[ежня] 1966 г.
Вельмі паважаны Ойча! ^
Найлепшыя навагоднія й сьвяточныя пажаданьні. Карыстаючыся з гэтай сьвяточнай нагоды, хачу паразумецца ў справе агульна-беларускай і праваслаўнай.
У мяне даўно ўжо маецца думка аб'яднаньня нас, праваслаўных беларусаў розных царкоўных юрысдыкцыяў, у некую Раду ці каардынацыйны асяродак, які дапамог-бы нам супольна дзеяць у тых галінах рэлігійнага й царкоўнага жыцьця, дзе прыналежнасьць да розных епіскапаў мае малое значэньне.
Прыкладам, у друку царкоўных кнігаў, місыйных лістоў, можа рэлігійна-грамадзкага часапісу, каляндара. У раскладзе летняга абслугоўваньня „Бэлэр-Менску", каб не было „канкурэнцыі", ці, наадварот, запушчаньне гэтага важнага беларускага гурту людзей праз праваслаўнае духавенства. Вы ня можаце прыяжджаць туды кожнае нядзелі дзеля канешнасьці багаслужбаў у Вашай царкве. Але можаце адпусьціць дару нядзеляў. Toe самае можа зрабіць кожны іншы беларускі сьвятар. Адпаведна разложанае, можаце разам мець багаслужбу ў „Бэлэр-Менску" кожную нядзелю праз усё лета. Гэта ня ёсьць шмат для Царквы й веры, але можа быць шмат для кагось зь беларусаў, хто ня быў у царкве ўжо колькі дзесяткаў гадоў.
Падобна ў змаганьні з рэлігійнай абыякавасьцю нашых людзей. Супольна мы можам зрабіць шмат. Ваюючы з сабою, нашыя сьвятары толькі далей разганяюць людзей ад Царквы.
Калі вы можаце вітацца з ксяндзом і рабінам, дык чаму нельга быць судзьямі [і] суседзямі Вашаму суродзічу - беларусу-сьвятару іншай юрысдыкцыі?!
Да гэтуль мы стараліся пераканаць адзін аднаго ў тым, хто кананічны, а хто не. Што гэта дало нам праз 15 гадоў? Хто каго пераканаў? А сварка йдзе са стратаю парафіянаў у Вас і ў нас на карысьць таму трэцяму ворагу беларусаў ці, нат, ворагу веры наагул.
Я ўпэўнены, што знойдзеце сярод вашых колішніх парафіянаў кагось, хто ўжо ходзіць да баптыстаў, ці сьведкаў Яговы. He, ix няшмат, але й гэтага шкода для праваслаўнай веры й для беларускага народу, таму што яны адышлі ў чужую стыхію.
Мне ўдалося здабыць згоду ўладыкі Васіля й епархіяльнай управы на праводжаньне працы над такім праваслаўным беларускім паразуменьнем. Мая думка адкрытая для ўсякіх перагавораў і дагавораў. Трэба толькі адкінуць сварку аб кананічнасьці вас, нас ці іх. Ані будзем сварыцца, хто мае закон і права БНР, БЦР, БВР, ці іншая [„]бэ["] і рэшта. Мы маем дзьве пэўныя рэчы як асновы гутаркі й згоды: беларускасьць кожнага з нас ды праваслаўная хрысьціянская вера. Toe, што можна зрабіць на гэтых асновах, трэба зрабіць. Гэта мой погляд, а які Ваш, Ойча?
Як гэта зрабіць тэхнічна? Зь кім і хто мае вясьці гутарку й дагавор? Які укладаць статут, арганізацыю, ці толькі часовае прадстаўніцтва? Ці маем сюды запрашаць людзей з Амэрыканскай мітраполіі, дзе маецца шмат старых і новых беларусаў? Маем запрасіць з Зарубежнай Царквы ўладыкаў Апанаса й Філафея?
Гэтыя пытаньні й справы патрабуюць абгаворваньня й разважаньня. Але яны могуць быць разважаныя й палагоджаныя, калі наагул будзем хацець гаварыць і тварыць супольны праваслаўны беларускі „фронт".
Мы маглі-б Гэта рабіць даўно. Але тады мы яшчэ ня мелі гадоў практыкі й сваркі, якая нам нічога не дала, а толькі страту часу, атлясу, здароўя і нэрваў. Замест выбеліць нашыя грэшныя душы, яна выбеліла нашыя галовы.
Вашае слова ў рэлігійных і царкоўных справах было заўсёды паважанае так-жа Ваірымі праціўнікамі. Так-жа і ў гэтым яно важнае. Калі ўважаеце, што нам варта гаварыць ў новай плошчы праваслаўнага беларускага супрацоўніцтва, калі ласка, падавайце месца, час і людзей, ці, наадварот, пачынайма ад людзей, і будзем гаварыць, прынамсі, [каб] абмяняцца думкамі.
Мая ініцыятыва толькі „плошчы", а ўсё іншае будзе добра, калі гэта будзе Вашае, як асобы знаючай закон і людзей.
Памажэце зрабіць добрую беларускую й праваслаўную справу, хаця можа й ня верыце ў яе паводжаньне. Хай жыцьцё паказвае, але ня нашае ацяганьне.
Ваш В. Войтанка
№ 2
[Арыгінал]
Пассэйк, 16 верасьня 1969 г.
Высокапрэпадобны а. Мікалай!
Да мяне зьвярнулася некалькі беларускіх сем'яў у Трэнтане з просьбаю заснаваньня ў іх парафіі праваслаўнай і беларускай.
Па лініі Брацтва я зьвярнуўся да ЯВП уладыкі Васіля й гэтым зьвяртаюся да Вас, як можа ня ўрадавага, але праз нас разуметага, галаву Беларускай Царквы ў юрысдыкцыі Канстанцінопальскага патрыярха. Калі ласка, знайдзеце сьвятара, які мог-бы правесьці ўладжаньне прыходу-парафіі.
Тыя, зь кім мне прышлося гаварыць ў гэтай справе, абяцалі мець невялікія на пачатак, але ахвотныя грошы на аплачваньне сьвятару. Так-жа ёсьць ў іх думка набыцьця царкоўнага будынку ці пабудовы, калі ня будзе адпаведнага, гатовага.
Мая просьба - прыслаць мне прозьвішча й адрас, пажаданага Вамі на гэтае становішча, сьвятара. Мне ён патрэбны, каб прадставіць людзям да выбару, каго яны жадаюць і ў якой жадаюць быць юрысдыкцыі. Без гатовага й ахвотнага сьвятара, толькі на абяцанках, піто сьвятар будзе, на жаль, не магу ўцягваць людзей ў гэтае Божае, але так-жа й жыцьцёвалюдзкае пачынаньне.
Налічваецца там ўжо цяпер 87 душ - праваслаўных, беларускіх, раскіданых па ўкраінскай, зарубежнай, мітрапалітальнай юрысдыкцыях. Ды шмат якія нікуды не належаць, а моляцца дзе пападзе, так-жа ў польскай [каталіцкай царкве] і ў баптыстых, што бліжэй іх жыльля. Таму Брацтва вельмі гэтым палажэньнем узрушанае й жадае хутчэй наладзіць свой беларускі прыход праваслаўны, са сваім беларускім сьвятаром.
Прашу Вашых малітваў.
У Хрысьце Ісусе
а. Віктар Войтанка,
апякун БПЖБ-тва

