|
Ліставаньне з P. Астроўскім
Лісты да Р. Астроўскага
№ 1
[Саўт Рывэр], 18 лютага 1965 г.
Высокапаважаны сп. Прэзыдэнт!
Перасылаю Вам не копію, а ліст Весялкоўскага й адначасна прашу не рабіць ніякіх выясьненьняў пакуль ён не адкажа на мой ліст. Ліст яму я ўжо напісаў і вышлю, калі Вы акцэптуеце маю прапанову Весялкоўскаму. Я яму пішу: „Адносна Вашых прэтэнзыяў да Астроўскіх, найлепш было-бы, каб Вы з сябрамі ХАБР беспасрэдна напісалі сп. прэзыдэнту Р. Астроўскаму. Калі-ж гэтага не захочаце рабіць, дык я Ваш ліст, з Вашага дазволу, перашлю сп. прэз. праф. Р. Астроўскаму, каб ён запазнаўся са зьместам яго й зрабіў так, як будзе ўважаць патрэбным. На гэтым мая роль сьвятара-пасрэдніка й кончыцца. Прашу не адкладываць і зараз-жа дайце адказ на гэту маю прапанову". Вось такі адказ я хачу даць Весялкоўскаму. Ня ведаю, які погляд Ваш, а таму прашу напісаць пара слоў, каб я ведаў, высылаць Весялкоўскаму ліст з такой прапановай ці не?
Арх. Афанасій пакуль што нічога не адказаў на наш ліст. Чакаю яго прыезду ў Амэрыку. Спаткаемся й аканчальна вырашым: ачоліць ён нашу Царкву ці не? У сваім пасланьні мітр. Філарэт закінуў каменьчык не столькі ў агарод арх. Афанасія, сколькі ў агарод мітр. Леонція, які таксама нэгатыўна стаўляецца да гэтай справы.
Парафіяльны сход, які адбыўся 31 студзеня 1965 г., прайшоў нядрэнна. Як і папярэднія гады, з 254 сяброў прысутнічала на сходзе каля 35 сяброў, каторыя й выбралі Парафіяльны Камітэт на чале з сп. Ф. Высоцкім. Усё на сходзе адбылося й цяпер кіруецца паводле нашага старога парафіяльнага статуту, у які ўняслі невялікую папраўку - далі права голасу настаяцелю. Над статутам арх. Афанасія не дыскутавалі і ня ўводзілі ў жыцьцё дзеля таго, што ён не адказаў на наш ліст, а таму ня ведаем, якую ў канцы-канцоў ён займе пазіцыю? Калі ён прыйдзе, дык яго статут увядзецца ў жыцьцё, магчыма зь невялікімі папраўкамі, на якія ён пагодзіцца. Тут мушу зазначыць, што людзі, якія прыходзяць на парафіяльны сход, гэта нацыянальна-сьведамы беларускі актыў, які жадае толькі дабра як для нашай парафіі, так і для мяне асабіста. Гэтыя людзі, калі прыйдзе арх. Афанасій, таксама будуць кіравацца дабром Царквы й ня будуць варожа стаўляцца да арх. Афанасія й яго статуту. На гэтых людзей і Вы маеце уплыў, а таму Ваша слова таксама ў гэтай справе будзе мець вялікае значэньне. Можа некаторыя зь іх і не ў парадку што да рэлігійнай практыкі, але зла для Царквы Беларускай яны не жадаюць. У гэтым я пераканаўся, калі спаткаўся на царкоўнай ніве зь імі. Ліст Весялкоўскага затрымайце ў Вас і пасьля, калі ўсё кончыцца, укіньце ў гарбіч. Прывітаньне для Вас і Вашай радзіны ад матушкі й маёй сям'і.
З любоўю ў Хрысьце [а. М. Лапіцкі]
Лісты да а. М. Лапіцкага
№ 1
[Арыгінал]
[1965 г.]
а. Настаяцелю й прыходзкаму камітэту ў Саўт-Рывэры Высокапаважаныя сябры!
Я толькі што прачытаў адказ архіепіскапа Афанасія на пастанову нашага Царкоўнага Зьезду, які адбыўся 25 сьнежня 1964 г. і меў нагоду ўсебакова абгаварыць парушаныя там справы асабіста з уладыкаю.
Прымаючы пад увагу, што ў сваім адказе, як Вы гэта пабачыце, архіепіскап Афанасій дае сваю згоду ачоліць нашыя беларускія праваслаўныя прыходы, але не падае даты, калі гэта можа наступіць, я пастараўся выясьніць гэтую справу. Пасьля ўсебаковага разгляду вытваранай ў нас сітуацыі я пераканаўся, што запрапанаваная ўладыкам Афанасіем форма ўзначаленьня нашых прыходаў зьяўляецца адзінай магчымай і зусім рэальнай ды для нашых прыходаў вельмі адпаведнай.
Справа ў тым, што арганізацыя Беларускай Праваслаўнай Царквы на Чужыне, як гэта слушна зазначана ўладыкам, вымагае даўжэйшага часу. Ён згаджаецца ўзначаліць ці ўзглавіць нашыя праваслаўныя прыходы ўжо адразу, цяпер, кіруючы імі часова пакуль што з Аргентыны ды час ад часу візытуючы іх на мясцох падчас свайго побыту ў Паўночнай Амэрыцы. Такая форма зьяўляецца адзінай магчымай з наступных прычынаў:
1. Мы дасюль ня маем прыгатаванага для ўладыкі катэдральнага сабору й памяшчэньня для епіскапа а так-жа епархіяльнай канцэлярыі.
2. Да гэтага часу ніхто з нас ня выясьніў адносінаў да гэтае справы з боку экзарха Канстантынапольскага патрыярха й таму гэта пасьля ачоленьня нашых прыходаў зробіць сам уладыка Афанасій.
3. Знаходзячыся ў Аргентыне часова надалей, уладыка Афанасій матар'яльна больш-менш забясьпечаны й таму для нашых прыходаў абцяжаньні прыходзкіх бюджэтаў будзе значна меншым. Нам прыдзецца аплаціць уладыку толькі кошты падарожы для візытацыі нашых прыходаў, што значна меней вынясе чымсь поўнае забясьпечаньне яго існаваньня ў Паўночнай Амэрыцы. Для нас гэта мае немалое значэньне, бо некатарыя нашыя прыходы яшчэ маюць даўгі за набытую царкоўную маёмасьць.
4. Пры існаваньні пастановы Сабору Расейскай Праваслаўнай Царквы за граніцай аб поўнай самастойнасьці беларускіх епіскапаў ў іх архіпастырскай дзейнасьці, ня можа нам служыць перашкодай часовая прыналежнасьць арх. Афанасія да Расёйскае Царквы. Калі мы можам падпарадкавацца грэцкаму епіскапу, дык што-ж можа стаяць на перашкодзе падпарадкавацца свайму беларускаму епіскапу?Усякая дэмагогія розных бальшавіцкіх ды крывіцкіх агентаў у гэтай справе нас не павінна абходзіць. Тым болей, што шмат беларускіх пісьменьнікаў і паэтаў цяпер, напрыклад, працуе ў характары вучыцелёў расейскае мовы ў амэрыканскіх ун-тах, але іх ніхто не абвінавачвае ў нейкай здрадзе беларускай справе.
5. Знаходзячыся гэтых пару гадоў яшчэ ў Аргентыне, уладыка Афанасій набудзе там эмэрытальныя правы, якія яму дадуць матар'яльнае невялічкае забясьпечаньне, а гэта з свайго боку на будучыню будзе таксама палёгкай для нашых бюджэтаў.
У сувязі з усім вышэйсказаным, я уважаю, што мы павінны прасіць уладыку ачоліць нашыя прыходы на тых варунках, якія ім нам запрапанаваны.
З шчыраю пашанаю
Ваш Р. Астроўскі
сябра Чыкагоўскага царкоўнага прыходу
П. С.: Толькі што даведаўся з газэтаў, што Канстантынопальскі патрыярх зрокся ад узначальваньня Заходне-Эўрапэйскага Расейскага Экзархату (Парыж) і перадаў яго Маскоўскаму патрыярху. Такая небясьпека можа пагражаць і нам, знаходзячымся ў грэцкай юрысдыкцыі.
№ 2
[Арыгінал]
Массільлен, 5 лютага 1965 г.
Высокапаважаны а. Мікалай!
Гасп. Высоцкі пісаў мне, што Вы атрымалі нейкі пашквіль на мяне ад Весялкоўскага з Лёндану. Хачу Вас папярэдзіць, што Весялкоўскага завербавала савецкая агентура й Галоўная Ўправа ХАБР гэта здэмаскавала. Нічога дзіўнага, што ён цяпер вядзе дэструкцыйную працу. Старшынёю Царкоўнага К-ту ў Лёндане ёсьць протадыякан а. Павел Вялікі, дык у справах царкоўных трэба кантакт трымаць зь ім.
Прышлеце, калі ласка, копію пісьма Весялкоўскага, каб я мог пераслаць яе сакратару ХАБР, які напэўна захоча ў „Аб'еднаньні" падаць фактычны стан рэчаў.
Ці Вы атрымалі што-небудзь ад арх. Афанасія, як адказ на перасланыя яму пастановы Кліўлендзкага зьезду? Я баюся, піто арх. Афанасій будзе чакаць таго мамэнту пакуль яго ня „уйдут" з Зарубежнай Расейскай Царквы, бо-ж у сваім навагоднім пасланьні мітрапаліт Філарэт зусім выразна закінуў каменьчык у агарод арх. Афанасія ў справе Іана Кранштадскага.
Час аднак пакажа, бо-ж арх. Афанасій у канцы канцоў павінен будзе заняць нейкую азначаную пазіцыю. Як-жа прайшоў Ваш агульнапрыходзкі сход? Ці ён не перакрэсьліў усё тое, што зроблена было ў Кліўлендзе?
З шчыраю пашанаю
Ваш Р. Астроўскі
№ 3
Массільлён, 22 лютага 1965 г.
Высокапаважаны а. Мікалай!
Шчыра дзякую за пісьмо. Я зусім згаджаюся з тэкстам пісьма, якое Вы прыгатавалі да Весялкоўскага.
Што датычыць арх. Афанасія, дык і я не атрымаў ад яго адказу на мае апошняе пісьмо, якое я выслаў пасьля зьезду. Шкада было-б, калі-б ён нас падвёў. Я крыху яго цяпер не разумею: ці ён быў няшчыры, калі нам казаў што зусім сур'ёзна думае ачоліць нашую Царкву, ці нешта другое цяпер утрымлівае надалей у Аргентине.
Toe, што вашае прыходзкае сабраньне пакінула надалей старшынёю не настаяцеля (тым болей пры Вашай на гэта згодзе) ня мае значэньня, бо я перакананы, што арх. Афанасій таксама ня будзе да гэтага прыдаваць асаблівага значэньня.
Цяпер для нас найважнейшае, каб ён парваў з Расейскаю Зарубежнай Царквой ды згадзіўся ачоліць Беларускую Прав.[аслаўную] Царкву на Чужыне.
З шчыраю пашанаю й прывітаньнем для Вашае матушкі.
Застаюся Ваш P. Астроўскі
№ 4
[Арыгінал]
Массільлен, 31 сакавіка 1955 г.
Высокапаважаны а. Мікалай!
Шчыра Вам дзякую за прысланае пісьмо Весялкоўскага, якое пры гэтым Вам варочаю. с
Не вязе нам з нашымі епіскапамі. Арх. Афанасій маўчыць, хоць павінен разумець, што гэтым ён нас усіх ставіць у вельмі прыкрае палажэньне.
Я яму на днях напісаў другое пісьмо, просячы даць той ці іншы адказ, бо-ж мяне пытаюцца й з Аўстраліі й з Англіі, калі ўрэшце наступіць ачоленьне нашае Беларускае Царквы адпаведным епіскапатам. Трэба яго бамбардаваць, дык можа захоча некаму нешта адказаць. Пабачым.
Перасылаючы пры нагодзе прывітаньне Вашай матушцы, застаюся з шчыраю пашанаю.
Ваш Р. Астроўскі
№ 5
[Арыгінал]
Массільлен, 17 красавіка 1965 г.
Яго Міласьці а. протапрэсьвіцеру М. Лапіцкаму ў Саўт Рывэр. Высокапаважаны а. Мікалай!
Зьмест пісьмаў Ю. Весялкоўскага да Вас я падаў да ведама Галоўнае Ўправы ХАБР у Лёндане, якая па сутнасьці й зарэагавала на іх сваім афіцыяльным асьведчаньнем, фотакопію якога пры гэтым Вам перасылаю.
Гэтае асьведчаньне, як бачыце, ня толькі выясьняе справу дому, але адначасна й дэмаскуе заведама сьвядомую хлусьню аўтара гэтых пісьмаў. Кажу „заведама сьвядомую хлусьню", бо-ж падчас трансакцыі з домам пры Катнар Роад № 57 у сьнежні 1954 г. сакратаром Галоўнае Управы ХАБР быў ніхто іншы, як той-жа Ю. Весялкоўскі, які па сёньняшні дзень мае пратакольную кнігу Галоўнае Ўправы, дзе гэтая справа была зафіксавана. Тут, дарэчы, трэба сказаць, што, перадаючы канцылярыю новаму сакратару А. Вараве, Ю. Весялкоўскі сьвядома затаіў пратакольную кнігу й дагэтуль не перадаў яе Галоўнай Управе.
Зразумелая рэч, што тут зусім ня ходзіць аб нейкі дом, бо-ж ад часу калі ён перайшоў на маю ўласнасьць, г. зн. да 1954 г., ніколі, нікім гэтая справа не парушалася. Тут мы маем дачыненьне, фактычна, і не з Весялкоўскім, а з тымі, каму гэты дом апошнім часам пры дапамозе Весялкоўскіх служыў дасканальным пунктам для кантактаў і спатканьняў. Для мяне не падлягае сумніву, што за плячамі Весялкоўскага стаяць савецкія агенты, якія, відаць, балюча адчулі утрату „явачнага пункту" ці на іхнім жаргоне - „дубка".
Мы памятаем яшчэ паранаўнальна сьвежы факт, калі генэральны сакратар раўналежнай ХАБР крывіцкай арганізацыі ЗБВБ Курага-Скрага таксама прыкідваўся нявіннаю авечкаю ды праводзіў нават быццам антыкамуністычную акцыю, а пасьля... раптам апынуўся ў БССР і пачаў выпісваць розныя пашквілі на сваіх нядаўных сяброў і знаёмых.
Не падлягае ніякаму сумніву, што выяжджаючы з Лёндану, Курага-Скрага па сабе пустога месца не пакінуў. Яго падмяніў ягоны-ж прыяцель, які таксама хітра маскуецца, як маскаваўся й Курага-Скрага, а розныя сьвядомыя й наіўныя падпявалы танцуюць пад ягоную дудку, выконваючы ўсе ягоныя загады.
Бальшавікі маюць амаль 50-гадовае дасьведчаньне ў сваёй падрыўной дзейнасьці й таму яны маюць для кожнае мэты па некалькі сваіх агентаў, каб на той выпадак, калі „засыплецца" адзін, ягонае месца заняў другі. Вельмі рэдка здараецца, каб бальшавікі страцілі камплетна кантакт з тэю ці іншаю эміграцыйнаю арганізацыяй. Але гэта, відаць, сталася ў Лёндане з ХАБР, які адным замахам пазбыўся ня толькі савецкіх агентаў, але й іх падбрэхічаў ды інфарматараў.
Канадзе, напрыклад, выкінуўшы Хмару з усіх арганізацыяў, не удалося пазбыцца ягоных інфарматараў, якія вельмі дакладна й хутка паведамляюць яго аб усякіх здарэньняў сярод беларускіх эмігрантаў. Гэта павінна нам служыць перасыіярогаю на будучыню, што паўмеры ў такіх выпадках бязмэтныя, бо-ж заразу трэба вырываць з карэньнем, як гэта зрабіла Галоўная Управа ХАБР.
Між іншым, як дагэтуль, дык толькі Лёнданскае „Аб'еднаньне" вядзе пасьлядоўна сваю антыкамуністычную лінію, расшыфроўваючы й дакумантальна дэмаскуючы дзейнасьць розных „хмараў", хоць ад Лёндана Таронта значна далей, чымсь ад Нью Ёрка. Нічога таму дзіўнага, што бальшавікам так залежыць на чарненьні тых, хто дэмаскуе іхных агентаў ды адрэзаў кантакты з так важнай для іх арганізацыяй.
Ну, але ў гэтым няма нічога новага й таму будзем мець надзею, што „калі Бог ня выдасьць, дык сьвіньня ня зьесьць".
З шчыраю пашанаю Ваш Р. Астроўскі

