МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Ліставаньне зь беларускімі царкоўнымі інстытуцыямі на эміграцыі // Мікалай Лапіцкі У служэньні Богу й Беларусі

Аўтар: Арх. Апанас
Кнiга: Лапіцкі Мікалай. У служэньні Богу й Беларусі / Укл. прадм. камэнт. Ю. Гарбінскага. Нью Ёрк — Варшава 2005. — 672 с.
Год: 2005
Cерыя: Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк)
Раздзел: Эпісталярыі
Краiна: ЗША
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

 

Ліставаньне арх. Апанаса (Афанасія) зь беларускімі царкоўнымі інстытуцыямі на эміграцыі

№1

[Арыгінал]

Грынсбург, Огайо, дня 25 студзеня 1966 г.

Прэзідыуму Царкоўнага Зьезду беларускіх праваслаўных прыходаў Паўночнае Амэрыкі ў Саўт Рывэр.

У сувязі з пастановаю Царкоўнага Беларускага Зьезду з дня 25 сьнежня 1964 году ў складзе прадстаўнікоў беларускіх прыходаў з Чыкага, Таронта, Саўт Рывэра й Кліўлянда на чале зь іх настаяцелямі, якія зьвярнуліся да мяне з просьбаю ўзглавіць іх, гэтым паведамляю Вас, што:

1.   Да гэтага часу я лічыў сябе й лічу епіскапам Беларускае Праваслаўнае Царквы й ніколі не пераставаў быць такім. Мая сучасная прыналежнасць да Расейскае Праваслаўнае Царквы за граніцай ні ў якой меры мяне не агранічвала й не перашкаджала мне ў маёй архіпастырскай апецы над праваслаўнымі беларусамі, бо-ж у сваім часе, калі епіскапат Беларускай Праваслаўнай Царквы ўваходзіў у маліцьвенную лучнасць з Расейскай Праваслаўнай Царквою за граніцай, Са-бор епіскапаў гэтае Царквы, які адбыўся ў травені (1946 г.), зацьвердзіў вымогі беларускага епіскапату, што ён у сваёй архіпастырскай беларускай дзейнасьці зьяўляецца абсалютна самастойным і незалежным ні ад Сыноду, ні ад Сабору Расейскае Праваслаўнае Царквы за граніцай. Будучы ў Нямеччыне, у часе 1945 - 1946 г.г. я арганізаваў беларускі праваслаўны прыход у Рэгэнсбургу, асьвяціў новазбудаваную там царкву, выконваў пастырскія абавязкі й быў законавучыцелем у беларускай гімназіі. Акром таго наведваў беларускія асяродкі ў Зальгаў (Француская зона) і Марбург (Амэрыканская зона). Падчасмайго епіскапства ў Гамбургу да маёй юрысдыкцыі належалі беларускія праваслаўныя прыходы ў Ватэнштэце, Гановэры й Госьлярыда апошняга часу іх існаваньня, г. зн. да 1950 г.

2.   Пасьля таго, як беларусы зь Нямеччыны выэмігравалі ў розныя краіны Заходняга Сьвету, цяжка было стварыць нейкую адзіную царкоўную юрысдыкцыю. Сам я ў 1950 г. эміграваў у Аўстралію, дзе й меў кантакт з беларусамі, адпраўляючы для іх службы Божыя. Мая спроба арганізаваць там у той час беларускія праваслаўныя прыходы з пэўных прычынаў практычнага значэньня ня мела. Апынуўшыся пазьней у Аргентыне, я таксама прабаваў там заапекавацца беларусамі, згуртаванымі ў аднэй царкве Буэнас Айрэса, настаяцель якое належаў да Расейскае Амэрыканскае Мітраполіі. На жаль, настаяцель гэтае царквы мне перашкодзіў у гэтым. Далейшыя спробы ў гэтым напрамку былі бязмэтныя, бо там фактычна ўжо ня было сьведамых беларусаў, якія выэмігравалі ў Паўночную Амэрыку. Падчас сваіх кароткіх візытаў у ЗІПА, я таксама стараўся навязаць цесны кантакт зь беларусамі й на просьбу іх прыходзкіх настаяцеляў і царкоўных камігэтаў адпраўляў службы Божыя ў Саўт Рывэры й Таронта. Усе гэтыя факты сьведчаць аб тым, што мой кантакт зь беларусамі ўвесь час не парываўся, хоць шмат якія прычыны не пазвалялі мне фармальна ўзначаліць беларускія праваслаўныя прыходы ў Паўночнай Амэрыцы.

3. Маючы на ўвазе імкненьні беларускага духавенства й вернікаў мець свайго беларускага епіскапа, каб пры ягонай дапамозе пабудаваць царкоўнае жыцьцё на падставах кананічных, я апрацаваў праект Статуту для Беларускае Праваслаўнае Царквы на Чужыне ды запрапанаваў прыняць яго за падставу пры арганізацыі царкоўнага жыцьця. З пастановы вышэйуспомненага Царкоўнага Зьезду відаць, што статут гэты быў Царкоўным Зьездам прыняты аднагалосна. Таму зварот да мяне Прэзідыуму Царкоўнага Зьезду з просьбаю ўзначаліць беларускія праваслаўныя прыходу ў Паўночнай Амэрыцы я вітаю і, за прыкладам існаваўшай ужо ў Нямеччыне маёй кананічнай апекі над беларусамі, прымаю.

Аднак практычнае ажыцьцяўленьне пастановы аб арганізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы на Чужыне вымагае даўжэйшага часу. Мая згода на ўзначаленьне беларускіх праваслаўных прыходаў можа быць пераходнай ступеняй, якая пры дапамозе Ўсявышняга створыць цьвёрдыя кананічныя й жыцьцёвыя падставы для далейшага існаваньня й разьвіцьця Беларускай Праваслаўнай Царквы на Чужыне.

Архіепіскап Афанасій

Копіі высылаюцца беларускім прыходам у Саўт Рывэр, Таронта й Чыкага.

 

№ 2

[Арыгінал]

Грынсбург, Огайо, дня 1 лютага 1966 г.

Настаяцелям беларускіх праваслаўных прыходаў, царкоўна-прыхадзкім камітэтам і ўсім праваслаўным беларусам на чужыне.

Даведаўшыся аб тым, што мая згода ўзначаліць беларускія праваслаўныя прыходы ў Амэрыцы, выражаная ў маім пісьме з дня 25 студзеня 1966 г. на імя Прэзідыуму царкоўна-беларускага зьезду, некаторымі беларускімі царкоўнымі дзеячамі не прынята з прычыны прыналежнасьці маёй да Расейскай Правасл.[аўнай] Царквы за граніцай, лічу сваім абавязкам дадаць да майго папярэдняга пісьма наступнае:

1. Матывы, якімі кіраваліся, адкідаючы маю згоду, зьяўляюцца чыста палітычнымі, бо з царкоўна-кананічнага пункту гледжаньня для ўзначальваньня мною беларускіх прыходаў няма ніякае перашкоды. Калі кіравацца ў гэтай справе палітычнымі матывамі, дык трэба мець на ўвазе той факт, што па-за межамі нашае бацькаўшчыны нельга стварыць сваё дзяржаўнае беларускае жыцьцё. Сягоньняшняя рэальнасьць сьведчыць, што амаль усе беларусы ўжо прынялі чужыя грамадзянствы тых дзяржаў, дзе яны асяліліся й гэтым, фактычна, парвалі сваю прыродную грамадзянскую прыналежнасьць да Беларусі як дзяржаўнага арганізму. А дзеці іх, вырасшыя на чужыне, ужо слаба або зусім ня знаюць беларускую мову, у чым я пераканаўся на дзіцячай ялінцы, ладжанай у Саўт Рывэры 16 студзеня г.г. Дзеля гэтых прычынаў, разважаючы аб беларускай справе, я прыйшоў да цьвёрдага перакананьня, што для ўратаваньня беларусаў ад поўнае дэнацыяналізацыі трэба гуртаваць іх пры сваёй Беларускай Праваслаўнай Царкве. А паводле праваслаўнай навукі без кананічнага епіскапа няма й быць ня можа Царквы. Да гэтага часу беларуская эміграцыя свайго епіскапа ня мае, а чужыя па нацыянальнасьці епіскапы, якія ўзначальваюць цяпер беларускае духавенства, стварыць Беларускую Праваслаўную Царкву не патрапяць. Практыка паказала, што чужы епіскап, ачольваючы беларускія прыходы фармальна, не цікавіцца беларускім царкоўна-нацыянальным жыцьцём. Ня можа стварыць кананічную Беларускую Праваслаўную Царкву некананічны епіскап-сектант, які ўводзіць толькі закалот у царкоўным жыцьці ды накіроўвае яго на шлях, аддаляючы вернікаў ад чыстага Праваславія, і гэтым губіць беларускія душы. Я, як кананічны беларускі епіскап, шчыра хацеў дапамагчы беларусам стварыць Беларускую Праваслаўную Царкву на Чужыне й арганізаваць царкоўнае праваслаўнае жыцьцё паводле сьв. канонаў. Мая сучасная прыналежнасць да РПЦЗ абсалютна ні ў якой меры не перашкаджае й перашкодзіць ня можа ў гэтай справе. Да гэтага часу ніводзін епіскап ці Сынод РПЦЗ не мяшаўся і ўмешвацца ня мог у беларускія царкоўныя ці, нават, нацыянальныя справы. Сабор епіскапаў гэтае Царквы зусім безінтэрэсоўна ў апошнія гады дапамог арганізаваць царкоўнае жыцьцё праваслаўным французам у Францыі, галандцам - у Галандыі, румынам і баўгарам - на чужыне, пасьвячаючы ім епіскапаў с пасярод кандыдатаў, прадстаўленых імі самымі. Так, напрыклад, для французаў пасьвячоны епіскап Іван (Джон), для галандцаў - епіскап Якаў, для румынаў - епіскап Феафіл, для баўгараў - епіскап Кірыл. Усе гэтыя епіскапы, атрымаўшы рукапалажэньне ў РПІДЗ і ўваходзячы ў яе Сынод, кіруюць сваімі прыходамі зусім самастойна й без перашкоды з боку Архіерэйскага Сыноду РПЦЗ. У складзе гэтай Царквы знаходзяцца прыходы праваслаўных немцаў у Нямеччыне, грэкаў-старастыльнікаў - у ЗША, і апошнім часам прыняты малабарскія хрысьціяне ў Паўдзённай Індыі, для якіх ужо пастаноўлена пасьвяціць епіскапа. Гэныя нацыянальныя групы не баяцца расейскага ўплыву, шкоднага для іх нацыянальных інтарэсаў, бо ведаюць што яго няма. Беручы ўсе гэтыя факты пад увагу й не бачачы ніякай небясьпекі ні для самога сябе, ні для беларусаў з боку РПЦЗ, я ў поўнай сьвядомасьці даваў сваю згоду на ўзначаленьне беларускіх праваслаўных прыходаў, застаючыся пакуль што ў складзе РПЦЗ.

2.     Акром таго, я ня бачу падставы зараз выходзіць са складу гэтае Царквы з наступных прычынаў:

а)     беларусы не стварылі яшчэ дасюль беларускага царкоўна-праваслаўнага цэнтру для свайго архіепіскапа;

б)     не стварылі адпаведных умоваў для яго існаваньня;

в)     няма духавенства, якое ён-бы ўзначаліў і зь якім мог-бы працаваць на царкоўна-беларускай ніве, бо ўсе сучасныя настаяцелі белар.[арускіх] правасл.[аўных] прыходаў належаць да юрысдыкцыі чужога епіскапа, зь якое яны самавольна, без ягонае згодывыйсьці ня могуць. Знаходзіцца-ж ім адначасова пад уладаю двух розных епіскапаў немагчыма.

3.   Вышэйпаданыя прычыны зьяўляюцца для мяне кардынальна важным! й перашкаджаюць мне цяпер здаволіць вымаганьні, стаўленыя мне некаторымі беларускімі царкоўнымі дзеячамі.

4.   Для таго, каб перамагчы ўсе гэтыя цяжкасьці, патрэбны даўжэйшы час і вялікі высілак, а гэта магчыма было-б зрабіць паступова, як я думаю, выказваючы сваю згоду ў сваім папярэднім пісьме.

5.   Аднак, калі беларусы трымаюцца сваіх вымогаў, дык я дазволю сабе выставіць наступныя пункты для іх рэалізацыі:

а)     стварыць царкоўны праваслаўны цэнтр у форме катэдральнага сабору ці катэдральнае царквы;

б)     стварыць сталую рэзідэнцыю для архіепіскапа;

в)     мець сталае матар'яльнае забясьпечаньне для архіепіскапа й катэдральнага духавенства, без якога ён ня можа з посьпехам ажыцьцяўляць свае архіпастырскія функцыі;

г)     увесьці ў жыцьцё царкоўна-прыхадзкі статут, які быў прынятына царкоўным зьездзе ў Кліўлендзе, а які да гэтага часу ні адным прыходам не выконваецца.

д)     прыняць усе пастулаты, выстаўленыя мною ў праэкце Статутудля Белар.[ускай] Правасл.[аўнай] Царквы на Чужыне, якія ў сваім часе мною былі перасланы а. М. Лапіцкаму, а якія на зьездзе неразглядаліся;

е)     вырашыць свабодны пераход духавенства ў юрысдыкцыю кананічнага беларускага епіскапа, бо-ж да гэтага часу ўсе сьвяшчэньнікі належаць да чужое юрысдыкцыі.

6.      Згодна кананічнаму праву ня толькі духавенства, але і ўсе царкоўныя старасты, царкоўныя камітэты ды ўсе царкоўныя арганізацыі належаць да юрысдыкцыі свайго архіепіскапа, яму падпарадкуюцца ды ім зацьверджваюцца ў сваіх функцыях.

7.      Вышэйшы кантроль і нагляд над фінансамі й гаспадарчым жыцьцём прыходаў, паводле тых-жа кананаў, належыць да архіепіскапай згодна з гэтым павінна быць уложана ўсё царкоўнае жыцьцё Бел.[арускай] Прав.[аслаўнай] Царквы.

Беларускі праваслаўны епіскап павінен мець непахісны аўтарытэт ня толькі сярод падпарадкаванага яму духавенства, але і ўсіх вернікаў. Падтрыманьне гэтага аўтарытэту зьяўляецца абавязкам усіх вышазначаных царкоўна-прыхадзкіх ворганаў.

Толькі выкананьне ўсіх гэтых пунктаў дасьць мне магчымасьць канчаткова й пазытыўна Гвырашыць стаўленыя мне ў сучасны мамэнт вымогі.

Архіепіскап Афанасій


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by