|
Ліставаньне з арх. Апанасам (Афанасіем)
Лісты да арх. Апанаса (Афанасія)
№1
[Копія]
Саўт Рывэр, 23 лютага 1962 г.
Высокапрэасьвяшчэньнейшы Ўладыка!
Шчыра дзякую за ліст і прывітаньне з Днём Ангела ды прашу прабачыць за так спозьнены адказ. Справы, абавязкі, хвароба, а таксама лень спрычыніліся да гэтага. Дык яшчэ раз прашу, прабачце!
Высокапрэасьвяшчэньнейшы Ўладыка! Многія ня вераць у тое, што Вы ачоліце Беларускую Праваслаўную Царкву на эміграцыі, але адначасна з гэтым ёсьць шмат такіх, каторыя ня страцілі надзею й глядзяць на Вас як на беларускага архіпастыра, каторы пазьней ці раней ачоліць нашу Царкву. Да апошніх належу й я, і пішу гэты ліст, ня страціўшы надзеі, нягледзячы на зьмест апошняга Вашага ліста. Як бачу, справа ўпёрлася ў статут. Я прадбачыў гэта і ўдзелу ў апрацоўцы яго не прымаў, навучаны горкім дасьведчаньнем пры апрацоўцы нашага парафіяльнага статуту. Зрабіў гэта не дзеля капрызу, а дзеля таго, каб не нясьці маральнай адказнасьці перад Вамі за статут. З голасам сьвяшчэньніка ня лічацца і ўсё прымаюць бальшынёй галасоў, дзе адзін сьвяшчэньнік. Пры такім палажэньні я аставаўся-б у адзіночным ліку (так, як гэта было пры апрацоўцы нашага парафіяльнага статуту) і статут прыняўся-б такі самы, які надаслалі Вам, з той толькі розьніцай, што ў камісіі быў-бы а. М. Лапіцкі, на якога й падае маральная адказнасьць. Каб гэтага не было, я адышоў у бок. Як выглядае, сягоньня гэтай справай займаюцца а. дыяканы (маю на ўвазе а. д. Вялікага й а. д. Кузьміцкага) ды міране. Духавенства, якога ня так шмат, стаіць збоку.
У сувязі з гэтым у Манчэстэры (Англія) на сходзе зьвярнулі ўвагу на гэта зьявішча й выказалі пажаданьне, каб царкоўным жыцьцём займалася духавенства. На маю думку, Вы правідлова паступілі, што запрапанавалі прыняць статут. Я прыйшоў без статуту й пасьля шкадаваў. Але мне здаецца сама пастаноўка неправідловая. Вам трэба апрацаваць свой статут і прыслаць яго, паставіўшы ясна справу: прымаеце яго - прыходжу, не прымаеце — шукайце іншага кандыдата. Вось, я-б стаўляў праблему так, што да статуту. Што тычыцца арх. Філафея, дык ён і надалей няхай трымае свой тытул, а Вы ачоліваеце Беларускую Праваслаўную Царкву ў вольным сьвеце незалежна ад яго, маючы зь ім духоўную лучнасьць.
Беларусы, якія ў вольным сьвеце арганізовываюць сваю Царкву, а тым больш іх дзеці, дамоў ня вернуцца, нават калі прыдзе магчымасьць. Вось падстава, якая прамаўляіць за маю прапанову й якой даўно трымаюцца іншыя нацыянальнасьці: грэкі, сэрбы, расейцы, украінцы й іншыя.
Навасьцей у мяне асаблівых няма. Жыцьцё ідзе нармальна. Прыход патроху разьвіваецца і ўсё гэта, разам узятае, дадатна дзейнічае на нашу агульна-царкоўную справу сярод беларускага грамадзтва. Калі ў іншых мясцох былі няўвязкі й закалоты, дык у нас гэтага няма, за што толькі належа падзяка Госпаду Богу, каторы ніспасылае нам Яго міласьць і благаславеньне.
Па Божаму Промыслу ў прайшоўшым годзе беларускі прыход у Чыкага пакінуў самасьвятства й вярнуўся ў Праваслаўную Царкву. Каштавала мне шмат нэрваў, а беларусам у Чыкага нэрваў і нямала грошай, каб пазбыцца Фінькоўскага. У Чыкага, калі трэба было распачаць акцыю супроць Фінькоўскага, 3 нядзелі служыў я, пасьля 2 нядзелі - а. Віталій, а цяпер служа а. Міхаіл Мігай, каторы настала як-бы застацца ня хоча, але кажа: пабуду пакуль усё ўнармуецца. Быў адзін мамэнт, што ў Чыкага пагаджаўся ехаць (па словах Івана Іванавіча) а. А. Апанасэвіч, але я ўважаю, што туды можа ехаць другі сьвяшчэньнік толькі тады, калі адмовіцца а. М. Мігай. Справа ў тым, што ёсьць у пляне адчыніць прыходы ў Клівеляндзе, Пассэйку, а нават можа і ў Нью Ёрку, а таму нам духавенства патрэбна, і а. М. Мігая трэба ўтрымаць на прыходзе ў Чыкага.
У Клівелянд на просьбу Харытановіча й іншых, па маёй рэкамэндацыі, арх. Палладзій рукапалажыў у сан дыякана Я.Кузьміцкага з тым, калі сарганізуецца прыход, дык яго рукапалажыцца ў сьвяшчэньнікі. Як дыякан Я. Кузьміцкі вельмі добры, але на сьвяшчэньніка слабаваты. Калі-б быў мацнейшы, дык ужо адчынілі-б прыход, на які атрымалі чартар. Затрымліваецца справа й дзеля таго, што няма згоды. Як рукапалагалі ў дыяканы Я. Кузьміцкага, дык згодна просьбы з Клівелянду ён быў вельмі адпаведны, а цяпер ня могуць знайсьці супольнага згоднага супрацоўніцтва. Не апошнюю скрыпку грае сп. Харытановіч у гэтым. Калі-б была згода, нягледзячы на цяжкасьці прыход ужо быў-бы адчынены.
У Пассэйку адчыніць прыход лягчэй. Думаю, што ў гэтым годзе, з а. А. Апанасэвічам альбо з а. Юльянам, які хоча пакінуць мітр. Леонція, мы там прыход адчынім. Калі-б жыў сьв. п. арх. Міхаіл, дык гэта было-б ужо зроблена. З арх. Якавам цяжэй, але час свае зробіць. Няпроч прысьці да нас і а. Я. Кайко, але мне здаецца, для нас без беларускага архіпастыра, ён прынясе ня столькі карысьці, сколькі шкоды. Дзеля гэтага я ўстрымліваюся, нягледзячы на тое, што ён тэлефанічна некалькі раз парушаў гэту справу.
У 1961 г. я спатыкаўся зь епіскапам Мацьвеем і мітр. прот. У. Яськовым, якога цяпер узьвялі ў сан архімандрыта. Яны ня проч узглавіць нашу Царкву, але прошлый грахі супроць нас, беларусаў, стаяць на перашкодзе. Нашы дзеячы вельмі пільнуюць нацыянальную чысьціню ў епіскапа, а ў саміх, калі паскрабсьці, дык таксама знойдзеш шмат пагрэшнасьці. Я асабіста гляджу, каб быў кананічны і рабіў цяпер нашу работу. Што тычыцца прошлага, дык гэга яго справа.
Вось так прадстаўляецца царкоўнае жыцьцё ў Амэрыцы. Што тычыцца іншых краін, дык там без перамен: у Канадзе працуіць а. Віталій, а ў Англіі - а. Мірановіч. Як абстаіць справа ў Аўстраліі, цяжка сказаць. Згодна апошняга ліста сп. С. Розмысла выходзіць, што яны сарганізавалі прыход, але ім перашкаджаюць яго зарэгістраваць крывічы на чале з а. Мадэстам Яцкевічам. Прасілі дапамогі ў змаганьні з а. М. Яцкевічам. Што мог, тое зрабіў, і як стаіць цяпер справа - нічога ня пішыць.
У маім асабістым жыцьці новага нічога няма. Пераваліла за 50-тку й гэта ўжо адчуваецца. Слабеем целам, але духам не падаем, дзеля таго магчыма, што Лёля з Жоржам заховываюцца някепска ды нас не чураюцца. А таксама магчыма й таму, што працуецца сярод сваіх людзей, на якіх у аснаўным накараць не магу. А таму й Вам, Уладыка, раджу ачоліць Беларускую Праваслаўную Царкву на эміграцыі на просьбу беларусаў і маю, а я тады да Вашай дыспазыцыі й дапамогі. На гэтым канчаю й прашу Вашых сьвятых малітваў. Матушка і ўся мая сям'я просяць Вашых малітваў, ды адначасна перасылаюць Вам свае прывітаньні.
З любоўю ў Хрысьце
[а. М. Лапіцкі]
№ 2
[Копія]
Саўт Рывэр, 22 сьнежня 1962 г.
ВысокапрэасьвяшчэньнейшыЎладыка!
Васіль Тамашчык складаіць просьбу, каб яго прынялі ў духовую лучнасьць кананічаскія епіскапы на чале з арх. Якавам. Успомненыя епіскапы вельмі ліберальныя. Адзін зь іх, еп. Багдан (цяпер мітрапаліт-украінец), з В. Тамашчыкам разам служыў і цяпер вельмі яго бароніць. Атаму я баюся, што яго могуць прыняць без паўторнай хіратоніі. Тады ў вачах беларусаў мітр. Панцялейман, Вы, арх. Апанас, ды іншыя, каторыя не прызнавалі яго за епіскапа (у тым ліку й я) будзем выглядаць лгунамі. Па прыбыцьці ў Амэрыку В. Тамашчык наведаў арх. Міхаіла й імкнуўся навязаць зь ім лучнасьць, але арх. Міхаіл ад гэтага адмовіўся, лічачы яго самасьвятам. Цяпер я ня маю такіх уплываў у Экзархаце й таму прашу Вас напісаць у гэтай справе арх. Якаву, указаць яму, хаця ён і пакідаіць Сяргея Ахоценка, але ён самасьвят і мусіць быць перарукапаложаны. Апрача гэтага мусіце ўказаць, што й кандыдат ён не ахці: быўшы атэіст і стаўленьнік вуніятаў. Справу лічыце пільнай і, не адкладывая ў дальні яшчык, старайцеся як найхутчэй палагодзіць.
Матар'ял аб В. Тамашчыку знойдзіце ў кнізе „З гісторыі Праваслаўнай Царквы беларускага народу" I. Касяка (бал. 146-156). Апрача гэтага В. Тамашчыка рукапалажылі Платон, Сяргей і Вячаслаў (Лісіцкі), каторы пасьля сам рукапалагаўся паўторна міт. Леонціем і яго епіскапамі. Царкоўныя каноны забараняюць паўторную хіратонію, але міт. Леонці відаць меў падставу, калі перарукапалагаў Вячаслава. Відаць і сам Вячаслаў не лічыў сябе епіскапам, калі прасіў рукапалажыць яго. У гісторыі Праваслаўнай Царквы няма выпадку, дзе падчас хіратоніі ў епіскапы роль епіскапа выконываў не епіскап. Удзел Вячаслава ў хіратоніі Тамашчыка нарушыў гэту хіратонію і ён мусіць перарукапалажыцца. Вячаслаў ня мог даць В. Тамашчыку таго, чаго ён сам ня меў.
Сьв.[яшчэнны] Сынод Рус.[кай] Зар.[убежнай] Царквы дня 27 лютага 1950 году пастанавіў: „Прызнаць хіратонію В. Тамашчыка ў епіскапы незаконнай і недзяйствіцельнай".
В. Тамашчык - стаўленьнік вуніятаў, аграном і атэіст. Спачатку імкнуўся разьбіць нашы прыходы, якія знаходзіліся ў юрысдыкцыі Экзархату (магчыма па загаду вуніятаў), а цяпер хоча падпарадкаваць іх. У сваёй крывіцкай прэсе, дзе не апошнюю ролю гуляе В. Тамашчык, лаялі нас, што пайшлі да грэкаў і нават называлі іх татарамі („Бацькаўшчына", 16.01.1955 г.), ды арганізавалі паралельныя прыходы ў Таронта й недалёка Саўт Рывэра. Цяперака, дачуўшыся, што маюць адбыцца хіратоніі сьвятароў і дыяканаў у экзарха, імкнецца навязаць лучнасьць, магчыма для вунійнай работы ў нашым асяродзьдзі. Для нашых палітычных лідараў гэта абыякава, і мы мусім сваімі царкоўнымі ўплывамі не дапусьціць, каб В. Тамашчыка без паўторнага рукапалажэньня прынялі кананічныя епіскапы на чале з арх. Якавам.
На гэтым канчаю, жадаючы вясёлых Каляд і шчасьлівага Новага Году. Прывітаньне ад маёй матушкі й радзіны. Просім Вашых сьвятых малітваў.
Ваш паслушнік
[а. М. Лапіцкі]
№ 3
[Копія]
[Саўт Рывэр, травень 1963 г.]
Дарагі Ўладыка!
Некалькі месяцаў назад я пісаў Вам аб тым, што Ў. Тамашчык хоча аформіць свой кананічны бок. Сягоньня гэта справа стала рэальнай. Дня 1 травеня ён на імя арх. Якава пераслаў просьбу й залучыў свае дакуманты. Копію яго заявы залучаю пры гэтым лісьце й яшчэ раз прашу напісаць арх. Якаву ў гэтай справе. Гэта Ваш абавязак, як Блюсьціцеля Мітрапалітальнага Прастола Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Арх. Якаў і канфэрэнцыя праваслаўных кананічных епіскапаў ня ведае:
1. Яго прошласьці;
2. Кандыдатуру яго выставіла й аформіла крывіцкае ўгрупаваньне,якое складаецца ў сваёй бальшыні з р.-каталікоў, вуніятаў і бязбож-нікаў. А таму ён ня можа лічыцца епіскапам Беларускай Царквы, бо крывіцкае ўгрупаваньне - не беларускі народ, атолькі ўгрупаваньне;
3. Праводзіў і ачолівае на эміграцыі гэту т. зв. Беларускую Аўтакефальную Царкву Сяргей Ахоценка, епіскап Украінскай Аўтакефальнай Царквы, каторы на гэта ня меў ніякага права, бо былі свае епіскапы,якія апекаваліся сваім народам. Умешываньне чужога епіскапа забараняецца канонамі: 35-м Апостальскім, 22-м Анціяхійскага Сабору(341) і 3-м Сардзікійскага Сабору (347). Згодна 35-му Апост. Правілу С. Ахоценка, які ўмяшаўся ў нашы царкоўныя справы, бяз згоды нашых епіскапаў ды будзе ізвержэн ён і пастаўлены ад яго. Сяргей
Ахоценка, як відаць, не прызнае гэтых правіл, дзякуючы чаму разьбіў нашу Царкву, а цяпер разьбівае ў Аўстраліі Грэчаскую Царкву. Магчыма ён дзейнічае па загаду Ватыкану, перад якім у свой час рабіў стараньні аб сваім пераходзе ў склад Рыма-кат. Царквы. У сучасны мамэнт экзарх Канстантынопальскай Патрыярхіі мае зь ім у Аўстраліі шмат клопатаў з дня 27 лютага 1950 г.;
4. Пастанова Рус.[кай] Зар.[убежнай] Царквы на чале з Анастасіем:„Прызнаць, выкананую над У. Тамашчыкам хіратонію ў епіскапы,незаконнай і нядзейнай". Добра было-бы, каб гэты ўвесь матар'ял,на падставе якога вынесена вышэйшая пастанова, Сьв. [яшчэнны]Сынод пераслаў арх. Якаву;
5. Вячаслаў (Лісіцкі), які браў удзел у хіратоніі Ў. Тамашчыка, пасьлясам перарукапалагаўся, а таму ён ня мог даць таго, чаго сам ня меў. Перарукапалажэньне выканалі епіскапы на чале зь мітр. Леонціем у Нью Ёрку.
Вось тыя пункты, дзеля якіх мы не прызнаём У. Тамашчыка епіскапам. Думаю, калі іх падаць арх. Якаву, дык і ён не прызнае Ў. Тамашчыка епіскапам, так як не прызнаў яго арх. Міхаіл. Дык зрабіце гэта, каб ня мець на сумленьні граху. Можаце падаць і мае прозьвішча, як чалавека кампетэнтнага ў гэтай справе, а таму, калі трэба, дык магу даць інфармацыі. Не зацягавайце зь пісьмом, бо „промедление" сьмерці падобна. На гэтым канчаю й прашу Вашых сьвятых малітваў.
[Ваш паслушнік а. М. Лапіцкі]
№ 4
[Копія]
[Саўт Рывэр], 25 травеня 1963 г.
Прэасьвяшчэньнейшы Ўладыка!
Гэты ліст пішу па-беларуску з тым, каб Вы прывыкалі да нашай мовы. Я жыву надзеяй, што мы будзем з часам працаваць разам на беларускай царкоўнай ніве.
Ліст Ваш атрымаў і лічу сваім абавязкам зараз-жа адказаць на яго. Канфэрэнцыя кананічных епіскапаў у Амэрыцы адбылася дня 16 мая 1963 году. На гэтай канфэрэнцыі просьбу Тамашчыка яшчэ не разглядалі. Успаміналі толькі просьбу Грыгора (Агійчука), які рукапалажыў Фінькоўскага, але й яе адлажылі да наступнай канфэрэнцыі.
Вельмі будзе добра, што Вы напішаце арх. Якаву аб Тамашчыку. На маю думку, найлепш было-бы пераслаць Ваш матар'ял празь югаслаўскага епіскапа Дыянісія, які вазводзіў у сан архімандрыта а. У. Яськова й які ўваходзіць у склад канфэрэнцыі кананічных епіскапаў. Гэтым б'ецца двух зайцаў: па-першае, ён сам запазнаецца з матар'ялам, а па-другое, лепш яму даручыць чымсьць мне, бо я й ад сябе магчыма змушаны буду пісаць у гэтай справе, калі запатрабуе арх. Якаў.
Тамашчык па прафэсіі аграном. Вышэйшую адукацыю ён атрымаў да II сусьветнай вайны ў Празе. Калі ён вярнуўся з Прагі на Беларусь, яга заарыштавалі [па абвінавачваньні] у камунізьме й пасадзілі ў турму. Ці быў ён камуністам цяжка гэта сьцьвердзіць, дзеля таго, што вельмі часта беларусам-нацыяналістам прышывалі камунізм з тым, каб пасадзіць у турму. Да рэлігіі ён быў індыфэрэнтны й з Царквой аж да высьвячэньня нічога ня меў супольнага: не спавядаўся, не маліўся, і, як цьвердзяць, еў каўбасу і ў Вялікую Суботу.
Адзін зь епіскапаў, Вячаслаў (Лісіцкі), які браў удзел у хіратоніі Тамашчыка, сам пасьля перарукапалагаўся ў Амэрыцы ў юрысдыкцыі мітр. Леонція ў 1952 г. ці 1953 г. Вось ужо ў гэтым ёсьць нарушэньне канонаў. Калі ён быў кананічны, дык яго ня мелі права перарукапалагаць. Калі ён быў некананічны, дык ён ужо нарушыў хіратонію Тамашчыка, беручы ўдзел у яго хіратоніі і ў літургіі. Добра было-бы, каб Вы запатрабавалі матар'ял, на падставе якога перарукапалагалі Лісіцкага. Спадзяюся, што арх. Ірыней Вам яго перашле.
Я маю копіі пратаколаў Рус.[кай] Зар.[убежнай] Царквы, у якіх Тамашчыка хіратонія прызнана нядзейнай. Як адзін матар'ял, так і другі добра было-бы залучыць да Ватага рапарту. У Вашым рапарце Вы па-вінны саслацца й на арх. Філафея (Нарко), зь якім арх. Якаў у вельмі добрых суадносінах і які лічыцца Блюсьціцелем Мітр.[апалітальнага] Прастола Бел.[арускай] Прав.[аслаўнай] Царквы. У рапарце мусіце ўспомніць, што пры хіратоніі Тамашчыка нарэклі Віленскім. Катэдра гэта належыць да Вас. Тут таксама нарушэньне канонаў. Вось, здаецца ўсё, што я меў напісаць адносна Тамашчыка. Адначасна з гэтым прашу Вас, Уладыка, не даваць агласкі маім пісьмам. Найлепш было-бы, каб Вы вярнулі іх мне назад па прачытаньні.
За прывітаньні мы з матушкай шчыра дзякуем і просім Вашых сьвятых малітваў.
З любоўю ў Хрысьце
[а. М. Лапіцкі]
P. S.: Успомніце, што сьвяшчэньнікаў экзарх у Аўстраліі перарукапалагаіць.
№ 5
[Копія]
[Саўт Рывэр, красавік-травень 1963 г.
ВысокапрэасьвяшчэньнейшыЎладыка!
Спадзяваўся, што па прыезьдзе з Чыкага зараз-жа напішу ліст і паінфармую аб сваёй паездцы, але выканаць гэтага ня мог. У дарозе прастудзіўся й моцна захварэў. Праўда, у сілу неабходнасьці хворы мусіў адпраўляць паложаныя службы Страсной Сядміцы й Вялікадня, але гэта зацягвала хваробу, ад якой толькі цяпер трохі ачуняў.
3 Чыкага я пакуль што нічога не атрымаў і ня ведаю, якія адгалоскі аб маёй місіі, а таксама не знаю, як там разгортываюцца падзеі далей. Царкоўны Камітэт за ўсякую цану хоча пазбыцца Фінькоўскага. Але ён упіраецца, і я ня ведаю, ці ім удасца зь ім справіцца? Адна толькі іх надзея на тое, што можа не дадуць яму візы, якая ўжо канчаецца. Але мне здаецца яму ў гэтым можа памагчы Грыгорый, які падтрымлівае яго, і іх надзея можа не апраўдацца. Фінькоўскі прапанаваў мне заняць яго месца, а ён выедзе з Чыкага. Але гэта словы, якім значэньня прыдаваць ня можна.
У Чыкага палажэньне Фінькоўскага ня важнае. Праўда ён мае сваіх прыхільнікаў, але й гэтыя прыхільнікі, калі бліжэй запазнаюцца зь ім, дык ад яго адходзяць. Прычына тая, што ня ўмее заховывацца ня толькі як „архірэй", а нават як і сьвятар. Адно, што прыцягаваець да яго людзей, гэта яго службы. Служыць ён, трэба прызнаць, някепска.
Царкоўны будынак у Чыкага маюць добры. Выглядае на сабор. У сярэдзіне абарудаваны слабавата, але зроблена шмат і выгляд някепскі. Для разьвіцьця парафіі ёсьць вялікія магчымасьці, адно толькі трэба выкараніць самасьвятства й паставіць адпаведнага духаўніка. Справа гэта нялёгкая й вымагае часу, які ёсьць найлепшым лекарам.
У Ракфордзе я спаткаў а. У. Яськова, а ў Чыкага - а. В. Вячорку. Як адзін, так і другі зрабілі на мяне добрае ўражаньне. Праўда, чужая душа - пацёмкі. Але, нягледзячы на гэта, каб яны ўключыліся ў нашу работу, была-б толькі карысьць. Даў сваю згоду ўключыцца ў работу й а. А Апанасэвіч. Калі намечаны плян зрэалізуецца, мы будзем мець 4 прыходы ў Амэрыцы, і ў Канадзе, і ў Англіі. Ёсьць надзея, што калі будзе свой епіскапат, дык, магчыма, адчыняцца й яшчэ прыходы.
Сп. Ф. Высоцкі інфармаваў, што Вам высланы т. зв. статут. Я, навучаны горкім вопытам пры апрацоўцы парафіяльнага статута, у апрацоўцы статута, які выслалі Вам, удзелу не браў. Справа ў тым, што ўсё пры апрацоўцы й на сабраньні прымаецца бальшынёй галасоў, і я быў заўсёды адзін, як у камісіі пры апрацоўцы парафіяльнага статута, так і на сабраньні, на якое прыбыў т. зв. беларускі актыў у колькасьці ня больш 30 асоб і прыняў статут такі, які адказываў іхняму зьместу, адкідаючы прынцыпы статуту, які быў прыняты Саборам БАПЦ у Менску ў 1942 годзе. На мой погляд, і на эміграцыі маіць быць захаваны статут, прыняты Саборам БАПЦ у Менску ў 1942 годзе. Гэта нас лучыць з Беларускай Праваслаўнай Царквой на Бацькаўшчыне, якую мы пакінулі й надзеімся вярнуцца, калі будзе знішчаны бальшавізм.
[З любоўю ў Хрысьце
а. М. Лапіцкі]
№ 6
[Копія]
[Саўт Рывэр], 8 кастрычніка 1963 г.
Высокапрэасьвяшчэньнейшы Ўладыка!
Толькі сягоньня сабраўся Вам напісаць пара слоў. Ніяк усё ня мог сесьці за машынку. Проста за лета разьляніўся, а мо й старасьць адалявае. Цяжка напісаць ліст, а тым больш паехаць у Нью Ёрк, а таму яшчэ й ня выканаў Вашага ўказаньня, як паступіць з амафорам, за што прашу прабачэньня. У далейшым пастараюся як найхутчэй завезьці амафор у Нью Ёрк, а там як хутка адашлюць Вам.
У нас адбыўся зьезд, на якім прынялі рэзалюцыю аб скліканьні Царкоўнага Зьезду, на якім мусім вырашыць нашы царкоўныя праблемы. Зьезд адбудзецца, я думаю, у 1964 годзе, бо я спадзяюся Вы вырашыце аканчальна справу ачоліваньне праз Вас нашай Царквы да гэтага Зьезду. Дзе Вы будзіце жыць - у Аўстраліі ці Амэрыцы, гэта ня будзе гуляць ролі. Беларусы ёсьць і там і тут, ды таксама і ў іншых краінах.
Справа Тамашчыка яшчэ ня вырашана. Калі яе вырашаць? Ня ведаю. Ён перажывае й мае шмат непрыемнасьцяў ад крывічоў, якія вельмі злыя на яго за гэту заяву. Адным словам Тамашчыку ўшчамілі хваста й ён ня ведае, як далей будзе. Мае жаль да мяне й ня ведае, як я захаваюся нават тады, калі ён аформіцца. Можа для дабра нашай Царквы й варта яго выцягнуць з балота, абсушыць, абагрэць, прыласкаць ды разам славіць Госпада Бога. Справа цяжкая, а таму цяжка яе й вырашыць. Падумайце й падскажыце як паступіць. У нас ёсьць тэндэнцыя й такая, каб арх. Афанасій ачоліў Царкву й прыняў Тамашчыка пасьля яго кананічнага афармленьня ў сваю юрысдыкцыю. Гэта аб'яднала-бы нас, праваслаўных беларусаў. Праўда, знойдуцца з боку крывічоў і такія, каторыя з гэтым не пагодзяцца. Але такіх будзе ня шмат, не рахуючы вуніятаў, якія за ўсякую цану будуць перашкаджаць. Апрача гэтага ёсьць думка, каб прыцягнуць і еп. Мацьвея, які ня проч ачоліць нашу Царкву, але ня ведаю, ці ўвойдзе ў Яе, калі Яе будзе ачоліваць нехта іншы. Калі-б гэта сталася, мы-бы мелі вялікія магчымасьці для далейшай працы.
Пра арх. Філафея ні слуха, ні духа. У Амэрыцы яго, здаецца, няма, а з Гамбургу ён ня піша. Рабіў ён што-небудзь у справе Тамашчыка ці не? Ня ведаю. Вось, здаецца, усё, аб чым меўся Вам напісаць. Вы пісалі, што можаце прыслаць матар'ял для друку ў „Царкоўным Сьветачы", а таму ветліва прашу надаслаць яго. Можа маеце матар'ялы аб сучасным саборы Рыма-каталічаскай Царквы, дык таксама прашу прыслаць.
На гэтым канчаю й прашу Вашых сьвятых малітваў. Прыміце ад маей радзіны прывітаньні й не забывайце яе ў Ваіпых малітвах.
З любоўю ў Хрысьце
[а. М. Лапіцкі]
№ 7
[Копія]
[Саўт Рывэр, красавік 1967 г.]
Высокапрэасьвяшчэньнейшы Ўладыка!
У апошнім Вашым лісьце да Настаяцеляў Беларускіх Праваслаўных Прыходаў, Царкоўна-Прыхадзкіх Камігэтаў і ўсіх Праваслаўных Беларусаў, з дня 1 лютага 1966 г. Вы пішаце: „Сабор епіскапаў гэтае Царквы (г.н. РПЦЗ) зусім бэзінтэрэсоўна ў апошнія гады дапамог арганізаваць царкоўнае жыццё праваслаўным французам у Францыі, галандцам у Галяндыі, румынам і баўгарам на чужыне, пасьвячаючы ім епіскапаў з пасярод кандыдатаў, прадстаўленых імі самімі".
Жыцьцё аднак паказала другое. Бэзінтэрэсоўная дапамога для французаў аказалася трагічнай. На іх епіскапа Івана, а, магчыма, і на духавенства „наложено запрешеніе в свяшеннослуженіі". Для сьцверджаньня сказанага залучаю выразку з газ. „Новое Русское Слово" з дня 15 сакавіка 1967 году.
Калі-ж з французамі так паступілі, дык чаго-ж добрага можна спадзявацца беларусам, якія імкнуцца мець сваю незалежную Царкву? Гэта і ёсьць прычынай, чаму мы не прынялі Вашу прапанову. З расейцамі на царкоўнай ніве не маглі знайсці супольнай мовы французы, там больш ня знойдзем супольнай мовы мы, беларусы.
Пішу гэты ліст не з тым, каб некаму дакараць. Даўно хацеў напісаць Вам ліст, але ніяк ня мог сабрацца. У гэтым годзе ўзяў вакэйшэн і езьдзіў у Флярыду. Прабыў тры нядзелі й нічога не рабіў. Купаўся, загараў і гуляў з унукамі. Прыехаўшы да дому ў канцы лютага, трэба было напісаць малітву й падгатовіцца, каб добра прачытаць у Кангрэсе. Чытаў 15 сакавіка 1967 году. Падгатовіўся някепска. Кангрэсмэны хвалілі, ды пазней малітву й супольную зь імі фатаграфію падалі да прэсы. Займае ня мала часу школка й сэмінар для старэйшых дзяцей. Прыходзяць ахвотна, магчыма таму, што сэмінар будзе цягнуцца нядоўга й мэтай яго ёсьць запазнаць з аснаўнымі ісьцінамі нашай веры гімназыстаў ды падагатовіць да споведзі. А адначасна з гэтым засновываю зь іх Саюз Беларускай Праваслаўнай Моладзі. Плюс да гэтага праца парафіяльная ды іншыя царкоўна-грамадзкія справы забіраюць таксама нямала часу. Вось дзеля гэтага й пішу рады ў гады, калі няма наглай патрэбы.
Царкоўнае жыцьцё наша стаіць на точцы замерзаньня. Кожная парафія жывець сваім хутарскім жыцьцём. Праўда, калі бяда, дык тады зразумела зварачываюцца да мяне за дапамогай. I тады адны хваляць, а другія абвінавачываюць. Так было й нядаўна, калі адмовілі а. В. Сагайдакоўскаму ў настаяцельстве, а на яго месца назначылі а. Я. Кузьміцкага. Прычына тая, што ён тры разы на гаду езьдзіў у Польшчу. Шкада, што так сталася. Добры сьвяшчэньнік, які цяпер гневаецца на мяне й працуе ў юрысдыкцыі мітр. Ірынея.
Што тычыцца Тамашчыка, дык там унёс я раздор. С. Ахоценка, здаецца, спараліжаваны. Тамашчык на сваю руку хацеў хіратанізаваць у епіскапы свайго стаўленьніка пры дапамозе мітр. Іларыёна. Я наведаў арх. Мсьціслава і ён, відаць, напісаў міт. Іларыёну, каб ён ад гэтага адмовіўся, што ён і зрабіў. Супроць хіратоніі быў бруклінскі прыход і Крыта ў Клівеляндзе. Гэтыя два прыходы хочаць стаць на кананічную дарогу. Яны чакаюць на той час, калі мы займеем свайго епіскапа й аддзелімся ад грэкаў. Калі гэта станецца, мы маем спалучыцца. Ці гэта станецца, аднаму Госпаду Богу ведама? Былі надзеі на Вас, але да гэтага не дайшло й мы топчымся на месцы, нягледзячы на тое, што царкоўнае жыцьцё на беларускім грунце ўкладалася на нашу карысьць. Нават Ракфорд выйшаў ад мітр. Ірынея пад маім уплывам і хацеў спалучыцца з намі. Як усё будзе ўкладацца ў далейшым ня ведаю? Не маючы апекі з боку кананічнай Царквы, магчыма прымуць самасьвятства й тады будуць страчаны для Царквы назаўсёды.
[З любоўю ў Хрысьце
а. М. Лапіцкі]
№ 8
[Копія]
[Саўт Рывэр], 6 лістапада 1968 г.
Высокапрэасьвяшчэньнейшы Ўладыка!
Крывіцкі прыход у Нью Ёрку падзяліўся на дзьве часткі. Пры Тамашчыку асталіся т. зв. палітыкі й каталікі. Другая частка, якая састаўляе значную большасьць, адышла й пачынае арганізоўваць новы прыход пры маёй дапамозе. Згодна дагаворанасьці настаяцелем мае быць а. протадыякан Сьвятаслаў Коўш, якога трэба рукапалажыць у сан іерэя. У сувязі з гэтым ветліва прашу напісаць арх. Якаву, экзарху Канстантынопальскай Патрыярхіі.
Айцец протадыякан С. Коўш, народжаны 7 студзеня 1917 г., закончыў Віленскую Беларускую Гімназію й паступіў на юрыдычны факультэт Віленскага ўнівэрсытэту. Дня 28 ліпеня 1933 г. рукапаложаны арх. Панцялейманам, які замяшчаў арх. Феадосія, у сан дыякана.
Дня 30 лістапада 1949 (?) г. быў Вамі ўзведзены ў сан протадыякана. Час ідзе, я старэю. Таму пажадана мець і заступніка, якім мог-бы быць а. С. Коўш. Па алфавіту адышлі: сьв. п. а. А. Апанасевіч, сьв. п. а. I. Жарскі й сьв. п. а. У. Грыгаровіч, а таму трэба гатовіцца...
Мая парафія разьвіваецца. Купілі тры з палавінай акры зямлі й пачалі будаваць новую царкву й парафіяльныя будынкі. Царква будуецца ў беларускім стылі.
На гэтым канчаю й прашу Вашых сьвятых малітваў.
Ваш паслушнік
[а. М. Лапіцкі]
№ 9
[Копія]
[Саўт Рывэр], 6 сакавіка 1969 г.
Высокапрэасьвяшчэньнейшы Ўладыка!
I так, прыйшоў 1969 год, калі Вы можаце пайсьці на рэтаэр, пакінуўшы Расейскую Царкву. Згодна Вашага ліста да а. ігумена Язэпа, як відаць, [Вы] і гатовіліся да гэтага. Ня ведаю вашых плянаў, але хачу сказаць, што пастанова Царкоўнага Зьезду ў Клівеляндзе не адменена, а таму ёсьць актуальная й сягоньня. Праўда ў нас зайшлі невялікія зьмены. 3 Польшчы прыехаў а. ігумен Язэп, як кандыдат на епіскапа. Мітрапаліт Варшаўскі Сьцяпан распачаў акцыю і ўжо прыходзіцца бараніцца. Я прадбачыў гэта й аформіў а. Язэпа ў еп. Мацьвея, які прыняў яго ў сваю юрысдыкцыю 15 лістапада 1968 г., а мітрапаліт Сьцяпан забараніў [яго] у сьвяшчэннаслужэньні 9 сьнежня 1969 г., калі а. Язэп ня быў яго клірыкам. Арх. Якаў ведае аб гэтым і нам дазволіў служыць, нягледзячы на тое, што мітр. Сьцяпан напісаў аб гэтым у Канстантынопаль. Што будзе далей, ня ведаю. Найлягчэй было-бы, калі-б Вы ачолілі нашу Царкву, выйшаўшы з юрысдыкцыі Рускай Зарубежнай Царквы й рукапалажылі а. ігумена Язэпа ва епіскапы. Тым больш, што ў нас справы разгортываюцца някепска. У Нью Ёрку бальшыня прыхаджан пакінула Тамашчыка й прылучылася да нас. У прайшоўшую нядзелю адбылася першая служба, якую ачоліваў я. Настаяцелем назначаны а. С Коўш, якога з благаславеньня Якава мітр. Гэрманас дня 9 лютага 1969 г. у нашай царкве рукапалажыў у сан іерэя. Службы распачаліся ў чужой царкве, але куплена зямля й маюць будаваць сваю беларускую царкву.
У Саўт Рывэры мы таксама пайшлі ўперад. Купілі каля 4 акраў зямлі й пачынаем будаваць свой Царкоўна-Грамадзкі Беларускі Цэнтр. Будуем новую царкву, сьцены якой ужо выведзеныя, але яшчэ непакрытыя. Затрымаў купал і захваціла зіма. Але ўжо ў сакавіку, а таму спадзяюся, што хутка, прыступім да работы, каб закончыць царкву й распачаць пабудову залі, якую будзем будаваць аддзельна ад царквы. Каб больш запазнаць Вас з нашай працай, тыдзень таму назад выслаў Вам часапіс „Царкоўны Сьветач".
У Лёндане (Англія) адчыніўся таксама наш прыход. Настаяцелем [там] ёсьць а. Павел Вялікі. Пара год таму назад на маю просьбу й пры дапамозе еп. Мацьвея [яго] рукапалажыў у сан іерэя экзарх Канстантынопальскай Патрыярхіі ў Англіі. Нядаўна атрымаў ліст ад а. Паўла, ліст, у якім ён піша, што прыход разгортываецца добра.
Вось так прадстаўляюцца нашыя царкоўныя справы на сягоньняшні дзень. Магчыма Вас дзівіць, нашто я Вам гэта пішу пасьля таго разыходжаньня, якое заіснавала падчас апошняга нашага спатканьня?
Жыцьцё - гэта ёсьць змаганьне, падчас якога бываюць памылкі й няўвязкі. Гэтыя памылкі й няўвязкі ёсьць у мяне, ёсьць і ў іншых. Але для дабра справы іх трэба забывацца й рабіць усё магчымае, каб у нас, на эміграцыі, была свая Кананічная Праваслаўная Беларуская Царква [неразбор.].
На гэтым канчаю, жадаючы ўсяго найлепшага й прашу Вашых сьвятых малітваў.
З любоўю ў Хрысьце
[а. М. Лапіцкі]
№ 10
[Копія]
[Саўт Рывэр], 12 красавіка 1970 г.
Высокапрэасьвяшчэньнейшы Ўладыка!
Сьвяточную картку, якая дае надзею, што будзем разам маліцца й працаваць для дабра нашае Беларускае Праваслаўнае Царквы й Беларускага Народу, атрымаў. Шчыра дзякую й ад шчырага сэрца жадаю, каб гэта сталася й то як найхутчэй, незалежна ад таго, калі кончыцца пабудова царквы й дому. Царкву з Божай дапамогі стараемся закончыць у гэтым годзе, а рэшту будынкаў пазьней. Ня хочацца залязаць у доўг. Не магу наракаць, справа пабудовы ідзе някепска. Калі так будзе ісьці й далей, дык доўга не зацягнецца.
Айца архім. Язэпа не высьвячалі, і гэта справа пакуль што не актуальная. Па-першае, Канстантынопальскі патрыярх не даў яшчэ сваёй згоды, а па-другое, і мы прыгледзіліся й прышлі да выснаву, што ён як кандыдат слабы, каб ачоліваць Царкву.
Дня 27 красавіка 1970 г. я склікаў у Саўт Рывэры Царкоўны зьезд Канады й Амэрыкі, на якім яго нават ня выставілі як кандыдата на епіскапа, нягледзячы на тое, што ён падгатовіў усё, што мог, забываючыся, што не апошняю ролю гуляе ў царкоўным жыцьці духавенства, а сярод яго й я.
Цяпер ён назначаны настаяцелем у Таронта, куды выехаў перад Новым Годам.
Заканчываючы свой ліст паведамляю, што я гутарыў з а. С. Каўшом, Іванам Іванавічам, сп. Ф. Высоцкім. Усе рады былі-бы, калі Вашы словы сталіся рэчаіснасьцю. А таму не адкладывайце гэта ў далёкі яшчык, бо адклад ня ідзе на лад. Напішыце мне й мы будзем падгатаўляць, як кажуць, „абшчэственнае мненіе", каб гэту гістарычную падзею ціха й спакойна зрэалізаваць у жыцьці. 3 грэкамі мы шмат хлопатаў ня будзем мець, асабліва цяпер, калі творыцца т. зв. Праваслаўная Аўтакефальная Царква ў Амэрыцы. На гэтым канчаю й прашу сьвятых малітваў.
З любоўю ў Хрысьце
Ваш паслушнік
[а. М. Лапіцкі]
№ 11
[Копія]
[Саўт Рывэр], 7 кастрычніка 1970 г.
Высокапрэасьвяшчэньнейшы Ўладыка!
Ліст Ваш атрымаў, за які шчыра дзякую. На яго я чакаў даўно. На вялікі жаль, зараз выслаць лісты ад кожнай парафіі я ня маю магчымасьці. Усё гэта зраблю, але пройдзе трохі часу: магчыма 3-4 нядзелі.
Скажу шчыра, я нічога не гатовіў, бо ня ведаў ці гэта патрэбна? Па-першае, канкрэтна мы не дагаварыліся, а па-другое, расейская газэта „Новое Русское Слово" падавала інфармацыі, зь якіх можна было рабіць выснаў, што Вы й надалей астаецеся ў Рускай Зар. [убежнай] Царкве.
Калі расходзіцца аб Ваш выхад з Рус.[кай] Зар.[убежнай] Царквы, дык Вы маеце найлепшую падставу - пастанову 1946 г., згодна якой Вы ўвайшлі тымчасова ў вышэй успомненую Царкву. Па-другое, маеце просьбу ад беларусаў, якія ў Клівеляндзе прынялі рэзалюцыю, згодна якой пастанавілі прасіць Вас ачоліць Беларускую Праваслаўную Царкву ў вольным сьвеце. Нашу просьбу Вы ў свой час атрымалі, яна актуальна й на сягоньня.
Атрымаўшы Ваш ліст, я прыступаю да працы, веручы, што Вы выйдзеце нарэшце з Рус.[кай] Зар.[убежнай] Царквы й духоўна заапякуецеся беларусамі ў вольным сьвеце. Шкадаваць ня будзеце! На гэтым канчаю й прашу Вашых сьвятых малітваў. У пасланьні да беларусаў трэба ўспомніць той факт, што з Тырсгайма Вы пераехалі ў Рэгэнсбург і гэтым самым хацелі назаўсёды спалучыцца зь беларусамі, але Вас выжылі вунійныя чыньнікі, якія ўжо распачалі сваю працу сярод беларусаў (маю на ўвазе Вашу першую паездку, а не другую, калі мяне забаранілі й Вы ўжо былі ў РЗЦаркве).
Ваш паслушнік
[а. М. Лапіцкі]
№ 12
[Копія]
[Саўт Рывэр], 20 кастрычніка 1971 г.
Дарагі Ўладыка!
Атрымаў Вашы дакуманты й ліст і ня ведаю, што рабіць, бо калі Вы едзеце ў Аргэнтыну, дык няма патрэбы перасылаць іх Канстантынопальскаму патрыярху.
Дня 14 кастрычніка мы былі ў Экзархаце й дагаварыліся аб працэдуры Вашага пераходу. Сп. I. Касяк Вас ужо паінфармаваў і я ня буду паўтарацца, а скажу толькі адно, што няма ніякіх перашкод у Вашым афармленьні. Усё цяпер залежа ад Вас. Копіі ўсіх дакумантаў я маю, адно, няма Вашага ліста да Канстантынопальскага патрыярха. Праўда, я магу Вашы дакуманты пераслаць з маім рапартам, але мне здаецца было-бы салідней, калі быў-бы Ваш ліст. Усё мусіць быць пераслана праз Канстантынопальскі Экзархат у Амэрыцы. Так стаіць справа з Вашым афармленьнем на сягоньняшні дзень. Працягнецца яна прыблізна месяц. Гэты час Вы можаце пражываць у Аўстраліі, альбо пераехаць у Амэрыку.
Вы пішаце, што ў Вас няма грошай на пераезд. Гэта не праблема. На дарогу мы мусім выслаць Вам грошы. Праўда, мы будуемся й маем пазычкі як у Саўт Рывэры, так і ў Нью Ёрку, але дарогу Вашага пераезда мусім аплаціць і гэтым Вы не турбуйцеся.
На гэтым канчаю й прашу як найхутчэй павядоміць, што рабіць.
З любоўю ў Хрысьце
Ваш паслушнік
[а. М. Лапіцкі]
№ 13
[Копія]
[Саўт Рывэр], 11 студзеня 1971 г.
Высокапрэасьвяшчэньнейшы владыка!
Атрымаў Ваш ліст, за які шчыра дзякую. Прачытаў яго два разы й прыйшоў да перакананьня, што Вы беларусаў трымаеце на ўсякі выпадак у рэзэрве. Магчыма, я памыляюся, але зь ліста вынікае: дадуць Вам тое, што Вы хочаце, Вы астанецеся й надалей у Расейскай Зарубежнай Царкве.
Што тычыцца Вашых „засакрэчаных" плянаў, дык аб іх ведае РЗ Царква. Па прыездзе з Аўстраліі ў Рп. Бенку (недалёка ад Саўт Рывэру) служыў арх. Нікан і на прыватнай гутарцы гаварыў аб іх. Тайнай можа быць толькі тое, што ведама аднаму чалавеку, калі-ж нешта ведама двум, дык гэту тайну, як кажуць, будуць і куры знаць. А таму РЗ Царкве ведама, што бурляць міране, але за іх плячамі стаіць арх. Афанасій. А таму, на маю думку, у РЗЦарквы, каб выйсьці з палажэньня, ёсьць дзьве магчымасьці. Адна, гэта даць арх. Афанасію тое, што ён хоча. Другая, забараніць яго ў сьвяшчэннаслужэньні. Вось гэта мяне трывожыць і я магчыма ізноў астануся ў дурацкім палажэньні, дзякуючы таму, што не паслухаў некаторых людзей, якія казалі, што з гэтага нічога ня выйдзе, дзеля таго, што арх. Афанасій з РЗЦарквы ня выйдзе. Раней Вас за нос вадзіў арх. Філафей, калі ў яго [былі] непаладкі ў Вісбадэне, а цяпер тое самае робіць арх. Афанасій, калі і ў яго паўсталі пэўныя няўвязкі з РЗЦарквой. Давяраючы Вам, я з гэтым не пагадзіўся й [папрасіў] парафію, каб яна выслала Вам лісты з просьбай, каб Вы ачолілі Беларускую Праваслаўную Царкву. Прайшоў час, а справа наша стаіць на точцы замерзанія. Вы зразумела, скажаце, што ў гэтым вінаваты я, а я на гэта адказываю, што першы шаг з нашага боку зроблены й мы чакаем Вашага выхаду з РЗЦарквы. Калі гэтага Вы ня хочаце зрабіць, дык напрасна наша суета. Выбачайце, калі я памыляюся.
Даражэнькі Ўладыка! Не хістайцеся й ня бойцеся, палагодзьце прыхільна нашу просьбу, а Гасподзь Бог благаславіць Вашы сьвятыя пачынаньні. Ці-ж не з яго дапамогі мы ў Саўт Рывэры пабудавалі новую царкву, а таксама і ў Нью Ёрку ўзвялі сьцены й сягоньня крыюць страху?! Калі расходзіцца аб матар'яльны бок, таксама галадаць не будзеце. Запэўніваю Вас у гэтым.
Нарэшце, што да пытаньня як аформіцца? Гэту справу мы будзем афармляць праз наш Экзархат, а Вы ў Аўстраліі - праз Ваш. Тым больш, што ў Вас добрыя суадносіны з экзархам, а па-другое, ім ведамы Сяргей Ахоценка, якога работа ў Аўстраліі ёсьць шкоднай і для грэкаў. Пры гэтым мушу зазначыць, што калі Вас забароняць у сьвяшчэннаслужэньні, дык справа аслажніцца, а таму найлепш выйсьці з РЗЦарквы і, пасьля ачоліўшы БПЦаркву, Вы можаце рэалізаваць свае пляны. Мы не будзем мець нічога супроць, каб да Вас належаў прыход іншай нацыянальнасьці. Жыць Вы можаце на пачатку ў Аўстраліі, а пасьля, калі ўсё палагодзіце, пераедзеце ў Амэрыку. Гэта ўсё будзе залежыць ад Вас. Арх. Якава цяпер няма ў Нью Ёрку. Як толькі прыедзе, будзем зь ім гутарыць у гэтай справе. У асноўным яны ня маюць нічога супраць, каб мы мелі свайго епіскапа. Што тычыцца Канстантынопаля, дык там трэба дзейнічаць праз Фоціядзіса, зь якім, я думаю, у Вас добрыя суадносіны. Адрас яго падаю ніжэй. Здаецца, ён забыў славянскія мовы, а таму трэба пісаць магчыма па-ангельску.
За Калядныя пажаданьні я й матушка шчыра дзякуем ды адначасна жадаем Вам шчасьлівага Новага Году. Дай Божа, каб распачатая справа стала рэчаіснасьцю!
З любоўю ў Хрысьце
Ваш паслушнік
[а. М. Лапіцкі]
№ 14
[Копія]
[Саўт Рывэр], 17 травеня 1971 г.
Высокапрэасьвяшчэньнейшы Ўладыка!
Распачатая справа стаіць на пункце замерзаньня дзеля таго, што прыходы нашы выслалі Вам афіцыйныя лісты з просьбай, каб Вы выйпілі з Расейскай Зарубежнай Праваслаўнай Царквы й ачолілі нас, а Вы да сягоньня Не адказалі на іх. Якая прычына — я ня ведаю? Магчыма, не прыйшоў яшчэ час. Але гэта стаіць на перашкодзе й мы ніяк ня можам выйсьці, як кажуць, з зачараванага кола.
У Вашых лістах Вы пішаце, што Вас могуць забараніць у служэньні, калі Вы пры выхадзе не захаваеце належных фармальнасьцей. Toe caмае адносіцца й да нас, духаўнікоў і нашых прыходаў. Мала гэтага, калі нас адпусьцяць, а мы ня будзем мець свайго епіскапа, дык адразу паўстане праблема: куды ісьці? Бо павароту назад ужо ня будзе.
Даражэнькі Ўладыка! Справа стаіць на месцы, а час не церпіць. Мы ўжо амаль закончылі царкву й магчыма на Сьв. Пакрава будзем асьвячаць яе. У Нью Ёрку таксама падходзіць будова да канца. Хацелася-б, каб нашы беларускія цэрквы асьвяціў наш беларускі епіскап - гэта значыць, Вы. А гэта можа стацца тады, калі Вы выйдзеце з РЗЦарквы. За нас Вы ня бойцеся. Мы свае палажэньне аформім без ніякіх труднасьцей, калі мы будзем мець свайго епіскапа.
Што тычыцца Вашай забароны. У свой час мелі судзіць арх. Філафея, але ён, як Вы казалі мне, заявіў, што яго можа судзіць толькі епіскапат Беларускай Праваслаўнай Царквы, які тымчасова знаходзіцца ў РЗЦаркве. На падставе гэтай заявы суд не адбыўся. На падставе гэтага-ж палажэньня й Вас ня маюць права забараняць.
Далей, што тычыцца месца прабываньне. Калі абставіны вымагаюць, дык Вы тымчасова можаце жыць і ў Аўстраліі, пакуль не атрымаеце пэнсыі. Цэркву асьвяцім тады, калі прыедзеце ў Амэрыку. Праўда, нам бы хацелася, каб Вы ўжо былі ў Амэрыцы. Мы купілі друкарню, у якой можам друкаваць ня толькі часапісы й кніжкі. Мы цяпер маем Рэлігійны Адпачынковы Цэнтр у Каскільскіх гарах. Трэба наладзіць летам службы, а няма каму служыць. Відаць прыйдзецца з а. С. Каўшом абслужываць, пакідаючы свае прыходы. А гэтага не хацелася-б рабіць. Рэлігійны Цэнтр належа да нашай царквы й а. С. Каўша. Друкарня належа да Беларускага Дапамаговага Камітэту й знаходзіцца ў Саўт Рывэры. Купіў у асноўным я, як старшыня ўспомненага камітэту. Заплацілі $ 3.000. Дзьве тысячы выплацілі, тысячу маем доўгу.
Крывічы падаюць у сваім часапісе, што Канстантынопальскі экзарх у Аўсграліі, прымае сьвяшчэннікаў грэкаў, якіх рукапалажыў Сяргей Ахоценка, у сушчым сане, т. е. не перарукапалагае. Спадзяюся, што гэта няпраўда. Можа ў Вас ёсьць магчымасьць выясьніць там на месцы праўду. Апрача гэтага можа ёсьць магчымасьць дастаць копію пратакола № 787 Яго Сьвяцейшаства Ўсяленскага патрыярха Афінагора. Пратакол № 1 тычыцца акцыі С. Ахоценкі сярод грэкаў у Аўстраліі. Я копію пратакола маю, але яна нікім не сьцьверджана. Мне хацелася-б мець фатаграфічную копію з арыгінала, альбо пасьведчаную экзархам Аўстраліі. Найлепш, каб яна была ў ангельскай мове й я надрукаваў яе ў „Царкоўным Сьветачы". У сувязі з тым, што некаторыя будуць мець пэўныя засьцярогі, дык хацелася-б мець гэты дакумант сьцьверджаны адпаведнымі подпісамі.
Заканчываючы гэты ліст яшчэ раз паўтараюся, чым хутчэй Вы прыйдзеце да нас, дык будзе лепей як для Вас, так і для нас. Прашу Вашых малітваў і жадаю ўсяго найлепшага. Спадзяюся, што ў Вас не пагоршыліся суадносіны з экзархам і Вы лёгка й хутка палагодзіце маю просьбу.
З любоўю ў Хрысьце
[а. М. Лапіцкі]
№ 15
[Копія]
[Саўт Рывэр], 17 чэрвеня 1971 г.
Высокапрэасьвяшчэньнейшы Ўладыка!
Пара дзён таму назад атрымаў Ваш ліст, а сягоньня а. Георгій Вакапулас, канцлер Канстантынопальскага Патрыярхату ў Амэрыцы тэлефанічна мяне павядоміў, што Кансгантынопальскі патрыярх даў благаславеньне для беларусаў займець свайго беларускага епіскапа ў вольным сьвеце.
Як Вам ведама, дня 27 і 28 сакавіка 1970 г. у Саўт Рывэр адбыўся Царкоўны Зьезд, які склікаў я, як протапрэсьвіцер і Старшыня Царкоўнай Рады Беларускай Праваслаўнай Царквы ў вольным сьвеце. На гэтым Царкоўным Зьездзе быў прыняты зьмест лісту да Канстантынопальскага патрыярха, у якім прасілася „высвяціць епіскапа беларуса для кіраўніцтва беларускімі прыходамі й апекі над рэлігійным жыцьцём праваслаўных беларусаў, расьцярушаных у розных краінах вольнага сьвету сярод розных народаў". Прайшоў даўжэйшы час і, нарэшце, наша просьба палагоджана прыхільна.
Ліст да патрыярха надрукаваны ў „Царкоўным Сьветачы" за 1970 г. Сп. М. Зуй яго павінен мець. У свой час я на яго адрас выслаў пара штук.
Такім чынам, з Вашым пераходам мы ня будзем мець перашкод, каб Вы ачолілі нашы прыходы. А таму прыяжджайце, альбо прысылайце дакуманты выйшаўшы з Расейскай Зарубежнай Царквы й мы гэту справу аформім.
Дня 4 ліпеня ў нас адбудзецца адчыненьне Рэлігійнага Адпачынковага Цэнтру й адначасна сьвята вэтэранаў. Зьбярэцца шмат народу. Калі-б Вы прыбылі на тэты дзень і аб'явілі аб Вашай дэцызыі, дык гэта напраўды быў-бы сукцэс. На разе я трымаю ў тайне Ваш апошні ліст, а таксама згоду патрыярха, спадзяюся, што Вы прыміце канкрэтную пастанову й я як Вашу, так і патрыярха падам да ведама 4 ліпеня.
Даражэнькі Ўладыка! Не адкладывайце справы й як найхутчэй дайце адказ, альбо прыяжджайце самі. Справа на мазі!
З любоўю ў Хрысьце
[а. М. Лапіцкі]
№ 16
[Копія]
[Саўт Рывэр], 17 ліпеня 1971 г.
Высокапрэасьвяшчэньнейшы Ўладыка!
Прачытаўшы Ваш ліст да Івана Іванавіча, сеў за машынку й пішу гэ-ты ліст, пакінуўшы работу каля хаты.
1. Грэкі намі апякуюцца ў сілу неабходнасьці, дзеля таго што мы ня маем свайго епіскапату. Яны пры наяўнасьці протапрэсьвіцера ня ўмешываюцца ў нашы ўнутраныя справы, а пры наяўнасьці епіскапа тым больш яны ня будуць умешывацца. Крывіцкі адлам у Нью Ёрку, дзе цяпер служыць а. С. Коўш, беспасярэдне афармляе свой прыход у Экзархаце, але Экзархат усю справу скіраваў да мяне. Яны цяпер выконваюць толькі функцыі епіскапа й то толькі на нашу просьбу. Калі-ж мы будзем мець свайго епіскапа, дык ён зусім ад іх незалежны будзе ў сваей дзейнасьці. Так прадстаўляецца наша царкоўная справа, калі расходзіцца аб жыцьці, фармальна-ж мы ад іх залежым, але гэтага мы не адчуваем. Калі прыйдзіце Вы, дык справу паставіце
так, як Вы захочаце. Тым больш, калі расходзіцца аб самастойнасьць Царквы, дык Вас усе беларусы падтрымаюць і Царква будзе самастойнай. Цяпер мы ня можам гэта зрабіць, бо ня маем епіскапа. Апрача гэтага ў Вас ёсьць козыр у руках: Вы - епіскап Беларускай Праваслаўнай Царквы, для якой былі й хіратанізаваны.
2. Што тычыцца сьвяшчэньніка, дык тады толькі ня маюць да яго прэтэнсыі пры пераходзе ў іншую юрысдыкцыю, калі ён мае адпускную грамату. Ігумен Ю. Троцкі быў прыняты ў свой час да Канстантынопальскага Экзархату, але ня меў граматы адпускной і калі Сынод РЗЦарквы злажыў пратэст, дык арх. Міхаіл звольніў яго й ён пайшоў да мітр. Леонція, які прыняў яго без адпускной граматы. Архім. Язэп прадставіў грамату ад арх. Мацьвея. Так прадстаўляецца справа, што тычыцца сьвятарства. Што тычыцца Вас, дык Вы са-мі знаеце, што трэба зрабіць і мець на руках пры выхадзе з РЗЦарквы, каб пазьней ня меў да Вас прэтэнзіі Сынод РЗЦарквы. Наагул,справа суадносін епіскапаў РЗЦарквы й епіскапаў т. зв. Аўтаномнай Беларускай мітраполіі ведама толькі Вам, а таму паступайце так, якуважаеце. Для нас, беларусаў, важна каб Вы вышлі з РЗЦарквы, а абгэтым будзе сьведчьщь Ваша пісьмовае заяўленьне, зложанае Сыноду РЗЦаркве. Што тычыцца Канстантынопльскай Патрыярхіі,дык яна хоча мець дадзеныя аб Вас, што Вы кананічны епіскап і не забаронены.
3. Памёр украінскі мітр. Іван Тэадаровіч і цяпер адбываюцца гутаркіарх. Якава з арх. Мсьціславам. Магчыма знойдуць выхад з палажэньня. Як відаць, ёсьць зацікаўленьне як з аднаго боку, так і з другога. Гэта таксама дае надзею што й мы будзем мець посьпех, калі будзем рабіць захады аб поўнай незалежнасьці на чале з сваім епіскапам.
Зразумейце, Уладыка, што без епіскапа мы гэтага зрабіць не можам, а разам з Вамі мы зробім так, як Вы хочаце, бо Ваша ўстаноўка адказвае й нам, калі ня будзе перарвана сувязь з Канстантынопальскай Патрыярхіяй.
Дарагі Ўладыка! Яшчэ раз паўтараюся, ня бойцеся й як найхутчэй ачольвайце нашу Царкву. У сё будзе добра. У Трэнтане просяць адчыніць прыход, але няма каго паслаць. Рвецца архім. Язэп, але няма кім яго замяніць у Таронта.
Ваш паслушнік
[а. М. Лапіцкі]
№ 17
[Копія]
[СаўтРывэр], 28 верасня 1971 г.
Высокапрэасьвяшчэньнейшы Ўладыка!
Атрымаўшы Ваш апошні ліст наведаў грэкаў. Яшчэ раз парушыў справу Вашага пераходу й ачольваньня нашай Беларускай Царквы ў вольным сьвеце. Справа стаіць добра. Грэкам залежыць, каб Вы былі кананічным і незабароненым у сьвяшчэннаслужэньні. Калі-б я меў ня толькі Вашу грамату, але й Ваша заяўленьне аб Вашым выхадзе з Рускай Зарубежнай Царквы ды жыцьця

