|
ПРОТ. ІВАН КУШНЕР
У двадцатую гадавіну трагічнай сьмерці
Дня 5 ліпеня 1963 году мінула 20 гадоў ад трагічнай сьмерці а. прот. Івана Кушнера, каторы дня 5 ліпеня 1943 году быў забіты падчас выбуху міны, калі ехаў зь Менску ў мястэчка Ракаў. Да ахвяр, якія нёс беларускі народ у барацьбе за сваю вольнасьць і незалежнасьць, далучылася яшчэ адна вялікая ахвяра. Загінуў беларускі сьвятар-патрыёт, які аддана працаваў над адбудовай Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы, каторая была зьнішчана бальшавіцкім тэрорам.
Айцец прот. Іван Кушнер нарадзіўся ў 1908 годзе ў мясцовасьці Лужкі, Глыбоцкай акругі. Пасля заканчэньня народнай школы ён пастушу ў Віленскую духоўную сэмінарыю, якую скончыў у 1930 годзе. Пасьля рукапалажэньня ў сан сьвятара ў 1930 годзе не пайшоў на прыход, а паступіў на багаслоўскі факультэт пры Варшаўскім унівэрсытэце, які закончыў у 1934 годзе. У 1935 годзе а. Іван Кушнер абараніў магістэрскую працу й атрымаў ступень магістра багаслоўя. У сэмінарыі й на багаслоўскім факультэце а. Іван Кушнер быў заўсёды актыўны ў хоры, на сцэне ды ў гуртках беларускае самадзейнасьці й абстынэнцыі.
Падчас вышэйшых студыяў служыў у праваслаўным прыходзе ў Валоміне каля Варшавы. А пасьля заканчэньня багаслоўскага факультэту быў назначаны ў 1934 годзе настаяцелем прыходу Ятвецк на Беларусі.
У часе Другой сусьветнай вайны ён пакідае Ятвецк (у 1941 годзе) і пераяжджае ў Менск, дзе разам зь іншымі беларускімі сьвятарамі й нацыянальным актывам працуе над аднаўленьнем БАПЦ.
У Менску ён быў настаяцелям царквы на Вайсковых могілках, сябрам Мітрапалітальнае Ўправы Беларускае Праваслаўнае Царквы. Быў таксама сябрам Перадсаборнай Камісіі і ўдзельнікам Аўтакефальнага Сабору Беларускае Праваслаўнае Царквы ў 1942 годзе, на якім чытаў рэфэрат „Пытаньне аўтакефаліі на Беларусі", у каторым падаў гістарычны матар'ял аб Беларускай Праваслаўнай Царкве, калі яна існавала як аўтакефальная, самастойная Царква.
Цяпер, калі прайшло ўжо больш 20-ці гадоў пасьля Аўтакефальнага Сабору ў Менску (1942) і час прыцьміў у памяці падзеі востра адчутага й перажытага зьместу ды трагізму змаганьня за родную Царкву, за праяўленьне нацыянальнага „я", перад намі аднак устаюць незабыўныя постаці барацьбітоў, узарваных мінамі, павешаных, спаленых, расстраляных, утопленых, замучаных, якія для ідэі дзяржаўнае незалежнасьці
Беларусі аддалі самае найдаражэйшае - сваё жыцьцё. Да іх належыць і постаць а. прот. Івана Кушнера, які на 35-ым годзе свайго жыцьця загінуў ад міны, заложанай ворагамі Беларусі й беларускага народу.
Варожая рука зьнішчыла ў цьвеце год жыцьцё добрага сьвятара й шчырага патрыёта ды спрычыніла нязгасны жаль і сум матушцы, маленькай 5-гадовай дачцы Алене, радні, прыхаджанам, сябрам і супрацоўнікам.
Няхай гэты ўспамін у 20-ую гадавіну трагічнае сьмерці будзе вянком на ягоную магілу.

