|
СЬВЯТОЙ ПАМЯЦІ АНАТОЛЬ КОЎШ
Honors the Memory of ANATOL KOUS
This Certificate is Awarded by a Grateful Nation in Recognition of Devoted and Selfless Consecration to the Service of Mankind in the Armed Forces of the United States.
John F. Kennedy
President of the United States
Яшчэ адна магіла на беларускім могільніку ў Саўт Рывэры. Адыйшоў ад нас у лепшы сьвет, ня скончыўшы 22 год, поўны духовых і фізычных сілаў, сьв. п. жаўнер Анатоль Коўш. Новапрыстаўлены нарадзіўся на Беларусі 14 жніўня 1940 году. У выніку Другой сусьветнай вайны грудным дзіцем, разам з бацькамі, ён перанёс усе яе жорсткія праявы як на Бацькаўшчыне, так і ў Нямеччыне. Прыбыўшы з бацькамі ў Амэрыку, ён скончыў гайскул і паступіў у каледж на інжынерыйны аддзел. Па прызыву сэрца ён пакідае каледж і ідзе ў армію з тым, каб па сканчэньню вайсковае службы зноў працягваць навуку. Але, на вялікі жаль, лес ня судзіў сьв. п. Анатолю споўніць яго пляну й імкненьняў. У выніку аўтамабільнае катастрофы ў горадзе Гайдэльбэргу (Нямеччына) дня 26 ліпеня 1962 году трагічнай сьмерцяй ён скончыў сваё тутэйшае зямное жыцьцё, пакідаючы ў вялікай пакуце й нязгасным суме бацькоў - а. протад. Сьвятаслава, матушку Веру Мікалаеўну й брата Алега.
На жаданьне бацькоў цела сьв. п. Анатолія зь Нямеччыны было перавезена ў Амэрыку й пры асысьце амэрыканскай арміі пахавана на беларускім праваслаўным могільніку ў Саўт Рывэры.
Паніхіды, адпяваньне й паховіны - гэта плач і рыданьне ня толькі родных, але ўсіх тых, хто прыйшоў памаліцца за супакой яго душы й сказаць яму апошняе „бывай" каля яго адчыненай труны й каля яго так перадчаснай магілы.
Заўпакойную літургію й чын адпяваньня адправілі мітрафорны протаіерэй а. Е. Сурвіла й протапрэсьвіцер а. М. Лапіцкі. Прыгожа й зь вялікім малітоўным настроем пяяў у поўным складзе хор Сьв. Еўфрасіньнеўскай царквы пад кіраўніцтвам рэгента Д. Верасава.
Перад апошнім цалаваньнем пропаведзь сказаў а. Е. Сурвіла, які распачаў яе словамі: „Трагічная й нечаканая сьмерць Толіка, як удар грому, паразіла ня толькі родных, але і ўсіх нас. Няма словаў, якімі можна было-б пацешыць бацькоў пры апошнім цалаваньні свайго дзіцяці. Але калі не пацеху, дык падтрыманьне заўсёды можна знайсьці ў Госпада Бога. А таму прымеце гэты цяжкі крыж і шукайце ў гэтым вялікім няшчасьці падтрыманьня ў Бога". „Гасподзь даў і Гасподзь узяў!", - гаворыць са сьлязамі бацюшка...
Адпусьціцельная малітва... Апошняе цалаваньне... Сумнае, бясконца цяжкое — гэта суцэльны плач і рыданьне... Каля труны вянкі й букеты кветак - агульная любоў вялікай і дружнай беларускай сям'і... У гэтым падтрыманьне... Інакш, як перанесьці такое цяжкае гора? Труну зь целам, пакрытую амэрыканскім сьцягам, з царквы выносяць жаўнеры... Апошні шлях: „а може всі человецы пойдзем...". Вось і могільнік - наша апошняе прыстанішча. Сьвеціць сонца й сваімі праменьнямі быццам хоча сагрэць халодную магілу... Кароткая ліція. „Со духі праведных скончавшіхся, душу раба Тваего, Спасе, упакой, сахраняя во блаженной жізні, яже ў Тебе, Человеколюбче... Едіна чістая і непарочная Дзево... молі спасціся душі его... Вечная памяць...".
Жаўнер трубіць... Разьвітальны салют. Усе жаўнеры стаяць на зважай. Цішыня. Каманда й трохзалпны аружэйны разьвітальны салют. Здымаюць з труны сьцяг, і афіцэр уручае матцы, якая цалуе сьцяг, паліваючы буйнымі гарачымі сьлязьмі ў няўцешным горы. Над сьвежай магілай гаворыць настаяцель, каторы сваё разьвітаньне закончыў словамі: „На гэтым сьвеце ёсьць асобны род людзей, якія ўжо зь дзяцінства выдзяляюцца сваёй духовай красой. Гэтыя людзі праходзяць свой зямны шлях як цені й вельмі часта ў раньнім веку адыходзяць ад нас у вечнасьць, пакідаючы па сабе вялікі жаль, боль і смутак. Такіх людзей, як кажа прамудры Саламон, Гасподзь Бог паклікае прадчасна з гэтага сьвету, каб зямным злом не зацьмілася сэрца й душа іх. Магчыма, і Ты, мой быўшы прыслужнік, пеўчы й добры парафіянін, належыў да гэтых людзей, але мы людзі абмежаваныя й ня можам ведаць таямніцу Промыслу Бога Ўсявышняга, Каторы „ізбраў і прыняў" цябе, дарагі Анатолі, у такім маладым веку. А таму зь вялікім і нязгасным сумам, разьвітваючыся з Табою, так блізкім, дарагім і незабыўным, просім Госпада Бога ўпакоіць душу Тваю ў Царстве Нябесным, а амэрыканская зямля, сагрэтая гарачымі сьлязьмі родных і ўсіх нас, якая прыняла Цябе, няхай будзе лёгкім пухам!".
Пасьля быў жалобны абед, на які былі запрошаны ўсе прысутныя на паховінах.

