|
Міхась Наўмовіч
МАЕ ЎСПАМІНЫ ДЗЯЦІНСТВ
Я нарадзіўся ў 1922 годзе на Наваградчыне, у мястэчку Кашалева. Гэтая частка Беларусі тады была пад Польшчай. Сям’я складалася з чатырох чалавек: мама, бацька, мой брат і я. Пазьней нарадзілася сястра.
Каля Кашалева кругом быў вялікі лес. Багатая магнатка (ня памятаю яе імя, звалі яе проста Ёдчыха) выразала свой лес і прадала, але зямлю аддала для Кашалева задарма (каля 400 гэктараў).
Каля лесу былі параскіданыя загоны (можа, два кілямэтры на ўсход і на захад). Там адзін загон, там другі. Людзі ехалі з аднаго загону на іншы, каб сеяць і сабраць ураджай. А калі Ёдчыха аддала зямлю, улады задумаліся, каб з гэтай зямлі дадатковай Ёдчыхі і з гэтай, што існавала, зрабіць вялікія дзялянкі-хутары. Мой бацька ўзяў на захадзе, каля шашы, што йшла з Наваградка ў Наваельню. За трыста мэтраў ад гэтай шашы ён выбраў дзялянку 5 гэктараў і перанёс усе свае будынкі з Кашалева. Памятаю — хата стаяла пры дарозе, ззаду былі хлявы і іншыя прыбудовы.
Сям’я была сярэдняга дастатку. Трымалі дзьве-тры каровы. Акрамя таго, бацька быў бондарам, рабіў добрыя бочкі і прадаваў.
Першыя ўспаміны: матка мяне будзіла рана, я браў пугу і йшоў за каровамі. Бо там, у гэтым лесе, што сьпілавалі, былі прасторы для ўсяе вёскі. Пастухі пасьвілі там кароў. А мы з карчоў, што там засталіся, рабілі барыкады, гулялі ў вайну: «адна барыкада» ваявала з «другой барыкадай».
Аднойчы я знайшоў пад кустом маленькага зайчыка, маленькага, як мой кулак. Ён хутка бег, хацеў уцячы. Я таксама хутка бегаў і пад елачкай яго злавіў, прынёс дадому, зрабіў клетку і ў гэтай клетцы гадаваў. Мае бацькі на гэта нічога не гаварылі. Ён хутка падрос, было ўжо вялікае такое стварэньне. Я зьбіраў для яго шмат розных карэньняў, траву. А ён раптам памёр. Я вельмі плакаў, бо палюбіў гэтага зьвярка і не зьбіраўся яго забіваць. Хацеў, каб ён жыў са мной. Мне было сем, здаецца, гадоў, калі я зразумеў гэтую сымволіку: кожнае стварэньне шукае прасторы і волі.
Пасьля я занёс гэтага зайца за гумно і пахаваў.
Улада ў тыя часы была польская. А вёскі кругом — беларускія. (Толькі там, за мястэчкам, пад гміну, каля сельскагаспадарчай школы, парабілі хутары палякі. Здаецца, Пілсудзкі даў польскім легіянерам тут крыху нашай зямлі. Яны абрабляць зямлю ня надта ўмелі. Ну, але неяк з гэтай зямлі жылі.) У нас каля дому ў кожнай сялянскай сям’і быў садок.
Мой стрыечны брат, таксама Міхась Наўмовіч, быў пры Пілсудзкім у найвышэйшай групе вайскоўцаў, якая ахоўвала Пілсудзкага. Там, у гэтай ахове, былі толькі беларусы, таму што здольныя, разьвітыя фізычна, добрыя, надзейныя салдаты. Як брат прыяжджаў, я запомніў яго ў вайсковай форме, вайсковай шапцы, з шабляй.
Калі прыйшоў час ісьці ў школу, прыехала польская настаўніца. Дзеці ўсе былі беларусы, а вучыцца яны адразу павінны былі па-польску. Вучыліся па-польску, а між сабой гаварылі па-беларуску. Так ішло маё першапачатковае навучаньне. А пасьля бацькі аддалі мяне вучыцца ў Наваградак.
У Наваградку пры станцыі палякі збудавалі новую драўляную двухпавярховую школу, і там я ўжо вучыўся аж да сёмага клясу. Вучыўся таксама па-польску. У гэтых гадах палякі зачынілі беларускую гімназію, і многія прафэсары беларускай гімназіі перайшлі ў гэтую «паўшэхную» школу. Геаграфію выкладаў у нас настаўнік Орса. Калі я вучыўся ў сёмым клясе, аднаго разу я ўключаў электрычнае сьвятло, стаў на крэсла і зламаў яго. Настаўнік паклікаў майго бацьку, каб заплаціў за крэсла. І тады ён сказаў бацьку: «Мусіце абавязкова паслаць вашага сына ў гімназію». Бацька кажа: «Не магу, бо я матэрыяльна не ўтрымаю сына: дорага каштуе тая вучоба». Але настаўнік вельмі настойваў. І бацька пагадзіўся, што ўсё зробіць, каб паслаць мяне ў гімназію. І вось аднаго разу паклікаў мяне мой бацька і сказаў: «Гэты хутар у пяць гэктараў, што мы маем, я падзяляць ня буду. Гэта застанецца для твайго брата. А ты будзеш вучыцца». (Дарэчы, мой брат вялікай прагі да вучобы ня меў.)
Я скончыў сёмы кляс. Прыйшлі канікулы. Памятаю, пайшоў у Наваградак пехатой, каб здаваць агульны ўступны экзамен у гімназію. (Гэта каля Замкавай гары ў Наваградку.) Здаў гэты экзамен (зразумела, па-польску). Вярнуўся дадому і пайшоў у поле да маткі. Яна мне кажа: «Я табе дала апошніх 10 злотых «упісных» (былі ўпісныя 10 злотых), цяпер ня маем ні аднаго гроша». А трэба было купіць спэцыяльную форму (касьцюм з срэбнымі гузікамі, шапачку), заплаціць за памяшканьне, дзе б я мог жыць, кніжкі купіць, заплаціць за школу.
Мы ўсё лета працавалі: кожны дзень зьбіралі ягады (паземкі, чарніцы, маліны), матка рабіла масла, сьмятану, сыр, зьбіралі яйкі і ўсё гэта што два-тры дні насілі прадаваць у Наваельню, што за 12 кілямэтраў ад нас. У Наваельню прыяжджалі палякі з Варшавы, з Лодзі, з усіх цэнтраў Польшчы, каб адбыць добрыя канікулы. Бо там рэчачка, сосны, было прыгожа. Там на рынку мы ўсё й прадавалі.
Насілі пехатой у руках і на сьпіне, стараліся, каб не скалыхнуць моцна гэтыя ягады, каб не пацерці. Калі вярталіся дадому, мой брат на дарозе спатыкаў нас і падвозіў на возе. Гэтак я разам з бацькамі зарабляў сабе на вучобу.
Грошы патрабаваліся немалыя. Гімназія была дзяржаўная, але мусілі плаціць. Усе плацілі, толькі плацілі па-рознаму. Палякі плацілі значна менш за беларусаў. Вельмі маленькая стаўка была для ўрадоўцаў. Яны плацілі за дзяцей вельмі мала, як і тыя, што працавалі ў паліцыі. А беларусам давалі стаўку поўную, 200 злотых на год (што раўнялася 100 дням працы работніка). У верасьні трэба было заплаціць «уступныя». Ад гэтага, ад зарабляньня грошай на вучобу, пачалася мая сярэдняя адукацыя.
Пад восень бацька пачынаў рабіць бочкі. Ён рабіў іх з дубу, быў добры бондар. Пасьля складаў меншыя ў большыя на воз і на кані ехаў аж 40 кілямэтраў у Карэлічы і прадаваў, бо там лясоў блізка не было, і бондараў не было. Бочкі добра куплялі. Так памаленьку бацька зьбіраў грошы на маё навучаньне.
Мінуў першы год гімназіі. Падчас канікулаў (гэта ўжо былі 37-ы, 38-ы гады) зноў зьбіралі ягады, матка рабіла сыр і ўсё астатняе. Мы працавалі проста як валы (матка, бацька, дзеці), каб можна было заплаціць за вучобу. Гэтак было аж да прыходу савецкай арміі.
Я ўжо быў другі год у гэтай польскай гімназіі, як да нас у Наваградак прыехаў Забэйда-Суміцкі. Ён сьпяваў у вялікай гімнастычнай залі, сьпяваў выключна па-беларуску. Гэта мой вельмі прыемны ўспамін. Голас Забэйда-Суміцкі меў цудоўны і сьпяваў прыгожыя беларускія песьні. Палякі слухалі таксама. Прапарцыйна да насельніцтва іх у Наваградку было мала. Але ў школе было больш палякаў, чым беларусаў, і габрэяў шмат было.
Беларускія сяляне не маглі вучыць сваіх дзяцей, бо для іх была зроблена вельмі дарагая вучоба, ня мелі чым плаціць. З Кашалева (мястэчка ў тысячу чалавек) толькі я адзін стаў вучнем у польскай гімназіі, хаця было шмат здольных беларускіх хлапцоў, якія хацелі і маглі б вучыцца, як і я.
Вось адзін прыклад, якая была розьніца ў магчымасьцях вучыцца. Была ў нас у гімназіі прыгожая такая жыдовачка. Яе бацька служыў у легіёнах Пілсудзкага, і таму ён на навучаньне дзяцей меў 50 адсоткаў зьніжкі. А паколькі ён быў яшчэ й урадовец, то была яшчэ большая зьніжка. Яе бацька, да таго ж, нашмат болей зарабляў за майго бацьку. А за дачку ў год плаціў толькі 13 злотых. Мой бацька плаціў 200 злотых. Гэтыя сацыяльныя разьбежкі былі проста балючыя.
Магчыма, гэтакай была тагачасная спэцыяльная польская палітыка, каб зь вёсак, з гушчы беларускага народу ў сярэднія і вышэйшыя школы — не пускаць. Была такая перашкода, і я гэта вельмі добра памятаю.
1939-Ы ГОД
Гэты год мне добра запомніўся. Памятаю, як увосень я быў у полі на горцы (ля Кашалева). Унізе — лагчынка, далей яшчэ невялікія горкі на поўдзень. Раптам прыляцелі буслы. Іх было так шмат, больш, чым тысяча. Занялі цэлую горку, гэтыя бела-чорныя прыгажуны. Яны між сабой нібы гаварылі, гаварылі доўгі час, я слухаў іхную птушыную размову. Потым яны падняліся клінам: адна фармацыя, пасьля другая, трэцяя, чацьвёртая... Я глядзеў, як быццам хацеў запомніць на ўсё жыцьцё гэты цудоўны абраз, наш беларускі абраз. І потым, на чужыне, я часта бачыў яго перад вачыма. Шмат зьведаў я краёў, але такога абраза хіба ж можна знайсьці дзе ў Эўропе, ці ў сьвеце?!
У 39-м годзе Польшчу з Усходу акупавалі саветы, а немцы раскідалі Польшчу з Захаду. Польская армія йшла на ўсход і амаль што ўся трапіла ў рукі саветаў. (У Катыні таксама ляжаць нашыя беларусы.) Я бачыў, як прыехалі да нас першыя сілы чырвонай арміі. Я выбег на дарогу, што каля дома, дзе ўжо стаялі рускія. Яны зьвярталіся да мяне па-расейску, але я ня мог ім адказваць, бо ня ведаў расейскай мовы і амаль нічога не разумеў, што яны да мяне гаварылі. Тут я адразу пераканаўся, што наша мова, беларуская, вельмі розная ад расейскай.
Скончылася польская — пачалася бальшавіцкая расейская акупацыя на нашай Заходняй Беларусі. Усё зьмянілася. Пры паляках у крамах, хоць і дорага, але ўсё было. Саветы ўсе крамы, якія былі пераважна габрэйскія, пазачынялі, парабілі каапэратывы. У гэтых каапэратывах прадавалі соль, гарэлку, запалкі, а іншых прадуктаў амаль што не было. Дык калі прывозілі што-небудзь, утвараліся вялікія чэргі, чакалі ў гэтых чэргах часам цэлую ноч. Я аднаго разу стаяў у такой чарзе з 10-й гадзіны вечара і аж да 7-й раніцы. Чакаў, таптаў сьнег (было 10 градусаў ніжэй нуля), змарозіў вуха, каб купіць кіляграм цукру. А гарэлкі можна было купляць колькі хочаш. Соль таксама. Іншыя прадукты пазьнікалі.
Але савецкая акупацыя характарызавалася ня толькі гэтым. Людзі сёньня былі тут, назаўтра — няведама дзе. Многіх працавітых людзей назвалі «кулакамі», і як скончыўся іхны лёс — вядома. Іх павезьлі ў Сібір, шмат каго пастралялі над ракой Об. Пасьля быў заліў вады, і ўсе трупы вымыла Об і панесла на поўнач. Тысячы забітых беларусаў. Тых беларусаў, што заставаліся яшчэ на сваёй зямлі жыць, саветы абкладвалі натуральнымі падаткамі.
САВЕЦКАЯ ШКОЛА
Савецка-расейскія акупанты з гімназіі польскай зрабілі расейскую дзесяцігодку, і ў 39- 40-м гадах я прадаўжаў там вучыцца, толькі ўжо на расейскай мове. Расейскай мовы я не любіў, і добра так і не навучыўся гэтай мовы.
Настаўнікі былі савецкія (толькі нямногія настаўнікі засталіся ранейшыя), але ўзровень навуковы стаў ніжэйшы. Калі вучань сканчаў польскую гімназію, гэта быў ужо чалавек сапраўды дарослы, які мог ужо крышку шырэй думаць, бо ведаў шмат рэчаў і мог пачаць самастойнае жыцьцё. А як прыйшлі савецкія настаўнікі, стала значна горай. Усюды былі фальш, ідыятызм. Наслалі нам такіх выкладчыкаў, якія нас вучылі дактрыне, каб усе сталіся камуністы і баранілі вялікую» ідэю, якую выдумалі Маркс, Ленін і іншыя дурні.
Ну былі, напрыклад, лекцыі па сталінскай канстытуцыі. Выклады даваў нам нейкі казахстанец, які быў заўсёды апрануты ў вайсковую ўніформу. Я памятаю, прыйшоў раз і пачаў гаварыць, што іхная такая вялікая сіла і такія яны маюць магчымасьці, што там, недалёка ад Паўночнага полюса, на Новай Зямлі, будуць садзіць агароды, яблыні, вінаград. А я на яго глядзеў і думаў: ну аб чым ён гаворыць? Такіх рэчаў гаварыць жа няможна, калі чалавек мае сапраўды нармальны розум, бо каля полюса нічога ня будзе расьці. Ён злавіў мой крытычны позірк, паглядзеў на мяне і паставіў цяжкое пытаньне, зьвязанае з канстытуцыяй Сталіна. Я нічога не адказаў, бо ня ведаў, і ўсьміхнуўся так, як можа ўсьміхнуцца хлопец у 17 гадоў. За гэты ўсьмех ён палічыў мяне проста за ворага савецкага рэжыму. Увесь час, калі ён уваходзіў раз на тыдзень у наш кляс, то заўсёды паказваў на мяне пальцам і ставіў цяжкое пытаньне. Я ўставаў, але нічога яму не адказваў: проста гэтая сталінская канстытуцыя ўжо залезла мне пад скуру. Глыбокая антыпатыя стварылася ў мяне да яго, і я ўжо нічога не адказваў. Для ўсіх настаўнікаў я быў даволі добры вучань, нашая клясная апякунка (яна выкладала матэматыку), мяне таксама любіла, бо я рабіў дэкарацыю школьнай насьценнай газэты (малюнкі, афармленьне). На кожнае бальшавіцкае сьвята ў клясе рабілі насьценную «сьвяточную» газэту. Я далучыўся да групы, якая малявала. Мы рабілі вялікія палотны (мэтры 2-3). Там былі і Ленін, і Сталін, і Кагановіч, і Варашылаў і іншыя «вялікія» людзі сацыялізму, якіх вывешвалі на будынкі.
Аднаго разу, на дзень нараджэньня Сталіна, выпусьцілі такую газэту. Там быў партрэт Сталіна і нешта пра яго напісана. Адзін хлапец ножыкам выкалаў вочы Сталіну. Дык зачынілі школу на тры дні! Сталінская міліцыя шукала, дапытвала аднаго за другім вучняў, каб знайсьці, хто гэта зрабіў, і пакараць. Мы ведалі, хто гэта, але ня выдалі хлопца. Затое добра адчулі, што такое савецкая сыстэма.
Так праходзілі першыя два гады савецкай акупацыі. Пад канец навучальнага году настаўнік, які выкладаў сталінскую канстытуцыю, усё рабіў, каб заблякаваць і не пусьціць мяне у вышэйшы кляс. На пэдагагічнай радзе, калі падышло да галасаваньня, усе настаўнікі казалі пра мяне: «ён у мяне добры», «і ў мяне», «і ў мяне»... І ўсюды было добра, толькі ў гэтага настаўніка я ўжо быў у поўнай апазыцыі, бо не хацеў вучыцца сталінскай канстытуцыі. І калі б мне было больш гадоў, то вывезьлі б у Сібір, ну але яшчэ адарваць ад бацькоў, магчыма, не сьпяшаліся. (Але пад канец іхнага савецкага панаваньня ў нас, у Кашалеве, яны майго бацьку і ўсю сям’ю намерыліся ўжо выслаць на Сібір, бо з бацькі зрабілі «кулака». Ён меў толькі 5 гэктараў зямлі, на якой працавалі з рана да ночы, сеялі крышку пшаніцы, крышку жыта, крышку грэчкі, гароху і іншае, каб пракарміць сям’ю і жывёлу. Але бацька паслаў сына ў польскую гімназію, значыць — кулак. Як прыйшлі немцы, дык да майго бацькі завітаў адзін чалавек, што працаваў у сельсавеце і сказаў: «Маеце шчасьце, што немцы прыйшлі. Калі б саветы прабылі яшчэ тры тыдні, вы паехалі б у Сібір усёй сям’ёй.)
Пад канец савецкай акупацыі, я добра памятаю (бо нават ноччу часамі прачынаўся ад грукату), ішлі і йшлі, ноч і дзень, савецкія танкі на Захад: саветы абстаўлялі мяжу. І гэта трывала больш як два месяцы. Гэтая нямазаная тэхніка вельмі трашчэла, часамі вусеніца жалезная спадзе, жалеза там церлася і грукатала так, што калі танкі йшлі па Наваградку, то 10 кілямэтраў ніжэй, у Кашалеве, было чуваць.
ПАЧАТАК НЯМЕЦКА-САВЕЦКАЙ ВАЙНЫ
Немцы перад тым, як напасьці на Савецкі Саюз, павялічылі колькасьць штурмовых дывізіяў Вафэн-эс-эс (з 200 тысячаў салдатаў да мільёну) і толькі тады заатакавалі Савецкі Саюз. Акрамя таго, немцы вырашылі збудаваць казармы (кашары) ў Нямеччыне. Прыйшоўшы на Беларусь і Ўкраіну, яны хацелі мабілізаваць беларускую, украінскую моладзь і стварыць беларускія і ўкраінскія дывізіі і стукнуць па расейцах усімі сіламі, каб тыя не апамяталіся. Але калі яны ўдарылі па Расеі гэтым мільёнам Вафэн-эс-эс, савецкая армія разьляцелася ў пясок: нічагусенька не засталося. І немцы не захацелі ўжо далучыць да перамогі беларусаў ды ўкраінцаў. (Гэтую інфармацыю я пачуў з вуснаў Старшыні Рады БНР Міколы Абрамчыка, якую ён сам даведаўся ад дасьведчаных асобаў, як быў у Бэрліне.)
Калі б саветы мелі толькі свае магчымасьці, яны б не абараніліся, бо да вайны былі горш падрыхтаваныя. Пазьней амэрыканцы далі вялікую помач саветам. З амэрыканскіх партоў кожны дзень выходзіла 30 вадаплаваў, напоўненых зброяй, рознымі машынамі, харчаваньнем, выбуховымі матэрыяламі... Амэрыканцы далі саветам усё неабходнае. Адным днём выйшла 30 вадаплаваў, а ў Мурманск-Архангельск прыплыло толькі восем. 22 вадаплавы немцы ўтапілі. А на кожным вадаплаве было якіх 150 хлапцоў абслугі, сярод якой былі і палякі, і беларусы, і ўкраінцы, і чэхі і іншыя. Іх зьбіралі амэрыканцы (на гэтыя вадаплавы) і добра плацілі.
Належнай абароны амэрыканскіх вадаплаваў не было, і далёка ня ўсе яны даплывалі да месца. Так што амэрыканцы панесьлі вялікія ахвяры. Аб гэтым у былым Савецкім Саюзе нават і не казалі. Зрэшты, ва ўсіх кніжках, дзе нашыя мастакі малявалі ваенныя абразы пабітых немцаў, там усюды савецкія ваенныя на амэрыканскіх «джыпах». Амэрыканцы прывезьлі ў Савецкі Саюз 750 тысячаў вялікіх вайсковых машынаў. Гэта было апублікавана падчас сьвяткаваньня юбілею высадкі ў Нармандыі. Амэрыканцы мелі бязьлічную колькасьць тэхнікі, і іхная дапамога Савецкаму Саюзу была велічэзная. Амэрыканцы выраблялі зброю, танкі, «джыпы», вялікія машыны і закідвалі саветам. Пасьля я бачыў іхную амэрыканскую тэхніку і ў Італіі. Саветы пра гэта хутка забыліся і гаварыць не хацелі, а ўсю перамогу прыпісвалі толькі сабе. Гэта бессаромныя паводзіны, бо без амэрыканцаў саветы ніколі б не перамаглі. Яны спрабавалі гаварыць, што заплацяць за гэтую дапамогу больш як 10 мільярдаў даляраў. Але заплацілі толькі два мільёны. (Маўляў, быццам бы нешта заплацілі.)
Як выбухнула вайна, некалькі дзён было спакойна. А пасьля мы ўжо бачылі, як гэтыя савецкія танкі, цяжкія машыны, амбулянсы вярталіся назад. Яны ехалі, пакуль быў бэнзын, а пасьля саветы ўсё кінулі на дарозе і ўцякалі бязладна. (Як прыйшлі немцы, дык усю гэтую савецкую тэхніку раськінулі ўбок, каб маглі праехаць нямецкія вайсковыя сілы.)
Савецкія жаўнеры, што ня мелі, на чым ехаць, мусілі йсьці праз поле на ўсход пешшу. Я іх бачыў. Гэта быў быццам мурашнік. Яны пакідалі ўсю сваю зброю, ішлі без нічога. Затрымліваліся перад нашым домам. Мама выносіла малако, хлеб, усё, што мела.
Так уцякала ад немцаў «вялікая» чырвоная армія. Я гэта ўсё назіраў.
Некаторыя савецкія жаўнеры засталіся на вёсцы як работнікі. Іх немцы спачатку не чапалі, але іх зачапіла савецкая партызанка, якую потым арганізавалі ззаду, за фронтам, як немцы прайшлі.
У савецкай партызанцы было больш бальшавіцкіх бандытаў, чым партызанаў. Вось тут бяда. Гэтых жаўнераў партызаны забіралі. Было шмат няшчасьцяў, бо тыя партызаны змушалі і беларускіх хлапцоў, каб ішлі зь імі. Я ведаў двох, да якіх у дом (у нас, у Кашалеве) прыйшлі партызаны. Хлопцы не захацелі пайсьці зь імі, бо тыя Беларусь не баранілі, і савецкія партызаны іх застрэлілі ў доме.
Партызанка была бандыцкай, дарэчы, ня толькі у нас, на Беларусі, але й шмат дзе, нават у Францыі былі камуністычныя партызаны, якія прыходзілі і шукалі людзей багатых, што ня верылі ў камунізм, і іх стралялі. У Францыі каля Ліможу больш як дзьве тысячы чалавек пастралялі. Адзін гісторык французкі так піша пра французскую партызанку падчас нямецкай акупацыі, я чытаў. Так што ў Францыі поўна было камуністаў. Пасьля вайны за іх галасавалі ў Францыі больш як 30 адсоткаў. Бо саветы тады вялі вялікую прапаганду, што створаць «новы сьвет», новыя ўмовы жыцьця для ўсіх людзей, і ўсе будуць шчасьлівыя. Цяпер увесь сьвет пераканаўся, які гэта ёсьць абсурд.
Я любіў маляваць, і вучыўся ў прафэсара па малюнку Рамашкевіча, які браў мяне ў свае вандроўкі па ваколіцах. Аднойчы знайшлі ў лесе партызанскае гняздо з кубламі шынкі, сала ў нейкіх пасудзінах. Чаму яны пакінулі ў лесе пад дрэвамі гэтыя ўсе прысмакі, ня ведаю. Але калі мы гэта ўбачылі, дык у нас не было думкі, напрыклад, каб пачаставацца. Мы адразу, імгненна пабеглі праз лес, каб нас ня ўбачылі. Беглі вельмі хутка і доўга, бо ведалі, што ёсьць небясьпека. Калі б нас дагналі партызаны, то расстралялі б (за тое, што іхняя схованка «рассакрэчана»).
У 41-м я меўся пайсьці ў вышэйшы кляс дзесяцігодкі, але прыйшлі немцы.
Я быў вельмі спалоханы, калі ўбачыў нямецкія танкі. Уверсе на танку нямецкія жаўнеры ў чорным глядзелі ў біноклі. Танкі ехалі па дарозе, што ля дому маіх бацькоў. Я схаваўся за будынак і глядзеў са страхам. Але гэтыя танкі йшлі так ціхенька, як быццам самаходы. Не параўнаць з трэскам і грукатам савецкіх.
Немцы пачалі ўводзіць сваю адміністрацыю.
Летам я працаваў у Наваградку ў млыне вагамайстрам. Людзі прывозілі малоць збожжа, а я ставіў на вагу, пасьля адбіраў 10 адсоткаў (у кошт аплаты). Былі квіткі (у якіх была пазначаная колькасьць кіляграмаў на абмалот). Але людзі прывозілі малоць збожжа ў два-тры разы болей, чым было напісана ў квітках. Плакалі, казалі: «З гэтага я ж не пракармлю маю сям’ю, маю жывёлу, зрабеце мукі болей». Прывозілі масла, сала, шынку, самагонку на падзяку.
Побач з млыном стаяла машына (піларама), якая расьпілоўвала лес на дошкі. Гэтая машына таксама круціла жорны ў млыне.
У Наваградку да вайны на 12 тысячаў насельніцтва было амаль 6 тысячаў габрэяў. У школе іх было таксама каля паловы. Як прыйшлі немцы, то некаторых маіх сяброў габрэяў пастралялі. Габрэяў расстрэльвалі і з аднаго боку Наваградка, і з другога. Беларусы ж габрэяў баранілі і перахоўвалі. Канфлікту паміж беларусамі і габрэямі не было.
Шмат габрэяў немцы загналі ў гета, якое было на поўначы Наваградка.
У тартаку пад канвоем працавала іх шмат (больш за сотню). Яны рабілі ўсю працу ля гэтай машыны, што пілавала дошкі.
Часта яны прыходзілі галодныя і прасілі паесьці, і я ім даваў масла, сала, дзяліўся сваім заробкам з гэтымі няшчаснымі людзьмі з гета. Я ім даваў, што мог. (Потым, дарэчы, усе габрэі з гета ўцяклі ў лес. І тут беларусы дапамаглі ім, хто вопраткай, хто ядой.)
Неяк да мяне на млын прыйшоў адзін інспэктар (гэта было напрадвесьні). Ён спаткаў быў аднаго чалавека, які вёз на санях, можа, трыста кіляграмаў мукі і праверыў. Пасьля прыйшоў у млын. «Дайце квіткі», — кажа. Я даў. Дык там было толькі палавіна адзначана (150 кіляграмаў). Ён мне кажа: «Калі немец прыйдзе і сканстатуе, што ты робіш больш, чым у квіткох напісана, выведзе цябе за млын і застрэліць». Працаваць далей там было цяжка.
БЕЛАРУСКАЯ ШКОЛА
Быў у Наваградку гэбітскамісар, немец, разумны чалавек, любіў малярства, любіў моладзь нашу беларускую, любіў беларусаў. Бо пра немцаў усіх таксама няможна сказаць, што былі бандытамі, гэта няпраўда. І вось ён дазволіў адчыніць у Наваградку беларускую школу. У ёй былі курсы для будучых настаўнікаў, якія меліся потым працаваць на вёсках і вучыць дзяцей беларускай мове, і матуральная школа, якая давала атэстат сталасьці. Нашыя беларускія прафэсары, што былі ў польскай «паўшэхнай» школе (Скрабец, Орса, ягоная жонка, Чытырка, Валынчык, пасьля прыйшоў Рамашкевіч) знайшліся ўсе ў гэтай школе беларускай. Былі тут за настаўнікаў і некаторыя палякі.
Гэтую школу раней збудавалі беларусы, калі яшчэ палякі не зачынілі гімназіі. Беларусы хадзілі па ўсіх вёсках, зьбіралі адзін злот, два злоты, каб збудаваць беларускую школу. Людзі самі будавалі беларускую гімназію, бо хацелі яе мець. Гэткім чынам вялікі дом збудавалі, толькі крыху ня скончылі. Цяпер яе дабудавалі ўсе разам. Мы, дзеці, таксама працавалі. Калі мы йшлі на працу з рыдлёўкамі, то па дарозе сьпявалі беларускія песьні. Людзі адчынялі вокны, глядзелі, прыветна ўсьміхаліся.
І вось там, у беларускай школе, стварылі курсы для будучых настаўнікаў. Усе прадметы, вядома, былі на беларускай мове, усё было беларускае. Бракавала толькі кніжак. Усе нашыя прафэсары з былой польскай гімназіі (фактычна, беларускай, толькі пад польскім рэжымам) гаварылі і выкладалі па-беларуску.
У суботу мы зьбіраліся, рабілі розныя артыстычныя імпрэзы ў школе. Цудоўная была там атмасфэра, беларуская. А гэта ж была нямецкая акупацыя. Мы ні за палякамі, ні за савецкім часам такіх добрых умоваў школьніцтва ня мелі, як за немцамі.
У Наваградку, за перакладчыка пры гэбітскамісары быў Барыс Рагуля (ён старэйшы крыху за мяне). Рагуля шмат зрабіў добрага для беларушчыны, пэўным чынам уплываў на гэбітскамісара.
Пры школе быў таксама матуральны курс. У красавіку 1944 года я здаў «матуру», і мне далі матуральны дыплём (атэстат сталасьці). Адна старонка ў ім была на беларускай мове, а другая — на нямецкай. (На ёй быў нямецкі арол са свастыкай, што мне пазьней у Францыі перашкаджала пайсьці на ўнівэрсытэт, але пасьля гэты дыплём мне прызналі, і гэта дало магчымасьць вучыцца ў вышэйшай школе ў Парыжы.) Гэты дакумэнт матуральнай сталасьці быў адзіным дакумантам, які я змог уратаваць і прынёс зь Беларусі аж у Францыю, блукаючы па дарогах вайны.
МОЙ ШЛЯХ У ДРУГОЙ СУСЬВЕТНАЙ
Гэты шлях нам дыктавалі немцы. Я, фактычна, нічога не выбіраў. Пасьля атрыманьня дакумэнту сталасьці нас, каля 270 хлапцоў з усёй Заходняй Беларусі, мабілізавалі. Гэта не была мабілізацыя ў нямецкую армію, гэта была мабілізацыя ў Беларускую армію (Краёвую абарону), якую будаваў прэзыдэнт Р. Астроўскі. Ён дамовіўся зь немцамі, каб стварыць Краёвую абарону і бараніцца ад савецкіх войскаў, якія вярталіся з Усходу на Беларусь. У Краёвую абарону патрэбныя былі афіцэры. І нас, якія атрымалі атэстаты сталасьці, вырашылі вывучыць на афіцэраў для беларускай арміі. Нам далі вайсковую форму і плянавалі павезьці ў Менск у беларускую афіцэрскую школу. Спачатку нас павезьлі ў Наваельню. Бацькі мае ехалі са мной. Там я й разьвітаўся з маімі бацькам і маткай, якія моцна плакалі. (Аказалася, што з бацькам я разьвітаўся назаўсёды. Матка пазьней прыяжджала да мяне у Францыю.) Бацькі нам далі ў дарогу кілбасаў, сала (баяліся, што ня будзе чаго есьці). Адтуль вялікі цягнік павёз нас ў Менск.
Мы апынуліся ў Менску. Але пачалося адступленьне. Я не зьбіраўся ўцякаць ад немцаў да саветаў, але ўжо шукаў, дзе ўцяку ад немцаў. (Бо напачатку гэта было немагчыма.)
Зь Менску нас павезьлі ў Вільню. У Вільні мы прабылі два дні. Нашыя сумачкі зь ядой (яшчэ ў Менску) немцы загадалі скласьці ў кучу, аблілі бэнзынам і спалілі.
Саветы ўжо вярталіся. Былі частыя бамбёжкі. На пляцформах стаялі скалечаныя нямецкія танкі, якія напраўлялі ў Нямеччыну. Немцы адступалі.
А 10-й гадзіне вечара мы былі ўжо ў вагонах, каб ехаць на Захад. І тут пачалася савецкая бамбёжка. Кругом са сьвістам падалі бомбы, паветра нас проста апальвала. На станцыі было сапраўднае пекла.
Спачатку мы з Аляксандрам Кляйновым схаваліся пад вагонам, а як бомбы ўжо не сьвісталі, мы беглі далей. Так перабежкамі мы прыбеглі пад вялікі адкос. Калі зноў сьвісталі бомбы, мы падалі ў раўчок, у канаву. Потым беглі далей. Бамбёжка трывала больш за гадзіну.
На шчасьце, бомбы нас не зачапілі. Калі мы вярнуліся на станцыю пасьля бамбёжкі, убачылі страшную карціну. Паламаныя загнутыя ўгару рэйкі на некалькі мэтраў. Некаторыя нашы беларусы, якія ня здолелі ўцячы, ляжалі забітыя пад вагонамі, некаторыя напалавіну спаленыя.
Жудасна гэта было бачыць. Мы зьбіралі іхныя трупы. Пад адным вагонам ляжаў забіты наш беларускі лекар Петраш.
Плакаць мы не маглі, знаходзіліся ў нейкім шоку: абраз быў вельмі цяжкі. У адзін вагон з коньмі трапіла бомба… сапраўднае пекла. Некаторыя вагоны гарэлі. Мы расьцягвалі гарэўшыя вагоны, каб уратаваць тыя, што ўцалелі. Трэба было ўсё паправіць, і цэлы дзень мы працавалі, каб выехаць са станцыі. Пад канец дня мы выехалі. Нас ужо было шмат менш, чалавек 170.
Як мы ад’ехалі 10 кілямэтраў ад станцыі, другі раз прыляцелі бамбавікі, і зноў пачалося пекла, але нас там ужо не было. Цягнік наш стаяў, мы ляжалі ў полі, у жыце. Калі бамбёжка скончылася, мы зноў паехалі на захад. Мы ехалі праз Польшчу. Пад Варшавай нам далі сіне-зялёныя мундзіры вэрмахта з арламі, шапачкі, свэтры цёплыя.
Цяпер мы мусілі ўжо йсьці пешшу. З намі быў хлапец польскага паходжаньня. Ён рашыў схавацца, каб зьбегчы, і схаваўся ў нейкім гумне. Яго немцы шукалі доўгі час і знайшлі, завялі за гумно і застрэлілі.
Нас вывелі на дарогу, і мы з-пад Варшавы пехатой пайшлі на Ўсходнія Прусы.
Гэта быў канец жніўня, ісьці было цяжка, бо стаяла гарачыня. Мы несьлі стрэльбы, каскі і вайсковыя торбы. У гэтую торбу я зашыў (бо нас правяралі) цывільныя порткі, якія знайшоў у Вільні пад вагонам. Яны пазьней мне вельмі прыдаліся.
Кожны дзень мы рабілі 35—40 кілямэтраў. У адной вёсцы на Ўсходніх Прусах мы прыпыніліся. Туды прыехаў палкоўнік Вафэн-эс-эс (обэрштурмбанфюрэр, прозьвішча ня ведаю). Нас пастроілі, і ён нам паведаміў, што мы будзем далучаныя да 30-й дывізіі Вафэн-эс-эс фон Зіклінга (які быў зяцем Гімлера, міністра гэстапа). Ён рашыў сабраць з усёй Эўропы шмат хлапцоў (і украінцаў, і беларусаў, і палякаў, і чэхаў і іншых), зь якіх хацеў стварыць гэтую штурмовую дывізію.
Потым было невялікае вучэньне, мы праходзілі перад гэтым палкоўнікам Вафэн-эс-эс, які сядзеў на кульбіце. Мы былі вельмі ўзрушаныя, адчувалі сябе вельмі нешчасьлівымі. Потым мы з маім сябрам Гэнрыкам Сянкевічам зь Нясьвіжа пайшлі ў агарод, ляглі пад яблыняй і плакалі. Я сказаў Гэнрыку: «Я супраць амэрыканцаў ісьці біцца ў такіх дывізіях штурмовых ня буду. Я знайду магчымасьць, момант і мейсца і ўцяку. Я ўжо цяпер ёсьць дэзэртырам у маёй галаве» Ён сказаў: «Я зраблю гэтаксама».
Нас павезьлі цягніком праз Познань, праз поўдзень Нямеччыны аж у Францыю, у Бэзансон. Адтуль ішлі пехатой два дні ў нейкія кашары. Французы глядзелі на нас, вытарашчыўшы вочы (бо форма была вайсковых нямецкіх дывізіяў — вэрмахта). Кругом паўсюдна лясы. Трэба было быць асьцярожнымі, каб французкія партызаны не заатакавалі нас, таму ў нашым абозе была варта. Аднаго разу і я стаяў у варце. Мяне паклікаў немец, стукнуў мяне сваім ботам: «Уставай!»
Прывезьлі нас у тыя кашары. А перад намі тут былі ўкраінцы, і яны ўзбунтаваліся супраць немцаў. Таму немцы ўжо пачалі баяцца, што беларусы таксама тое зробяць. 10 патронаў, што далі нам для нашых стрэльбаў, загадалі аддаць. Мы ўперліся: «Не, мы будзем трымаць». Ніхто аддаваць не хацеў. Таму яны на нас ужо вельмі востра сталі глядзець.
Пераначавалі мы адну ноч у кашарах, а назаўтра — адступленьне ў Альзацыю, у Нямеччыну, назад. (Бо на поўдні — амэрыканская армія, да якой далучылася некаторая частка французкай арміі ў даліне Раон. Так што трэба было ўцякаць.) Як бачым, уцякалі адусюль: зь Менску, пасьля з Прусаў Усходніх, цяпер з Францыі на поўдзень Нямеччыны. Вось падчас гэтага адступленьня ўжо назаўтра нас падлічылі: чатырох бракавала. Немцы насьцярожыліся яшчэ болей. Мы бачылі, што зараз уцячы ў лес немагчыма.
Мы йшлі пехатой па дарозе, расьцягнуліся. Але ззаду йшло трох немцаў зь лёгкімі кулямётамі. Збоку езьдзіў адзін на ровары, наглядаў, а сьпераду йшоў таксама наглядальнік, які вёў нас.
Дамовіўшыся са сваімі сябрамі аб пляне дзеяньняў, я выбраўся ўперад. На закруце дарогі я сказаў: «Бывайце, хлапцы, я пайшоў у лес». Адразу лёг пры беразе і гляджу на дарогу. Чакаў Сыльвэстра Будкевіча (мой сябра школьны з Наваградка) і Гэнрыка Сянкевіча зь Нясьвіжу (зь якім я дамовіўся яшчэ ва Ўсходніх Прусах). Яны йшлі разам ззаду. Я падаў ім знак і ўжо чакаў іх у лесе.
Тут я ўпаў на калені перад дубам і памаліўся, дзякаваў Богу, што даў мне сілы вырвацца з пекла.
Мы абняліся, абрэзалі ўсе нямецкія арлы на ўніформе і закапалі. Кажам: «Цяпер мы вольныя». Я выцягнуў порткі, якія былі ў мяне прыхаваныя; у Буткевіча быў цывільны свэтар. Я апрануўся ў цывільнае і пайшоў у вёску. Яна называлася Антэ. Французкай мове я вучыўся ў польскай гімназіі, крышку ведаў. Спатыкаю француза, пытаюся, ці няма немцаў у гэтай вёсцы. Ён адказаў, што няма. «А ці ёсьць, хто гаворыць нямецкай мовай?» — спытаў яшчэ. Той паказаў на дом швайцарца, які стаяў недалёка. Я пайшоў, а француз доўгі час глядзеў на мяне: я меў акцэнт, але быў у цывільным, і ён ня мог зразумець, хто я.
Швайцарцу я сказаў, што я дэзэртыр. Той ня верыў Але ў мяне былі прыхаваныя рэшткі нямецкай формы. Тады ён сказаў: «Пачакай». І пайшоў. Ягоная жонка мяне пакарміла, гаварыла пра сваіх чатырох сыноў, якія былі ў французкай арміі і зараз недзе ў нямецкім палоне. Потым вярнуўся гаспадар з трыма невядомымі. «Можа, гэта французы, якія супрацоўнічаюць зь немцамі?» — спалохана падумаў я. Але гэта была французкая нацыяналістычная партызанка Р.Р.І. Яны якраз былі каля гэтай вёскі. І гэта было шчасьце. Кіраўнік гэтай французкай партызанкі гаварыў нямецкай мовай. Я пайшоў шукаць Гэнрыка і Сыльвэстра. Спаткаў іх на дарозе. Тыя заладавалі свае стрэльбы (па дзесяць патронаў у нас жа засталося) і йшлі мяне шукаць. Гэнрык нямецкай мовай гаварыў лепей, мы добра паразумеліся з партызанамі.
Нас пасадзілі за стол. Была бульба, кіслае малако, грушы печаныя. Раптам адчыняюцца дзьверы: «А гэтага ведаеце?» — пытаюць. На парозе стаяў Павал Асіповіч, які зьбег сам, схаваўся ў нейкую горбу сена і перачакаў. Француз яго знайшоў. А ён французкай мовы ня ведаў. Яго прывялі дадому, дзе былі мы ўтрох.
Нас завялі ў гняздо партызанаў. Там было, можа, хлапцоў трыццаць з рознымі стрэльбамі. Яны рыхтаваліся заатакаваць немцаў.
Нас трымаць яны не маглі, бо ніхто не гаварыў па-французку, толькі я трошкі мог. Таму яны нас пасадзілі ў аўтамабіль і прывезьлі аж пад швайцарскую мяжу. Там бурмістр маленькай вёскі сабраў тых, хто хацеў узяць аднаго бясплатнага работніка. Нас было чатырох. Гэнрык трапіў у сям’ю, дзе не было дзяцей, яму было вельмі добра: старыя гаспадары яго палюбілі. Я трапіў да двох халасьцякоў (адзін быў кульгавы, другі ўвесь час піў віно), а Сыльвэстр дастаўся у сям’ю француза і палячкі (у іх было васьмёра дзяцей), Павал Асіповіч — у сям’ю француза і ўкраінкі (з трыма дзецьмі). Але нам было сказана: калі зьявяцца немцы — уцякайце ў лес.
Мы зьбіралі яблыкі, рабілі сок, капалі бульбу ў полі. Так — аж да канца 44-га.
У нядзелю мы йшлі ў касьцёл. Слухалі імшу, глядзелі на цырымонію, на прыгожых дзяўчат у прыгожых капелюшах, пасьля ішлі да Гэнрыка. Гаспадыня нас частавала пячэньнем, малаком. Потым мы хадзілі ў лес і сьпявалі беларускія песьні.
У канцы 44-га жандармэрыя нам паведаміла, што мы ёсьць вольныя, але каб ішлі ў Бэзансон.
Мы прыехалі ў Бэзансон. Тут былі хлапцы 16-ці розных нацыянальнасьцяў з розных куткоў Эўропы. Вакол нас там круціліся саветчыкі, якія нас агітавалі, каб мы вярнуліся праз Адэсу ў Савецкі Саюз.
Ніводзін з нас не хацеў вяртацца ў Савецкі Саюз. Мы ведалі, што вярнуўшы, нас бы ўкінулі ў чырвоную армію і паслалі б на фронт на першую лінію, каб загубіць. А калі б нават засталіся жывымі на фронце, то ўсіх, якія былі ў афіцэрскай школе ў Менску, саветы павывозілі ў Сібір. Кожны там адцярпеў 10 гадоў. Нават іншых жаўнераў высылалі ў Сібір, каб іх адарваць ад людзей, бо маглі б расказваць, што яны бачылі ў Нямеччыне, у іншых заходніх краінах. У НКВД гэтага баяліся.
Два гады пад саветамі і гэтую жудасную расейскую акупацыю мы добра адчулі на сваёй скуры. Крышку ведалі і пра лягеры для «ворагаў народу», пра страшны сталінскі рэжым. Колькі людзей загінула ў Сібіры, колькі пастралялі.
Біцца за саветы? Гэта абсурд. Мы нават думаць пра гэта не хацелі.
Але ў нас было яшчэ два выйсьці. Адно — французкія легіянеры. Там быў збор з усяе Эўропы. Шмат упісвалася туды і тых, хто нечага нарабіў (ці забіў, ці пакраў). Але адзін паляк нам сказаў, што калі мы туды запішамся, будзе два тыдні падрыхтоўкі — і на фронт. Знаёмы хлопец, які крышку ведаў сытуацыю, сказаў нам: «Не рабеце гэтага, бо калі падпішацеся, цяжка вам будзе». (Як скончылася вайна, гэтых легіянераў выслалі ў Індакітай. Многія там загінулі.)
Ну за каго нам было там біцца? Я ня бачыў, за каго я буду ваяваць ў французкай арміі, каго буду бараніць далёка ад радзімы. Я мог бы бараніць Беларусь ад саветаў, бараніць маіх бацькоў, маю зямлю, каб быў у Краёвай абароне, каб яна сапраўды арганізавалася. Я тады біўся б. А тут? Не!
Трэці выбар (як народжаным ў Заходняй Беларусі) — польскі корпус Андэрса, які быў у Італіі. Гэты корпус стварылі ў Сібіры. Калі ў 39-м годзе прыйшлі саветы, яны ўсіх беларусаў, што працавалі ў палякаў, вывозілі ў Сібір (і палякаў таксама). Дык вось да Сталіна прыехаў польскі генэрал Сікорскі і прапанаваў Сталіну стварыць армію з гэтых людзей, вывезеных у Сібір. Сталін пагадзіўся і стварыў гэты корпус Андэрса. У гэтым корпусе Андэрса знаходзілася 40 адсоткаў беларусаў. (Ужо бітва пад Монтэ-Касына адбылася ў 44-м годзе, але на поўначы Італіі яшчэ трывалі баі зь немцамі.)
Спачатку мы адмовіліся. Але падумаўшы, зразумелі, што, фактычна, у нас ёсьць толькі гэтае адзінае выйсьце, і пагадзіліся.
Мае сябры неўзабаве паехалі да Андэрса ў Італію, а я захварэў і лячыўся ў шпіталі. Там я пазнаёміўся з прыгожай дзяўчынай Паўлінкай італьянскага паходжаньня і закахаўся. Вайна ўжо скончылася, і ехаць у Італію мне зусім не хацелася. Але лёс разлучыў мяне з гэтым маім каханьнем. Як я ні стараўся застацца, нічога не ўдалося.
У чэрвені 45-га году на вадаплаве нас адправілі ў Італію. У Міжземным моры было шмат мінаў. Мы мелі апаяскі з коркамі на выпадак, калі б наш вадаплаў ускочыў на міну і прыйшлося б ратавацца. На працягу ўсёй нашай дарогі ў Італію за намі плыла цэлая чарада дэльфінаў.
Мы прыехалі ў вайсковы порт Таранта на поўдні Італіі (пад «абцасам»). Потым нас павезьлі ў Сан-Базіліа. Там я сустрэў Венюся Кляйнова, зь якім мы разлучыліся ў Вільні. Ён быў моцна паранены ў Вільні пад бамбёжкай, яго завезьлі ў Нямеччыну і там лячылі. Потым яго ўкінулі ў нямецкую армію, ён трапіў у палон і пасьля ўжо апынуўся ў другім корпусе Андэрса ў групе афіцэраў. (Я быў радавы.)
Усе, хто прыехалі ў Італію, атрымалі катэгорыю «D». Гэта тыя, што ня йшлі на фронт. Можна было працаваць у абозе, у санітарнай групе і г. д.
Так за ўсю вайну я не зрабіў ніводнага стрэлу. Я ведаю, што нікога не параніў, нікога не забіў. І гэта мне дае маральную сілу, бо граху на мне няма.
ПАСЬЛЯ ВАЙНЫ. ІТАЛІЯ
Мяне заангажавалі працаваць у палявы суд сёмай дывізіі Андэрса ў Сан-Базіліа. Там быў маёр Майнгард, які потым зацікавіўся мной, шмат дапамог мне.
Суд працаваў на польскай мове. Было чатырох суддзяў. Я рэгістраваў дакумэнты з жандармэрыі для суда. Адначасна я займаўся спортам. Кідаў ядро 7 кіляграмаў, шмат ня кідаў, на 11 мэтраў. Італьянцы добра бегалі, добра скакалі, а зь ядром там нікога не было. Дык я выйграў на спаборніцтвах.
Аднаго разу ў Анконе аб’явілі конкурс на паштовыя маркі. Я намаляваў і адаслаў чатыры праекты марак, прысьвечаных змаганьню супраць немцаў пад Монтэ-Касына. Мне далі чацьвертую ўзнагароду. Майнгард, што кіраваў судом, зацікавіўся гэтым. Яго пасьля перавялі ў Анкону.
Нашу сёмую дывізію перакінулі ў Англію на дэмабілізацыю, бо корпус Андэрса быў у складзе восьмай ангельскай арміі А. Маршала. Там, у Анконе, быў якраз Майнгард пры Андэрсе. Ён мне зрабіў паперы, каб я прыехаў у Парыж.
У ПАРЫЖЫ
У Парыжы мяне прыняў знаёмы скульптар Вянглеўскі (паляк з Познані). Мы зь ім пайшлі да прафэсара Мастацкай акадэміі Парыжу скульптара Гамона. Ён паглядзеў некалькі маіх малюнкаў і запісаў мяне ў Мастацкую акадэмію. (А я яшчэ лічыўся ў войску ў Італіі, толькі прыехаў на адзін месяц у Францыю. Фармальна мне трэба было спачатку паехаць у Англію і дэмабілізавацца.) З гэтымі паперамі пра навучаньне ў Акадэміі я вярнуўся ў Італію і прасіў Майнгарда дапамагчы выехаць беспасрэдна зь Італіі ў Францыю. Але той, хто кіраваў гэтымі выездамі, быў супраць, бо ў Францыі ў мяне нікога са сваякоў не было. Але Майнгарду ўдалося мне дапамагчы, і ў 1947 годзе я апынуўся ў Францыі, у Кале. Там мяне дэмабілізавалі, і я паехаў вучыцца ў Парыж.
У Мастацкай Акадэміі я вучыўся пяць гадоў, атрымаў 9 узнагародаў Мастацкай акадэміі.
У Парыжы я адразу далучыўся да беларусаў, якія там былі. У Міколы Абрамчыка зьбіралася шмат асобаў, якія прыехалі зь Нямеччыны і зь іншых месцаў. Некаторыя зь іх былі ў войску, некаторыя — вывезеныя ў Нямеччыну. Гэтыя людзі пазьбіраліся ў Францыі. (Потым большасьць паехала ў Амэрыку, Канаду, Аўстралію, Новую Зэляндыю.)
ЯНКА ФІЛІСТОВІЧ
Зь Янкам Філістовічам, палымяным удзельнікам Беларускага нацыянальна-вызвольнага руху, я запазнаўся ў Парыжы ў 1947 годзе. Я ня меў прытулку, і ён прапанаваў мне жыць у яго. (Пазьней я знайшоў кватэру.)
На поўдні Парыжу быў інтэрнат для моладзі з Ўсходняй Эўропы (румынцаў, украінцаў, палякаў). Праз некаторы час мы зноў пасяліліся разам: Філістовіч, я і Мар’ян Каранеўскі (пазьней паехаў у Новую Зэляндыю). Мы атрымалі невялікую стыпэндыю з Ватыкану, якую для нас дастаў айцец Гарошка (ён прыехаў пазьней у Парыж). Філістовіч вучыўся на факультэце гісторыі, я ў Акадэміі Мастацтва на аддзяленьні скульптуры, а пазьней яшчэ і ў Нацыянальнай школе фізіатэрапіі, бо някепска ведаў анатомію, меў схільнасьці і да мэдыцыны. Гэта была сярэдняя спэцыяльная траўматалягічная мэдадукацыя. Вучыўся два гады, атрымаў дыплём і пазьней выкладаў там марфалёгію чалавека.
Філістовіч тады запрапанаваў стварыць арганізацыю беларускай моладзі. У 1948 годзе ён залажыў Беларускую Незалежніцкую Арганізацыю Моладзі. Таксама ён запрапанаваў выдаваць часопіс «Моладзь». За ўсё, што магло служыць Беларусі, ён браўся зь вялікай энэргіяй і ахвотай. Ён шмат пісаў у часопіс, пачаў пісаць і я, і Аўген Кавалеўскі (прыехаў з Усходняй Беларусі), і некаторыя іншыя. Праз некаторы час нам пачалі прысылаць артыкулы нават з Амэрыкі. Мэта часопіса была зьяднаць беларусаў у эміграцыі, каб яны не забываліся свайго краю. Былі там і гістарычныя артыкулы, і пра мастацтва, ну і цэлы час атакавалі Савецкі Саюз.
Мы рассылалі часопіс па Францыі ў бібліятэкі, за мяжу (у Лёндан) для ўсіх 50-ці сяброў, якіх мы ведалі. Усё гэта рабілася за ўласныя грошы. Так трывала аж да 50-га году. Потым Філістовіч выехаў у Бэльгію, а ў 1951-м паехаў на Беларусь. Пра свае пляны вярнуцца на Беларусь ён мне не гаварыў, бо баяўся, што я яго буду адгаворваць.
Янку Філістовіча НКВД застрэліла без суду 5 сакавіка 1953 году, у дзень сьмерці Сталіна. Пра ягоны трагічны лёс, пра расстрэл бандытамі НКВД я даведаўся толькі праз 40 гадоў...
Пасьля ад’езду Я. Філістовіча я сам прадаўжаў выдаваць «Моладзь» аж да 1955-га, і мне ў гэтай працы дапамагаў айцец Леў Гарошка. Ён даваў мне шмат артыкулаў, пераважна пра прыроду і фаўну Беларусі.
АЙЦЕЦ ГАРОШКА
Я меў шчасьце пазнаёміцца з айцом Гарошкам у Парыжы. Гэта быў вельмі адукаваны чалавек, ведаў шмат моваў. Ён намі займаўся, усёй групай беларусаў у Парыжы. Мы, беларусы, яго вельмі палюбілі. Ён быў надзвычай актыўны чалавек і вельмі моцна любіў Беларусь. Мы супольна зь ім працавалі на беларускае Адраджэньне. Ён меў вялікую бібліятэку. Усё, што пісалася пра Беларусь, ён зьбіраў. Айцец Гарошка, пасьля Уладыка Сіповіч і айцец Надсан стварылі беларускую бібліятэку ў Лёндане. Айцец Гарошка рабіў французка-беларускі слоўнік, зьбіраў беларускія прымаўкі, статыстыку пра Беларусь і іншае.
На Беларусі падчас нямецкай акупацыі ён кіраваў беларускай школай мэдыцыны ў Баранавічах, нагаварваў маладых, каб ня ехалі працаваць у Нямеччыну. Нехта данёс немцам, і яго хацелі расстраляць. Цудам удалося ўратавацца.
У Парыжы ён стварыў каталіцкую місію і стаў нашым галоўным духовым кіраўніком. Ён вельмі апекаваўся беларускімі хлопцамі. Тады амэрыканцы прысылалі вялікую дапамогу (прадуктамі, адзеньнем). Ён заўсёды клапаціўся, каб беларускім хлопцам было што паесьці з гэтых амэрыканскіх пачкаў. Як кіраўнік каталіцкай місіі, дапамагаў атрымаць ад Ватыкана невялікія стыпэндыі для нашых студэнтаў.
Ён часта езьдзіў, шмат працаваў у Рыме. Там ён вёў Беларускую сэкцыю радыё Ватыкана (калісь быў Татарыновіч, а потым ён яго замяніў). У Рыме ён быў знаёмы з адным сьвятаром-італьянцам, які за брэжнеўскім часам быў у Маскве. (Тады Папа Павал VI падпісаў нейкую дамову аб выменах з Патрыярхам Маскоўскім, і каталіцкія сьвятары атрымалі магчымасьць езьдзіць у Маскву, а з Масквы прыяжджалі у Рым некаторыя з праваслаўных).
Гэты італьянскі сьвятар расказаў айцу Гарошку (а айцец потым мне) гісторыю. У Маскве італьянская духоўная дэлегацыя мела пэўную праграму візыту. Наведалі яны і адну царкву падчас вянчаньня. Тут жа было і хрышчэньне. Гэтыя абрады былі вельмі цікавыя для заходніх сьвятароў. Саветы дэманстравалі «свабоду» рэлігіі ў Савецкім Саюзе.
Назаўтра ў гэтай замежнай дэлегацыі была іншая праграма візыту, але гэты італьянскі сьвятар так зацікавіўся ўбачаным, што пакінуў дэлегацыю і пайшоў зноў у тую царкву, каб яшчэ раз пабачыць тыя абрады. І тут ён убачыў, што тая самая пара зноў вянчалася пры галоўным алтары. Ён быў уражаны. Значыць, гэтыя абрады ў царкве былі проста падманам, каб пераканаць заходні сьвет, што ў Савецкім Саюзе рэлігія ёсьць вольная, і той, хто хоча вянчацца, можа свабодна гэта ажыцьцявіць.
Кожную нядзелю была імша. Мы прыходзілі да айца Гарошкі ў касьцёл на імшу ўсе: і праваслаўныя, і каталікі (у Францыі праваслаўных цэркваў амаль няма). Айцец Гарошка хрысьціў беларускіх дзяцей, вакол яго гуртаваліся беларусы.
Калі Філістовіч паехаў, мы з айцом Гарошкам прадаўжалі выдаваць «Моладзь». Айцец Гарошка меў кірыліцу, і я ў яго друкаваў (бо ў мяне была толькі лацінка). Множылі часопіс мы на ратапрынце.
Айцец Гарошка выдаваў у Парыжы яшчэ часопіс для беларускай эміграцыі «Божым шляхам» (я рабіў вокладку для яго, некаторыя малюнкі). Гэты свой часопіс ён таксама рассылаў па сьвеце.
Францыя моцна заселеная расейцамі, таму што як выбухнуў бальшавіцкі пераварот у 1917 годзе, рускім найбліжэй было ўцякаць у Францыю. (У Нямеччыну не маглі ехаць, бо цэлы час ваявалі зь немцамі). І ў Францыі іх апынулася поўна. Таму тады (як і цяпер) было шмат урадоўцаў расейскага паходжаньня. І гэтыя расейцы беларусам заўсёды не давалі жыцьця. Памятаю, як айцец Гарошка дапамагаў мне змагацца за сваю беларускую нацыянальнасьць.
У першыя гады я атрымаў мае дакумэнты на побыт у Францыі як беларус лёгка, бо пасьля вайны быў моцны ўплыў амэрыканцаў, і ў маіх дакумэнтах было запісана, што я ёсьць беларус. Як тэрмін дзеяньня маіх дакумэнтаў скончыўся, я прынёс дакумэнт у паліцыю. Выходзіць чыноўнік і гаворыць мне: «Вашая нацыянальнасьць не існуе». Я абурыўся. Ён мне прапаноўвае узяць польскую (бо быў пад акупацыяй) або расейскую (бо мой край цяпер акупаваны Расеяй). «Ні адно, ні другое, я ёсьць беларус і маю на тое дакумэнт», — адказаў я.
Але застацца беларусам аказалася ня так проста. Іх супраціў быў вельмі моцны. І змаганьне ішло на розных узроўнях. Усюды дапамагаў айцец Гарошка. Ня раз я стукаў дзьвярыма на іхныя прапановы зьмяніць нацыянальнасьць. Пасьля мы з айцом Гарошкам зьвярнуліся да аднаго французкага сэнатара. Той нас прыняў, зацікавіўся маёй справай і патэлефанаваў міністру ўнутраных справаў (бо паліцыя належыць гэтаму міністэрству) і сказаў: «Калі вы не дасьцё сатысфакцыі гэтым людзям, якія прынесьлі вам паперы, што яны ёсьць беларусы, я пастаўлю гэтае пытаньне перад зборкай Эўропы». (Тады яна ўжо будавалася.) І той міністар адказаў: «Будзе зроблена».
Калі мы з айцом Гарошкам пайшлі забіраць паперы, дзе было напісана, што я беларус, дык чыноўнік ня мог на нас глядзець, адвярнуўся, а паперы мне падсунуў. Так ім было прыкра, што мы з айцом Гарошкам іх перамаглі.
Такім чынам з дапамогай і падтрымкай айца Гарошкі я атрымаў французкі пашпарт, дзе было напісана, што я ёсьць беларус.
Такое ж змаганьне было і ў іншых маіх сяброў-беларусаў, якіх таксама змушалі, каб сталі палякамі або рускімі. Потым ужо мне прыходзілася дапамагаць іншым сябрам, каб у іхных дакумэнтах было напісана «беларус».
Айцец Гарошка расказваў мне гісторыі жыцьця.
Калі яго ўжо высьвечвалі на сьвятара, ён прыйшоў у свой пакой, крышку адпачываў і раптам ускочыў з ложка, падняў рукі ўверх і крыкнуў: «О, мой брат!» Гэта быў той самы мамэнт (дзень і год), як яго брат паміраў на мяжы паміж Вугоршчынай і Югаславіяй (яго партызаны Ціта там забілі). Ён меў такое вялікае прачуцьцё, у яго была так глыбокая тэлепатыя, што ён адчуў, калі далёка ад яго паміраў ягоны брат.
Аднаго разу айцец Гарошка папрасіў, каб я завёз яго ў аэрапорт, бо ён ляцеў у Італію (тады ён быў дырэктарам беларускай сэкцыі радыё Ватыкана). Па дарозе ён пачаў мне раскзваць адну гісторыю пра трэцюю асобу, як адзін сьвятар меўся быць высьвечаны на праваслаўнага сьвятара і меўся жаніцца. Але матушка яму паставіла такія вострыя ўмовы, што ён ні ў якім выпадку ня мог іх прыняць. (Якія гэта былі ўмовы, ён мне не сказаў.)
Тады той сьвятар усё адкінуў, пакінуў матушку і пакінуў гэтае высьвечаньне. Ўжо пазьней ён перайшоў у каталікі, і калі яго высьвечвалі на каталіцкага сьвятара, усе людзі, што былі вакол яго (гэта было ў Львове) ведалі ягоную сямейную трагедыю і тое, што ён усё адкінуў і перайшоў у іншы бок. І калі ўжо ўсе сьпявалі імшу, дык аж шыбы ў гэтай сьвятыні трэсьліся ўверсе.
Калі айцец Гарошка расказаў мне гэта, ён заплакаў Вось тут я зразумеў, што гэтым сьвятаром быў ён. Сам ён ніколі гэтага не сказаў. Але я думаю, што гэта сам айцец Гарошка быў той «трэцяй асобай», пра якую гаварыў.
У 1956-м годзе я ажаніўся, а ў 57-м мяне нарадзіўся сын. Айцец Гарошка яго хрысьціў.
Айцец Гарошка быў вельмі хворы на ныркі. У 1977 годзе ён прыехаў зь Італіі і апэраваўся ў Парыжы. Пасьля апэрацыі я паехаў да яго ў наступны дзень.
Ён сканаў за 20 мінут да майго прыезду. Гэта сталася ў ліпені. Для мяне гэта быў вялікі ўдар. Мы страцілі ня толькі вялікага сьвятара, але і вялікага беларускага патрыёта.
МІКОЛА АБРАМЧЫК
У Францыі была арганізацыя «Хрысьціянскі сындыкат работнікаў Францыі». У гэтым сындыкаце была беларуская сэкцыя. У 60-х гадах я быў яе кіраўніком.
Усе гэтыя гады Беларусь пастаянна была ў маім сэрцы.
Пазьней я збудаваў дом для маёй сям’і. Гэты кусочак зямлі я набыў у 55-м, побач жыў Мікола Абрамчык. Мікола Абрамчык быў Старшынёй Рады БНР і старшынёй «Хаўрусу». Яго цанілі і беларусы, і ўкраінцы, і палякі, ён меў сяброў сярод грузінаў і людзей іншых нацыянальнасьцяў. Потым ён стварыў міжнародны «Парыскі блёк». Яго моцна цанілі людзі за ягоны розум і палітычныя погляды. А саветы на яго злосна нападалі. Часам ён клікаў мяне на беларускія і міжнародныя зборкі, але ў тыя часы я яшчэ ў БНР ня быў.
Аднойчы Абрамчык меў няшчасны выпадак. Меў паломы. Цяжка хварэў. У 70-м годзе ён памёр.
УЛАДЗІМЕР ШЫМАНЕЦ
Мой сябра Ўладзімер Шыманец таксама памёр у 77-м, як і айцец Леў Гарошка.
Перад вайной ён працаваў дырэктарам станцыі ў Слуцку. Ён расказваў мне, як саветы ўсё фальшавалі. Яму загадалі, каб праз станцыю праходзіла пэўная вялікая колькасьць цягнікоў. А ён ня меў, як казаў, магніту, каб прыцягнуць цягнікі на невялікую станцыю. Дык ён выйшаў з праблемы, дзякуючы беларускай кемлівасьці: «Ідзе цягнік. Я яго прапускаю, пішу, што прайшоў. Пяць кілямэтраў далей яго затрымліваю і вяртаю назад. Запісаў, што другі перайшоў. І пасьля ізноў затрымліваю — трэці пайшоў». І пасьля ў гэтай кніжцы ён даваў статыстыкі больш, чым была патрэба.
Уладзімер сядзеў ў турме ў Менску, калі пачалася вайна. Энкавэдысты рыхтаваліся пастраляць усіх вязьняў, але прыйшлі немцы, і гэта ўратавала вязьняў. Энкавэдысты ўцяклі. Вось ён і застаўся жывы.
Немцы вызвалілі яго з турмы. Уладзімер Шыманец з сям’ёй прыехаў у Данію. Але амэрыканцы дамовіліся з саветамі, каб усіх людзей з Савецкага Саюзу вяртаць назад (іх потым саветы зьнішчалі у сталінскіх лягерах). Туды езьдзіў Мікола Абрамчык, які ратаваў нашых людзей. Знайшоў ён там і сям’ю Шыманца і дамогся, каб ім дазволілі выехаць у Парыж. У Парыжы Ўладзімер Шыманец таксама далучыўся да беларускай справы.
Уладзімер Шыманец, як і многія беларусы, быў чалавекам, які меў залатыя рукі. Шмат што ён умеў рабіць. Пад Парыжам ён збудаваў свой дом. А калі я будаваў свой дом, ён мне шмат дапамагаў, асабліва знаўся на электрычнасьці.
Я заўсёды ўтрымліваў зь ім цесныя адносіны, бо ён быў чалавек цікавы, па складзе душы — мастак (пазьней захапіўся маляваньнем, меў даволі цікавыя абразы, асабліва пэйзажы). Уладзімер Шыманец цэлы час цікавіўся маім лёсам, тым, што я маляваў. Духам ён мне быў вельмі блізкі.
Потым ён цяжка захварэў. У 1977 годзе я прыехаў да яго за два дні да ягонай сьмерці. Дык ён палажыў сваю руку на маю руку і спытаўся: «Ці надрукавана тое, што я пра вас пісаў?» Ён напісаў быў вялікі артыкул пра мяне і паслаў у «Беларус», у Нью-Ёрк. Яго надрукавалі, але ўжо пасьля сьмерці Ўладзімера Шыманца.
Так у 1977 годзе мы страцілі дзьве асобы, вельмі значныя для нашага супольнага супрацоўніцтва ў Францыі на карысьць Беларусі: айца Гарошку і Ўладзімера Шыманца.
БЕЛАРУСЬ
Зь Беларусьсю я меў перапіску не адразу. У 60-х гадах мае знаёмыя габрэі паехалі ў Маскву (мелі там сваякоў). Я даў ім ліст, каб яны з Масквы адаслалі яго да маіх бацькоў. І гэты ліст дайшоў. Так я зьвязаўся з маімі роднымі.
Першы ліст, які мне адпісаў мой бацька, ён падпісаў чамусьці «Янка». Гэты «Янка» пісаў, што быў у чырвонай арміі, пад Бэрлінам, паранены, а пасьля вярнуўся і атрымаў 10 гадоў Сібіру. «Цяпер я вярнуўся і нічога ня маю. І студыяў не зрабіў, мая будучыня поўнасьцю зачыненая», — пісаў ён. Я думаў, што Янка — гэта мой стрыечны брат, які згінуў пад Бэрлінам (маіх трох братоў згінулі пад Бэрлінам). Я быў расьцярушаны, ня ведаў, скуль зьявіўся гэты «Янка».
У адным лісьце бацька пісаў, што мая матка, як едзе ў Наваградак, дык заходзіць часта да сям’і Гаўрошаў. Янка Гаўрош вучыўся са мной разам у школе падчас нямецкай акупацыі. Гэты Янка ня быў у Вільні пад бамбёжкай, ён уцёк раней і вярнуўся ў Наваградак. Калі прыйшла чырвоная армія, яго мабілізавалі, і яны апынуліся пад Бэрлінам.
Пасьля Янка Гаўрош даслаў мне ліст праз майго бацьку (які ведаў, як даслаць). Там ён напісаў: «Не вяртайся, нават як турыст не вяртайся да саветаў».
У 66-м годзе мая мама прыяжджала ў Францыю, я хацеў, каб яна засталася пры маіх дзецях. Яна кажа: «Не, я замовіла сабе месца каля майго мужа, я паставіла там ужо агарожу, мая труна ўжо гатовая, я вярнуся на Беларусь, я лягу каля яго». (Маці не вучылася ў школе, а калі мой бацька папрасіў яе замуж, ёй было 16 гадоў.) Яна ад’ехала назад. Сказала: «Я пабачыла, як ты жывеш у Францыі, усё добра».
Мая сястра час ад часу пісала мне. Аднаго разу яна напісала пра сьмерць маёй мамы. Калі мама памірала, дык апошняе, што сказала: «Міхась».
Мае родныя прыехалі да мяне ў 89-м годзе пяцёх (мой брат, мая сястра, дачка сястры, сын і дачка брата.) Мая сястра прыехала і гаворыць расейскай мовай. Я ёй сказаў: «Слухай, я пакінуў Беларусь, калі быў маладым, але не забыўся маёй роднай мовы. Наша мама ўсё жыцьцё гаварыла па-беларуску. А ты чаго перайшла на чужую? Калі ты ня хочаш помніць, што ёсьць беларуска, дык зьбірайся і едзь у Расею». Сястра заплакала, але надалей расейскіх слоў я ўжо больш ня чуў.
* * *
Усё маё жыцьцё мяне трымалі любоў да маей Беларусі, прыгажосьць яе зямлі і людзей. Усё гэта складалася адно да другога. Мая любоў разьвівалася, цьвіла, бо ў душы былі абразы, якія цэлы час стаялі перад вачыма. Нашыя лужыны, поўныя жабаў, бусел, які, важна ходзячы, возьме жабу, падкіне ўверх, зловіць і праглыне. Толькі на Беларусі я мог бачыць гэтакае. Краявіды Бацькаўшчыны пакінулі абраз у душы, і выцерці яго з памяці няможна.
Мы цікавіліся ўсім, што адбывалася ў Беларусі. Чулі пра Курапаты, пра Народны Фронт. Цэлы час, дзе была магчымасьць, я маніфэставаў перад французамі, што я — беларус. Усе мае вучні, якіх я вучыў пазьней анатоміі ў школе, ведалі, што я беларус. (У 96-м годзе да мяне прыбеглі вучні і кажуць: «Вы ведаеце, што беларуская каманда ў Швэцыі на Міжнародным чэмпіянаце сьвету па атлетыцы заняла другое месца, пасьля Злучаных Штатаў Амэрыкі!» Вучні парадаваліся разам са мной.)
У 90-х гадах зьявілася надзея пабачыць Беларусь. У 1993 годзе мне прыслалі запросіны на Першы Зьезд беларусаў сьвету. Праз 49 гадоў я паляцеў на спатканьне зь Беларусьсю, паглядзець на тыя сьцежкі маіх дзіцячых гадоў у Кашалеве.
Дом маіх бацькоў ужо не існаваў, але мой брат паставіў другі дом. Я бачыў мой Наваградак, наш Наваградзкі замак. Але я ўгледзеў, што гэтыя руіны вельмі-вельмі дрэнна трымаюцца. У мяне нарадзілася мара, як гэта ўсё ўтрымаць, каб яно не развалілася. (Потым у Парыжы гаварылі пра аднаўленьне старых будынкаў. Я прасіў, каб зьвярнулі ўвагу і на Беларусь.)
У Менску я быў на розных імпрэзах. Запомнілася мне сустрэча ў сядзібе Беларускага Народнага Фронту. Там я пазнаёміўся зь Зянонам Пазьняком.
На адной афіцыйнай сустрэчы я выступіў з прапановай, каб на доме, дзе быў падпісаны Акт аб Незалежнасьці БНР у 1918 годзе, дазволілі павесіць памятную дошку, выкананую скульптарам Аляксандрам Шатэрнікам. На сустрэчы былі тры міністры: Краўчанка, Дзямчук і яшчэ адзін. Дык усе гэтыя афіцыйныя «беларусы» скрывіліся.
На Зьезьдзе я выступіў з просьбай-патрабаваньнем, каб нам, беларусам, далі магчымасьць прыяжджаць на Беларусь, калі нам захочацца, без усялякіх запросінаў і візаў, каб нам далі падвойнае грамадзянства. Бо мы ня выехалі зь Беларусі самахоць, нас змусілі акупанты: немцы і бальшавікі. Мы ж беларусы, любім Беларусь і гэта наша натуральнае права.
Нічога зроблена не было. І каб прыехаць на сваю Бацькаўшчыну, я павінен мець запросіны і візу. Я застаўся чужынцам, таму што ўлады, што прыйшлі на Беларусь (ці то за часоў Кебіча, ці Лукашэнкі), не дазваляюць, каб я быў праўным беларусам. У мяне ёсьць пляны супрацоўніцтва з нашымі беларускімі мастакамі, скульптарамі, але мне іх немагчыма ажыцьцявіць.
Аднак галоўнага забараніць мне ня змогуць ніколі й ніхто: усёй душой, усім сэрцам любіць маю родную Беларусь, жадаць яе шчасьця і свабоды ад расейскіх акупантаў.
2001.
Запіс і падрыхтоўка да друку
Галіны Палачанінай
Успаміны перадрукоўваюцца зь бюлетэню
«Беларускія ведамасьці» (№ 10, 2001 г.)
