|
СТАТУТ «ХАЎРУСУ БЕЛАРУСАЎ У ФРАНЦЫІ»
І. Назва і падставы арганізацыі
1. Арганізацыя мае назву: «Хаўрус Беларусаў у Францыі», або скарочана — «Хаўрус».
2. «Хаўрус» уяўляе зь сябе аб’еднаньне асобаў, што паходзяць з этнаграфічных земляў Беларусі, а таксама зь іншых краёў, каторыя рахуюць сябе беларусамі ды прабываюць сёньня на тэрыторыі Францыі.
3. «Хаўрус» праводзіць дзейнасьць на тэрыторыі Францыі сярод беларускае эміграцыі.
II. Мэта «Хаўрусу»
1. «Хаўрус» вядзе паміж сваіх сяброў шырэйшую агульную ды прафэсійную культурна-асьветную працу. Вядзе інфармацыю аб гаспадарскіх адносінах ды падзеях свайго краю — Беларусі.
2. Арганізацыя маніцца павесьці азнаямленьне сваіх сяброў з французкаю гісторыяй, літаратурай ды культурай, а дзеля гэтага — і глыбейшае вывучэньне французкае мовы.
З другога боку спрыяе азнаямленьню зацікаўленых асобаў французкага грамадзянства з гісторыяй, літаратурай, культурай, нацыянальным рухам ды імкненьнямі беларускага народу.
3. Дзеля асягненьня гэтае мэты «Хаўрус» уладжвае як паасобныя лекцыі, даклады, так і больш ці менш сталыя курсы. Напр., курсы мовы, беларусазнаўства, прафэсійныя курсы і г. д.
Закладае бібліятэкі, чытальні, дае выставы, спэктаклі, закладае рознага роду гурткі, таварыствы, напр., сьпявацкія, спартовыя, бюро праўных парадаў, працы, узаемнае дапамогі і г. д.
4. «Хаўрус»мае права набываць рухомую і нерухомую маёмасьць.
5. «Хаўрус» мае права юрыдычнае асобы.
III. Агульна-арганізацыйная структура «Хаўрусу»
1. Асноўнай арганізацыйнай адзінкай «Хаўрусу» зьяўляюцца філіі на тэрыторыі Францыі, рэпрэзэнтантам і арганізацыйным правадыром якіх зьяўляецца Галоўная Управа Хаўрусу.
2. Галоўная Управа Хаўрусу складаецца з 4 асобаў: старшыні, заступніка, скарбніка і сакратара. Яна ў межах часу паміж агульнымі зьездамі ды пашыранымі пленумамі адбывае нарады, выносіць пастановы, зьвязаныя з вымогамі арганізацыйнага жыцьця.
3. Дзеля разьвязаньня пытаньняў большае вагі Галоўная Управа склікае адзін раз на год агульны зьезд «Хаўрусу» па прынцыпе, што кожны раз устаноўлівае агульны зьезд.
4. Агульны Зьезд «Хаўрусу» можа быць скліканы па ініцыятыве сяброў «Хаўрусу», калі зложаная заява Цэнтралі будзе падпісана абсалютнай бальшынёй сяброў «Хаўрусу».
5. Дэлегатаў на Агульны Зьезд «Хаўрусу» кожная філія можа паслаць столькі, колькі мае ў складзе дзясяткаў сяброў. Арганізацыя менш дзесяці сяброў мае адзін мандат.
6. Агульны Зьезд вырашае пытаньні праграмы і тактыкі арганізацыі, зьбірае сяброў Галоўнае Управы, Надзорнае Рады; уносіць зьмены ў статут, ды наагул вырашае ўсе справы, што тычацца «Хаўрусу».
7. Агульны Зьезд зьяўляецца найвышэйшым органам «Хаўрусу».
ІV. Цэнтральная Надзорная Рада.
1. Для кантролю ўсебаковае дзейнасьці Галоўнае Управы Зьезд выбірае з 3-х асобаў Цэнтральную Надзорную Раду на тэрмін, аднолькавы з Галоўнаю Управаю.
2. Цэнтральная Надзорная Рада падае справазданьне кожнаму Агульнаму Зьезду аб выніках кантролю,
V. Філіі
1. Жыцьцё філіі кіруецца нормамі статуту, пастановамі Агульнага Зьезду, пастановамі ды дырэктывамі Галоўнае Управы, пастановамі агульных сходак філіі, пастановамі ўправы філіі.
2. Выканаўчым органам філіі зьяўляецца ўправа філіі ў складзе 3-х асобаў, дзе нарахоўваецца 20 сяброў, а ў філіях па-над 20 сяброў — 5 асобаў.
3. Функцыі сяброў ўправы вызначае агульны сход філіі падчас выбараў.
4. У мяйсцовасьцях, дзе знайходзіцца нязначны лік сяброў «Хаўрусу», закладаецца гурток з выбраным сакратаром.
5. Ізаляваныя сябры падаюць заявы ў Галоўную Управу, а апошняя прыдзельвае іх да бліжэйшае філіі ці гуртка.
VІ. Кантрольны орган філіі
1. Кантрольным органам філіі зьяўляецца Кантрольная Камісія з 3-х асоб, якая выбіраецца агульным сходам філіі.
2. Яна правярае кантроль дзейнасьці Управы філіі прынамсі два разы на год, аб чым здае справаздачы сходу філіі, а копію справаздачы надсылае Цэнтральнай Надзорнай Радзе.
3. Сябры Кантрольнае Камісіі ня могуць быць сябрамі Управы філіі.
VІІ. Правы і абавязкі сяброў
1. Сябрам можа быць кожная аооба, якая пагаджаецца з статутам, калі яго паходжаньне адпавядае азначэньню параграфу 2, разьдзелу І-га; які бярэ ў жыцьці «Хаўрусу» актыўны ўдзел, сплачвае ўсе арганізацыйныя падаткі.
2. Жадаючы ўступіць у «Хаўрус» падае заяву за парукаю двох сяброў «Хаўрусу».
3. Выключэньне сябра з «Хаўрусу» можа адбыцца: а) дабравольны выступ, б) выключэньне за няплату сяброўскіх складак, в) за нягоднае паводжаньне, г) пастановамі агульных сходак філіі, якія ўступаюць у моц пасьля зацьверджаньня Галоўнаю Управаю.
4. Выключаны сябра мае права апэляцыі да агульнага Зьезду.
5. Выключаны сябра, ці выступіўшы дабравольна павінен вярнуць сяброўскую кніжку і выраўняць усе залегласьці перад арганізацыяй.
VІІІ. Таварыскі Суд
1. Непаразуменьні між сябрамі Хаўрусу разьвязваюцца Таварыскім судом паводле прынцыпу трацейскіх судоў.
ІХ. Фінансавыя засабы
1. Фінансавыя засабы «Хаўрусу» складаюцца: а) з уступных, б) з сяброўскіх складак, в) з даходаў ад спэктакляў ды іншых закладаў «Хаўрусу», г) з дабравольных ахвяраў.
2. Разьмер сяброўскіх складак ды іх распадзел між Цэнтраляй і філіямі робіць Галоўная Управа.
X. Ліквідацыя Хаўрусу
1. Ліквідацыя філіі можа адбыцца пастановаю агульнага сходу філіі (ня менш 3/4 членаў), б) пастановаю Галоўнае Управы, в) пастановаю Зьезду «Хаўрусу».
2. Уся маёмасьць філіі перадаецца да распараджэньня Гал. Управе.
3. Ліквідацыя «Хаўрусу» пераводзіцца пастановаю агульнае канфэрэнцыі «Хаўрусу» таксама за згодаю 3/4 галасоў дэлегатаў.
4. Маёмасьць «Хаўрусу» перадаецца іншай беларускай арганізацыі або ўстанове па прызначэньні агульнае канфэрэнцыі.
ХІ. Пячатка «Хаўрусу».
1. Арганізацыя мае пячатку на французкай і беларускай мовах.
Дапаўненьні, зробленыя Прэфэктурай Паліцыі да раздз. І, пункту 2, пры легалізацыі «Хаўрусу»:
1. Сябры «Хаўрусу» падзяляюцца на сталых і часовых. Сталымі зьяўляюцца тыя, што маюць «Карт д’ідэнтітэ а валідітэ нормаль», а тымчасовымі — тыя, што маюць дазвол на пражыцьцё ў Францыі, але ня маюць яшчэ т. зв. карт, інакш кажучы — трохгадовае карты.
