|
СТАТУТ РАДЫ БЕЛАРУСКАЕ НАРОДНАЕ РЭСПУБЛІКІ
1. Паўнамоцтвы, мэты й заданьні
Параграф 1. Рада Беларускае Народнае Рэспублікі (БНР) — найвышэйшая ўстанова й адзінае праўнае прадстаўніцтва сувэрэнных правоў беларускага народу, выяўленых у праватворчым акце 25 Сакавіка 1918 г., зафіксаваным 3-й Устаўной Граматай БНР.
Пар. 2. Правы Рады БНР вынікаюць зь неабмежаных паўнамоцтваў, дадзеных ёй Усебеларускім Зьездам (Кангрэсам) як свайму найважнейшаму органу — Радзе Зьезду 31 сьнежня 1917 г. і перададзеных апошнім вышэйшым пэрсанальным носьбітам гэтых паўнамоцтваў, старшынём Рады БНР Васілём Захаркам, тэстамэнтальна Міколу Абрамчыку, зь ініцыятывы якога на грунце гэтага аднавілася дзейнасьць Радн БНР у экзылі ў сьнежні 1947 г.
Пар. 3. Паўнамоцтвы гэтыя трываюць, згодна з пастановай Усебеларускага Зьезду (Кангрэсу) 1917 г., да часу вольных выбараў Устаноўчага сойму ў незалежнай БНР.
Пар. 4. Асноўная мэта й заданьне Радн БНР — перахаваньне й выкананьне волі беларускага народу, выказанай у акце 25 Сакавіка 1918 г., а гэта — адбудова незалежнай беларускай дзяржаўнасьці на ўсіх беларускіх землях усімі магчымымі й даступнымі спосабамі й дарогамі.
Пар. 5. Выкананьне заданьняў Рады БНР рэалізуецца празь дзейнасьць ейных органаў, да якіх належаць:
1. Сэсія Рады БНР;
2. Прэзыдыюм Рады БНР на чале з Старшынём Рады БНР;
3. Сакратарыят Рады БНР;
4. Кантроль Рады БНР;
5. Суд Рады БНР.
2. Сяброўства ў Радзе Беларускае Народнае Рэспублікі
Пар. 6. Рада БНР складаецца зь сяброў радных, якіх прапануюць беларускія палітычныя й грамадзкія арганізацыі, верныя Акту 25 Сакавіка, а таксама й незарганізаваныя групы беларусаў-незалежнікаў. Кажнага новага сябру павінны рэкамэндаваць найменш двух сяброў Рады БНР.
Пар. 7. Сябры Рады БНР плацяць нацыянальны падатак, вышыню якога вызначае сэсія Рады БНР.
Пар. 8. Усіх сяброў Рады БНР забавязвае поўная тайніца што да справаў, у дачыненьні да якіх гэта адмыслова засьцярожана.
Пар. 9. За зраду гэткай тайніцы нясецца адказнасьць, як за зраду дзяржаўнае тайніцы, перад судом Рады БНР.
Пар. 10. Перад пачаткам свае дзейнасьці сябры Рады БНР складаюць прысягу на рукі Старшыні Рады БНР, або ўпаўнапажанай ім асобы наступнага зьместу: «Я, сябра Рады Беларускае Народнае Рэспублікі, урачыста прысягаю перад Богам і Беларускім Народам, што буду непахісна стаяць на прынцыпах Акту 25 сакавіка, дзеіць у кірунку ўжыцьцёўленьня яго, падпарадкавацца ўсім пастановам, прынятым Радаю БНР і ёйным Прэзыдыюмам, ды сьвята захоўваць усе тайніцы Рады БНР».
Пар. 11. Сябры Рады БНР пазбаўляюцца сяброўства ў Радзе БНР у выпадку дзеяньняў, нязгодных з Актам 25-га Сакавіка ці супярэчных з пастановамі Рады, зраджаньня тайніцаў Рады ці выяўленьня іншых маральных або нацыянальных заганаў.
Пар. 12. Сябра Рады БНР можа быць пазбаўлены сяброўства ў Радзе толькі на аснове пастановы Суда Рады, ці пастановаю сэсіі Рады.
Пар. 13. Старшыня Рады БНР ці Прэзыдыюм яе можа завесіць у сяброўстве ў Радзе кажнага раднага, а таксама кажнага сябру органаў Рады да часу суду ці сэсіі Рады БНР.
3. Сэсія Рады БНР
Пар. 14. Сэсія Рады БНР — навышэйшая інстанцыя ў працы Рады БНР. Да яе кампэтэнцыі належаць:
а) прыманьне й зьменьваньне статуту Рады БНР;
б) ратыфікаваньне ўмоваў;
в) выпрацоўваньне палітычнае лініі й тактыкі дзеяньня ў вонкавых сувязях і беларускім вызвольным руху;
г) прыйманьне законаў, загадаў і інструкцыяў;
д) пазбаўленьне сяброўства ў Радзе БНР на аснове пар-аў 11, 12;
е) іншыя справы, што не належаць да кампэтэнцыі іншых органаў Рады ці Старшыні Рады.
Пар. 15. Сэсіі Рады БНР склікаюцца што тры гады, а ў меру канечнае патрэбы й часьцей, старшынём рады БНР, а калі яго няма — заступнікам старшыні, і калі яго няма — Прэзыдыюмам Рады БНР із собскае ініцыятывы, або на жаданьне ня менш, як 1/5 сяброў Рады.
Пар. 16. Сэсіі Рады правамоцныя, калі яны праўна скліканыя й сябры Рады паведамленыя пра тэрмін, месца й парадак дня сэсіі найменш за месяц часу перад датаю сэсіі.
Пар. 17. Сэсію вядзе прэзыдыюм сэсіі, які абіраецца на сэсіі ў складзе старшыні сэсіі, 2-х сакратароў, 1-го сябры. Пастановы сэсіі прымаюцца звычайнай бальшынёю галасоў. У выпадку роўнасьці галасоў справу пастанаўляе другі голас старшыні сэсіі.
Пар. 18. Галасаваньне на сэсіі мае быць тайным: 1. Пры выбарах старшыні Рады БНР і Прэзыдыюму Рады; 2. Калі ня менш, як 1/5 сяброў, прысутных на сэсіі, зажадае тайнага галасаваньня пры разьвязваньні тае ці іншае справы. Усе сябры маюць па адным голасе, апрача тых, што маюць пісьмовыя ўпаўнаважаньні ад іншых сяброў, аднак ня больш за пяць галасоў разам із сваім.
4. Прэзыдыюм Рады БНР
Пар. 19. Прэзыдыюм Рады БНР складаецца з Старшыні Рады БНР, ягоных заступнікаў, сакратара, скарбніка й сяброў. Абірае іх, устанаўляючы пры гэтым колькасьць заступнікаў старшыні й сяброў, сэсія Рады БНР.
Пар. 20. Да Прэзыдыюму Рады БНР належыць:
а) вядзеньне справаў Рады БНР у часе паміж ейнымі сэсіямі;
б) дапільноўваньне выкананьня пастановаў сэсіі органамі Рады БНР;
в) праводжаньне рэфэрэндумаў сэктарамі Рады ў выпадку патрэбы прыняцьця пастановаў, што належаць да кампэтэнцні сэсіяў Рады БНР;
г) рэпрэзэнтацыя Рады БНР навонкі;
д) скліканьне сэсіяў Рады БНР згодна з пар. 15.
5. Старшыня Рады БНР
Пар. 21. На чале Рады БНР стаіць Старшыня Рады БНР.
Пар. 22. Старшыня Рады БНР — найвышэйшы прадстаўнік Рады БНР і беларускага народу. Яго абірае Рада БНР на сэсіі на тэрмін шэсьць гадоў.
Пар. 23. Старшыня Рады БНР паклікае Сакратарыят Рады БНР у патрэбнай колькасьці асобаў.
Увага. Пры перакладах у іншыя мовы словы «Народная Рэспубліка» перакладаюцца як «Дэмакратычная Рэспубліка», а слова «Старшыня» як «Прэзыдэнт».
Пар. 24. Да кампэтэнцыі Старшыні Рады БНР належыць:
а) рэпрэзэнтаваньне БНР перад урадамі й нацыянальнымі прадстаўніцтвамі іншых народаў;
б) прызначаньне прадстаўнікоў БНР пры ўрадах і прадстаўніцтвах іншых народаў;
в) іншыя справы, што вынікаюць з займанага становішча, а ня вызначаныя іншым органам.
Пар. 25. У выпадку вакансіі становішча Старшыні Рады БНР ягоным наступнікам стаецца першы заступнік Старшыні Рады БНР.
6. Сэктары Рады БНР
Пар. 26. У месцы, дзе зьбярэцца трох ці больш сяброў Рады, творыцца Сэктар Рады БНР. Дзеля стварэньня сэктару могуць злучацца разам радныя з двух ці трох асяродкаў.
Пар. 27. Да заданьняў сэктараў належыць:
а) сачыць разьвіцьцё палітычных падзеяў у сваім асяродку й у дадзеным краі, сачыць прэсу ў справах Беларусі ды ў важных выпадках безадкладна інфармаваць Прэзыдыюм Рады БНР або рэагаваць адпаведна сытуацыі самым на месцы;
б) прымаць пастановы ў справах рэфэрэндуму Рады БНР,
в) рупіцца пра разьвіцьцё грамадзкага й палітычнага жыцьця ў сваім асяродку й краі.
Пар. 28. Сэктар мае сваю ўправу ў складзе старшыні, сакратара й скарбніка. Старшыня сэктару — прадстаўнік Рады БНР у сваім асяродку й краі. Для краю, дзе ёсьць колькі сэктараў, прадстаўніка Рады БНР вызначае Старшыня Рады БНР.
Пар. 29. У меру патрэбы склікаюцца агульныя сходы сяброў Сэктару Рады БНР. Раз на год Старшыня сэктару склікае гадавы перавыбарны сход сяброў сэктару, да кампэтэнцыяў якога належыць:
а) апрабаваньне справаздачаў Управы Сэктару й прызнаньне ёй абсалюторыюму;
б) перавыбары ўправы;
в) прыняцьце бюджэту й пляну працы сэктару.
7. Скарб Рады БНР
Пар. 30. Фінансавыя сродкі на дзейнасьць Рады БНР зьбіраюцца ў скарбе Рады БНР ды паходзяць з:
а) складак нацыянальнага падатку Рады БНР;
б) ахвяраў грамадзтва;
в) асыгнаваньняў беларускіх арганізацыяў;
г) зь іншых непрадбачаных прыбыткаў.
Пар. 31. Грошы ў скарб зьбірае Скарбнік рады БНР беспасярэдне й праз скарбнікаў сэктарў Рады БНР. Скарбнік Рады БНР адказны перад радай БНР як фінансава, гэтак і ў дзейнасьці, й робіць раз на год фінансавыя справаздачы.
8. Кантроль Рады БНР
Пар. 32. Кантроль Рады БНР ужыцьцяўляецца камісіяй, абіранай на сэсіі Рады БНР на тэрмін да наступнае сэсіі ў складзе старшыні, сакратара, сябры й заступніка яго (на выпадак ягонага выбыцьця).
Пар. 33. Да кантрольнае камісіі належыць кантроль грашовае гаспадаркі Рады БНР ды складаньне справаздачаў з гэтага.
9. Суд Рады БНР
Пар. 34. На аснове пар-аў 9 і 12 гэтага статуту ўстанаўляецца Суд Рады БНР у складзе старшыні й двух судзьдзяў, абіраных на сэсіі Рады БНР.
Пар. 35. Разгляду суду падлягаюць справы, што вынікаюць з пар-аў 9 і 11 гэтага статуту, а таксама з магчымых канфліктаў паміж сябрамі рады БНР. Усе справы разглядаюцца на аснове статуту.
Пар. 36. З мэтаю абароны інтарэсаў сяброў Рады БНР і органаў БНР старшыня Рады БНР вызначае абвінавальніка, што праводзіць сьледзтва й абвінавачаньне на паседжаньнях суду ў выпадках, калі справа ськіраваная ў суд зь ягонае ініцыятывы, або з пастановы Рады БНР.
Пар. 37. Кажны сябра Рады, як і кажная асоба, што мае справу ў судзе БНР, мае права абраць сабе правазаступніка.
Пар. 38. Справы кіруюцца ў суд абвінавальнікамі, зацікаўленымі ў справе бакамі, або пастановаю Рады БНР.
Пар. 39. Ад пастановы суду можна адклікацца ў месячным тэрміне да Рады БНР.
10. Архіў Рады БНР
Пар. 40. Дакумэнты Рады БНР і ўсіх ейных органаў з усіх часоў ейнага існаваньня й дзеяньня, а таксама ўся карэспандэнцыя яе, што захавалася ў органах Рады БНР ды ў розных прыватных асобаў, што маюць ці мелі дачыненьне з Радай БНР ці ейнымі органамі, уважаецца за собскасьць Рады БНР.
Пар. 41. Усе гэтыя дакумэнты й карэспандэнцыя павінны захоўцацца ў Архіве Рады БНР у месцы сядзібы ейнага прэзыдыюму.
Пар. 43. Органы Рады БНР, улучна зь ейнымі сэктарамі, могуць затрымваць у сябе толькі копіі матар’ялаў, патрэбныя дзеля іхняй працы, а іншыя дакумэнты перадаюць у архіў Рады БНР.
11. Зьмены Статуту
Пар. 43. Гэты Статут можа быць зьменены або папраўлены на кажнай Сэсіі Рады БНР бальшынёю 3/4 галасоў беспасярэдніх фактычных удзельнікаў сэсіі, калі пункт пра зьмену статуту ўнесены ў парадак дня сэсіі ў вымаганым тэрміне перад скліканьнем сэсіі.
12. Уваход у сілу Статуту
Пар. 44. Гэты Статут уваходзіць у сілу адразу пасьля прыняцьця яго Адзінаццатай Сэсіяй Рады БНР, касуючы адначасна датуль дзейныя статутовыя ўстанаўленьні.
Гэты Статут Рады БНР быў прыняты на Адзінаццатай Сэсіі Рады БНР 29 травеня 1971 году ў Нью-Ёрку, за выняткам пяці апошніх разьдзелаў, якія былі прынятыя на Дванаццатай Нечароднай Сэсіі Рады БНР 21красавіка 1973 году ў Таронце.
Падпісалі:
Старшыня 12-й Сэсіі Барыс Рагуля
Сакратар Раіса Жук-Грышкевіч
