МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Жук-Грышкевіч В. - М. Наўмовічу (14.12.1971) // Месца выдання - Парыж

Аўтар: Жук-Грышкевіч Вінцэнт
Раздзел: Эпісталярыі
Краiна: Нявызначана
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

В. ЖУК-ГРЫШКЕВІЧ — М. НАЎМОВІЧУ

14 сьнежня 1971 г., Бэры

Вельмі паважаны й дарагі спадар Наумовіч!

Даўно ўжо хацеў пісаць Вам і адказаць на Ваш ліст, але нагрувашчаньне розных актуальных справаў стаяла на перашкодзе. Перад усім мушу Вам напісаць пра сэктар Рады БНР у Францыі. Паводле папраўленага статуту, які Вы хутка атрымаеце, новых сяброў радных прымае Прэзыдыюм Рады на прапанову мясцовых беларускіх арганізацыяў. Ваш «Хаўрус» можа запрапанаваць інж. Лявона Шыманца й яшчэ кагось. Маючы трох радных, можаце стварыць сэктар. Пішыце на мой адрас, або сп. А. Шукелойцю на той самы адрас, што й газэта «Беларус».

Радзе БНР вельмі патрэбна дапамога беларусаў у Парыжы, тым больш радных, асабліва цяпер, калі робяцца стараньні, каб мець да сваёй дыспазыцыі архіў Рады БНР, які прысвоіла спадарыня Ніна Абрамчык. Праз столькі часу мы ня маем да яго доступу й ня можам карыстаць з яго ані ў змаганьні з нашымі ворагамі, ані ў штодзённай рабоце. Мусім перамагаць значныя цяжкасьці з гэтай прычыны. Нпр., як і што я магу рабіць заўтра, калі ня ведаю, як і што было роблена учора, ці ў недалёкім мінулым? Кожны дзень без карыстаньня з архіву пабольшвае страты для беларускай справы й кожны дзень павялічвае рызыку, што архіў, які знаходзіцца ў дыспазыцыі безадказнай і непачытальнай асобы, можа або загінуць беспаваротна, або трапіць у варожыя рукі. І адказнасьць за гэта падзе на тых, хто, маючы тыя ці іншыя магчымасьці, нічога не зрабілі, каб забраць архіў з безадказных рук і адпаведна забясьпечыць яго. На вялікі жаль, некаторыя нашы людзі, нават паважныя, не разумеюць павагі сытуацыі й замест рабіць штось канкрэтнае, абмяжоўваюцца да пустых разважаньняў, як нпр.: «...Трэба яшчэ пачакаць (хоць ужо паўтара году чакалі), а можа сп-ня Н. зьменіць свой погляд...» Чулі Вы? У такой важнай справе, як дзяржаўны архіў, нацыянальная вартасьць узалежніваецца ад таго, ці ведамая гістэрычка зьменіць свой погляд, хоць ведама, што ніхто ня можа ўплынуць на зьмену ейнага погляду, ніхто й нічога ня робіць у гэтым напрамку; гэта гучала б гумарыстычна, калі б не было трагічным. Або: «…Суд за архіў можа пашкодзіць Ларысе Геніюш... дык лепш нічога не рабіць...» Пры чым тут Ларыса Геніюш? Архіў быў пераданы М. Абрамчыку й цяпер знаходзіцца ў яго жонкі, а суд — не палітычная работа, якую вядзе Рада БНР. Калі ўжо так глядзець, дык трэба было б спыніць палітычную работу, каб не пашкодзіць Л. Геніюш. Тым часам Л. Геніюш адсядзела ўжо досыць і не баіцца, што ёй можа быць горш, як ёсьць. Выглядае, што яна сама лезе на ражон, закідаючы лістамі найгоршых «врагов народа». У Вас там, відаць, нейчыя падшэпты прабуюць спыніць нашу дзейнасьць. Ёсьць і яшчэ якіясь разважаньні, але шкада на іх часу.

Не, няма чаго ўжо чакаць і няма куды далей ісьці. За паўтара года зроблена ўсё магчымае, каб архіў быў пераданы камісіі. Мы ня маем права больш чакаць. Кожны дзень, кожная гадзіна прыносіць страту для нашай справы дзеля браку архіву ў нашых руках, ды павялічае рызыку запрапашчаньня яго. Суд трэба распачынаць як найхутчэй, пакуль ёсьць спрыятлівая кан’юнктура. Распачынаць трэба ціха, бяз розгаласу, й у першую чаргу трэба старацца забясьпечыць архіў судом, апячатаваць яго. Як дойдзе да гэтага, дык можа ня трэба будзе й суд. Магчыма, Вам гаварылі ўжо пра гэта.

Рада БНР вельмі разьлічвае на Вашу дапамогу ў гэтай справе, як адзінага раднага ў Парыжы й аднаго з паважных беларусаў. Роля Ваша ня будзе цяжкой і не займе Вам шмат часу. Справу будзе вясьці парыскі адвакат, а ў судзе, калі б да яго дайшло, будзе досыць паважных сьведкаў. Вам, як прадстаўніку Рады БНР, трэба будзе толькі час ад часу схадзіць да адваката, каб даваць яму патрэбныя інфармацыі. На гэта Вы атрымаеце адпаведнае ўпаўнаважаньне. Усе кошты, зьвязаныя з судом, пакрывае Рада БНР. Ніхто іншы ня можа заняцца гэтай справай, бо ўсе сябры камісіі (уключна з а. Гарошкам) жывуць па-за межамі Францыі.

Маю надзею, Вы разумееце важнасьць справы й важнасьць сытуацыі, спадар Наўмовіч, і ня будзеце адмаўляцца ад гэтай паважнай і ганаровай ролі. Усё ж для пэўнасьці я хацеў бы мець адказ на гэты ліст. Да Новага году пішыце на ніжэйпаданы адрас, бо я выяжджаю ў Нью-Ёрк, а пазьней — на мой канадыйскі адрас.

Жадаю Вам і Вашай сям’і ўсяго найлепшага, а перад усім вясёлых Калядных Сьвятаў і шчасьлівага Новага Году ад сябе і ад Раісы.

З глыбокай пашанай —

В. Жук-Грышкевіч.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by