МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Тумаш В. - М. Наўмовічу // Месца выдання – Парыж

Аўтар: Тумаш Вітаўт
Раздзел: Эпісталярыі
Краiна: Нявызначана
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

В. ТУМАШ — М. НАЎМОВІЧУ

21 чэрвеня 1954 г.

Дарагі сябра Наўмовіч!

Нейкі тыдзень таму выслаў Вам першы нумар літаратурна-мастацкага часапісу «КОНАДНІ». У ім памешчаная й Вашая Мадонна. У чарговы нумар ізноў пойдзе нешта з таго, што Вы даслалі. Найскарэй пару скульптурных галовак, калі часам не прышлеце нечага іншага. З гэтым нумарам адна няўдача — «самародная», на нізкой мастацкай роўні вокладка.

Рэдакцыйная калегія аж да апошняй хвіліны спорыла за назоў, а калі ўстанавіла назоў, дык прыйшлося ўжо насьпех мантаваць вокладку. Мірановіч і Касяк, на жаль, графікай наагул не цікавяцца, і таму зьвяртаемся з просьбаю да Вас: ці не маглі б нашкіцаваць для наступнага нумару свой праект вокладкі? Найлепш было б, каб было мо два праекты: адзін — мастацкая перарысоўка сучаснага задуму, другі — самастойны. Часапіс мае ісьці ў друк недзе ў верасьні месяцы.

Другая справа: я зацеміў, што ў мінулым годзе ў «МОЛАДЗІ» быў даволі добры артыкул пра архітэктуру Беларусі. Дагадваюся, што ён Вашага пяра. Як напэўна ўжо зьвярнулі ўвагу, «ЗАПІСЫ» гісторыі культуры й мастацтва шмат пасьвячаюць месца. Але артыкулы Сядуры пераважна абаснованыя на расейскіх жаролах і ў іх амаль нічога няма пра гэтак багатую на нашых землях заходнюю архітэктуру — готык, рэнэсанс, барока, ракако, нэаклясыцызм. Тымчасам гэтыя ўсе стылі мелі вельмі багатыя і якасна й колькасна пабудовы й на землях Беларусі. Шмат матар’ялу, першыя ўводныя ніткі, бібліяграфію можна знайсьці ў цікавым, хоць і кампіляцыйным, артыкуле праф. Богуша-Шышкі ў польскай кнізе, выдадзенай у Лёндане ў 1953 г. («Дзее Велькего Ксенства Літэвскего» — Альма Матэр Вільнэнсіс).

Напэўна, гэтую кніжку лёгка будзе знайсьці ў той ці іншай бібліятэцы Парыжа. На аснове пададзенай там літаратуры ды гэтай працы можна было б апрацаваць добры артыкул пра заходнія архітэктурныя стылі на землях Беларусі. Калі б за гэта ўзяліся б — «ЗАПІСЫ» ахвотна прыдзялілі б такой працы месца.

Другая (ці ўжо трэцяя!) справа: паволі выдавецтва Інстытуту разрастаецца. Нам тымчасам не хапае адной малой рэчы: рэпрэзэнтацыйнай, «маестатычнай» пячаці, якую можна было б рэпрадукаваць і на вокладках кажнай выдадзенай кнігі, і ўжываць на некаторых важнейжых паперах ды наагул на фармулярах. На жаль, ідэі, якою гэтая пячатка мусіла б быць, у нас яшчэ гатовай няма. На ёй, аднак, мусіць быць па-беларуску назова арганізацыі — Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва. Што больш — цяжка нам сказаць. Ці не маглі б у гэтай справе даць нам сваю мастацкую раду, а яшчэ лепш — і шкіцы гатовых праектаў?

З найшчырэйшымі прывітаньнямі —

Ваш Вітаўт Тумаш.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by