|
М. БЕЛЯМУК — М. НАЎМОВІЧУ
10 чэрвеня 1953 г.
Дарагі сябра!
Год таму назад мы абмяняліся лістамі ў пытаньнях, зьвязаных з працай моладзі. Карэспадэнцыя, на жаль, нашая спынілася, бо пагляды некаторых сяброў ЗБМ разышліся з маімі. Час зрабіў сваё, й шмат хто згадзіўся зь некаторымі маімі прапановамі. Сябра Запруднік, будучы ў ЗША, выказаўся таксама, каб зарганізаваць адно Кіраўніцтва. Мяне толькі адно дзівіць, што група беларускае моладзі ў Лювэне, дзе пражываюць адны амаль студэнты, да гэтае пары ня ёсьць сябрамі АБНМ, каб гэтым узмацніць і пашырыць арганізацыю ды зрабіць яе арганізацыяй моладзі на Эўропу. Не бяруся аналізаваць ды дашукоўвацца прычынаў, бо так здаецца, што Лювэн уважае не прыстыжова далучацца, а каб да Лювэну далучаліся. Таму яны й выдалі друкам «Наперад», які назвалі часапісам моладзі. Выхад гэтага часапісу моладзь не сустрэла радасна. Ня ведаю, як сустрэла [яго] беларуская моладзь у Францыі. Раздаліся тут галасы, каб выдаваць запраўды часапіс моладзі й для моладзі друкам. Шукалі мы розных спосабаў, каб разьвязаць гэтае пытаньне. Спачатку тут, а пазьней за межамі ЗША. Спэцыяльных фондаў мы ня маем, дык таму змушаныя знайсьці друкарню, у каторай найтаньней каштаваў бы друк часапісу. Маем даведкі з Канады й Нямеччыны. Ці не былі б Вы ласкавыя паходаць адносна друку ў Францыі? З адной стараны, нам было б найвыгадней, каб часапіс друкаваўся ў Францыі й быў органам АБНМ і ЗБМ. Часапіс «Моладзь» робіць добрае ўражаньне на сяброў ЗБМ. Паколькі Вы ня ў стане выдаваць яго друкам зь нястачы фінансавых сродкаў, дык мы калі б злучылі свае сілы, бо таксама фінансавае нашае паложаньне ня ёсьць надзвычайнае, дык змаглі б выдаць квартальнік друкам. Паўстае толькі адно пытаньне: сам назоў. Мы выдалі пару нумароў свайго часапісу пад назовам «ВІЦІ». Ці захочуць сябры ЗБМ спыніць выдаваньне «ВІЦІ»? На гэтае пытаньне не магу запэўніць, бо знаю, што некаторыя замахаюць рукамі ды пачнуць даводзіць, што калі мы маем фінансаваць, дык хай будуць «ВІЦІ». Вашыя сябры ізноў могуць стаяць пры думцы й перакананьні, што «Моладзь» выдаецца 5 год і мае сваю традыцыю, дык лепш выдаваць далей на рататары, але «Моладзь». Вось, каб палагодзіць гэтае пытаньне, знайсьці нейкі кампраміс у развязаньні яго, дык было б дужа добра, бо зь цягам часу мы, магчыма, знайшлі б і наступны, каб стварыць адну арганізацыю. Дня 19—20 чэрвеня мы ладзім экскурсію ў Вашынгтон, а разам з гэтым і малы Зьезд ЗБМ. Я назваў яго малым не таму, што малая колькасьць будзе ўдзельнікаў, але што мала будзе часу на шырэйшую дыскусію адносна некаторых пытаньняў. Адно зь іх і будзе пытаньне часапісу. Да гэтага часу, безумоўна, ад Вас ніякага паведамленьня не атрымаю, але канкрэтней будзе ведамы пагляд моладзі, сяброу ЗБМ. Мой асабісты пагляд — каб часапіс выходзіў пад назовам «ВІЦІ». Бяру гэта з тае ўвагі, што Вы летась пісалі мне, што АБНМ налічвае каля дзясятку сяброў, тады, калі ЗБМ прыблізна ў 12 раз болей. А ведама, што з двума сябрамі лягчэй дагаварыцца, чымсьці з 12-цю. Да гэтага мы стараемся атрымаць і некаторыя фонды ад амэрыканцаў. Часапіс наш амэрыканцы разглядаюць, і ня ёсьць выключанае, каб пару цэнтаў мы не атрымалі. Зьмена назову можа ўнесьці адпаведнае непаразумленьне, якое часамі трэба доўга паясьняць. Таму для нас цяпер залежыць, каб выдаць друкам з падборам добрага матар’ялу й зрабіць паўторную інтэрвэнцыю ў адпаведныя ўстановы, з захаваньнем папярэдняга назову, але з адзначэньнем, што ён цяпер ня толькі орган ЗБМ у ЗША, але адначасна й орган АБНМ у Эўропе. Што адносіцца да Рэдкалегіі, дык ня думаю, каб па гэтым пытаньні былі ў нас шырэйшыя дыскусіі, калі б Вы пагадзіліся з прапазыкай той, што застанецца назоў часапісу «ВІЦІ», а «Моладзь» спыняецца. Адносна часапісу «Наперад», дык мы тады лювэнцам зрабілі б прапанову аб’яднаньня, хаця шчыра гаворачы, я гэтаму ня веру. Аднак, некаторыя зь іх згодзяцца й далучацца да АБНМ, бо ня ўсе ёсьць з паглядам, які мае Цьвірка. Калі б яны далей выдаваць задумалі «Наперад», дык пасьля таго, як мы знайшлі б кампрамісовае разьвязаньне пытаньня часапісу моладзі ды выдавалі яго друкам, дык кажнаму стане ясным, што іх часапіс ня ёсьць часапісам моладзі, але людзей з «блакітнай крывёй», якія ўважаюць сябе вышэйшымі і нічога супольнага зь беларускай моладзьдзю ня маюць. На добры лад, і калі б было жаданьне працаваць з моладзьдзю, дык даўна былі б сябрамі АБНМ, бо адлегласьць паміж Лювэнам і Парыжам меншая, чымсьці паміж Нью-Ёркам і Дэтройтам (1600 км).
Ветліва прасіў бы Вас, калі Вы заглядаецеся на высунутую прапанову прыхільна, дык даведацца ў друкарнях адносна друку. Пацікаўцеся, колькі каштаваць будзе адзін друкаваны аркуш (40 000 знакаў)? Кольні каштуе выданьне часапісу «Божым Шляхам» і ці ёсьць магчымасьць друкаваць у гэтай друкарні? Ці згодзіцца а. Л. Гарошка зрабіць карэкту, калі такую ня зможаце Вы зрабіць? Ці магчымае ёсьць друкаваньне часапісу меншага фармату, як «Божым Шляхам»? Што да фармату часапіса, дык добра было б, калі б ён быў такім, як «Наперад», але гэта залежыць ад фармату паперы. Разьмеркаваць трэба было б так, каб не было абрэзкаў, за каторыя мы будзем плаціць, а яны ня будуць выкарыстаныя. Адносна балонак, дык тут пацікаўцеся, колькі аркушаў друкарскіх мае «Божым Шляхам»? Мы на першы пачатак ня можам разагнацца на болей, як на два друкаваныя аркушы. Айцец Гарошка азнаёмлены з друкарскімі кручкамі, дык толькі ён зможа даць дакладную інфармацыю, й я прасіў бы Вас надаслаць яе ў найбліжэйшым часе.
Калі б была магчымасьць друку ў Францыі ды злучыцца з АБНМ, дык было дужа добрым, тады мы абгаварылі б больш дэтальна іншыя пытаньні, каб пазьней не было лішніх непаразумленьняў. Ага, мы думаем, што тыраж наш быў бы выстарчальны ў 500 экз.
На гэтым канчаю, спадзяюся, што неяк дагаворымся паміж сабой, бо тут ідэалягічнага разыходжаньня ніякага няма паміж намі, дык дагаварвацца значна лягчэй, чымсьці з моладзьдзю зарубежніцкай, з каторай мы тут таксама вядзем перамовы, толькі што яны так захоўваюцца, як «старэйшыя браты». Думаць над нейкімі кампраміснымі вырашэньнямі яны ня хочуць.
Жадаю Вам і ўсім сяброўкам і сябрам АБНМ самага найлепшага!
Жыве БНР!
З пашанай да Вас —
Міхась Белямук.
