|
СТ. СТАНКЕВІЧ — М. НАЎМОВІЧУ
25 красавіка 1953 г., Розэнгайм
Вельмі паважаны спадар Наўмовіч!
Пасьля нашых канфэрэнцыяў зь іншымі нерасейскімі нацыянальнасьцямі ў Карльсругэ й Парыжы (у якой бралі ўдзел і Вы) і пасьля злажэньня гэтымі нацыянальнасьцямі мэмарыялу Амэрыканскаму Камітэту, апошні пачаў глыбей нюхаць настроі сярод нас, інфармавацца аб нас і рабіць свае ўплывы на паасобных нават людзей. Учора мелі яны спатканьне із мной і, між іншым, папрасілі даць некага адрас з Рады БНР у Парыжы, каго яны маглі б адведаць і пагаварыць. Прызнаюся, што я ня быў пэўны, ці Вы зьяўляецеся сябрам Рады БНР ці не, але падаў Ваш адрас. Калі б, прыпадкам, Вы й не належалі да Рады, дык у дадзеным выпадку на міласьць боскую не здраджайцеся й гаварыце, што належыце, бо інакш кампрамэтацыя.
Як будзе ў Вас зь імі гутарка, дык хачу тут падаць некаторыя факты, што гаварылі тут мы, каб усё было ўзгодненае, пайменна: Рада БНР налічвае звыш 150 сяброў, французкі сэктар мае каля 7-8 сяброў (наймацнейшыя ў Эўропе сэктары бэльгійскі й ангельскі). Спасярод палітычных партыяў, якія падтрымліваюць Раду БНР і ў яе фактычна ўваходзяць, зьяўляюцца: 1. Беларуская Нацыянал-Дэмакратычная Партыя на чале з Аўгенам Каханоўскім, якая выводзіць свой радавод ад зьнішчанай бальшавікамі «нацдэмаўшчыны» й зьяўляецца наймацнейшай партыяй на эміграцыі; 2. Беларуская Незалежніцкая Партыя на чале з др. Рагулем, па колькасьці сяброў меншая, але выводзіць свой вялікі палітычны капітал з антынямецкай тайнай дзейнасьці падчас апошняй вайны; 3. Беларуская Хрысьціянская Дэмакрацыя на чале з др. Грабінскім — партыя найменшая, але багатая сваёй традыцыяй. Апрача гэтага ёсьць прадстаўнікі сялянскай партыі (сэнатар Рагуля, інж. Гарошка) і інш., але гэтыя партыі на эміграцыі арганізацыйна не аформленыя.
Што для нас непрыемлівае ў КЦАБ-е? Мы цьвердзім, што пераважна дзьве рэчы. 1. Будучае «самавызначэньне» народаў шляхам плебісцыту ці пастановы ўстаноўчых сабраньняў. Калі б мы прынялі гэтую базу, дык гэтым самым перакрэсьлілі б Акт 25 Сакавіка і нашую дзяржаўнасьць з 1918-20 гг., а гэта ёсьць якраз базай нашай сяньняшняй палітыкі й нашай вызвольнай ідэалёгіі. Таму гэтая справа для нас бездыксыйная, і мы ад яе не адступім. 2. Справа парытэту, якая дае расейцам цэлую палавіну галасоў у КЦАБ-е.
Вось гэта было б усё, што хацеў бы з Вамі ўзгодніць, каб у нас не было разьбежнасьцяў у гутарках з амэрыканцамі. У Вас мае быць адзін вельмі малады тып, але палітычна падкуты, прозьвішчам Кэч.
А затым усяго найлепшага!
З пашанаю —
Ст. Станкевіч.
