|
М. С. — РЭДАКТАРУ «МОЛАДЗІ»
Паважаны Спадар рэдактар!
Ад імя беларусаў у Аўстраліі шчыра вам дзякую за прывітаньне і пажаданьні. З свайго боку складаем Вам, сп. рэдактар, Вашым супрацоўнікам і ўсім суродзічам у Францыі нашыя найлепшыя пажаданьні. Хай Усемагутны пашле Вам здароўя, сілы і посьпеху ў працы для зьдзяйсненьня Акту 25 Сакавіка і ўсяго найлепшага ў жыцьці. Адначасова ветліва прашу Вас зьмясьціць у Вашым часапісе ніжэй паданыя паясьненьні і папраўкі да заметак зь беларускага жыцьця ў Аўстраліі, дзеля таго, што зьмешчаныя ўрыўкі, як я спадзяюся, вынятыя з майго ліста.
Належыць да № 5 «Моладзі», заметка «Беларусы ў Аўстраліі».
1) Паданыя тут кліматычныя ўмовы адносяцца да аднае горна-лясной мясцовасьці ў правінцыі Вікторыя, паложанай каля 1000 м над паверхняй мора, і адпавядаюць зацемленай тут пары году, 22.Х — гэта ў Аўстраліі вясна;
2) пры пракладаньні дарог працавала не бальшыня беларусаў, а толькі чатырох;
3) заашчадзіць грошы на паваротнае падарожжа — не азначае — у U.D.P. лягер, а ў вольную Бацькаўшчыну.
Агульна беручы, клімат Аўстраліі ёсьць зусім спрыяючы для эўрапейцаў, галоўна правінцыя Вікторыя і Нова-Паўдзённая Валія (New-South Woules).
Заработка аднаго 8-мі гадзіннага дня зусім дастаткова для добрага пражыўленьня ў працягу аднаго тыдня. Жывучы ашчадна, аднак не адмаўляючы сабе ў аджыўленьні (чым могуць пахваліцца ўсе беларусы), можна ў кароткім часе зарабіць грошай, каб стацца самастойным.
Адносіны аўстралійцаў да нас ёсьць у агульным досыць добрыя.
Вялікім мінусам ёсьць тое, што дзеля асыміляцыі ўсялякія нацыянальныя арганізацыі тут ёсьць няміла бачаныя і не дазваляюцца. З узгляду на гэта існуе небясьпека асыміляцыі менш сьведамых і стойкіх нацыянальна, а праз гэта іх страты для Бацькаўшчыны.
З пашанай М. С. Аўстралія, 16.1.49 г.
