|
ІІ ЗЬЕЗД БЕЛАРУСКАЕ НЕЗАЛЕЖНІЦКАЕ АРГАНІЗАЦЫІ МОЛАДЗІ Ў ФРАНЦЫІ
14 траўня 1950 году ў Парыжы, у памяшканьні СФТС — 26, Ру Маніалён, адбыўся ІІ Зьезд Беларускае Незалежніцкае Арганізацыі ў Францыі (БНАМ)
Зьезд прайшоў у цёплай, сяброўскай атмасфэры і накрэсьліў перад арганізацыяй шэраг важных заданьняў. На Зьезьдзе, апрача сяброў БНАМ, прысутнічалі таксама госьці, спаміж іх — рэктар Беларускае Рэлігійнае місіі айцец Гарошка і старшыня Парыскага аддзелу Аб’еднаньня беларускіх работнікаў у Францыі сп. Яцэвіч.
Абраны прэзыдыюм (старшыня — сябра А. Кавалеўскі, сакратар — сябра В. Міцкевіч) правёў Зьезд у наступным парадку дня; 1) справаздача Старшыні БНАМ аб дзейнасьці Арганізацыі за 1949 год; 2) справаздача Рэвізійнае камісіі; 3) адчытаньне Статуту БНАМ; 4) дыскусыя пасьля справаздачаў; 5) перавыбары Галоўнае ўправы БНАМ; 6) выбары рэфэрэнтаў: культуры, прэсы, спорту, узаемадапамогі, сувязі зь іншымі нацыянальнасьцямі; 7) перавыбары Рэвізійнае камісіі і Сяброўскага суду; 8) плян працы БНАМ на 1950 год; 9) вольныя прапановы.
У сваёй кароткай справаздачы зь дзейнасьці БНАМ за 1949 год старшыня Арганізацыі сябра М. Наўмовіч падкрэсьліў шэраг дасягненьняў арганізацыі, якая сваёю працаю спрычынілася да пашырэньня імя беларуса між чужынцаў. Галоўную ўвагу ў сваёй справаздачы ён зьвярнуў на бесьперапынны выхад у сьвет часапісу «Моладзь», які, згодна з пастановаю Зьезду БНАМ, стаўся афіцыйным органам Арганізацыі, а таксама і на тыя вынікі БНАМ, якія прывялі да пасьпяховага паказу першага сапраўднага беларускага канцэрту ў Парыжы. Канцэрт гэты меў грашовы абарот, які аблічваецца ў 100 000 франкаў. Сябра Наўмовіч падкрэсьліў таксама дружную ахвярнасьць сяброў БНАМ, што спрычынілася да пабудовы прыгожага помніка зь беларускім надпісам над магілаю заўчасна памёршага сябры БНАМ сьв. пам. Ф. Паўлоўскага. Нагадваючы пра працу Галоўнай управы БНАМ, М. Наўмовіч зазначыў, што ўсе крокі да афіцыйнага зьлегалізаваньня Арганізацыі ўжо зробленыя перад адпаведнымі французкімі ўладамі, а з гэтага вынікае, што БНАМ мае права нармальна разгарнуць сваю дзейнасьць. Пералічыўшы гэтыя дасягненьні, сябра М. Наўмовіч на заканьчэньне свае справаздачы змушаны быў зазначыць, што дзейнасьць БНАМ за 1949 год хаця й азначылася вялікімі поступамі, але ня можа рахавацца за цалкам задавальняючую, бо ня поўнасьцю быў выкананы той плян працы, які быў накрэсьлены Першым Зьездам БНАМ, і таму заклікаў сяброў, прысутных на ІІ-гім Зьезьдзе, да больш актыўнае і сьведамае працы на карысьць нашага народу і Бацькаўшчыны.
Рэвізійная камісія (старшыня сябра М. Лысуха) у сваёй справаздачы адзначыла дзейнасьць БНАМ як задавальняючую, падкрэсьліўшы, што каса БНАМ і каса часапісу «Моладзь» вядзецца стала і акуратна, а грошы з гэтых касаў былі выдадзеныя выключна на патрэбы Арганізацыі і часапісу. Са справаздачы Рэвізійнае камісіі стала ведамым, што ў гэтых касах ад часу існаваньня Арганізацыі знаходзілася амаль 50 000 франкаў, зь якіх засталося на дзень Зьезду 11 000 франкаў.
У дыскусіях аб справаздачах выступалі сябры, прысутныя на Зьезьдзе. Сябра А. Кавалеўскі між іншым зазначыў, што справа Скаўцкае арганізацыі ня можа належаць да кампэтэнцыі БНАМ, а таму павінна разглядацца як асобная арганізацыя, што мае над сабою кіраўніцтва Галоўнае Скаўцкае кватэры.
Сябра В. Міцкевіч у сваім выступе выразна намаляваў перад прысутнымі тое вялікае значэньне дзейнасьці Арганізацыі на чужыне, якое дапамагае нашым братом і сёстрам на паняволенай Бацькаўшчыне ў іхным гераічным змаганьні за адвечны ідэал нашага народу, за незалежнасьць Беларусі.
Пасьля дыскусіяў распачаліся перавыбары Галоўнае ўправы, якія, згодна з пастановаю Зьезду, былі праведзеныя шляхам адчыненага галасаваньня. Вынікі гэтага галасаваньня наступныя:
Старшыня Галоўнае ўправы БНАМ — сябра М. Наўмовіч; заступнік старшыні — сябра В. Забаўскі; сакратар — сябра В. Міцкевіч; скарбнік — сябра С. Бэўс.
Рэфэрэнты: культуры — сябра А. Кавалеўскі, спорту — сябра А. Монід, прэсы — сябра А. Міцкевіч, узаемадапамогі — сябра Фр. Ганкевіч, сувязі зь іншымі нацыянальнасьцямі — сябра М. Хоміч.
Гэткім чынам, Галоўная ўправа БНАМ, згодна з вырашэньнем ІІ Зьезду БНАМ, сталася пашыранаю да 9 асобаў за кошт часовае ліквідацыі Управы Парыскага аддзелу БНАМ, кіраўніцтва якога аўтаматычна пераходзіць да Галоўнае ўправы.
У склад Рэвізійнае камісіі ўвайшлі наступныя сябры: Кавалеўская Валя (старшыня), Сьпічонак (сябра), Лысуха (сябра).
У склад Сяброўскага Суду ўвайшлі: Дударэвіч (старшыня), Юрлевіч (сябра), Кузьміна Ніна (сябра).
Пасьля перавыбараў быў падрабязна абгавораны і зацьверджаны ІІ Зьездам БНАМ агульны плян працы Арганізацыі на 1950 год. Галоўныя пункты гэтага пляну наступныя:
1) арганізацыя культурна-мастацкіх выступаў і паказаў (падрыхтоўка да новага самастойнага канцэрту і да супольных канцэртаў зь іншымі нацыянальнасьцямі); 2) падняцьцё на вышэйшы ўзровень часапісу «Моладзь»; 3) выдаваньне за кошт грашовых ахвяраў сяброў БНАМ беларускіх кніжак, патрэбных дзеля грамадзкага і нацыянальнага ўзгадаваньня беларускае моладзі на эміграцыі (першаю да друку на цыклястылі прызначаная кніжка «Беларусь у ліках і фактах»); 4) нацыянальнае і культурнае ўзгадаваньне моладзі (ладжаньне рэфэратаў з нагодаў угодкаў слаўных сыноў нашае Бацькаўшчыны, а гэтаксама рэфэратаў на тэмы агульна-выхаваўчыя); 5) прыцягненьне ў шэрагі БНАМ як найбольшай колькасьці сяброў з моладзі, што з тых ці іншых прычынаў знаходзіцца яшчэ па-за межамі арганізацыйнага жыцьця; 6) закладаньне новых аддзелаў БНАМ на тэрэне Францыі і вядзеньне сьціслае сяброўскае сувязі з тымі адзінкамі нашае моладзі, якія закінутыя лёсам у чужацкія асяродкі на правінцыях.
Другі Зьезд БНАМ пастанавіў зьвярнуцца з просьбаю да рэктара Рэлігійнае місіі ў Парыжы айца Гарошкі, каб ён прыняў на сябе абавязкі апекавацца жыцьцём і дзейнасьцю БНАМ.
Зачыняючы ІІ Зьезд БНАМ, старшыня Зьезду сябра
А. Кавалеўскі падзякаваў за пасьпяхова праведзеную працу і пажадаў усім сябром БНАМ посьпеху і плённае працы на карысьць паняволенага беларускага народу.
* * *
25 чэрвеня ў Парыскай беларускай калёніі адбылося сьвяткаваньне 8-ых угодкаў трагічнае сьмерці Янкі Купалы. З гэтае нагоды раніцай у беларускай капліцы пры касьцёле Saint Sulpice правілася Багаслужба, пасьля якой была адслужана паніхіда. Рэктар Беларускае Рэлігійнае місіі ў Парыжы з гэтае нагоды выгаласіў прыгожае казаньне.
Па абедзе ў залі Хрысьціянскага Сындыкату адбылася ўрачыстая акадэмія, зладаваная Управай БНАМ. Рэфэрат аб жыцьці і творчасьці Янкі Купалы зачытаў сябра В. Міцкевіч, пасьля чаго адбылася мастацкая частка акадэміі, на якую злажыліся дэклямацыі сяброў.
Заля была прыгожа ўдэкараваная бел-чырвона-белымі сьцягамі, Пагоняю, партрэтам Янкі Купалы з чорнай перавязкай і вялікай колькасьцю прыгожых ружаў. Прысутнічала многа гасьцей і моладзі.
Акадэмія закончылася супольным адсьпяваньнем беларускага нацыянальнага гімну.
* * *
23 ліпеня 1950 г. у памяшканьні Хрысьціянскага Сындыкату адбыўся сход сяброў усіх беларускіх арганізацыяў у Парыжы і ваколіцы, на якім усім сябрам былі раздадзены кніжкі Беларускага Эмігранта, ці т. зв. Кніжкі самападаткаваньня.
* * *
25.VII.1950 г. пакінуў Парыж тэхнічны супрацоўнік «Моладзі» сябра Каранеўскі Мар’ян, які выэміграваў у Новую Зэляндыю.
Рэдакцыя «Моладзі» і ўсе сябры складаюць яму шчырую падзяку за працу і жадаюць шмат шчасьця ў асабістым жыцьці і плённай працы на карысьць беларускага народу на новым месцы жыхарства.
* * *
22.10.1950 г. у залі Хрысьціянскага Сындыкату адбылася зборка Парыскай калёніі беларусаў у Францыі, на якой спадар Прэзыдэнт Абрамчык расказаў прысутным пра падарожжа ў Злучаныя Штаты Амэрыкі, а таксама пра жыцьцё нашых суродзічаў на амэрыканскім кантынэнце. Яго расказ моцна зацікавіў прысутных і сьцягнуў на зборку шмат слухачоў.
* * *
Парыж. 26 лістапада г. г. з нагоды 30-ых угодкаў Слуцкага паўстаньня ў беларускай капліцы пры Saint Sulpice адбылася жалобная паніхіда памяці ўсіх змагароў, якія памерлі ў барацьбе за волю Бацькаўшыны. Пры гэтай нагодзе айцец Гарошка сказаў прыгожае, зьмястовае казаньне.
Гэтага ж дня, пасьля абеду, у памяшканьні Хрысьціянскага Сындыкату была ладжана акадэмія чэсьці Слуцкага паўстаньня. Памяць паўшых герояў была ўшанавана хвілінным маўчаньнем. Кароценькі рэфэрат аб прабегу Слуцкага паўстаньня зачытаў сябра Філістовіч. Пасьля яго, бралі слова сп. Яцэвіч і сп. Рыдлеўскі, абодва ўдзельнікі паўстаньня.
Акадэмія закончылася агульным адспяваньнем беларускага нацыянальнага гімну.
* * *
Крэўсот. 26 лістапада 1950 г. стараньнем мясцовай філіі АБРФ была ладжана сьвяточнага акадэмія, прысьвечаная 30-ым угодкам Слуцкага паўстаньня. На праграму склаліся: вельмі зьмястоўны і кранаючы сэрцы ўсіх прысутных рэфэрат аб Слуцкім Паўстаньні спадара Трусава, дэклямацыі патрыятычных вершаў сп. Трусавым і ягоным 6-цігадовым сынам.
Памяць паўшых герояў была ўшанавана хвілінным маўчаньнем. Пасьля група сяброў у Крэўсот прапяяла некалькі беларускіх песьняў.
Вельмі прыгожае прывітальнае слова сказаў прысутны на сьвяце галава мясцовай філіі Вайсковага Таварыства быўшых ваякаў УНР.
Сьвята закончылася адсьпяваньнем беларускага нацыянальнага гімну. Яно прайшло ў вельмі паважнай, сяброўскай атмасфэры. Гэтым нашыя сябры ў Крэўсот яшчэ раз далі доказ свае салідарнасьці і патрыятычнасьці. Яны паказалі ўсім чужынцам у Крэўсот, што беларускі народ жыве і прадаўжае барацьбу за волю.
* * *
Парыж. 10.12.1950 г. у залі Хрысьціянскага Сындыкату адбылася чарговая зборка Парыскага адзьдзелу АБРФ. На тэму дня было пастаўлена пытаньне падрыхтоўкі да гадавое зборкі Сындыкату і ўлажэньне пляну працы АБРФ.
1951
* * *
Парыж, 21.1.1951 г. У Нотр Дам дэ Пары з нагоды Тыдня малітвы за аб’еднаньне ўсіх хрысьціян і 1200 угодкаў сьмерці сьв. Івана Дамаскіна адбылася ўрачыстая багаслужба, якую адслужыў S. B. Maxime IV Salegh, патрыярх Антыёхіі і ўсяго Усходу, у саслужэньні 2-х епіскапаў і 8-і рэктараў чужынецкіх місіяў бізантыйскага абраду ў Парыжы. Ад беларускага духавенства служыў рэктар Беларускае Рэлігійнае місіі айцец Гарошка.
З нагоды ўрачыстага сьвята першы раз у Нотр Даме быў заінсталяваны тэлевізійны апарат, які тэлевізаваў прабег багаслужбы. Радыё таксама перадавала на парыскіх хвалях прабег імшы, а амаль усе парыскія газэты пісалі пра гэтую падзею, пералічваючы ўсіх удзельнікаў багаслужбы.
* * *
Парыж, 27.1.1951 г. У салёнах «Дэлбор» адбылася супольная беларуска-ўкраінская забава, арганізаваная беларускай і ўкраінскай сэкцыямі СФТС (Сэкцыі Хрысьціянскага Сындыкату). Забава сьцягнула ў салёны вялікую колькасьць людзей усіх нацыянальнасьцяў. Прабегла яна ў сымпатычнай атмасфэры. Усе вынясьлі б вельмі прыемнае ўражаньне зь яе, а ў першую чаргу ініцыятыўны камітэт, калі б не было лістовак на французкай мове, якія ўкраінскія студэнты раздавалі тайком для ўсіх прысутных, за выняткам беларусаў. Лістоўкі выданыя ў 33-я ўгодкі сьмерці 300 украінскіх студэнтаў, расстраляных бальшавікамі пад Крутамі, на іх нарысаваная карта Украіны, загортваючая ўсё беларускае Палесьсе аж пад Баранавічы. Гэты факт кідае цень на брацкія суадносіны беларускага і ўкраінскага народаў. Падобнае паступованьне ўкраінскіх студэнтаў у Парыжы сьведчыць аб іх нявыхаванасьці і неляяльнасьці ў адносінах да беларусаў, тым больш, гэта рабілася падчас вечару, ладжанага для навязаньня бліжэйшых добрасуседзкіх адносінаў.
* * *
Парыж, 11 лютага 1951 г. У залі Хрысьціянскага Сындыкату адбылася гадавая зборка Парыскага адзьдзелу Аб’еднаньня беларускіх работнікаў у Францыі, на якой пасьля справаздачы былога старшыні філіі і справаздачы рэвізійнае камісіі адбыліся перавыбары ўправы. У новую ўправу ўвайшлі: старшыня — сп. Яцэвіч, сакратар — сп. Бялевіч і скарбнік — сп. Чыгір.
* * *
Парыж, 25 Сакавіка. У гэты дзень адбылося сьвяткаваньне 33-х угодкаў абвешчаньня незалежнасьці Беларусі. Рана, а гадз. 11 у беларускай капліцы пры касьцёле Saint Sulpice адбылася ўрачыстая багаслужба. Пасьля абеду ў залі «Хаўрусу» была ладжана ўрачыстая акадэмія, якую адчынілі сп. прэз. Абрамчык доўгім і змястоўным дакладам. Дэклямацыі моладзі і сяброўскія сьпевы дапоўнілі праграму ўрачыстасьці. Акадэмія закончыася агульным адсьпяваньнем беларускага нацыянальнага гімну.
* * *
31.ІІІ—І.ІV у памяшканьні Хрысьціянскага Сындыкату ў Парыжы адбылася першая канфэрэнцыя хрысьціянскіх вольных сындыкалістых Цэнтральнае і Усходняе Эўропы, прыбалтыцкіх і балканскіх краінаў. У канфэрэнцыі прынялі таксама ўдзел беларускія дэлегацыі з Францыі і Бэльгіі. Акрамя прадстаўнікоў паняволеных народаў у канфэрэнцыі ўдзельнічалі сындыкалістыя заходніх дзяржаваў: Францыі, Італіі , Бэльгіі, Галяндыі, Люксэмбургу, Вялікай Брытаніі, Нямеччыны і Швайцарыі. Канфэрэнцыя мела на мэце каардынацыю працы ўсіх хрысьціянскіх работнікаў у іх барацьбе з камунізмам, сацыяльную і праўную апеку работнікаў. Перад заканьчэньнем канфэрэнцыі быў выбраны выканаўчы камітэт, у склад якога ўвайшлі: старшыня — паляк, 1-шы заступнік старшыні — беларус, генэральны сакратар — украінец.
* * *
8-га красавіка ў памяшканьні Хрысьціянскага Сындыкату адбыўся 3-ці зьезд БНАМ у Францыі. Сябры з правінцыі пераслалі свае галасы і паўнамоцтвы сябрам у Парыжы, якія прысутнічалі на зьедзе. Пасьля справаздачы дасюлешняга старшыні моладзі і справаздачы Рэвізійнае камісіі, была выбрана новая ўправа, у склад якой увайшлі: старшыня — сябра Наўмовіч Міхась, сакратар — сябра Міцкевіч Валянтын, скарбнік — Касьцюк Гені. Быў прыняты наступны плян дзеяньня на бягучы год: далейшая выдача часапісу «Моладзь», зрабіць цыклястыльнае другое выданьне кніжкі «Беларусь у датах, ліках і фактах» з пашыранымі і больш апрацаванымі матэрыяламі, выдача іншых кніжак і брашураў узгадаваўчага зьместу, ладжаньне акадэміяў, прагулак, праводжаньне ўзгадаваўчае працы. Сябром БНАМ былі раздадзены сяброўскія легітымацыі. На выдаваньне часапісу і расходы арганізацыі ўстаноўлены сяброўскія складкі да 100 фр. на месяц.
* * *
14 і 15 красавіка г. г. у залях Хрысьціянскага Сындыкату адбылася міжнародная выстаўка-кірмаш. Беларуская сэкцыя работнікаў у Парыжы наладзіла выстаўку беларускіх тканінаў, вышывак і дробных мастацкіх вырабаў. Сцэны беларускага куточка ўпрыгожвалі маляваныя абразы сябра Жаўняровіча. Прадаваліся беларускія брашуры, часапісы, паштоўкі. Шкада, што ня было беларускіх абаранкаў або іншых характэрных беларусам прысмакаў, бо гэта напэўна мела б вялікі посьпех у наведваньнікаў выстаўкі-кірмашу.
* * *
Падобна, як у мінулым годзе, на Сёмуху, 12, 13 і 14 траўня г. г. адбылося вялікае паломніцтва студэнтаў з Парыжу ў Хартрэс. У грамадзе 9 000 французкіх студэнтаў прынялі ўдзел прадстаўнікі студэнтаў розных нацыянальнасьцяў, між якімі і беларускія. Тры дні маршу польнымі дарожкамі цераз зялёныя палі, супольныя малітвы паломнікаў і фізічныя высілкі, спрычыніліся да навязаньня бліжэйшых сяброўскіх суадносінаў паміж студэнтамі розных нацыянальнасьцяў.
* * *
Парыж, 10 чэрвеня г. г. У залі Хрысьціянскага Сындыкату адбылася гадавая зборка сяброў Выдавецкага фонду ў Францыі. Старшыня фонду даў справаздачу зь дзейнасьці арганізацыі, прадставіўшы здабыткі яе, куплю ручное друкарні, выдачу ў сьвет 3-х нумароў газэты «За Волю». Пасьля абсалюторыі адступаючай управе выбралі новую, у склад якое ўвайшлі: старшыня — Шыманец Ул., сакратар — Міцкевіч В., сябры — Бэўс С. і Лысуха М. Зборка аднагалосна прыняла пастанову, што дзеля выдачы газэты «За Волю» і ўдасканальваньня друкарні ўсе сябры фонду будуць плаціць сяброўскія складкі ў суме 200 фр. на месяц.
* * *
1 лістапада г. г. у Задушны дзень, калі пасталі ўсе фабрыкі і заводы, а людзі йшлі на могілкі, каб злажыць памяць сваім родным і знаёмым, што адышлі на той сьвет, магіла сябра Паўлоўскага на адным з парыскіх могільнікаў таксама мела шмат наведвальнікаў. Група беларусаў з Парыскае калёніі выбрала гэтую магілу, як сымбалічную, каб над ёю выслухаць паніхіду, адпраўленую айцом Львом за памяць усіх паўстанцаў і змагароў, паўшых у барацьбе за волю народу і ўсіх нявінных ахвяр, замучаных бальшавікамі ў канцлягерах Сібіру. Каб Бог выслухаў іх скромную малітву, спыніў крывавы перасьлед на Беларусі, а яе выгнанцаў вярнуў у вольную і незалежную Бацькаўшчыну.
Стараньнем нашага выдавецтва выйшла ў сьвет брашура Л. Іскры пад загалоўкам «Своеасаблівасьці беларускае мовы». Брашуру можна набыць у рэдакцыі «Моладзі».
* * *
Парыж. 25 лістапада Парыская калёнія беларусаў абходзіла 31-ю гадавіну Слуцкага паўстаньння. Рана, а гадз. 11-ай у бел. капліцы пры касьцёле Saint Sulpice адбылася багаслужба, пасьля якой была адпраўлена паніхіда за душы загінуўшых паўстанцаў. З нагоды так паважнага і жалобнага сьвята айцец Леў сказаў вельмі прыгожае казаньне, у якім зьвярнуў увагу на вернасьць і беларускую вернасьць асабліва.
Пасьля абеду ў памяшканьні Хрысьціянскага Сындыкату адбылася ўрачыстая акадэмія, на якой прысутнічала шмат беларусаў з Парыжу і ваколіц, а таксама гасьцей. Пра прабег Слуцкага паўстаньня меў зьмястоўны і цікавы даклад стары случак сп. Яцэвіч. Пасьля яго ўзяў слова сябра Міцкевіч В., які кораценька сказаў пра значэньне паўстаньня, а спадар Рыдлеўскі дадаў свае кароткія ўспаміны. На мастацкую частку злажыліся: «Помнік» — зачытаны сп. Пузоўскім, «Монтэ-Касына» — сп-ня Н. Абрамчык і «Праз сьлёзы» — сябра Міцкевіч В. На заканчэньне акадэміі прысутныя супольна адсьпявалі наш нацыянальны гімн. Пасьля заканчэньня акадэміі адбылася надпраграмовая частка дня — цікавая лятарэя, у якой цэнтрам зацікаўленьня быў фатаграфічны апарат, які выграла адна маладая сяброўка сходкі.
* * *
26 лістапада 1951 г. у Вэсінэт пад Парыжам, у прыватным французкім гуртку студыяў замежных краін сябра Наўмовіч Міхась меў даклад пра Беларусь, яе геаграфічнае паложаньне і кароткі нарыс гісторыі ды змаганьня беларускага народу за незалежнасьць. Пасьля дакладу прысутны сябра Жаўняровіч Віктар запяяў некалькі беларускіх народных мэлёдыяў. Даклад і беларускія песьні моцна зацікавілі ўсіх прысутных, аб чым яны пазьней выказваліся ў сваіх падзяках дакладчыку.
* * *
Крэзо, 11 лістапада. Гэта вялікі дзень у гісторыі народаў, заканьчэньне Першае Сусьветнае вайны, хаця для нас, беларусаў, гэты дзень нічога добрага не прынёс. Тым ня менш, беларусы ў Крэзо адзначылі яго ўрачыста. Маршавая калёна прайшла праз увесь горад і перад помнікам Нязнанага жаўнера злажыла кветкі. У паходзе бралі ўдзел пераважна французы, а з чужынцаў толькі 3 групы: беларусы, украінцы і палякі. Удзел беларусаў у гэтай маніфэстацыі моцна не спадабаўся нашым суседзям з усходу, якіх у Крэзо ёсьць вельмі многа.
* * *
25 лістапада беларусы ў Крэзо ў залі «Societes» урачыста абходзілі 31-я ўгодкі Слуцкага паўстаньня, каб гэтым аддаць пашану тым змагаром, якія злажылі сваё жыцьцё на алтар Бацькаўшчыны. Сьвята распачаў прывітальным словам старшыня мясцовай Філіі АБРФ, пасьля якога прысутныя супольна адсьпявалі беларускі нацыянальны гімн. Рэфэрат аб значэньні Слуцкага паўстаньня зачытаў сябра Булыга Міхась. Ад гасьцей мелі прывітальныя словы: старшыня Украінскай Еднасьці і старшыня Вайсковага Таварыства ваякаў УНР. На мастацкую частку злажыліся: вершы «Пагоня», «Сьмерць паўстанца юнака», «Ліст да нязнанага брата беларуса», вальс «Вечарына», адыграны маладым 6-цігадовым хлопчыкам, песьня «Слуцкія ткачыхі» і верш Цёткі «Веру, братцы, людзьмі станем». На заканчэньне акадэміі яшчэ раз усімі супольна быў адсьпяваны беларускі нацыянальны гімн.
1952
* * *
Парыж, 24 лютага 1952 г. У памяшканьні Хрысьціянскага Сындыкату адбылася гадавая зборка беларускай сэкцыі БРФ, на якой былі праведзены перавыбары Генэральнага Сакратарыяту. У склад новае ўправы ўвайшлі: старшыня: сп. Яцэвіч Аляксандар; заст. старшыні: сп. Хоміч Міхась; сакратар: сп. Міцкевіч Валентын; скарбнік: сп. Чыгір Янка; сябра ўправы: сп. Наўмовіч Міхась.
Сябру Хомічу Міхасю даручана весьці справы парыскае сэкцыі. Усю карэспандэнцыю ў сындыкацкіх справах кіраваць на адрас: CFТО, Section Bielorussienne, Rue Montholon, Paris 9.
* * *
Парыж, 19.3.1952 г. У залі Мутуалітэ з нагоды 15-ых угодкаў каранацыі Папы Пія XІІ адбылася дэманстрацыя парыжан, каб выявіць перад усім сьветам сваю гатовасьць ісці за Свяцейшым айцом за захаваньне міру. На маніфэстацыі прысутнічалі Папскі нунцый і Архіепіскап Парыжу. Акрамя французкіх вернікаў у маніфэстацыі бралі ўдзел прадстаўнікі ўсіх чужынецкіх місіяў у Парыжы з сваімі нацыянальнымі сьцягамі і ў нацыянальных вопратках. Між іншымі прыгожа красаваўся бел-чырвона-белы сьцяг з Пагоняй.
* * *
30 сакавіка г. г. парыская калёнія беларусаў абходзіла 34-я ўгодкі абвешчаньня незалежнасьці Беларусі. Рана ў касьцёле Сан Сульпіцэ а. Леў адправіў службу Божую, а па абедзе ў памяшканьні Хрысьціянскага Сындыкату была наладжана ўрачыстая акадэмія. Рэфэрат аб разьвіцьці палітычных падзеяў 1914—18 гг. на землях Беларусі і абвешчаньні Акту 25 Сакавіка прачытаў сп. Яцэвіч А. На мастацкую частку злажыліся дэклямацыі моладзі і сьпеў сябра Жаўняровіча. Пры нагодзе сябра Наўмовіч М. падзяліўся з прысутнымі сваімі ўражаньнямі са сьвяткаваньня 25 Сакавіка і адкрыцьця Беларускага студэнцкага дому ў Лювэне.
* * *
26 красавіка г. г група беларускіх студэнтаў у Лювэне на просьбу беларускае моладзі ў Францыі наладзіла ў Парыжы свой першы канцэрт песьні і танцаў. Зь вялікай ахвотай і энтузыязмам ехалі беларусы ў Парыж, каб сваім высокамастацкім сьпевам пацешыць слухачоў-беларусаў, а таксама і чужынцаў. Вечар адбыўся ў залі Дзёцэзанскага Дому каталіцкіх студэнтаў на Rue Madame. Спачатку харыстыя, ня маючы адпаведнага акампанімэнту, бо іх піяністы ня змог зь імі прыехаць і трэба было знайсьці чужога, пяялі крыху няўпэўнена, але паступова, падбадзёраныя воплескамі слухачоў, галасы іх мацнелі ды зьліваліся ў магутную мэлёдыю, якая ўсхвалявана перадавала слухачам глыбокую пачуцьцёвасьць беларускае песьні. На зьмену хору прыходзілі сольныя выступы сябра Сянкоўскага і сябра Цьвіркі ды прыгожыя, удала выконваныя, народныя танцы «Лавоніха», «Крыжачок» і «Мяцеліца». Таксама адналітая нацыянальная вопратка красавала на сцэне сваім прыгаством. Таму нават прысутныя чужынцы, якія не разумелі беларускае мовы, а некаторыя спаткаліся зь ёю першы раз, з захопленьнем слухалі мэлёдыйныя гукі і вынесьлі з канцэрту вельмі добрае ўражаньне. Закончыўся ён жвавым народным танцам «Мяцеліца», а пасьля людзі нейк неахвотна пакідалі залю ды ўсьцяж аглядаліся на сцэну, быццам жадалі яшчэ штось пабачыць.
Назаўтра, 27 красавіка, яшчэ раз беларуская калёнія мела прыемнасьць паслухаць нашых харыстых у капліцы пры касьцёле Сан Сульпіцэ, якія пяялі да службы Божае, адпраўленае а. Львом. Капліца напоўнілася ня толькі беларусамі, але і французамі, якія жадалі паслухаць рэлігійных песьняў усходняга абраду.
У гэты ж дзень пасьля скромнага абеду нашыя госьці разышліся па Парыжы, хто на вежу Эйфэля, хто на Канкорд, а хто на Пантэон, каб аглянуць прыгожы горад. А ў панядзелак з жалем пакідалі яго, каб вяртацца да сваіх заняткаў, да навукі. Але ўсе яны гаварылі, што да нас вернуцца. Мы будзем іх чакаць, зь вялікай прыемнасьцю спатыкаць і гасьціць у Парыжы.
* * *
18 траўня г. г. у Хрысьціянскім Сындыкаце адбылася зборка Парыскай беларускай калёніі, на якой сп. Прэзыдэнт Абрамчык зрабіў цікавы інфармацыйны даклад пра сваю апошнюю паездку ў Амэрыку. Пасьля дакладу сп. Яцэвіч, старшыня ЗБРФ, падаў інфармацыйныя весткі адносна арганізацыі, а на заканчэньне зборкі адбылася маленькая лятэрэя, ладжаная БНАМ, даход зь якое быў прызначаны на новыя выданьні «Моладзі».
* * *
8 чэрвеня беларуская Парыская калёнія абходзіла 10-я ўгодкі сьмерці нашага нацыянальнага прарока — Янкі Купалы. Рана а гадз. 11-ай у Беларускай Капліцы адбыліся служба Божая і жалобная паніхіда, адпраўленая а. Львом, а папалудні ў Хрысьціянскім Сындыкаце — скромная акадэмія, на якой сп. Яцэвіч А. зачытаў рэфэрат пра творчасьць Янкі Купалы і Язэпа Пушчы, таленавітага маладога паэта, зьнішчанага бальшавікамі, якога дакладчык асабіста ведаў.
* * *
9.8.1952 г. у мястэчку Бры пад Парыжам адбылося вясельле сябра БНАМ Сымона Дударэвіча зь сяброўкай Нінай Дышлюк. Царкоўны шлюб даў рэктар Беларускае Рэлігійнае місіі ў Францыі а. Леў Гарошка. Пры пашлюбным абедзе весела гучалі галасы субяседнікаў, фальклёрныя песьні. Пасьля абеду пад гукі музыкі сп. Шляхеткі пайшлі субяседнікі ў скокі: «Крыжачок», «Лявоніха», «Юрачка» прыходзілі сабе на зьмену. На заканчэньне сп. Яцэвіч А. сказаў прыгожую прамову патрыятычнага зьместу. Рэдакцыя «Моладзі» і Управа БНАМ складае сябру Дударэвічу і яго сужонцы самыя шчырыя пажаданьні шчасця ў сямейным жыцьці.
* * *
У нядзелю, 5 кастрычніка 1952 г. у памяшканьні Хрысьціянскага Сындыкату адбылася зборка Парыскай беларускай калёніі, галоўным пытаньнем было абвешчаньне камунікату аб прызнаньні французкімі ўладамі беларускае нацыянальнасьці. Як усім ведама, у часы існаваньня ІКО беларуская нацыянальнасць была прызнаваная і ўпісвалася ў асабістыя паперы беларусаў у Францыі, але пад канец існаваньня вышэй напамянутай інстытуцыі была паўстрымана выдача даведак з беларускай нацыянальнасцю, і французкія ўлады прыпісвалі нашым суродзічам найчасцей падданства акупуючай нас краіны, у якой кожны пражываў перад вайною. Гэтую справу ўрэшце ўдалося наладзіць, і дзеля гэтага ўсе беларусы на тэрыторыі Францыі, якія маюць у сваіх картах іншую нацыянальнасьць, могуць зьвяртацца да рэктара Беларускае місіі ў Парыжы а. Льва Гарошкі: 95, Rue de Serves, Paris 7. Ён вырабіць належныя даведкі, паводле якіх французкія цывільныя ўлады зьменяць у паперах нацыянальнасьць на беларускую.
* * *
7 сьнежня 1952 г. Беларуская калёнія ў Парыжы ўрачыста абходзіла 32-я угодкі Слуцкага паўстаньня. Рана адбыліся 2 урачыстыя Багаслужбы з жалобнай паніхідай па загінуўшых героях: адна ў праваслаўнай украінскай царкве адпраўлена а. Смаршчком у саслужэньні з а. Фінкоўскім (да Багаслужбы пяяў беларускі студэнцкі хор зь Лювэну); а другая — у беларускай капліцы пры касьцёле Saint Sulpice адпраўлена а. Гарошкам.
Пасьля абеду ўсе беларусы з Парыжу і ваколіцаў, а таксама госьці, сабраліся ў залі Хрысьціянскага Сындыкату на ўрачыстую акадэмію. Паміж гасьцямі быў прысутны вялікі прыяцель і апякун беларускіх студэнтаў у Лювэне а. Робэрт, які падарожнічаў па Францыі, але калі даведаўся аб тым, што беларускія студэнты зь Лювэну прыяжджаюць у Францыю на акадэмію, спэцыяльна прыехаў з Grenoble у Парыж, каб прысутнічаць на выступе.
Акадэмію адчыніў старшыня БНАМ сябра М. Наўмовіч, перадаўшы слова сп. Прэзыдэнту Рады БНР М. Абрамчыку, які сказаў кароценькую гарачую прамову, цёпла вітаючы прысутнага госьця а. Робэрта. Пасьля сябра Міцкевіч В. зачытаў адозву генэрала брыгады сп. Кушаля Ф. Наступна кароценька прамаўляў а. Фінкоўскі, а пасьля — сп. Яцэвіч А., старшыня АБРФ, удзельнік Слуцкага паўстаньня, які зачытаў зьмястоўны даклад аб паўстаньні і аб трагічнай долі яго ўдзельнікаў.
Мастацкая частка была наладжана групай беларускіх студэнтаў зь Лювэну. Яна складалася зь вязанкі дэклямацыяў і песень. У бесьперапыннай зьмене чаргаваліся песьні: прыгожа-мэлёдыйныя «Слуцкія ткачыхі», жалобны «Хаўтурны марш», бадзёрыя і магутныя «Пагоня» і «Марш партызанаў», — заклікаючыя да далейшага змаганьня і перамогі. Песьні былі пераплятаныя дэклямацыямі урыўкаў з твораў волатаў беларускага слова.
* * *
29 сьнежня 1952 г. у памяшканьні YMCA ў Парыжы адбылася т.зв. «Surprise Party Internationale de Noel» (баль, буфэт і песьні), на якой прысутнічалі студэнты розных нацыянальнасьцяў з усяго сьвету. Вечар адбыўся ў вельмі сымпатычнай атмасфэры. Пад канец студэнцкімі групамі былі сьпяваныя калядныя песьні на розных мовах. Пяялі немцы, аўстрыйцы, мадзяры, славакі, палякі, туркі, індакітайцы, французы; можна было пачуць на вечары беларускую «Дуду». Сябра Наумовіч М. перш расказаў усім аб зьмесьце песьні, а пасьля, хоць і да сьпевакоў не належыць, бадзёра запяяў. Сваёю арыгінальнасьцю «Дуда» моцна спадабалася прысутным.
1953
* * *
8 лютага ў памяшканьні Хрысьціянскага Сындыкату адбылася зборка Парыскай сэкцыі CFTC, на якой сябра Міцкевіч В. зачытаў зьмястоўны даклад аб гістарычным развоі і значэньні хрысьціянскіх сындыкатаў, а таксама кароткі нарыс аб залажэньні і развоі беларускіх сэкцый, якія ўваходзяць у склад Французкай Канфэдэрацыі Хрысьціянскіх Работнікаў (CFTC). Пасьля дакладу адбылася кароткая дыскусія на тэму падрыхтоўкі да сьвяткаваньня 25 Сакавіка, якое адбудзецца ў нядзелю, 29 сакавіка 1953 г.
* * *
19 красавіка 1953 г. у памяшканьні Хрысьціянскага Сындыкату адбыўся чарговы агульны зьезд беларускіх сэкцыяў пры CFTC. Зьезд добра правёў сваю працу. У новую Цэнтральную ўправу былі выбраныя: Генэральны Сакратар — сябра Наўмовіч Міхась, заступнік — сябра Міцкевіч Валянтын, сакратар (тэхнічны) — сябра Лысуха М., скарбнік — сябра Пузоўскі З., сябры ўправы — Еляшэвіч і Мятла. У Рэвізійную камісію ўвайшлі а. Гарошка, сябра Яцэвіч і сябра Цыбульскі.
1954
* * *
28 сакавіка беларусы з Парыжу і ваколіц адзначылі 36-ыя ўгодкі абвешчаньня незалежнасьці Беларусі. У Беларускай капліцы пры касьцёле Saint Sulpice адбылася урачыстая Служба Божая, якую адправіў рэктар Беларускай каталіцкай місыі ў Францыі а. Леў, прамовіўшы пры гэтай нагодзе прыгожае казаньне аб любові да Бацькаўшчыны. Папалудні таго ж дня адбылася акадэмія у залі Хрысьціянскага Сындыкату, якую ушанаваў сваёй прысутнасьцю monseigner Rupp — генэральны вікары для чужынцаў у Парыскім Архібіскупстве. Акадэмію адчыніў генэральны сакратар АБРФ сябра Наўмовіч Міхась і пасьля малітвы «Магутны Божа» зачытаў надасланыя прывітаньні. Пасьля прамаўляў монс. Руп, выказваючы сваю любоў да Беларусі. У шчырых бадзёрых словах ён выказаў свае пажаданьні, каб імкненьні нашы зьдзейсьніліся і мы змаглі адбудаваць незалежнасьць нашага краю. Потым сябра Міцкевіч Валянтын зачытаў даклад аб Сакавіковых падзеях. На мастацкую частку злажыліся дэклямацыі, сьпевы сола сябра Жаўняровіча В. і сьпевы з дыскаў М. Забэйды-Суміцкага і Беларускага Студэнцкага Хору ў Лювэне.
