|
ПЕРШЫ СУСЬВЕТНЫ ЗЬЕЗД БЕЛАРУСКАЙ ЭМІГРАЦЫІ
Ад 28 лістапада да 2 сьнежня г. г. трываў у Парыжы першы ў гісторыі беларускага народу Сусьветны зьезд беларускай эміграцыі. На Зьезьдзе былі прадстаўлены дэлегаты 25 беларускіх эміграцыйных арганізацыяў з наступных краінаў: Англіі, Аргентыны, Аўстраліі, Бэльгіі, Даніі, Італіі, Канады, Нямеччыны, Францыі і Швэцыі. Асабіста прысутнічалі дэлегаты з Францыі, Англіі, Бэльгіі і Нямеччыны. З другіх краінаў мясцовыя арганізацыі ці выбраныя дэлегаты, з узгляду на немагчымасьць прыезду, прысылалі свае мандаты на мясцовых беларусаў.
Зьезд распачаўся ў нядзелю а гадзіне 9.30. Пасьля выбару прэзыдыі і мандатнае камісіі выступіў з прывітальным словам сп. Прэзыдэнт БНР — інж. Абрамчык. А гадзіне 11 дэлегаты і госьці выслухалі Службу Божую ў беларускай царкве. У канцы імшы айцец рэктар Леў Гарошка меў казаньне, закончанае супольнаю малітваю аб багаславенстве Зьезду.
Пасьля абеднага перарыву распачаліся даклады дэлегатаў паасобных краінаў, якія закончыліся наступнага дня. Як выснавак з гэтых дакладаў, была прынята адпаведная рэзалюцыя. На трэці дзень быў прыняты статут САБЭ (Сусьветнага Аб’еднаньня Беларускай Эміграцыі), гэтак гучыць назоў новай арганізацыі, і выбрана галоўная ўправа САБЭ. На старшыню новай арганізацыі выбраны сп. інж. Лявон Рыдлеўскі, заступнікі старшыні: інж. Шыманец Уладзімір, інж. Тамашчык Уладзімір, праф. Жук-Грышкевіч Вінцук. Сакратар — сп. Сурвіла Янка. Фінансавы рэфэрат даручаны 1-му старшыні, прэса і інфармацыя — сп. Манькоўскаму Пётру. Архіў і дакумэнтацыя — праф. Нікану. Культурны рэфэрат — праф. Грышкевічу. Рэфэрат духовай апекі даручаны ўладыцы Сяргею, апекуну Беларускай Аўтакефальнай царквы ў дачыненьні да праваслаўных беларусаў і айцу Чарняўскаму Франуку — у дачыненьні да каталікоў. Рэфэрат сацыяльнай апекі — айцу Льву Гарошку, яму ж даручаны і рэфэрат перасяленчы. У наглядную раду выбраныя: сп. Каханоўскі Аўгень — старшыня, Рагуля Барыс — заступнік, Лашук Алаксандар — сакратар, Кукель Часлаў і Мурашка Юстын — кандыдаты. У грамадзкі суд выбраныя: праўнік Галяк Лявон — старшыня, Кушаль Францішак — заступнік, Сташкевіч — сакратар, Міцкевіч Міхась і Рагажэцкі — кандыдаты.
Была прынята пастанова ў справе шкодніцкай акцыі сярод беларускай эміграцыі, а таксама зварот да беларусаў з заклікам гуртавацца вакол беларускага нацыянальна-вызвольнага руху. У канцы было прынята некалькі важных пастановаў адносна каардынацыі працы, прэсы і т. д. 2 сьнежня позна вечарам Зьезд закончыў сваю працу.
Без сумліву, гэты першы ў жыцьці беларускай эміграцыі Зьезд мае аграмаднае значэньне для агульнае беларускае справы, ён пацьвярджае дасьпеласьць беларускага грамадзянства праводзіць сваё жыцьцё.
* * *
Аўстрыя
Стараньнем мясцовага Аб’еднаньня беларусаў быў наладжаны ў лягеры ДП у Рыдзе абход нацыянальнага Сьвята 25 Сакавіка. На ўрачыстасьці былі таксама беларусы з ваколіцы, між якімі былі блізкі сваяк Якуба Коласа М. Міцкевіч і былы малады беларускі партызан А. Пячэрскі.
Урачыстасьць распачалася богаслужэньнем, якое адправіў у лягернай капліцы ведамы беларускі сьвятар Ян Пятроўскі. У сваім казаньні, апіраючыся на тэкст Божых Словаў, узятых зь Дзеяньня Сьв. Апосталаў, пастар Я. Пятроўскі зьвярнуў увагу прысутных на тое, што права на ўладаньне нашай зямлёю мы атрымалі ад Бога, і што ніякая сіла пад сонцам ня можа нас пазбавіць гэтага права да нашае зямлі, да волі, да жыцьця. Акт 25 Сакавіка зьяўляецца дакумэнтам, які сьведчыць аб тым, што народ беларускі ўсьведаміў дадзеныя Богам правы, і што ў гэтай сьведамасьці ёсьць зарука шчасьлівае будучыні беларускага народу.
А 14-ай гадзіне, адбылася ўрачыстая сходка, падчас якое кіраўнік тамтэйшага аб’еднаньня сп. А. Яцэвіч прачытаў рэфэрат на тэму «25 Сакавік», у якім нарысаваў прысутным вобраз ахвярнага змаганьня беларускага народу ў мінуўшчыне і поўную спадзею гэтага змаганьня на будучыню, якая цесна вяжацца зь Ідэалам Акту 25 Сакавіка.
А 17-й гадзіне жанчыны запрасілі прысутных на «гарбатку», дзе ў прыгожа ўбранай зеленьню, гэрбам і сьцягамі салі ў прыемнай сямейнай атмасфэры сабраліся ўдзельнікі сьвяткаваньня. Сьвятар Ян Пятроўскі падкрэсьліў значэньне Акту 25 Сакавіка для захаваньня пачуцьця і гарантыі беларускаму народу свабоднага жыцьця і разьвіцьця ягоных духовых, нацыянальных і культурных сілаў. Навязваючы да сказанага, сп. М. Міцкевіч падкрэсьліў значэньне волі для беларускага народу і заклікаў прысутных да ахвярнае працы і выканьньня сваіх абавязкаў дзеля рэалізацыі зьместу 25 Сакавіка. Малады прадстаўнік беларускіх партызанаў А. Пячэрскі даў кароткі нарыс змаганьня лепшых сыноў беларускага народу за волю, за лепшую будучыню беларускага народу, за шчасьце, падкрэсьліваючы тыя ахвяры, якія панесьлі нашыя змагары за сьвятую справу.
Пасьля гэтых слоў прысутныя ўсталі са сваіх месцаў дзеля адданьня пашаны памяці тых, якія аддалі сваё жыцьцё за Бацькаўшчыну-Беларусь.
Удалае выкананьне беларускае песьні прыгожа дапоўніла вечар.
У канцы былі сабраныя добраахвотныя ахвяры ў грашох на беларускі друк у Аўстрыі.
