МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Першы зьезд беларускае моладзі ў Францыі [РАЗАМ З ПРАТАКОЛАМ І РЭЗАЛЮЦЫЯЙ] // Месца выдання – Парыж

Раздзел: Дакументы
Краiна: Францыя
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

ПЕРШЫ ЗЬЕЗД БЕЛАРУСКАЕ МОЛАДЗІ Ў ФРАНЦЫ

26 сакавіка 1949 году ў Парыжы, у залі Сындыкату СФТС, сьвяточна ўдэкараванай бел-чырвона-белым сьцягам, пад агульны сьпеў нашай ваяцкай песьні-малітвы «Беларусь, наша Маці-Краіна», урачыста распачаў сваю працу Першы Зьезд беларускае моладзі ў Францыі, асноўным заданьнем якога было залажэньне адзінай, самастойнай Арганізацыі беларускае моладзі на тэрыторыі Францыі. Зьезд ушанавалі сваёю прысутнасьцю гэткія высокапаважаныя госьці, як сп. Прэзыдэнт БНР М. Абрамчык, Старшыня Рады Сусьветнага Аб’еднаньня беларускае эміграцыі (САБЭ) сп. інж. Л. Рыдлеўскі, ягоны заступнік на Францыю сп. інж. У. Шыманец і рэктар Беларускае рэлігійнае місіі ў Францыі айцец Леў Гарошка. На Зьезьдзе прысутнічалі гэтаксама госьці ад братняе ўкраінскае моладзі.

Прывітальныя словы высокапаважаных гасьцей, якімі распачаўся Зьезд, а перадусім — словы сп. Прэзыдэнта БНР, спатканыя гарачымі воплескамі прысутных, далі ясны ідэалягічны напрамак працы ўсяе беларускае моладзі на грамадзка-нацыянальнай ніве ў сяньняшніх умовах эміграцыйнага жыцьця. Кожны дэлегат вычуваў у гэтых цёплых словах ня толькі заклік да самаахвярнае працы на карысьць нашага шматпакутнага, паняволенага народу, але й шчыры бацькаўскі клопат старэйшых людзей, дасьведчаных у шматгадовым змаганьні за Незалежнасьць сваёй Бацькаўшчыны, за духовы стан і грамадзкае выхаваньне кожнага маладога беларуса. Гэтыя словы шмат прычыніліся да ўсяго пасьпяховага прабегу працы, у якім адбыўся Першы Зьезд беларускае моладзі ў Францыі. Бальшыня дэлегатаў Зьезду была пераважна з Парыжу ды ягоных бліжэйшых ваколіцаў, а іншыя дэлегаты, ня маючы магчымасьцяў асабіста прысутнічаць на Зьезьдзе, даслалі свае мандаты, прывітальныя лісты й пажаданьні памыснае працы. Нягледзячы на параўнальна невялікую колькасьць дэлегатаў (15 асобаў), Зьезд прайшоў надзвычай пасьпяхова, у паважных дыскусіях ды цёплай сяброўскай атмасфэры пры вялікай зацікаўленасьці дэлегатаў тым адказным заданьнем, якое ўсклала на гэты Зьезд уся беларуская моладзь у Францыі. Кожнае пытаньне й прапанова абгаворваліся дэлегатамі ўсебакова, з гледзішча на іхнае практычнае правядзеньне ў Арганізацыі беларускай моладзі ды іхнае карысьці ў агульным пляне нацыянальна-грамадзкага руху беларусаў на эміграцыі. Асабліва вялікая ўвага дэлегатаў была зьверненая на праграму працы і праект Статуту Арганізацыі, запрапанаваны Зьезду ініцыятыўнай групай моладзі. Было пададзена шмат каштоўных заўвагаў ды прапановаў што да тэксту Статуту ды пляну працы Цэнтральнае ўправы БНАМ, абранай Зьездам бальшынёю галасоў. Гэтаксама былі прынятыя Зьездам важныя пастановы ды рэзалюцыі, у якіх адлюстроўвалася гарачае імкненьне нашай моладзі да самаахвярнае працы й змаганьня за сьветлы ідэал 25 Сакавіка. Дэлегаты Зьезду ў сваім адчыненым лісьце да сп. Прэзыдэнта БНР аднадушна прысягнулі, што будуць непахісна стаяць пад бел-чырвона-белым сьцягам Беларускае Народнае Рэспублікі ды прыкладуць усе свае маладыя сілы на зьдзяйсьненьне ейных ідэалаў. Гэтым дэлегаты Зьезду выказалі думку і жаданьні беларускае моладзі, запэўніўшы Урад БНР, а разам зь ім і ўвесь беларускі народ, што ягоная моладзь будзе заўсёды знаходзіцца ў першых шэрагах змагароў за Незалежнасьць Беларусі.

Першы Зьезд беларускае моладзі ў Францыі, заклаўшы Беларускую Незалежніцкую Арганізацыю Моладзі (БНАМ), выканаў гэтым вялікую місію ўсяе беларускае моладзі ў Францыі, якая ў грамадзкім жыцьці сталася дасьпелаю да таго, каб мець сваю дзейную й самастойную Арганізацыю.

Праграма дзейнасьці БНАМ, прадыктаваная Першым Зьездам беларускае моладзі ў Францыі, цалкам адпавядае духовым імкненьням кожнага маладога беларуса, якому дорага імя й Незалежнасьць свае Бацькаўшчыны, а ў гэтым ёсьць вялікая зарука таго, што Арганізацыя моладзі ў Францыі станецца адною з найбольш дзейных, актыўных беларускіх арганізацыяў на тэрэне Францыі.

ПРАТАКОЛ ПЕРШАГА ЗЬЕЗДУ БЕЛАРУСКАЕ МОЛАДЗІ Ў ФРАНЦЫІ, ЯКІ АДБЫЎСЯ 26 САКАВІКА 1949 ГОДУ Ў ПАРЫЖ

На Зьезьдзе прысутнічала 15 дэлегатаў і 6 гасьцей.

Парадак дня:

1. Адкрыцьцё Зьезду. (Адсьпяваньне ваяцкае малітвы.)

2. Выбары прэзыдыюму Зьезду.

3. Прывітаньні.

4. Рэфэрат Я. Філістовіча пра ідэалягічнаю аснову й грамадзкія заданьні Арганізацыі моладзі.

5. Дыскусія пасьля рэфэрату.

6. Праект Статуту Арганізацыі.

7. Выбары кіруючых органаў Арганізацыі.

8. Плян працы Цэнтральнае ўправы Арганізацыі.

9. Пастановы й рэзалюцыі Зьезду.

10. Вольныя прапановы.

11. Закрыцьцё Зьезду.

1.

Ад імя Ініцыятыўнай групы беларускае моладзі ў Францыі адчыніў Зьезд сябра Я. Філістовіч, вітаючы гасьцей і дэлегатаў ды жадаючы памыснае працы ў правядзеньні Зьезду. Па гэтым прысутныя адсьпявалі «Беларусь, наша Маці-Краіна».

2.

Адчыненым галасаваньнем бальшынёю галасоў прысутныя абралі:

а) на старшыню Зьезду — сябра Я. Філістовіча, б) на сакратара — сябра А. Кавалеўскага, в) у прэзыдыюм — сяброў Ільяшэвіча і Дубоўскага.

3.

а) Старшыня Зьезду зачытаў прывітальныя лісты, адрасаваныя Першаму Зьезду моладзі ў Францыі. Лісты былі ад сп. палкоўніка Кушэля, сяброў: Я. Сурвілы, Б. Нагорнага (ад групы з 8-мі чалавек), Грыгаровіча В., Кімстач В., Касьцюка Гені і іншых, якія з розных прычынаў не маглі прыехаць у Парыж.

б) Пасьля адчытаньня лістоў першым з высокапаважаных гасьцёў слова ўзяў сп. Прэзыдэнт БНР М. Абрамчык, які прывітаў Зьезд цёплымі словамі, адзначаючы, што маладое пакаленьне дапаўняе барацьбу з д’ябальскімі сіламі сусьвету й прыносіць у жыцьцё сьвятло ды творчую энэргію. Дадаючы да гэтага, што ворагі нашае Бацькаўшчыны на працягу стагодзьдзяў сьведама адрывалі беларускую моладзь ад змаганьня за сьветлыя нацыянальныя ідэалы беларусаў, сп. Прэзыдэнт горача заклікаў дэлегатаў Зьезду, а разам з гэтым і ўсю беларускую моладзь, да цеснага супрацоўніцтва са старэйшым беларускім грамадзянствам, да поўнага згарманізаваньня свае працы са слаўнымі здабыткамі старэйшых беларусаў, аддаўшых свае сілы на змаганьне за Вольную й Незалежную Беларусь. «Маладое беларускае пакаленьне, — сказаў сп. Прэзыдэнт, — мусіць заняць у адпаведны час месца старэйшых змагароў за Незалежную Беларусь». Сп. Прэзыдэнт на яскравых прыкладах нашае гісторыі паказаў, як у свой час маладое пакаленьне дало грамадзтву гэткія слаўныя імёны, як вялікі князь Сапега, асілак-змагар за незалежнасьць беларускага народу, нацыянальны герой Кастусь Каліноўскі, міністар незалежнае беларускае дзяржавы — Грыб і шэраг іншых, па прыкладу якіх павінна і сяньня ісьці нашая моладзь. На заканчэньне свае прывітальнае прамовы сп. Прэзыдэнт пажадаў памыснае працы новай Арганізацыі моладзі і заклікаў да навязаньня лучнасьці з усёю моладзьдзю ў Францыі ды ў іншых краінах.

в) Айцец рэктар Леў Гарошка ў сваёй прывітальнай прамове да Зьезду адзначыў вялікую й паважную ролю моладзі ў грамадзкім жыцьці. Падаючы, як прыклад, што маладая пчала (з назіраньняў) выконвае сваю працу хутчэй і лепш ад старэйшае, ён сказаў, што на гэтым палягае Боская ўказка, якая не мінае й нашую моладзь. «Маладыя беларусы ў грамадзкім жыцьці павінны выконваць свае заданьні гэтак жа старанна, як і маладая пчала, бо моладзі нездарма дадзеная Ўсемагутным энэргія і вялікая сіла да творчага дзеяньня, — сказаў айцец Леў Гарошка. — Бог даў вам, моладзі, гэтую сілу, й вы павінны яе выкарыстаць на славу й радасьць усяго нашага беларускага грамадзянства».

г) Ад імя Аб’еднаньня беларускіх работнікаў у Францыі з прывітальным словам выступіў сп. інж. Л. Рыдлеўскі. Вітаючы Зьезд, сп. інж. Л. Рыдлеўскі адзначыў, што нашая моладзь, апынуўшыся на эміграцыі, знаходзіцца пад небясьпечнымі ўплывамі вонкавага эўрапейскага жыцьця, якое можа часам адарваць беларускую моладзь ад змаганьняў старэйшага грамадзтва за адвечны ідэал беларусаў, і таму заклікаў да як найцясьнейшага супрацоўніцтва Арганізацыі моладзі зь дзеячамі ды арганізацыямі, якія непахісна стаяць на грунце 25 Сакавіка і БНР. «Мы ведаем, — сказаў сп. інж. Л. Рыдлеўскі, — што духова беларускі народ ня зьнішчаны, а гэтаму яшчэ адзін доказ — Зьезд беларускае моладзі ў Францыі».

д) Ад імя Сусьветнага Аб’еднаньня беларускае эміграцыі склаў прывітаньне заступнік Старшыні і фінансавы рэфэрэнт Аб’еднаньня сп. інж. У. Шыманец. У кароткіх словах ён паклаў надзеі на тое, што Бог дасьць сілаў нашай моладзі, каб дамагчыся паважных вынікаў у нацыянальна-грамадзкай працы Арганізацыі моладзі на шляху да зьдзяйсьненьня вялікага ідэалу 25 Сакавіка — поўнае незалежнасьці нашае Бацькаўшчыны.

з) Ад імя Саюзу ўкраінскіх пластуноў зь цёплым прывітальным словам выступіў сп. Вішнеўскі. «Нашыя народы, — сказаў ён, — можна назваць братнімі народамі. Мы мелі шмат супольнага ў гісторыі разьвіцьця нашых дзяржаваў, і сяньня лёсы нашых паняволеных краёў аднолькавыя. Спадзяюся, што й на будучыню нашыя народы будуць жыць па-братэрску, у цесным сяброўстве, а перадусім веру ў моцнае сяброўства беларускае моладзі з украінскаю».

4.

Ад імя Ініцыятыўнае групы моладзі ў Францыі адчытаў рэфэрат сябра Я. Філістовіч. Коратка зацеміўшы аб вялікай ролі беларускае моладзі ў слаўнай мінуўшчыне нашае Бацькаўшчыны, аб ейным адвечным змаганьні з рознымі акупантамі нашае зямлі, ён сказаў, што і ў сяньняшніх абставінах эміграцыйнага жыцьця беларуская моладзь ня ёсьць пасыўнаю ў агульна-нацыянальнай і грамадзкай працы, а надалей, калі гэтага будзе вымагаць час, — самаахвярна пойдзе на змаганьне з ворагамі нашае Бацькаўшчыны за ейную поўную незалежнасьць, занатаваную вялікім Актам 25 Сакавіка 1918 году. Асноўным грамадзкім заданьнем кожнага маладога беларуса Я. Філістовіч назваў самаахвярную працу беларускае моладзі ў кожнай галіне, а перадусім, у Арганізацыі моладзі, якая мае цалкам адпавядаць духовым і нацыянальным імкненьням нашае моладзі.

5.

У дыскусіях пасьля рэфэрату сябра А. Кавалеўскі сказаў аб тых канкрэтных заданьнях, якія на думку Ініцыятыўнай групы моладзі ў Францыі, паклікаўшай Зьезд, стаяць на сяньня перад Арганізацыяю моладзі. Гэтыя заданьні наступныя:

1) рэпрэзантацыя навонкі;

2) выхаваньне моладзі ў беларускім нацыянальным духу;

3) супрацоўніцтва з усімі арганізацыямі, якія ўваходзяць у склад САБЭ, і навязаньне сяброўскае лучнасьці з арганізацыямі моладзі іншых нацыянальнасьцяў;

4) арганізаваньне беларусаў, якія яшчэ і па сяньня знаходзяцца ў чужацкіх асяродках, і канцэнтраваньне беларускае моладзі ля цэнтру Францыі.

Па пункце 1-м сябра А. Кавалеўскі адзначыў, што нашая моладзь, а перадусім ейная Арганізацыя, павінна паставіць сабе за мэту пашырэньне спаміж чужынцаў назову, культуры, нацыянальных ідэяў і здабыткаў беларускага народу, выконваючы гэтым сяньня свой першачарговы нацыянальны абавязак. Кажучы аб практычным правядзеньні ў жыцьцё гэтае мэты, ён назваў 4 асноўныя задачы:

а) арганізаваньне тэатральнае адзінкі — сталага гуртку мастацкае самадзейнасьці, а надалей — Тэатру беларускае моладзі;

б) арганізаваньне спартовых адзінкаў і сяброўскіх сустрэчаў са спартовымі арганізацыямі іншых нацыянальнасьцяў;

в) залажэньне сталае рэдкалегіі часапісу «Моладзь», якая узяла б на сябе адказнасьць за тое, каб гэты часапіс мог годна рэпрэзэнтавацца ня толькі спаміж беларускае моладзі, але й чужынцаў;

г) арганізаваньне мастацкіх выставаў, літаратурных і сяброўскіх вечароў, якія маглі б прыцягнуць да сябе ўвагу людзей іншых нацыянальнасьцяў.

Па пункце 2-м сябра А. Кавалеўскі, апіраючыся на словы Старшыні САБР сп. інж. Л. Рыдлеўскага, сказаў, што вельмі важным заданьнем, якое на сяньня ляжыць перад БНАМ, павінна быць выхаваньне моладзі ў нацыянальным беларускім духу, гэтаксама, як і павышаньне агульнае культуры й ведаў кожнага маладога беларуса із тым, каб ён, вярнуўшыся на Бацькаўшчыну, мог стацца павучальным прыкладам братом у нацыянальным і агульна-культурным сэнсе. Гэтую задачу сябра А. Кавалеўскі паклаў пераважна на рэдкалегію часапісу «Моладзь» і на тыя культурна-выхаваўчыя пададдзелы Арганізацыі, аб зарганізаваньні якіх гаварылася ў пункце першым.

Па пункце 3-м сябра А. Кавалеўскі адзначыў неабходнасьць найцясьнейшага супрацоўніцтва Арганізацыі моладзі з усімі арганізацыямі, уваходзячымі ў склад САБЭ, і навязаньне сяброўскае лучнасьці з арганізацыямі моладзі іншых нацыянальнасьцяў, што прычыніцца да павышэньня грамадзкае сьведамасьці нашае моладзі й агульнага росту ейнае культуры.

Па пункце 4-м сябра А. Кавалеўскі, адзначаючы высілкі старэйшага грамадзянства ў арганізаваньні беларусаў-адзінкаў, расьцярушаных па чужацкіх асяродках Францыі, у нацыянальна-грамадзкія арганізацыі, сказаў, што нашая моладзь ні ў якім разе ня можа быць у баку ад гэтае важнае агульна-нацыянальнае справы, і будучая Арганізацыя моладзі павінна мець за заданьне дапамагчы старэйшаму грамадзтву у гэтым напрамку ўсімі магчымымі сродкамі. Дзеля практычнага правядзеньня ў жыцьцё ўсяго вышэйсказанага ён запрапанаваў будучай арганізацыі, а перадусім — ейнай Цэнтральнай управе — у меру магчымасьцяў сьцягваць з правінцыяў паадзіночна найбольш актыўную моладзь да Парыжу, займаючыся дзеля гэтага падшуканьнем працаў, памяшканьняў і адпаведных дазволаў уладаў на пражыцьцё.

6.

Старшыня Зьезду адчытаў праект Статуту БНАМ, запрапанаваны Зьезду Ініцыятыўнай групай моладзі ў Францыі. Праект Статуту Арганізацыі Моладзі выклікаў спаміж дэлегатаў шмат спрэчных пытаньняў, таму бальшынёю галасоў было пастаноўлена галасаваць за прыняцьцё кожнага паасобнага параграфу гэтага праекту. Пасьля падрабязнага абгаварэньня паасобных параграфаў і пунктаў праекту Статуту Арганізацыі Зьезд аднагалосна зацьвердзіў канчатковы зьмест Статуту БНАМ, тэкст якога мае быць выданы ў асобнай брашуры.

7.

Выбары кіруючых органаў БНАМ, згодна агульнае пастановы Зьезду, былі зачыненымі, тайнымі, прычым галасы падаваліся за кожную кандыдатуру паасобку.

Бальшынёю галасоу Зьезд абраў Цэнтральную ўправу БНАМ у складзе сяброў:

1) Я. Філістовіч — Старшыня Цэнтральнае ўправы БНАМ;

2) А. Кавалеўскі — Сакратар Цэнтральнае ўправы БНАМ;

3) М. Наўмовіч — Скарбнік Цэнтральнае ўправы БНАМ.

Рэвізійную камісію БНАМ, прычым, кожны дэлегат меў два галасы, па колькасьці сяброў камісіі, Зьезд абраў у складзе наступных сяброў:

1) А. Монід — Старшыня Рэвізыйнае камісіі БНАМ;

2) Я. Сурвіла — сябра Рэвізыйнае камісіі БНАМ;

3) М. Хоміч — сябра Рэвізыйнае камісіі БНАМ.

Гэтакім жа парадкам адбыліся выбары Сяброўскага Суду БНАМ, у склад якога ўвайшлі:

1) Н. Ляўковіч — Старшыня Сяброўскага Суду БНАМ;

2) М. Лысуха — сябра Сяброўскага Суду БНАМ;

3) М. Абрамчык — сябра Сяброўскага Суду БНАМ.

8.

На Зьезьдзе быў прыняты адпаведны плян працы Цэнтральнае ўправы Арганізацыі моладзі да часу наступнага агульнага Зьезду (ягоны тэкст дакладна абгавораны сябрам А. Кавалеўскім):

1) арганізаваць Аддзелы БНАМ;

2) закладаць аддзелы культуры;

3) выявіць сяброў на усёй тэрыторыі Францыі;

4) старацца сьцягнуць як найбольш моладзі да Парыжу;

5) паставіць часапіс «Моладзь» на адпаведную вышыню і зрабіць яго часовым органам БНАМ;

6) навязаць лучнасьць і супрацоўнічаць з усімі арг. моладзі;

7) навязаць цесную лучнасьць зь беларускай моладзьдзю ў Нямеччыне, Англіі, Бэльгіі і другіх краінах;

8) залегалізаваць БНАМ перад францускімі ўладамі.

Як выснаў з працы Першага Зьезду беларускае моладзі ў Францыі, былі прынятыя рэзалюцыі й лісты:

1) спадару Прэзыдэнту БНР М. Абрамчыку;

2) сусьветнаму Аб’еднаньню беларускае Эміграцыі (САБЭ);

3) спадару палкоўніку Ф. Кушэлю;

4) спадару В. Пануцэвічу;

5) айцу Чэрняўскаму Франуку.

Старшыня, зачыняючы Першы Зьезд беларускае моладзі ў Францыі, склаў падзяку прысутным гасьцём і дэлегатам за пасьпяхова праведзеную Зьездам працу й выказаў надзею на тое, што новая Арганізацыя моладзі — БНАМ — будзе карыстацца падтрымкаю ня толькі беларускай моладзі, але і ўсяго актыўнага старэйшага грамадзтва.

Старшыня І Зьезду БНАМ (Янка Філістовіч)

Сакратар І Зьезду БНАМ (Аўген Кавалеўскі)

РЭЗАЛЮЦЫЯ І-ГА ЗЬЕЗДУ БЕЛАРУСКАЕ МОЛАДЗІ Ў ФРАНЦЫІ

1) Першы Зьезд беларускае моладзі ў Францыі, запачаткаваўшы Беларускую Незалежніцкую Арганізацыю моладзі (БНАМ) у Францыі, запэўнівае Раду і Урад БНР на чале зь ейным сп. Прэзыдэнтам, што прыложыць усе маладыя сілы дзеля зьдзяйсьненьня вялікіх ідэалаў 25 Сакавіка й БНР.

2) Першы Зьезд беларускае моладзі ў Францыі просіць усе беларускія арганізацыі на чале з Цэнтраляю Сусьветнага Аб’еднаньня беларускае эміграцыі аб навязаньні лучнасьці, цесным супрацоўніцтве й дапамозе Беларускай Незалежніцкай Арганізацыі моладзі (БНАМ) у Францыі;

3) Першы Зьезд беларускае моладзі ў Францыі зьвяртаецца з заклікам да ўсяе беларускае моладзі, якая знаходзіцца на тэрэне французкае дзяржавы, уступіць у актыўныя сябры гэтае Арганізацыі. Арганізацыя беларускае незалежніцкае моладзі, базуючыся на сьветлых ідэалах 25 Сакавіка й БНР, цалкам адпавядае духовым і нацыянальным імкненьням кожнага маладога беларуса, для якога дарагая нашая Бацькаўшчына й ейная поўная Незалежнасьць.

Няхай жыве БНАМ!

Няхай жыве братэрскае адзінства беларускае моладзі ва ўсім сьвеце!

Няхай жыве вялікі Ідэал 25 Сакавіка!

Жыве Беларусь!

Парыж, 26.3.1949 г.

Старшыня БНАМ (Янка Філістовіч)

Сакратар БНАМ (Аўген Кавалеўскі)


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by