|
СЬВЯТКАВАНЬНЕ БЕЛАРУСКІХ КАЛЯДАЎ У СКАЎЦКІМ ГУРТ
У традыцыі французкіх скаўтаў ёсьць супольнае сьвяткаваньне Куцьці. Палягае яно ў тым, што ядуць супольную вячэру, пасьля якое, звычайна, інсцэнуюць казкі ці вершы... У гэтым годзе паўстала думка паказаць, як у розных краінах сьвяткуюцца Каляды. Зразумела, мая група выбрала сьвяткаваньне Калядаў на Беларусі. Мне выпала роля рэжысэркі. Атрымаўшы цяжкае і пачэснае заданьне, я мусіла сьпярша сама дакладна даведацца, як сьвяткуюцца Каляды, бо калі я пакідала Беларусь, дык была яшчэ малая. Найбольш дапамог мне а. Леў Гарошка, ну і тата з мамай. Першым ды найтруднейшым заданьнем было навучыць францужанак сьпяваць калядныя беларускія песьні. Пачаткі былі цяжкія, але па некалькіх пробах сяк-так пайшло. Знайшлося таксама крыху беларускіх касьцюмаў. Паказ адбыўся нядрэнна. Я расказала прысутным скаўтам і гасьцям аб Беларусі, дзе яна ляжыць, як яна выглядае, якія ў нас абычаі, да чаго імкнуцца беларусы і як у нас спатыкаюць Каляды.
У часе мае гутаркі на сцэну выйшлі мае «артысткі». Між імі «бацька» ў нацыянальным касьцюме майго брата, «маці», «сын» і чатыры «дачкі» — усе ў нацыянальных беларускіх касьцюмах. Занялі месцы за сталом, накрытым белым настольнікам, адчыталі малітву, каб даў Бог ураджай і здароўе дачакаць наступных Калядаў, падзяліліся патравамі, пакінуўшы адну талерку для неспадзяванага госьця, а ў канцы вячэры маладыя выйшлі, каб далучыцца да каляднікаў. Неўзабаве вярнуліся ў хату і запяялі калядную песьню «Неба і зямля» па-беларуску.
Сярод іншых паказаў наш быў найлепшы і зрабіў вялікае ўражаньне на слухачоў, а мне даў вялікае задавальненьне і пачуцьцё выкананага абавязку. Я ўпэўненая, што ў сьведамасьці дзесяткаў гледачоў Беларусь ужо ня будзе пустым, незнаёмым словам.
Івонка Шыманец
№ 29, 1952 г.
