|
БЕЛАРУСЫ Ў МОРГАНЖЭ
Недалёка ўсходняе французкае мяжы, дзе высокія каміны няўпынна дымяцца чорнымі клубамі, закінутая ў лятарынгскай зямлі, ляжыць малая мясьціна, якая завецца Морганжэ. Шэры хвалісты краявід акружае яе, шэрыя людзі жывуць у ёй, яны большую частку свайго жыцьця праводзяць пад зямлёй, выконваючы нудную, цяжкую працу вуглякопаў. Пасьля працы яны вяртаюцца ў аграмадную казарму, дзе жывуць цэлыя тысячы выгнанцаў або эмігрантаў, дзясяткі розных нацыянальнасьцяў. Між імі жыве невялікая група беларусаў, якіх лёс закінуў у Францыю і прымусіў цяжка працаваць для куска хлеба. На іх бледных абліччах, загартаваных у працы і небясьпецы, што пагражае ім на кожным кроку, малюецца нейкі невымоўны сум, туга па нечым страчаным, да чаго ўсьцяж рвецца і па чым баліць іхнае сэрца. Іхнае жыцьцё заўсёды аднолькавае, манатоннае. Таму пануе вялікая радасьць, калі прыпадкова хто-небудзь зь беларусаў завітае да іх; тады дзьверы хаты шырака адчыняюцца для новага госьця. Яны захавалі характэрную беларусу гасьціннасьць. Яны жадаюць пачуць сваё роднае слова, паслухаць як жывуць іх суродзічы ў іншых ваколіцах Францыі.
Два сябры БНАМ, якія жывуць у гэтай групе, аддана працуюць для беларускае справы. Адзін зь іх раз кажа: «Найбольшай нашай пацехай ёсьць тая хвіліна, калі мы атрымоўваем беларускую прэсу, зь якой можам даведацца пра жыцьцё і дзейнасьць беларусаў, нашага нацыянальна-вызвольнага руху. Яна нам заменьвае кіно, тэатры, яна нам прыносіць самую большую радасьць у нашым выгнаньніцкім жыцьці. Калі атрымаю беларускі часапіс або газэту, то нідзе ня рухаюся, пакуль не прачытаю ад пачатку да канца».
Чуючы гэтыя простыя, шчырыя словы і бачачы іх глыбокі зьмест, адчуваем патрэбу нашае працы, нашага агульнага аб’еднаньня і ахвяр у змаганьні над зрэалізаваньнем нашых высокіх ідэалаў — дзяржаўнай самастойнасьці Беларусі; каб усе выгнанцы змаглі свабодна вярнуцца да сваіх родных, бацькоў, да сваіх любімых гоняў, да якіх ўсьцяж імкнецца іхнае сэрца.
Сябра Міхась
№ 19, 1950 г.
