|
1944 ГОД
Ціхі, прыгожы ліпнёвы вечар. Яшчэ менскія вежы гараць у праменьннях заходзячага сонца, але непрыметна і яны пачынаюць гаснуць. Сутанак паволі снуецца па зямлі, становіцца штораз больш гусьцейшым і ахінае сабою ўсё: агароды, вуліцы і дамы. Пагодны водар розных красак хутка напаўняе паветра. Вецер быццам недзе заснуў і не кранае ні адной галіны на дрэвах; яны стаяць, ціха задумаўшыся, а над імі ветліва мігцяцца зоры. Раптам гэтую чароўную цішыню прарэзаў нейкі злавесны гук ні то надходзячае буры, ні то далёкага выбуху, які павольным рокатам расплыўся ў прасторы. Да ўсходу яшчэ далёка, але на ўсходзе неба паружавела бледнымі зарніцамі пажараў. Гэта знак, што адтуль ідзе цёмная сіла, ідуць страшныя орды, якія нясуць з сабою сьмерць і зьнішчэньне. Перад ёю ўздрыгаецца ўсё жывое і нежывое.
У горадзе панавала мёртвая цішыня, толькі недзе на ўскраіне тарахцелі вайсковыя машыны. Яны безупыннымі рэчкамі плылі па дарогах і гасьцінцах на захад. Людзі выглядалі, як цені. Яны знаюць, што на зьмену аднаго, які дажывае свае апошнія гадзіны, ідзе больш страшны, але з той жа самай мэтай, акупант: налажыць на краіну тэрор і няволю. У кожнага была толькі адна думка, адно імкненьне: уцякаць як найдалей, каб больш ня чуць і ня бачыць тых страхоцьцяў, якія ўжо раз перажыў. Інтэрнаты, школьныя ўстановы і прыватныя памяшканьні гулі, як устрывожаныя вульлі. Кожны знаў, што набліжаецца час, ад якога залежыць яго будучыня; кожнаму гаварыла ягонае сумленьне, што трэба бараніць сваё існаваньне, сваю волю, сваю Бацькаўшчыну.
Менск! Ты ў сваёй гісторыі перажыў многа бедаў і няшчасьцяў; ты бачыў аблогі і пажары, ты бачыў войны і руйнаваньні, — але ты ня бачыў яшчэ, каб цябе пакідалі твае родныя дзеці; каб ішлі на чужыну шукаць лепшае долі і апавяшчаць усяму сьвету тую крыўду, тое гора, што насілі да гэтага часу на акрываўленых плячох, на нагах, абутых у лапці. Здавалася, што сьцьміўся іх зор, гасла жыцьцё... А разам з гэтым слабела іхняя вера, але ў сапраўднасьці было іначай. Руіны гарадоў, пажарышчы родных вёсак, выгнаньні і небясьпекі разьвівалі маладыя душы і гартавалі іх волю і імкненьні як сталь, якая бярэ сілу ў гарачым полымі, прыску і халоднай вадзе.
Назаўтра, калі летняе сонца асьвяціла сваімі гарачымі праменьнямі родныя прасторы, па вуліцах Менску ішлі калёны моладзі. У кожнага зь іх на абліччы былі адпячаткі бязьмежнага болю і жалю. Сумныя вочы няраз уздымаліся ўгару, у бязьмежны прастор, быццам стараючыся праглянуць яго і ўбачыць тую няведамую будучыню, якая іх чакала. Але яны не былі мройнымі. Іх цьвёрдыя крокі, іх стрункія постаці і тая нязломная сіла, якая адчувалася ў кожным руху, сьведчылі аб іхняй велічы. Яна сьведчыла аб тым, што гэта нязломныя рыцары, што гэта плады народнага гневу, што кожны зь іх нясе сваё жыцьцё ў ахвяру за Бацькаўшчыну, каб толькі яна жыла вольнай і сьветлай.
Бывай, дарагі Менск! Бывайце, вы, родныя палі і дубровы! Мы вас пакінем, каб вярнуцца і прывітаць вас, як вольныя вольных.
Вось ужо і горад кончыўся. Перад намі доўгая дарога, якой канца не відаць. Некаторыя ўскакваюць на дарожны насып, каб яшчэ раз глянуць на горад і разьвітацца з ім надоўга.
Быў гарачы ліпнёвы дзень, толькі час ад часу дыхаў вецер, халодзячы аблітыя потам твары... Нівы цёмна-зялёнага збожжа пад подых ветру клаліся на разьвітаньне перад сынамі Краю.
Божа, якая цяжкая і доўгая дарога для тых, якія хочуць змагацца за праўду! Колькі ж на ёй цярпеньня, нядолі і мукаў! Чым далей, тым больш цяжкасьцяў. Мала-памалу прыгожыя калёны пачалі зьлівацца, і утварылася адна неперарыўная калёна ўцекачоў, якія нясьлі ў сваіх сэрцах боль і крыўду, учыненую звыраднелым і апаганелым маскалём, які паганіў і бясчэсьціў беларускі народ. Яго азіяцкія орды ўпіваюцца сёньня крывёю нашых нявінных бацькоў, жанок і сясьцёр. Яны нішчаць наш дабытак, яны гоняцца за намі, як за дзікім зьверам толькі таму, што мы пазналі ягонае сапраўднае аблічча. Дзе Ты, сіла Божая, што агнём паліш? Дзе воля Твая?.. Але плянаў Тваіх ніхто ня ведае. Ты, Госпадзе, выліў на наш народ чару гневу Твайго за тое, што ён занядбаў Твае сьвятыя прыказаньні, занядбаў Бацькаўшчыну і ўсе абавязкі адносна яе. Належна Ты караеш нас!!! Карай, Госпадзе, заслужылі мы на гэта, але прымі нашы ахвяры, прымі цьвет маладога жыцьця, але дай, каб наша шматпакутная Беларусь зацьвіла між усімі народамі!
Ішлі яны да чужых праз буры, пажары і румавішчы. Дух сьмерці, глухія стогны кананьня і сьвежыя магілы сваіх блізкіх суправаджалі іх. Ішлі пад дым і іскры пажараў, пад балючы крык апошняй скаргі, але над усім гэтым ўзносілася несьмяротная песьня надзеі. Так пяяла сэрца гэтых выгнанцаў, у іх расла надзея на лепшую будучыню. Яны гартаваліся і набіралі досьведу.
Так плылі месяцы і гады. І вось, як тыя зярняты, адарваныя бурай ад роднага дрэва і занесеныя ў найдалейшыя куточкі сьвету, сталі яны памалу разьвівацца і расьці, так сталі разьвівацца і расьці беларускія арганізацыі па ўсіх краінах сьвету. Як тыя прадвесьнікі вясны — жаваранкі — апавяшчаюць хуткае вызваленьне зямлі з аковаў зімы, так яны сталі клікаць да жыцьця ўсіх сваіх суродзічаў, якія перад імі былі вырваныя з-пад родных стрэхаў у часе змрочнага паняволеньня іх Бацькаўшчыны. Але ў гэтай дзейнасьці сталася тое, што можна было прадбачыць: вораг чалавецтва і вораг Беларусі ня сьпіць. Ён бачыць, што з касьцей мучанікаў, якія штодзённа ўміраюць ад яго акрываўленых рук, пачынаюць расьці па цэлым сьвеце новыя кадры, новыя і для яго непераможныя сілы, супраць якіх ён чуецца бездапаможным. Ён знае, што гэтыя сілы могуць разрасьціся да такіх памераў, што зьнішчаць усё тое, чым трымаў да гэтага часу народ у няволі. Таму нябачная варожая рука стараецца ўсюды пасеяць шкоднае насеньне — хлусьню, нянавісьць і недавер, каб такім спосабам спаралізаваць, заглушыць і здушыць першыя парасткі добрага насеньня. Але дарма. Беларускі вызвольны рух праіснаваў ужо доўгі час і загартаваўся. Ён сёньня мае ў сабе набытую адпорнасьць на ўсякія пашкоджаньні, таму ніякая цёмная сіла ня зможа яго зьнішчыць. Наадварот, яна можа толькі дадаць больш энэргіі да змаганьня і перамогі ўсіх тых цяжкасьцяў, якія спатыкаюцца на шляху да мэты, вызначанай Актам 25 Сакавіка.
X. Мазура
