|
ЦІ ЗГІНУЛІ КСЯНДЗЫ ГЛЯКОЎСКІ І МАЛЕЦ У НЯМЕЦКІМ КАНЦЭНТРАЦЫЙНЫМ ЛЯГЕРЫ?
Сяньня, калі ўжо мінула 4 гады ад заканчэньня Другой Сусьветнай вайны, не падлягае ніякаму сумліву, што ксяндзы Глякоўскі і Малец не жывуць. Арышт іх вясной 1942 году ў Менску ўзварушыў усю беларускую грамадзкасьць. Ксёндз д-р Станіслаў Глякоўскі быў шырока ведамы усёй інтэлігэнцыі Заходняй Беларусі, а таксама каталіцкім масам на беларускай вёсцы. Малады, нядаўна скончыўшы духоўную каталіцкую сэмінарыю, кс. Малец зь вялікім энтузыязмам уключыўся ў беларускую нацыянальна-рэлігійную працу, нягледзячы на варожыя адносіны польскага рыма-каталіцкага мітрапаліта Р. Ялбжыкоўскага да беларусаў.
Пасьля арышту ксяндзоў Глякоўскага і Мальца аб іхным лёсе былі розныя пагалоскі. Аднак ніхто нічога пэўнага і сяньня ня ведае, як, дзе і ў якіх абставінах згінулі гэтыя два беларускія патрыёты. Факт аднак, што яны не жывуць.
Летам 1944 году я знаходзіўся ў адным зь нямецкіх канцэнтрацыйных лягероў у Турынгіі. Будучы сябрам нелегальнай лягернай арганізацыі, куды ўваходзілі прадстаўнікі амаль усіх нацыянальнасьцяў, я меў нагоду бліжэй запазнацца з польскім капітанам Марцыянам Пжыбароўскім, вязьнем № 48056. Даведаўшыся, што я беларус, кап. Пжыбароўскі, былы вязень лягеру Аўшвіц, расказаў мне, што ён спатыкаў беларусаў яшчэ ў Аўшвіцы. Улетку 1942 году ён жыў у адным блёку з двума ксяндзамі з Заходняй Беларусі. Прозьвішча аднаго, зь якім ён быў у асабліва цесных прыяцельскіх адносінах, — Станіслаў Глякоўскі, доктар тэалёгіі, другога прозьвішча не памятае, але гэты другі — малады, сярэдняга росту. Глякоўскі працаваў у Эфэктэн-Камэр (дзе выдавалі вязьням вопратку), ягоны ж прыяцель — на кухні. Абодва ксяндзы ані лістоў, ані пачак з харчаваньнем ад нікога не атрымоўвалі. Настрой у абодвух быў вельмі добры, асабліва вясёлы быў кс. д-р Глякоўскі. Кап. М. Пжыбароўскі пасьля быў перанесены за нейкую віну ў штрафную каманду і кантакту з ксяндзамі ня меў ніякага. Ведае аднак, што абодва ксяндзы жылі ў прыязьні з польскім каталіцкім ксяндзом Вразідлам. У красавіку 1944 году кап. Пшыбароўскі быў пераведзены ў лягер Вэймар-Бухэнвальд, а адтуль, пасьля месячнага карантыну, у адзін зь філіяльных малых лягероў у Турынгіі, дзе я і спаткаўся зь ім. Будучы ў Вэймар-Бухэнвальдзе, кап. Пшыбароўскі спаткаў кс. д-ра Глякоўскага. Бачыўся зь ім вельмі коратка. Кс. Глякоўскі са сваім прыяцелем-беларусам працавалі на Густльфе-Вэркэ, якая вырабляла аружжа і амуніцыю. У жніўні 1944 году фабрыку Густольф-Вэркэ збамбардавалі амэрыканскія самалёты. Згінулі каля 500 вязьняў, працуючых у той час на фабрыцы. Выслухаўшы апавяданьне кап. Пжыбароўскага, я пастараўся скантактавацца з адным вядомым беларускім сьвятаром а маім прыяцелям, якому нелегальна і напісаў усё вышэйпададзенае. Спробы гэтага сьвятара афіцыяльнай дарогай даведацца штосьці аб лёсе беларускіх ксяндзоў Глякоўскага і Мальца не далі выніку.Таксама не ўдалося адшукаць і кс. Вразідлы, прыяцеля нашых ксяндзоў. Але гэта ўжо фактычна быў амаль канец гітлераўскай Нямеччыны, — Аўшвіц стаяў перад эвакуацыяй усіх вязьняў у этнаграфічную Нямеччыну.
Колькі праўды ёсьць у апавяданьні кап. Пжыбароўскага, дзе, як і калі згінулі сьвятой памяці ксяндзы др. Глякоўскі і Малец — ніхто нічога пэўнага ня ведае. Зусім магчыма, што вэрсія кап. Пшыбароўскага ёсьць адзінай, адпавядаючай праўдзе. Зрэшты, кап. М. Пшыбароўскі, вязень Аўшвіцу, Вэймар-Бухэнвальду, Доры і Бэрлін-Ліхтэнфэльдэ, — жывы і цяпер знаходзіцца ў Польшчы. Можа, будзе яшчэ магчымасьць навязаць зь ім лучнасьць і давядзецца штосьці больш даведацца аб сьвятой памяці беларускіх змагарох — ксяндзох Глякоўскім і Мальцу, якія жыцьцё сваё злажылі на аўтар Бацькаўшчыны ў змаганьні зь нямецкім фашызмам.
Імёны іх пяройдуць у гісторыю Беларусі, а іхняя памяць будзе доўга жыць сярод тых, хто іх знаў і меў нагоды спатыкацца зь імі на вызвольным шляху.
А. Маханеўскі,
Аўстралія, 14.5.1949 г.
Ад Рэдакцыі. У зьвязку з вышэйпаданым артыкулам, маючы весткі, што айцец рэктар Леў Гарошка займаўся гэтай справай, мы зьвярнуліся да яго і атрымалі наступную зацемку.
«Доляю ўспомненых ксяндзоў увесь час цікавіўся ніжэй падпісаны і арганізаваў для іх помач. Таму ўважаю мэтазгодным дадаць да артыкулу сп. Маханеўскага наступнае.
Нямецкія нацыстоўскія ўлады спачатку зусім не хацелі гаварыць аб долі ўспомненых ксяндзоў. Толькі ў 1944 г. сталі крыху «ласкавейшымі», але і тады, перш чым даць нейкія выясьненьні аб названых ксяндзох, зажадалі такіх дакладных і абшырных пэрсаналіяў, якіх ані я, ані хто зь ведамых мне беларусаў, не маглі даць, і ваенныя падзеі не дазволілі іх адшукаць. На гэтым справа і застыла.
Пасьля сканчэньня вайны ў 1946 г. былі дайшлі няясныя весткі, быццам абодва ўспомненыя ксяндзы жывуць у Польшчы, але і гэтым разам пошукі станоўчых вынікаў не далі».
а. Л. Гарошка
№ 11, 1949 г.
