МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Падарожжа ў Францыю // Месца выдання – Парыж

Аўтар: Я. М-шка
Раздзел: Успаміны
Краiна: Францыя
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

ПАДАРОЖЖА Ў ФРАНЦЫЮ

Як толькі мы атрымалі паведамленьне ад францускай камісіі па набору працаўнікоў, адразу, ня думаючы, выехалі зь лягеру ў Ватэнштэце, дзе «царом і богам» быў камэндант-зарубежнік Коўш. Зьявіліся да камісіі, каторая ветліва прыняла нас, нягледзячы на тое, што там знаходзіліся сотні людзей, чакаючых на прыёмы і афармленьні ўсялякага роду дакумэнтаў. Спраўдзілі кожнага падрабязна, ня толькі здароўе, але і палітычна. Далі нам падпісаць кантракты і абяцалі вымяняць грошы па 2.000 франкаў на асобу. Гаварылі, што ўсё ў дарозе будзе забясьпечана: ежа, начлег і т. д.

На трэці дзень мы ўжо сядзелі з рэчамі ў нямецкіх вагонах, часта без вакон і дзьвярэй, і каціліся ў напрамку жаданай Францыі, дзе нам будзе дадзена, як было сказана ў кантракце, 3 пакоі, кухня, склеп і склад, забясьпечана на год праца і наогул усё, што лепей быць ня можа. Ехалі мы так аж да мясцовасьці Моселе, часта перасядаючы і пераносячы свае рэчы. Ежы, усяму транспарту чалавек каля 200, ніхто не даваў, а наш праваднік-француз на запытаньне, калі дадуць ежу, толькі сьмяяўся і нешта гаварыў вясёлае, бо сам быў, як кажуць, і сыт і п’ян. Ён прыракаў, што як толькі прыедзем у Францыю, зараз жа нам дадуць усё, а грошы абмяняюць на граніцы, за іх можна будзе купіць, што хочаш. Даехалі да Моселе, куды ехала шмат югаславаў, палякаў і рускіх на вугольныя шахты. Разам з усімі прывезьлі туды і нас. Тым, хто прыехаў у шахты, кожнаму далі ежу, пасьцелі, памешканьні і выменялі грошы. Нам, як вызначаным далёка за Парыж, не далі ні ежы, ні памешканьня. Няведама, пашто нас цягнулі на гэтыя шахты? На другі дзень уладзілі і нас, далі барак і коўдры, а таксама ежу. Там прасядзелі мы тры дні, пакуль узноў не зьявіўся наш вясёлы праваднік, які на ўсе нашы дамаганьні і запытаньні адказваў працяжным сьмехам. Пасля трохдзённага чаканьня праваднік павёз нас у аўто на станцыю, дзе пасьля доўгага чаканьня селі ў вагон і паехалі далей. На вечар даехалі мы ў Парыж. Наш праваднік, правёзшы нас праз увесь Парыж на мэтро, пасадзіў на адной станцыі і сказаў, што тут трэба чакаць да заўтра, а заўтра рана ён павязе нас у Dreux, дзе будзе канец нашай валакіце. Запыталіся мы ежы, бо ўжо другія суткі нічога ня елі, — ён адказаў, што няма, засьмяяўся і пакінуў нас начаваць. Раніцай на другі дзень зьявіўся наш сьмяхун і абвесьціў, каб як мага хутчэй ішлі за ім, бо цягнік ужо чакае. Галодныя, змучаныя, дайшлі мы да цягніка, спадзеючыся, што Dreux будзе апошнім этапам, дзе мы знойдзем усё, згодна кантракту. Даехалі нарэшце да Dreux’у, і наш праваднік павёў нас па дажджы пехатой праз увесь гарадок у нейкі стары замак на гары, у каторым зачынілі нас жалезныя дзьверы. Пасадзілі ў брудны, сыры пакой і праз некалькі гадзін далі нам зашмальцаваныя, ватныя коўдры, паказалі ложкі; пасьля прывязьлі нашыя рэчы, якія трэба было цягаць на трэці паверх. Пазьней далі лыжкі, міскі і яду.

Абмыўшыся, перакусіўшы, заляглі ўсе спаць, не распранаючыся, бо было страшэнна брудна.

Дамагацца чаго-небудзь у канцылярыі было немагчыма, бо ніхто не хацеў гаварыць. Грошай нам ніхто не абмяняў, а адміністрацыя на ўсе нашыя жальбы адказвала непрыязна. На трэці дзень раніцай прыйшоў урадавец, прынёс паперы і сказаў, каб за гадзіну былі ўсе гатовы да ад’езду на месца працы. Як у гарачцы кінуліся мы здаваць коўдры, міскі і лыжкі. На дарогу нам далі па банцы нейкага мяса і загадалі ісьці на станцыю пехатой. Рэчы забралі на аўто і адвезьлі на станцыю. Аказалася, што на станцыі за перавоз іх трэба плаціць 735 франкаў, а мы ня маем ніводнага сантыма, цягнік жа адходзіць праз дзьве гадзіны. Пачалі шукаць, хто б мог купіць рэчы, каб заплаціць за багаж (за наш пераезд плаціць ня трэба было) і знайшлі, прадаўшы за тысячу франкаў тое, што каштавала пяць тысяч, як пасьля даведаліся. З радасьці, што маем грошы і можам нешта сабе купіць, узялі літар віна за 60 фр., выпілі з хлебам, павесялелі і ў хуткім часе выехалі праз Парыж у Bretigny, адкуль да гаспадара, дзе будзем працаваць. З Bretign’y ішлі каля 7 км пехатой да вёскі Bondufl, змучаныя, але рады, што гэта наш апошні «крыжовы» паход, і там чакае адпачынак і супакой, праца і заработак, зь якога патрапім жыць. Радуемся, што вырваліся зь лягеру «беларускага», дадаём сабе ахвоты і бадзёрасьці і крочым сьмялей, нават зь песьнямі, хоць і сумнымі, аб роднай старонцы Беларусі, аб якой усе нашыя думкі былі, каторай мы не забыліся і да якой мы вернемся, як толькі кончыцца там дэспатычны, «найдэмакратычнейшы» ў сьвеце строй.

Каля сёмай гадзіны вечара прыйшлі да гаспадара, які, убачыўшы нас, зрабіў вялікія вочы, гаворыць нешта незразумелае, але, відаць, непрыязнае. Даведваемся, што нас ня хоча, бо мы адзетыя добра і яму на зіму непатрэбныя. Доўга тлумачылі нам, пераказвалі незадаваленьне нашага «патрона». Пасьля сьлёзаў нашых і бяды ён знаходзіць нам начлег, мужчынам у пакоі, дзе былі палонныя немцы, а жанчынам у нейкім «хотэлі», дзе са столі капала вада. Так пераваляліся ў яго 3 дні; то вадзіў нас у «Korboj» да рабочага аддзелу, вазіў паказваць памешканьне, дзе не было ні столі, ні вакон. Мы даказвалі, што, паводле кантракту, нам мусіць даць 3 пакоі, кухню і т. д., ён абсьмейваў нас і меўся выгнаць назад, як пасьля даведаліся, але прыехаў з Парыжу айцец-рэктар Леў Гарошка, а пасьля нейкі кантралёр, і наш «патрон» палепшаў, даў нам добрае памешканьне, аж 4 пакоі і кухню, даў працу, і цяпер, пражыўшы шэсьць месяцаў у яго, маем двое сьвінак, болей як паўсотні трусоў, курэй, гусак і дзякуем Богу, што выбраліся зь Нямеччыны, з зарубежнага, каўшоўскага лягеру. Даў Бог нам пазнаць сваіх суродзічаў у Францыі, у Парыжы, зь якімі часта спатыкаемся. Успамінаем аб Нямеччыне і пройдзеным-перажытым лягерным жыцьці як аб нейкай жудасьці, пасьля чаго маем супакой. Зжыліся за шэсьць месяцаў з Францыяй, пазналі бліжэй парадкі, вучымся французкае мовы і, здаецца, лепшага краю, які б нас выгнанцаў-беларусаў патрапіў бы ляпей прыняць і ўладзіць, як мы знаходзімся цяпер — няма. Зарабляем мы ўсёй сям’ёй столькі, што хапае на ўсе нашыя патрэбы, каб тут можна было пражыць, і нават ня дрэнна. Дзіўлюся я, чаму нашыя беларусы сядзяць у лягерох у Нямеччыне галодныя, чакаюць выезду ў Канаду, Амэрыку і Аўстралію, калі нашаму брату, працоўнаму селяніну, Амэрыка тут пад самым носам, хоць пачатак і цяжкі.

Кідайце лягеры і выяжджайце, хто толькі можа. Пакідайце камэндантаў лягероў адных, хай яны там разводзяць зарубежнікаў.

Я. М-шка

№ 7, 1949 г.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by