|
ЗА КАНАЛАМ
Многа людзей летуціць аб тым, каб паехаць у чужую краіну, пажыць уражаньнямі падарожжа, пабачыць іншых людзей, іх спосаб жыцьця, культуру, каб пасьля павароту магчы расказваць шмат дзіваў сваім сябрам і знаёмым. Для некаторых гэтыя летуценьні так і застаюцца толькі летуценьнямі, а на падарожнікаў за мяжу яны пазіраюць з захапленьнем і зайздрасьцю. Як нямецкая моладзь Усходняе Нямеччыны падчас ладжанай бальшавікамі ў Бэрліне маніфэстацыі за мір пазірала цераз вялікія шыбы міжнароднай транспарнай авіякампаніі ў Заходнім Бэрліне, на сьценах якой віселі прыгожыя афішы, заахвочваючыя да падарожжа. Кампанія дапамагала з помаччу ўсім жадаючым падарожнічаць. Бо як можа памясьціцца ў галаве беднаму нявольніку, што дзесьці жывуць людзі, якія могуць свабодна, як «вялікія дыпляматы» Грамыка ці Вышынскі, езьдзіць за мяжу? А ці паверылі б нашыя суродзічы на Бацькаўшчыне, што мы тут, на чужыне будучы выгнанцамі, маем права езьдзіць у другія краіны?..
Калі будзеце мець церпялівасьць паслухаць, дык раскажу пра маё падарожжа ў Ангельшчыну, якое я зьдзейсніў падчас апошніх вакацыяў.
Стаяла прыгожая ліпнёвая пагода. Мора было спакойнае. Вадаплаў хутка ўспорваў сінюю ваду, а на палубе аж вецер сьвістаў каля вушэй падарожнікаў. Цераз пару гадзін на кругазоры паказаўся скалісты бераг, які няўпынна набліжаўся да нас. Падарожнікі сталі шукаць сваіх пакункаў, бо незадоўга будзе высадка — Фолькстоўн. Зь цікавасьцю пазіраю на партовы гарадок, да якога пад’яжджаем, і на вялікі нязнаны для мяне абток. Каля самага берагу стаіць вялікая шэрая маса закутага ў сталь карабля, насаджанага, быццам вожык шпількамі, арудзіямі з чорнымі горламі, які гатовы спаткаць стальнымі галушкамі кожнагая няпрошанага госьця, які б няпраўна асьмеліўся дастацца на абток, але нам на параплаве нічога не пагражае, бо маем усе паперы ў парадку.
Вадаплаў прыстаў да берагу, падарожнікі, пераважна ангельцы, адзін за другім высядаюць на бераг, дзе чакаюць іх мытныя ўрадоўцы, а далей — цягнікі ўглыб краіны. Высядаю і я, але дайшоўшы да ўрадоўца, які кіўнуў на мяне пальцам і павёў назад, быццам ганаровага госьця, у спэцыяльны пакой, дзе чакаў мяне старэйшы чын. Той пытае па-французку: скуль я прыехаў, нацыянальнасьць, як доўга жыву ў Францыі, дзе жывуць бацькі і г. д. Адказваю, а ён усё піша і нэрвуецца, калі чаго добра не зразумее.
— Чаго прыехаў у Англію?
— Каб пабачыць фэстываль Вялікае Брытаніі.
— А, вельмі добра, — ён адразу павесялеў. — Я вам дам права побыту ў Англіі на адзін месяц.
— Дзякую, хопіць на маю скромную студэнцкую кішэнь.
Выходжу, прыводзяць мне мой самакат, неадлучны прыяцель у падарожжы. Пакідаю партовы будынак, і заладаваўшы рэчы на самакат, разам з двума маладымі французамі, якія раней справіліся ў мытным аддзеле і чакалі мяне, накіроўваемся ў Лёндан. Нядзеля, сьвяточны дзень, на дарозе поўна самаходаў, матацыкляў, гул — аж у вушах трашчыць. А тут яшчэ трэба глядзець, каб трымацца левага боку дарогі, каб памылкова па старым кантынэнтальным звычаі не зьвярнуць на правы бок, бо іначай самаходы зробяць з чалавека зацірку. Яны езьдзяць злева, па-ангельску, ня так, як на ўсім сьвеце. Праяжджаем праз чысьценькія вёскі і мястэчкі; парадачкам устаўленыя, быццам з карт, усе домікі, абгароджаныя платамі, усюды поўна зелені. Едзем, але раптам нешта пацямнела, хоць была толькі 8-я пасьля абеду, напаўзьлі цяжкія, валавяныя хмары і стала ліць, быццам з цэбра. Аб далейшым падарожжы не магло быць і мовы, трэба было перачакаць навальніцу. Хутка дождж крыху здрабнеў, хоць зусім не перастаў ісьці, але трэба было думаць аб далейшым падарожжы.
Ехалі мы аж да самага зьмярканьня, але да Лёндану не даехалі. Пад вечар дождж супакоіўся, і трэба было думаць аб начлезе. Але тут, на жаль, хоць і шмат зеляні, але цяжка знайсьці кусок лесу, дзе можна было б паставіць палатку. Усюды ўсё загароджана, нават і сабака ня ўцісьнецца. Калі хочаш зрабіць сваю патрэбу, дык цяжка знайсьці месца. Ня ведаю, як робяць ангельцы, яны ж ня возяць з сабою пакаёвых гаршкоў…
Нарэшце пасьля пошукаў удалося нам знайсьці чубок лесу ці, праўдзівей кажучы, хмызьняку. Паставілі самакаты, разьбілі палатку і пры сьляпым сьвятле малое электрычнае лямпачкі давай аплятаць французкую шынку з хлебам, запіваючы цёплым чаем з малаком, якога купілі па дарозе ў перавознай кафэйцы. У гэты вечар мне іх чай надта смакаваў і я пачынаў крыху разумець, чаму ангельцы яго так любяць. Крыху пажывіўшыся, пазалазілі ў спальныя мяшкі і, выцягнуўшыся на сырой зямлі ў палатцы, аддаліся крылатаму сну.
Назаўтра сунем далей на Лёндан. Засталося нам 30 міляў (каля 45 кілямэтраў). Незадоўга ўяжджаем у горад, але тут цяжка распазнаць, ці гэта горад ці вёска, бо прадмесьці Лёндану падобныя да тых вёсак, што нядаўна праяжджалі. Толькі дамы сталі гусьцець ды рух на вуліцы ўзмацняцца. Едзем яшчэ адну гадзіну і вось — вялікі горад. Па вуліцах поўзаюць таксоўкі, цяжкія самаходы і чырвоныя двухпавярховыя аўтобусы. Людзі сядзяць у іх і згары дзівяцца на нас. Я бачыў вялікія самаходы, але двухпавярховых яшчэ не давялося бачыць. Думаю сабе, як яны ходзяць, што не перавернуцца. Але ўрэшце прыгледзеўся — гэта таму, што ўнізе сядаюць таўстыя людзі, а наверх лезуць худыя і падлеткі. Увесь рух адбываецца спакойна, рэгулярна, бяз гуку, бяз гоману. Стаіць «боб» (так называюць тутэйшую паліцыю) і кіруе ім. Кожнаму па два мэтры з гакам; на гак складаецца высокі паліцэйскі шлем. Бяз палак і пісталетаў, ня так, як на кантынэнце, таму, можа, і любяць іх ангельцы.
Трэба нам знайсьці беларускі дом у Лёндане, на Пэн Роад. Набраўшыся сьмеласьці, падыходзім да аднаго «боба» і пытаемся дарогі, але той ня ведае, запытвае другога «боба», другі таксама замармытаў нешта і пытае, які гэта квартал. Кажам, што 7-ы, але якая літара — «С», «В» ці «Н» — забыліся.
Паказаць дарогі нам не сумелі. Гэта крыху паменшыла іх павагу ў маіх вачох. Хіба жадаюць, каб я, прыехаўшы першы раз у Лёндан, знаў яго, як сваю родную вёску? Калі яны самі ня знаюць, то я маю знаць? А нашто існуюць карты?..
Бяда дый годзе, як нам знайсьці Пэн Роад? Тут аднаму з маіх спадарожнікаў прыйшла шчасьлівая думка: «Трэба купіць дакладны плян Лёндану». Што і зрабілі. Глядзім, аж Пэн Роад ляжыць на другім канцы Лёндану. Давай мы памалу туды накіроўвацца. Праехалі яшчэ пару кілямэтраў, так нам есьці захацелася, што мусялі затрымацца пры вуліцы, на акраю нейкага парку і, сеўшы на лаўцы, кончылі французкую шынку з хлебам. Дзівіла гэта і бавіла праходзячых побач ангельцаў, бо яны, відаць, да такога роду спэктакляў ня прывыклі, а мы, згаладаўшы, на іхнія сьмехі нават і вухам не вялі.
Крыху падсілкаваўшыся, выяжджаем на Калядоніян Роад, а там і Пэн Роад, № 52, Беларускі Дом. Адчыніў нам сымпатычны старэнькі чалавек і зьдзіўлена зірнуў на 3-x кароткапорткіх незнаёмых зь белымі цыклістоўкамі на галаве. Але калі я да яго загаварыў па-беларуску, ён шырока адчыніў дзьверы — калі ласка, заходзьце.
Першае жаданьне пасьля доўгага падарожжа — выкупацца ў цёплай вадзе, абмыць дарожны пыл. Завёў нас старэнькі ў лазьню, але яна таксама мае свае ангельскія сакрэты: каб нагрэць вады, трэба запаліць грэлку і накідаць у апарат пэнаў (найменшая ангельская манэта), бо толькі тады будзе выдзяляцца гаручы газ. Можна мець поўныя кішэні фунтаў, але калі пэнаў няма, дык і не пакупаешся. Такія апараты існуюць ва ўсіх памяшканьнях, ня толькі ў купальнай залі, але і ў кухні і пры кожнай агравальнай печцы таксама. Крыху апаласкаўшы зь сябе гразь, ідзём у сталоўку, тут старэнькі падрыхтаваў нам што паесьці. Падсілкаваўшыся, ідзем у прыгатаваны для нас пакой, дзе я, выцягнуўшыся на ложку, аддаюся думкам. Як прыемна затрымацца ў Беларускім Доме на чужыне. Хоць я ня ўнёс у куплю яго ніякага ўкладу, тым ня менш, ён для мяне блізкі. Усё тут было прыгожае, чыстае, на сьценах віселі Пагоня, партрэт Янкі Купалы ды розныя краявіды зь Беларусі. Крыху адпачыўшы, аглянулі мы ўвесь дом. Усюды быў узорны парадак, калідор, кухня, уборныя — усюды было чысьценька. Потым я даведаўся, што парадак наводзіць той старэнькі, які адчыніў дзьверы. За домам ёсьць маленькі агародчык, поўны розных кветак, а далей — вялікі агарод, у якім у вольныя хвіліны жыхары дому і госьці грэюцца на сонцы, хоць яно у Лёндане рэдка паказваецца. Толькі ў ліпені, выцягнуўшыся ў траве, як яшчарка, можна крыху зь яго скарыстаць.
Пад вечар у дом пачалі вяртацца з працы і са студыяў яго жыхары, і напоўніўся ён беларускай гаворкай. Сьмехі, жарты ў сталоўцы не сьціхалі аж да позьняга вечара. У таварыстве землякоў я правёу весела час.
Назаўтра рана паехалі мы на самакатах аглядаць Лёндан. Выехалі на Калядоніян Роад і накіроўваемся ў бок Тэмзы. На вуліцах ажыўлены рух, усюды пануе ўзорны ангельскі парадак. Над загразлым беразе Тэмзы, якая нясе свае цёмныя, як попел, воды ў блізкае мора, купаліся ангельскія бахуры, зусім голыя. Разгоняцца і плясь у ваду, боўтаюцца ў ёй, быццам у калатушы.
Нагледзеўшыся ўдоваль з мосту на гэтае відовішча ды на вадаплавы, якія снавалі ва ўсіх кірунках па рацэ, пераяжджаем вісячы мост Таўэр Брыдж — слава і гордасьць Лёндану. І сапраўды, ён выглядае велічна і прыгожа, а калі ўзьехаць на яго, дык на сярэдзіне чуецца, як ён гойдаецца, калі па ім праяжджаюць цяжкія самаходы. Вецер на ім сьвішча і раптам зрывае ў мяне з галавы белую шапку-цыклістоўку ды нясе яе на сярэдзіну мосту, паміж самаходаў. Убачыў гэта «боб», падымае руку, затрымоўвае рух і, падняўшы шапку, прыносіць мне. Падзякаваўшы, едзем далей, у кірунку лёнданскага замчышча, на якім знаходзіцца вялікі музэй старасьвецкае зброі. Пакінуўшы самакаты, заходзім у музэй, перад якім стаіць ганаровая варта у чырвоных шкарлатных мундзірах з чорнымі высокімі шапкамі, з-пад якіх у вартаўнікоў толькі вочы блішчаць. Стаяць і не варушацца, нават ня дрогне валасінка. Бедныя жаўнеры, за што ж іх так мучаюць! Публіка пры ўваходзе ў музэй і пры выхадзе больш цікавіцца вартаю, чым самым музэем. Часамі дзеці-жэўжыкі зьбяруцца перад вартаўніком і паказваюсь яму хвігі, каб расьсьмяшыць або змусіць, каб ён зварухнуўся.
Аглянуўшы музэй, едзем далей у горад. Заяжджаем у Базыліку сьв. Паўла — у ёй нічога асабліва прыгожага няма, але выдзяляецца яна сваёй веліччу; далей праяжджаем побач іншых цікавых помнікаў, пляцу Ватэрлёо, нацыянальнай Галярэі, спускаемся ў бок Парлямэнту і, зрабіўшы вялікі круг, вяртаемся да нашага Дому на Пэн Роад.
Пасьля тыдня вандровак па музэях і вуліцах Лёндану, зьбіраемся ў далейшую дарогу ў кірунку Брыстолю, а адтуль у Вэстон-супэр-Марэ, дзе меў застацца адзін з маіх падарожнікаў. Выехаўшы зь Лёндану, змыляем дарогу і замест проста на Брыстоль, накіроўваемся ў Соўтгамптон. Праехаўшы некалькі дзясяткаў кілямэтраў, прастуем дарогу, якая заводзіць нас у Віндсор. Трэба быць безгаловым, каб, праяжджаючы праз гэты горад, не затрымацца і не наведаць славуты каралеўскі палац. Мае спадарожнікі крыху пратэстуюсь, але ўрэшце пагаджаюцца. І сапраўды — пекны палац, абнесены абарончымі мурамі, пасярэдзіне пляцу стаіць пышная гатыцкая капліца, а далей палац зь незьлічонай колькасьцю пакояў. А ў іх столькі багацьця, столькі прыгаства, абразоў, рэчаў, што ні словам расказаць, ні пяром апісаць.
Шпацыруючы па палацы, быццам у краіне мрояў, не заўважваем, як хутка ляціць час. Нам жа трэба думаць пра далейшую дарогу. Захацелася нам есьці. Паселі мы пад абарончымі мурамі, павыцягалі ногі, ды, разлажыўшы на ходніку хлеб, масла, шынку ды розныя прыпасы, сталі каля іх увіхацца. Калі б нас у гэты час праз вакно пабачыў кароль, то і яму пацякла б па барадзе сьлінка. Пасіліўшыся, едзем далей, бо перад намі 200 міляў да Брыстолю.
Хутка прабег дзень, настала зьмярканьне, ставім палатку ды начуем.
І так даехалі да Брыстолю, а там ужо і Вэстон-супэр-Марэ. Там нас прыняла ангельская сям’я, накарміла, пусьціла нанач і выправіла далей на поўнач абтоку. Гэтым разам зноў нам не пашанцавала, бо толькі выбраліся ў дарогу, як стаў ліць такі дождж, што скарэй можна было б плысьці, як ехаць. Але пад вечар лівень крыху супакоіўся. Начаваць гэтым разам нам прыйшлося не на мяккай канапе, а ў палатцы на мокрай зямлі. Доўга шукалі мы месца для начлегу, але ўсюды было загароджана. Узлаваўшыся, адчынілі браму поля зь нейкім канюшынішчам і ўкрадкам, каб ніхто ня бачыў ды не зрабіў нам авантуры, разьбілі палатку і леглі адпачываць на грудаватай няроўнай зямлі, якая нам муляла бакі. Доўга не маглі заснуць, усё гутарылі ды абгаворвалі ангельцаў. Я даводзіў французу, што ангельцы маюць шмат добрых якасьцяў характару, а ён усё іх ганіў, — можа таму, што спаў на цьвёрдых грудах, а можа, антыпатыю да іх атрымаў у спадку ад сваіх прашчураў з часоў 100-годняе вайны і Арлеанскае Дзевы...
Сьніўся мне сон, што нейкія людзі схапілі мяне за ногі і цягнулі па бруку, толькі галава мая грукацела па каменьнях. Гэты кашмар вырваў мяне са сну, і калі я прачнуўся, дык уцяміў, што гэты грукат рабіў праяжджаючы побач цяжкі самаход, а галава мая звалілася з падасланых портак ды ляжала на цьвёрдых грудах поля.
Назаўтра, выпрастаўшы косьці, паехалі мы далей у кірунку Страфард, але не затрымаліся ў ім. Пазней я саромеўся казаць ангельцам аб тым, што праяжджаў праз гэты горад і ня бачыў дому Шэкспіра і тэатру, які ёсць гордасцю ангельцаў. Выяжджаючы са Страфарду, затрымаліся каля фантану з карытам, каб напіцца вады. Убачыў гэта праз вакно дому ангелец і крычыць нам, што вада нядобрая, і зараз нясе нам 2 вялікія шклянкі з чыстай крыштальнай вадою, каб мы маглі ўгасіць смагу. Выпілі, падзякавалі і паехалі далей. Усё ж такі ангельцы нядрэнныя людзі — кажу майму спадарожніку.
Даяжджаем да Ковэнтры. Тут нас зь вялікай радасьцю прыняў мой сябра С., які моцна цешыўся з нашага прыезду. Міла пагасьціўшы ў яго адзін дзень, сунем далей у дарогу. Уяжджаем у цяжкі індустрыяльны цэнтар Ангельшчыны, усюды бачым толькі адныя каміны; абмінаем Бірмінгам і пасьля абеду ўяжджаем у Манчэстэр. Край усьцяж чарнеў ад Ковэнтры аж да Манчэстэра, а ўжо гэты апошні дык стаўся зусім чорны, за сажаю і дамоў не відаць. Тут можна спаткаць бедныя запушчаныя хаціны, а ў іх брудных людзей у падзёртай вопратцы. Нават чорны кот, ад сажы і попелу чорна-шэры, які нам перабег дарогу, меў дзіўны выгляд, — адно вуха апушчанае, сумны і неспакойны позірк. Пытаемся ў праходзячых, як знайсьці Чырлі Роад, дзе ёсць Беларускі Дом, а яны так гавораць па-ангельску, як нашыя жыдкі па-беларуску. А можа, прыехалі сюды зь Вільні ці Беластоку?.. На галоўнай вуліцы бачым многа надпісаў, што пішуцца справа налева. Тут жыве цэлы квартал патомкаў Ізраэля. Але вось крыху далей справа бачым аграмадную шыльду са славянскім надпісам. Думаем: можа гэта Беларускі Дом? Але дзе ж там! Гэта нашыя суседзі-ўкраінцы абралі сабе тут сядзібу. Але яшчэ крыху далей і Чырлі Роад, а там пры дзьвярах маленькі скромны надпіс на меднай плітцы: «Згуртаваньне беларусаў у Вялікай Брытаніі. Аддзел Манчэстэру». Кажуць, калісь тут вісела таксама вялікая дошка з Пагоняй, але пасяліўся побач дому сьвятар Яська з-пад Лодзі, які ня мог цярпець «дысгармоніі» шыльды з акружаючым асяродзьдзем і дабіўся ад ангельскіх уладаў, каб яе загадалі зьняць. Мне казалі, што святар моладасьць сваю правёў у выпорваньні птушыных гнёздаў, зь якіх выбіраў яйкі і піў (можа, таму цяпер так добра пяе надвісьлянскім голасам?), а калі падрос, то стаў нападаць на большыя гнёзды і меў востры апэтыт на «крывіцкае гняздо».
На Чырлі Роад жыцьцё бурліць. У сьвятліцы кругом стала грамада маладых людзей шастае ў карты, аж стол трасецца. Гаспадара няма, але хутка вяртаецца з гораду ды прымае нас гасьцінна, дае начлег, вячэру…
Адпачылі дзень ды едзем на Олдгам і на Брадфорд. Але што за край, смалою заплыў ці што?! Чорны, як гаршчок! Я ніколі ў жыцці такога ня бачыў. Сотні высокіх каміноў плююць няўпынна ў неба сажай. Людзі таксама замурзаныя, толькі лыпаюць белкамі вачэй. Праяжджаючы праз Олдгам, сябра кажа: «Не магу больш дыхаць, брак мне паветра. Чым дыхаюць тут людзі?» Кінь, прападзі ты, чорны край. А можа, нам сажа засьляпіла вочы?..
Пасьля пары гадзін язды выбраліся з гэтага зямнога пекла. Каля Брадфорду атмасфэра крыху палягчэла, надвор’е крыху зьмянілася, паказалася з-за хмараў сонца і весялей стала на душы. Перад Брадфордам стаіць герб гораду з лацінскім надпісам: «Labor omnia vincit» — праца ўсё перамагае. Сапраўды, разумныя словы. Бо што ж можа быць больш магутнае, больш канструктыўнае, як не штодзённая ўпорыстая праца?
Гэтым разам хутка знайшлі дом, у якім жылі два мае сябры, толькі іх не было дома. Гаспадыня адчыняе шырока дзверы, сама памагае ўцягваць нашыя самакаты, садзіць нас у салёне і пачынае ўвіхацца на кухні. Хутка вяртаюцца з працы мае сябры і з радасьцю з намі вітаюцца.
Крыху адпачыўшы, едзем разам зь імі ў Беларускі Дом, які нядаўна купіла арганізацыя. Ён стаіць на ўзгорку ў зацішным квартале гораду. Адным бокам прылягае да вуліцы, а з другіх абведзены мурам маленькі панадворак аддзяляе ад суседніх забудоваў. Горда стаіць, як лёнданскі вартавы на пасту. Заходзім у сярэдзіну, а там, як у вульлі — праца аж кіпіць. Усе сябры арганізацыі, закасаўшы рукавы, праводзяць чыстку і направу свайго будучага жыльля. Адзін разрабляе цэмэнт, каб паправіць падлогу ў кухні, другі закладае на сьцены паперу, а трэці, залезшы на драбіну, малюе столь ва ўмывальніку ды весела насьвіствае: «Янка стаіць на гары...» і г. д. Кожны мае нейкую вызначаную працу. Хацелася б закасаць рукавы і разам зь імі ўзяцца за працу, так падбадзёрвае гэтая дружная сяброўская талака. Але нам, як гасцям не дазваляюць. Абводзяць па ўсім доме, паказваюць распадзел пакояў; нават ёсьць адзін гасьцінны пакой для прыяцеляў-падарожнікаў. Ну, думаю, калі так, то цяпер можна будзе да іх часьцей заяжджаць у госьці. А на доле аграмадная заля зборак, якая можа памясьціць больш 100 асоб. Сапраўды прыгожы дом, няма што казаць, быццам зроблены для арганізацыі.
Вярнуўшыся да ангельцаў зь Беларускага Дому, у іх таварыстве і таварыстве сяброў я правёу весела ўвесь вечар. Да фартэпіяна падсела дачка гаспадыні і чаравала ўсіх мэлёдыйнымі гукамі музыкі і песні. Хачу зьвярнуць увагу не на яе прыгожы сьпеў і музыку, а на тое, што пасьля заканчэньня ігры, калі адходзіла, надта міла разьвіталася з прысутнымі. Перш пацалавала сваю матку, цётку, а пасьля па чарзе ўсіх прысутных хлапцоў; ды яшчэ як пацалавала — у самыя вусны. Я, не прывыкшы да такіх чульлівых аб’яваў сымпатыі, аж пачырванеў па самыя вушы. А ёй гэта выдавалася зусім нармальным, бо, відаць, такая ўжо мода ў Ангельшчыне, — гэтым яны хочуць даць доказ свае сымпатыі да гасьцей…
Назаўтра выбраліся мы ў напрамку Кэндалю, Царлясу, Скотыі. Дарогай кідалася ў вочы вялікая колькасьць забітых і расьцёртых калёсамі самаходаў вожыкаў і дзікіх трусоў. А калі мы затрымаліся пры дарозе ў невялікім ляску ды зайшлі крыху на ўскрай лесу, дык з-пад ног вырываліся цэлыя табуны маладых трусоў. Восеньню паляваньне тут мусіць мець вялікі посьпех.
Пагода, як на ангельскую, была зусім добрая, неба чыстае, але паветра даволі сьвежае, халаднаватае, бо, набліжаючыся да Скотыі, мы няўпынна пасоўваліся на поўнач. Да таго ж дарога няўпынна падымалася над узроўнем мора.
Без перашкодаў даехалі да абозу Кэрхопфоўт, месца адкамандыроўкі майго маладога спадарожніка-француза, дзе ён меў застацца на працы да канца канікулаў. Абоз складаўся зь некалькіх драўляных баракаў, памаляваных на зялёна, куды прыяжджала моладзь з розных краінаў Эўропы, каб крыху папрацаваць і падвучыцца ангельскай мовы. За працу пры будове дарогі яны атрымлівалі памяшканьне, харчаваньне і крыху грошай у кішэню.
Камэндант абозу з ахвотаю прыняў майго спадарожніка, але мне ў начлегу на адну ноч адмовіў, хоць у бараках хапала месца. Такі атрымаў загад, і ніякія просьбы не памаглі. Таму я быў змушаны пакінуць абоз ды ехаць у няблізкі лес на начлег, а мой малады спадарожнік на ноч далучыўся да мяне дзеля салідарнасьці. Але ўжо халодная скоцкая ноч давалася крыху ў знакі ў палатцы, хоць гэта было ў палове жніўня.
Пэрспэктыва далейшага падарожжа на поўнач аднаму мне не ўсьміхалася, таму назаўтра завярнуў на поўдзень у кірунку на Брадфорд, Шэфельд, Дэрбы, Ковэнтры, Лёндан. У Дэрбы пры дарозе сядзелі чорныя, як камінары, вуглякопы і чакалі на аўтабус, каб вярнуцца дадому. Яны ня мыюцца адразу пасля вылазкі з шахтаў, а чорнымі вяртаюцца дадому і там прыводзяць свой вонкавы выгляд да парадку. Чысьценька адзетай і намаляванай паненцы ня раіцца прысядаць да такога вуглякопа.
Праехаў «Чорны край», Ковэнтры, зноў у Лёндане. Яшчэ адзін позірк на музэі, галярэі і багацьці гэтага аграмаднага горада, ды зноў у дарогу праз прыгожыя паўднёвыя ваколіцы, поўныя зелені, між якой красуюцца чароўныя вілы-дачы, аж да Саўтгамптону. Вечарам з Саўтгамптону адплыў у Сан Малё ў Францыю. Доўга яшчэ ўначы мігацелі партовыя агні і пераліваліся гамай колераў у неспакойным моры. Калыханы марскімі хвалямі і раўнамерным тактам машын вадаплаву, я ўпаў у задуму. Мне марылася немагчымае — каб вадаплаў змыліў дарогу ды заміж Францыі заплыў у Балтыцкае мора аж да ўтоку Нёмана і далей ракой углыб кантынэнту, каб, абудзіўшыся рана, я ўбачыў у праменьнях усходзячага сонца скромную саламяную страху беларускае хаткі, а вакол яе глыбокія зялёныя лясы…
Але гэта былі толькі мары. Калі ўстала раньняе сонца, на скалістым беразе, які я ўбачыў перад сабою, стаялі белыя, залітыя сонцам дамкі Сан Малё. І хоць гэта і не былі саломаю крытыя хаткі, але мне нейк стала весялей, бо на кантынэнце я чуўся быццам дома. Магчыма, што гэта толькі справа прывычкі.
Багаты ангельскі абток моцна заімпанаваў мне як сваім багацьцем (якога ангельцы нямала назвозілі з усіх куткоў сьвету), так і сваім парадкам, чысьцінёй, вялікай арганізованасцю. Але мне гэта было чужое. Таму, сеўшы зноў на свой самакат, паехаў у кірунку Пэрос-Гурэць, усьміхаўся да скромных сялянскіх забудоваў Брэтані. Калі ж, крыху ўтаміўшыся, прысеў ля дарогі, каб перакусіць хлеба з малаком, дык праходзячыя побач людзі жадалі мне: «Bon appetit». — Дзякую, адказваў ім весела.
Як адбылося маё далейшае падарожжа па Брэтані (Францыя), вам, дарагія чытачы «Моладзі», ня маю патрэбы расказваць, бо вы самі маеце нагоду падарожнічаць і назіраць своеасаблівасьці гэтага краю.
М. Смага
№ 24, 1951 г. — № 27, 1952 г.
