МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Успаміны з канцэнтрацыйнага лягеру // Месца выдання – Парыж

Аўтар: Вязень №48054
Раздзел: Успаміны
Краiна: Германія
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

УСПАМІНЫ З КАНЦЭНТРАЦЫЙНАГА ЛЯГЕРУ

Мала сяньня сустракаецца ў прэсе згадак аб беларускіх вязьнях нямецкіх канцэнтрацыйных лягероў. Перадусім таму, што лічаным адзінкам беларускай нацыянальнасьці ўдалося выйсьці адтуль жывымі. Была ж нас там немалая колькасьць. У адным толькі Асьвенцыме — звыш 3000. Менш — у Дахаў, Матхаўзэне, Флёсэнбургу, Крос-Розэне і меншых лягерох.

1 сьнежня 1943 году прыбыло ў Асьвенцым звыш 2.000 вязьняў зь Беларусі. За выняткам 140 чалавек, што падаліся як палякі (пераважна гэта былі нясьведамыя беларусы рыма-каталіцкага веравызнаньня), рэшта мела цывільную адвагу падацца як беларусы.

У Асьвенцыме пераважалі палякі, далей ішлі жыды, цыганы, чэхі, французы, немцы, украінцы, беларусы, расейцы.

Кожны зь вязьняў насіў каляровы трыкутнік (фарба трыкутніка залежала ад роду «праступства»), а пад ім — чарговы нумар. На трыкутніку была першая літара дзяржаўнай прыналежнасьці вязьня. Беларусы з заходняй часткі Беларусі насілі «Р», з усходняй — «R» (Polen, Russe). Адносіны да беларусаў і ўкраінцаў з боку вязьняў іншых нацыянальнасьцяў, што займалі розныя функцыі, дый наагул, былі надта варожыя. Асаблівай варожасьцю адзначаліся жыды і палякі, лічачы беларусаў прадстаўнікамі той нацыянальнасьці, якая супрацоўнічала зь немцамі. Лягерныя штубовыя, пераважна жыды, за абы-якія правіны забівалі беларусаў-вязьняў да сьмерці. Аб адносінах палякаў да беларусаў хай сьведчаць наступныя факты.

Ад сьнежня аж да лютага мы знаходзіліся на карантыне ў Асьвенцыме. Сярод нас дзясяткі паміралі штодзень ад сыпнога тыфу і дызынтэрыі. Нашая дзённая харчовая порцыя: 200—250 г хлеба, 3/4 літра супу з бручкі, 10-15 г маргарыны (штотрэці дзень). Ніякіх пасылак ніхто з волі не атрымоўваў. На Каляды з суседняга лягеру (рабочы аддзел нашага лягеру, дзе пераважалі палякі) вязьні прыслалі на наш блёк бочку (100 літраў) супу, але з засьцярогаю, што суп мае быць разьдзелены толькі паміж палякаў, якіх было ў нашым блёку 40—50 чалавек з агульнай лічбы 300—350, рэшта — беларусы. Блёкавы-паляк загадаў усім палякам выступіць зь міскамі. Палякі дасталі па 2 літры. У адказ на гэта нехта зь беларусаў распачаў пяяць «Люблю наш край». Са сьлязамі на вачох пяялі мы, аж покуль штубовыя на чале са шрайбэрам Краеўскім кіямі змусілі нас змоўкнуць. Тады я ад беларусаў прыпомніў вязьням-палякам, што, седзячы ў турмах і перасыльных лягерох на Беларусі, мы не рабілі розьніцы між намі і палякамі. Усюды ў турмах пераважалі беларусы. У баранавіцкай турме палякі нароўні зь беларусамі карысталіся штодзённай харчовай дапамогай Беларускай Народнай Самапомачы.

Пасьля заканчэньня карантыну нас асталося жывых з 2000 толькі 300 чалавек. Але мы не выглядалі ўжо на людзей. Пераважная колькасьць з нас мела ўжо папухшыя з голаду і холаду рукі і ногі. Мы ўсе былі кандыдатамі ў крэматорыю. Нас усіх перанясьлі на рабочы лягер. Прыдзел на працу залежаў ад Arbeitsdienst, кіраўніком якога быў былы польскі паручнік Забельскі. З нас яшчэ ніхто не атрымоўваў харчовых пасылак, тым часам як іншыя вязьні, за выняткам жыдоў і расейцаў, маглі атрымоўваць і атрымоўвалі вельмі часта. Асабліва палякі — калі не ад радні ці знаёмых, дык ад Польскага камітэту апекі, ці нават ад Міжнароднага Чырвонага Крыжа з Жэневы.

Аб гэтым Забельскі ведаў дасканала, аднак беларусаў вызначыў у самыя горшыя каманды працы (Konigdgrabe, Fischteich), забіраючы адтуль палякаў на лягчэйшую працу. Працаваць прыходзілася ў голым полі па калені ў вадзе. Гінулі беларусы штодзень як мухі. Форарбайтэры, пераважна палякі, дабівалі часта яшчэ зусім здаровых праклятых русінаў — значыць праклятых беларусаў, ім не саступалі штубовыя-жыды. Паўла Мілюка, настаўніка за часоў польскіх, бальшавіцкіх і нямецкіх, некалькі разоў зьбіў да паўсьмерці форарбайтэр-паляк — як калябаранта. Тое самае было зь Левановічам Лёнем, арыштаваным немцамі за супрацоўніцтва з партызанамі, і са шмат кім іншым. Некаторыя вязьні, атрымоўваючыя багатыя харчовыя пасылкі з волі, супу ня елі, а вылівалі вон — заміж таго, каб даць русам, якія, як ваўкі, хадзілі ў вольны час каля кухні, каб штось вышкрабці з бочкі з-пад супу з блёку лягернай арыстакратыі.

Амаль ні адной зборкі не прайшло, каб шпайбэр ці перакладчык-паляк не прыпомнілі беларусам аб супрацоўніцтве зь немцамі, аб крыўдах, што цярпіць польскі народ і

г. д. Гэта была штодзённая літанія, да якой мы, русы, прывыклі. Адным нашым летуценьнем было вырвацца на транспарт у іншы канцэнтрацыйны лягер.

Крывавы кат Забельскі, маючы, перш як блёкавы, а пасьля як кіраўнік Arbeitsdienst’у, сотні людзей на сумленьні, ня ўцёк ад кары. У красавіку 1944 году ён, перанесены ў Бухенвальд, згінуў ад рук вязьняў на панадворку 65 блёку. Шмат каму з нас удалося перамясьціцца ў іншыя канцэнтрацыйныя лягеры. Паўгода Асьвенцыму многаму нас, апошніх магіканаў з 2000, навучыла. Перадусім — салідарнасьці між сабой, беларусамі, і салідарнасьці ды прыязьні з украінцамі, адносіны да якіх былі яшчэ горшыя. Мы навучыліся маўчаць. Носячы літару «р», мы падаваліся ў незнаёмым для нас асяродзьдзі іншага лягеру як палякі. Мы гутарылі па-беларуску толькі паміж сабой, або ў адносінах з украінцамі, калі нікога з палякаў не было блізка. Некаторыя з нас, больш спрытнейшыя, пралазілі працаваць (ясная рэч, як палякі) на кухню і тады памагалі сваім. Нават былі нашыя штубовыя. Яны, стаўшы функцыйнымі, клялі і лаялі, польскім звычаем, праклятых русаў як нямецкіх супрацоўнікаў, хвалілі палякаў, але матэрыяльную помач, часта нават адкрыта, давалі тым жа русам.

Я быў бы несправядлівым, каб ня ўспомніў аб той помачы і ўсебаковым падтрыманьні, якое нам у лягеры давалі польскія сацыялістыя і людоўцы. Ім таксама, як і нам, прыходзілася часта цярпець, як «чырвоным», ад сваіх суродзічаў. Яны, г. з. польскія сацыялісты і людоўцы (сялянскія дэмакраты), заапекаваліся намі яшчэ ў Асьвенцыме. З праўдзівай удзячнасьцю ўспамінаю групу людоўцаў з Гарволінскага павету на чале са сьв. памяці Міхалам Карвецкім. Ён даваў нам, малой жменьцы пазасталай пасьля карантыну беларускай інтэлігенцыі, усебаковую помач. Далей быў нашым праўдзівым апекуном у Бухенвальдзе вязень № 1910 (прозьвішча ня памятаю), у Нордхаўзэн-Дора — сьв. памяці др. Міхал Цэрэўка і яшчэ некалькі чалавек, прозьвішчы якіх не магу прыпомніць. Ім шмат хто зь беларусаў, у тым ліку і ніжэй падпісаны, заўдзячвае жыцьцё.

Вязень № 48054

№ 9, 1949 г.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by