|
Янка Палонны
НЕ КУВАЙ, ЗЯЗЮЛЯ
Не кувай, зязюля, сумна ў родным гаі,
не прароч матулі, калі прыйдзе сын, —
ён ужо ня прыйдзе, сьпіць у дамавіне,
на чужых загонах, між чужых калін.
За яго труною не ішлі суседзі,
не званіў з званіцы прытрухлелай звон,
не гублялі сьлёзаў сёстры над магілай,
не пяялі песьняў на жалобны тон.
Ён адзін далёка зьлёг пад градам куляў,
на чужой зямельцы кроў сваю праліў
за чужыя справы, за жывыя раны,
што здаўна на сэрцы вораг палажыў.
Не кувай, зязюля, сумна ў родным гаі,
ня прароч матулі, калі прыйдзе сын, —
ён ужо ня прыйдзе, бо ў зямлі далёкай
сьпіць з тугою па Краі між чужых калін.
№ 10, 1949 г.
