МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

[Вершы] // Месца выдання – Парыж

Аўтар: Алесь Змагар, Яцэвіч Алесь
Раздзел: Паэзія
Краiна: Нявызначана
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

Алесь Змагар

ЮНАКУ

Незваротнай плыняй

Праплываюць годы.

Будзь жа верным сынам

Ты свайму народу!

Ў горы не згінайся

Пад цяжкім прымусам!

З гонарам трымайся

Імя беларуса.

Бо і наш час прыйдзе,

Й нам засьвеціць сонца:

Прамень Волі ўзыйдзе

Ясным валаконцам.

Шчасьця дні паймкнуцца,

Й з дальняе дарогі

Мусім мы вярнуцца

Ў Край свой зь перамогай.

№ 21, 1951 г.

ХУТКА НАДЫЙДЗЕ ПАРА!

Восень спускаецца шэраю хмараю,

Вецер у стрэхі гудзе;

Сум неадчэпнаю цяжкаю мараю

Поўніць дакучлівы дзень.

Прагна імкнецца душа супакоіцца,

Рвецца з кайданаў, з багны;

Ды на чужыне чужая ваколіца,

Людзі — чужыя сыны.

Тут не пачуць ні спагады слоў ласкавых,

Ні цеплыні, ні пяшчот.

Зоркі і тыя ня йскрацца над краскамі,

Не усьміхнецца завод.

Ногі крывавяцца сьцежкай жабрачаю;

У думках — гаротны наш Край,

Маткі няшчасныя бавяцца плачамі,

У сэрцы нястрымны адчай.

Дома народ наш пакутуе ў роспачы

Рвецца з багны, з кайданоў.

Гойсаюць каты крывавыя поначы,

Нішчаць краіны сыноў.

Ды ўжо нядоўга народ будзе ў путах,

Хутка надыйдзе пара.

Дымам разьвеюцца ворагі лютыя,

Сьветлая ўзыйдзе зара.

№ 19, 1950 г.

ЗА МАЦІ-БЕЛАРУСЬ

Збалелыя грудзі

Занылі ад болю,

Сьлязьмі затуманены вочы,

Варожыя людзі,

Знішчаючы волю,

Пануюць над Краем, як хочуць.

Над ціхаю кручай

Пад ліпай шырокай,

Дзе зь мілай сядзеў аж да рана,

Праз словы гаручы

Кудысьці далёка

З журбой пазірае кахана.

Зь вязьніцы сурова

З-за крат выглядаю.

Пяюць салаўі напрадвесьні.

За родную мову,

За Край свой страдаю,

За сумныя, любыя песні.

І лёгкія мары

Лятуць аж да зораў

Пад сіні блакіт Беларусі.

Ніякія кары,

Ніякае гора

Зрачыся Радзімы ня змусіць.

Слуцкая вязьніца, 1921 г.

Я З ТАБОЮ ПОПЛЕЧ

Паплыла за хваляй хваля,

Аж пярэсьціцца рака.

Я з табою поплеч, Валя,

Не дрыжыць твая рука.

Човен гойдаецца злосна,

За прыбоем б’е прыбой...

І снуюцца жыцьця кросны

То з надзеяй, то з журбой.

Пазіраю табе ў вочы —

У блакітну неба сінь,

І лягчэй па межах крочыць,

І ня страшна далячынь.

Перад намі яснай зоркай

Кветка-Папараць мігціць…

Мроя ймчыцца за узгоркі,

Мроя ў родны Край ляціць...

1949, Францыя

КАЛЯДЫ

Зьвініць марозны ясны дзень,

Сышоў на ніз лясных галінак:

Замітусіўся сумны цень,

Ахутаў цемраю нізіны.

Жанчыны сена для куцьці

Прынесьлі, ў рэшата паклалі.

Каб шчасьце трапіла ў жыцьці,

Дзядоў за стол к сабе зазвалі.

Прыйшлі нябожчыкі-дзяды,

Прыйшлі здалёк, садзяцца ў покуць

І сьвята слаўнай Каляды

Адсьвяткаваць з усімі хочуць.

Паважна моляцца бацькі.

Са страў вачэй ня зводзяць дзеці.

Бо хіба можна дзе знайсьці

Такія стравы ва ўсім сьвеце?

Бягуць дзяўчаткі варажыць

Ячменем, воскам на талерцы.

Каму й за кім належыць жыць?

Хто прыйдзе поўначы ў люстэрцы?

А пад вакенцам са зьвяздой,

З вэртэпам ходзяць з хаткі ў хатку,

Зь мядзьведзем, жоравам, казой —

Сьвяткуюць родныя Калядкі.

Скрыбава, 1944

ЗАВІРУХА

Бура злосна завывае,

Вецер жаласна гудзе,

Сьнег дарогі замятае,

Белу вопратку прадзе.

Ўсюды ў полі, на разлогах,

Каля лесу, ля стагоў,

На лугох і на дарогах

Коўдры белыя сьнягоў.

Мільгацяць вакол пушынкі,

Засыпаюць вочы, твар,

Асьняжаюць дрэў галінкі,

Беляць чыста, як маляр.

Бура злосна завывае,

Вецер жаласна гудзе,

Сьнег дарогі замятае,

Белу вопратку прадзе.

Радашкавічы, 1944

ВЯСНА

Вышэй падымаецца яркае сонца,

Праменьнямі песьціцца ў твар,

Іскрыцца і вабіць дзяцей праз ваконца,

Заве на шырокі абшар.

Заве паглядзець, як пралеска ў цянёчку,

Аджыўшы ад зімняга сну,

Ізноў паказала блакітнае вочка —

Вітае красуню-вясну.

Заве на дываны зялёнага поля

Паслухаць, як жаўранка сьпеў

Высока-высока, дзе сонца, дзе воля,

Аб сьветлай вясьне зазьвінеў.

Вышэй падымаецца яснае сонца,

Праменьнямі песьціцца ў твар,

Іскрыцца і вабіць дзяцей праз ваконца,

Заве ў неабсяжны абшар.

№ 17, 1950 г.

ЮНАЧКА

Ты у дзіўным харастве стаяла перад намі.

Так велічны, так горды быў твой гнеў.

Ад роспачы, тугі сьціскала кулакамі,

Ў вачох агонь маланкава зіхцеў.

І раптам, угару высока узьняўшы рукі,

Сумотны ўдалеч кінула пагляд:

Там… дзесьці у бару, сярод нясьцерпнай мукі

Гібеюць бацька, маці, родны брат.

І позірк той, як сымбаль перад цэлым сьветам,

Паказваў шлях да новых перамог.

І на сьцягох уваскрасалі запаветна

Сьвятыя словы: Бацькаўшчына й Бог.

№ 7, 1949 г.

ДЗЕНЬ 25 САКАВІКА

Радзіўся Ты у Менску Беларускім,

Пажарам Край дыміўся у вагні.

Наўкол чужынцы: немец, лях і рускі

Тапталі лепшыя палеткі нашых ніў.

Народ стагнаў, ўздымаў угору рукі,

Лавіў сьвятла далёкага прамень.

Быў цяжкі час. Сярод нясьцерпнай мукі

Зьявіўся Ты, прыгожы, сьветлы Дзень.

Цудоўнай зоркай ўзьняўшыся высока,

Народу шлях да волі асьвяціў.

І зашасьцелі казкаю асокі,

Мінулай славай лес загаманіў.

I Край ажыў. Народ паймкнуўся к сьвету.

Ў вачох крынічыць радасьці струмень.

І нашых продкаў слаўных запаветы

Ўваскросьлі ў гэты незабыты Дзень.

Вялікі Дзень! Нічым Цябе ня сьцерці,

Стагодзьдзям нат Цябе не перажыць!

Вякі мінуць, а Ты ў народным сэрцы

У песьнях-былях будзеш вечна жыць.

№ 9, 1949 г.

У БІТВУ РВУЦЦА СЬМЕЛА СЛУЦКІЯ ПАЛКІ

Над зямлёю Слуцкай стараны каханай

Падымаўся ўгору жудасны віхор.

Наляцела хмарай, дзесьці захаванай,

Войска азіятаў на наш шыр-прастор.

Але ўжо ня згодзен Беларус гнуць сьпіну.

Досыць працярпеў ён шмат гадоў палон!

Паўстае ён сьмела за сваю Краіну,

За абліты потам дарагі загон.

У вачах бліскучых гонар і адвага.

Хай грымяць гарматы! Надышлі вякі,

Калі к шчасьцю, волі безупыннай смагай

Ў бітву рвуцца сьмела слуцкія палкі.

Слуцак, лістапад 1920 г.

№ 5, 1948 г.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by