МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

[Вершы] // Месца выдання – Парыж

Аўтар: Дудзіцкі Уладзімер
Раздзел: Паэзія
Краiна: Нявызначана
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

Уладзімер Дудзіцкі

КАБ ХОЦЬ РАЗ УСЬМІХНУЛАСЯ ШЧАСЬЦЕ

Каб ня рукі, а крылы магутныя меў, —

узмахнуў бы я крыламі вышай,

у надзем’е крутое, як сэрцу на ўме,

дзе блакіт неба зорамі вышыт,

узьляцеў бы і гора тугое зямлі

у бяздоньне, раскрытае насьцеж,

паміж хмараў набраклых у песьнях разьліў,

каб хоць раз усьміхнулася шчасьце;

каб у грудзі — да сэрца — з павевам вясны

уліліся гарачыя радасьці хвалі,

каб мае расьцьвілі ўсе найлепшыя сны,

што, прысьніўшыся, сьпяць, як і спалі;

ды ня крылы, а цела нямыя кускі —

рукі — цяжка узьняць і пакратаць...

І ня цьветам, а пылам жалезнай лускі

асыпаюць душу марыінскія краты.

№ 12, 1949 г.

МОЛАДЗІ

Дарма што сплямлены наш сад,

крывёй абліт журботны жнівень,

шуміць пад зорамі краса

на сакавітай роднай ніве;

дарма што водблескі крыві

крывавяць край блакітны неба, —

працуй, змагайся і жыві:

змаганьне пільна сяньня трэба!

Адзін на жвір грудзьмі падзе,

другі народзіцца і стане;

і сьлед прыцішаных падзей

сьвятлом зары асьвеціць раньне.

Насустрач разам выйдзем мы

і зь першай сонечнай усьмешкай

спалошчам спадчыну чумы

і друз аджытага на сьцежках.

І расшуміцца сьпелы сад

і золатам спавіты жнівень...

Расьці, юнацкая краса,

на сакавітай роднай ніве!

З ЦЫКЛЮ «ЦЕНІ СЬМЕРЦІ»

Ты наровіш, пазнаў я, употай паўзьці

за плячыма, туляцца і стынуць,

упівацца у цела маё да касьці,

ценем чорным схіляцца ля тыну.

На паўкроку цікуеш пры сонцы хаду,

а па сонцы — даўкімі рукамі

у касьцістай істоце спустошаных дум

точыш, лашчыш абветраны камень...

Выгінаешся, кленчыш прад воблікам дзён,

перад першай выгоднай ахвярай...

Ненасытны пагляд твой, згібеньне, відзён

пры сьвятле і у збоішчы хмараў.

Адступіся, касьцісты, жахлівы прывід, —

цень сьмяротны сьмяротнага духу!

Не скарыцца жывое на сьцежках крыві

перад сілаю грэшніцкай скрухі.

Ты наровіш, пазнаў я, употай паўзьці,

ценем чорным схіляешся коса...

Бой крыві ў маіх жылах ня счах і ня сьціх,

голас песьні расьце да нябёсаў...

* * *

Не сыходзяцца горы з горамі,

не збліжаюцца і узвышшы.

Нават думкам — цяжкім і змораным —

на спатканьне ніхто ня выйшаў.

Адзінокія блудзяць сьцежкамі

спадзяваньні пад млосным небам,

І ня хоча цьвісьці усьмешкаю

неспакойны штодзённы небыт;

зь весяласьцю чужой ня мірыцца,

не ступае сумесна кроку, —

на журботнай у песьнях лірыцы

пакідае свой сьлед глыбокі.

Чым упартасьць такую выраку

за марамі — на горнай высьпе?

Кажуць, голас ліхога выраку

над маёй галавою высьпеў.

Бо ня сходзяцца горы з горамі,

не збліжаюцца і узвышшы.

Нават думкам — цяжкім і змораным —

на спатканьне ніхто ня выйшаў.

№ 15, 1949 г.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by