|
Алесь Салавей
* * *
А прайшоў я ці мала дарог у сьвеце —
мне было не да стомы ног.
Дзе вы, золку агні? Па начох ня сьпеце:
за сьпіной — вялікомы лёх.
Асьляпляйце яго — і, як сон, з далінаў
злыне чорная сажа дзён.
А блакіт?.. — «Воч маіх ты ў палон ня кінуў», —
пра цябе так хай кажа ён.
1945
№ 8, 1949 г.
ЗДАЛОСЯ...
Здалося — змоўк навекі звон,
пайшоўшы на скананьне.
Ніхто ня чуў, як плакаў ён
у топкай вечнай твані.
Ніхто ня знаў, як звону гнеў
зьбіраўся ў дужы гоман...
Звон страпянуўся, зазьвінеў,
над сьветам грымнуў громам.
Зь сівых глыбінаў даўніны
і з ланцугоў палону
пачулі вольнасьці сыны
кліч праўды і праклёну.
№ 10, 1949 г.
