|
Ларыса Геніюш
* * *
Бы ў жнівень сухі, смага сушыць мяне,
ўжо няма братніх сэрцаў-крыніцаў,
нават рыцар сьвяты наш на белым кане
ў маёй хаце ня сьмее спыніцца...
Нельга з вамі дзяліць сяньня сэрца адно,
Перастала бы біць, нежывое,
а бяз Вас, без братоў, мэты мне не відно,
і ня бачу шляхоў прад сабою.
Дарма рукі свае працягаю з тугой
і чакаю трывожнымі днямі.
ўжо ня скажа ніхто — мы, пясьнярка, з табой,
не сумуй над сабой і над намі.
Смагне сэрца ў грудзёх, думы ймкнуць да людзей,
дні ўміраюць бяз чынаў, бяз словаў,
што хацелі трымаць мужнай верай ў бядзе,
грэці ў сьцюжу, як поўдзень ліпнёвы.
* * *
Надходзіць зноў туманны час,
прадоньне дзён нявольных.
Магчыма, больш ня ўбачу вас,
браты мае, ніколі!
Душы людзкой ня дам скаваць
бунтарных дум узмахам.
Я прывітаньні буду слаць
Вам з кожным вольным птахам.
Няхай ня крышыць сэрцаў сум,
усім жа не устояць…
Адныя сьцяг свой данясуць,
другія ўпадуць ў боі...
Ня страшны зьдзек мне, ні прымус,
над краем толькі плачу.
Дала мне Маці-Беларусь,
відаць, такую ўдачу…
Заўсёды у мроях з Вамі, ў снах,
жыць буду ці загіну —
п’ю чару горычы да дна
за Вас і за Краіну.
* * *
Калі вецер асеньні часамі
пачне біцца аб цьвёрды бэтон,
недзе рвацца буйнымі крыламі —
раскалышыцца сэрца, як звон.
…Быццам едзеш дамоў па дарозе,
коні звонка капытамі тнуць,
бляды месяц, апёршысь на розе,
сьвеціць тухлай лятарняй у цьму.
Толькі пырскаюць борздыя коні
ды чужое міргае акно,
сумны вецер расказвае стогнам,
што сям’і ўжо няма тут даўно.
Быццам птушкі далёка у вырай
адлятаюць прад сівай зімой, —
на прасторы ліхое Сібіры
завязьлі іх усіх грамадой.
Але птушкі вясною свабодна
Прылятуць яшчэ ў белы наш сад,
толькі тыя, зь Сібіры халоднай,
ўжо ня вернуцца ў вёскі назад...
№ 12, 1949 г.
ЧУЖЫНА
Эх, ліхая чужына... Ня выжыў бы тут,
каб ўспамін родных ніў не лялеяў,
каб ня сьніўся начамі пакінуты кут
і душы не кунежыў надзеяй.
За ўсю радасьць тваю лепша дома нуда,
ў нашым полі глухім адзінота,
там найродную песьню булькоча вада,
каня тужыць адна над балотам.
Там ад траваў і красак на межах гусьцей,
і пад буйныя ветру павевы
весялей там шапоча густое трысьце,
прыгажэй нагінаюцца дрэвы.
З родных сёлаў і зь ніў звонка-звонка здалёк
песьня к сэрцу тугой далятае,
вецер, быццам кудзелю у белы клубок,
павуціньне ў палёх навівае.
А ты каменным сэрцам так срога маўчыш, —
ды і сэрца, магчыма, ня маеш, —
не табе зразумець, чаму думы ўначы
вечна рвуцца далей небакраю.
РАНІЦА
Раньне зьвейнай аснована ймглою,
такой лёгкай, як быццам бы ўздох…
Крывічанка нат зграбнай рукою
так палотнаў ня тчэ на краснох!
Нат тым лонам сваім залацістым
не патрапіць так лёгка снаваць,
як той вэлюм празорна-імглісты,
што авейваў кругом сенажаць…
Ўстае сонца, румянае сонца,
твар ў вазёрнай памыла вадзе,
ды глядзіць, як дзяцюк, праз аконца,
сінявокі, разбуджаны дзень.
Раса сыплецца бляскам на краскі,
зазьвінелі на межах званкі;
ў вадказ словы дасьпелае ласкі
шле ім колас зярніста-стрункі.
Гэта раньне, румянае раньне!
Згорне вецер імглу на палёх,
блісьне сонца, як тое каханьне,
прытаіўшысь ў дзявочых вачох!
КРАЮ МОЙ…
Краю мой родны, краю мой мілы,
цудны, узорны, ад ніў залаты,
хто цябе ўквеціў пушыстай калінай,
краскамі, лесам засеяў густым?
Пушчы, палеткі, лугі, сенажаці,
быстрыя рэкі, прасторы азёр, —
нехта рассыпаў вялікім багацьцем
вечныя скарбы ў цудоўны узор.
Калі табе золатам сонца разлітым
магутныя грудзі асыпле кругом,
а неба атуліць туманам-блакітам,
быццам-бы анял празорным крылом,
і вецер бяроз тваіх косы даўгія
расчэша, рассыпле па белых камлёх,
а грушы красуні страсе сьнегавыя,
сьвет белы пасее на зелень палёў,
а буйныя травы нагне, то падыме,
зазвоніць аб лісьце задуманых дрэў,
акордамі ўдарыць, як май, маладымі,
пад Нёмна вясновы бурлівы напеў, —
дык радасьцю, шчасьцем душа замірае
і хочацца сэрцам, рукамі абняць
свой край наймілейшы, аквечаны маем,
дзе краскі, дзе Нёману хвалі зьвіняць.
Дзе птушка у неба высокім палётам
маніць да сонца ў блакіт за сабой,
ўзыходзіць, мацнее з сялянскага поту
зярнё, вырастае ў калосьсе вясной.
Краю мой родны, краю мой мілы,
калыска дум раньніх, вясёлкавых дзён,
краю дзядоўскіх курганных магілаў, —
ты сэрцу так мілы, як міла жыцьцё.
Сьніцца ты будзеш, ўсё клікаць з чужыны,
маніць ў свае сёлы, да хаты старой,
пахучым палеткам буйной канюшыны,
дзявочаю песьняй спавітай тугой.
Чало плуг жыцьця, можа, ў боразны зрэжа,
мо голаву іней пакрые гадоў, —
у сэрцы ж ня зьвянуць зялёныя межы,
туга не аслабне да родных кутоў.
№ 11, 1949 г.
НЕ МІНАЙ
Не мінай вясной упойнай
дываном расьцьвіўшых гоняў —
адплыве вясна з вадою,
дзён мінулых не дагоніш.
Не лякайся віхру лёту,
калі сэрца п’яніць ўздымам —
пасьля мецімеш ахвоту,
але крыльляў не падымеш.
Не нацягвай струн замоцна,
бо іначай струны трэснуць,
як глыбокі жаль замоўкне —
не пачуеш болей песьняў.
№ 12, 1949 г.
НОВЫ ГОД
Новы Год ідзе крокам бадзёрым,
крокам звонкім, як сам, маладым,
расьсьцілае надзеі узорныя,
гоіць крыўдаў і ранаў сьляды.
Ідзе стуль, дзе ў завеяных хатах
вас чакае сям’я за сталом,
каб са згубленым сынам ці братам
падзяліцца сямейным цяплом.
Ідзе стуль, вецер дзе у лазінах
па-за гурбамі сьнегу заціх;
на гасьцінцах дзе скрып палазіны
замірае у далях лясных.
Ідзе зь сьнегам засланых загонаў,
Нёман сьпіць дзе пад лёду карой.
Хай жа ў нашую чарку зазвоніць
на чужыне ды братняй рукой!
Хай нясе успаміны аб сёлах,
што у белай задуме ляжаць.
Прывітайма ж яго мы вясёла,
каб ніводзін ня сьмеў сумаваць!
Новы Год ідзе крокам бадзёрым,
як заўсёды — зь бярэмам надзей.
Мо вясною палямі узорнымі
ў родны, вольны наш Край завядзе.
КНЯЗЬ УСЯСЛАЎ ЧАРАДЗЕЙ
Серп-месяц на небе між хмараў брыдзе
срэдзь семені зор адзінокі;
вось, быццам гуляе шчупак па вадзе,
ныраючы ў хвалях глыбокіх.
Арол, гэтак ўзьбіўшысь пад воблакаў сінь,
магутны сваёй адзінотай,
аб шэрай нізіне забудзе зусім,
паднебным упіўшыся лётам.
У кіеўскім замку Ўсяслаў Чарадзей
змагаецца з духам бурлівым
і ўздох гладзінёю калыша грудзей,
бы вецер дасьпелаю нівай.
Ён думаў ня можа цяжкіх ўгаманіць,
тугі сваёй ўцешыць па краю,
і гордае князева сэрца баліць,
ды сон ад вачэй адлятае.
Зь вязьніцы сумнай на княжы пасад
яго ўвесь Кіеў паклікаў —
ён ўсё ж з панаваньня і волі ня рад —
ня хоча той чэсьці вялікай.
Мілейшыя сэрцу парогі сваі,
пасад свой і тыя дружыны,
зь якімі хадзіў у цяжкія баі,
баронячы межаў Айчыны.
Мілейшы той Полацкі край дарагі
і пушчы з пахучай жывіцай...
Нядаўна Нямігі ціхой берагі
крывёю зьліліся крывіцкай.
Там мужных ваяраў ляжаць чалясы —
хто ж гоіць крывіцкія раны
тады, калі князь, першы Полацку сын,
чужацкія носіць кайданы?
І хоць над Нямігу склака груганоў
ня раз ўжо зьляталася ў госьці —
ўсё ж князева сэрца начамі дамоў
ўсё клічуць байцоў сваіх косьці.
Ўжо цемень радзее, ўжо зоркі ўцяклі
і зьнік бляды месяц за імі —
князь ўсё яшчэ чуе зямлі свае кліч,
ды з думамі б’ецца цяжкімі.
Ён чуе, як рвецца Дзьвіна ў берагох,
бароў сваіх гоман адвечны,
ён чуе, як ў полацкіх гордых мурох
шуміць ўсхваляванае веча.
Цьвіце ужо неба, як тыя ляны,
і дзень ўжо над Кіевам сіні —
князь слухае сэрцам — б’юць, звоняць званы
у полацкай роднай сьвятыні.
Нядарам казалі, што князь — чарадзей...
Хто ж, духам прабіўшы прасторы,
у Кіеве чуў бы, як звон свой гудзе,
хто б знаў, што ён сэрцу гавора?
Вялікае сэрца мець трэба ў грудзёх
і духа магутныя чары,
каб чуць, як у полацкіх гордых мурох
у звон сьвятой Софіі ўдараць.
Агнём пальмяным трэ край свой кахаць,
трэ вырасьці зь ніваў, загонаў,
каб славу, багацьце, ўсё кінуць, аддаць,
за кліч свайго роднага звону...
№ 15, 1949 г.
