|
Ніна Раса
НОГІ ВЫРАТАВАЛІ
— Цыган! Чаму палажыў на падушку ногі, а не галаву?
— А-а! Каб ня гэтыя залатыя ногі, дык гэтая дурная галава ўжо даўно вісела б!
(Народная мудрасьць)
Так, залатыя ногі ні аднаго ратавалі, калі галаве крута прыходзілася. Гэтак здарылася і з нашым Гансам. А Ганса шмат хто ведае, а што ўжо да віленскае братвы, дык хіба кожны, галоўна пасля таго, калі яго, як і цыгана, ногі выратавалі.
Было гэта вельмі проста, вось на пераломе сакавіка з красавіком, зімы зь вясной, калі сьнег тае, пралескі зацьвітаюць, сінія-сінія нашыя пралескі... Пасрабуйце іх пашукаць на сьвеце! А ці знойдзеце? Не! — бо яны толькі ў нас сінеюць! Толькі на ўзгорках Панараў расьсьцілаюцца небам пралескі. ...
Эх! Ды ці толькі пралескі ў нас?
А вербы, ракіты, лозы?!.
А жаўронка звоны не забылі?.. Вясну?.. Сакавік?.. Наш родны, сачысты жыцьцём Сакавік!...
* * *
Як з выраю ластаўкі, як жаўранкі звонкія, як з гнёздаў шпакі маладыя, з класаў гурбою пасыпалася моладзь.
— Усе на ўзгоркі! Панары! Пралесак, пралесак: «Два ж святы на сьвеце — вясна і сачысты народным жыцьцём Сакавік!»
* * *
Ці жаўранкаў песьні зьвінелі мацней, ці — моладзі нашай на ўзгорках Панараў, дык трудна нат самой вясьне рассудзіць.
З букетамі кветак, зь вясьняным загарам, зь ветрам свавольным шырокіх палёў вярталася моладзь спаткаць Сакавік.
«Vzbronione, brzmi vojevudzki zahad!»
* * *
Вясна, пагода мяняецца часта, то вецер, то дождж ды маланкі і буры; марская пагода, і — Сьвята мора.
Рух па клясах. Пані капітанова вершы, сцэніроўкі, песьні і мэлядэклямацыі гатуе. Муштруе дзе каго папала, проста як рэкрутаў на палігоне.
А дэкарацыя?!! Усю падлогу змазалі фарбамі ды клеямі, робячы вітражы, а як павесілі на сьцяне, дык вось глянь толькі: мора, хвалі, бура на моры, ды карабель у буру, толькі ветразі надуваюцца. Вось-вось здаецца, хай толькі мацней вецер дзьмухне, дык і заля са сцэнай ня ўстояць.
А як ліхтары запалілі! Ілюмінацыя і фара, і маланкі, і гром, проста пекла, аж маразкі бегаюць па скуры, вось-вось, здаецца, хваля так і хлыне...
А на сцэне — фікус! Дзе ён і вырас такі? Аж пад столь!
«Свята мора» — зала занямела, толькі вочы блішчаць у пацёмку.
А на сцэне маланкі шалеюць, гром, рух сірэнаў, лямант, партовы шум і гвалт.
Карабель раскалыхаўся на ўзбураных хвалях, ветразі надзьмуліся, вось-вось, здаецца, лопнуць. Не!.. можна «mocna stavion czolo viatrom»— запэўнівае рэфератчук. А якія карысьці?! — Бурштын, рыбы, ракі ды залаты пярсцёнак на дне мора...
Наступны нумар па рэфэраце, маланках, громе і воплесках залі: «Зашлюбіны з морам» — дэклямацыя.
Вайсковым маршам «sloma — siano» перад публікай зьяўляецца «ні то рыба, ні то «рак», ні то пан «генэрал».
— Персьцень ці дае!.. персьцень... дае... персьцень...
— Далей гавары, чаго шворышся па кішэнях? — нэрвуецца з-за фікуса суфлёр.
— Пярсьцёнка шукаю, — адказвае злосна дэкляматар.
— Дык ён жа ў клясе на вакне ляжыць — адказвае суфлёр.
Так і не «зашлюбіў» пан «генэрал», можа, пярсцёнка забыўся ўзяць, выходзячы на сцэну.
Але зала ўсё роўна горача пляскала.
* * *
Ускалыхнулася хваля, белай пенай зашумела, і русалка з дна марскога песьняй мае чараваць. Але кажуць, што русалкі адзінокіх рыбакоў песняй чараваць умеюць. А тут нашую русалку рыбакі зачаравалі.
Расчыніла рот ды анямела.
— Кладзі! Бо ўляціць варона, — із-за фікуса суфлёр русалку перасьцерагае.
— Браво-оо-!!! Бі-і-с-с-с-с-с!!! — Крычаць із залі.
Пакланілася русалка, хутка хвост згробшы ў жменю ды ў мора, у хвалі зноў нырнула. Мо наступным «сьвятам мора» зачаруе рыбака.
Вось выходзіць «стары рыбак».
— На мора, я сына вам даю, чуеце, — і чаго ён там ні наабяцаў: і рыбы, і «адвагі». Аж кулакі сьціскаў, аж вочы плюшчыў, і бура шумела, і карабель ледзь-ледзь устаяў, а Янка дэклямаваў.
Праўда, па вечары, у бурсе мусіў паказаць, як «жаба ў сажалцы» плавае, «бо мы мора ня маем». Ды, узяўшы за рукі і ногі, уніз брухам так выгаскалі, што тры тыдні з ложка нават у клясы не паказаўся. А калі паляністка пра яго папыталася, дык гуртам адказалі, што на марскую хваробу захварэў.
* * *
А «Сьвята мора» ў поўным разгары.
Вось на бераг высядаюць «маракі». Клім, як найменшы — пад фікус, далей у рад — Ярошка, Зэдзік, Засім, Шопік. Штораз то большыя, усе «рыбакі» з «Герадотавага мора».
У марынарскіх строях: шырокія порткі, каўняры зь белымі стужкамі (у Зэдзіка, адарваўшыся, баўталіся з-заду), бэрэты «на бакір» і: раз, два, тры-ы-ы — далей сігнал суфлёра.
Як Клім стаяў найбліжэй да суфлёра, дык першы і пачаў. (Хай даганяюць, хто спазьніўся!)
— Ma-a-rynarz v n-o-c sien ba-avi,
w hamaku ve-e-dnie spi-i…
Наступную зваротку рашылі не пачынаць, бо і сыгналы суфлёр не турбаваўся падаваць. Дзе ж там пяцёх палешукоў ды аднаго наваградзкага паслухаюць!
«Маракі», палажыўшы рукі адзін аднаму на плечы, гуськом раскачаўшыся на бакі, як на палубе, адмаршавалі са сцэны, толькі дошкі гупалі.
Тут дык ужо і буры не патрабавалася, бо такая сапраўдная была на залі, што «карабель» ледзь не перакуліўся.
* * *
Паволі, можна сказаць, усьціхла — мірыліся.
І вось — Ганс.
Раскланьваецца, ды так на ўсе бакі, што і канца няма.
— Хопіць, пачынай! — дзярэцца суфлёр.
«Morze, sine morze, мора... мора... мора... — З усяе сілы грыміць Ганс сваімі шырокімі грудзьмі. Замахнуўся адной рукой, другой, яшчэ раз магутна зароў і ў два крокі сцэну перакрочыў.
— Ну што ж, — пісаў у чарговым нумары насьценгазэты, — калі выйшаў, калі глянуў, з-заду ўсхваляванае мора, сьпераду такое ж мора галоў, закруцілася ў галаве, ледзь меў час падумаць: ратуйце, ногі, каб галаве блага не прыйшлося.
* * *
«Сьвята мора» адсвяткавалі! Галоўнае — бурна і весела, як наогул на сьвята бывае. Усе адчувалі сябе бадзёра, як бы выкупаўшыся ў марской салёнай вадзе.
Толькі Януку давялося хлебануць «марской пены» ды пару разоў пабываць у Рызе, а пані капітановай аж пад Сёмуху пячонка дакучала.
Ад рэдакцыі:
Ніжэй зьмешчанае апавяданне Н. Расы «Ногі ўратавалі» адносіцца да яе ўспамінаў зь Віленскае Беларускае гімназіі, ці праўдзівей — Беларускай філіі пры Польскай гімназіі Я. Славацкага. Дзеля таго, што апавяданне напісана ў форме вобразнай і можа быць не зусім зразумелым чытачу, — паясьняем у кароткіх словах, аб што ходзіць.
Вось жа вучні-беларусы гімназіі з энтузіязмам ладзіліся ўрачыста сьвяткаваць угодкі «25 сакавіка». Ваявода цераз «кураторыюм» забараняе і прыпісвае на гэты дзень «нармальныя школьныя заняткі».
Ні задоўга прыпадае польскае нацыянальнае «Сьвята мора».
Паляністка гімназіі, пані капітанова арганізуе яго. Вучні-беларусы згаварваюцца адказаць помстай.
Артыст у ролі «генэрала» «забываецца» ўзяць пярсьцёнка, які яму трэба купіць у «мора» для «заручынаў», на шум зьбіваецца і псуе ўвесь эфэкт ролі.
«Русалка», якая мела сьпяваць, — «анямела», пастаяла «з расчыненым ротам» і выйшла.
Хор «матросаў» разыгрывае «карыкатуры», а завяршэньне — найяскравейшая дэманстрацыя — «Ганс» з гіранічнымі паклонамі і адыходам з сцэны.
Адзін толькі «рыбак» Янка не датрымаў «кансьпірацыі», і аддэклямаваў поўнасьцю свой верш, за што яго потым у інтэрнаце сябры самасудам моцна каралі.
