МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Славянская душа // Месца выдання – Парыж

Аўтар: Самотны Ігнась
Раздзел: Проза
Краiна: Нявызначана
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

Ігнась Самотны

СЛАВЯНСКАЯ ДУША

Фэльетон

Калі азірнецца навокал сябе наш малады чалавек, якому цяпер пераваліла за дваццатку, ды прыглядзіцца да свайго інтымнага жыцьця цьвярозымі вачыма, дык душа ягоная сумам захлынецца, а кожны новы прыходзячы дзень здасца яму гэтакім шэрым, непатрэбным, абрыдлым... Ды як жа яно інакшым можа стацца, калі няма каханьня, пяшчотных словаў, няма гарачых паглядаў дзявоцкіх вачэй, ад якіх хлапецкае сэрца трасецца, як той хвост авечы? А чаму — няма? Ды зь вельмі простае прычыны — няма дзяўчатаў. Няма! Як бы іх вадою зьнесла ці перуном спаліла, — няма, дый усё тут!

Іншыя нацыянальнасьці гэтакага дабра аж залішкі маюць, а нас, беларусаў у Францыі, упрост нешчасьлівая доля напаткала, — нашых старэйшых жанчынаў яшчэ дзе-нідзе пабачыш, але дзяўчатаў хоць са сьвечкаю ўдзень шукай, хоць зь ліхтаром, але не адшукаеш! Няма, дый годзе! Каб жа ліха ўзяло за бакі тых, хто гэта нам нарабіў — мала таго, што Радзіму ад нас забралі, ад родных хатаў адарвалі ды на чужыну выкінулі, дык яшчэ й дзяўчатаў нашых не далі нам!

Бяда, чыстая бяда!

Мо які старэйшы ды жанаты чалавек і пасьмяецца з нашых разважаньняў, але нам, самотным хлапцам, не да сьмеху! Тут ня тое, што заплакаць гатовы, але з гэткае нуды й валасы пачнеш з галавы выдзіраць... Што праўда, дык нашыя хлапцы — народ спрытны: да ўсяго прыстасуюцца, выйсьце ўсюды знойдуць. А некаторыя нават зусім не праймаюцца гэтым, — няма тут, у Францыі нашых красачак, дык яны з чужымі сяброўствы водзяць, на забавы ходзяць.

І чаго толькі ім, гаротным, не даводзіцца пачуць часамі з прыгожых падмаляваных вуснаў: і «от можа до можа», і «нет никаких белорусов», і «верфлюхтэ Аўслендэр»... Але — што зробіш? Трэба часамі й гэтую горкую пігулку праглынуць, калі хочаш, каб яна, сымпатычная красачка, вочы табе кіпцюрамі не падрапала.

А нашаму сябру Кастусю Загуляйскаму давялося аднойчы ня тое што адну, але сотню гэткіх пігулак праглынуць за адзін вечар. І казалі ж яму ягоныя прыяцелі, папярэджвалі: «Не вадзі ты знаёмстваў з чужынкамі. Яны цябе да дабра не давядуць». Не, не паслухаў! «А што я маю, — кажа, — чакаць? Чаго? Вунь некаторыя нашыя дзядзькі тут ужо больш за 30 гадоў усё нечага чакаюць ды ніяк дачакацца ня могуць, гэтак самотнымі й век свой дажываюць. Але ж у мяне ня гэткая натура. Я чакаць не зьбіраюся, бо дзяўчатаў хапае. Хай сабе чужынкі, але ж славянскія душы маюць».

Што да славянскае душы тае варшавянкі, зь якою наш Кастусь Загуляйскі па Парыжы прамэнады робіць, на забавы ходзіць, дык цяжка што-небудзь сказаць, бо за рознымі там блюзкамі, пацеркамі, мэдальёнамі, фарбаю ды іншымі рэчамі жаночага туалету душу не адразу пабачыш. Але што да ейнага вонкавага выгляду, дык трэба аддаць належнае густу Загуляйскага: і вусны па-амэрыканску падмаляваныя, і вочкі як мае быць падведзеныя, і спадніца каляровая, доўгая, па апошняй парыжскай модзе зробленая. Адным словам, дзяўчына гэтая, як гаворыцца, хвацкая, не на кажным рагу такую напаткаеш. А калі да гэтага ўсяго дадаць яшчэ й тое, што яна за словам у кішэню не палезе, бо мае дастатковую адукацыю, прайшоўшы ўсе 7 калідораў гімназіі, дык станецца зусім зразумелым, што нашаму Кастусю Загуляйскаму нічога іншага не заставалася, як захапіцца ёю. Ён гэтак і зрабіў — захапіўся. І пачатак іхняга знаёмства быў сапраўды рамантычным (ах, гэтыя пачаткі! — яны заўсёды сьвятлейшыя, чымся канцы!). Яны хадзілі часта ў кіно, заглядалі ў тэатры, былі на музычных канцэртах, не міналі кафэйкаў, дзе грала добрая танцаркестра, і пасьля, пад першую гадзіну начы доўга разьвітваліся ў парку, удыхаючы салодкае, парфумнае паветра зяленіва, мокрага ад начное расы. І гаварылі шмат, бясконца аб надвор’і, аб месячыку, што гэтак часта зьзяў над іхнімі галовамі, аб характарах людзей ды іхніх пачуцьцях. Яна была ўважная да яго, чульлівая, сьціплая ва ўсіх адносінах. Кастусю ўсё гэта здавалася нейкім чароўным сном, казкаю, і ён пачуваў сябе гэткім шчасьлівым, быццам у яго адзаду вырасьлі крылы, і ён, як кажуць, даляцеў ужо да самага сёмага неба.

Ах, якія гэта былі прыгожыя часіны! Не ўспаміналася ні пра палітыку, ні пра нацыянальныя справы, ні пра грамадзкія абавязкі дый сяброўскія складкі! Усё штодзённае, непрыемнае некуды сплыло й больш ужо не хвалявала Загуляйскага, бо яго цікавілі толькі сустрэчы зь ёю, прамэнады ды салодкія гутаркі аб «высокіх матэрыях». Так, гэта быў сапраўды прыгожы пачатак!

Але, калі пачало даходзіць да сяродку, дык наш Кастусь адчуў сябе даволі няёмка, а ў першую чаргу непрыемную пустэчу адчула тая ягоная кішэня, дзе ён звычайна насіў грошы, бо, як гэта ні дзіўна, але сьціпласьць варшавянкі раптоўна зьнікла, й яна сталася ня толькі патрабавальнай, але нават і вымагальнай. Праз месяц іхняга знаёмства Кастусь Загуляйскі пачаў моцна чухаць патыліцу, бо не хапала ўжо ягонага заробку на тое, каб задавальняць новыя ейныя жаданьні. А яна як бы назнарок прымушала яго заходзіць у дарагія рэстараны, каб і сябе паказаць, і на людзей прыстойных паглядзець. А да гэтае бяды дадалася яшчэ адна — замест ранейшых гутарак аб надвор’і ды месячыку, яна пачала спрачацца зь ім на розныя палітычныя ды нацыянальныя тэмы. Ад гэтага часу наш Кастусь пераканаўся ў тым, што «як ваўка ні кармі, а яго ў лес цягне», што з полькі беларуску ня вырабіш. І ён доўга ды мужна цярпеў ейныя нападкі на ўсё беларускае, але аднойчы, праводзячы яе дахаты, ня вытрываў ды пальнуў у вочы:

— Ды чым ты гэтак ганарышся? У цябе апрача твайго дурнога гонару нічога іншага й няма!

— А ў цябе што ёсьць? — іранічна запыталася яна.

— I ў мяне цяпер ня шмат чаго, але ж хоць душу інакшую маю. Беларускую, гасьцінную. А беларус кожнаму іншаму чалавеку рады, а ня гоніць яго, як гэта ты робіш.

— Ага! Дык значыцца, у цябе «шырокая, славянская душа»?

— Так.

— А гэта мы паглядзім... — загадкава прамовіла яна, разьвітваючыся.

І што ж вы думаеце — не паглядзела? Паглядзела, дый яшчэ як! Праз тры дні пасьля гэтае гутаркі яна прызначыла яму спатканьне.

Нічога дзіўнага ў тым, што яна прызначыла спатканьне менавіта ў кафэйцы, не было, бо наш Кастусь Загуляйскі апошнім часам прызвычаіўся й да больш дзівацкіх выбрыкаў ейнае натуры. Праўда, успамін пра кафэйку, дый яшчэ гэткую, дзе грае танцаркестра, непрыемна казытнуў ягонае сэрца, а рука міжвольна памацала кішэню, дзе знаходзіліся толькі сяньня атрыманыя грошы. Але ж кажуць людзі, што прывычка — другая натура чалавека, дык і наш Загуляйскі па прывычцы пацягнуўся ў тую кафэйку. Было там шмат народу, а спаміж іх угледзеў ён і сваіх прыяцеляў ды знаёмых. Ён заняў столік у зацішным куточку й пачаў церпяліва чакаць на яе, абыякава гледзячы на танцуючыя пары. Праз якія паўгадзіны зьявілася й яна, вясёлая, бесклапотная, апранутая ў новую сукню шэра-папугавага колеру, пад гэтакім шырачэзным саламяным капелюшом, што цяжка было сьвятло ўгледзець.

— Ты сяньня, здаецца, грошы атрымаў? — запыталася яна пасьля прывітаньня.

— Але-е... — неяк неахвотна працягнуў наш Кастусь, прадчуваючы сэрцам штосьці нядобрае.

— Гэта добра, бо да мяне сяньня прыехалі мае прыяцелькі ды кузэн, дык варта было б…

Але яна не пасьпела дагаварыць, бо якраз у гэты мамэнт да іхняга століку падышлі чатырох дзяўчат зь нейкім таўстым, вельмі ж несымпатычным дзядзькам.

Яна хуценька ўскочыла й пасьпяшалася пазнаёміць Загуляйскага з усім гэтым таварыствам.

— Гэта якраз тыя, аб якіх я табе казала, — прамовіла яна, лагодна пасьміхаючыся.

Усе занялі месцы вакол іхняга століку.

— Вы, пэўне ж, галодныя? — зьвярнулася варшавянка да свайго таварыства. — Тут, праўда, кафэйка не першаклясная, але што-небудзь дастаць можна...

Пры слове «што-небудзь» Кастусь Загуляйскі адчуў, як у ягонае сэрца нешта балюча дзёўбнула, а па сьпіне прабеглі ледзяныя мурашкі. «Папаўся я, як лісіца ў саладуху», — падумаў ён, але сказаць штосьці падобнае ўголас не адважыўся. А варшавянка ўжо распараджалася. Заказала гарсону ўсё найлепшае й найдаражэйшае, што было ў картцы, а да гэтага яшчэ й дзьве бутэлькі шампанскага.

У вачох Загуляйскага аж сьцямнела. Ня вытрываўшы, ён чужым, хрыпатым голасам працадзіў скрозь зубы:

— Можа, зашмат будзе? Уп’емся...

— Ды не! — прашамяўкаў таўсты дзядзька, кузэн варшавянкі. — На нашае таварыства гэтага мо і ня хопіць. Вось каб сюды яшчэ бутэлечку каньяку, дык было б зусім добра, бо, шчыра кажучы, я не паважаю шампанскае. Гэтая рэч для жанчынаў створаная.

— Можна й каньяку, — адказала варшавянка й, паклікаўшы гарсона ў другі раз, заказала яму бутэльку.

Наш Загуляйскі сядзеў, як на гарачых голках. Усе сьмяяліся, дзядзька расказваў аб нейкіх сваіх дзівацкіх прыгодах, а Кастусь то чырванеў, то бялеў, то часамі дрыжэў у злосьці, як бы яго якая ліхаманка схапіла. «I на якое ліха мяне прынесла сюды?» — балесна падумаў ён і ў той жа мамэнт, не памятаючы сябе ад злосьці, гэтак моцна прыціснуў пад столікам сваёю нагою нагу варшавянкі, што тая аж войкнула ад болю.

Яна, відавочна, адразу зразумела ягонае хваляваньне й, скрывіўшы свой памаляваны тварык у ветлую ўсьмешку, хітра ды нахабна гледзячы ў ягоныя вочы, прамовіла:

— Ты вельмі рады нашаму таварыству, ці ж няпраўда?

Замест адказу Загуляйскі толькі скрыгатнуў зубамі, і твар ягоны з чывонага зрабіўся нейкім шэра-зялёным.

— Я забылася сказаць вам, — зьвярнулася варшавянка да свайго таварыства, — што мой Косьценька ня наш, не паляк, а нейкі беларус з «крэсув-всходніх». А ў іх, каб вы ведалі, больш шырокія славянскія душы, чымся нашыя. Яны вельмі гасьцінныя людзі. Ці ж ня гэтак, Косьцік?

Кастусь, сьцяўшы кулакі, хацеў ужо нешта калючае адказаць ёй, але ў гэты час гарсон пачаў падаваць вячэру, і ён толькі злосна мармытнуў:

— Ежце ўжо...

Усё таварыства было, відаць, сапраўды галодным, бо гэтак накінулася на вячэру, як быццам тры дні перад гэтым нічога ня ела. А найбольш ад усіх жор кузэн варшавянкі. Ён гэтак прагавіта й хутка піхаў ежу ў рот, што аж вушы ягоныя трэсьліся, як у парсюка якога. Кастусь нават не дакрануўся да сваіх талеркаў і толькі злоснымі, поўнымі нянавісьці вачыма ўставіўся на кузэна. Каб пад гэтакі пагляд папаўся які іншы чалавек, дык напэўна падавіўся б, але на кузэна нічога ня дзейнічала, бо ён быў цалкам апанаваны тым, што знаходзілася ў талерцы ды бутэльках.

Па нейкім часе, калі ўсё ужо было выпітае ды зьедзенае, варшавянка, зьвяртаючыся да ўсіх, запыталася:

— Можа, яшчэ чаго хочаце?

Дзяўчаты адмовіліся, кажучы, што ўжо аж занадта сытыя, але кузэн, каб яго ліха, зацьвярджальна боўтнуў галавою.

— Мне яшчэ кавалак смажанае парасяціны не зашкодзіў бы, — прамовіў ён, аблізваючы языком свае зашмальцаваныя вусны. — А то яшчэ нейкая пустэча ў жываце адчуваецца.

«А каб табе бокам вылезла гэтая парасяціна», — падумаў Кастусь і адным глытком выпіў вялікую чарку каньяку. А варшавянка, ветла ўсьміхнуўшыся свайму пражэрліваму кузэну, зьвярнулася да падышоўшага на гэты мамэнт гарсона:

— Прынясеце смажанае парасяціны.

Гарсон нізка пакланіўся й адышоў, а кузэн варшавянкі нахінуўся да Кастуся.

— Ха, сьмешны вы чалавек! — прашамякаў ён, вылупляючы на Кастуся задаволеныя, п’яныя вочы. — І навошта вы беларусам сябе рэклямуеце? Вы ж — паляк, толькі хіба менш цывілізаваны, чымся мы, бо паходзіце з «крэсув всходніх»...

Ужо гэтакага нахабства наш Кастусь Загуляйскі ніяк ня мог сьцярпець. Нэрвы ягоныя ўрэшце ня вытрывалі, й ён, не памятаючы сябе, ускочыў, як ашалелы, з-за століка дый гэтак моцна грукнуў па ім сьцятым кулаком, што ажно талеркі зазьвінелі.

— Даволі! — крыкнуў ён. — Даволі, кажу!

— Ды ты звар’яцеў, ці што? — кінулася да яго варшавянка. — Як ты сябе вядзеш у прыстойным таварыстве?

— Да ліха мне тваё таварыства й ты разам зь ім! — крыкнуў Загуляйскі. — Гарсон, колькі зь мяне?

Пакуль гарсон падлічваў рахунак, варшавянка кідалася да яго з кулакамі:

— Мярзотнік! — крычэла яна прарэзьлівым, пісклявым голасам. — Гэткага сораму нарабіў мне! І ведаць цябе больш не хачу! Каб і не зьяўляўся на мае вочы, паганец!

А Загуляйскі як бы ня чуў яе. Адлічыўшы гарсону чатыры з паловаю тысячы франкаў, якія таварыства праела й прапіло ў гэты вечар, ён кінуўся наўцёкі да выйсьця.

Прыбегшы да свайго пакою, ён зваліўся на ложак і заплакаў, як малое дзіця.

— Ці гэта жарты? — мармытаў ён скрозь сьлёзы. — Мала таго, што заробак мой прапілі, дык яшчэ і пачуцьці мае абразілі!.. Каб жа цябе ліха ўзяло!..

I, сапраўды, меў рацыю, калі плакаў... Але што ж нам застаецца ўчыніць? Гэтаксама — плакаць?

№ 7, 1949 г.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by