|
Алесь Змагар
СОН ПАД НОВЫ ГОД
Сутанела. Невялічкая аўстрыйская вёска, хаваючыся ў густым бялява-шэрым змроку, ціха драмала. Мураваныя, набела пафарбаваныя хаты непрыкметна зьліваліся зь серабрыстай пялёнкай туману, і толькі дзе-нідзе, праз няшчыльна занавешаныя вокны прабіваліся сьветлыя палоскі электрычнасьці. Ні сьвісту, ні гуку: цішыня.
Мерна адбівае вежа 10 гадзін.
Баязьліва рыпнулі вароты, і некалькі сагнутых ад холаду мужчынскіх і жаночых постацяў хутка перабеглі вуліцу і праваліліся ў цемры расчыненых дзьвярэй высокага двухпавярховага будынку. Іх ветліва сустракаў гаспадар асьветленага пакойчыку. Высокі, стройны, заўсёды вясёлы, ён быў любімцам эміграцыі.
— Мілы Андрэй! Наш Андрэй! — толькі й чутна было ў гутарках маладых жанчын.
Гаспадар запрошваў гасьцей у хату ў той час, як яго жонка, маладая, досыць прыгожая жанчына, спрытна ўвіхалася каля стала.
— Прашу! Будзьце ласкавы! Сядайце! — Даносіўся яе мілагучны галасок.
Грукацелі адсунутыя крэслы, і госьці займалі свае мейсцы.
Тут быў і настаунік, і прававед, і лекар. Быў і пісьменьнік, некалькі курсістак, гімназістка, рахункавод і інжынер. Закінутыя бязьлітасным лёсам на далёкую чужыну, яны сышліся ў адно мейсца, каб сваім гуртам сустрэць Новы год і ўспамянуць далёкую Бацькаўшчыну.
Гаспадыня падышла да ялінкі і запаліла сьвечкі. Радасным полымем затрымцелі яны, і ў пакойчыку стала сьветла, цёпла, утульна.
Па заведзеным яшчэ здаўна звычаі кожны госьць мусіў быў апавясьці якую-небудзь надзвычайную, цікаваю прыгоду. Як заўжды, пачаў прававед. Знаёмы па службовай практыцы з рознымі жудаснымі здарэньнямі, ён маляўніча абрысаваў адно страшнае забойства. Усе замоўклі. Халодны жах прабег па скуры. Прыгожанькая гімназістка Тася, што сядзела побач Андрэя, зьлякана прыхілілася да яго.
Гадзіннік прабіў 12.
Гаспадар высака падняў свой кілішак:
— З Новым годам!
— З Новым Годам! З новым шчасьцем! — радасна загучэла з усіх канцоў.
Андрэй зірнуў на Тасю. Яе чорныя з бліскучымі жывымі кропкамі вочкі былі агорнутыя цёмнай, вабячай павалокай. Здаровы, смаглы румянец зьлёгку прабіваўся на яе загарэлым тварыку. Поўныя пурпуровыя вусны, здавалася, кожную хвіліну былі гатовы для пацалункаў.
— З Новым годам! — зазьвінеў яе серабрысты галасок, і, высака ўзьняўшы свой кілішак, Тася чокнулася з Андрэем.
— З новым шчасьцем! — азваўся Андрэй і дрыжучай рукою хутка перакуліў свой келішак. Затым другі й трэці.
Горка-пякучая вадкасьць дурманнай прыемнасьцяй разьлілася па ўсім целе. Ахоплены салодкаю ўтомаю, ён мякка асунуўся на зэдлік і глыбока задумаўся. Перад ім прамільгнула ўсё яго дзяцінства, навучаньне, служба — усё яго жыцьцё. Андрэй заплюшчыў вочы.
— Жыцьцё плыве... плыве... бяз сэнсу... бяз радасьці... бяз мэты... Дзе ж шчасьце?.. Дзе?.. У чым?.. У навуцы?.. Службе?.. Ідэі?.. Не!.. Не!.. Усё: навука, служба, ідэя — усё, усё ні да чаго. Выкінуты… Нікому не патрэбны... Нават лішні… Гэтак і жывеш... Няўпэўнена... Абы… Дзе ж шчасьце? Дзе?
Раптам перад Андрэем вырысаваўся квола-пяшчотны тварык Тасі.
— А можа, у ёй? У гэтай гімназістцы?
Радасна, па-дзіцячы, пазірае Тася на ялінку. Яе казачна-цудоўны профіль прыгожа выдзяляецца сярод электрычнага зьзяньня.
— Прыгажосьць! — мімаволі шэпча Андрэй. — Прыгажосьць і шчасьце! Вось і мэта! Вось і жыцьцё!
Непрыкметным рухам ён стараецца прытуліцца да гімназісткі, дакрануцца да яе цёплага, акруглага пляча, пацалаваць.
— З новым шчасьцем! — сьмяюцца яе здаровыя вочкі, а пульхна-пунсовыя вусны хіляцца бліжэй і бліжэй. Яе гарачы подых палка датыкаецца яго твару. Андрэй задрыжэў. Яго запаленыя перасохшыя вусны прагна шукаюць яе.
— Тасечка! Дарагая! — соладка шэпча Андрэй. — Люблю!.. Люблю!..
Плясь! — прагучэла звонкая аплявушына.
Андрэй прахапіўся. Ні гасьцей, ні Тасі.
— Ах, ты, паскуда, чаго захацеў! — чуе ён злосны голас жонкі.
— Сонечка, з Новым годам! — разгублена шэпча Андрэй.
№ 6, 1948 г.
