|
Алесь Валошка
ПРЫВІД ПАД НОВЫ ГОД
Надыходзіў Новы 1950 год. Беспрасьветная чорная імгла паволі апусьцілася на зямлю, мяккаю цёмнаю коўдраю агортваючы лясы, палі, будынкі. Сьпяшалася захавацца ў сваё сховішча-жыльлё кожная жывая істота. І людзі, і зьвяры, птушкі — усе баяцца гэтае страхатлівае ночы. Нават месяц са зьмярцьвела-жоўтым, нібы ў нябожчыка, тварам, і той пацямнеў, а праз колькі хвілін і зусім схаваўся за насунутыя на шэрае неба алавяныя хмары. Ціха, нібы ў дамавіне. Толькі калі-ні-калі жаласна завые ў коміне бяздомны вецер, ды незачыненая на гары фортка прарэзьліва лясьне аб драўляную раму. Кажуць, неспакойная гэта ноч.
Адзін за адным вылазяць з незаселеных чалавекам нетраў розныя жудасныя дзівы, ведзьмы і іншыя страхоцьці. Цішком шныпарацца па ўсялякіх цёмных закутках, стараючыся напаткацца або на якога-небудзь п’янога, або на непаслухмяную дзятву, каб потым, да сьмерці напалохаўшы сваю ахвяру, раптоўна зьнікнуць, праваліцца скрозь зямлю. Вырвецца з коміну злацешлівы вецер ды, заблытаўшыся сярод пераплеценых галінак, таемна зашастае аб нейкім новым дзіве. Ды не надоўта затрымоўваецца ён у сваёй выпадковай вязьніцы. Хвіліна, і ляціць ён да вышчаранае чорнае пасткі мэтро.
Ціха вынырнулі адтуль чатыры людзкія постаці-цені і шпарка прамільгнулі каля рэчкі, накіроўваючыся да невялікага доміку. Зьвякнуў жалезны замок, і запалілася электрычная лямпачка, асьвятляючы пануры выгляд пакойчыку. Маркотна прытуліўся да сьцяны вузкі аднаспальны ложак, за ім у куце стаяў невялічкі драўляны столік, ды чатыры табурэткі былі раскіданы дзе папала. Затое пасярэдзіне праходу, займаючы амаль усё памяшканьне, стаяў нядаўна прынесены досыць вялікі стол. Ён быў накрыты чыстаю зялёнаю папераю і густа ўстаўлены бутэлькамі з каньяком, лікёрам, апэратывам, шампанскім ды безьліччу разнастайнае сухое закускі.
Ды не спыніліся каля гэтага століку постаці-цені. Спрытна абагнуўшы яго, яны накіраваліся ў кут.
— Сьпірытычны сэанс пачынаецца, — замагільным голасам прамовіў Аўген, — займайце свае месцы. — І паказаў на табурэткі.
Янук, Алесь і Антось ужо колькі гадоў як пакінулі свой родны кут, і кожнаму зь іх надта хацелася даведацца, што зараз дзеецца далёка за жалезнай заслонай — на іх Бацькаўшчыне.
— Каго выклікаць? — запытаўся Аўген.
— Леніна, — азваўся Антось. — Ён мусіць сказаць, што ў нас робіцца, бо, асяліўшыся каля Крамля ў маўзалеі, павінен ведаць сваю крамлёўскую палітыку, дый сюды можа зьявіцца досыць хутка, бо нездарма ж савецкая прапаганда столькі трубіла, што «ходзіць прывід па Эўропе, прывід камунізму».
— Ня ходзіць, а блытаецца пад нагамі, перашкаджаючы нармальнаму жыцьцю, — азваўся Янук.
— Ужо частка Эўропы паспытала смак «бальшавіцкага раю», а гэта найлепшыя лекі ад чырвонае заразы, — усьміхнуўся Алесь.
— Здаецца Амэрыка пачынае ачуньваць, — дадаў Антось, — і ўвесь прывід камунізму разьвеецца, як дым.
— Увага! Выклікаю Леніна.
Хлопцы змоўклі. Неўзабаве зьявіўся й Ленін.
— Што там дзеецца ў нас на Беларусі? — задалі яму хлопцы пытаньне.
Ленін выпрастаўся, высака ўзьняў угору руку, шырака, як у час прамовы, разявіў рот, ды раптам скрывіўся і выгукнуў: «Паскуства, брат, і не пытайся». Потым сплюнуў і зьнік. І колькі яго ні выклікалі, больш не зьявіўся.
— А каб выклікаць Сталіна, — запрапанаваў Алесь.
— Ідэя, — адгукнуліся гуртам.
На Сталіна чакалі досыць доўга. Нарэшце пачуўся гугнявы голас: «Іду, душа лубэзны», і праз колькі хвілін зьявіўся дух «любимого родного отца». Доўгія вусы нэрвова ўздрыгвалі, вочы вылупіліся, як цыбуліны, ненажэрна крывавы рот злосна вышчарыўся ікластымі зубамі. Зірнуўшы на хлапцоў, ён раптам хутка працягнуў да іх свае касьціста-драпежныя рукі. Як адзін, адхіснуліся хлопцы назад, моцна грукнуўшыся галовамі аб сьцяну. Прарэзьліва ляснула незачыненая ўгары фортка, і захістаўся Сталінаў дух, нібы дым, разьвееўся і зьнік.
Нібы апараныя, сядзелі хлопцы за сталом. Далей займацца сьпірытызмам не жадаў ніхто.
— А ці ня лепш будзе перасесьці за другі столік? — запрапанаваў Аўген.
Гадзіньнік прабіў 12. Аўген узьняў кілішак.
— За Новы дэмакратычны год!
Выпілі.
— За пагібель усялякіх дыктатур!
Выпілі.
— За зварот на вольную незалежную Бацькаўшчыну!
Выпілі зноў. І пайшло... Апэрытыў... Ром... Каньяк... А шампанскае амаль усё вылецела зь пенаю. Бачыць Аўген, як адзін за адным пачалі дзяўбаць насамі яго сябры. І мітусяцца ў ваччу парожнія бліскучым бутэлькі. Ды раптам... аж здрыгануўся Аўген. З грукатам адчыніліся дзьверы, і зь вінтоўкамі напагатоў хутка ўскочылі ў пакойчык шэсьць эмвэдыстых.
— Рукі ўгору!..
Ці то ад алькаголю, ці то ад нечаканасьці, але рукі, нібы алавяныя, не маглі паварухнуцца. Адзін за адным набліжаюцца эмвэдыстыя да зьмярцьвелых юнакоў. У руках кайданы. Зараз закуюць, а потым?.. Жудаснае мардаваньне... І гэтак без канца... Пакуль не закатуюць... Ды каб жа толькі гэта... Дык не ж... Новыя арышты братоў, сясьцёр... І зноў мардаваньне... Зноў допыты... Гэтак і да вар’яцтва недалёка.
— Ня... Ня дамся!.. — выгукнуў Аўген і з усяе сілы ірвануўся наперад.
— Ба-а-ах! — Разарваў паветра стрэл эмвэдыстага. Наўкола страшэнна загрукацела, зазьвінела, і Аўген прахапіўся.
Ні таварышаў, ні эмвэдыстых. Толькі перакулены дагары нагамі столік ды разьбітыя бутэлькі і посуд валяліся на падлозе. Са сьвістам урываўся ў пакінутыя п’янымі сябрамі насьцеж дзьверы вецер, ды незачыненая ўгары фортка, нібы вінтовачны стрэл, зноў гучна ляснула.
1950, Францыя
№ 16, 1950 г.
