|
Данат Баян
СЫН НАЦДЭМА
22 чэрвеня 1941 г., нядзеля, сонца прыгожа ўзышло і яркімі, залатымі праменьнямі асьвяціла беларускі Менск.
На менскім аэрадроме раздаўся алярмавы гудок — суматоха, усе выбягаюць, летуны гатовы стартаваць, але ўсе яны злыя, што нехта робіць з іх жарты... Аж тут страшная вестка — вайна; фашыст-немец напаў на Савецкі Саюз, і выйшаў загад быць усім напагатове. Ня ўсьпелі й думкі ў галаве пакружыцца, як тут клічуць на мітынг. Стаяць летуны і час ад часу ўскрыкваюць — ура!
Мітынг кончыўся, цяпер усё ясна, але ніхто шмат не гаворыць. Моўчкі йшоў у сваю каюту капітан Ягор, беларус. На душы ў яго трывожна і радасна, а ў галаве снуюць думкі: «Ага, вось вам, гады маскоўскія, канец і вам і вашым зьдзекам над намі, вось вам будзе за майго бацьку, сьвятая яго памяць, загінуў у архангельскіх лясах. Толькі вось каб як пусьцілі з мамай разьвітацца, а там тое, што будзе са мной, усё роўна, толькі і вам, гады — канец!» Горка думаў капітан Ягор.
Прайшло некалькі гадзін часу. На выхадзе бегавай дарогі стаяў гатовы да лёту штурмовы бамбавоз, самалёт Ягора. Маторы працавалі. У кабіне за стырном сядзеў Ягор, чакаў сыгналу да адлёту. Раптам мацней загучэлі маторы, самалёт пакаціўся, паволі ўзьняўся і, зрабіўшы круг над лётнішчам, узяў кірунак на Беласток. Ён меў баявое заданьне — разьведачны лёт над нямецкімі аддзеламі, заданьне ў 99% небясьпечнае. Ляціць Ягор у родных блакітных прасторах, зьзяе яркае сонца, а ўнізе сьцелюцца палі жыта, сенажаці, лясы, вёскі, гарады і сьвятыні. — Ці не апошні раз ляту я над Радзімай, ці не апошні раз дыхаю родным, як пах уздараўляючай кветкі, паветрам, — думаў пілёт капітан Ягор.
Яшчэ трохі лёту, і ўжо немцы, танкі, машыны, артылерыя — усё гэта цягне магутным, беспрарыўным ланцугом. Але ўжо пара — узьвіжджэў самалёт, рвануў угору, а потым стралой паляцеў уніз, трэба выканаць загад — крыху пастраляць; затрашчэў кулямёт, але кулі ляцелі не ўніз, а некуды ў прастор. А сам сабе гаворыць: — Брава хлопцы, наступайце хутчэй, каб гады чаго не натварылі. Яшчэ пару гадзін лёту, і Ягор бачыць калёну палонных, усьміхаецца да іх. Праз галаву прабегла думка, каб спусьціць самалёт у дубовы пень, а самому далучыцца да іх, але думка разьвітацца з роднай мамай паўстрымала яго...
Заданьне было выканана, самалёт вяртаўся назад у Менск.
Цёмным вечарам стаяў Ягор на парозе роднай хаты на прадмесьці Менску. З трывогай у вачох вітала яго маці.
— Ах, сынок ты мой родны, я сяньня з трывогай чакала цэлы дзень і малілася за цябе да Бога. Глядзі, сынок, сьцеражыся, не загінь, памятай татку, якога маскалі замучылі, забралі ад нас у 1933 годзе, калі ты быў яшчэ юнаком. Дастала далёка захаваную здымку таты і дала сыну, дадаючы — наш тата быў беларускім нацдэмам.
Доўга яшчэ сядзелі разам сын з маткай. Назаўтра мама пойдзе на вёску да свае сястры, бо ў Менску стала небясьпечна...
Хутка працякалі гарачыя дні вайны. Ужо першыя нямецкія калёны набліжаліся да Менску. Горад апусьцеў, толькі на аэрадроме было яшчэ пару летуноў, а паміж імі Ягор, але і яны рыхтаваліся да адлёту ўглыб Расеі.
Падпалены Менск гарэў, языкі агню ўпіраліся ў неба, а яно, як распаленая сталь, зіхацела чырваньню. Падняліся летуны, каб пакінуць родны Край. З болем у грудзях глядзеў Ягор з паветраных прастораў на родны горад, што гарэў чырвоным, буйным агнём. Гулі самалёты, ляцелі ўдаль, а ён усё аглядаўся на вялікае полымя.
Па Менску каціліся нямецкія танкі, на вуліцах шваргаталі немцы. Неўзабаве яны занялі ўсю Беларусь. Людзі лёгка ўздыхнулі, бо ўжо не было на Беларусі Сталіна і НКВД, з гордасьцю глядзелі на магутнасьць нямецкае тэхнікі і блаславілі яе ў дарогу на Маскву. Але неўзабаве прыйшло расчараваньне, бо немцы прынясьлі Беларусі ня волю, а паняволеньне, пайшлі грабяжы, паленьне вёсак і гарадоў, растрэлы людзей, СС і СД рабілі, што хацелі, права не існавала. У народзе паўстаў антынямецкі дух, лясы напоўніліся рухам адпору, ішло змаганьне і з чырвонымі, і зь немцамі. Днём і ноччу сакаталі кулямёты, грымелі снарады і ліліся рэчкі нявіннае крыві. Лютасьць насілася па Беларусі, сьмерць жыла ўсюды.
Цяжкія часы перажыла і маці Ягора. Ня раз немец адабраў ад яе апошняе яечка і напужаў старушку.
На выхадзе бегавой дарожкі стаіць штурмовы бамбавоз, маторы ў руху, а ў кабіне капітан Ягор. Сяньня палёт на Менск. Ён сядзіць задуманы, ён чуў аб паводзінах немцаў, ён пастанавіў больш не вяртацца, а йсьці на Беларусь і за яе змагацца, бараніць сваю матку. На душы ў яго трывожна, а ў вачах рашучасьць.
Адарваўся ад зямлі самалёт, падняўся ў паветра і ўзяў напрамак на захад. Пасьля паругадзіннага палёту падлятае над Менск, робіць кругі над горадам, кідае ракеты, гойдаецца з боку на бок, а Ягор аглядае родны горад. Зірнуў на карту і ляціць у бок кашараў, дзе стаялі немцы, выкідае цэлы груз бомбаў і адлятае. Мінуў Менск, адчыняе люк, бярэ мікрафон, злучаецца са штабам і гаворыць: — Бывайце, сын беларускага нацдэма ідзе змагацца за Беларусь, а вашая маскоўская машынка з чырвонымі зьвёздамі хутка згарыць, стукнуўшы ў магутны корч беларускага дуба. Кінуў мікрафон, акружыўся, выскачыў з самалёта, парашут разьвіўся, і Ягор паплыў на землю, а самалёт куляй паімчаўся ўніз і ўзарваўся.
Неўзабаве пачало разьвідняць і Ягор выбраўся ў дарогу да свае маці, але не дайшоў. На прылеску ў маленькім пасёлку ён убачыў суматоху. Напружыў погляд і аж закіпеў са злосьці — там немцы грабілі сялян і зьдзекаваліся над імі. У парыве гневу хапае за аўтамат і бяжыць іх бараніць. Дабегшы блізка, адкрывае агонь, падае адзін немец зь белымі пагонамі, але іншыя, пакінуўшы грабёж, ідуць яму насустрач. Пачынаецца перастрэлка, сьмяротная куля трапляе ў Ягора...
Калі ўсё заціхла, цела Ягора забралі сяляне, адзін старычок пазнаў яго ды кажа: — Гэта наш абаронца, які загінуў за нас, гэта сын менскага нацдэма, пілёт, капітан Ягор.
Ля сасновага лясочку бліз радзімага Менску, у магіле роднай зямелькі ляжаў сын беларускага нацдэма капітан Ягор. Над магілай стаяў бярозавы крыж, а кругом птушкі шчабяталі. Часта сюды прыходзіла старушка маці і горкія сьлёзы пралівала па сыну і па бацьку, што памерлі за Беларусь.
№ 24, 1951 г.
