|
Аўген Кавалеўскі
ЛЮДЗІ Ў ПОЛЫМІ
(Урывак з аповесьці)
І
Івашчык ня мог заснуць. Ён доўга варочаўся на сваім старым, надакучліва скрыгочучым ложку, ахоплены трывожнымі, несупакойнымі пачуцьцямі ды думкамі.
На вуліцы, у цемрадзі ночы, манатонна шумеў летні дождж, з жалосным посьвістам праносіўся вецер, і вакно пакою шточасінна прарэзвалі палахлівыя бляскі маланкаў, а за імі, як бы водгукам, біліся ў дрыжачыя шыбы працяглыя выбухі навальніцы. Да таго ж, за сьцяною безупынку хрыпеў ды кашляў чахотачны сусед, і Івашчык, хаця й стуліваў старанна вочы, намагаючыся заснуць, ды хаваў голаў пад падушку, аніяк ня мог пазбавіцца ўсіх гэтых гукаў, якія, здавалася, гострымі голкамі праціналі ягонае сэрца, мучылі яго, не давалі супакою. І гукі не сьцішаліся, але, наадварот, нароствалі, бліжэлі, напаўнялі ягоныя думкі чымсьці балючым, бясконцавым, непераносным…
Івашчык ня вытрываў. Голасна лаючыся, ён усхапіўся з ложка, запаліў у пакоі сьвятло, і гэтак, неапрануты, у адной ночнай бялізьне, сеў за пісьмовы стол ды, надзеўшы акуляры, пачаў хутка, нэрвова накідаць у сшытак тэкст урачыстае прамовы, якую меўся казаць заўтра на фабрыцы абутку з нагоды датэрміновага выкананьня ёю гадавога пляну. Звычайна, гэткая рэч удавалася яму бяз цяжкасьцяў, лёгка, бо ўсе ягоныя публічньія прамовы былі вельмі падобнымі адна да аднае, за выняткам хіба толькі назоваў падзеяў ды звароткаў, прыстасаваных да адпаведнае аўдыторыі. Але цяпер думкі ягоныя разгубіліся, й ён аніяк ня мог авалодаць сабою нагэтулькі, каб укласьці колькі стройных ды лягічных сказаў. Знадворныя гукі настойліва лезьлі ў вушы, думкі блыталіся, беглі ў іншых кірунках, і на паперы замест прывычных сказаў атрымоўваліся толькі адны словы бяз сэнсу, бяз сувязі. Злуючыся, ён вырваў із сшытка сапсаваны аркуш паперы, скамечыў яго, кінуў пад стол і пачаў пісаць на другім, старанна выводзячы кожную паасобную літару. Але й гэта не памагло — тэкст ня ўкладаўся, а пяро пад моцным націскам пальцаў, дрыжачых ад хваляваньня, скрыгатала, пэцкаючы паперу чарнільнымі плямамі.
— Ліха яго ведае, што гэта са мною! — злосна выгукнуў Івашчык і, шпурнуўшы ад сябе ручку, ускочыў, нэрвова забегаў па пакоі, паціраючы рукой успатнелы лоб.
Ад самага раньня, пасьля прыпадковага спатканьня зь Пятроўскім, ягоным ранейшым школьным сябрам, якога толькі ўчора перакінулі ў Менск на працу ў ЦК партыі, яго ахапіла непрыемнае прадчуваньне. Яно хвалявала яго, мучыла, наводзіла на жудасныя думкі. Спатканьне было звычайным, сяброўскім, але на Івашчыка, раённага сакратара ВЛКСМ, зрабілі прыкрае ўражаньне пагляд Пятроўскага, у якім ён убачыў шматзначны сэнс, ды ягоныя ціхія словы пры разьвітаньні: «Высока ты, братка, скокнуў»... Што ён хацеў гэтым сказаць? Ці не загрожваў ён яму тым, што ведае пра ягонае непралетарскае паходжаньне і ў адпаведным мамэнце выкарыстае гэты аргумэнт супраць яго? «Гэта ж не мая віна, што бацька мой быў сьвятаром!» — пераконваў ён сябе ў думках, але тут жа адкідаў гэтае апраўданьне, бо надзвычай добра ведаў суровую бальшавіцкую лёгіку — «сын ворага народу ёсьць небясьпечным элемэнтам у сацыялістычным грамадзтве». Да таго ж, для яго было зусім зразумелым, што ўкрыцьцё перад партыйным кіраўніцтвам свайго запраўднага паходжаньня, ягоная знарочная мана, пацягнуць за сабою ня толькі катастрафальны правал ягонае партыйнае кар’еры, але й строгае судовае пакараньне. І ён яскрава ўяўляў сабе, як усё тое, што гэтак старанна было збудаванае ім, можа раптам раскідацца, калі Пятроўскі выдасьць дзе ягоную таямніцу. Ён нават ужо выразна бачыў зласьлівыя твары сваіх супрацоўнікаў, бачыў іхнія тыркаючыя пальцы, скіраваныя на яго, і чуў іхны ціхі, бязжаласны шэпат: «Папоўскі сынок... Вораг народу...»
Ад гэтага ўяўленьня Івашчыку зрабілася горача, на лобе выступіў халодны пот, а ў горле перасохла, быццам яму не хапала паветра. Ён падбег да вакна, шырока, з грукатам расчыніў яго, высоўваючы гарачую голаў на вуліцу. Цяжкія кроплі дажджу ўпалі на ягоную патыліцу, паліліся на твар, на тоўстую шыю казытлівымі струменьчыкамі. Але й гэта не памагло — думкі біліся па-ранейшаму гарачкава, блытаючыся, толькі шугануўшая хваля халоднага ветру прымусіла яго ўздрыгануцца ўсім целам. Ён у злосьці зачыніў вакно і, ахапіўшы голаў рукамі, ізноў зваліўся на ложак. «Што рабіць? Што рабіць? — мо ў дзясяты раз пытаўся ён у самаго сябе, але не знаходзіў аніякага адказу. Перад вачыма ўвесь час мільгацеў вобраз Пятроўскага, ягоны халодна-насьмешлівы твар ды гэны пагляд вачэй — загражальны, палохаючы, і гэта мучыла Івашчыка, даводзіла яго амаль да ліхаманкавага стану.
«Не, не! — шаптаў ён. — Я мушу нешта прыдумаць... Я мушу ўчыніць нешта гэтакае, каб зачыніць яму рот!..»
Праз якую часіну, крыху авадодаўшы сабою, ён пачаў укладаць у думках розныя хітра сьплеценыя пляны на тое, каб скампрамэтаваць Пятроўскага перад партыйнай грамадзкасьцю, зрабіць яго «замаскаваным ворагам народу». А гэтым забясьпечыць сабе супакой. Зьяўляліся яны яму па-рознаму, але найлепшымі здаваліся толькі тры камбінацыі — або пусьціць у рух спаміж партыйнага й камсамольскага актыву якую ўдалую, больш-менш верагодную плётку пра сувязь Пятроўскага з варожымі элемэнтамі, або зрабіць падкоп пад ягоны партыйны аўтарытэт, на кожным кроку публічна крытыкуючы, прыдзіраючыся да ягонае працы, або ўпрост падкласьці яму няўзнак які фальшывы, але кампрамэтуючы ліст ці дакумэнт. На кожную камбінацыю ў галаве Івашчыка паўсталі ўжо гатовыя, добра прадуманыя крокі да іхнага рэальнага зьдзяйсьненьня, але, міма гэтага, ён разумеў, што ніводзін ягоны плян не прывядзе да жаданае мэты, бо Пятроўскі ня быў наіўным чалавекам. Паложаньне Пятроўскага дый ягоная грамадзка-палітычная апінія партыйнага дзеяча былі непахіснымі, і ўсялякі магчымы ўдар па ім, нават наймацнейшы, адскокваў бы ад яго, як гумовы мяч ад сьценкі, не прынёсшы яму аніякае шкоды. Пятроўскі быў з тых людзей, якіх бальшавікі маглі ставіць у прыклад масам, і, ведаючы гэта, Івашчык баяўся, што барацьба зь ім будзе ўпрост немагчымаю, бо скончыцца для яго самаго зьніштажальнаю паразаю. «Трэба нейкім іншым шляхам зрабіць гэта, — думаў ён. — Ня біць лоб, а гэтак, з боку, лагодненька, каб было зусім няўзнак яму...» Але пра тое, каб падкупіць чым Пятроўскага або выкарыстаць іхныя даўнейшыя сяброўскія адносіны, па-прыяцельску папрасіўшы яго не прагаварыцца пра ягонае паходжаньне, Івашчык нават не падумаў, бо яшчэ са школьнай лаўкі ведаў ягоны ганарысты, непадкупальны характар. Да таго ж, адданасьць Пятроўскага партыі не дазволіла б яму праявіць які сантымэнт ня толькі да гэткага сябра, як Івашчык, але, пэўне, каб давялося, дык і да свае роднае маці. «Дык што ж гэта? — пытаўся ў роспачлівых думках Івашчык. — Няўжо — пачатак канцу? Няўжо ўсё, што я з гэткаю цяжкасьцю дамогся — мая пасада, мая кватэра, маё матэрыяльна забясьпечанае жыцьцё ды імя — усё гэта павінна раптам зваліцца ў прадоньне, і толькі з «ласкі» гэтага Пятроўскага?» І яму здалося ўпрост жахлівым ягонае собскае жыцьцё, якое па спатканьні зь Пятроўскім у кожнай часіне сваёй было пад пагрозаю небясьпекі. Ён найбольш пакутваў ад таго, што чуўся зусім бездапаможным перад гэтым няшчасьцем, якое гэтак раптоўна пачало набліжацца да яго, і ня бачыў аніякае магчымасьці ўхіліцца ад зьніштажальнага ўдару. Адзінае, што толькі засталося яму, гэта чакаць, чакаць на тое, калі пад ім трэсьне зямля й пацягне яго ў прадоньне. «Не, я мушу неяк абараняцца! — думаў ён. — Я не магу быць бяздзейным... Гэткае было б звыш маіх сілаў! Мушу, абавязкава мушу неяк выкруціцца, нешта прыдумаць!» Але прайшла яшчэ якая гадзіна, а ён нічога гэтак і не прыдумаў, толькі ад ліхаманкавых думкаў моцна разбалелася галава ды ў скронях балюча застукатала кроў. Івашчыку здалося, што й паветра ў пакоі зрабілася непераносна задушлівым, цяжкім ад ягоных усхваляваных уяўленьняў. Яму было цяжка дыхаць, быццам сьценкі пакою сьціснуліся, пасунуліся да ложка. «Упіцца мне сяньня, ці што?.. — раптам прыйшла яму да галавы думка. — Мо хаця на які час забудуся пра усё гэта?» Гарэлкі ён не пераносіў, але апошнім часам, баючыся паказацца каму непралетарскім па сваім узгадаваньні, у таварыствах сваіх супрацоўнікаў прызвычаіўся ўжо глытаць яе, нават ня зморшчываючыся. А цяпер, калі нешта смактала, пякло ў грудзёх, у сярэдзіне ды ад цяжкіх думкаў мала не трашчала галава, яму запраўды захацелася ўпіцца, каб хаця ў хмелі адшукаць якую палёгку. І ён, цяжка, як па якой хваробе, узьняўся з ложка й пачаў паволі апранацца.
Была першая гадзіна ночы, калі Івашчык выйшаў на вуліцу. Дажджу ўжо не было, вецер сьціхнуў, і толькі ў сьвежых лужынах ды раўчаках ля ходнікаў дрыжэла, адлюстроўвалася цьмянае сьвятло вулічных ліхтароў. Івашчык прагавіта ўцягнуў у сябе цёплае, вогкае ад дажджу паветра, нацягнуў на лоб капялюш і, заклаўшы рукі ў кішэні свайго даўгога плашчу, шпарка закрочыў па бязьлюднай ночнай вуліцы да цэнтру гораду. Аднекуль здалёк пачуўся звон запазьнелага трамваю, грукатаньне цяжаровага самаходу, і потым ізноў усё заціхла, як бы заснула, і ў ночнай цішы гучна, рэхам адбіваліся ад ходніка гукі шпаркіх крокаў Івашчыка.
На перакрыжаваньні вуліцаў Савецкай і Ленінскай, якраз насупраць новага будынку банку, яго ледзь не пераехаў нейкі імклівы самаход. Івашчык адскочыўся на бок і толькі пасьпеў заўважыць, што самаход гэты быў нязвыклай формы — з высокім зачыненым кузавам ды кратамі ў вокнах. «Гэта ж «чорны воран»! — міжвольна ускрыкнуў у думках Івашчык. Кагосьці сяньня вязе... А мо хутка й да мяне чарга прыйдзе?..» Ад гэтае думкі яму зрабілася раптоўна холадна, і ён спалохана, нэрвова ўзьняў каўнер плашчу ды ўжо не пайшоў, а амаль пабег далей, уніз па Ленінскай вуліцы, як бы хто за ім гнаўся. Потым павярнуў да стадыёну «Дынама» і спыніўся толькі тады, калі перад самымі вачыма замільгацела электрычная шыльда рэстарану «Беларусь».
Івашчык крыху пастаяў перад шклянымі дзьвярыма рэстарану, аддыхаўся, і, авалодаўшы сабою ды напусьціўшы на сябе бесклапотны пагляд, увайшоў усярэдзіну.
Зыркае, рэжучае сьвятло люстраў, вісеўшых пад высокаю стольлю, неспадзявана засьляпіла вочы, і ў першую часіну Івашчык нічога ня ўбачыў, апрача замільгацеўшых перад ім рознакаляровых плямаў-кругоў. Але гэта трывала кароткі мамэнт — плямы-кругі расплыліся, зьніклі, і перад Івашчыкам стаяў ужо, як бы вырасшы зь зямлі, стары афіцыянт. Крыху сьхіліўшы перад Івашчыкам сваю голаў, зіхцячую шырокаю, быццам паліраванаю лысінаю, ён пасьміхнуўся яму ветліва, як старому знаёмаму, ледзь чутно папытаўшыся:
— Загадаеце накрыць стол у кабінцы?
— Так, толькі не забудзьцеся пра «маскоўскую», — адказаў Івашчык і, зьдзеўшы плашч ды капялюш, кінуў іх на паслужлівыя рукі старога. Той толькі ніжэй схіліў голаў ды дробнымі, нячутнымі крокамі адбегся ад яго да гардэробнай.
Івашчык увайшоў у вялікую, амаль пустую залю. Пры ягоным уваходзе, аркестранты з балюстрады заківалі яму галовамі на знак прывітаньня, і ўся аркестра зайграла для яго «Ўваходны марш» Дунаеўскага, які, як яны ведалі, найбольш падабаўся яму з усіх іхніх музычных нумароў. Івашчык самазадаволена пасьміхнуўся і, праходзячы да бэлетажу, шырокім гэстам кінуў на пульт дырыгэнта аркестры колькі дзесяцірублёўкаў. Аркестра зайграла яшчэ весялей, з большым уздымам.
У кабінцы бэлетажу, прыгожа, з густам умэбляванай, Івашчык быў заслонены ад залі шаўковаю фіранкаю, і, стомлена адхінуўшыся на сьпінку выгоднае канапы, ізноў пачуўся самотным ды аддаўся плыні невясёлых, хвалюючых думкаў, разважаньняў. У яго міжвольна паўставала гэткае балючае ўражаньне, быццам ён у апошні раз знаходзіцца ў гэтай кабінцы, быццам ён цяпер, гэтай ноччу назаўсёды павінен разьвітацца з усім тым прыгожым, бесклапотным, на што толькі дазвалялі ягоныя грошы ды пасада. «Загіне ўсё — і весялосьць, і гулянкі, і маё імя, перад якім шмат хто схіляе галовы, — думаў Івашчык, прагавіта, усхвалявана зацягваючыся дымам папяросы. — І ўсё — дзеля гэтае дурное прычыны!.. І з чаго на маю галаву гэткае няшчасьце звалілася? Няўжо я зь яго ня выблытаюся?» І ён раптоўна адчуў, як у ім уздымалася, нароствала пачуцьцё нянавісьці да гэтага Пятроўскага, які, мо, сам таго ня ведаючы, трымаў цяпер ягонае жыцьцё ў сваіх руках, і ад гэтага Івашчыку зрабілася жудасна на душы, нібы забойцу, які чакае на адпомшчаньне. «Што рабіць? Што прыдумаць?» — безупынку й надарэмне пытаўся ён у самаго сябе. […]
ІІ
Зазваніў тэлефон. Івашчык чуў трывожныя, трымцячыя гукі, але, ахоплены яшчэ цяжкім сном, ня мог адразу адплюшчыць павекі, узьняць галаву. Тэлефон зазваніў яшчэ раз — настойліва, працягла, не даючы супакою. Івашчык неахвотна, у напаўсьне ўзьняў руку, вобмацкам адшукаў ля ложку на начным століку тэлефанічны апарат, ухапіў слухаўку. У вуха раптоўна й непрыемна ўварваўся крыклівы, крыху хрыпаты голас ягонае машыністкі, якая гаварыла да яго, відаць, з райкаму, зь ягонага габінэту.
— Гэта вы, таварыш Івашчык?
— Так, — адказаў ён сонна, лена пазяхаючы, — гэта я. Але чаго гэта вы гэтак... спазаранку?
— Ды што вы, таварыш Івашчык? Якое там «спазаранку», калі ўжо хутка дванаццатая гадзіна?
— Добра, добра, ведаю гэта, — незадаволена прыпыніў яе Івашчык. Але — чаго вы? Што сталася там?
— Ды вось, тут на вас ужо людзі чакаюць. Дэлегацыя ад падшэфных калгасаў прыехала. Да таго ж, толькі што прынесьлі адрэсу на вашае імя ад Сямючэнкі.
— Добра. Дзякую.
— Дык калі вы прыйдзеце, таварыш Івашчык?
— Ды адчапецеся вы! Я заняты! За-ня-ты, — расьцягваючы гэтае слова, ускрыкнуў ён злосна ды адкінуў ад сябе слухаўку, якая гучна бразнулася аб столік.
— Ліха яго ведае, што такое! — голасна вылаяўся ён ды ў злосьці павярнуўся на ложку. — Ніколі няма супачынку, ніколі!
І ён ужо хацеў быў ізноў заснуць, аж раптам, як бы працяты маланкаваю думкаю, ашалела ўсхапіўся з ложка, пачаў хутка, дрыжачымі ад хваляваньня пальцамі, набіраць нумар свайго ўрадавага тэлефону.
— Алё, Ларыса! Ларыса? — нецерпяліва, усхваляваным голасам закрычэў ён у слухаўку, калі пачуўся, нарэшце, знаёмы шум і трэск. — Што вы казалі пра Сямючэнку? Прыйшла ад яго адрэса?
— Так, — адказаў хрыпаты голас машыністкі.
— Што там? Кажэце хутчэй!
— Ды нічога асаблівага — просіць вас прыйсьці да яго сяньня ўвечары, а дзявятай гадзіне.
— І гэта — усё?
— Так.
— Добра, дзякую. Я прыйду за якіх паўгадзіны. Але, запраўды, маеце рацыю — нічога асаблівага...
Ён намагаўся сказаць гэта супакойна, але, міма ягонага жаданьня, голас ня вытрываў, сарваўся, задрыжэў, і з рук, раптам паслабеўшых, няўзнак высьлізнулася слухаўка ды грукнулася аб падлогу.
— Вось яно — пачынаецца... — неяк ціха, жалосна, быццам зьбіраючыся заплакаць, прашаптаў ён, цяжка асядаючы ўсім целам на ложак.
Навіна страшэнна ўразіла яго, упрост прыбіла да зямлі, нібы неспадзяваны, бязьлітасны ўдар цяжкога молату. Ён нават ня мог адразу ўцяміць, адкуль яно звалілася на ягоную галаву гэтак раптоўна, хутка? Але толькі адзін успамін пра ймя Сямючэнкі, аднаго зь ведамых яму вышэйшых працаўнікоў НКВД, да таго ж, афіцыйная адрэса ад яго — ужо гэта было выстарчальным, каб Івашчыку сталася зразумелым, зь якога боку ськіраваны на яго зьніштажальны ўдар, і ўжо ані на макулінку не было сумніву, што гэтаму прычынаю — данос Пятроўскага. «Мярзотнік! — распачліва ўскрыкнуў ён у думках. — Ня вытрываў, не зачакаў! Кар’еру на маім няшчасьці будуе!..» Але гэта яго мала займала, — думкі, пачуцьці ягоныя ахапіў дзікі, упрост жывёльны жах перад грознай запраўднасьцю, якая гэтак неспадзявана наляцела на яго. Ён ужо ўяўляў сабе жахлівыя малюнкі допытаў у засьценках НКВД, бесканечныя фізычныя пакуты, катаваньні, а пасьля — Сібір, калымскі «исправительно-трудовой» лягер, тайгу, сьнег, сьмерць ад голаду… І трэсьліся ягоныя рукі, палахліва, устрывожана калацілася пахаладзеўшае сэрца, непераносна балела й бяз гэтага цяжкая, трашчэўшая з пахмельля, галава...
І ён ня вытрываў — як бы падштурхнуты кім, ашалела ўскочыў з ложка, пабег із спальнага пакою ў сталовы, пачаў заўзята шукаць спасярод раскіданых на стале й падлозе недапітую бутэльку. У пакоі па ўчарашняй бяспамятнай, разгульнай вечарыне, усё было хаатычна параскіданым, пакамечаным, паразьбіваным, заплямленым сьлядамі ботаў ды бруднымі расплывамі вінаў, соўсаў, і Івашчык тупатаўся босымі нагамі па аскалёпках талеркаў, відэльцах, костках ад смажаніны, нават не адчуваючы іхняе рэжучае гастрыні. Бутэлькі былі пустымі, але яму ўсё ж удалося нацадзіць поўную шклянку зьліваў. Была гэта непрывабная на колер, нейкая брудна-чырвоная вадкасьць, але Івашчык не прыглядаўся — мала не адным глытком, прагавіта, быццам у гэтым быў ягоны ратунак, выпіў. Хмель ахапіў яго адразу — прыліў да галавы, затуманіў вочы, і ён нават пахіснуўся, але ад пітва ня сталася яму лягчэй, як ён спадзяваўся, а, наадварот — цямнейшымі зрабіліся ягоныя думкі, гастрэйшым адчуваўся жах перад блізкаю небясьпекаю. «Забіць яго трэба! — падумаў ён пра Пятроўскага. — Але, забіць! Цяперака мне ўсё адно… Калі ж я маю загінуць, дык і ён не павінен жыць... Але, заб’ю! Вось гэтак, проста ўвайду да яго ў пакой, скажу яму гэтыя словы ды пальну ў ягоны лоб з пістолі. Першая куля яму, другая — мне...» І ён, крыху хістаючыся, адышоўся ад стала, ізноў увайшоў у спальны пакой, пачаў паволі апранацца, і ўвесь час, па-п’яному злосна пасьміхаўся сваёй новай думцы, нібы ў ёй была для яго якая палёгка. «Але, застрэлю яго!» — думаў ён, і ў злоснай радасьці ўяўляў сабе спалоханы, жаласны твар Пятроўскага, чуў ужо нават ягоныя прыніжальныя просьбы, словы, бачыў прасьцягнутыя дрыжачыя рукі, што прасілі аб літасьці, — і ад гэтага ўяўленьня голасна, задаволена сьмяяўся. Гэтая новая п’яная думка ўпрост цешыла яго, прыносіла яму супакойваючую асалоду помсты.
— Ха-ха! — сьмяяўся ён узбуджана, уголас, ахоплены гэтымі помсьлівымі ўяўленьнямі. — Будзеш яшчэ прасіцца ў мяне, поўзаць на каленах, ногі мае цалаваць, але ўсё адно — не дарую! Не дарую, не! Што заслужыў, братка, тое й атрымаеш! А мне ўсё адно, калі паміраць, — жыцьця ўжо няма… Няма мне чаго баяцца!..
Апрануўшыся, ён падбег да шафы, выцягнуў ніжнюю скрыню, узяў зь яе старанна захаваны, абхінуты кавалкам грубое чырвонае матэрыі пакунак і паклаў яго на столік. Потым асьцярожна, быццам баючыся якога раптоўнага выбуху, разгарнуў яго і зьдзівіўся: пад ягонымі рукамі заблішчэў фабрыста-сінім нікелем маленькі, зусім яшчэ новы «браўнінг».
— Вось яна, мая цацка! — шаптаў ён, хістаючыся ды зь любасьцю датыкаючыся пальцамі да бліскучага мэталю. — Давядзецца табе, браток мой, папрацаваць сяньня... Толькі ж, глядзі ў мяне, не падводзь! Мусіш біць бяз промаху!.. — Ён узяў «браўнінг» у рукі, паднёс да вачэй. — Не падводзь мяне, чуеш?.. Каб было толькі два стрэлы, ня больш... А там ужо ўсё адно — ці цемра, ці якое прадоньне, але адно — сьмерць!.. — прагаварыў ён уголас ды выйшаў у сталовы пакой. І ён раптоўна пачуў сябе рашучым, пэўным таго, што не адступіцца, не спалохаецца ў тую крытычную часіну, калі будзе страляць у Пятроўскага. Яму нават сталася радасна ад таго, што ён мо ўпершыню ў сваім жыцьці меў у сабе гэтулькі мужнасьці й адвагі, каб вырашыцца на гэткі гераічны крок.
— Так, — злосна пасьміхаючыся працадзіў ён скрозь зубы — хай ведае, з кім мае справу… Я ж не які-небудзь палахлівы хлапчук. Я на ўсё здольны, ды на ўсё хопіць у мяне адвагі!
Ён падышоў да вялікага, мала не на палову сьцяны люстэрка ў пазалочанай раме, што стаяла, і, любуючыся сваім баёвым выглядам з «браўнінгам» у руках, прагаварыў яшчэ раз і галасьней:
— Я на ўсё здольны!
Але праз якую часіну, калі добра прыглядзеўся да свайго адлюстраваньня, ён ужо ня мог гэтага сказаць — рашучасьць пакінула яго. У люстэрку пацямнеў ягоны ізноў спалоханы твар, ізноў апусьціліся бязвольна рукі, хаця й трымалі яшчэ бліскучы «браўнінг».
Ён глядзеў на сваё адлюстраваньне доўга, уважна, быццам ніколі перад гэтым ня бачыў сябе ў люстэрку. І было ўсё гэткім звыклым, знаёмым, — і шырокі, заплыўшы тлушчам твар з падвойным падбародкам, і вузкія прарэзы вачэй, якія ледзь можна было ўбачыць праз акуляры, і нос, маленькі, нібы аплясканы, і вусны таўстыя, чырвоныя, як у якой маладухі, і пасмы рэдкіх валасоў, апаўшых на вузкі лоб. Але, адначасна з гэтым, Івашчык пабачыў на сваім твары нешта новае, чаго раней не заўважыў, — яму здалося, што ён на свае маладыя гады ўжо занадта стары, бо павялічыліся мяхі пад вачыма, закругліліся зморшчыны ля вуснаў, парадзелі валасы. І ад гэтага жаль да самаго сябе, жаль да свайго маладога жыцьця, якое парашыў сам загубіць, гэтак праняў яго, гэтак расчуліў ягонае сэрца, што ў ягоных вачах міжвольна зьявіліся сьлёзы, ад чаго пачалі туманіцца акуляры.
— Чаму гэтак? — прашаптаў ён неяк жалосна, сьлязьлівым голасам, зьвяртаючыся да свайго адлюстраваньня ў люстэрку. — Чаму ты, Максімка, гэткі нешчасьлівы, што павінен загінуць у маладых гадох? Чаму цябе павінны пакараць, а не Пятроўскага? Хіба ж ты горшы ад яго? Хіба ж ты менш чэсна ад яго працуеш?.. Які ж ты «вораг народу»? Ты ж — найчасьнейшы савецкі грамадзянін, а ня вораг!.. Ці ж ня гэтак, Максімка?
І ён падышоў бліжэй да люстэрка, дакрануўся пальцамі халоднага шкла ў тым месцы, дзе адлюстроўваўся ягоны ўсхваляваны, зачырванелы твар, як бы хацеў гэтым гэстам суцешыць сябе й таго, другога Максімку, што быў у люстэрку, але раптам адскочыўся на крок назад, ціха, напалохана ўскрыкнуў. За плячыма свайго адлюстраваньня ён пабачыў неспадзявана яшчэ адну постаць... Ён пазнаў яе адразу па ейных павольных рухах, гэтак знаёмых яму, па старой хустцы, якою была завязаная ейная сівая галава, але ня мог у першую часіну паверыць, што гэта была ў запраўднасьці маці, а не галюцынацыя.
Старая, пабачыўшы, што Івашчык глядзіць на яе ў люстэрка, гэтаксама спынілася на сярэдзіне пакоя ды ня рухалася далей, застыгшы ў нейкім пакорлівым, церпялівым чаканьні. Пагляды іхныя спаткаліся ў люстэрку, і гэтак, якіх кароткіх тры хвіліны, яны моўчкі пазіралі адзін на аднаго, ня рухаючыся. Маці — зь нейкім жахам, ён — з незахаваным ды ўзрастаючым незадаваленьнем. Яму было непрыемна бачыць у гэтыя часіны ейныя жаласныя вочы, якія як бы дакаралі яго ў чым, як бы асуджвалі за ўсё, — і за ягоны п’яны выгляд, і за непарадак у пакоі, і за ягоныя адносіны да яе, якія ўжо ад трох гадоў былі халоднымі, безуважнымі. І ад гэтага маўклівага пагляду ў ім раптоўна прачнулася нешта накшталт сарамлівасьці, згубленага сумленьня ды жалю да яе; і ён прыгадаў цяпер, што за якіх восем месяцаў ня толькі не пацешыў яе якім лістом, але нават і не падумаў пра тое, каб паслаць ёй крыху грошай на падтрымку, хаця й ведаў, што яна й ягоны малодшы брат часта бываюць галоднымі. Ад гэтых раптоўных думак ды ад маўчанкі яму сталася страшэнна прыкра, і ён ня вытрываў, першым запытаўся, толькі не ў яе, але ў ейнага адлюстраваньня:
— Чаго ты прыехала?
Старая маўчала, усё яшчэ гледзячы на яго ў люстэрка вачыма, поўнымі пакутлівага жалю. Івашчык бачыў ейны высахлы, жалюгодны твар, ейныя сьціснутыя, бясколерныя вусны, ейную скручаную, зьіначанаю да непазнавальнасьці цяжкім жыцьцём постаць, якая яшчэ перад некалькімі гадамі была стройнаю, паважнаю, і адчуў, як нейкая незразумелая злосьць, — ці на яе, ці на тое жыцьцё, якое яе прыгнечыла, — паступова апаноўвала ім.
— Чаго ты прыехала? — паўтарыў ён галасьней, зь яўным незадаваленьнем.
Але старая й на гэты раз нічога не адказала, толькі, разьвязаўшы вузел хусткі, стомлена села на крэсла, усё яшчэ паглядаючы на яго ў люстэрка тым жа жаласным, пакутлівым паглядам. Івашчыка гэта ўзлосьціла, узнэрвавала. Ён схаваў «браўнінг» у кішэню й рэзка павярнуўся да яе, мала не крычучы:
— Ды мо адказала б нарэшце, калі пытаюся? Грошы патрэбныя?
— А мо ты, сыночак, сьпярша прывітаўся б з маткай? — у свой чарод ціха запыталася старая ды нізка пахіліла галаву, каб не паказаць яму балючых сьлёзаў, што міжвольна залілі ейныя вочы. Івашчык заўважыў гэта і нешта жаласнае ізноў на часіну прачнулася ў ім. Ён пакорліва, як рабіў гэта ў маленстве, падышоў да яе ды бязгучна пацалаваў у лоб.
— Даруй мне, мама... — прамовіў ціха, ледзь чутно, быццам толькі аднымі вуснамі. — Я сяньня шалёны... У мяне гэтулькі непрыемнасьцяў на працы... Таму й напіўся, таму й злуюся… Я ўжо ня ў першы раз чую ад цябе, што ты незадаволеная з мае працы. А я задаволены, бо маю ўсё, што хачу — і грошы, і кватэру, і павагу да сябе, ды ня жыву гэтак, як ты з братам — па-жабрацку. Мне гэткае жыцьцё непатрэбнае. І хаця я твой сын, але зусім іншае думкі наконт гэтага, бо трэба прыстасоўвацца да сяньняшніх умоваў жыцьця. Старое аджыло, памерла разам з бацькам, і аб ім няма чаго нагадваць, бо яно ніколі ня вернецца.
— Ніхто гэтага ня ведае, вернецца ці не — хіба толькі адзін Бог… — прашаптала старая, цяжка ўздыхнуўшы. — І не табе гаварыць пра гэта...
— Ну, дык і добра! І не дакарай мяне, а лепш скажы, што цябе прымусіла прыехаць ды нават не завядоміць мяне пра гэта? Сталася што-небудзь?
— Царкву нашую заўтра адбіраюць, — ціха адказала старая.
— Хто адбірае?
— Ды хто ж, як не твае сябры — камсамольцы.
— А я што да гэтага маю?
— Як — «што»? — ізноў захвалявалася старая і нават узьнялася ад зьдзіўленьня з крэсла. — Ты падумай толькі, што кажаш! Гэта ж бацькаўская, гэта ж — нашая царква! Як можна, каб гэтыя саплівыя апаганьвалі яе ды рабілі там нейкія свае клюбы?
— І няхай сабе робяць, — супакойна адказаў Івашчык, сядаючы на канапу. — Усё адно ж няма бацькі, няма каму службу правіць, дык не стаяць жа ёй пустою ды толькі павуціньнем зарастаць.
— Загадай гэтым сваім камсамольцам, каб не чапалі таго, што ёсьць народам збудавана. Ты ж над імі начальнік нейкі, дык зрабі гэта. Ты павінен зрабіць гэта!
Івашчык раптам засьмяяўся голасна, працягла ды гэтак, што аж затрэслася пад ягоным цяжкім целам канапа.
— Гэта... Ха-ха... гэта дык дадумалася! — ледзь вымавіў ён праз сьмех. — Гэта дык нумар! Ха-ха-ха...
— Чаго рагочаш? — абразілася старая, гледзячы на яго гэтак, як глядзяць на звар’яцеўшага. — Што ж тут сьмешнага? Тут плакаць трэба, а не сьмяяцца...
— Але ты, пэўне, не ў сваім розуме, мама! Як ты магла дадумацца да гэткае рэчы? Я ж не магу — разумееш? — не магу…
— Можаш! — раптам крыкнула на ўвесь пакой старая, дый гэтак усхвалявана, злосна, што Івашчык адразу пакінуў сьмяяцца і глядзеў на яе зьдзіўлена, у непаразуменьні. — Не рабі зь мяне дурную — я ведаю, што кажу! Ты можаш зрабіць, каб яны зачакалі з гэтым, можаш сказаць ім, што царква для іншых мэтаў прызначаная, што гэта зробіцца ўрадава, па вышэйшым загадзе... І усё дзеля таго, каб адцягнуць час, а далей будзе відаць, — мо й непатрэбнаю будзе твая ласка...
Івашчык усхапіўся на ногі ды знэрвавана, нецерпяліва ўскрыкнуў у свой чарод:
— І чаго ты прычапілася да мяне? — нічога я не магу, нічога!
— Ды я цябе Богам прашу, благаю, — не сунімалася старая, ухапіўшы ягоныя плечы сваймі дрыжачымі рукамі, — зрабі гэтак. У імя бацькі, у імя вернікаў, у маё імя — зрабі… Бог цябе за гэта ўзнагародзіць! І калі хочаш, дык, вось, я — матка твая, стану перад табою на калені…
I яна запраўды, заплакаўшы, хацела ўжо зваліцца перад ім на калені, але ён падхапіў яе пад рукі, кінуў на канапу.
— Не вар’яцей! — прамовіў ён скрайне злосна, пагрозьліва. — Дай мне супакой!
Старая плакала і праз сьлёзы, усхліпы, уціраючы хусткаю змакрэлы твар, гаварыла ўсхвалявана, хутка, благальна:
— Нашая, царква... Яе ж апаганяць, затопчуць... Хіба ж у цябе няма сэрца? Хіба ж ты ня сын мне?.. Паслухайся мяне... Богам прашу... Толькі на цябе ў нас надзея... Людзі табе будуць удзячнымі, вернікі за цябе маліцца будуць, калі ты гэта зробіш... Падумай, якое няшчасьце гэта для ўсіх, хто яшчэ не прадаў свае душы чорту, хто верыць у сілу Божую... Я ж цябе, як маці твая, прашу, дабра табе жадаючы... Падумай над гэтым, Максімка!..
— Няма чаго мне думаць! — рэзка адказаў Івашчык, адвярнуўшыся ад яе да вакна. — І пляваць мне на ўсё, — мне трэба думаць пра свой собскі спакой ды жыцьцё. А ўсё іншае — упрост дурніна, ня вартая нават гаворкі!
— Нячысьцік гаворыць тваймі вуснамі! — прамовіла старая,узьняўшыся з канапы ды ізноў павязваючыся хусткаю. — Бязбожнікам цябе зрабілі, хрыстапрадаўцам!
— Ну, і няхай сабе. Гэта мяне не цікавіць, кім мяне зрабілі ды што я ёсьць, абы для мяне было выгодна, — непрыязна, мала не варожа адгукнуўся Івашчык і потым, паглядзеўшы праз плячо на матку дадаў: — Вось грошы. Магу крыху дапамагчы. Праўда, дам ня шмат — толькі 500 рублёў. Але больш аніяк не магу, — самому патрэбныя.
Старая ўжо ля дзьвярэй прыпынілася, паволі павярнулася да яго тварам і нейкім слабым, зьнясіленым голасам прашаптала, і жахлівым здаўся Івашчыку гэты шэпт:
— Ад хрыстапрадаўцы капеечкі не вазьму... На тваіх грашах чартоўская рука... Пракляцьце на іх і на табе... Боскае і матчынае… Пракляцьце!..
Гэтага для Івашчыка было ўжо зашмат — як ашалелы, ён падбег да яе, абхапіў ейныя кволыя плечы рукамі і, ня памятаючы сябе, з усяе моцы затрос імі.
— Апамятайся! — крыкнуў дзіка, азьвярэла, упрост у ейны твар. — Што кажаш! Пракляцьце на мяне насылаеш? Пракляцьце?.. Дык не табе гэта рабіць, але мне!.. Я, я пракляцьцю аддаю ўсё тое, што мяне душыць, душыць бясконца!..
Ён пакінуў яе, пабег да стала, цяжка зваліўся рукамі і галавою на параскіданыя бутэлькі, шклянкі, талеркі і заплакаў, загрукатаў па іх сьціснутымі кулакамі ў прыступе гістэрыі.
— Гэта я, я праклінаю й цябе, і бацьку, і той дзень, калі я нарадзіўся ў папоўскай сям’і! Гэтае пракляцьце, гэтая пляма не даюць мне жыць! Яны душаць мяне, яны зьніштожуць мяне!.. Дзе ж тады той Бог, дзе ж тая праўда твая, калі я павінен загінуць?.. Пракляцьце ж вам, што зламалі маё жыцьцё, што загубілі і душыце мяне!.. Душыце з усіх бакоў, бяз жалю, бяз сораму, бяз сэрца!..
Праз колькі часінаў ён усё ж авалодаў сабою, супакоіўся, сьціх і, узьняўшы зачырванелы ды мокры ад сьлёзаў твар, цяжка, стомлена павярнуўся ўсім сваім целам да дзьвярэй, як бы ў спадзяваньні на якія суцяшаючыя матчыныя словы. Але дзьверы былі адчыненымі ў сьветлы калідор, і, толькі сьвежы сьлед на скамечаным белым абрусе, што прыпадкам ляжаў ля дзьвярэй яшчэ з учарайшае вясёлае вечарыны, сьведчыў аб тым, што з пакою нехта выйшаў...
IIІ
Таксі прыпынілася за горадам, дзе з аднаго боку шашы ўздымаўся ўгару высокі драўляны плот, адмаляваны ў зялёную фарбу, а з другога — нерухомаю сьцяною стаяў малады хваёвы лес, што ўжо ціха засынаў у цямнеючых вечаровых ценях, дапальваўся ў чырвані палымнеючых плямаў заходзячага сонца.
Івашчык агледзеўся. Яму чамусьці здалося, што ён ужо ня вернецца ў горад, як гэнае шпарка зьнікаючае таксі, і думкі апанавала роспач, а сэрца палахліва, балюча заціснулася ў прадчуваньні нечага невядомага, жахлівага, што, пэўне, страсанецца зь ім за колькі часінаў за гэтым зялёным плотам... Ён яшчэ не ўяўляў сабе нават, што менавіта напаткае яго, але ўжо загадзя быў напалоханы, падбіты тым непрадбачальным няшчасьцем, што, здавалася яму, немінуча зваліцца на ягоную голаў, каб зламаць, загубіць ягонае жыцьцё, якое ён гэтак моцна, упрост балесна любіў... «Цяперака, відаць, адкрыецца ўсё — і маё паходжаньне, і мая мана, і мо нават мае маленькія грашовыя камбінацыі, — думаў ён, падыходзячы да плоту з пахіленаю галавою. — І ня выкруціцца мне, аніяк ня выкруціцца…» Ён прыпыніўся ля зачыненае брамы і не знаходзіў у сабе рашучасьці на тое, каб узьняць руку да чорнага гузіка электрычнага званка, што знаходзіўся пад маленькім квадратовым вакенцам у браме. Яму было жудасна думаць, што з гэтым простым, зусім нязначным рухам рукі скончыцца ягонае вольнае жыцьцё ды пачнецца няведамае яму, але страшное, што нясе на сабе жуду й пакуты... «I ліха яго ведае, як усё неспадзявана сталася? — думаў ён. — Як ветрам якім злым прынесла... Не здалеў нават апамятацца, належна падрыхтавацца... Мо й пашчасьціла б мне як ухіліцца, уцячы куды ў іншую мясцовасьць, зьмяніць працу... Але цяперака позна... Позна раздумоўваць над гэтым, позна шкадаваць... І надало ж мне ліха нарадзіцца ў папоўскай сям’і!» Ён пачуўся бязрадным, слабым, мала ня хворым ад усхвалявана скачучых думак, ад празьмернага перажыцьця. «Але — «ничто не вечно под луною...» — невясёла пасьміхнуўся ён да сябе. — Ня вечна... Гэтак, відаць, і з маім жыцьцём... Хіба ж ёсьць у гэтым штосьці дзіўнае? Не, нічога... Пажыў, дай іншаму сваё мейсца — гэткі ўжо воўчы закон на гэтай зямлі, нічога не парадзіш...» Але нягледзячы на распачлівыя разважаньні ды ўсё наростваючую палахлівасьць, няўпэўнасьць у собскіх сілах, што выразна адчуваў ён цяперака перад сустрэчаю зь Сямючэнкам ды магчымым допытам, усё ж у ім зьявіўся нейкі інакшы, кплівы ды настойлівы голас. Ён як бы хацеў падбадзёрыць, сьцішыць разрослае пачуцьцё адчаю. «Няўжо, — казаў ён, — няма ў цябе ані кроплі мужнасьці? Няўжо ты хочаш бяз бойкі аддацца на кару, дый толькі за тое, што ў цябе непралетарскае паходжаньне? Хіба ж ты сваёю чэснаю працаю шырака ведамым выкрыцьцём варожых элемэнтаў спаміж моладзі не адкупіўся перад партыяй ад гэтае не сваёй, але бацькаўскае віны? Саромся! Ты ж ня хлопчык, які мае дрыжэць немаведама чаго перад кожным Пятроўскім, або нават і Сямючэнкам! Што яны ў параўнаньні з табою? — нішто, нулі... яны ж ня маюць ані твайго розуму, ані тваіх здольнасьцяў. Ім вядомыя ў жыцьці хіба толькі простыя шляхі, а табе ўсе — і падводныя, і крывыя, і падкопныя... дык ці ж табе быць у адчаі, калі ты й на гэты раз здалееш перахітрыць іх усіх… Адважней наперад, больш нахабства — і ты пераможаш! «Смелость города берет»! Калі ж станецца па-другому, дык запраўды, лепш зрабіць гэтак, як думаў яшчэ ўдзень, калі быў крыху падпітым — пусьціць сабе кулю ў лоб, і канец усяму... Але ж гэткае няхай які дурань зробіць, а ня ты! Жыцьцё — найдаражэйшае ад усяго, ды каб мець яго, мусіш змагацца. Мусіш!» І ён, хаця й не зусім рашуча, але ўсё ж наважыўся, урэшце, узьняць руку, націснуць чорны гузік званка. Сэрца трывожна стукатала, ногі міжвольна слабелі пад раптоўна ацяжэлым целам, а ён стараўся авалодаць сабою і ўсімі рэшткамі свае волі, падбадзёрваючымі, самаупэўненымі думкамі перамагаў у сабе жах ды зьнясіленасьць. Чакаць доўга не давялося — за якую хвіліну ў квадратовым вакенцы паказаўся незнаёмы мужчынскі твар ды пачулася нягучнае запытаньне:
— Вы да каго, грамадзянін?
— Да таварыша Сямючэнкі, — адказаў Івашчык, надаючы свайму голасу самаўпэўненасьці, пасьля чаго, не сьпяшаючыся, падаў у вакенца адрэсу.
— Зачакайце часінку, — прамовіў вартавы, пераймаючы адрэсу, я зараз зазваню да яго.
Заміж адказу Івашчык толькі пагардліва хмыкнуў, але пачуўшы ў другі раз людзкі гоман і сьмех, што хуткаю хваляю даляцеў да ягонага напружанага слыху, неяк раптоўна, дзіўна ўцягнуў голаў у плечы, як бы баючыся якога неспадзяванага ўдару, ды бездапаможна, у нерашучасьці затупатаўся на месцы, нэрвова паціраючы адна аб адну свае ўспатнелыя далоні. Непрыемныя, дакучлівыя думкі, цяжкія, бясконцавыя, ізноў завалодалі ім, паслабіўшы ягоную волю. Была нават хвіліна, калі ён, зірнуўшы на лес, што быў на другім баку шашы, хацеў бегчы, каб захавацца ў ім ды гэтым пазбавіць сябе прызначанае сустрэчы зь Сямючэнкам. Але голас, той жа ўнутраны падбадзёрваючы голас загадаў яму ня рухацца зь месца ды ісьці адважна на бойку, каб выйсьці зь яе пераможцам. І калі із скрыгатам адчынілася, нарэшце, брама ды паказалася невялікая постаць вартавога, на ім ужо няможна было ўгледзець якое трывогі або разгубленасьці — ён быў ізноў тым самым Івашчыкам, якога ведалі супрацоўнікі, як чалавека, у якім няма ні сантымэнтальных пачуцьцяў, ні боязкасьці, бо ягоная пагардлівая, нахабная ўсьмешка на шырокім самаўпэўненым твары была як бы выразам ягонае скрайна непахіснае, цьвёрдае волі кіруючага арганізатара, партыйнага працаўніка. На словы вартавога — «на вас чакаюць на другім паверсе, калідор направа» — ён нічога не адказаў, толькі, ганарова ўзьняўшы дагары галаву, паважным, павольным крокам прайшоў праз двор да ганку дому. Але не пасьпеў узысьці на ганак, як уваходныя дзьверы расчыніліся, й да яго кінуўся Сямючэнка з радасным ускрыкам:
— Гэта ты?.. Як я рады, што ты нарэшце зьявіўся! А я ўжо думаў, што й зусім ня прыйдзеш!
Гэткая шумная сустрэча так зьбянтэжыла Івашчыка, што ён у першую хвіліну ня мог нават слова прамовіць, стаяў, аслупянеўшы, ды зьдзіўлена, шырока расплюшчанымі вачыма глядзеў на Сямючэнку, які цягнуў яго за рукаво ў дом.
— Ды хадзі, хадзі ж баржджэй! — крычэў настойліва Сямючэнка, лагодна, вясёла падміргваючы яму сваімі вузкімі мангольскімі вачыма. — Чаго марудзіш?..
— Ды я... — пачаў быў апраўдвацца Івашчык, але тут жа сьціхнуў, увесь — зьбянтэжаны, зачырванелы, як ашпараны рак, — ён усяго спадзяваўся, нават найжахлівейшага, але толькі ня гэткай радаснай сяброўскай сустрэчы. Гэта яго канчаткова зьбіла з панталыку, зблытала ягоныя думкі ды прышыкаваныя пляны, і ён ня ведаў, не разумеў, з чаго мае пачаць гаварыць, як мае абараніцца ад гэтага? Але Сямючэнкавая настойлівасьць перамагла, і ён пакорліва, як тое паслухмянае цялё, пайшоў усьлед за ім па лесьвіцы, ліхаманкава абдумоўваючы сытуацыю, у якой апынуўся зусім неспадзявана. Сямючэнка як бы не заўважыў ягонае зьбянтэжанасьці й вясёла, абдаючы яго гострым пахам гарэлкі, кідаў яму ўпрост у твар словы, усё яшчэ падміргваючы, як які хворы на цік.
— Ты разумееш, — казаў ён хутка, радасна ўзбуджаны, — у мяне сяньня дзень народзінаў, трыццаць гадкоў у плечы грукнула, дык я ўжо й парашыў адсьвяткаваць гэты дзень, як мае быць. Раблю сяньня ў сябе запраўднае сьвята ў цесным коле сваіх найбліжэйшых сяброў. Але каб ніхто загадзя не віншаваў мяне ды каб не адмовіўся ад запросінаў, я крыху схітрыў, — паслаў да ўсіх афіцыяльныя адрэсы… Ну, і сьмеху ж было, калі да мяне прыходзілі зь перапалоханымі, блядымі тварамі!.. Але ж ты выбачыш мне гэткі маленькі жарт? Ці ж ня гэтак?
— Пэўне ж, выбачаю... — незадаволена прамычэў у адказ Івашчык, усё яшчэ зьбянтэжаны, не знаходзячы выхаду з гэтага прыкрага паложаньня. Ён упрост разгубіўся, ня ведаючы, каго мае залічыць да дурняў — ці сябе, ці Сямючэнку?..
Па доўгім калідоры другога паверху разносілася расейская песьня «Волга, Волга, маць радная...», пяяная хорам, няскладнымі, п’янымі галасамі. Але як толькі Сямючэнка ды Івашчык увайшлі ў пакой, песьня абарвалася, і ўсе Сямючэнкавыя госьці (а было іх больш за дзясятак) паўскоквалі зь месцаў і п’яным крыкам «ура» спаткалі ўвайшоўшых. Івашчыку паціскалі руку, знаёміліся зь ім, закідалі словамі, жартамі, а потым сілком пацягнулі да стала, увапхнулі ў нейкае глыбокае крэсла ды змусілі выпіць «штрафную» шклянку гарэлкі. Ён толькі адбіваўся рукамі, дрыгаўся ўсім целам пад агульны рогат і задаваленьне гасьцей, нічога не разумеючы, ня цямячы, куды ён трапіў ды чаму мае служыць аб’ектам агульнае весялосьці?
Спаміж Сямючэнкавых гасьцей, зусім незнаёмых яму, ён угледзеў раптам Пятроўскага, і жахам ды злосьцю запалілася ягонае сэрца. «Дык вось які сілок прышыкаваны тут для мяне! — мала ня ўскрыкнуў ён уголас. — «Очная ставка»?.. Але Пятроўскі, здалося, гэтак прыветна ўсьміхнуўся яму, гэтак па-сяброўску, нават яшчэ й рукою памахаў у паветры на знак прывітаньня, што жах крыху адышоў ад Івашчыка, але ўсё ж пакінуў па сабе нейкі непрыемны, трывожачы сьлед. П’ючы гарэлку, ён раз па разу, цішком пазіраў у палахлівасьці на другі канец даўгога стала, дзе сядзеў Пятроўскі, гаворачы аб нечым паважным зь нейкаю старэйшаю жанчынаю. І, як на тое ліха, Івашчык хаця й піў шмат, амаль безупынку, але чамусьці не хмялеў, толькі зьлёгку, ледзь адчувальна круцілася ў галаве ды непрыемна, горка было ў роце. Ягоныя думкі скакалі ліхаманкава з аднае здагадкі да іншае, а нэрвы гэтак напружыліся, што ён, напэўна, мусіць закрычэў бы не сваім голасам, як паранены зьвер, каб не было пад рукою гарэлкі. Ён аніяк ня мог паверыць у тое, што гэта толькі сьвята з нагоды дня нарадзінаў Сямючэнкі, а не якая-небудзь спэцыяльна робленая камэдыя, якая можа закончыцца для яго вельмі трагічна. Але ж выйсьця якога з гэтага дурнога становішча не было — ён вымушаны быў адказваць на жарты, голасна сьмяяцца, уздымаць тасты за гаспадара пакою, за розных «правадыроў вялікага народу», каб не парушыць агульнае весялосьці, распаленай гарэлкаю ды вінамі, хаця ў глыбіні душы свае быў зусім далёкім ад падобнага настрою. Яму было няёмка, гідка й страшна знаходзіцца ў гэтым пакоі, паміж ахмялеўшых, незнаёмых яму людзей, ды чакаць чагосьці жахлівага, што немінуча мусіць зваліцца на ягоную галаву. І ён, у думках паглядаючы за сабою, дзівіўся толькі таму, што, не будучы ніколі акторам, усё ж меў ў сабе гэткі спрыт ды здольнасьць часам рабіць зь сябе паяца, сьмяяцца ды супакойна жартаваць тады, калі хацелася крычаць ды плакаць ад жалю да самаго сябе, калі на душы было чарней ад начы... Але прайшла, мабыць, якая гадзіна часу і ўсё было па-ранейшаму — пяяліся розныя песьні, біліся аб падлогу шклянкі, уздымаліся тасты, хмялелі Сямючэнкавыя госьці, распыляліся па пакоі жарты, сьмех, а часамі й непрыстойныя выразы зь якога армянскага анэкдоту. Івашчык няўзнак для самога сябе ахмялеў, павесялеў. Усе ды ўсё навокал здавалася яму ўжо ня гэткім страшным, як напачатку. Ён нават шчыра пацалаваўся зь Пятроўскім на знак «вечнай дружбы», а Сямючэнку грукаў па плячы, як быццам той у запраўднасьці быў ягоным найлепшым ды наймілейшым сябрам. У ягонай сьведамасьці зьнікла пагроза небясьпекі, і ён узрадаваўся гэткай шчасьлівай зьяве ды ўжо піў гарэлку, не баючыся таго, што яна можа яго здрадзіць. Але калі госьці пачалі паступова разыходзіцца, Івашчыку ізноў давялося перажыць тое, што здавалася яму неверагодным, немагчымым: Сямючэнка, падхапіушы яго пад руку, вельмі ветліва, але й настойліва, амаль сілаю, выцягнуў яго ў сумежны пакой, бразнуў дзьвярыма, замкнуўшы іх ключом. Ягоны суровы твар, нахмураныя бровы ды гостры, рэжучы пагляд вузкіх вачэй неяк адразу працьверазілі Івашчыка. Ён ня сеў, але ўпрост цяжка зваліўся ўсім сваім целам у крэсла, поўны трывогі ды жаху, які ўжо ня меў сілаў захаваць. Дрыжалі ягоныя пальцы, калені, дрыгаліся нэрвова мускулы твару, і ўвесь ён меў выгляд жалюгоднага чалавека, — слабога, бездапаможнага, падбітага. Здавалася, яшчэ хвіліна, і ён загалосіць, як малое дзіця, зваліцца да ног Сямючэнкі ды будзе прасіць ягонае літасьці...
— Дык вось, мой даражэнькі... — прамовіў паволі, зусім ня голасна Сямючэнка, не адводзячы ад Івашчыка свайго пагрозьлівага, працінаючага пагляду. — Я ўсё ведаю. Няма патрэбы пра гэта ў цябе пытацца. Твая справа для мяне зусім ясная. Ты мог толькі іншым пыл у вочы падсыпаць, зубы загаворваць, але ня мне. Тваё жыцьцё цяпер у маіх руках. Разумееш ты гэта?
Івашчык нізка схіліў голаў, неяк цяжка, глыбока ўздыхнуў і бездапаможна зьвесіў з крэсла рукі.
— Так... — прамовіў ён глуха, хрыпатым голасам, як быццам у яго раптоўна перасохла ў горле.
Сямючэнка, хмыкнуўшы, зласьліва пасьміхнуўся.
— Ня бойся, не дрыжы... Што заслужыў, даражэнькі, тое й атрымаеш. Але я ня ёсьць гэткі благі, як ты пра мяне думаеш… Я усё ж твой сябра і ўпрост хачу дапамагчы табе апраўдацца перад партыяю. Ці хочаш ты гэтага?
Івашчык, ня ўзьняўшы галавы, а толькі пацершы рукою замакрэўшыя вочы, хуценька, сьпяшаючыся адказаў:
— П-эўне ж... пэўне ж хачу... Я заўсёды быў чэсным... быў ідэйным. Не вінаваты я, што мой бацька быў папом... Не вінаваты, але... але я гатовы ў кожнай часіне сьцерці зь сябе гэтую... пляму... Вер мне, я шчыра кажу...
— Ну, вось і добра. Апраўдвайся перад усімі, здыймай з сябе гэтую пляму ды яшчэ іншыя... плямкі... Але вось мае словы — сяньня ж ноччу ты паедзеш зь Пятроўскім у сваю родную вёску.
Івашчык уздрыгануўся ўсім целам і ўсхвалявана ўзьняў галаву.
— Чаго?
— А там ужо пабачыш — чаго. Толькі ж мусіш выканаць усё сумленна. Магчыма, што гэтаю паездкаю ты здалееш крыху апраўдаць сябе.
— А далей?
— Што — далей?
— Ну, пасьля гэтага… твайго заданьня, што будзе?..
Сямючэнка, крыва пасьміхаючыся ды паціснуўшы плячыма, накіраваўся да дзьвярэй.
Івашчык падхапіўся з крэсла, падбег да Сямючэнкі ды хутка, усхвалявана дыхаючы, запытаўся яшчэ раз, настойліва, у поўным адчаі:
— Што?.. Што будзе? Кажы, кажы шчыра!
Сямючэнка голасна засьмяяўся й, адамкнуўшы дзьверы, супакойна выйшаў ізноў да гасьцей, быццам зусім і ня чуў роспачлівых запытаньняў Івашчыка.
IV
[…] Лімузына загула, пасунулася назад, павольна, зь вялікай цяжкасьцю разгарнулася на вузкой лясной дарозе й, набраўшы ходу, лёгкаю, чорнаю птушкаю панеслася ў адваротным кірунку.
Правёўшы яе вачыма, Івашчык, што было ягонае моцы, пабег у лес. Ён ашалела прадзіраўся паміж заросшых кустоў, балюча разьдзіраў аб іх рукі, твар, блытаўся сваймі караценькімі нагамі ў густым павуцінні моху, цяжка крэхчучы, поўз на жываце пад цёмным ельнікам, праз які аніяк ня можна было прадзерціся, бег, задыхваючыся, наперад, чапляўся часамі за карчы, валіўся тварам на сухое гальлё, ізноў уздымаўся — і бег далей, у гушчыню лесу, баючыся азірнуцца назад, баючыся прыпыніцца. Жах, дзікі жах сьцёбаў яго па пятах, бязжаласна падганяў наперад. Ён бег гэтак, быццам за ім хто гнаўся з узьнятаю сякераю, намерваючыся забіць. Потам і струменьчыкамі крыві заліўся ягоны твар, акуляры памутнелі, зваліліся на нос, новы гарнітур быў пашматаваны, гузікі на марынарцы паадрываліся, а ён не зьвяртаў на гэта аніякае ўвагі, толькі бег наперад, бег, нібы выратоўваючы сябе ад сьмяртэльнае небясьпекі. Кожная замарудненая часінка, кожны замаруднены крок здаваўся яму горшым ад сьмерці. Ад празьмернага напружаньня й стомы ён ужо ня мог дыхаць, але неяк дзіка, працягла хрыпеў ды ўсхліпваў, як бы яго хто сьціскаў за шыю моцнымі, сталёвымі рукамі. Ён не адчуваў болю ў падрапаныx рукаx, ня чуў нават свайго собскага жудасна-гучнага хрыпу. Ён бачыў перад сабою толькі адны перашкоды, гушчыню лесу, заросшыя, пераплеценыя паміж сабою кусты, дрэвы, галінкі, і там, недзе за імі, за гэтай жывой сьцяной зяленіва — свой адзіны ратунак. У гэтую часіну ён быў падобны да раптоўна ашалеўшага, звар’яцелага чалавека, якога неспадзявана апанаваў жывёльны жах. Уся ягоная сіла волі, усё ягонае ўменьне валодаць сабою, сваймі пачуцьцямі, думкамі ў самыя небясьпечныя часіны цяпер, спаралізаваныя, здушаныя жывёльным інстынктам небясьпекі, аддаліся пад адзінае пачуццё сьмяртэльнага жаху. Калі на ягонай дарозе здараліся якія кусты, праз якія ён ня мог хутка прадзерціся, ён роў немаверна, дзікім зьверам, плакаў ад бездапаможнасьці й разьдзіраў галінкі ня толькі рукамі, але й ротам, зубамі ў шаленстве, злосьці, болю ды адчаю, як запраўдны дзікун, што шукае якога ратунку ад сьмерці. У яго звычайна леннай натуры, прачнуўся зьвер, што ня мог, ня меў у сабе сілаў на тое, каб апанаваць сабою, спыніцца, стрэсьці зь сябе гэты бязьмежны жах, які гнаў яго перад сабою, кідаў упрост галавою на прыродныя перашкоды, на дрэвы ды кусты. Здавалася, што нейкая д’ябальская, страшная сіла штурхала яго наперад, прымушала раўсьці ды грызьці ў бяспамяцтве сьплеценыя, таўстыя галіны, што трапляліся на ягоным шляху, рабілі перашкоду ягонаму ашалеламу ўцёку. І ён штораз рабіў над сабой усё большыя ды большыя высілкі, але канчаткова зьнядужаны бегам, празьмерным напружаньнем, собскім крыкам і хрыпам, пачынаў хутка слабець, усё часьцей ды часьцей чапляўся, валячыся на зямлю й ня маючы змогі ўзньяцца. Але жах ізноў маланкаю працінаў ягонае цела, і ён, уздрыгваючы, лаючыся падхопліваўся ды бег, поўз, сунуўся, як мог, цяжкім целам на нейкі адзін, толькі яму вядомы кірунак, напалоханы, зьнядужаны, ашалелы…
Мінуўшы найбольшы гушчар лесу, ён мала ня радасна ўскрыкнуў, бо апынуўся перад шырокаю балацянаю прагалінай, што на сваім сяродку мела невялікую выспачку, заслоненую з усіх бакоў густым гарэшнікам. І ад таго, што ён раптоўна пабачыў знаёмую мясьціну, і ад усяго ягонага зьнядужаньня, ён, цяжка хрыпучы, зваліўся тварам у траву, мокрую ад блізіні балота. Але не прайшло й часіны, як ён, ізноў ахоплены прасьледваючым, жывёльным жахам, усхапіўся на ногі й пабег да выспы шпарка, напружана, правальваючыся па калені ў балатнянай, здрадлівай глебе. Ногі адмаўляліся слухацца, сілаў і паветра яму не хапала, і ён ня йшоў, але амаль поўз, сутаргава чапляючыся рукамі за кожную сустрэчную кочку, за кожную былінку, абы дайсьці толькі да знаёмае выспы, як бы на ёй хацеў аднайсьці свой ратунак. Але калі, урэшце, адхінуў перад сабою гарэшнік ды адчуў пад нагамі цьвярдую глебу, сілы канчаткова пакінулі яго, і ён, раскінуўшы рукамі, зваліўся ў бяспамяцтве, страціўшы прытомнасьць. Калі ж праз нейкі час прачхнуўся, пачаў зьдзіўлена міргаць блізарукімі вачыма, не разумеючы ў першую часіну таго, што зь ім здарылася.
Цёплае жнівеньскае сонца супакойна ліло свае праменьні, грэючы пяшчотна, прыветна ягоны твар, дзікія качкі з вольным крыкам лёталі, кружыліся над ягонаю галавою, гарэшнік зьлёгку калыхаўся пад ціхім ветрам, і ўсё навокал здавалася гэткім супакойным, некранутым. Праняты гэтаю лясною цішаю, падпарадкаваны ёй, Івашчык доўга яшчэ ляжаў на сьпіне, гледзячы ўгару міргаючымі, зьдзіўленымі вачыма. Ён неяк не адразу, але паступова, часіна па часіне, пачаў прыходзіць да памяці. У галаве, адна па адной, нанізваліся думкі, рабіліся выразнейшымі, сэнсоўнейшымі, і ад гэтага пачынаў прачынацца ў ім, у ягонай душы нейкі пякучы боль. Ён не даваў яму супакою, ён мучыў яго, нэрваваў, наганяў ізноў жах.
— Забойца! Забойца!.. — гучна шапталі ягоныя скрыўленыя ўнутраным болем вусны.
У вачох узьняўся вобраз Пятроўскага, ягоны раззлаваны да нянавісьці твар, у вушах як бы пачуўся глухі грукат цела, параненага, падбітага ашалелымі, бяспамятнымі ўдарамі Івашчыка…
Ён усхапіўся. Ён працягнуў угару, да неба дрыжачыя, падрапаныя рукі, і мала не крычэў ад пакутлівага болю, што ўзростваў у ім, прымаў жахлівыя формы.
— Божа, здымі зь мяне гэтую пакуту! — шаптаў ён палка, шпарка, захлынаючыся словамі. — Ня дай мне загінуць! Ты ж усемагутны, Божа!..
Але ў адказ пачуў толькі прарэзьлівы, быццам насьмешлівы, крык дзікіх качкаў ды абыякавае шамаценьне лісьця гарэшніка. Яму зрабілася жудасна, нават адчуў выразна, як па ўсёй скуры прабеглі сьцюдзёныя мурашкі. Яму здалося на часінку, што няма ўжо аніякага ратунку, бо калі й міне нейкім цудам сьмерці, што падрыхтаваная для яго ў засьценках НКВД, дык не міне іншае, жахлівейшае сьмерці ў духовых пакутах сумленьня й Боскага пракляцьця над сабою.
Ён паваліўся ў сухую, жорсткую траву, занурыўся галавою ў рукі й пачаў плакаць горкімі, нястрымнымі сьлязьмі, працягла, жаласна ўсхліпваючы. Цела дрыгатала, уздрыгвалася, як пад балючымі ўдарамі бізуна.
— Забойца, здраднік, хрыстапрадаўца! — слаў ён праклёны самому сабе, нібы з гэтым хацеў адшукаць для сябе палёгку. — Усё, усё прадаў д’яблу — цела, душу, сумленьне, царкву й матку!.. Усё, усё рашуча… І няма, ня можа быць табе аніякага дараваньня, бо ня толькі людзям здрадзіў, але й Богу!.. Самаго Бога прадаў, насьмяяўся над ім!
Ён доўга яшчэ сьцёбаў самаго сябе словамі, жудаснымі, бязжаласнымі, ня маючы змогі паўстрымацца ад праклёнаў, аж урэшце сьціхнуў ды ляжаў моўчкі, толькі час ад часу ўсхліпваючы, уздрыгваючы ад нядаўнага гістэрычнага перажыцьця й сьлёзаў. У думках ягоных ізноў усё праясьнілася, сталася супакойным, павольным, як бы ён пачынаў засынаць нетрывожным, салодкім сном. Малюнкі дзяцінства, юнацкіх гадоў — сьветлыя, шчасьлівыя й празрыстыя — пачалі яму сьніцца на яве. Ён крыху прыўзьняўся на руках, азіраючыся навокал сябе, баючыся таго, каб усё, што праносілася цяпер у ягонай галаве, не давяло яго да поўнага вар’яцтва, — гэткім сьвежым, чаруючым струменьчыкам сьвятла дыхнула на яго нядаўняе, прыгожае, адышоўшае ад яго назаўсёды...
Ён прыгадаў сабе, як яшчэ зусім малым, дзесяцігадовым хлопчыкам ён радасна крочыў па гэтай маленькай выспе побач із старым паляўнічым Ніканорам, бацькавым суседам, несучы з гонарам ягонае паляўнічае ружжо. Ён зь вялікай цікавасьцю, у захапленьні слухаў тады апавяданьні Ніканора пра харобрасьць паляўнічых, пра іхны спрыт ды адвагу, калі даходзіла ў іх да спатканьня зь якім вялікім лясным зьверам — мядзьведзем ці дзікім кабаном. Гэтыя апавяданьні заўсёды хвалявалі Івашчыка, і ён і цяпер яшчэ памятае, як гаварыў Ніканору, што будзе гэткім жа адважным... Толькі жыцьцё зрабіла яго інакшым, чымся марыў у дзяцінстве. […]
Гэтак прайшло якіх дзьве-тры гадзіны, а ён усё ляжаў, ня рухаючыся, з заплюшчанымі вачыма, быццам яго агарнуў глыбокі, захопліваючы сон.
Аднекуль здалёк данёсься гучны трэскат сухога гальля, потым — як бы чыясьці галосная гаворка.
Івашчык падxапіўся, як ашалелы. Жах, жывёльны жах ізноў апанаваў ім. Ён толькі імгненне, ня дыхаючы, прыслухоўваўся, і потым, калі трэскат паўтарыўся, затросься ўсім целам у дробных сутаргавых дрыготках.
— Няўжо шукаюць мяне?.. — балюча, жаласна, ледзь ня плачучы ад перапалоху, мармытау ён. — Няўжо — пагоня?..
Адна думка пра гэта нагнала на яго гэткую жудасьць, што ён ня мог прымусіць сябе зварухнуцца зь месца, стаяў, як бы прыкаваны да зямлі, толькі дробна ляскатаў зубамі, быццам праняты неймавернаю сьцюжаю.
— Трэба ўцякаць!.. Трэба бегчы!.. — угаворваў ён сябе, падганяў, але ня мог нават паварушыцца.
Калі ж трэскат гальля пачуўся ізноў ды выразьней, ён, сам таго не заўважыўшы, кінуўся куляю на ўцёкі ў адваротным кірунку. Ізноў, як і перад гэтым, прабег па балацяной прагаліне, ізноў хлюпаўся нагамі, рукамі ў балоце, скачучы з аднае кочкі на другую, і валіўся зь іх, уздымаўся, абцяжараны гразёю. Жах сьцёбаў па пятах, жах засьляпляў вочы. Ён нічога ня бачыў, нічога не адчуваў, апрача блізіні сьмерці.
Амаль дабегшы да процілежнага берагу лесу, ён неяк няўдала пасьлізнуўся, зваліўся адною нагою ў балота й ужо ня меў сілаў яе выцягнуць. Нага зацягнулася балотам, глыбака правалілася.
— Дрыгва! — не сваім, дзікім голасам закрычэў ён, як бы клічучы на дапамогу.
Ён з усіх сілаў намагаўся выцягнуць нагу, сударгава хапаючыся за бліжэйшыя кочкі, за балацяныя расьліны, але дарэмна — кочкі зьнікалі пад вадою, былінкі адрываліся, і нага, цягнучы за сабою ўсё цела, глыбей ды глыбей уцягвалася дрыгвою.
— Ратуйце! Ратуйце! — закрычэў ён на ўвесь лес у сьмяртэльным жаху.
Гучным рэхам разьнёсься па лесе ягоны крык, але ніхто не адгукнуўся, толькі дзікія качкі спалохана павылётвалі із сваіх гнёздаў, трывожна закружыліся над ягонаю галавою.
— Ратуйце! Ратуйце! — крычэў ён у бяспамяцтве, безупынна, покуль зусім ня сьціх, згубіўшы сілы й голас.
А цела ягонае ўцягвалася дрыгвою ўсё глыбей ды глыбей. Ён ужо пачуў пад шыяй ліпкую, як клей, гразь, яшчэ раз хрыпла ўскрыкнуў ды замоўк, заплюшчыў вочы, заціснуты цёплым сьмярдзючым балотам.
На адзін толькі мамэнт пранеслася ў думках матка, яе праклёны, а потым усё скамечылася, згарнулася ў нешта цёмнае, соннае, непрытомнае. Адчуваў яшчэ перадсьмяротную дрыготку ва ўсім целе, адчуваў, як цяжка, балюча-цяжка было дыхаць, але рот ужо залеплівала балота й надыходзіла жудасная цемра...
Сонца сьвяціла па-ранейшаму, — пяшчотна, радасна, устрывожаныя качкі супакоіліся, разьляцеліся па сваіх гнёздах, і жыцьцё, прыгожае, ціхое жыцьцё абыякавае да ўсяго прыроды іскрылася ўсімі фарбамі, гэтак чаруючымі людзкое вока…
№ 4, 1948 г. — № 18, 1950 г.
