|
Калёсы дрыгалі па калюгах. Сусед-старэча падчас гутаркі кашляў радзьвым, працяглівым кашлям. Іншы раз было цяжка пазнаць, ці кашляў ён, ці гэтак голасна-хлёбна драгаліся ў каўдабіны калёсы.
Я пазіраў на яго. Мне было ўсёдна, што ён і пра што ён казаў. Радасьць пабыць дома, дзе нарадзіўся, была вялікая. За кілямэтар перад вёскай ён зьлез з возу. Я ведаў чаму, аджа, зрабіць тое самае я не зьбіраўся, думаў: — Хай конь вядзе, — і я ўпёрся ў пярэдніцу цялегі нагамі. Конь упораста, бадай вылазячы звопражы, цягнуў і стрымоваў цялегу ў скручастых выймах дарогі ў сярэдзіне ручая. Сусед ішоў па кладках. — Чаму ня сесьці на цялегу, — спытаўся я. Ён махнуў рукой.
— Тарахву капаюць, яміны на балоце робяць, а загаціць ручаі не дадумаюць. А загаціўшы іх-х... Ах, сынку, ты хоць і вучоны, не дадумаесься, колькі б хлеба намалолі б яны і лекстрыкі насьвяцілі нам... Ты ж азірніся — яны ж як сьвечкі сьвецяцца.
Я азірнуўся. Пяшчасты жаўцяк у ручаі сьвяціўся ад пасьмаў вячорнага сонца.
— Можа, улетку перасыхае?
Ён нядбайліва пытаецца:
— Ці высыхаў, калі быў і жыў з намі?
— Здаецца — ніколі, — адказваю я.
— Но-о, касьцянявая! — скрыкнуў ён на каня і неспадзеўна (я хацеў памагчы яму) успрысеў на калёсы. Ажно да самай сялібы, дзе я нарадзіўся, ён прасядзеў на пярэчане возу. Больш нічога не гаварыў, нават не паглядзеў на мяне, калі я, удзячны яму, ібарзьдзіў абняць маму ды меншага брата. Мне потым падумалася пра яго. Які ён упорасты і шчыры дзядок; за ім было жыцьцё, і яно было перад ім цяпер, але што меркаваў калісьці, не жадаў перамяніць. Ён, бачна, чакаў, што ягонае жыцьцё штосьці зь ягоных намераў зловіць. І вось, бадай, колькі асталося жыць? Дамоўка-сьмерць ня ўніміць яго. Жаданьні: скарыць ручаі, поўнае крынічнае вады, што закруцяць жорны ў млыне і асьвецяць «лекстрыкай» вёску, яшчэ жывілі яго.
— Добра, што не спытаўся, колькі заплаціць, што падвёз цябе. Быў бы крыўдны аж да Калядаў, — сказала назаўтрае мама. Але чаму да Калядаў крыўдаваў бы ён, я не спытаўся яе. Я ўжо забыўся на яго. Навошта памятаць тое, што нічога не прынясе новага ні сяньня, ні заўтра? Гэта ж усяго ад учарайшага дня толькі рэха. Я хачу адпачыць, убачыцца з былымі сябрамі. Я пачынаю адчуваць: мая маладосьць зьнікае па крыху. Акаб супраціўляцца старасьці, патрэбна хоць кропельку лішняе моцы працівіцца ёй. I ўяўленьня ажыць моцай, было ятрыстае жаданьне забыцца пра ўсе мінулае. Мінулага ў мяне ня шмат, але што прылучалася, ужо было вельмі квялістае й злосна-незразумелае. Я ня ведаў, у чым я справядлівы й дадумны, у чым толькі захоўваюся пужліва-асьцярожным. Якая задорлівасьць ад цьвялістасьці, ці ад непагоджаньня з абыдзённымі ўмовамі жыцьця. Я вёў сябе па незнаёмых сьцяжынках існаваньня. Слухаць кагосьці (я памыляюся, вядома) ёсьць адно чутка, якую можа нехта ня толькі пачуў, але й перажыў усёй сьвядомасьцяй сьвядомага асудку ды адчуваньня. Аднак у тым асудку, я пераканаўся, ёсьць пытлівасьць часу й момант здарэньня, які ў некаторых выпадках мог перад кімсьці апынуцца шорахам крокаў на начной вуліцы, або нат' злом усім-усяму. Самае цяжкае— зразумець цяжкое ў жыцьці, а тады ўжо камусьці перасьцяро га: — Ня тыцкай сьвятымі імёнамі й падзеямі. — Кажны можа быць сьвятым і дзеля сябе, і дзеля іншых! — Настрой і жаданьні чалавека — найбольшае, чымсьці сам чалавек, як постаць спакмень. — Пазбавіцца чалавеку ад імкненнасьці да дабра можна толькі раз: калі памірае ў ходаньні за яго. Але Дабро й уселякая Справядлівасьць — мернасьць, уціхаміраны пакорнік, што ўціхамірвае парываньні пакрыўджаных у жаданьнях... — Усё гэта — адвечны ручай, стрыманы бярэжжам або прыпынены гацяй!
...Мама пайшла на працу. У вёсцы і ў сялібе нашай вусьціш. Сонца поўна ўсюды. Вадрыць цьвіценьням ліпаў. Сьцень каля ліпаў у велічыню іхнай размашнасьці галінаў. Далей ад іх пачынаўся муражаны луг. Я люблю — і паважаў заўсёды — прылегчы ў муражанай траве. Іду туды. За варотамі на вуліцы спатыкаюся з тым сяльчанінам, пра якога казаў мне сусед, везучы мяне зь мястэчка, і таксама казала мама.
— Уцешна спаткацца з вамі!
— Вітаю вас! Даўно, даўно бачыліся, — адказваю я.
— Але, але — напраўду даўно! — заўважае ён, працягваю чы руку паздаровацца.
Усьміхаюся яму ўсёй шчырасьцяй сэрца й настрою.
— Гультаеш, а? — пытаецца ён.
Зноў усьміхаюся.
— Тады адпачываем... Можа, хочаце прайсьціся да возера?— запрашае ён.
— Калі ласка — з ахвотай, — згаджаюся я.
Мне больш ня трэба гутарыць. Слухаю яго. Ён у шэрым касьцюме, з акулярамі, крыху асуненымі на сярэдзіну носу ад спацеласьці. Заўважаю, яны пад колер ягонага твару. Валасы й касьцюм таксама блізкія па колеру.
— Ня сумна? — і адказвае за мяне: — Але ж учора прыехаў — чаго сумаваць?
Усьміхаюся зноў. Ад згоды кіўнуў галавой.
— А мне дык сумна ўжо. Тры тыдні жыву тут. Даведаўся, што бацька твой памёр.
Працягвае руку.
— Мае спачуваньні. Чалавек слаўны быў, і няма што казаць?— няма.
Адварочваецца адразу ад мяне. Ня ведаю, ці спакмеціў мой той самы моўкны змах галавы, маю ўдзячнасьць за спачуваньня.
— Уначы, прад вашым прыездам, тут навальніца была. Хлеў не спаліла ў майго суседа, а курэй усіх пабіла. Да аднае пабіла! Пер'я ажно на мой ганак нагнала... А сяньня, раніцай, у канцавога Міхаля карова нагу зламала, і то дзе, на выгане. Кажуць, страхоўку не атрымае. Я парадзіў здаць карову дзяржаве ў лік здачы мяса ад сялібы. Шкадую гэтакіх людзей... А ў самога мяне панчохі стапталіся, а купіць ня пытайся. Хаджу без панчохаў, добра, што чаравікі новыя купіў.
Ён задзёр штаніны на абодных галёнках.
— Нешчасьце, — кажу я.
— Дзякую! Не турбуйцеся.
Мае гострыя на слых вушы чуюць, як ягоныя без панчохаў ступні хлёпаюць у нятуга зашнураваных чаравіках. Мы йдзём, хто яго ведае куды, мы йдзём, мо' да возера, мо' да лесу. Прырода навокал нас бы бяры яе, бы яна багаславіць тэй п'янасьцяй, ад якой заўсёды чамусьці верыцца, ты будзеш жыць тысячу год. Неба адно праўдзівасьць зямнога часу. Імкніся кажны й кожнае на зямлі, да нейкіх часінаў, у якіх будзе ўсё невядомае або не перажытае яшчэ, сапраўдным сном!
Дзесьці далёка, у прасьцінку лесу, чулася рэха пастуховай жалейкі. Яно аднолькава гучэла ў прасторы паміж зямлёй і небам. Дзяціныя скрыкі вясёлыя, усюды ў навакольлі, адоньліва зпляталіся з гукамі жалейкі. У водшыбе ад селавой дарогі на гнязьдзе, што на высокай елцы, заклекаталі буслы; яны, бадай, адны побач нас дваіх зразумелі прылуку прыгажосьці лета ўвёсцы й навакольлі. І гэта было праўдай, ад якой прыходзяць адчуваньні й уражаньні чалавеку, праўдай жаданьням штосьці выдумаць сабе прыгожа-любага ў жыцьці.
— Меру ведаюць, — сказаў мой вясковец, і прыпыніўся, пазіраючы на гняздо.
— Кажнаю раніцу, і ўвечары, цешуся іхным клёкатам.
Адварочваецца ад мяне, але не ідзе. Бы перахрысьціцца, змахвае правіцай са сьцісьненымі пальцамі.
— Адно прамежкі часу паміж іхнымі тахканьнямі колькі значаць мне. Мне робіцца тады чамусьці страшна. Страшна нават чуць іншыя гукі й шорахі. Мне здаецца, клёкатам яны хочуць гаварыць да мяне... Ах, якія імгненнасьці! Ды не — ня будзем гаварыць пра птушак. Хадзем, калі ласка!.. Вам не мяркуецца, што я гавару шмат?
— Не! З прыемнасьцяй слухаю.
— Ня трэба слухаць. Уравайцеся гутаркай.
— Дзякую — гутарыце! У вас болей уражаньняў — вы ж раней прыехалі сюды.
— Не хлусіце... Аднак даруйце: мы ж даўно ня бачыліся. Вы ўжо дарослы. За вамі спэцыяльнасьць, калі не памыляюся, праўнікам захацелі быць... Добра. Вельмі добра. Каму ж небудзь ды трэба сьледкаваць за правам... Ах, не! Я памыліўся: за справядлівасьцяй, бо ж справядлівасьць — маці дабра й праўды й права... А ў права я ня веру. Яно ці не кажнойчы мкне, як цягнік, ад аднае станцыі да другой: прыпыніцца на паўпрыстанку, завернецца на вялікім разьезьдзе. Адно грукат рэяк, ідым. Дым сьведчаньня сьведак — сыгналы: ехаць ці ня ехаць. А машыністы не вінавайца й не абаронца. Машыністы — пакараны віноўнік. Але чаму я сказаў гэтак, ня ведаю. У чалавека поўна розных думак. Пра абыдзённае жыцьцё чалавек мусіць думаць сапраўднасьцяй, тады сапраўднасьць будзе філазофіяй і асуджэньням-крытыкай...
Я зноў усьміхаюся. Цікава быць зь ім. Мой усьмех, напэўна, перарваў і ягоныя думкі.
— У вас жыве вялікі духовы інтарэс, хвалю яго.
Ён не задавальняецца.
— Ня трэба хваліць мяне. Я нікога не ўваскрасіў і не ўкрыжаваў маімі казаньнямі. Я мо' звычайна захацеў пагаварыць. Яўсё жыцьцё слухаю. Ах, не! Даруйце! Я гавару, выступаю. Упрамовах абяцаю ўсё, што мне абяцаюць іншыя людзі, і ад тых абяцаньняў прынуканы ня думаць па-свойску... О-о, што я гавару! Я злодзей вашага дня. Першага дня вашага адпачынку. А дзень сяньня цудоўны... Будзьце асьцярожныя, ніколі не кажэце: дзень сяньня цудоўны — валей торыце: дзень удаўся мне.
Ён змоўк. Я скрадна паглядзеў на ягонае аблічча, поўнае нейкай пакрыўджанай, схаванай тайніцы. Яно было дзяціннае. Прасьліны валасоў асунуліся ледзь-ледзь рэдка на вушы. Постаць была паўпрыгнутая, здавалася, ён ня дыхаў, каб толькі ня выдаць неўціхамірную жасьць жаданьня пагаварыць. Я ўжо разумеў гэткія скрадкі пачуцьцяў — яны ня вельмі зракаліся сваіх турботаў.
Абапіраюся на плот, за якім барозны бульбы. Роўнасьць барознаў парушае зацьвіцелы асот. Мне вальней на сэрцы. Ён таксама абапіраецца на плот, падпіраючы абедзьвюма далонямі твар. Япоўным позіркам азірнуў яго. Добра, што не сказаў: «трэба йсьці» — падумаў я. І ён зьдзіўлена, бы адчуваючы мой намер, пабардзіў.
— Хадзем. Ня наша ўласнасьць — навошта азіраць яе?
Ён упершыню ўсьміхаўся ўсьмехам бяздонным і недаўмелым. Ён пайшоў першым. У ягоным хаджэньні была лёгкасьць і захоўнасьць чалавека рухацца шырокімі павольнымі крокамі. Мне нават не паверылася, што ў ім жыў імпэт хутка пераменьваць думкі й гэтак павольна хадзіць ступкамі цьвярдымі й, бадай, адмеранымі. Аднак я паверыў: ён камусьці мілы й патрэбны. Я ўспомніў свайго колішняга настаўніка, зь якім таксама некалісьці прайшоўся аж за мястэчка й таксама наслухаўся ад яго зусім неспадзеўнага й незразумелага. Цяпер я шмат што разумеў у жыцьці. Прыймаў удзел у ім, не як бы які вучань, азадказнасьцяй за свае ўчынкі й дзеі. Але, спаткаўшыся з сваім вяскоўцам, які таксама прынёс мне мітусьню ў маю штодзённасьць — адразу стаўся мне незразумелым. Прынамсі, настаўнік у гутарцы са мною не хаваў сваіх думак і адчуваньняў пра жыцьцё, пра якое тады я нат' і ня думаў, што яно штосьці большае чымсьці ты існуеш, або цябе няма. Я разумеў тады зусім проста: чалавек ёсьць — жыве, няма, — памёр, ад хваробы памёр. Гэты ж чалавек, мой вясковец, у якога не пытаюся, што і дзе працуе, я спаткаў зусім іншае. Ён, бы саромеецца жыцьця, бы як рыбіна плавае ў ім, тоіць дабрароднасьць: злаві мяне — насыцісься. У ім ці не жыве сьціпласьць.
— Можа, палудняваем разам? — пытаюся я, усё па-ранейшаму ня ведаю, як пачаць гаварыць зь ім.
— Дзякую! Я мала ем: сьнеданьня й вячэру.
— Шкадую, — адказваю яму. Мне крыху робіцца ненатва ад ягонай кампаніі.
— Прабачце мне. Я раскажу вам пра іншае, не пра спажыву Боскую. За дзень прад вашым прыездам я прапанаваў лекцыю сялянам з двух вёсак. Яны сабраліся. Я дакладаў ім, як усялякія віды на зямлі мяняюцца ад малпы аж да чалавека...
— Ім было цікава, — наўмерана, умешваюся ў гутарку — пахваліць хочацца.
— Я ня буду доўга — адно паслухайце, як гэта азорліва, спытаўся ў мяне селянін, ты яго ведаеш, ён адвечна бедным быў і цяпер гэтакім ёсьць. Але на дзяцей багаты, як дзяржаўныя аблігацыі — усе дзевяць хлапцы...
— Дык хоць у адным дый выйграе, — жартую я.
— Няхай растуць. Я размаўляў зь імі — разумнейшыя за бацьку. Але падчас дакладу бацька іхны спытаўся ў мяне: «Конь, даручаны мне, гэтакі зараза, што не палянуецца ўкусіць мяне, калі кладу аброць на яго, а плуг цягнуць лянуецца, дык вось, таварыш, скажэце: можна яго зь вялікага каня ў сабаку перамяніць ці не?»
— Цікавае пытаньня, — кажу я і быццам так сабе прыкусваю вусны, хаваю ўсьмешку.
— А вось я не зьбянтэжыўся. Каб не адмаўляць Дарвіна, яадказаў яму, што можна перамяніць каня ў сабаку, калі толькі ня здохне гэты конь ад працы ці ад перажытага конскага веку.
— Вельмі разумна адказалі.
— Дзякую!
Мы праходзілі цяпер каля лазьні. Яна стаяла на бярэжжы ручая, што ўпадаў у возера, да якога якраз наўмераваліся ісьці. Гэты ручай і стварыў возера, калі яго загацілі высокай пяшчанай грэбляй.
— Калісьці тут, у лазьні, мыўся разам з вамі, памятаеце?
— Памятаю, — адказваю пэўна, але папраўдзе, я ня памятаю. Я ніколі ў гэтай лазьні ня мыўся. Я толькі любіў, калі жыў у вёсцы, падлеткам, азіраць вераб'ёвыя гнёзды і калыхацца, зьвязаўшы галіны паркавых бярозаў, што расьлі навокал лазьні ў два шэрагі. Іх пасадзіў мой прашчур-прабаб. Я ведаў гэта і зайздросна трымаў у маленьскім сэрцы ягоную працу-спадак. Я азіраў іхны зялёны высокі ў росьце спакой, толькі ад адолу іхныя галіны краталіся ад лянівага летніка. Галіны ляжалі аж на зямлі. Я ня мог утрымацца, падышоў бліжэй, завязаў іх вузлом, размашыста махнуў.
— Хадзем, — ён кліча мяне з воддалі. — Нам трэба ісьці.
Я скрыта зьдзіўлёны ягоным захаваньням, але аддаюся ягонай волі. Ці варта зьдзіўляцца або крыўдзіцца? Ён пачаў гутарку з чароўным настроям і зь іншым захаваньням. Быццам ягоны сын ці па працы ад яго залежны, трымаюся шчырай пашаны. — «Няхай гаворыць, мне будзе прыемна ўспамінаць сваё? Каля возера я ўхілюся яго», — падумаў я.
— Тое, што я раскажу вам, цяпер ня будзе дзівацкім. Я адчуваю: вы падумалі — аджа зь дзіваком спаткаўся. А геніі таксама дзівакі. У іх шмат дурнотаў, але іхныя дурноты любяць насьледаваць, як усё іхнае геніяльнае, зь верай, што яно вялікае, няўторнае...
— Навошта крыўдзіць сябе? — заўважаю я, але так, каб толькі заўважыць.
— Ах, нічога! Не находзьце ўва мне пагаблевасьць.
Я зноў азірнуў яго. Ён быў увесь у цепрасьці пагутарыць, пагутарыць пра сваё.
— Аднойчы, — пачаў ён, — у лазьні зьявіліся чэрці, сапраўдныя чэрці. Колькі іх было, ня ведаю, але яны ігралі, а можа, толькі адзін іграў, не па-люцыпараўску. Ведаў, што чэрці непрыгожыя, брыдкія, а вось ігра іхная чаравала мяне і вабіла мо' іншых таксама. Але аднойчы яны зьніклі з лазьні, мне самому давялося бачыць, як пахмурнай раніцай яны кінулі лазьню. Ішлі да лесу шарэнгай, у чорнай вопратцы і былі падобныя тады не да чартоў, а да людзей. Я ніколі не забудуся гэтай скратнай, люцыпараўскай паходні да лесу. Яны, здаецца, не ішлі, апілавалі паветра, іхныя крокі-ступні былі апілаваньні ад паветра. Я часам думаю: у Беларусі чэрці жылі ў казках, ці мо' ў душы кажнага беларуса. Але пакуль вы дадумаецеся сказаць мне, што гэта толькі байкі-выдумкі, я пабаржджу наўмеціць вам, што чарты непрыгожыя, але йграюць прывабліва.
У іхнай ігры нейкі заўсёдны запавет, аднак які: люцыпараўскі ці Боскі — ня ведаю. Адно я ведаю, калі змагаюцца вялікія дзяржавы за маленькія — чарты супроць чартоў, дык вялікія ў люстэрку маленькімі бачаць. Яны трасуць, музычуць нядоляй іхнай, каб толькі, як селянін утоптвае, трасе піхцер — утрасьці да сваёй дзяржавы скубень тэй нядолі нашай.
Я зноў зірнуў на яго. Нашы позіркі сустрэліся. Я пазяхнуў.
— Ніколі не пазяхайце каля бяседніка. Падумае: чалавек дробнага розуму.
— А гэта ня ваша справа навучаць мяне, — языкавата адказаў я.
— Даруйце мне! Не навучаю, не прыгнебліваю.
Яму ня варта ведаць, як я магу спрачацца. Хай верыць — мне няма чаго адказаць. Гляджу на скрай летняга неба зь вельмі рэдкімі хмарамі, яны, бадай, расьцісьненыя азяровасьцяй узвышшы. Ад гэтае азяровасьці, здавалася, паверхня зямлі кідала ўсё, што магло быць каляровым і азначаным на ейнай зьверхні. Я не азіраў пярэстасьць прыроды воблікам мілага адчуваньня, а прычынай, якая прынукала спаткацца із вяскоўцам, і гэта апошняе найбольш авалодвала маім сэрцам ды думкамі. Я гутарыў з самім сабой. Дзеля паказу свае прыстойнасьці мой знаёмы аднавясковец не перашкаджае мне. Няхай думае: я захапляюся ім, радуюся ягонай прысутнасьцяй у блізіне мяне! Тут ня цесна нам. Усё навокал нас — прасторліва, — думаў я. Ад рознага, што пачуў, я каждую думку астаўляў сабой, часам закончаную, а часам тым самым ушчалопкам, каля якога праходзіў або мімавольна спатыкаў. Кажная складка зямлі, кажны куст ці заросьля аднолькавых дрэваў была сьвядомасьцяй неабвешча най мудрасьці, але якая не патрабавала меры падобнасьці да чагосьці іншага, а ўзгадвала кароткую яснасьць прылукі, якая, можа, ніколі ня кончыцца ў здарэньнях нечаканых прычынаў ды ўражаньняў. Прычыны нараджаюць векавістасьць; аднак уражаньні нараджаюць прычыны-прычынаў ад рэчы й дзеяў, ізаўсёды яны спыняюцца культурай і, апрача сымбалю, ніколі не пашлюць чалавека да вышэйшай меры адчуваньня, чымсьці ягонае існаваньне, пакуль жыве. Яны скоўваюць яго мамэнтам патрэбы дзеля сучаснага, але ня будучага. Будучае — сьлед мінулага, і тым часам зьбежнасьць зь мінулым дзеля ненавіснага мінулага...
...мы ішлі па вазёрнаму ўзьбярэжжу. За кустом лазы ляжала маладая жанчына, запальвалася пад сонцам. Грудзі выставіла сонечным праменьням неахінёнымі. Яна не пачула нас. Мінулі яе. Мы йшлі па тарфяным, высушаным узьбярэжжы, яно не было чутнае пад ступкамі. Ейныя грудзі паўнатой вытаркнуты стаялі ў маіх вачох, бы жук з расталенамі сігавіцамі. Завярнуўшыся за сьцень высокіх вольхаў, вясковец спыніў мяне.
— Я далей не пайду з вамі, — і ён узяў мяне пад локаць, ягоныя вочы, бадай бязрушныя коркавыя паплаўкі, глядзяць умяне. — Адно скажэце — даруйце, што неспадзеўна! Вы праўнік, мусіце ведаць: калі судзяць, дык судзяць па ўсіх артыкулах кодэксу, ці мо' толькі па адным артыкуле?
— Вам дастанецца аднаго артыкулу адчуць, калі толькі асудзяць за што-небудзь, — адказваю я.
— Дзякую!
Мо' здалося, ён рэзка адпускае мой падлокаць, і тады больш падступна, у блізіне мяне:
— Праз тыдзень я паеду ад вас, з маёй вёскі... Ах, не — пройдземся крыху!..
Мы пайшлі ў прасьцінку да вазёрнай гаці. Ён моўкнуў, моўкнуў і я, але думаў пра яго. Што за чалавек ён? Ці пасьпеў ён для нейкага грэху? Для нейкага дабра ці зла? Ці ён пасьля некае дзяржаўнае дысцыпліны, пасьля трох тыдняў жыцьця ў вёсцы на вольным паветры неспадзеўна адчуў раптоўнасьць, адзінотнасьці й непрынукі, зажадаў пагаварыць пра ўсё існае і пра ўсё, што толькі зналусна кранула яго дадумнасьцяй і даўціпнасьцяй? Можа, ён, ніколі прад гэтым не назіраючы прыроды, але ўвесь адолены гурмой людзей па працы, ня думаў, што ёсьць іншыя людзі, ёсьць іншыя працы іхныя — нечакана ўсьвятазо раў у прыродзе, у людзях штосьці шчаснае, узьніклівае ў штодзённым існаваньні? Я ня ведаю, што адказаць самому сабе. Ясам маладзеў сярод спрадвечнага, шчырага дару летняга навакольля.
Ён зноў спыніў мяне. Навошта думаць пра яго? Ён сам думае пра сябе. На ягоным абліччы прыгожае маленства, і чароўны, крыху дзеля сябе ўстаёны круг у вачох. З-пад маіх ног прыгнула невялікая люгашка. Крыху далей яна недарэчліва папаўзла ў густату моху. Я ўсьміхнуўся, усьміхнуўся й ён.
— Няхай жыве, — заўважае ён. — Ёй таксама люба свая дарога жыцьця.
— Але. Хай жыве, — адказваю я.
Мне зноў ніякавата. Ён, пэўна, спакмечвае маю бянтэжнасьць. Заходзіць наўперад мне.
— Ня верце ў прыроду — душэце яе...
Ягонае аблічча зусім іншае. Яно сталася ціхае, як бывае пагода ў летні час у Беларусі. Толькі вусны краталіся. Мне абыякава да дрыготак ягоных вуснаў, але астаюся ветлівым, хоць усё пачынае дакучаць.
— Адно папрашу ў вас, толькі адно. У наступную суботу ад'яжджаю адгэтуль. Зрабеце так, каб мяне з музыкамі праводзілі. Наша вёска славіцца добрым аркестрам... Мне дужа патрэбна гэта... Паабяцайце! Прашу вас!
...і я паабяцаў яму, а ні ледзь непамеркаваўшы, з чаго пачаць, каб памагчы майму аднавяскоўцу.
