|
Яны ня часта думалі пра наступны дзень працы, але вельмі турбаваліся пра намеры і дзеі нядзельным днём. Ды асаблівага ніколі не здаралася тымі днямі адпачынку, бадай сам дзень адпачынку адпачываў.
Пакуль ішлі да ракі, яны (прад гэтым днём таксама) гутарылі пра рыбалоўства, пра паляваньне. Сьцежка да ракі прасьціла па ўзьбярэжжы рэчкі-прытокі зь пяшчаным дном, хоць наўзбочу прасьцінаўся тарфянік. Асака ля аточаных хмызьнякоў лазы, гострая і высокая, астуджаная кропелькамі расы, часам абвіслая на суччу кустоў, мігцела бляскатам зары ці праменьняў сонца. Пад гэткімі кустамі было шмат ціхаты. У невялікіх лукатках-вірох рэчкі плавалі статкам плоткі. Адзін толькі позірк на іхную ўпорастую мільгатню хвастоў, на ўпорастую стойнасьць незварухнёных галовак супраць шпаркага цёку вады ў кажнага рыбальшчыка будзіў рыбацкую парыўнасьць. У тых, што жылі бліжэй да ракі, была свая ахотлівая насалода спадзеву і ўмеласьці. З прыезлых рыбальшчыкаў яны насьміхаліся — ганілі блізу круглы год. Здавалася, што гэтыя далёкія ня ўмелі знаходзіць месцаў злавіць рыбіну ў сваіх родных мясьцінах. Аяны былі самыя цярплівыя людзі: калі толькі не на працы — дык за вудаўём здаўгой валасьнёй начэпленай прыманкай. Яны ж па-свойму называлі закуткі ўзьбярэжжаў ракі. Ім прыходзілася ісьці да аблюбаваных прыстанішчаў гадзіну або больш. Дрыжэлі ад сьцюжы і неспадзеўных летніх дажджоў-навальніцаў; знаходзілі мясьціны, дзе лавілася або пацікалася рыба; цярпліва зносілі павучаньні старажылаў зь вёсак на водальных узгорках ад ракі й хлусілі ім, калі тыя пачыналі пасьля парадаў распытвацца пра іншыя дні жыцьця сям'і ці працы. Радзьва рыбальшчыкі зь мястэчка ці гораду заставаліся начаваць каля ракі. Расстаўлялі палатняныя схінішчы, аіншыя, насекшы вецьця лазоўніку й маладога алешніку, абкладалі старыя будкі й запальвалі вогнішчы. Здаралася, ім шчасьціла лоўляй, але заўсёды было й наадварот: рыба бадай лавіла іх. Яны прынукана аставаліся ў блізіне прыроды пад чыстым паветрам, у воддалі абавязкаў прад грамадзтвам і дзяржавай. Гэткія рыбальшчыкі ўсіх узростаў чуліся маладымі. Ім не было патрэбы прыдумваць жыцьцё — яны былі валадарамі часьлінкаў жыцьця. Яны ўспаміналі на ўзьбярэжжах ракі сваіх родных дзяцей, сваякоў, каханых, але ніколі цяжкасьці працы. ІІІмат успамінаў аставалася толькі зь імі й дзеля іх. Адвечна завіхное ёсьць жыцьцё! Іў захопе маладосьцяй жыцьця, у зайздрасьці да яго мы старымся, парахнеем.
— Я люблю ноч, — пачаў гутарку сябра Кастуся, — я атарапеў ад сталічнага шуму. А калі быў у пушчы разам з табой, мне чамусьці жадалася хутчэй канца вайны і апынуцца ў гэтым шуме, у мітусьні, і нават у неразважным захаваньні...
— ...а я казаў: асьцепяніся, падумай, бо, здаецца, ты яшчэ ня меў прызвычаю ахінуцца жыцьцём сталіцы, а я перад вайной жыў там. Дык цяпер не баржджу туды.
— Мо' ад таго, што мне прыходзілася ўвесь час быць на першых сутычках зь немцамі, поўных стральбы й крыкаў параненых, ніколі нявыспаным... Памятаеш, як Вацюха, камандзер лыжнае брыгады, камандаваў праз ганцоў: — Забраць мястэчка! — Сьмерць здраднікам!.. — Вось тады зажадалася мне сталічнага шуму, адпачыць у гэтым шуме, быць у цяпле людзкой кватэры... Я ніколі, пакуль жыву, не забудуся пра вайну...
— ...няўжо вайна зь немцамі бы пасткі твайго будучага жыцьця?
— Ня ведаю, як сказаць. Калі я абуджаюся ад сну, мне адразу чамусьці б'е да слыху й да сэрца вайсковая шумятня, але яна палохае цяпер вобразам працы. Я — працавіты чалавек, і вось праца палохае мяне — крадзецца да адчуваньняў палоскамі жорсткасьці на вайне...
— ...я разумею цябе. Ты быццам зноў мабілізаваны ваяваць.
— Не! Ты не разумеш мяне... Дазволь успомніць табе, калі змагаліся за тое мястэчка, я, уварваўшыся туды першым, напаткаў хлапчука год мо' каля трох. Ён, бадай, грэўся каля пажарышча. Я падхапіў яго на ўлоньне. Мне тады было толькі дваццаць год. Я пачаў плакаць, гладзіць ягонае паўголае цела; ён прытуліўся да мяне, маленькай далоняй плешча каля вуха, сьмяецца, а я плачу, ўсім маім целам.
— Чаго, дзядзя, плачаш? — пытаецца ён, і я тады прыпаў да зямлі й цалаваў яе, хінуў дзіцё рабіць гэта самае... Дурань я! Няпраўда?
— …таму што ты нэрвовы быў. Усялякая сучаснасьць патрабуе нэрваў. Я ведаю, што такое нэрвы. І нэрвы былі патрэбныя ў мінуласьці й неабходныя ў сучаснасьці.
— ...о-о-о! Ты хочаш сказаць, што яўнасьць заўсёды ў дастатку ад ранейшага, так ці не?
— Не-е! Я кажу, што ты нэрвовы і нэрвова разумееш сучаснасьць.
—...не! у цябе ўсё нэрвова ад твайго ранейшага. Ад 1941 году да 1944-га ты змагаўся, кідаў сябе ў небясьпеку, таму табе ўсялякая несправядлівасьць у пасьлявайсковы час здаецца найбольшай несправядлівасьцяй. Ты хочаш усё рабіць на пралом галавы... а цяпер няма вайны. Ты мусіш паважаць пашану правадыром. Краіна ў стане міру цяпер.
— Дазволь! Бадай не па сэнсе адказваю. Пра мінулых правадыроў ня будзем гаварыць, але сучасныя ўсялякімі правакацыямі, дзяржаўнымі мудрасьцямі прывучаюць народ... ды вось народ гаворыць пра гэта, як пра здарэньне або як анэкдот, бяз дробкі патрэбы адчуваньня захапленьня імі, бо патрыятызм прыходзіць сам, калі Айчына ў небясьпецы. Народ верыць тады сваім генэралам, а дзяржаўныя правадыры надалей — адно памяць, бы пра нейкіх артыстаў... Наагул увесь сьвет у раздвоі — шмат людзей захоўваюцца, як піраты...
— ...вам трэба зноў прачытаць творы Эрэнбурга. Ён навучыць разумець нашую сучаснасьць.
— Гэта — быццам кінуць электрычную лямпку, каб яна дзесьці сьвяцілася бяз доступу электратоку... Я — журналісты, івам сорам казаць, каб я ня чытаў Ільлю Эрэнбурга. Ён — чалавек-пісьменьнік, што ня мае прытомнасьці сказаць: — Я гавару разумна, можа праўду, але верыць мне ня трэба, бо я хлушу...
— ...вы ўсё адмаўляеце.
— Адмаўленьне — пайбольшая справеднасьць. Адмаўляць значыць: я хачу ведаць або перажыць усё, чым жыву, і яно ёсьць ня гэтак, як патрэбна... — Ня кожная існасьць можа аставацца ў часе асновай сваёй існасьці. Вы даруйце мне, што я пачынаю гаварыць ня гэтакай імітацыяй, як вам падабаецца. Я жадаю крыху сьцягнуць нашую папярэднюю гутарку ў магчымую неабходнасьць: — Што, па-вашаму, ёсьць ненармальным на гэтым сьвеце, а што ёсьць нармальным?
— Я ўторавую вядомае: я — журналіст, таму ненармальная зьява для мяне, калі я ствараю для будучыні, бо найлепш ствараць для цяпершчыны, цяпершчына ўсё'дна застаецца мінуўшчынай, а зь мінуўшчыны прыходзіць будучыня...
— ...тады вельмі сур'ёзна прачытайце ўсяго Максіма Горкага. У пісьмах ён успамінае Янку Купалу.
— Янку Купалу ўспамінае, бы хлапца-зладзея ў Расеі, і павучае яго, як быць накладачом дзеля нейчай свабоды, а не дзеля сваёй нацыі...
— ...Янка Купала быў стваральнік міру.
— Купала — змагар за свабоду й жыцьцё роднае Айчыны, за лёс свае нацыі... А мір? Мір, мой брахначка, ёсьць уцеха — загадка валадарцаў над пераможнымі. Па-мойму, найвыдатней шыя стваральнікі міру на зямлі — гэта мы. Называюць нас упісаньнях працоўнымі... Мы нагароду міру не выдаём і не атрымоўваем, бо нашы цягліцы ў міру ад цяжкае працы. Мы — самыя багатыя ад беднасьці. Што маем, можам ахаваць мірам-потам дружнае працы...
— ...валей, ня будзем гаварыць пра «запацелае». Гэтае слова заўсёды любіў казаць Трыха. Памятаеш яго? Загінуў бядача, і то, калі пасьля вайны п'яным пад дарожны трамбавік зваліўся— спрасавала ўсяго.
— Слаўны чалавек быў, але я не любіў яго.
— Не любіў і я, але ўсё хай будзе зь ім.
— Я пагарджаў ім за хлусьню.
— Пра гэта ня ведаю.
— Мір ягонаму целу! А немцаў ён перабіў нямала — па пальцах ня зьлічыш.
* * *
За прагалінай хмызьняку знаходзіўся рум. Падчас зімы сяляне навазілі туды праслы хвояў, елак і іншае дравяніны. Там, дзе ляжалі абскробленыя хвоі й елкі, вадрыла пахам жывіцы. Усаматканай кашулі каля сьцежкі на самай вышэйшай вярсьце зь бярозавых чуркоў сядзеў вартавы.
— Добрай раніцы, Хвядось! — прывітаўся Кастусёў сябра.— Вартуеш?
Вартавы не прамовіў слова ў адказ, але кіўнуў прыветна галавой. Пачаў глядзець не на рыбальшчыкаў, а на шырыню руму. Кастусь спакмеціў у вартавога прыкорчаную пясьць, і на ёй не ставала трох пальцаў. Гэтай скалечанай рукой ён падгроб паляўнічую стрэльбу-аднабойку, памалу ўзьняўся, азірнуўся на рыбальшчыкаў позіркам, быццам гэтым ён хацеў вырваць із свае душы нешта балючае, пакутнае разам зь ім на ўсё жыцьцё, і кінуць ім усьлед аб'явістым, як рэч. Пайшоў па бярозавай вярсьце ў бок шыркоў руму. Ёнбыў нізкарослы, з капой сівых валасоў. Прызвычайна ступаў заднаго кругляка на другі. Сонца ўзьнялося невысока. У водсьвеце праменьняў ягоная палатняная кашуля бялелася найчысьцейшай бельлю бярозавых круглякоў і абскобленых вершакоў хвояў і елак.
— Сяргей, ён ходзіць па вёрстах дравяніны, бы па свайму двару. Люблю гэтакіх людзей!
Сяргей усьміхнуўся, блізу вокметна, упільнавана — толькі дзеля сяброўства ён можа зносіць гэтакую думку пра вартавога руму. Суха кашлянуў. Азірнуўся на вартавога. Загаварыў голасам клапатлівым.
— Ён жыве ў зямлянках ужо блізу дваццаць год. Адну збудаваў там, — Сяргей паказаў на ўзьбярэжныя вярхоўі каля ракі, зарослыя пушчай. — Натварыў дзяцей там, а другую — дзеля сябе выкапаў тут... Барацьба за жыцьцё, сапраўдная барацьба! У гэтай, што на руме, жыве сам, і зарабляе колькі дзясяткаў рублёў на пражытак сям'і. А не стае грошы, ведаеш як жыве? Пушча й рака накормяць і апрануць. У гэтых мясьцінах усё памагае чалавеку.
— У зямлянках вохка — я не люблю ўспамінаць пра іх.
— Вохка? — перапытаўся Сяргей і засьмяяўся ўсімі глыбкамі грудзей. — А нам што? Хай жыве!.. А між іншым, ягоная сям'я — мае старыя знаёмыя.
— Якая ўрэзьлівасьць у нашай мове: старыя знаё-ё-мы-я!
— Бо знаёмыя! Навошта пераскокваць тое, што не пераскочыш? Непаважаньне ёсьць нянавісьць. Здаецца, ён, — Сяргей паказаў поўным узмахам рукі на вартавога руму, — не злуецца на мяне. А злавацца ёсьць за што. Я... можа ты чуў тады ад партызанаў, расстрэліў ягоную дачку? Ні сам, папраўдзе, дык па загаду...
— Напэўна, яна была маладая, бо ён не выглядае старым?
— Ёй было тады сямнаццаць гадоў, узрост, калі людзі тое-сёе могуць думаць і самастойна рабіць. Ня бойся — умела ж браць мяне пад руку і жаночым позіркам, бадай стрыгла, азірала мяне... але яна адмовілася падкласьці міну пад мост.
— А чаму сам не падклаў?
— Для мяне было небясьпечна. Я ўжо быў змагар, а яна нічога, звычайная сялянка, з мізэрнымі заслугамі — занесла некалькі разоў нашу прапаганду немцам.
— Дык вось яна, сялянка, і ведала, як класьці ягады ў кашолку і прапаганду, але ня міну.
— Магчыма... Не! Валей ня будзем успамінаць пра вайну — там былі загады.
— Дзякую! Давай — ня будзем... Але ўспаміны адвечныя загады супроць несправядлівасьці...
Іхныя знаёмыя ішлі далёка наўперадзе. Яны ўжо дайшлі да ракі. У воддальку, над прасьцягом рачных старыцаў, круціліся памальным лётам каршакі-рыбальшчыкі. Іхны колер безузмашных крылаў быў чарнейшы за ўсё ў краявідзе, асьвечаны бражовым сьвятлом летняе раніцы. Знаёмыя гурміліся каля рэчкі, па ўзьбярэжжу, што ўвесь час ішлі, а якая спаткаўшыся, шпарка, зьлівалася з плыняй ракі. Там, у зьліве, плавала шмат дробнай рыбы. Знаёмыя зацягвалі намёт налавіць жыўцоў.
— Ты гэтым летам рэдка прыяжджаеш да мяне.
— А як? Часта дажджы былі, — адказаў Кастусь і азірнуўся на рум. — А ты калі прыедзеш да мяне?
— Буду прыяжджаць... А ты што — усё вучысься завочна?
— І не барджу канчаць. Маю прычыну атрымаць лішнія дні адпачынку... а потым, сам ведаеш: хачу сустракаць яе. Кахаю! Калі ад'яжджала на эстрадныя канцэрты, хвалілася шчыра: — Я магу кахаць толькі мужчын з тваім характарам. — Сьмяялася, хадзіла перад мной у купальным касьцюме... Кожную шмату-адзежыну атрэсвала бадай ад грэху й пылу, дый памалу складвала падарожныя валізы. Не бяз посьпеху выступае яна на эстрадзе: сьпявае, танцуе.
— А я раджу табе: не жаніся зь ёй.
— Пагутарым потым пра яе... А цяпер я перайду рэчку і пайду да свайго месца.
— Зноў безь мяне?
— Люблю рыбу лавіць адзіночна, — адказаў Кастусь і закасаў хутка нагавіцы, пайшоў да рэчкі. — Застануся начаваць на лузе. Пагаворым пра яе перад ад'ездам.
Ягоны намер быў неспадзеўны для Сяргея.
— Добрага лова!
— Добрага й табе, — адказаў Кастусь і пайшоў лавіць рыбу да раней вядомага месца на рацэ. Яму сталася вясёла ад чыстага паветра й ад гутаркі сябры. Гэта была непадробленая праўда іх абаіх. Адчыненая глыбіня людзкое душы, якая яшчэ не апастылела ім. Зь імі аставалася суравасьць — неахайныя адведкі саміх сябе — успамінамі. І гэта не была споведзь, каб ускроснуць ці збавіцца ад неспадзеўнага ў жыцьці. Імі адчувалася і разумелася, што рыштаваньні з палосак нэрваў маглі ня вытрымаць, калі хто наступіць на іх, як на чарвяка, і хто-небудзь не палянуецца апусьціцца, нат' у продань, каб раструшыць цябе.
А калі закінуў вуду ў спакойны чорны вір, Кастусь пачаў думаць зноў пра жанчыну, што, як трысьцё на ўзьбярэжжы каля яго, шарахнела шоўкам сукенкі, уваходзячы да ягонага пакою на Нямізе. Яна адразу скідвала чаравікі каля ўваходу; і гутарка ейная была поўная жаночых спадзеваў пешчаў ды жаданьняў. Усё іншае, што гаварылася перад гэтым, ідучы да ракі, зьнікла з думак. Гэта была толькі гутарка, бы знаходжаньне добрага часу для адпачынку.
