МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Знаёмства // Эквівалент

Аўтар: Юхнавец Янка
Раздзел: Проза
Краiна: Нявызначана

Учора я спаткаў, убачыў чалавека, пра якога шмат піша газэта й часапіс, дзе я працую сакратаром блізу тры гады. Ня ведаю, ці буду калі-небудзь паважаць ягоныя пісаньні-творы (мне радзьва прыходзіцца зацемліваць іх у канцылярскіх рэестрах), аджа, што ўбачыў учора, спадабалася да апошняе часіны майго жыцьцёвага ўражаньня.

Як не паверыць па усёй краіне вядомай газэце і часапісу! Нават благая мэлёдыя пасьля доўгага тораньня запамінаецца ды адчуваецца лепшай, чымсьці былі, або будуць. Ды ці яго ж віна, што пра ягоныя творы гэтак шмат гаворыцца? У звычайных людзей могуць зьявіцца прызвычаі паверыць таму, чаго ніколі не было ў іхных думках ці развагах. Даверлівасьць, зчужой волі, шмат зырчэйшая, чымсьці свае назіраньні за жыцьцёвымі адчуваньнямі.

Аджа, пісьменьнік — пахвала ды посьпех творчы цэлае нацыі; ён мог хлусіць пра жыцьцё.

Я гвалтаваў час, свой час, цярплівасьцяй прачытаць ягоныя кароткія апавяданьні, а потым раман у двух частках. Ён не выбіраў мяне быць крытыкам, а я ніколі не зьбіраўся пісаць творы, ды вось сяньня пасьля «агледзінаў» вялікага, няўторнага пісьменьніка, адважыўся сабраць маю сьціплую мудрасьць моўную і напісаць, калі не кароткае апавяданьне, дык хоць начырк, самы сьціплы начырк-зацемку. Я ня вельмі раздумоўваюся над сюжэтам, ці то кампазыцыйнай формай, я адчуваю сваю тэму ўсім сваім целам і душой. Мне прыкра казаць «душой», бо яе можна апляваць, зганьбіць, і яна будзе ўсё тэй «душой», прыдушанай, моўкнай.

Я люблю здаровае цела. Яно створыць і зробіць усё, што можа хто пакінуў недакончаным, няствораным у ягоным жыцьці. Калі б мне маё пісаньне адчуецца як «адведкі», я пакіну яго як нядобра напісаны канцылярскі рэестар. Я не прынукваюся напісаць гэтыя кароткія зацемкі. Калі толькі што-небудзь прапусьціў у іх, дык не таму, што я атупанеў ад варсьцівасьці ўспомніць іх па парадку на паперы, а таму, што жыцьцё маё — сакратара — няхітрае, не стамлёнае камфортам, ад якога толькі цяжарэеш няздатнай сьвядомасьцяй: кажны наступны дзень мусіш быць хоць крыху прырыхтаваны да працы. Я заўсёды напагатове ці са смакам зьесьці лусту хлеба, цікахаць сваю суседку. Мне не патрэбна прыдумваць жыцьцё на заўтрашні дзень. Шэсьць або пяць раніцаў я баржджу на працу ў канцылярыі, а па працы купляю сёе-тое зьесьці, сігаю да кватэры пяшком, бо часта не стае грошы на аўтабус або трамвай. Я люблю гэтае жыцьцё, як той вялікі пісьменьнік. Для мяне ўсе людзі — пісьменьнікі свайго бытаваньня. Аднак навошта быць кажнаму пісьменьнікам? Нас шмат каго хвалюе жаданьне павесяліцца, паспрачацца пра апошнія спартыўныя змаганьні, мы любім спадзевы, напісаныя не ў Эвангеліі, не ў раманах вялікіх пісьменьнікаў, мы гэтак-гэтак мацуемся ў жыцьці жаданьнямі сьціплымі: каб неяк адзін другому не перабіць сярэдзіны.

Мае шчырасьці таксама ня вельмі патрэбныя людзям, нават маім найлепшым сябром. Бо ці варта рабіцца агрызьнём дзеля таго, што не спадабаўся нацыянальны пісьменьнік? Я шмат думаў пра гэта. Больш чымсьці пра аплату за кватэру. Я ня ведаю біяграфію гэтага пісьменьніка, можа, ён таксама быў сакратаром. Божа мой, яшчэ як! Ня можа ж ён хлусіць пра сваё жыцьцё, як у ягоных творах. Але калі падумаць, па-свойму асудзіць творчую хлусьню: я таксама эгаіст. Пачынаю любіць свае зацемкі, хоць яны далёка, далёка ад сапраўднага мастацкага твору, яны звычайны памфлет, у якім зьмешана філязофія з псыхалёгіяй, а палітыка з рэлігіяй... Аднак даруйце мне, наступны раз я клясычна падзялю мае зацемкі гэтак, як трэба, гэтак, як у навуковых кнігах, ці энцыкляпэдыях.

Яшчэ ў пачатку я сказаў, што свае адчуваньні ды назіраньні за сабой і нашым жыцьцём не выкасоўваю з душы. Яны адчуліся целам і розумам. Мажліва, ад сакратарскага адчуваньня зацемліваць усё, што здарылася за дзень у рэдакцыі, я нахільны запісваць меркаваньні й назіраньні ў сваім дзёньніку.

— Гэта быў дзень! — клічна, ня ў меру ўражаньняў маёй мовы, я тору гэты ўсклік у той час, калі думкі снуюцца навакол пісьменьніка, як вада каля ўрослага дрэва сярод ракі. Я ня ведаю, падумаю некалісьці, пастарэўшы, чаму ўразіў мяне пісьменьнік. Што ён наведаў рэдакцыю, якая плоціць яму ганарары, зарабляе на ягоных творах? Адно скажу: у мяне няма зайздрасьці да яго, бо я не люблю ўсё, што ён напісаў, хоць ці за дзесяць, ці за трыццаць год.

Ці падстрыжаны, не спакмеціш, у прыгладжаным гарнітуры, з лёгкім партфэлем пад руку, ён найперша ўвайшоў да майго пакою. Я толькі што запісаў апошнюю рыэстру пра друкарскія памылкі ў прамове міністра гандлю.

— Я хачу бачыць рэдактара, — адразу зьвярнуўся ён да мяне.

— Рэдактар на курортах, — адказаў я, гэтакім самым ягоным манэрам і тонам звароту.

— Пісьменьнік ЭН.

— Дзякую!

І ўсё пайшло наўпроста. Незамужняя бугалтарка, пахвальніца ўсяго, што толькі ня губіцца ў навінах каханьня, прывітала яго.

— Прыемна бачыць вас!.. Усе словы вашыя ў апавяданьні «Не надзвычайнае сэрца» памятаю... Не забудуся!..

— ...вось дык смоўж, — падумаў я. — А зьлічыць два на тры ледзь зможа.... Ну што ж, валі, дзяўчына! Пра чорта загаворыш, і ён заўсёды зьявіцца!

Пісьменьнік падзякаваў бугалтарцы і сеў на ўсплечак майго крэсла.

Перад гэтым днём мне сьніўся сон. Дома я чытаў газэту, ціто айчынную, ці то замежную, і раптам да мяне, хто яго ведае як, уваходзіць чалавек мужайны станам, але стары, старэйшы за восеньскі грыб, і хоча прагнаць мяне з кватэры, за якую апошні месяц я заплаціў сваячасна. Найбольшы мой вораг — гэта плата за кватэру. Чорт яе меў у пекле — плачу ня дробныя грошы!.. Але я пра сон дакончу. Як сон у руку! Той дзядок у сьне таксама сеў адразу на ўсплечак майго крэсла, якое прынёс я па радзе гаспадыні з суседскай вуліцы — камусьці не патрэбнае. Гэтае крэсла, адрамантаваўшы, я любіў і вартасьціў каштоўнасьцяй. Думаў яго нават упісаць у мой пасьмяротны тастамэнт. На ім была выпалена пячатка: Мэяр, 1800. Можа, гэта быў нумар або нумар мадэлі, але ўверыўся, што крэсла зроблена ў васямнадцатым стагодзьдзі. У крэсьле бывала сядзела гаспадыня-удава, маладая, прыгожая жанчына. Калі б крыху даўжэй зацягнулася ейнае наведваньне маёй кватэры, я, пэўна, канчальна закахаўся ёй і мог не шукаць іншага каханьня на зьмену. Пра гаспадыню, калі б уздумалася раней пісьменская натхнёнасьць, я веру, мог напісаць таленавіта. За ейную шчырасьць ёсьць што адказаць шчырасьцяй. Яна не дазваляла мне шмат сапраўднасьцяў ейнай душы, бо была ўласьніцай, а я верабей, сапраўдны верабей, хоць і нарадзіўся мужчынам. Яна ведала свае справы, а я свае моцы пераварач ваў у нейкія небывалыя мроі, ад якіх пераканаесься толькі тады, калі сьвітанкам ня трэба бегчы купіць хлеба, бо няма гроша лішняга ў кішэні.

Гаспадыня неачмурэлая жанчына. Мела свой двухпавярхо вы дом. Чаму мела яго, ня ведаю. Собскасьць нікому ня шкодзіць. Нават невялікая ўласнасьць ёсьць духоўнае багацьце асабістасьці. Няхай сьмяюцца, што я параўноўваю гэта да духоўнага багацьця чалавека. Можа здарыцца, я стануся філёзафам грамадзкіх навукаў і тады павучу людзей: мей сваё, калі ўмееш мець, а пра дзяржаўную нераўнавагу сацыяльнага парадку ня буду гаварыць, бо, можа, я гультай... Ах, валей зраблю адступ! Скончу пра гаспадыню. Хаця не. Яна таксама вінна паказаць мой пісьменскі талент. Гаспадыняй маёй (іх шмат, умалых і ў вялікіх гарадох) можа захапляцца. Ёй падабалася жыцьцё гэтак, як яно здарылася.

Аднойчы, калі перастала заходзіць да мяне, яна пазнаёміла мяне з кутніцай, што заарандавала цесны-цесьненькі куток ажно пад самай страхой. Зімой (Адам із Эвай гэткай цярплівасьці ня меў) там было сьцюдзёна, вельмі сьцюдзёна, а ўлетку душна... Сумніву не было: дзяўчына была маіх гадоў, яна магла быць добрай мацерай і сужэнкай. Яна пачала кахаць мяне. Частавала мяне насмажанай у тлушчы бульбай, і ейныя вусны, і ўсе рухі, калі я быў побач, краталіся шчырай ды захопнай кволай. Я ніколі не спытаў як імё яе і адкуль прыехала жыць сюды, не пыталася і яна пра маё, пра мяне. У яе не было астанкаў маладзенскага жыцьця, яна мо' толькі несправядліва пазнала яго. Але па-мойму выходзіла, што ўсе мусяць жыць гэтак, як натрапіцца. Уначы рыплівыя ўсходкі да ейнага пакою перасталі скрыпець. Яне жадаю зьдзіўляцца мінуламу, спаткаў яе на вуліцы каля багатага магазыну модных вопраткаў.

— Дабрыдзень, Мікола!

Пазнаў адразу. Яна была з аднагодкам-хлапчуком, зь ейным сынам. Яна даўгавата трымала маю руку і, калі гаварыла, патрэсвала яе, быццам даўні спартыўны трэнер.

— Я не дурная... Мне быў патрэбны ты. Я магла паважаць і кахаць цябе, — на разьвітаньне сказала былая кутніца па доме.

І вось тады я ўспомніў, што, калі перасталі ўначы скрыпець усходкі да ейнага пакою, ёй гаспадыня найшла законы: яна ня мае права жыць у ейным доме.

— Па-ранейшаму адрасу жыву — заходзь, — адказаў я. Ахапіўся. Як па-сакратарску сказаў. Яна ўсьміхнулася, памахала рукой, пайшла да магазыну. Аднагодак-сынок насурмлена аглянуўся на мяне. Ён не спадабаўся мне. Шкляныя начышчаныя дзьверы зачыніліся за ім.

Я малады мужчына. Я багацейшы «душэўна» за маіх знаёмых. Але я пэўны, што напішу тут, ня будзе шчырасьцяй укорніка. Я толькі ашчапэніўся супроць гэтага пісьменьніка, ён завельмі прыкараскаўся да маёй «душы». Ах, як нялюба: «да маёй душы»! І нічога не зраблю. У адмен я нічога не атрымаю. Ды адмаўляць сутнасьць маіх думак, што для мяне не надзвычай ныя, не зьбіраюся.

Гэты пісьменьнік, хочацца торыць, жыве таксама ў доме маёй гаспадыні, на першым паверху дакладна асяліўся ў блізасьці яе. Цяпер я ведаю: ён жыве там больш году, якраз час, калі да мяне перастала заходзіць гаспадыня і я перастаў хадзіць да ейнай, маіх гадоў, кутніцы. Ідучы да свайго пакою, асабліва зімой, усходкі скрыпелі моцна, вось тады гаспадыня бывала часта адчыняла дзьверы свайго пакою, або радзьвей (заўсёды ў шаўковай накідцы) — зь ягонага, пісьменьнікавага, пакою і заўважала мяне:

— Не стадола — крыху цішэй ступайце.

Я ж наадварот, пытаўся зь невясёлым усьмехам:

— Як ваша здароўе? Добры вечар!

— Дзякую! Не турбуйцеся!.. Яшчэ тыдзень даю — больш чакаць не магу — трэба налогі за дом аплачаваць... Абяцаеш?

— Абяцаю — а як жа?

— Пакінь абяцаць, а плаці як гэты чалавек плоціць, — паважліва паказвала двума пальцамі на кватэру пісьменьніка.

Я ніколі ня думаў, што вялікі пісьменьнік жыве ў доме, дзе жыву я і пішу гэтыя зацемкі. Пасьля гаспадыніных напамінаў аплаціць сваячасна кватэрную плату я шкадаваў дні, калі можна было ацішаць маё і ейнае адзіноцтва. Тады яна б ніколі не страціла сваё пачуцьцё да мяне мужчыны, маладога мужчыны, а я, як школьнік, не сароміўся яе за неаплачаны кватэры доўг.

Я хвалю цела, адмаўляю душу, а вось не парупіўся прывучыць гаспадыню сумаваць па майму целу... Ды не! Буду цялесна цьвярозым чалавекам! Навошта падчэпліваць паражнечу да маіх суровых раздумваньняў? Я мушу ці сяньня, ці заўтра паслаць мае зацемкі гэтаму пісьменьніку. Я дам яму пісьменьніц кія тэмы...

Я не шукаю часіны, каб з кімсьці спрачацца. Я ня ўсё люблю ў Шэксьпіра, бо я завельмі сучасны чалавек дваццатага веку, але часта паважаю помніць некаторыя ягоныя мудрасьці. Адну зь іх люблю ў «Дванаццатай начы» — «Усе сябры мае, а сябры ворагі мае».

...дарагі пісьменьнік, чытай зацемкі так, як яны запісаныя мной ад мяне самога, або выбірай у адпаведнасьці твайму настрою. Не падумай пра літаратурныя залёты якога-небудзь няўдачніка, я толькі не жадаю называць сябе прафанам, бо тады хутчэй падумаецца гэтак, самы непатрабавальны чалавек, але знапагатовай адпіхнуць ад сябе ўсё неспадобанае ў жыцьці, усё, што празьмерна падчэпліваецца на мой горб духовы й цялесны. Уцеміце: я вярблюд, якому не стае вады!

* * *

...пісьменьнік памацаў валасы. Зачостка была пушністая, ажно да самых вушэй валасы, яны быццам грэлі ягоны розум, уякім магло выседзецца штосьці мілае-даражонае ў літаратуры. Ён ведаў: яму ёсьць пра што пісаць. І ён пра ўсё піша шмат— не шкадуе слоў, няхай абвяшчаюцца! Яшчэ шмат не напісана пра дастатак шчасьлівых дзён у джунглях, пра нож, які апынуўся пасьля забойства ў таверне, як празорцы-ліхтарні на абтоку перашкодзілі начному лёту птушак у вырай.

— Ідыёт — сапраўдны й непапраўны! — прагаманіў чутна пісьменьнік.

...усю пісьменьніцкую трацьву ён гэтак здабываў, як дзесьці ў рудніках здабываюць вугаль. Яму было нялёгка. І вось кадзе, неспадзеўна, нейкі памаўзень, пачынае адмаўляць тое, што ўкарэнілася ў сэрцы пісьменьніка добрасьцяй жыцьця... Ён разбагацеў. Не патрэбна бегаць з наступным апавяданьнем да рэдакцыяў і чакаць ад іх лістоў з павядамленьнямі: будзе надрукавана, або наадварот: рэдакцыя ня вырашыла пра вартасьць твору... Але нарэшце перамянілася іншым. Яму замаўляюць напісаць апавяданьні, радзьва пасылаюць рэпарторам у судовыя залі або да афрыканцаў у нетры джунгляў. Яму падабаліся даручэньні, а тое, што любіш, ніколі не адмовіш. Ён вельмі добра разьбіраў ся ў жаданьнях рэдактараў. І яны таксама былі турботныя пра яго... Ды вось цяпер — ах, як неспадзеўна! — пачынае пагарджаць нейкі невядомы чалавек-сакратар, дасылае яму вар'яцкія зацемкі. Хто ён гэткі? Сакратароў шмат. Сакратар працуе толькі ў аднэй выдавецкай арганізацыі, а ён, пісьменьнік, удзельнічае ажно ў трох часапісах і выданьнях. Навошта гэтаму сакратару задумалася патрабаваць ад яго тое, чым ён ніколі не цікавіўся ні ў маладзенстве, ні ў гадох выраслага чалавека? Навошта было чытаць гэты ліст? Але вельмі добра, што тое-сёе прачытаў у ім.

Сёньня ён атрымаў прэмію ад «Саюзу апекі над хатнімі жывёламі». Яму ўрачыста аддала суму грошай ягоная гаспадыня. Яна сябра гэтага згуртаваньня. Было люба, што сукня на ёй абцягвалася туга, бадай скура на добра ўгадаваным бульдогу. Яна пры ўсіх пацалавала пісьменьніка ў вусны і нават правяла па плячы далоняй. Яму, адзінокаму мужчыну, яна адчулася тады блізкай і роднай, і пасьля ўрачыстасьці, увечары, абавязкова не праміне пераканацца зноў у гэтай чутнай блізкасьці, але ён нізавошта не спытае ў яе, якіх хатніх жывёлаў трымае. Як ведаю, у ейным доме ёсьць прусакі і летам блохі, іх цьма — ні пераб'еш!

...апрануў спартыўную жакетку. Пайшоў да парку. Шмат хто ведаў яго з суседзяў і наведальнікаў парку. Але сяньня ён прайшоўся ўздоўж паркавых алеяў і паўз кустоў бэзу ўцьвелены. Ніаднаго пялёстку з шыпшынаў не паклаў у грудочак каля лаўкі. Усё думаў пра сакратара з рэдакцыі і ўспомніў. Гэта зусім проста. Сакратар піша, што жыве зь ім у адным доме. Пабарзьдзіў да кватэры.

...даражоны пісьменьнік, па праўдзе, для мяне вы адно й тое: ці былі вы, ці не былі на зямлі нашай! Але даруйце за маё ашчапэнства на вас! Людзі чагосьці, заўсёды чагосьці хочуць ад людзей. Яны крыўдзяць адзін другога і тым часам астаюцца зтым самым адным: зь сьмерцяй.

Я не пахапнік ці можа прыроджаны, ці можа ўзгадаваны — ня ведаю. Але я хмурлівы не ад таго, што ня ведаю, што рабіць у жыцьці маім, а таму што вельмі адчуваю абавязкі рабіць: вяшчуніць дабро на зямлі. Мне жадаецца ўсё перажыць у жыцьці. А часу, Божа мой, тры кроплі на смаглыя вусны!.. Лепш напішэце пра вёску — я нарадзіўся ў вёсцы. Люблю завірухі на нівах, каля вясковых сялібаў; лета й зіму ў пушчах ды барох. Узімку ў лесе — не ў джунглях. Мароз трашчыць, як кажуць сяляне, але пад шатамі елак затульна, толькі зрэдку зь неба пырскае ў твар сьняжынкамі; сонечныя праменьні, сапраўдныя косьмы залатыя, сьцелюцца каля гонаў дрэў пад тваімі ступнямі; клёст сьпявае, серанок трашчыць пад ступкамі лася або казулі, нат' у сьцюжу там поўна жыцьця, і яно, здаецца, адтуль пачынаецца; рэха ад сякеры лесасека ядзерыстае, трубнае, бы калі ўяўляць гэтак. Вясьняная армія памалу, дзесьці з воддалю, акружана наступае на Зіму. Або напішэце пра мяне. У нашай вясковай царкве прывучалі мяне зь іншымі хлапчукамі прыслужваць сьвятару. І навучыўся, калі сьвятар казаў «Амін», я натрапляў часіну паласавацца пражаным ці вымачаным бобам, што заўсёды ў маім кішэні. Аднойчы, пакуль памагаў сьвятару перамяніць царкоўнае апраньне, адважыўся пачаставаць яго. Ёнусыпаў жменьку пражанага гароху ў свой вялікі рот і зьеў за сьвятымі варотамі. Падзякаваў, а тады ў сьвятым казаньні зганьбіў маіх бацькоў за благое выхаваньне дзяцей. Я меў ажно дзьве болесьці: крыўда на сьвятара і неабыякае пакараньне ад бацькоў. Яны былі набожныя, і з іхных божапакаральных рук мяне выратавала бабуля. Загрэла, «загрэла» добра, знячэўку, кійком па галаве — не па маёй, а па бацькавай. Бацька, дакараючы мяне, стаяў па-афіцэрску, не спадзяваўся, бабулінага «зьнячэўку» дастанецца яму. А праз два дні мая бабулька памерла. Яшкадую яе больш, чымсьці мая мама... Даруйце, што заклікаю вас пісаць тое, што падабаецца мне! Пішэце што падабаецца, але ня хлусіце, а калі думаеце хлусіць, дык не рабеце знас паганскую доўбню на ўзгорку.

...калі падумаць кмена: навошта было мне сьцягваць вас? Што прынясе або задаволіць час маё дацінаньне вам? Мы абое па-свойму будуем сваё жыцьцё. Вы ня маеце зайздрасьці да майго, а я да вашага. Аднак няхай маё праклінаньне вас апынецца ў вас... Але хай чорт разьбярэцца з усім, на заўтрае я адумаўся: сакратарскія праклёны нікому ніколі ня шкодзілі! Прыкладам, хоць бы гэткі праклён:

Прыціхні,
сам сабе законны вораг,
ён цягар у тых мясьцінах,
куды мяне із песьняй прынясуць,
і будзе нам тады усё
усё адным, усё нічым.

А ўсёткі блага, што я ўшчыраўся разважаньнямі пра вас, бо нічога свайго патаёмнага не пакінуў сабе. Маё кананьне супраць вас ніякіх зьменаў на зямлі ці ў Айчыне ня зьдзейсьніць. Бывала, калі меў дзесяць-пятнадцаць год, пасьля заняткаў у школе або ў часе летніх канікулаў я любіў пабарукацца з калодай-стаў буном, ад гэтага ходаньня чуўся здаровым і шчасьлівым. Але аднойчы калода ледзь не задушыла мяне, ад таго часу зразумеў: тое, што наўмерыў асіліць у жыцьці, ці нават у кажнадзённым захаваньні, — асільвай да перамогі. Не разумець сваю сучаснасьць можа толькі пашчонак, або больш зразумела: дурань. Аленазначаць, урочыць будучыню ня лёгка! Будучыню азначаюць неспадзеўныя змаганьні людзей.

* * *

Пісьменьнік убачыў гаспадыню на калідоры, якраз стукала ў дзьверы да ягонага пакою. Яна апранутая як заўсёды ў шаўковую накідку.

— Я думаю, напэўна, сьпіць. Дзе ж ты быў?

— Нідзе. Бачыш вярнуўся.

Яна пяшчотна даткнулася далоняй да падбародача пісьменьніка. Ён адамкнуў дзьверы. У пакоі гаспадыня абняла й пацалавала яго больш сваячна, чымсьці ў зале, калі ўручала яму прэмію за пісаньні шанаваць зьвяроў-жывёлаў.

Пісьменьнік у сваіх думках таксама меў сваё. Пацалаваў шчыра гаспадыню, а тады, як сяляне кладуць або складаюць гарбузы на воз, беручы іх па два ў ахапак, міла падхапіў адзадзя і падняў яе перад сабой. Гаспадыня, узьнятая, пачала цалаваць ягоны лоб і скроні. Яна не кранулася апусьціцца на падлогу — люба быць у ягоных руках. Ён занёс яе на ложак. Яна квола распласталася. Нахрасна палажыла нагу на нагу.

— Чаму не ажаніцца нам?.. Цяпер у доме маім толькі ты й я. Пазаўчора і гэтага сакратара выгнала. Шкадую, што раней не зрабіла. Вучыцца надумаўся. Ва ўнівэрсытэцкай бурсе будзе жыць.

— Гэтых сакратароў трэба варам выганяць.

Гаспадыня не распытвалася: чаму? Трэці, нават успамінаю чы, — лішні. Пісьменьнік радаваўся. Сакратара няма. Вясёла ўсьміхнуўся. Сунежна правёў пясьцёй па гаспадыніных мякацях. — Жаніцца хочаш? — ліпнучы да гаспадыніных вуснаў прагаманіў пісьменьнік. Чутней чуўся водар ейнага цела. Больш яны не хацелі гутарыць


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by