МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Андрэй Сякера // Эквівалент

Аўтар: Дудзіцкі Уладзімір
Раздзел: Проза
Краiна: Нявызначана

1

Андрэй ня чуў, калі зачыніліся за ім дзьверы. Апынуўшыся на мокрым цёмным ходніку, ступіў некалькі крокаў і, зябка здрыгануўшыся, спыніўся.

— Куды ж гэта яно мне? — сутаргава зашавяліліся ягоныя палушчаныя пазаўчарашняю гарачкаю губы. — Сюды ці туды?..

— Сюды, чалавеча, сюды... — зазьвінелі, здалося яму, у правым вуху выразныя словы нейчага спагадлівага жалю.

— Пэўне ж сюды... — зашавяліліся зноў губы.

І Андрэй Сякера, сьціснуўшы рукою вузел клунку, кінуўся ўправы бок.

Ён ніколі ня быў у гэтым крывым непрыемным завулку. Ён ня ведаў нават і самых Шыбеніцаў. Толькі адзін-аднюткі раз на сваім вяку быў ён у маладзіковую нядзелю на Шыбеніцкім кірмашы. І было тое даўно, тады, калі «багацей Сякера», як зпашаноўляй звалі іржаўцы Андрэя, прывозіў на продаж гладкую белабокую цялушку свае гадоўлі. І цяпер яму ўсё роўна куды ісьці. Аднак кінуўся ў падказанае «сюды» — у правы бок,— думаючы барджэй мінуць шалёны будынак і апынуцца ў відне нейкага далёкага ліхтара, што, здавалася, міргае, хістаючыся густым мокрым ветрам, каб выбавіць чалавека з глухой цішыні завулку й паставіць яго худым валасатым тварам да ягонае роднае Іржаўкі.

Сьпяшаючыся, Андрэй пасьлізнуўся, хлюпнуўся левым каленам у лужыну, наткнуўшыся грудзьмі на адтапыраную з плоту штакеціну. Ад болю навіліся сьлёзы, рука ыпусьціла клунак, іпарывісты кастрычніцкі вецер выхапіў халодны скрыгат зубоў і прыглушыў яго шумам мокрых кляновых кронаў. Падняўся, прытуліўся плячыма да плоту, каб ізноў ня ўпасьці. Ад замараку Андрэю здалося, што нехта дужы ўхапіў яго вышэй локцяў і пачынае зноў валачы ў той самы будынак, дзе ён пакінуў пярэднія зубы, кончык адбітага зубамі языка й пахварбаваную крывёю падзёртую зрэбную кашулю... Зь перапалоху крыкнуў і так моцна, што нават не пачуў, як аднекуль зблізу вырваўся раптам глухі страхотны голас: «Ходу няма. Назад!». І толькі тады, калі той самы голас уварваўся ў вушы другім наваратам, Андрэй, ачнуўшыся ад прывіду, апраўдаўся: «Мяне ж пусьцілі дадому…» І пайшоў назад — у левы бок.

На бруку шыракаватай вуліцы, ледзь-ледзь асьветленай двума ліхтарамі, сакаталі колы трох калгасных хурманак. На першай Сякера пазнаў цукровыя буракі з бацьвіньнем, на другой— пукатыя мяшкі, накрытыя рабымы посьцілкамі, а на трэцяй — самай даўгой і высокай — увязаныя вераўчакамі карчакі на распал у печы. Андрэй здагадаўся, што людзі вязуць усё гэта на продаж і не абы-дзе, а на Шыбеніцкім рынку. Гэтак ён увазнаў дарогу й пайшоў, мінаючы хурманкі, на ўскрай Шыбеніцаў, адкуль пойдзе спачатку гасьцінцам, а потым — адтуль, дзе гасьцінец збочвае да спаленага летась вялікім перуном калгаса «Круты уздым», у старых багатых Стаўбуновічах — возьме нацянькі, пярэйдзе каля муроў сыраварні, разбуранае ў дваццаць дзявятым годзе, уброд раку і сьценкамі напрасткі ў Іржаўку.

Так думаў Андрэй Сякера, ідучы на ўскрай Шыбеніцаў.

2

Нешта каля трэціх певуноў, калі Андрэй Сякера мінаў ужо Шыбеніцкія могільнікі, ушчалася навальніца. Цяжка было ісьці, хворыя балючыя ногі ня трымалі на сабе спакутаванага ў турме цела. Маланка раз-пораз асьляпляла Андрэевы вочы ды зноў упірала іх у пустую чэрню ночы. Раскацістыя грымоты і ўзьюшаны вецер зьбівалі з тропу. На целе — ні сухога рубца. Ададому ісьці трэба, і трэба сьпяшацца. Бог сьвяты ведае, што там дома робіцца! Гэта ж паўвеку, здаецца, прайшло, як Андрэй ня бачыў ні Тэклі, ні Аленкі. Заўтра ж ёй васямнаццаты гадок. Тэкля зь вялікай радасьці будзе плакаць і выціраць хвартухом сьлёзы, а Аленка абдыме бацьку, выцалуе аброслыя шчокі й не адступіцца ні на часіну.

Радасныя думкі абарваліся сыгналам грузавіка. І сталася гэтак: Андрэй, стараючыся адступіцца набок, каб добра разьмінуцца з грузавіком, чамусьці апынуўся пасярэдзіне гасьцінца. Грузавік заскрыгатаў і спыніўся каля самага Андрэя. Раззлаваны шофэр пачаў крычэць і лаяць чалавека-разявяку, які стаіць, як той вадзянік, і не варушыцца. Аднак, зірнуўшы на ягоныя лахманы, на падвязаныя матузамі ашчэраныя падэшвы выцертых ушчэнт бесхалявак, на невялікі чорны клунак, зжаліўся:

— Куды, бацька, паўзеш такою парою? Га?

— Дадому. У Іржаўку, — вінавата адказаў перапалоханы Андрэй Сякера, адступаючыся ўбок. Грымоты зьбілі мяне зпанталыку... Можа б падвёз, сынок, калі па дарозе?

— Давай, вадзянік, у кузаў, — загадаў шофэр і падпіхнуў Андрэя на бакавіцу грузавіка. Калі ж той нечым забарабаніў, шофэр ужо зусім ветліва параіў:

— Глядзі ж, бацька, не зваліся. Трымайся! Дарога выбоістая.

Грузавік заскрыпеў, заскрыгатаў і паімчаўся, абіваючы нечым мулкім балючыя Андрэевы бакі. А дождж — небывалы, як з луба. Учасьціліся й маланкі. Пры іхнім вокамгненным сьвятле Андрэй Сякера ўбачыў у кузаве грузавіка дзьве навюткія нехварбаваныя труны й пачуў нейкія нечалавечыя цягучыя стагноты. Андрэя апанаваў жудасны страх. Ён, ня могучы вымавіць ані слова, пачаў стукаць кулакамі ў шыбіну шофэравае кабіны. Шофэр, чуючы грымоты, пяруны і стукатню трунаў, не здаўмеўся, што гэта барабаніць ягоны «вадзянік» у кузаве. Пазьней, калі вярнуўся Андрэю дар мовы, шофэр пачуў ягоны голас ратунку:

— Стань, чалавек Божы! Стань! Мерцьвякі твае варушацца!.. — крычэў Андрэй, малоцячы кулакамі ў шыбіну шофэравае кабіны.

Шофэра гэты енк узлаваў, і ён хацеў высадзіць няўдзячнага баязьліўца, але ж чалавек — чалавекам і жаль чалавечы ў сэрцы сваім мае. Такім надвор'ем і сабакі крыўдзіць ня можна. Гэтак падумаў, памякчэўшы, шофэр, пачуўшы, можа, трэцім наваратам тое самае:

— Стань, чалавек Божы! Стань! Мерцьвякі твае варушацца!..

Прыцішыўшы язду, шофэр прыклаў шчаку да шкла і, крычучы, ізноў парадзіў:

— Гэта шыбеніцкая цялушка... шырпатрэбаўская... У другую труну хавайся, бацька!.. Хавайся!

Ляскочучы зубамі, Андрэй зьвіхнуў века труны, зь якой ня чутно было стогну, улез у яе, выпрастаўся і накрыўся тым самым векам.

Стомлены і целам і душою, Андрэй неўзабаве заснуў.

3

«...Пра тое, што чуў і бачыў, — нікому ані слова. Ні жонцы, ні родным, ні блізкім, Андрэй Сякера»... «Стаў свой крыжык!»— стагнаў у сьне Андрэй, хаваючы ў кішэні лахманоў пакінутыя ў Шыбеніцах пярэднія зубы, кавалачак адбітага зубамі пры катаваньні языка й пахварбаваную крывёю зрэбную кашулю...

Стагнаў і сьцішыўся...

На сьвітаньні грузавік спыніўся каля канторы «Іржаўскі шырпатрэб».

Века труны, у якой, расчыніўшы валасаты рот, соладка спаў Андрэй, ляжала збоку, каля левае бакавіцы грузавіка. Шофэр, будзячы свайго «вадзяніка», адштурхнуўся ад нечаканага зьдзіўленьня назад:

— Дык гэта ж ты... Наш Андрэй Сякера...

Сьпяшайся ж, чалавеча, дадому!.. Сьпяшайся!..

4

На парозе хаты Андрэя Сякеру пераняла ягоная суседка Лукера. Узяла за рукі, сьціснула, зірнула ў вочы, заплакала й потым, апусьціўшы галаву, сказала: — Чакала бедная Тэкля... і не дачакалася... Пухам ёй будзе наша сьвятая зямелька...

5

Папаўдні Андрэй Сякера адчыніў дзьверы «Іржаўскага шырпатрэбу»


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by