МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Адзін Госпад, адна Вера, адзін Хрост. 2007 — (Бібліятэка Бацькаўшчыны, кн. 12).

Год: 2007
Cерыя: “Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
Раздзел: Успаміны, Бібліяграфіі, Персаналіі, Проза
Краiна: Беларусь, ЗША, Ізраіль
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

Прадмова

Сьветлай памяці Зоры Кіпель прысьвячаецца

Ад укладальніка

У Пасланьні Сьвятога апостала Паўла да Эфэсянаў прамоўлены наступныя словы, скарыстаныя ў назове гэтага зборніку:

«Умольваю вас я, вязень у Госпадзе, каб вы хадзілі дастойна пакліканьня, якім пакліканыя, з усёй пакорлівасьцю і лагоднасьцю, з доўгацярплівасьцю і любоўю адны адных пераносячы, імкнучыся захаваць адзінства духа ў саюзе супакою. Адно цела й адзіны Дух, як пакліканыя вы ў адной надзеі пакліканьня вашага. Адзін Госпад, адна вера, адзін хрост. Адзін Бог і Айцец усіх, які над усімі, і праз усіх, і ва ўсіх нас» (Эф., 4, 1-6).

Адзін Госпад, адзін Спадар — для праваслаўных, католікаў, уніятаў. Адзін — для беларусаў у Беларусі й па-за яе межамі. Гэтае адзінства — у Богу й веры — і ёсьць зьместам і ідэяй прапануемай кнігі.

У першым разьдзеле, «Хрыстовым шляхам», аўтары беларускага замежжа — сьвятары й навукоўцы — ва ўспамінах, нарысах-партрэ тах і навукова-публіцыстычных артыкулах распавядаюць пра цярністыя шляхі Рыма-каталіцкай царквы на Беларусі, Беларускай каталіцкай (усходняга абраду) й Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай цэркваў ды лёсы іх зямных апосталаў.

Другі разьдзел, бібліяграфічны, зьмяшчае артыкулы з буйнейшых эміграцыйных газэтаў «Бацькаўшчына» й «Беларус», якія датычаць рэлігійнага жыцьця ў Беларусі й на выгнаньні.

У апошнім, трэцім, разьдзеле надрукаваны мастацкі нарыс Уладзімера Глыбіннага «На Сьвятой зямлі» пра ягонае падарожжа ў Ерусалім у 1966 г.

Спадзяемся, што гэтая публікацыя спрычыніцца да ўшанаваньня памяці людзей — сьвецкіх і сьвятароў, — якія прысьвяцілі сваё жыцьцё пашырэньню Божага Слова сярод беларусаў, і да ўмацаваньня ідэі царкоўнае й нацыянальнае еднасьці беларускага народу, еднасьці ў разнастайнасьці, што ёсьць падставай да дыялёгу паміж беларусамі розных канфэсій у духу ўзаемнае павагі і любові.

Хрыстовым шляхам

Aйцец Леў Гарошка

Беларускiя сьвятары
й рэлiгiйныя дзеячы Беларусi

Айцец Мацей Магнушэўскi

Гэта самы першы беларускi рэлiгiйны дзеяч з пачатку ХІХст. Ён кiдаў першыя зярняты ў душы сялянскае моладзi, зь якiх узыходзiлi першыя парасткi беларускага адраджэнскага руху. На жаль, вестак аб ягоным жыцьцi захавалася вельмi мала. Зусiм няведама аб ягоным паходжаньнi й ягонай маладосьцi. А нават i тое, што можа быць ведама з дакумэнтаў аб ягоных пазьней шых гадох, цяпер зусiм сьведама замоўчваецца.

З тых вестак, якiя ўбачылi сьвет да гэтага часу, ведама, што Мацей Магнушэўскi быў дамiнiканскiм манахам i сьвятаром, меў добрую асьвету i нават вучыў дзяцей князя Мацея Радзiвiла — Канстантына й Антанiну. Калi дзецi вырасьлi, тады князь выслаў айца Магнушэўскага ў багатую парахвiю ў мястэчка Крошын. Але як дамiнiканiн ён праўдападобна належаў да дамiнiканскага манастыра ў Вэрках, каля Вiльнi, i нават лiчыўся там супэрыёрам, але практычна супэрыёрства выконваў ягоны намесьнiк. Жыхары Крошына былi пераважна мяшчанамi й часткова дробнаю шляхтаю й сялянамi. Iм шанцавала з ксяндзамi. Ужо папярэднiк Магнушэўскага кс. Малiшэўскi там адчынiў парахвiяльную школу, у якой вучылiся сялянскiя дзецi. Калi ў Крошын прыехаў а. Магнушэўскi, дык далей вёў парахвiяльную школу, у якой навучаў толькi рэлiгiю, а iншыя прадметы выкладалi: арганiсты Арлоўскi, вiкарны ксёндз Пiюс Гарбачэўскi й касьцёльны дзед Парафiяновiч.

Наагул а. Магнушэўскi ўважна апекаваўся школаю, асаблiва найбольш здольнымi вучнямi. У 1828 г. там быў 51 вучань; зь iх 35 хлопчыкаў i 16 дзяўчынак у веку ад 7 да 13 гадоў. Там вучылi чытаць, пiсаць, лiчыць i катэхiзму. А да таго ксёндз Гарбачэўскi стараўся вучыць сялянскiх дзяцей усяго таго, чаго вучылi ў iншых школах панскiх дзяцей. Ён чытаў iм казкi Эзопа, вершы польскага паэта Нарушэвiча, чытаў таксама некаторыя артыкулы з газэтаў, якiя выдавалiся ў Вiльнi i ў якiх гаварылася аб дрэнным палажэньнi сялян i аб патрэбе скасаваньня паншчыны. Ён стараўся навучыць сваiх вучняў думаць самастойна. Дык ня дзiва, што з тае школы выйшаў грамадзкi дзеяч Камiнскi, якi потым баранiў крошынскiх сялянаў перад панам i перад урадам.

Са складу настаўнiкаў крошынскае школы магчыма дагадвацца, што яна стаяла вельмi высока, i гэта вымоўна даказва юць падзеi, якiя потым адбылiся ў Крошыне. Вучнi тае школы, чуючы ад настаўнiкаў шмат агульнаасьветных вестак i чытаючы ды вывучаючы на памяць вершы старажытных i тагачасных паэтаў, нават самi спрабавалi пiсаць вершы. Да гэтага iх нават заахвочваў а. Магнушэўскi. Дзякуючы ягонай спагаднай апецы там, у Крошыне, зьявiўся першы беларускi сялянскi паэт Паўлюк Багрым. Ужо першыя вершы таго юнака сьведчаць аб ягоным высокiм паэтычным таленце й аб глыбiнi думак, якiя ён стараўся выказваць.

Крошынская парахвiяльная школа мела паважны ўплыў на ўсiх крошынскiх жыхароў. Праца айца Магнушэўскага падняла iхнюю сьведамасьць i нават заможнасьць.

Але той спакойны час разьвiцьця i ўздыму мiнуўся, калi ў 1822 г. дачка Мацея Радзiвiла — Антанiна — выйшла замуж за простага шляхцiца Станiслава Юрагу, i Крошын перайшоў да яго як прыданае Антанiны.

Юрага хацеў за ўсякую цану разбагацець, дык прыехаў у Крошын з мэтаю перавесьцi ўсiх жыхароў на становiшча сваiх прыгонных мужыкоў. Ён зажадаў ад усiх крошынцаў дакумэн таў аб шляхецтве або аб мяшчанстве. Калi ж яны паказвалi такiя дакумэнты, дык абвясьцiў iх няважнымi. Пасьля гэтага заклiкаў каморнiка перамерваць зямлю й загадаў, каб рабiлi яму паншчыну. Маючы за сабою Радзiвiлаў (ягоны швагер быў наваградзкiм маршалкам шляхты), Юрага дамогся таго, што пасьля доўгае судовае валакiты 26 лютага 1826 г. Гродзенскае Губэрнскае Праўленьне крошынцаў прызнала мужыкамi. Але сяляне не паслухалi начальства. Тады Юрага данёс губэрнатару, што крошынцы бунтуюцца, i прасiў прыслаць войска. Вясною 1828 г. войска сапраўды прыйшло з самым губэрнатарам. У гэтым грозным палажэньнi спачатку нават некаторыя сяляне спалохалiся й паддалiся Юрагу, але а. Магнушэўскi шчыра падтрымоўваў усiх i нават у аблiччу войска раiў трымацца згодна разам. Тады й тыя, што спачатку спалохалiся, адышлi ад Юрагi й трымалiся разам з усiмi.

Тады Юрага зьвярнуў увагу начальства на а. Магнушэўска га й на школу. У прысутнасьцi губэрнатара Юрага дакараў айца за тое, што гэта ён прычына бунту сялянаў, бо мае ўплыў на народ i мог бы ўгаварыць iх слухаць паноў. Юрага нават пагражаў пажалiцца бускупу за такую дзейнасьць а. Магнушэў скага. Ды й губэрнатар лiчыў айца дзiваком, зусiм непадобным да iншых ксяндзоў.

У вынiку сьледзтва, якое было зьдзекам над самымi асноўнымi вымогамi праўды, расейскi царскi ўрад зачынiў у 1828 г. крошынскую школу, айца Магнушэўскага ўзялi пад ваенны надзор, Паўлюка Багрыма аддалi ў маскалi на 25 гадоў. Такое вырашэньне справы моцна прыгнобiла айца Магнушэў скага, i ён у тым жа 1828 г. памёр перад самымi Калядамi, 24 сьнежня, маючы семдзесят гадоў.

Максiм Гарэцкi ў сваёй «Гiсторыi беларускае лiтаратуры» так гаворыць аб айцу Магнушэўскiм: «Гэты ксёндз быў шчыры прыхiльнiк працоўнага народу; ён хацеў падняць людзей з голаду й цемнаты i памагаў крошынцам процiў пана судзiцца за зямлю». На жаль, у сучасных падручнiках беларускае лiтаратуры, выдадзеных у Менску, нават i не ўспамiнаецца ягонае iмя.

Магiлёўскi мітрапалiт Эдвард дэ Роп

Для рэлiгiйнага жыцьця кожнага народу зьяўляецца вельмi важнаю справаю ўжываньне роднае мовы ў сьвятынях i ў навуцы рэлiгii. Гэтую патрэбу роднае мовы паказаў нам сам Бог, калi даў апосталам ды iхным вучням дар моваў, каб яны маглi абвяшчаць па ўсiм сьвеце сьвятое Эвангельле ў зразумелай для ўсiх мове, i такiм чынам яны пашыралi Божае Валадарства на зямлi.

Дзеля розных гiстарычных прычынаў у Беларусi беларускiя сьвятары навучалi людзей малiтваў i праўдаў веры ў чужых мовах: польскай i расейскай. Але на пачатку стагодзьдзя (ХХст.— Рэд.) ужо некаторыя беларускiя каталiцкiя сьвятары пачалi гаварыць свае казаньнi па-беларуску i праз гэта запачаткавалi новую эпоху ў беларускiм рэлiгiйным жыцьцi.

Адным з рэлiгiйных дастойнiкаў, якi шмат зрабiў у гэтай важнай справе, быў магiлёўскi архiбiскуп Эдвард дэ Роп. Ён паходзiў з вэстфальскiх графаў фон Кiрбург. Адзiн зь ягоных далёкiх продкаў у ХІІІ ст. прыехаў у Лiфляндыю й асялiўся ў мясцовасьцi Роп, дзе збудаваў сабе замак.

Эдвард дэ Роп нарадзiўся ў Лiксьне каля Дзьвiнска 2 сьнежня 1851 г. Пачатковую навуку атрымаў у родным доме, а вышэйшую асьвету — на аддзеле права ў Пецярбурскiм унiвэрсытэце. Хутка пасьля сканчэньня навукi, чуючы ў сабе Божы заклiк да духовага стану, пакiнуў сэнацкую службу i ўступiў у духоўную сэмiнарыю ў Коўне. Скончыўшы яе й атрымаўшы ў 1886 г. сьвятарскiя сьвячэньнi, выехаў на вышэйшыя багаслоўскiя студыi за гранiцу й вучыўся на тэалягiчных факультэтах у Iнсбруку й Фрайбургу, пасьля чаго нейкi час працаваў парахам у Тыролі ў Аўстрыi, а затым у Любаве ў Латвii, а потым як канонiк у Коўне.

У 1902 г. 2 чэрвеня быў пасьвечаны на саратаўскага бiскупа, але ў Саратаве аставаўся нядоўга, бо ў наступным 1903 г. быў назначаны на чало Вiленскае дыяцэзіi, дзе першы раз спаткаў ся зь беларусамi.

У Вiльнi бiскуп дэ Роп паказаў сябе з найлепшага боку. Нават шмат гадоў пасьля людзi, якiя яго памяталi, адназгодна сьведчылi, што ён быў чалавекам ня толькi высокае асьветы, але таксама й высокае ўроджанае культуры. Ён умела лагодзiў польска-летувiскае нацыянальнае змаганьне, стараючыся быць справядлiвым для ўсiх. У час рэвалюцыi 1905 г. ён успакойваў народ сваёю павагаю й не дапускаў да габрэйскiх пагромаў нават тады, калi iх арганiзоўваў жандарскi палкоўнiк. I ўжо тады ўсплыла наверх справа беларускае мовы ў рэлiгiйным жыцьцi. Нягледзячы на тагачасныя палiтычныя цяжкiя абставiны, ён умеў знайсьцi справядлiвы выхад у гэтым дачыненьнi. Але затое ён рашуча супрацiвiўся ўвядзеньню расейскае мовы ў каталiцкае рэлiгiйнае жыцьцё ў вiленскай дыяцэзii. Праз гэта ён стаўся нялюбым для царскага расейскага ўраду i за гэта быў высланы на выгнаньне ў 1907 г. Тое выгнаньне трывала ажно 10 гадоў. Вярнуўся ён у Вiльню толькi пасьля Лютаўскае рэвалюцыi ў 1917 г. i адразу пачаў укладаць шырокi плян актывiзацыi рэлiгiйнага каталiцкага жыцьця ня толькi ў Вiленскай дыяцэзii, але значна шырэй.

У тым часе ўжо беларускi адраджэнскi рух ахапiў i рэлiгiйнае жыцьцё. Бiскуп дэ Роп паставiўся вельмi прыхiльна да гэтага руху. Вось што пiсала аб iм газэта «Гоман» (1917. № 101) у артыкуле «Вiленская дыяцэзiя й выклад рэлiгii ў школах па-беларуску»: «Першая расейская рэвалюцыя знайшла на пасадзе вiленскага бiскупа ... Эдварда барона дэ Роп, каторы праз увесь час свайго ўпраўленьня дыяцэзiяй цьвёрда стаяў на краёвым становiшчы, не зьвяртаючы ўвагi на незадавольства тых цi iншых кругоў... Бiскуп Роп ня раз выказваў сваю прыхiльнасьць да беларусаў i не вагаўся называць фанатыкамi тых, што не хацелi прызнаць прыродных правоў беларускай мове... У 1905г. бiскуп дэ Роп выдаў цыркуляр, у якiм гаворыцца: «Для дзяцей, якiя ўжываюць беларускай мовы ў пачатковых школах, дапускаецца ў меры патрэбы тлумачэньне прадмету па-беларуску». Каб ацанiць як трэба вагу гэтага кроку, мы павiнны прыпомнiць, што тады ў нас толькi пачалi выяўляцца першыя пробліскi адраджэньня беларускага народу.

Калi бiскуп дэ Роп пачаў рабiць пастырскiя вiзытацыi парахвiяў, дык беларускiя сьвятары, ведаючы ягоныя пагляды, рыхтавалiся да беларускiх казаньняў.

У лiпенi 1917 г. ён прыехаў у Дзiсну. I вось 20 лiпеня мясцовы дзекан пайшоў да бiскупа Ропа запытацца, цi можна сказаць казаньне ў роднай мове народу? I на гэта пачуў адказ: «Ня толькi можна, але й трэба».

Радасьцi беларускiх сьвятароў не было канца. Да гэтага часу, хоць i рабiлiся спробы гаварыць казаньнi па-беларуску, але тыя спробы сустракалiся зь вялiкiмi перашкодамi з боку варожага да беларусаў духавенства, бо яны такiя спробы ўважалi за здраду Каталiцкай царкве. I вось нарэшце бiскуп дэ Роп дазволiў беларускiя казаньнi. Першае такое казаньне сказаў у той жа Дзiсьне ў прысутнасьцi самога бiскупа ксёндз Адам Станкевiч. Бачачы радасьць людзей, што слухалi навуку ў роднай мове, бiскуп дэ Роп загадаў гаварыць беларускiя казаньнi ўсюды, дзе людзi гэтага хочуць. Такiм чынам i ў Беларусi быў прызнаны прынцып Каталiцкай царквы, каб размаўляць да кожнага народу ў ягонай роднай мове. Пасьля гэтага дэ Роп нават сам, нягледзячы на свой паважны век, пачаў вучыцца беларускае мовы. I да ўсiх тых, што да яго гаварылi па-беларуску, ахвотна прамаўляў хоць некалькi слоў па-беларуску.

Але ў Вiленскай дыяцэзіi бiскуп дэ Роп заставаўся нядоўга. Напрыканцы 1917 г. папа Бэнэдыкт ХV назначыў яго архiбiскупам у Магiлёўскую мітраполiю. Iнтранiзацыя адбылася ў Петраградзе, i там папская була аб ягоным назначэньнi архiбiскупам была прачытаная ў некалькiх мовах, у тым лiку й па-беларуску. Чытаў яе ксёндз Хвецька. На становiшчы архiбiскупа дэ Роп прадаўжаў сваю працу ў тым самым духу, што i ў Вiленскай дыяцэзii. Але гэта ўжо быў час, калi бальшавiкi распачалi антырэлiгiйны наступ, i таму ён цярпеў шмат нападаў зь iхняга боку. 29 красавiка 1919 г. бальшавiцкая ўлада яго арыштавала. За сьвятара заступiлiся вернiкi, а такжа апостальскi нунцый Ахiлес Раццi.

Пабачыўшы такую рашучую абарону й забаяўшыся выступленьняў, 5 лiпеня перавезьлi яго зь Петраграду ў Маскву, дзе некалькi месяцаў трымалi ў Лубянскай турме, потым у Бутырках, а затым перавезьлi ў Грузiю. Але паколькi пратэсты не спынялiся, дэ Роп 17 верасьня 1919 г. быў высланы за гранiцу. Ён асеў у Варшаве, дзе 9 лiпеня 1927 г. адзначыў 25-я ўгодкi свайго бiскупства. У 1931 г., ужо ня маючы надзеi на паварот у сваю мітраполiю ў Магiлёў, выдаў разьвiтальны лiст да свайго духавенства. У тым лiсьце ён яшчэ раз зьвяртаў увагу сьвятароў на патрэбу шанаваньня ўсiх народаў i прызнаньня iхных прыродных правоў.

Памёр архiбiскуп дэ Роп у Познанi 25 лiпеня 1939 г.

Iмя гэтага вялiкага пастыра беларускi народ будзе заўсёды ўспамiнаць зь вялiкаю пашанаю. Ён хоць i ня быў беларускага паходжаньня, але сапраўды па-апостальску любiў беларускi народ i стараўся быць для яго духоўным правадыром. З багаславеньня архiбiскупа дэ Ропа пачалася вялiкая справа ў беларускiм рэлiгiйным жыцьцi.

Бiскуп Сьцяпан Данiсевіч

Гаворачы аб беларускiх рэлiгiйных дзеячах, якiя былi ведамыя сваёю працаю на беларускай рэлiгiйнай адраджэнскай нiве, звычайна называюць iмёны толькi беларускiх каталiцкiх сьвятароў. Але трэба таксама памятаць, што мiж беларускiх рэлiгiйных дзеячаў ёсьць i бiскупы. Такiм быў бiскуп Сьцяпан Данiсевiч. Ён нарадзiўся ў набожнай каталiцкай сялянскай сям'i ў 1836 г. у Чарэйскай парахвii Магiлёўскае губэрнi. Духоўную асьвету атрымаў у Каталiцкай духоўнай сэмiнарыi ў Менску й далей у 1859 г. яшчэ студыяваў у Каталiцкай духоўнай акадэмii ў Пецярбургу. Закончыўшы яе ў 1863 г. i атрымаўшы сьвятарскiя сьвячэньнi, працаваў у розных парахвiях у Воршы, Смаленску, Магiлёве. Там ён атрымаў годнасьць пралата. I калi ў 1903 г. памёр магiлёўскi архiбiскуп Клапаткоўскi, ён быў абраны генэральным вiкарыем да часу назначэньня бiскупа Слупаў-Шэм бэка ў 1904 г. Але гэты бiскуп памёр у наступным годзе, i тады зноў пралат Данiсевiч стаўся генэральным вiкарыем i гэтым разам ён кiраваў Магiлёўскаю архiдыяцэзіяю аж да 1908 г., калi бiскупам быў назначаны Ўнукоўскi.

Бiскуп Данiсевiч часта карыстаўся ў сваёй душпастырскай працы беларускаю моваю й дзе толькi мог уводзiў беларускiя казаньнi й навуку рэлiгii ў беларускай мове. Сам выдаў дзьве беларускiя катэхiзiмоўкi ў 1906 i 1907 гг. Ён заахвочваў iншых ксяндзоў карыстацца беларускаю моваю ў душпастырскай дзейнасьцi.

Памёр бiскуп Данiсевiч у 1913 г. Сьляды ягонае працы былi доўга адчувальнымi ў некаторых парахвiях.

Ксёндз Аляксандар Астрамовiч

Жыцьцёвы шлях ксяндза Астрамовiча быў цяжкiм i цярнiстым, але ён прайшоў яго цьвёрдым i ўпэўненым крокам, не адступаючы перад нiякiмi перашкодамi. На жаль, пра ягонае жыцьцё захавалiся няпэўныя звесткi.

Аляксандар Астрамовiч нарадзiўся 26 лiстапада 1878 г. у вёсцы Навасяды Гальшанскае гмiны Ашмянскага павету ў сялянскай набожнай каталiцкая сям'i. Скончыўшы гарадзкое вучылiшча ў Ашмяне, ён рабiў паважныя стараньнi вучыцца далей. Чуючы ў сабе моцнае паклiканьне да духоўнага стану, стараўся дапоўнiць сваю асьвету, каб паступiць у духоўную сэмiнарыю ў Вiльнi, і дзеля гэтага зьвярнуўся да аднаго ксяндза ў Вiльнi. Але той, пабачыўшы перад сабою перакананага беларуса, толькi бессаромна выкарыстаў яго. Потым родны брат Аляксандра пiсаў да ксяндза Адама Станкевiча, што апека таго ксяндза над ягоным братам была «скацiнаю апекаю». Каб спраўдзiць тыя словы, кс. Станкевiч зьвярнуўся да гэтага ксяндза беспасрэдна, i той адказаў яму: «Tak, Astramowicz byі u mnie, to dureс jakiњ».

Праз тую апеку несумленнага ксяндза Астрамовiч страцiў шмат часу й мусiў яшчэ адслужыць вайсковую службу, але не пакiнуў думкi стацца сьвятаром. Пасьля вайсковае службы ён хоць i зь вялiкiмi клопатамi, але здолеў дапоўнiць сваю асьвету i ў 1905 г. здаў iспыты ды, маючы 27 гадоў, паступiў у Петраградзкую духоўную сэмiнарыю, бо там не было такое варожасьцi да беларусаў, як у Вiленскай сэмiнарыi: дух тут быў больш каталiцкi. Там вучылiся летувiсы, латышы, немцы, палякi, спольшчаныя беларусы й сьведамыя беларусы, таму было вальней вучыцца й працаваць без баязьнi насiльству шавiнiзму.

Праўда, i там некаторыя духоўныя дакаралi Астрамовiча й нават пацiху спрабавалi перасьледаваць яго, але гэткi нацiск ён мог лёгка пераносiць, маючы моцны характар i вайсковую вытрымку.

Ужо ў сэмiнарыi Астрамовiч выявiў свае арганiзацыйныя здольнасьцi, аратарскi талент i прыязны падыход да сяброў. Дзякуючы ягоным стараньням каля яго трымалiся сэмiнарысты -беларусы, была афiцыйна заснаваная беларуская сэкцыя ў казнадзейскiм гуртку. Ужо ў сэмiнарыi Астрамовiч пачаў пiсаць вершы, але зь iмi доўгi час хаваўся ад усiх. Аднойчы, убачыўшы на старонках газэты «Наша Нiва» вершы пачынаючых паэтаў, даслаў у рэдакцыю й свае творы, падпiсаўшы iх псэўданiмам Андрэй Зязюля. Праз колькi дзён вершы былi надрукаваныя.

Уся гэтая дзейнасьць энэргiчнага беларуса вельмi не падабалася польскiм дзеячам у сэмiнарыi й архiбiскупскай канцылярыi, яны рабiлi розныя iнтрыгi, каб не дапусьцiць яго да сьвятарства, але нiчога зрабiць не змаглi, толькi апазьнiлi на адзiн год.

Атрымаў Астрамовiч духоўныя сьвячэньнi ў 1910 г. Iнтрыганты ўсё ж дамаглiся, каб Астрамовiча выслалi як надалей ад Беларусi — ажно на Камчатку. На шчасьце, i там ён не зьняверыўся. Дзякуючы энэргiчным стараньням ужо ў лютым 1911 г. быў на бацькаўшчыне, дзе атрымаў працу ў парахвii Абольцы. Калiсьцi Абольцы былi паважным местам: там у 1387 г. Ягайла сваiм коштам збудаваў першы каталiцкi касьцёл у Беларусi. Але потым Абольцы заняпалi, касьцёл састарэўся. На ягоным месцы ў 1709 г. выбудавалi невялiчкi драўляны касьцёл, якi нiчым асаблiвым не вызначаўся, але там ксёндз Астрамовiч разгарнуў шчырую душпастырскую дзейнасьць: гаварыў беларускiя казаньнi, а касьцёльны хор сьпяваў беларускiя рэлiгiйныя песьнi. За гэта духоўныя ўлады пераносiлi Астрамовiча ў iншыя парахвii. Калi выбухнула Кастрычнiцкая рэвалюцыя, ён меў шмат прыкрасьцяў ад камунiстычнае ўлады. Касьцёльная ўлада перанесла яго ў Сянно, дзе ён 17 студзеня 1921 г. раптоўна памёр, маючы ўсяго 43 гады. Абставiны й прычыны ягонае прадчаснае сьмерцi да гэтага часу няведамыя й зьяўляюцца загадкавымi, бо меў Астрамовiч добрае здароўе. Так у кароткiх рысах выглядае жыцьцёвы шлях ксяндза Аляксандра Астрамовiча. Але ён быў ня толькi сьвятаром, але й беларускiм паэтам. Ягоныя вершы азначаюцца шчыраю рэлiгiйнасьцю й такою ж шчыраю любоўю да беларускага народу.

Асобнымi кнiжкамi выйшла толькi частка ягоных твораў: вiленскi зборнiк вершаў «З роднага загону» ў 1914 г., зборнiк «Слова праўды» ў 1917 г. ды апавяданьне вершам «Аленчына вясельле», якое было надрукавана пасьля сьмерцi аўтара ў 1922 г. Шмат ягоных вершаў друкавалася на старонках газэтаў «Беларус», «Сьветач», «Вольная Беларусь», «Крынiца». Але яшчэ больш твораў засталося ў рукапiсах — яны перахоўваюц ца ў некаторых рэлiгiйных дзеячаў.

У паэзіi Зязюлi асабiстых перажываньняў ёсьць мала, але паважнае месца займае бязьмежная любоў да роднага краю, выказваньне непахiснае веры ў лепшую будучыню. Беларусь ён называе ласкальнымi словамi:

Старонка родная, ты многiмi забыта,
Шмат сьпiць сыноў тваiх адвечным сном!
Зямелька родная, сьлязьмi і потам зьлiтая —
Мы да жыцьця з табой уваскрасём.
Хоць знойдзецца ў табе выродны валакiта,
Катораму твая не да спадобы сьвiта,
I не адзiн прадасьць цябе Iскарыёт,
Але табе яшчэ ўсё мацi семянiта,
Сяляне верныя, што сеюць жыта,
А зь iх паўстане твой народ.

Падобную непахiсную веру аб лепшай будучынi ён выказвае ў шмат iншых вершах:

Веру моцна, што зь вясной
Сонца праўды ўстане
I прабудзiцца край мой
Зь векавога спаньня.
Веру моцна — слова ў чын
Зьменiцца паволi
I убачыць селянiн
Луч шчасьнейшай долi.

Гэткую моцную веру яму дыктавала моцная любоў да роднага краю, якому ён прысягае на абсалютную вернасьць:

Над гонар i славу, над чары каханьня
Народную справу i перакананьне,
Што розум дыктуе, заўсёды я волю —
Ня здраджу нiколi.
Хай срэбра, дукаты мне сыплюць пад ногi
I скажуць: багаты будзь, кiнь род убогi,
Я плюну з пагардай, народу ж i волi —
Ня здраджу нiколi.
Да самага скону, усякiм прымусам
I сiле прыгону скажу: Беларусам
Ня здраджу нiколi!

Сваю непахiсную веру кс. Астрамовiч мацаваў шчыраю малiтваю. Адзін з такiх ягоных пабожных вершаў стаўся беларускiм гiмнам аж да часу Другое сусьветнае вайны:

Божа, што калiсь народы
На асобкi падзялiў
I хацеў, каб народ кожны
Мовай роднай гаварыў,
Узглянь жа на народ бяздольны
Беларускi, што к Табе
Голас цiхi, паднявольны
У пакорнай шле мальбе.
Асьвяцi наш розум верай,
I надзею ў сэрца ўлi,
Ды агонь любовi шчырай
Ў сэрцах нашых запалi!
Памажы ж нам, Божа мiлы,
Прабудзiцца да жыцьця,
Удзялi парады, сiлы,
Каб ня зьбiлiся з пуцьця.

Ксёндз Астрамовiч датрымаў свае прысягi й Богу, i беларускаму народу, ахвярна выконваючы душпастырскiя абавязкi. Той палкi жар любовi да роднага краю й непахiсная шчырая вера, якую ён пакiнуў у сваёй лiтаратурнай спадчыне, зьяўляюцца каштоўным скарбам для грамадзкага й рэлiгiйнага жыцьця Беларусi.

Ксёндз Кастусь Стэповiч

Мiж беларускiмi рэлiгiйнымi дзеячамi ксёндз Стэповiч займае апрычонае месца, бо ягоная рэлiгiйная дзейнасьць была непадзельна спалучана з грамадзкаю й лiтаратурнаю дзейнась цю, у якой паважнае месца займалi фiлязафiчныя разважаньнi.

Нарадзiўся Кастусь Стэповiч у вёсцы Баранi Сьвянцянскага павету 19 лютага 1890 г. у сялянскай сям'i. Ягоныя бацькi мелi толькi паўвалокi пяшчанае зямлi, таму пэўны час яны арандавалi кавалак зямлi ў недалёкiм глухiм засьценку. Там Кастусь да дзесяцi гадоў праходзiў праз усе беды й журбы жыцьця вясковага юнака. Найбольш далося яму ў знакi быць падпасьвiчам у пастуха Марцiна. Пазьней Кастусь называў яго сваiм першым «настаўнiкам» i «тыранам». Марцiн ведаў шмат казак, прыпевак, розных апавяданьняў, мiж якiмi побач нявiнных i сьмешных было нямала найбольш брудных i агiдных. Тыя апавяданьнi пужалi чулую дзiцячую ўяву Кастуся. Выпас кароў на арандаванай зямлi аплацiўся добра. Бацькi Кастуся зарабiлi на сырах i масьле й пастанавiлi гэты даход выкарыстаць на асьвету сына. Яны паслалi яго ў гарадзкую школу ў Сьвянцяны. Кастусь закончыў яе ў 1905 г., калi расейская рэвалюцыя прынесла нямала розных пераацэнак грамадзкiх вартасьцяў.

Па сканчэньнi гарадзкое школы перад Кастусём паўстала пытаньне: куды ісьцi далей? Ягоныя бацькi вельмi хацелi бачыць сына ў духоўным стане, ды й сам ён мроiў пра гэта. Але на тое, каб паступiць у духоўную сэмiнарыю, трэба было яшчэ дапаўняць асьвету да ўзроўню чацьвёртае клясы гiмназii. Гэтае дапаўненьне ён зрабiў прыватна, здаў iспыты ў 1907 г. у Пецярбургу ды адразу запiсаўся ў Вiленскую каталiцкую духоўную сэмiнарыю, куды яго прынялi як асьпiранта: гэта значыла, што ў сэмiнарыю Кастусь хадзiў адно на выклады, але жыў на прыватнай кватэры, а вечарамi мусiў працаваць, каб зарабiць на пражыцьцё.

Працуючы вечарамi, ён меў нагоду пазнаёмiцца зь беларускаю адраджэнскаю працаю пры рэдакцыi «Нашае Нiвы». Праз тры гады цяжкое працы Кастусь моцна падарваў сваё здароўе й захварэў на сухоты, а таму мусiў пакiнуць навуку ды ехаць у горы, у Закапанэ, каб ратаваць здароўе. Перад выездам зь Вiльнi ён аддаў у рэдакцыю газэты свой першы верш «Прад Богам».

У Закапанэ ён прабыў больш за год i вярнуўся толькi напрыканцы 1913 г. Пасьля гэтага закончыў курс сэмiнарыi й атрымаў сьвятарскiя сьвячэньнi вясною 1915 г. у Петраградзе з рук бiскупа Цэпляка.

Адразу пасьля высьвячэньня ксяндза Кастуся Стэповiча выслалi на вiкарыя ў парахвiю Камаi Сьвянцянскага павету. Але там ён прабыў толькi адзiн месяц, бо пачалася нямецкая акупацыя. Ксёндз Стэповiч вярнуўся да бацькоў, памагаў працаваць у роднай парахвii Клюшчаны, дзе моцна здружыўся з моладзьдзю.

У Клюшчанах ён працаваў адзiн год, а ў наступным 1916 г. Стэповiча назначылi вiкарыем у Карыцiн. Там былi вельмi цяжкiя ўмовы жыцьця й працы, то ня дзiва, што ў яго адазвалася старая хвароба, здароўе хутка руйнавалася, і вясною 1918 г. у яго ўжо паказалася кроў зь лёгкiх. Праляжаўшы тры гады ў ложку, Стэповiч зноў выехаў у Закапанэ, дзе прабыў да 1920 г. Вярнуўся дамоў вясною, незадоўга перад прыходам бальшавiкоў, некаторы час працаваў у роднай парахвii Клюшчаны, але ў тым жа годзе на некаторы час быў назначаны ў Буйвiды над Вiльляю заступiць параха, якi ўцёк ад бальшавiкоў. Увосень таго ж 1920 г. быў назначаны парахам у Засьвiр, дзе працаваў да восенi 1925 г., калi ў трэцi раз быў змушаны ехаць у Закапанэ. Паратунку, аднак, не было, i ксёндз Стэповiч, ясна гэта бачачы, не захацеў памiраць на чужыне. Ён прыехаў у Вiльню, дзе 6 траўня 1926 г. памёр i быў пахаваны на могiлках Роса.

Для беларускага рэлiгiйнага жыцьця ксёндз Стэповiч зрабiў вельмi вялiкую прыслугу, улажыўшы й выдаўшы незадоўга перад сьмерцю малiтоўнiк «Голас душы». Яшчэ ў 1914 г. ён зарганiзаваў у Клюшчанах касьцёльны хор, якi акрамя рэлiгiйных песень выконваў таксама й беларускiя народныя песьнi. У часе нямецкае акупацыi паўстала пытаньне тварэньня беларускага школьнiцтва, але для гэтага былi патрэбныя беларускiя настаўнiкi. I вось ксёндз Стэповiч напрыканцы 1915 г. адчынiў у Сьвянцянах такiя курсы, а ў наступным годзе, дзякуючы ягоным стараньням, у ваколiцы Сьвянцянаў ужо працавала сем беларускiх народных школаў.

Для вядзеньня грамадзкае працы згодна з рэлiгiйнаю навукаю ён заснаваў маладняцкую арганiзацыю «Хаўрус Сваякоў», якая пачала хутка разьвiвацца, ладзiла шматлiкiя канцэрты, рабiла iмпрэзы. У гэтым кiрунку ён працаваў i ў часе польскае акупацыi, нягледзячы на нiякiя перашкоды, хоць польская палiцыя накладала на яго хатнi арышт, рабiла рэвiзii, забiрала рукапiсы.

Ксёндз Стэповiч пакiнуў па сабе трывалы сьлед i ў беларускай лiтаратуры. Свае творы ён падпiсваў псэўдонiмам Казiмiр Сваяк. З надрукаваных твораў ведамыя зборнiк вершаў «Мая лiра» (1924), фiлёзафа-этычнае апавяданьне вершам у рэлiгiйным духу «Чарку дай, браце», драма «Янка Канцавы», мiстэрыя «Купальле», нарыс «Алькаголь». Пасьля ягонае сьмерцi ксёндз Адам Станкевiч у 1932 г. выдаў «Дзеi мае мысьлi, сэрца i волi», дзе сабраны паэтычныя творы, проза, афарызмы, разважаньнi. Але да таго яшчэ засталiся нявыданымi творы К. Стэповiча «Аб рэлiгiйнай Вунii на Беларусi», фiлязафiчныя разважаньнi, вершы. Форма й зьмест паэзіi Казiмiра Сваяка даволi разнаякiя, толькi некаторыя вершы недаапрацаваныя, што тлумачыцца ягонаю цяжкою хваробаю. Тэматыка вершаў мае перадусiм рэлiгiйны й нацыянальны характар. Некаторыя вершы маюць форму размовы з Богам:

Радасьць мне сэрца агнём запаляе,
Што не пазбыўся Тваей я апекi —
Твой Дух адвечны мяне атуляе,
Цябе я прагу, Божа мой, навекi!

У вершах нацыянальнага характару ён апiсвае прыгноблень не народу праз чужацкую няволю, праклiнае захопнiкаў ды клiча народ да вытрываласьцi, а такжа выказвае непахiсную веру ў тое, што настане час, калi з радасьцю заклiчам:

Iдзе вось ясная пара,
Правiду сьвецiць нам зара,
Айчына, мацi Беларусь,
Гарой жыва!

Пэўна ж за сваё кароткае й хваравiтае жыцьцё ксёндз Стэповiч напiсаў ня шмат, але ягоная творчасьць мае на сабе адзнаку ягонага характару: ён нi перад кiм ня гнуўся, быў незалежнiк ува ўсiм сваiм думаньнi й творчасьцi. Ягоным iдэалам была незалежная Беларусь.

Аб значэньнi Кастуся Стэповiча як грамадзкага дзеяча й як паэта на 10-я ўгодкi ягонай сьмерцi так напiсаў Мiхась Машара:

Я прыйшоў табе пакланiцца,
Рана змоўклы, наш слаўны паэт.
Ад ваколiцаў роднай зямлiцы
Прынашу табе цiхi прывет.
Хоць ты змоўк i хоць лiра разьбiта,
I хоць новыя страты баляць —
Над краiнай, туманам спавiтай,
Тваiх песьняў акорды зьвiняць.

Ксёндз Францiшак Будзька

Беларускi адраджэнскi рух на рэлiгiйнай нiве распачаўся ўжо ў палавiне мiнулага стагодзьдзя (ХІХ ст. — Рэд.), але жорсткая рэакцыя царскага рэжыму пасьля паўстаньня 1863 г. той рух паважна спаралiжавала. Аднак нiякi тэрор ня мог поўнасьцю спынiць разьвiцьцё народнага жыцьця. Яно хоць паволi, але няспынна ішло ўперад i разьвiвалася ўва ўсiх сваiх галiнах. Iтак ужо напрыканцы мiнулага стагодзьдзя пачаў ажываць беларускi адраджэнскi рух на рэлiгiйнай нiве. Паважны ўклад у гэты рух зрабiў ксёндз Францiшак Будзька.

Ён нарадзiўся ў вёсцы Вознаўшчына Пархвенаўскае парахвii Вілейскага павету ў 1884 г. у набожнай сялянскай сям'i. Асьвету атрымаў у пачатковай школе ў Будславе, а потым у павятовай гарадзкой школе ў Вiлейцы. Чуючы нахiл да сьвятарства, уступiў у Каталiцкую духоўную сэмiнарыю ў Вiльнi. Скончыўшы яе ў 1905 г. i атрымаўшы дыяканскiя сьвячэньнi, уступiў у Каталiцкую духоўную акадэмiю ў Пецярбургу, дзе вучыўся на свой кошт. Там ён зышоўся з беларускiмi дзеячамi й быў нават у блiзкiх адносiнах з прафэсарам Бранiславам Эпiмахам-Шыпi лам, якi выкладаў грэцкую мову ў акадэмii й быў бiблiятэкарам акадэмiчнае бiблiятэкi. У тым часе беларускiя студэнты ў акадэмii яшчэ не былi зарганiзаваныя, але ўжо старалiся трымацца разам i часта сходзiлiся на кватэры дыякана Будзькi. Тыя сходкi потым далi пачатак Беларускаму гуртку ў акадэмii. За год навукi вычарпалiся ўсе ягоныя ашчаднасьцi, дык, ня маючы магчымасьцi прадаўжаць навуку ў Акадэмii, ён вярнуўся ў духоўную сэмiнарыю ў Вiльню, каб атрымаць сьвятарскiя сьвячэньнi. Але ў тым часе сэмiнарыйнае кiраўнiцтва да яго паставiлася непрыхiльна за беларускую дзейнасьць ды загадала чакаць. Бо ён падчас навукi ў сэмiнарыi ўжо пiсаў беларускiя артыкулы й тлумачыў на беларускую мову папулярныя рэлiгiйныя кнiгi. Пабачыўшы, што тое чаканьне працягваецца без анiякае прычыны, ён зьвярнуўся да пралата Данiсевiча, якi прызнаваўся ў беларускасьцi й якi ў 1905—1908 гг. быў генэральным вiкарыем у Магiлёўскай архiдыяцэзіi, i зь ягонаю дапамогаю атрымаў сьвятарскiя сьвячэньнi ў 1907 г. ды быў накiраваны ў Полацак на вiкарыя. Тут трэба заўважыць, што за сваю беларускую дзейнасьць ён увесь час аставаўся вiкарыем, але гэтым не пераймаўся й шчыра выконваў свае душпастырскiя абавязкi. Казаньнi ён гаварыў па-беларуску й гаварыў красамоўна, да таго ж стараўся гаварыць i ў суседнiх парахвiях у тых касьцёлах, што ня мелi сваiх сталых ксяндзоў. З Полацку ён часта езьдзiў у Вулы, і туды заўсёды схадзiлася багата вернiкаў, каб паслухаць казаньне ў роднай мове й пасьпяваць беларускiя рэлiгiйныя песьнi. Езьдзiў таксама на фэсты ў тыя парахвii, дзе мог гаварыць па-беларуску казаньнi. Яго часта запрашаў да сябе ў Фашчоўку ксёндз Сак на ўрачыстыя працэсіi.

Калi ж у Магiлёўскай архiдыяцэзіяльнай курыi ня стала пралата Данiсевiча, дык ксяндза Будзьку перанесьлi з Полацку ў Пецярбург на вiкарыя ў касьцёле сьв. Станiслава. Тут ён ня меў магчымасьцi гаварыць беларускiя казаньнi, але затое матэрыяльна дапамагаў беларускiм выдавецтвам, асаблiва першай беларускай каталiцкай газэце «Беларус», якая выходзiла ў Вiльнi пачынаючы ад 1913 г. да 1915 г., пад рэдакцыяй Бранiслава Пачопкi. У выдавецтве гэтае рэдакцыi выйшлi ў Вiльнi Будзькавы кнiжкi «Мятавыя лiсточкi» (1913), «Некалькi слоў аб пакуце» (1914), пераклад кнiгi ксяндза Банчкоўскага «Выясьнень не абрадаў Рыма-Каталiцкага касьцёла» (1914). Аднак сталiчнае жыцьцё ў Петраградзе не задавальняла ксяндза Будзьку — яго цягнула да народнае гушчы. Дзеля гэтага ў 1917 г. пасьля Лютаўскае рэвалюцыi ён купiў у пазыку невялiкi маёнтак, у якiм была драўляная каплiца. Там ён завёў сталыя багаслужэньнi зь беларускiмi казаньнямi й беларускiмi рэлiгiйнымi песьнямi. У тым жа годзе ён браў удзел напрыканцы траўня на зьезьдзе беларускага каталiцкага духавенства ў Менску.

Зiмою 1920 г. ксёндз Будзька ў часе падарожжа захварэў на запаленьне лёгкiх. Здарылася гэта ў Янотрудзе каля станцыi Глушанiна, што знаходзiцца памiж Вiцебскам i Полацкам. Ня маючы лекарскай апекi, ён там аддаў Богу сваю душу ў сам дзень Грамнiцаў 2 лютага 1920 г., маючы ўсяго 36 гадоў. Вестка аб ягонай сьмерцi дайшла да родных у Заходняй Беларусi толькi праз пару месяцаў.

Ксёндз Францiшак Грынкевiч

Гэта адзiн зь беларускiх дзеячаў, якi вёў плённую беларускую рэлiгiйную й нацыянальную працу мiж моладзi ў Гарадзеншчыне й перадусiм у самой Гораднi.

Францiшак Грынкевiч нарадзiўся ў 1884 г. у набожнай каталiцкай сялянскай сям'i ў Новым Двары Сакольскага павету ў Беласточчыне. Пачатковую асьвету ён атрымаў у сваёй вёсцы й далей вучыўся ў гiмназii ў Гораднi. Там ўся навука, за выняткам каталiцкае рэлiгii, адбывалася па-расейску. Закончыў шы гiмназiю ў 1901 г., ён уступiў у Каталiцкую духоўную сэмiнарыю ў Вiльнi, а пасьля яе сканчэньня ў 1905 г. вучыўся далей у Каталiцкай духоўнай акадэмii ў Пецярбургу. Там ён разам з навуковымi студыямi распачаў сваю дзейнасьць на беларускай адраджэнскай рэлiгiйнай нiве. Да гэтага спрыяла сябраваньне зь сьведамымi беларускiмi ксяндзамi Адамам Лiсоўскiм i Гэнрыкам Бэто, якiя ў тым часе студыявалi ў той жа акадэмii. Ужо ў першы год сваiх студыяў у Пецярбургу Грынкевiч чытаў 18 сьнежня 1905 г. рэфэрат аб беларусах. Гэта была настолькi памятная падзея для студэнтаў акадэмii, што аб ёй шмат гадоў потым згадваў летувiскi бiскуп Рэйнiс.

Закончыўшы студыi ў акадэмii, ён яшчэ студыяваў за мяжой: у 1907/1908 акадэмiчным годзе ў Iнсбруку, а ў наступным 1908/1909 г. у Мюнхэне. Сьвятарскiя сьвячэньнi атрымаў у 1907 г.

За мяжою ксёндз Грынкевiч таксама не пакiдаў беларускае нацыянальнае працы. У Iнсбруку ён быў не адзiны беларус. На той час там быў ксёндз Адам Лiсоўскi, студэнтка з Гораднi Салянка, зь якiмi ён стварыў беларускi гурток для пашырэньня беларускае думкi на чужыне. Меў сталае лiставаньне з Iванам Луцкевiчам, якi ў сваю чаргу меў блiзкiя зьвязкi зь львоўскiм мiтрапалiтам Шэптыцкiм.

Вярнуўшыся на бацькаўшчыну ў 1909 г., ксёндз Грынкевiч быў назначаны настаўнiкам рэлiгii ў гiмназiю ў Гораднi. У тым часе ў Гораднi былi яшчэ сьведамыя беларускiя ксяндзы Родзька й Бароўка, якiя рабiлi захады, каб беларусы атрымоўвалi асьвету ў роднай мове. I ў гэтых стараньнях iх падтрымоўваў гарадзенскi дэкан ксёндз Эльлерт. Як настаўнiк гiмназii, ксёндз Грынкевiч меў магчымасьць зблiзiцца з школьнаю моладзьдзю, якая была пераважна беларуская. Гэта стварала спрыяльныя абставiны для разгортваньня беларускай нацыянальнай i рэлiгiйнай працы.

Паступова адраджэнскi рух сярод моладзi набываў арганiзацыйныя формы. У 1909 г. група вучняў сярэднiх школаў у Гораднi зарганiзавала беларускi гурток, якi назвалi «Хатка» й якi меў на мэце самаасьвету й нацыянальнае самаўсьведамлень не. Гэтая арганiзацыя ўтварылася без анiякага афiцыйнага дазволу. Сябрамi яе былi выключна дзецi беларускiх сялян-като лiкаў. Яны пачувалiся чужымi ў падобных польскiх арганiзацыях, дзе гуртавалiся дзецi паноў i падпанкаў, а яшчэ больш чужымi чулiся ў праваслаўных гуртках, дзе зьбiралiся дзецi расейскiх чыноўнiкаў i зрусіфiкав анага праваслаўнага духавен ства.

У такiх абставiнах ксёндз Грынкевiч быў адзiным чалавекам, якi адважыўся гаварыць да школьнае моладзi па-беларус ку й пра Беларусь. Практычна гурток стварыўся вакол ягонае асобы.

У 1913 г. гурток выдаў часапiс «Колас нашае нiвы», адбiты на шапiрографе. Усе артыкулы — а iх было 16 — напiсаны вучнямi. Мова артыкулаў чыстая, прыгожая, з выразнымi адзнакамi гарадзенскага дыялекту. Некаторыя дасьледчыкi таго зборнiка слушна заўважаюць, што распачаты ксяндзом Грынкевiчам рух нават перарос яго самога, бо ў далейшым моладзь зь беларускага гуртка, якая мела магчымасьць працягваць свае студыi ў пецярбурскiм унiвэрсытэце, паважна спрычынiлася да стварэньня Беларускага навукова-лiтаратурнага гуртка ў Пецярбургу ў 1912 г. Адным з закладчыкаў гуртка быў Адам Бычкоўскi, колiшнi заступнiк старшынi гарадзенскай «Хаткi».

Зборкi адбывалiся штотыдня ў памяшканьнi ксяндза Грынкевiча або ксяндза Родзькi, а часам i ў доме Салянкаў. Праца ў «Хатцы» праводзiлася праз самаўзгадаваўчыя зборкi, культурна-асьветныя лекцыi, дыскусіi, сьпевы. У часе зборкі чыталiся творы беларускiх пiсьменьнiкаў, рабiлiся даклады аб гiсторыi й геаграфii Беларусi. Часам нават ладзiлiся беларускiя спэктаклi ў Гораднi й блiжэйшых вёсках. Ладзiлiся яны без анiякiх дазволаў пад прыкрыцьцём звычайных сялянскiх вечарынак.

«Хатка» мела сваю невялiчкую бiблiятэку й архiў. Убiблiятэцы знаходзiлiся ўсе тагачасныя беларускiя кнiжкi й газэты.

Найбольш дзейная праца «Хаткi» адбывалася ў 1910—1913 гг. Дзейнасьць «Хаткi» спынiлi ў 1914 г. падзеi Першай сусьветнай вайны. Ксёндз Грынкевiч адышоў ад актыўнага беларускага жыцьця, але не пераставаў дапамагаць газэце «Беларус», нямала намаганьняў прыклаў i да выданьня беларускага каталiцкага малiтоўнiка «Бог з намi».

Памёр ксёндз Грынкевiч 26 лiпеня 1933 г.

Ксёндз Грынкевiч быў цэнтральнаю асобаю, каля якое ў 1909—1914 гг. абуджаўся й рос беларускi рух у Гарадзеншчы не. Ягонае значэньне ня зьменшваецца праз тое, што ён ня ўдзельнiчаў у беларускай арганiзацыйнай працы пасьля вайны: нямала ягоных вучняў прадаўжалi больш дзейна пачатую iм працу Богу на славу й бацькаўшчыне Беларусi на карысьць.

Ксёндз Лук'ян Хвецька

Аб маладосьцi Лук'яна Хвецькi захавалася вельмi мала зьвестак. Ён нарадзiўся на Вiленшчыне 22 лiстапада 1889 г. Чуючы ў сабе паклiканьне да сьвятарства, уступiў у Вiленскую духоўную сэмiнарыю. Закончыў яе выдатна й быў высланы на далейшыя студыi ў Каталiцкую духоўную акадэмiю ў Петраградзе.

У тым часе ў акадэмii ўжо было некалькi сьведамых беларускiх студэнтаў, i мiж iмi ён стаўся першым пашыральнiкам беларускага каталiцкага арганiзацыйнага жыцьця. Дзякуючы Хвецьку паўстаў у 1912 г. у акадэмii Беларускi акадэмiчны гурток у складзе: старшыня — Лук'ян Хвецька, сябры — Андрэй Цiкота, Павел Пякарскi, Станiслаў Шырокi, Янка Францук, Уладыслаў Жаўняровiч, Вiнцэсь Гадлеўскi, Адам Станкевiч.

У Петраградзе Л. Хвецька атрымаў сьвятарскiя сьвячэньнi ў 1914 г. i закончыў акадэмiю з тытулам магiстра тэалёгii ды застаўся там працаваць.

Пасьля Лютаўскае рэвалюцыi зьявiлася магчымасьць свабадней арганiзаваць рэлiгiйнае жыцьцё. З гэтага ксёндз Хвецька скарыстаў, калi разам з групаю аднадумцаў склiкаў першы зьезд беларускага каталiцкага духавенства ў Менску. Там ён чытаў 25 траўня рэфэрат аб выдавецкай акцыi.

Напрыканцы 1917 г. магiлёўскiм архiбiскупам быў вызначаны Эдвард дэ Роп. Ягоная iнтранiзацыя адбылася ў Петраградзе, і першы раз у гiсторыi Каталiцкае царквы на Беларусi папская була аб назначэньнi архiбiскупа мiж iншымi мовамi была адчытана таксама па-беларуску. Ператлумачыў яе на беларускую мову й чытаў ксёндз Хвецька. Пасьля таго, карыста ючы з дазволу архiбiскупа Ропа, ён там жа прынародна гаварыў беларускiя казаньнi падчас богаслужэньня для беларусаў.

Яшчэ перад рэвалюцыяй у Расеi былi стараньнi з боку беларускiх рэлiгiйных i сьвецкiх дзеячаў стварыць магчымасьць узгадоўваць кадры беларускага каталiцкага духавенства па-за межамi Расеi. Тымi стараньнямi зацiкавiлася княгiня Магдале на Радзiвiл i ахвяравала ксяндзу Францiшку Будзьку ў 1916 г. каштоўны дыямэнтавы нашыйнiк, каб за яго пабудаваць або купiць у Рыме дом для ўсходне-каталiцкае калегii. У часе рэвалюцыi ксёндз Будзька перадаў той дарунак ксяндзам Хвецьку й Абрантовiчу. Але яны не змаглi выкарыстаць той дарунак, дык часова схавалi яго, а потым айцец Абрантовiч ужыў яго на iншую мэту.

У тым самым 1917 г. адчувалася патрэба масавае беларускае каталiцкае арганiзацыi. З гэтаю мэтаю Хвецька й Абрантовiч заснавалi ў Петраградзе Беларускую Хрысьцiянскую Злучнасьць, якая адразу пачала пашырацца на Беларусi й потым ператварылася ў Беларускую Хрысьцiянскую Дэмакратыю. Зпачыну Беларускай Хрысьцiянскай Злучнасьцi з 8 верасьня 1917 г. пачала выходзiць у Петраградзе каталiцкая газэта «Крынiца». Яе рэдактарам быў ксёндз Хвецька, але ў наступным годзе рэдакцыю перанесьлi ў Вiльню, дзе рэдактарам стаўся ксёндз Станкевiч.

У 1923 г. ксёндз Хвецька разам з магiлёўскiм архiбiскупам Цэплякам i трынаццацьцю iншымi сьвятарамi быў арыштава ны й знаходзiўся ў лiку падсудных у Маскве на судзе, якi адбываўся з 21 да 26 сакавiка. Архiбiскупа Цэпляка й пралата Буткевiча засудзiлi на сьмерць, а iншых сьвятароў — на кары ад 3 да 10 гадоў турмы. Супраць прысуду ўзьнялася вострая хваля пратэстаў у Заходняй Эўропе i ў Амэрыцы, якая набыла яшчэ больш вострыя формы пасьля 30 сакавiка, калi быў расстраляны пралат Буткевiч. У вынiку тых пратэстаў засуджаных сьвятароў выслалi ў Польшчу ў форме вымены на арыштава ных там камунiстаў.

У Варшаве ксёндз Хвецька сустрэўся з былым магiлёўскiм архiбiскупам дэ Ропам, заснаваўшым у Люблiне Мiсійны інстытут для падрыхтоўкi духавенства. Ксёндз Хвецька ахвотна згадзiўся на прапанову дэ Ропа прыняць пасаду рэктара інстытуту й выкладчыка этыкi, бiблiйнае археалёгii, лiтургii, габрэйскае мовы. Выкладчыцкая праца ды яшчэ дадатковая праца ў касьцёле сьв. Язафата i ў школе сясьцёр-уршулянак паглыналi поўнасьцю ягоны час. Але гэта была ня тая праца, да якой ён iмкнуўся. Таму ў 1931 г. ксёндз Хвецька пераяжджае ў Пiнск, дзе ў мясцовай каталiцкай духоўнай сэмiнарыi выкладалася беларуская мова, а мiж прафэсарамi былi сьведамыя беларускiя ксяндзы Кулак, Абрантовiч, Юневiч.

На жаль, i ў Пiнску на наступны год па сьмерцi бiскупа Лазiнскага (1932) i назначэньні на ягонае месца бiскупа Букрабы распачалася моцная палянiзацыя сэмiнарыi. Замест беларускай мовы была ўведзеная расейская, якую даручылi выкладаць ксяндзу Хвецьку.

Калi пачалася Другая сусьветная вайна, ксёндз Хвецька пакiнуў Пiнск i працаваў парахам у Хотаве Стаўпецкага раёну. Там ён ад 1942 г. гаварыў казаньнi па-беларуску. Гэта моцна не падабалася партызанам. У 1944 г. зiмою яны напалi на яго й моцна зьбiлi. У пакалечаным стане Хвецька ледзь дабраўся да Стоўпцаў, дзе пасьля прыняцьця сакрамэнтаў ад нямецкага ваеннага капэляна памёр у мясцовай бальнiцы. Пахаваны ксёндз Хвецька на стаўпецкiх могiлках.

Ксёндз Станiслаў Глякоўскi

Хоць ксёндз Станiслаў Глякоўскi належыць да новае генэрацыi беларускага духавенства, хоць яшчэ жыве шмат людзей, якiя ведалi яго асабiста, але весткi аб ягоным жыцьцi захавалiся вельмi няпоўныя.

С. Глякоўскi нарадзiўся ў 1896 г. у Ваўкавыскiм павеце ў сялянскай сям'i. Духоўную асьвету атрымаў у Вiленскай каталiцкай духоўнай сэмiнарыi. Пасьля яе сканчэньня ў 1921 г. атрымаў сьвятарскiя сьвячэньнi. Папрацаваўшы некалькi гадоў вiкарыем, выехаў у Рым на далейшыя студыi. Студыяваў ён тэалёгiю ва Ўсходнiм інстытуце. Там жа й абаранiў доктарскую працу на тэму «Характэрныя рысы духовасьцi Яна Кранштац кага».

Вярнуўшыся з Рыму, ксёндз Глякоўскi затрымаўся ў Вiльнi, дзе быў назначаны вiкарыем пры касьцёле сьв. Яна, што знаходзіўся каля ўнiвэрсытэту. Гэта спрыяла таму, што ён з галавою кiнуўся ў вiр душпастырскае працы мiж моладзьдзю. Датаго ж ксёндз Глякоўскi дадаткова быў назначаны прэфэктам у Вiленскай беларускай гiмназii й неафiцыяльным капэлянам беларускiх студэнтаў-католiкаў.

Ксёндз Глякоўскi актыўна працаваў у Лiзе маральнага адраджэньня й нават на працягу некалькiх гадоў быў старшынёю гэтай арганiзацыi. Зь ягонага пачыну ў 1939 г. Лiгаю быў зарганiзаваны «Тыдзень барацьбы з парнаграфiяю» й быў праведзены так удала, што ў вiленскiх кiёсках зьнiклi ўсе часапiсы з бессаромнымi iлюстрацыямi. Калi ў Вiленскай беларускай гiмназii зарганiзаваўся беларускi скаўтынг, ксёндз Глякоўскi быў ягоным першым капэлянам.

Усе беларускiя паломнiцтвы ў Кальварыю, якiя ладзiлiся перад Другою сусьветнаю вайною, не абышлiся безь ягонага ўдзелу, а ў 1939 г., калi ўжо былi выселены зь Вiльнi ксяндзы Станкевiч i Талочка, ксёндз Глякоўскi ачольваў беларускае паломнiцтва. Маючы на сэрцы справу рэлiгiйнага жыцьця моладзi, ён заснаваў першы беларускi рэлiгiйны часапiс для дзетак «Пралескi» i выдаваў яго да 1939 г.

Для беларускiх студэнтаў ён зарганiзаваў у часе Вялiкага Посту рэкалекцыi; толькi ў 1939 г. ня сам кiраваў рэкалекцыямi, а папрасiў дапамогi беларускага езуiта айца Шнiпа, якi быў прэфэктам малое езуiцкае духоўнае сэмiнарыi ў Вiльнi. А для самога сябе ён браў духовую ежу ў малiтве перад Вострабрамскiм абразам Мацi Божае. Агулам дзейнасьць ксяндза Глякоўскага была тою душпастырскаю дзейнасьцю, якая найбольш патрэбна ў парахвiях i моладзi ў школе.

З момантам выбуху Другое сусьветнае вайны вярнуўся ў Вiльню ксёндз Станкевiч, але ў iншых гарадох i парахвiях зусiм не было беларускiх духоўных, дык туды часова накiраваўся ксёндз Глякоўскi.

У 1941 г., калi Менск занялi немцы, ксёндз Глякоўскi разам з ксяндзом Мальцам паехалi ў Менск. Там жа хутка знайшоўся й ксёндз Гадлеўскi, але напачатку ён быў моцна заняты арганiзацыяй беларускага школьнiцтва. Супольнымi сiламi яны ўзялiся аднаўляць закрытыя й спрафанаваныя сьвятынi й адведваць вёскi з каталiцкiм насельнiцтвам. Там яны ўбачылi надзвычайны духовы голад у людзей. Таму ксёндз Глякоўскi ня толькi сам поўнасьцю аддаўся душпастырскай працы, але яшчэ заклiкаў каго толькi мог прыехаць: «Бо ж там людзi спрагненыя Божае праўды», — казаў ён.

На жаль, ксёндз Глякоўскi ня змог доўга працаваць у Менску. Вясною 1942 г. ён разам з ксяндзом Мальцам быў на зборцы, дзе прамаўляў галоўны камiсар Беларусi Кубэ i ў сваёй прамове востра нападаў на католiкаў. Дык пры канцы зборкi, калi немцы пяялi нацыстоўскi гiмн, абодва ксяндзы ня ўсталi на знак пратэсту. За гэта iх абодвух арыштавалi, і доўгi час не было нiчога ведама аб iхнай долi.

Толькi пасьля заканчэньня вайны адвакат Алесь Калодка падаў да ведама тыя весткi, якiя меў аб ксяндзох Глякоўскiм i Мальцу, будучы сам у канцэнтрацыйным лягеры ў Турынгii. Там ён пазнаёмiўся й нават запрыязьнiўся з польскiм капiтанам Пшыбароўскiм, якi летам 1942 г. быў у канцэнтрацыйным лягеры Аўшвiц i жыў у адным блёку з ксяндзом Глякоўскiм.

У Аўшвiцы ксёндз Глякоўскi працаваў у каморы, дзе выдавалася вопратка заключаным, а ксёндз Малец працаваў у кухнi. Там абодва беларускiя духоўнiкi ня мелi анi пачак, анi лiстоў, але абодва былi ў бадзёрым настроi.

Вясною 1944 г. абодва ксяндзы былi пераведзеныя ў канцэнтрацыйны лягер Ваймар-Бухэнвальд, працавалi на фабрыцы амунiцыi Густлёф Вэркэ. Iх бачыў там капiтан Пшыбароўскi. Ведама таксама, што ў жнiўнi 1944 г. тую фабрыку моцна збамбардзіравалi амэрыканскiя самалёты, загiнула каля 500 вязьняў, што там працавалi. Так загiнуў ксёндз Глякоўскi — як i беларускiя ксяндзы Гадлеўскi, Рыбальтоўскi, Неманцэвiч, Кашыра, Ляшэвiч. Яны прайшлi крыжовую дарогу сьледам за Хрыстом. Дык можна спадзявацца, што Бог прыме iхную ахвяру, каб хутчэй паслаць беларускаму народу Дзень Сьветлага Ўваскрасеньня.

Ксёндз Вiктар Шутовiч

Вiктар Шутовiч нарадзiўся 27 кастрычнiка 1890 г. у вёсцы Шутавiчы Смаргонскае воласьцi Ашмянскага павету. Асьвету атрымаў сьпярша ў Ашмяне, а потым у Вiленскай каталiцкай духоўнай сэмiнарыi, дзе стаўся актыўным сябрам беларускага гуртка.

Скончыўшы сэмiнарыю, 28 чэрвеня 1913 г. ён атрымаў сьвятарскiя сьвячэньнi й быў назначаны вiкарыем у вiленскую катэдру. Гэтая праца яму падказвала патрэбу вышэйшай тэалягiчнай асьветы, дзеля чаго ў 1914 г. ён уступiў у Каталiцкую духоўную акадэмiю ў Пецярбургу. Але там ён змог студыяваць усяго два гады, бо ў 1917 г. акадэмiя была зачыненая.

Вярнуўшыся, ксёндз Шутовiч атрымаў ад вiленскага бiскупа Эдварда дэ Ропа назначэньне на параха ў Барадзенiчы Браслаўскага павету. У тым часе дэ Роп дазволiў ужываць беларускую мову ў рэлiгiйным жыцьцi. Карыстаючыся з гэтага дазволу, ксёндз Шутовiч разгарнуў вельмi актыўную дзейнасьць у сваёй парахвii: увёў беларускiя казаньнi, малiтвы, рэлiгiйныя сьпевы, а таксама зарганiзаваў беларускiя школы, пашыраў беларускiя газэты.

Калi ж у 1919 г. бальшавiкi на некаторы час занялi ўсю Беларусь, шматлiкiя польскiя ксяндзы пакiдалi свае парахвii i ўцяклi ў Польшчу. Ксёндз Шутовiч застаўся ў сваёй парахвii, абслугоўваючы да таго ж апусьцеўшыя суседнiя парахвii, i паўсюль уводзiў беларускую мову ў рэлiгiйнае жыцьцё.

Пасьля Рыжскае ўгоды ў 1921 г., калi польскi ўрад лiчыў, што ён настала замацаваўся ў Заходняй Беларусi, польская шавiнiстычная прэса пачала атакаваць ксяндза Шутовiча. Пачатак дала «Gazeta Wileсska», а затым узьняўся супраць яго камэндант палiцыi, абвiнавачваючы ў шавiнiзьме. Тады вiленскi бiскуп Юры Матулевiч вызначыў сьледзтва й даручыў правесьцi яго мёрскаму дэкану ксяндзу Асьцiловiчу, якi адносiўся варожа да ўсяго беларускага. Але, як i можна было спадзявацца, большасьць насельнiцтва прагаласавала за беларускую мову.

У 1926 г. вiленскiм архiбiскупам замест Матулевiча быў прызначаны Ялбжыкоўскi, якi распачаў рашучы паход супраць беларускага каталiцкага жыцьця. У 1927 г. ён перанёс ксяндза Шутовiча з Барадзенiчаў у вёску Трысьцену каля мазурскага памежжа. Але й тут палiцаi настолькi перашкаджалi нармальнай працы, што ксёндз Шутовiч рашыў выехаць у ЗША. У гэтым яму дапамог айцец Янка Тарасевiч. У красавiку 1929 г. ксёндз Вiктар Шутовiч пакiнуў родны край.

Праўда, у Амэрыцы ён доўга не затрымаўся. Сум па родным краi быў такi, што ў 1932 г. ён вярнуўся назад i быў назначаны вiкарыем у Харошчу.

Там яму давялося цярпець сапраўдны перасьлед. Адмiнiстрацыя, палiцыя, настаўнiкi зь мясцовай школы так нацкавалi на яго насельнiцтва, што выкананьне сьвятарскiх абавязкаў сталася немагчымым. Аднак i ў такiм становiшчы ён знаходзiў у сабе сiлы вытрываць. У адным зь лiстоў да сябрука ў Вiльнi ён пiсаў: «Прасьледуюць мяне, але я з мае дарогi не ўступлю i ў жыцьцi не заламлюся».

У гэты ж час ксёндз Шутовiч заняўся пiсьменствам: часта дасылаў артыкулы ў «Хрысьцiянскую думку», нават пачаў пiсаць драматычныя творы й апавяданьнi. На жаль, нiводная ягоная драма не была надрукаваная.

У чэрвенi 1938 г. ксёндз Шутовiч урачыста адсьвяткаваў
25-я ўгодкi свайго сьвятарства. Урачыстасьць адбылася ў Вiльнi ў касьцёле сьв. Мiкалая й была спалучаная з такiм самым юбiлеем айца Язэпа Германовiча. Пасьля ўрачыстае Сьв. Лiтургii ксёндз Шутовiч разам зь iншымi беларускiмi сьвятарамi ўдзельнiчаў у паломнiцтве ў Кальварыю. Перад вайной ксёндз Шутовiч у паразуменьнi з айцамi Тарасевiчам i Рэшацем, якiя жылi ў Амэрыцы, павёў актыўную працу па ўтварэньнi беларускай групы бэнэдыктынаў, зьбiраў для iх кандыдатаў у навiцыят i рыхтаваў месца пад манастыр.

Падчас вайны ксёндз Шутовiч працаваў у Харошчы й пераехаў у Менск толькi ў траўнi 1944 г., калi нямецкая армiя адступала, i пачаў богаслужэньнi ў катэдральным касьцёле. Ехаць на Захад ён катэгарычна адмовiўся, кажучы: «Калi бальшавiкi мяне заб'юць, дык зробяць мучанiкам — i за гэта дзякуй Богу; калi ж не, дык буду працаваць на Божую славу — i за гэта буду дзякаваць Богу».

Заняўшы Менск, бальшавiкi некаторы час яго не чапалi. Але адразу па заканчэньнi вайны, перад Калядамi 1945 г. (25.12.1945.— Рэд.), яго арыштавалi. Пяць год ксёндз Шутовiч быў у Сiбiры. Вярнуўся ў Менск пасьля сьмерцi Сталiна ў 1953 г. i адразу ўзяўся за душпастырскую працу. Але ў 1956 г. менскi выканкам даў яму загад пакiнуць сталiцу. Тады Шутовiч пераехаў у Барысаў. Там на могiлках была яшчэ каплiца, а каля могiлак — домiк. Гэта сталася ягоная новая парахвiя. Пасьля туды прыехаў iнжынэр Клiмовiч як арганiст.

Зьняможанае здароўе, сталы век i перамучаньне аднак не спынялi ягонай дзейнасьцi. Нават калi быў ужо зусiм змучаны, не зьвяртаўся да лекара, а прасiў, каб пабудзiлi яго а 4-й гадзiне ранiцы. Так было й 1 сакавiка 1960 г. Але той ноччу ён заснуў на вякi. На пахаваньне прыехаў толькi адзiн сьвятар з Ракава, але народу за дамавiнаю iшло шмат. Пахавалi ксяндза Шутовiча на барысаўскiх могiлках, на тым месцы, якое ён перш выбраў сабе сам. Неўзабаве над магiлаю вернiкi паставiлi прыгожы помнiк, на якiм унiзе выпiсаны ягоны жыцьцёвы клiч на лацiне й па-беларуску: «Божа, на Цябе спадзеючыся, няхай не загiну!».

Айцец Адам Станкевiч

Адам Станкевiч нарадзiўся 24 сьнежня 1891 г. у в. Арляня ты Крэўскае воласьцi Ашмянскага павету. Як кожны хлопчык на Беларусi, малы Адам пачаў праходзiць сваю першую жыцьцёвую школу, пасучы каровы. Грамаце Адам навучыўся перад школаю з польскае кнiжкi ды набажэнства й з расейскага буквара так, што мог чытаць «паважныя» кнiжкi свайго старэйша га брата Валентына, якi вучыўся ў недалёкiх Барунах.

Да навукi малы Адась гарнуўся вельмi ахвотна, але ў iх вёсцы не было школы. Калi яму было дзесяць гадоў, бацькi пастанавiлi аддаць яго ў царкоўна-прыхадзкую школу ў Барунах, хоць з рэлiгiйнага гледзiшча для католiкаў яна была вельмi неспрыятлiваю, але да другое школы — народнага вучылiшча, што было ў Крэве за 7 км ад Арлянятаў — была вельмi благая дарога. Выбiраючы школу, бацька Адася — Вiнцэнт ня ведаў як сьлед аб яе ўзгадаваўчых мэтадах, таму й завёз сына ў Баруны й там знайшоў яму кватэру ў мешчанiна Юрэвiча, дзе кватаравалiся работнiкi, што рамантавалi калiшнi базыльянскi манастыр. Гэтыя работнiкi надоўга засталiся ў памяцi Адася. Яны былi расейцы-стараверы, вечарамi заўсёды пiлi гарэлку ды сьпявалi паганыя песьнi. Цяжка было вучыцца ў такiм асяродзьдзi, а ў школе было яшчэ цяжэй, дзе толькi за тое, што хрысьцiўся пяцьцю пальцамi, Адась атрымаў аплявуху ад настаўнiка. У школе не прызнавалася абсалютна нiякага iншага веравызнаньня, акрамя праваслаўнага, i Адась, не зважаючы на тое, што быў каталiк, мусiў выконваць усе прыпiсы праваслаў нае царквы i сьпяваць у клiрасе.

Баруны належалi да Гальшанскае парахвii. I вось калi гальшанскi вiкарны ксёндз у 1901 г. езьдзiў па калядзе ў Барунах i, зайшоўшы да Юрэвiча, даведаўся ад Адася пра адносiны ў школе, дык казаў яму, каб пераяжджаў у Гальшаны. Усярэдзiне школьнага году зьмянiць школу было нязручна, дык прыйшлося пабыць у Барунах да вясны. На наступны школьны год Адась быў ужо ў Гальшанах. Там ён прабыў ад 1902 г. да 1904 г. У гальшанскай народнай школе вучняў-католiкаў вучыў рэлiгii мясцовы ксёндз. Кватэру ў Гальшанах Адась меў таксама шмат лепшую як у Барунах. Тут ён кватараваўся ў набожнага й працавiтага шаўца Тармасэвiча й хутка зжыўся зь сям'ёю гаспадара, быццам з раднёю.

Навука ў гальшанскай школе Адаму ішла лёгка. Але больш чым школаю ён цяпер цiкавiўся касьцёлам i рэлiгiйным жыцьцём. Усе вучнi-каталiкi старалiся прыслужваць да iмшы, і трэба было мець шмат вытрываласьцi й стойкасьцi, каб ранiцою першым выйсьцi з ксяндзом да алтара. Няраз у сьвяты Адам быў у касьцёле ад цямна да цямна, каб магчы прыслугоўваць ува ўсiх набажэнствах. Па сканчэньнi гальшанскае школы адбыўся экзамэн у суседняй Мiхалоўшчыне. Прайшоў ён памысна.

Восеньню 1904 г. бацькi выправiлi Адама на далейшую навуку ў гарадзкое вучылiшча ў Ашмяне. Уступны экзамэн прайшоў добра, i добрым быў увесь далейшы курс у вучылiшчы. Праўда, не да ўсiх прадметаў Адам меў аднолькавае зацiкаўленьне: з матэматыкi часам накульгваў, затое вызначаў ся ў гуманiстычных прадметах. Якраз у тым часе адбылася ў Расеi рэвалюцыя 1905 г., якая сталася для Адама важным дзейнiкам паглыбленьня рэлiгiйных, нацыянальных, сацыяльных і палiтычных поглядаў. У ашмянскай школе таксама адбылася забастоўка з частковым посьпехам i няўдачамi: быў перанесены кудысь нялюбы ўсiм iнспэктар, але пры гэтым былi арыштаваныя два найбольш любiмыя настаўнiкi. У тым часе стала перад Адамам ува ўсёй сваёй вастрынi рэлiгiйная праблема. Будучы католiкам лацiнскага абраду, таго абраду, якi папулярна называўся «польскаю вераю», ён сябе не пачуваў палякам, больш таго — лiчыў сябе беларусам, але ў школе ўвесь час настаўнiкi паўтаралi, што «рускiя дзеляцца на Вялiкарусаў, Маларусаў i Беларусаў», i гэта стварала для Адама праблему рускасьцi, якую канчаткова вырашыў толькi ў сэмiнарыi.

Для ўмацаваньня беларускае нацыянальнае сьведамасьцi шмат прычынiлася «Наша Нiва», зь якою Адам стрэнуўся ў 1908 г., а ў наступным годзе стаўся яе карэспандэнтам. Немалы ўплыў на яго меў таксама айцец Адам Лiсоўскi, якi, будучы студэнтам Каталiцкае духоўнае акадэмii ў Пецярбургу, пiсаў лiсты да бацькоў па-беларуску й падчас канiкулаў у роднай вёсцы гаварыў зь сялянамi па-беларуску, даваў iм чытаць беларускiя кнiжкi. Ад яго ў рукi Адама трапiлi «Дудка беларуская» й «Смык беларускi» Францiшка Багушэвiча.

Па сканчэньнi гарадзкога вучылiшча трэба было думаць, што рабiць далей. Каб уступiць у гiмназію й потым ва ўнiвэрсытэт, не дазвалялi матэрыяльныя магчымасьцi бацькоў Адама. Некаторыя ягоныя школьныя сябры пайшлi ў юнкерскую школу ў Вiльнi з намерам стацца афiцэрамi царскае армii й заахвочвалi яго пайсьцi сьледам за iмi, але, пазнаёмiўшыся блiжэй з жыцьцём ваеннае моладзi тае школы, рашуча адкiнуў думку аб вайсковай кар'еры. З маленства Адам меў вялiкае зацiкаўленьне да касьцёла й нахiл да духоўнага стану. I вось цяпер, калi паважна думаў аб далейшым выбары свае жыцьцёвае дарогi, летам 1908 г. стрэўся з айцом А. Лiсоўскiм у ягонай роднай вёсцы Каранды, што была недалёка ад Арлянятаў. Гутарка зь iм i асаблiва зь ягоным бацькам канчаткова ўмацавала жаданьне стацца сьвятаром. Але з ашмянскага гарадзкога вучылiшча нельга было ўступiць у сэмiнарыю — трэба было дапоўнiць некаторыя прадметы: лацiна, матэматыка, гiсторыя й замежная мова. Вялiкую дапамогу ў перамозе гэтых недахопаў зрабiў стары Лiсоўскi. Ён завёз Адама ў Вiльню, там знайшоў для яго настаўнiка й кватэру ў Новай Вілейцы.

Вясною 1910 г. Адам паехаў у Маскву здаваць экзамэн за
4-ю клясу гiмназii пры вучэбнай акрузе. Гэты экзамэн можна было здаваць i ў Вiльнi, але тут пры падобных экзамэнах шмат «рэзалi», а ў Маскве было лягчэй, вось жа для большае пэўнасьцi экзамэну давялося пазнаць старую Маскву. Экзамэн прайшоў памысна, i восеньню таго ж году адбыўся таксама памысны ўступны экзамэн у Вiленскую каталiцкую духоўную сэмiнарыю.

У сэмiнарыi адначасна з навукаю Адам шмат чытаў кнiгаў з галiны фiлязофii, агульнае гiсторыi й гiсторыi Беларусi. Ягоныя сябры сэмiнарысты былi пераважна апалячаныя беларусы. Вось жа ўвайшоўшы ў курс сэмiнарыйнага жыцьця, паволi пачаў весьцi сыстэматычную ўсьведамляючую працу мiж сяброў, спачатку аднакурсьнiкаў, а потым i ў старэйшых курсах. Адны зь iх нясьмела прызнавалiся да беларускасьцi, iншыя не. Усэмiнарыi было нямала летувiсаў, якiя наагул да беларусаў адносiлiся спагадна.

У 1911 г., калi Адам быў ужо на другiм курсе, каля яго згуртавалася больш дзясятка сьведамых беларусаў. Цяпер можна было падумаць аб залегалiзаваньнi беларускага гуртка перад сэмiнарыйнымi ўладамi. Душою арганiзацыi быў Адам, i ён зьвярнуўся да рэктара ў гэтай справе. Рэктар спачатку меў некаторыя засьцярогi да гуртка, баючыся, каб беларускi рух не прынёс шкоды каталiцкай царкве, але калi пачуў ад Адама, што беларусы iмкнуцца да таго, каб зь беларускага адраджэньня была таксама карысьць i для каталiцызму, дык дазволiў на iснаваньне гуртка й беларускае бiблiятэчкi пры iм, але з умоваю, што кнiжкi, якiя будуць прыходзiць у бiблiятэчку, ён мусiць перш сам пераглянуць.

Праца беларускага гуртка ў сэмiнарыi хутка дала добрыя вынiкi. У штогоднiх вечарох перад запускамi зьявiлiся ў праграме беларускiя нумары; лiк сьведамых беларусаў мiж сэмiнарыстаў паволi ўзрастаў.

Па сканчэньнi сэмiнарыi Адам пастанавiў вучыцца далей. Восеньню 1914 г., не зважаючы на ваенны час, ён ужо быў у Пецярбурскай каталiцкай духоўнай акадэмii i там 28 сьнежня (па старому стылю) атрымаў сьвятарскае сьвячэньне.

У акадэмii й для навукi, i для рэлiгiйнае, i для нацыянальнае працы было вельмi шырокае поле. Тут ужо iснаваў беларускi гурток з багатаю бiблiятэкаю. Да таго была аграмадная акадэмiчная бiблiятэка. У Пецярбурскiм унiвэрсытэце быў беларускi студэнцкi гурток. Наагул беларуская калёнiя ў Пецярбур гу была даволi актыўная. Там у 1902 г. паўстала першая легальная беларуская арганiзацыя «Круг беларускае народнае прасьветы й культуры», там у 1906 г. зарганiзавалася першая беларуская выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша аконца». Зусiмi гэтымi арганiзацыямi айцец Адам быў у вельмi блiзкай лучнасьцi i ў першыю чаргу зь пiянэрам беларускага адраджэн скага руху праф. Бранiславам Эпiмахам-Шыпiлам.

У акадэмiчным беларускiм гуртку айцец Адам адразу быў выбраны сакратаром, а ў 1916 г. старшынёю й займаў гэтае становiшча аж да сканчэньня акадэмii ў 1918 г. — апошняга году яе iснаваньня.

У акадэмii было два факультэты: дагматычна-бiблiйны й маральна-праўны. Айцец Адам студыяваў на другiм. Перад канцом студыяў, здаўшы ўсе экзамэны й залiкi, ён атрымаў ступень кандыдата кананiчнага права i быў узяўся за магiстарскую працу на тэму «Навука сьв. Тамаша Аквiната аб сям'i ў параўнаньнi з сучаснай тэорыяй аб вольнай любовi», але калi ўжо зрабiў самае важнае ў падрыхтоўчай навуковай працы, закiнуў зусiм далейшыя студыi свае магiстарскае працы й заняўся студыямi моваў i фiлязафiчных ды грамадзкiх праблемаў.

Ужо ў 1916 г. айцец Адам напiсаў колькi артыкулаў у газэты «Сьветач», «Дзяньнiца», а калi ў 1917 г. зьявiлася «Крынiца», ён навязаў зь яе рэдакцыяю блiзкае супрацоўнiцтва.

У траўнi 1917 г. заснавалася ў Петраградзе Беларуская Хрысьцiянская Дэмакратычная Злучнасьць, i айцец Адам адразу стаўся актыўным сябрам, а потым i фактычным яе кiраўнiком.

Год 1917 наагул вызначаецца вялiкiмi пераменамi. Пасьля Лютаўскае рэвалюцыi на ўсiм абшары былое Расейскае Iмпэрыi адбывалiся паважныя нацыянальныя й рэлiгiйныя рухi. Не зважаючы на тое, што ў тым часе празь Беларусь праходзiў ваенны фронт i цяжыла ваеннае становiшча, беларускi вызвольны нацыянальны й рэлiгiйны рух мацнеў з дня на дзень. У Менску 24—25 траўня 1917 г. адбыўся 1-ы зьезд беларускага каталiцкага духавенства, на якiм абмяркоўвалiся найбольш актуальныя пытаньнi беларускага рэлiгiйнага жыцьця. На гэтым зьезьдзе айцец Адам чытаў рэфэрат аб беларускiм руху й ягоных адносiнах да рэлiгiйнага жыцьця. Некаторыя жаданьнi, выказаныя на зьезьдзе, часткова пачалi ажыцьцяўляцца ў тым жа годзе. Магiлёўскi архiбiскуп дэ Роп у 1917 г. афiцыяльна дазволiў беларускiя казаньнi, i 21 ліпеня ў прысутнасьцi архiбiскупа айцец Адам меў першае казаньне па-беларуску ў Дзiсьне.

Вясною 1918 г. айцец Адам скончыў акадэмiчныя студыi й зь вялiкiмi клопатамi прабраўся на Беларусь, але, не дайшоўшы да Вiльнi, праз усю вясну й лета жыў у айца Шутовiча ў Барадзенiчах, гаворачы беларускiя казаньнi ў ваколiчных касьцёлах. Толькi восеньню 1918 г. зь вялiкiмi цяжкасьцямi яму ўдалося атрымаць ад нямецкiх акупацыйных уладаў дазвол прыехаць у Вiльню. У Вiленскiм бiскупстве тагачасныя польскiя кiраўнiкi сустрэлi яго непрыхiльна й хутка адправiлi ў польскую парахвiю (Драгiчын над Бугам). На шчасьце, у тым жа 1918 г. прыбыў у Вiльню Яго Эксцэленцыя Юры Матулевiч, якi дазволiў айцу Адаму вярнуцца ў Вiльню й заняцца грамадзкаю працаю.

Якраз калi айцец Адам зьявiўся ў Вiльнi, там адчынiўся ўнiвэрсытэт, i гэта выклiкала жаданьне дапоўнiць свае студыi. Ён прыватна яшчэ два гады наведваў праўны факультэт. Але на студыi яму заставалася вельмi мала часу, бо трэба было рэдагаваць «Крынiцу», удзельнiчаць у Камiтэце Помачы Ахвярам Вайны, выкладаць каталiцкую рэлiгiю ў Беларускай гiмназii. Восеньню 1921 г. распачалiся ў Вiльнi рэгулярныя набажэнствы для беларусаў-католiкаў, i айцец Адам штонядзелi гаварыў беларускiя казаньнi. У далейшым на ягоныя плечы ўзвальвалiся ўсё новыя й новыя абавязкi. Падчас першых выбараў у першы польскi сэйм 1922 г. айцец Адам быў выбраны беларускiм паслом. Тады баранiў беларускую справу ня толькi на сэймавай трыбуне, але таксама i ў кругох замежных дыпляматаў.

Праз сваю кiпучую дзейнасьць ужо ў той час айцец Адам здабыў такi вялiкi аўтарытэт, што калi ў 1924 г. менскiя беларусы распачалi стараньнi аб беларускiм каталiцкiм бiскупе, дык адразу зьвярнулiся да яго, каб згадзiўся быць кандыдатам на гэтае становiшча, але дзеля шматлiкiх прычынаў праект ня быў ажыцьцяўлёны.

Па сканчэньнi пасольскае кадэнцыi ў 1926 г. айцец Адам прысьвяцiў шмат увагi навукова-выдавецкай дзейнасьцi. Заснаваў у Вiльнi беларускую друкарню iмя Ф. Скарыны, якая сталася найбольш плодным цэнтрам беларускага друкаванага слова ў Заходняй Беларусi. Адтуль штогод выходзiла некалькi беларускiх кнiжак i там друкавалася некалькi беларускiх пэрыёдыкаў: «Хрысьцiянская думка» пад рэдакцыяй самога айца Адама, «Шлях моладзi» ад 1932 г., «Самапомач» ад 1935 г., «Калосьсе» ад 1937 г. Для матэрыяльнага забясьпечаньня беларускае рэлiгiйнае прэсы ў 1928 г. ён заснаваў Беларускае каталiцкае выдавецтва.

За сваю працу на беларускай нiве айцец Адам меў шмат прыкрасьцяў ад польскiх духоўных уладаў. У 1926 г. вiленскi архiбiскупскi пасад заняў Я. Э. Ялбжыкоўскi, ведамы з крайняга польскага шавiнiзму й варожасьцi да ўсяго беларускага. Ён часта заклiкаў да сябе айца Адама ды рабiў дакоры й пагрозы за ягоную дзейнасьць. Калi ж нiякiя пагрозы не зьмяншалi кiпучае працы айца Адама, тады 10 сьнежня 1928 г. архiбiскуп Ялбжыкоўскi забаранiў вернiкам свае дыяцэзіi належаць да Беларускае Хрысьцiянскае Дэмакратыi (БХД), чытаць «Беларускую Крынiцу» й асобным загадам забаранiў айцу Адаму супрацоўнiчаць у «Беларускай Крынiцы» й, ведама ж, належаць да БХД. Гэтая забарона мела на мэце скампрамэтаваць беларускi каталiцкi рух, але ў сапраўднасьцi скампрамэтавала самога архiбiскупа.

Калi польскi наступ на беларускi рух гвалтам зьменшваў поле беларускае культурнае й рэлiгiйнае дзейнасьцi, айцец Адам пачаў больш часу прысьвячаць навукова-публiцыстычнай дзейнасьцi. З-пад ягонага пяра выйшла каля дзьвюх тысяч артыкулаў у розных газэтах i часапiсах; ён напiсаў больш дзясятка ўступных разьдзелаў да розных кнiжак, якiя падрыхтаваў да выданьня, і выдаў 17 уласных кнiжак: «Беларуская мова ў школах Беларусi 17 i 18 стст.» (1928), «Родная мова ў сьвятынях» (1929), «Францiшак Багушэвiч, яго жыцьцё й творчасьць» (1930), «Вiтаўт Вялiкi й Беларусы» (1930), «Казiмір Сваяк; нарыс аб ягонай iдэалёгii» (1931), «Кастусь Калiноўскi, «Мужыцкая праўда» i iдэя незалежнасьцi Беларусi» (1937), «Праф. Бранiслаў Эпiмах-Шыпiла. Зь яго жыцьця i працы» (1935), «Да гiсторыi беларускага палiтычнага вызваленьня» (1935), «Зжыцьця i дзейнасьцi Казiміра Сваяка» (1936), «Магнушэўскi, Паўлюк Багрым, Баброўскi» (1937), «Божае слова на нядзелi i сьвяты» (1938), «Лекцыi i Эванэлii на нядзелi i сьвяты» (1938), «Мiхал Забэйда-Сумiцкi i беларуская народная песьня» (1938), «У гонар 950-годзьдзя хрышчэньня Беларусi» (1938), «Хрысьцiянства i Беларускi Народ» (1940), «Вучыся i малiся. Малiтаўнiчак» (1944).

У сваёй разнаякай працы айцец Адам зьвяртаў асаблiвую ўвагу на кантакты з прадстаўнiкамi тых народаў, якiя спрыялi беларус