МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Паваенная эміграцыя: скрыжаваньні лёсаў: зборнік успамінаў / Аляксандар Адзінец. — Мінск: Медисонт, 2007. — 704 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны, кн. 11).

Аўтар: Адзінец Аляксандар
Год: 2007
Cерыя: “Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
Раздзел: Успаміны, Дакументы, Інтэрв'ю
Краiна: Аргенціна, Аўстралія, Бельгія, Вялікабрытанія, Германія, ЗША, Канада, Польшча, Францыя, Чэхія, Швецыя
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

ПРАДМОВА

Ідэя напісаньня кнігі выкрышталізавалася ў рэальны праект вельмі нечакана. Каталізатарам стаў мой старэйшы сябра Барыс Кіт — першы прадстаўнік ваенна-палітычнай хвалі беларускай эміграцыі, зь якім мне ўдалося навязаць цесны кантакт. Але тады я і ў марах не плянаваў выданьня цэлай кнігі, прысьвечанай эміграцыі. Мэтай было напісаньне газэтнага артыкулу. Аднак пасьля той размовы я быў настолькі захоплены, узрушаны й усхваляваны суразмоўцам, што зразумеў: гэта толькі пачатак!

У галаве пачалі круціцца пытаньні: а колькі яшчэ такіх беларусаў апынуліся па вайне за межамі Бацькаўшчыны, сталі паважанымі людзьмі на новых радзімах, што яны рабілі на карысьць Беларусі, ці не забыліся роднай мовы, традыцый, ці захавалі ўсё гэта багацьце ў новых варунках жыцьця? Адказы рэдка сустрэнеш у айчынным друку, разьлічаным на шырокае кола чытачоў, — толькі эпізадычныя згадкі, якія ня могуць даць уяўленьня пра жыцьцё эміграцыі, яе посьпехі і страты, памылкі і здабыткі як пра глябальную паўнавартасную зьяву, неразрыўна зьвязаную з самой Беларусьсю — у мінулым, сучаснасьці й у будучыні. Ня трэба лішні раз узгадваць пра тыя характарыстыкі паваенным эмігрантам, на якія не скупілася савецкая журналістыка й літаратура. Але й яна, гэтая замбавальна-зьнішчальная «канцыляршчына» з гнойным пахам, была даволі рэдкай зьявай. Як правіла, пра эміграцыю прынята было маўчаць, каб, крый Божа, ня выклікаць цікавасьці да легіёну «здраднікаў» і «калябарантаў». Замоўчваючы іх існавань не, улады спрабавалі ператварыць у мерцьвякоў жывых людзей, бо, як вядома, найлепшы спосаб пахаваць чалавека жыўцом — гэта забыць пра яго. І толькі тады, калі на Бацькаўшчыну прарываліся-такі галасы з далёкага замежжа, верныя служакі ганебнай саветчыны цягнуліся за нафталінавай цяжкай артылерыяй, што страляла без разбору ў ахвяраў «фашызмам», «здрадніцтвам» і іншай «антысаветчынай». Яна, эміграцыя, была вінаватая апрыёры, бо пасьмела пакінуць «савецкі рай рабочых ды сялян». Няважна, якім чынам — пад прымусам, гнаная ў невядомасьць нямецкай вінтоўкай, ці самастойна, ратуючыся ад самай «міласэр най» на сьвеце сыстэмы, што згнаіла ў лягерах мільёны людзей. Пакідалі са сьлязьмі на вачох, са страхам перад цёмнай і нявызна чанай будучыняй, з балючым сэрцам пра сыноў, бацькоў, што зьніклі бязь вестак ці былі раскіданыя ваенным лёсам па ўсёй плянэце, з балючым сэрцам пра лёс тых, хто застаўся на Бацькаўш чыне. Са сьлязьмі на вачох пры думцы аб тым, што родную Беларусь бачаць, магчыма, апошні раз...

...І завярцелася кола! Пачынаць прыйшлося з поўнага нуля — аніводнага тэлефону, аніводнага адрасу, толькі некалькі прозьвішчаў «на алоўку». Але хутка ўдалося разбагацець на шырокую базу каардынатаў. Пры дапамозе новых знаёмых, калегаў, артыкулаў, прысьвечаных эміграцыі, кніг, на якія пачаў палявань не, і шматгадзінных, бесьперапынных вандровак па тэлэфонных даведніках краін усіх кантынэнтаў. Гэта быў сьнежны ком, які з кожным днём станавіўся ўсё большым і ў выніку вырас да памераў кнігі, якую вы трымаеце ў сваіх руках.

Ад самага пачатку да фінальнай кропкі праца над кнігай заняла два гады часу. Два гады цікавай і напружанай працы. Два гады здабыткаў і стратаў. Два гады радасьцяў і расчараваньняў. Два гады, якія не забудуцца ніколі ў жыцьці, бо я жыў гэтай кнігай, здаралася, засынаў і прачынаўся з думкамі пра яе, бачыў яе ў снах: перадваенную Вільню, Другі Ўсебеларускі Кангрэс, доўгачаканыя лісты ад сваіх суразмоўцаў, якія дастаю з паштовай скрыні, і — безумоўна — сваіх герояў, некаторыя зь якіх цягам працы над кнігай зрабіліся для мяне дарагімі й амаль што роднымі людзьмі.

Нумары тэлефонаў першых эмігрантаў набіраў дрыжачымі рукамі, бо абсалютна ня ведаў, якой рэакцыі чакаць ад сваіх значна старэйшых суразмоўцаў на свае прапановы. Адзін зь першых суразмоўцаў, вядомы дзяяч з Таронта, сваёй выбуховай, неапраўдальнай агрэсіяй ледзь не растаптаў жаданьне займацца тэматыкай далей. Але далейшыя спробы ў асобах доктара Мітрафана Смаршчка, Веры Рамук, Віталя Цярпіцкага, Соні й Язэпа Лешчанкаў (Кавылёў), сьветлай памяці Барыса Рагулі надалі праекту новы й пазытыўны імпульс. Зьявілася яшчэ большая ахвота й азарт пашырыць гутаркі з эмігранцкім асяродзьдзем да памераў кнігі. Далейшая праца над ёй, праца зь людзьмі старэйшага веку, што пражылі цяжкае, поўнае выпрабаваньняў жыцьцё, праходзіла зь пераменным посьпехам. На дзясятак асобаў, што зь цікавасьцю й ахвотай адгукаліся на мае прапановы, прыпадаў дзясятак адмоваў. Дыяпазон абгрунтаваньняў шырокі. Некаторыя эмігранты й ня думалі хаваць трывожных думак, што журналіст, які патэлефа наваў ім, — шпіён КДБ, які падманнымі мэтадамі хоча выцягнуць дэталі біяграфіі. Спробы пераканаць суразмоўцаў у тым, што інфармацыя на патрэбных ім людзей сабраная тымі «органамі» некалькі дзясяткаў гадоў таму і — болей за тое — даўно адпраўленая ў архіў (пра тое, як спраўна й прафэсійна ў СССР была наладжана выведка за эмігрантамі, — чытайце ва ўспамінах Барыса Кіта пра Станіслава Станкевіча), не прыносіла ніякага плёну.

Страх перасьледу, пакараньня, няспынных пошукаў «ворагаў народу» ў іхнай асобе зрабіўся ў значнай частцы эмігранцкага асяродзьдзя галоўнай фобіяй, якая не дае ім спакойна засынаць і сёньня, калі краіны, ад якой яны чакалі пагрозы свайму існаваньню, ужо 15 гадоў як няма на сусьветнай мапе. Менавіта з гэтай прычыны далёка ня кожны эмігрант адважыўся адведаць Беларусь нават пры незалежнасьці. Яны шчыра прызнаюцца, што баяцца быць арыштаванымі й кінутымі за краты, толькі сышоўшы з трапу самалёту.

Але крытыкаваць гэтых людзей ня маю маральнага права. Бо ўсьведамляю, празь якія брутальныя выпрабаваньні ім давялося праходзіць, каб урэшце зажыць паўнавартасным жыцьцём у вольным сьвеце. Найглыбейшая адзнака ўзроўню страху — засьцярогі, што пасьля публікацыі ў кнізе ўспамінаў пачнуць рэпрэсаваць іх сваякоў, што жывуць і працуюць у Беларусі. Было досыць шмат і такіх выпадкаў, калі падчас першай размовы чалавек даваў цьвёрды адказ «згодзен(-на)», а на другі дзень, пасьля спасьцярогаў сваякоў ці сяброў, даваў задні ход. Частка адмоваў тлумачылася ўжо напісанымі ці рыхтаванымі аўтабіяграфіямі. Пры гэтым я заўсёды спрабаваў высьветліць, якім чынам гэтая акалічнасьць перашкаджае зьмяшчэньню іхных успамінаў яшчэ й у маім зборніку. Улічваючы, што некамэрцыйная кан'юнктура рынку такой літаратуры ніяк ня можа лічыць нас канкурэнтамі. Але адказу, на жаль, так і не пачуў. Відаць, спрацоўвалі нейкія глыбока асабістыя меркаваньні. Аднак радуе тое, што ў найбліжэйшым часе, калі задумкам аўтараў нічога не перашкодзіць, нас чакае шэраг сьвежых выданьняў пра жыцьцё эміграцыі. Якія, адзінае, пажадана ўсё ж такі даносіць да больш шырокага кола чытачоў, а не ператвараць надрукаваную працу ў фантом, як гэта нярэдка здараецца ў нас з падобнага кшталту літаратурай.

У спробах навязаць кантакты з эміграцыйным сьветам хапала ўсяго: і мэтадычнага кіданьня слухаўкі пасьля аднаго толькі вітаньня па-беларуску, і рэзкіх адмоваў запрасіць мужа (ці жонку) да тэлефону, і абвінавачаньняў аўтара ў тым, што ён «замалады»: «Вы ня можаце зразумець нашай свабоды, дый увогуле — дзе гарантыя, што Адзінец — гэта ня ваш псэўданім?!», спасылак людзей з Фларыды, Паўднёвай Аўстраліі ці Таронта, што мы не знаёмы асабіста, і шмат чаго іншага. Такім чынам, на болей чым 70 запісаных успамінаў прыйшлося амаль столькі ж адмоваў, некаторыя зь якіх перажываліся вельмі балюча, бо сыходзілі ад людзей, што маглі праліць сьвятло на шэраг белых плямаў у гісторыі беларускай эміграцыі. Плямаў, якія, улічваючы паважны ўзрост прадстаўнікоў плыні паваеннай эміграцыі, могуць быць не зьліквідаваны ўжо ніколі... Сумна, але далёка ня кожны эмігрант разумее важнасьць напісаньня максымальна праўдзівай, непадуладнай ідэалягічным скажэньням ці густу таго ці іншага рэжыму, гісторыі нашай эміграцыі.

Колькі яшчэ сотняў ці нават тысяч беларусаў з усіх кантынэн таў засталіся па-за колам наладжаных кантактаў — застаецца толькі гадаць. Але ў асноўным гэта людзі, што па розных прычынах (у тым ліку — і згаданых вышэй) адвярнуліся ад сваёй беларускасьці, стаўшыся шараговымі грамадзянамі Канады, ЗША, Францыі, Бразыліі ці Парагваю. Паваенныя выхадцы зь Беларусі ёсьць паўсюль, нават у самых патаемных куткох узьбярэжжа Амазонкі ці сярод нарвэскіх фіёрдаў, а вось беларусаў — на жаль, няшмат.

Галоўны герой гэтай кнігі — чалавек. Асоба са сваімі думкамі, меркаваньнямі, радасьцю й болем, любоўю й нянавісьцю, захапленьнямі, перамогамі й паразамі. Асоба ў сваім пэрсанальным космасе, нутраным сьвеце, якой была прапанаваная свабодная, непадуладная цэнзуры трыбуна. Прамаўляць на ёй было дазволена ўсім і ўсё, не зважаючы на палітычныя погляды, веравызнаньне, вастрыню ці спрэчнасьць тых ці іншых адзнак. Як і хто ёй скарыстаў ся — судзіць толькі чытачу, які мае магчымасьць бліжэй пазнаёміцца зь лёсам такіх блізкіх і адначасова далёкіх нам людзей, якія нарадзіліся й вырасьлі ў цяжкі, бязьлітасны для беларускай нацыі час і назаўсёды апынуліся па-за межамі сваёй адзінай сапраўднай Радзімы. У апавяданьнях аўтабіяграфічнага характару вы можаце даведацца пра палітычнае, культурнае, грамадзкае, рэлігійнае беларускае жыцьцё за мяжой, падзеі і тэндэнцыі, што былі ўласьцівыя ўсёй паваеннай эміграцыі. І, самае галоўнае, ацаніць унёсак эміграцыі ў агульны працэс беларускага адраджэньня.

Спадзяюся, што гэтая кніга прабудзіць большую цікавасьць да беларускай эміграцыі, яе часам супярэчлівай, але надзвычай цікавай і багатай гісторыі. Прымусіць глядзець на яе гісторыю аб'ектыўным позіркам на ўсіх узроўнях беларускага грамадзтва. Але як мінімум ведаць, што далёка за геаграфічнымі межамі Беларусі былі й ёсьць людзі, якія праз усё жыцьцё пранесьлі любоў і фанатычную адданасьць беларускай справе, зьяўляючыся прыкладам для тысячаў тых, хто не ўсьведамляе сваёй беларускасьці, жывучы на Бацькаўшчыне.

Гэтага ў эміграцыі не адыме ніхто!

Аўтар выказвае шчырую ўдзячнасьць усім суразмоўцам, што падзяліліся сваімі ўспамінамі, дапамаглі дадатковай інфармацы яй, ілюстрацыямі й каардынатамі людзей! Вялікі дзякуй за дапамогу ў рэалізацыі праекту таксама Алегу й Натальлі Гардзіенкам, Лявону Юрэвічу, Алене Макоўскай, Марату Клакоцкаму, Сяргею Ёршу, Ганне Сурмач, Веславу Харужаму, Віталю Воранаву.

Асаблівая падзяка тым, без чыёй дапамогі кніга ня выйшла б:

Язэп Сажыч,

Лёля Касоўская,

Янка Шыбут,

Сільвэстар Будкевіч,

Антон Маркевіч,

Міхась Баяроўскі,

Уладзімер Набагез,

Эмігідзіюш Рыжы,

Сьвятаслаў Шабовіч,

Аляксандар Мяцеліца,

Лёля Міхалюк,

Вітаўт і Вера Рамукі,

Міхась Швэдзюк,

Хведар Кажаневіч,

Жэня Юрша,

Мацьвей Смаршчок,

Лёнгіна Брылеўская.

Аляксандар Адзінец,

Зульцбах-на-Майне, Нямеччына

АРГЕНТЫНА

У АРГЕНТЫНЕ МЫ ЗНАЧНА БОЛЬШ
ПАЗНАЛІ ГОРА

Ванда Губэрт-Другавец
(Віла Бальлестэр)

1933 г.,
в. Гарбач Любанскага р-ну Менскай вобл.

Нарадзілася я ў 1933 г. у вёсцы Гарбач (падрабязьней пра гэтыя мясьціны — ва ўспамінах Ганны Мерляк. А.А.). Мае бацькі прынцыпо ва адмовіліся ўступаць у калгас: маўляў, не зьбіраемся задарма аддаваць сваю працу невядома каму й на што. Абраблялі невялічкі кавалак зямлі, старанна працавалі. Савецкая ўлада бацьку не даравала ягонай непакорнасьці і пры канцы 1930-х кінула за краты. Мама пару разоў езьдзіла ў Любань пабачыцца з мужам, якога сустрэла зьнямоглым і хворым. Пра далейшы лёс бацькі, Уладзімера Губэрта, мне нічога не вядома, нам не ўдалося высьветліць аніводнага факта. Мама, Вікторыя Глабінская, праўдападобна, мела польскія карані, але, як і бацька, заўсёды лічыла сябе беларускай.

У Аўстрыі, куды я патрапіла разам зь сям'ёй маёй стрыечнай сястры Ганны Губэрт-Мерляк (падрабязьней пра эвакуацыю на Захад таксама чытайце ў яе ўспамінах. А.А.), пасьля вайны нашая сям'я разьдзялілася — згубіліся тры мае браты. Як высьветлілася значна пазьней, калі мы ўжо жылі ў Аргентыне, іх захапілі савецкія рэпатрыяцыйныя камісіі й вярнулі ў СССР. Пра іх лёс паведаміў нам мой дзядзька, якога ў Аўстрыі змабілізавалі ў савецкае войска й адправілі на фронт. У 1960-х празь міжнародны Чырвоны Крыж ён расшукаў нас у Паўднёвай Амэрыцы, і такім чынам узнавілася наша сувязь зь Беларусьсю. Старэйшы брат Браніслаў пасьля вайны апынуўся ў Казахстане, а Станіслаў і Францішак вярнуліся ў Беларусь, жылі ў Скідалі. Усе трое ўжо памерлі. Як і сястра Альбіна, якая адышла ў вечнасьць у 1945-м, захварэўшы на тыфус.

У Аўстрыі нас, Губэртаў, палічылі за сваіх, а таму ставіліся зусім нядрэнна. Мама працавала ў лягеры на кухні, я хадзіла спачатку ў аўстрыйскую, а потым ва ўкраінскую школу. Па-беларуску размаўлялі толькі паміж сабой, бо суайчыньнікаў сустракалі вельмі рэдка. Цяпер тутака, у Аргентыне, родная мова пакрыху забываецца, бо няма з кім гутарыць — у правінцыі Буэнас-Айрэс я ня ведаю аніводнага беларуса. Адзінае, чытаю старыя беларускія кнігі, успамінаю забытае.

У Аргентыне спачатку прыходзілася надзвычай цяжка: няведаньне мовы, людзей, традыцый, пошукі жытла, працы... Маленькі пакойчык у бедным квартале нам здаваў адзін расеец. А празь некаторы час мой айчым знайшоў непадалёк ад нашай кватэры кравецкую фабрыку, куды я, ня ведаючы гішпанскай мовы, уладкавалася на працу. Кравецкай справе я, дарэчы, разам з Аняй вучылася ў Аўстрыі. Мы, маладыя, да новага ладу жыцьця прывыклі даволі хутка, а вось мая маці вельмі пакутвала. Страціла мужа, дачку, доўга нічога ня ведала аб трох сынох, пачувалася абсалютна чужой, адарванай ад роднага карэньня, няхай і пакутлівай, але Радзімы.

Далейшы наш лёс у Аргентыне вельмі сумны. Уся нашая сям'я рыхтавалася да пераезду ў ЗША. Мой муж, Уладзімер Другавец, паехаў у Штаты, як кажуць, прыгатаваць пляцдарм. Але нечакана сур'ёзна захварэў, лёг у псыхіятрычны шпіталь, а калі выйшаў адтуль — скончыў жыцьцё самагубствам, павесіўся 1... Я разам зь дзьвюма дачушкамі мусіла заставацца ў Аргентыне, умовы жыцьця ў якой толькі пагаршаліся. Зьмяніўшы яшчэ некалькі фабрык, згубіўшы надзею знайсьці штосьці прыстойнае, выйшла на пэнсію. Сёньня пэнсія зусім малая — у пераліку на амэрыканскія грошы крыху больш за 100 даляраў. Тутака ёсьць людзі, якія зарабляюць вялікія грошы, жывуць па-каралеўску, аднак бальшыня людзей знаходзіцца за рысай беднасьці. Пасьля нядаўняга абвалу, калі за адзін дзень развалілася ўся аргентынская эканоміка, жыцьцё пакрыху паляпшаецца, але вельмі марудна.

Мой муж нарадзіўся ў 1923 г. у заходняй частцы Беларусі. Пасьля прыходу савецкай улады быў высланы разам зь сям'ёй у Сібір. Там далучыўся да Арміі Андэрса, быў у Італіі й Англіі, у Аргентыну перабраўся да брата, які сюды прыехаў з ранейшай хваляй эміграцыі. Пазнаёміўшыся з Кастусём Мерляком, уключыўся ў грамадзка-палітычную беларускую справу, быў заступнікам Мерляка ў Згуртаваньні Беларусаў у Аргентыне. Як і Аня з Кастусём, я пазнаёміла ся з Валодзем на беларускай вечарыне ў Буэнас-Айрэсе, якія калісьці ладзіліся тутака рэгулярна й зьбіралі сотні людзей. Ажаніліся мы тады, калі Мерлякі ўжо перасяліліся ў ЗША. Абедзьве нашыя дочкі, Марыя-Сафія й Сузана-Вікторыя, маюць добрую адукацыю, закончылі ўнівэрсытэт. Старэйшая, народжаная ў 1955-м, працавала ў галіне фінансаў, але сур'ёзна захварэла — мае праблемы з нэрвовай сыстэмай. Яна жыве са мной, лечыцца, здароўе яе паляпшаецца, аднак працу хоць бы на дзьве гадзіны ў дзень знайсьці ня можа. Малодшая, яна 1957 году нараджэньня, — спэцыяліст у галіне моды, добра дапамагае мне фінансава.

Непадалёк ад Буэнас-Айрэсу, у ціхім прыгожым прадмесьці, я маю невялікі, на тры пакоі, дом. Аргентына — краіна неапісальнай прыгажосьці, мая сям'я пазнала тутака й радасьць, і гора. Але гора, на жаль, больш...

АЎСТРАЛІЯ

Я ЎМЕЮ ЗА СЯБЕ ПАСТАЯЦЬ

Мікола Антух
(Сыднэй, Новы Паўднёвы Ўэльс)

2 сакавіка 1924 г., в. Логавінцы,
сёньня Пастаўскі р-н Віцебскай вобл.

Наша вёсачка — невялічкая, можа, нейкіх трыццаць гаспадарак. Мой бацька — Валерыян Антух. Маці Вольга паходзіла з дому Міхасёнкаў. У мяне былі чатыры браты і сястра, якая рана памерла. Брат Міхаіл (1915 году нараджэньня) і цяпер жыве каля Глыбокага. Трымаецца нармальна, вядзе гаспадарку. Другога брата — ён падчас вайны ўжо меў сям'ю — забілі партызаны. Трэці брат падчас савецка-нямецкай вайны вучыўся ў Пастаўскай сэмінарыі, калі ў ёй дырэктарстваваў Барыс Кіт. Улетку 1944 г. яго змабілізавалі ў Чырвоную Армію, і ён загінуў у апошні дзень вайны ў Нямеччыне. Еўдакім працаваў у Калінінградзкім порце, дзе пашкодзіў здароўе. Потым пераехаў у Маладзечна, дзе й памёр некалькі гадоў таму.

У Першую сусьветную бацька падаўся ў эвакуацыю зь зямлі, што належала Расеі, а вярнуўся ўжо на землі, што адышлі да Польскай дзяржавы. Напачатку меў зусім мала зямлі — тры з паловаю гектары. Але дзякуючы працаздоль насьці, ці, як цяпер кажуць, бізнэс-якасьцям, набыў дваццаць! Бацька ўмела і спраўна займаўся гандлем лёну, жывёлы, гадаваў коні. Здаралася, адвозіў на кірмаш тры фурманкі коні ды прадаваў заможным польскім купцом. Людзі з навакольных вёсак добра ведалі Валерыяна Антуха, казалі адзін аднаму: «Глядзі, Антух на кірмаш едзе». Бацька падыходзіў да справы ня толькі з гледзішча прыбытку, але й з душой. Прадаючы чарговага каня, плакаўся: «Ой, такі прыгожы конік, шкада аддаваць». Так што за польскім часам жылі мы надта заможна, ня ведаючы голаду й нястачы.

Калі Заходнюю Беларусь акупавалі саветы, бацьку — каб унікнуць таўра «кулака» ды застацца дома, а ня катаржна працаваць у Сібіры — параілі аддаць частку зямлі аднавяс коўцам. Бацька так і зрабіў, аддаў большую частку зямлі і жывёлы людзям, пакінуўшы сабе толькі тры гектары. Але нават пры гэтым яго некалькі разоў выклікалі ў павятовую ўправу на размовы ды выпытвалі дэталі біяграфіі, што датычыла польскага часу. Савецкія ўлады не давалі веры, што чалавек мог нажыць такое дабро дзякуючы выключна цяжкай працы.

Тата не дзяліў дні на працоўныя й выходныя — працаваў тады й столькі, колькі было патрэбна, як дыктавалі гаспадарскія справы. Вось і 1 траўня, у адно з галоўных камуністычных сьвятаў, ён паехаў на поле сеяць канюшыну. Як узышло сонца й сышоў туман, ён убачыў на будынку сельсавету чырвоныя сьцягі. І толькі тады ўспомніў, што сёньня за дзень... Вярнуўшыся дахаты, расказаў жонцы, што за віна на ім ляжыць і да якога пакараньня яны мусяць прыгатаўляцца. Празь некалькі дзён адбыўся «суд», на які прыехаў нават прадстаўнік кампартыі з раёну. Выслухаўшы бацькаў аповед, зрабіў выснову: «Нашыя рабочыя працуюць за станкамі да 10-й раніцы, а потым ідуць на мітынгі. Вы, таварыш Антух, засеялі некалькі гектараў канюшыны й таксама ўдзельнічалі ў мітынгу. Дык пашана вам!» Аповед пра геройскі ўчынак бацькі зьявіўся нават у «раёнцы». Вось як яно ўсё павярнулася, а мы чакалі вывазу на Сібір. Дарэчы, страх вывазу не пакідаў людзей ані дня аж да прыходу немцаў.

За польскім часам я скончыў дзьве клясы пачатковай школы. За бальшавікамі пайшоў у савецкую школу і быў вымушаны ўдзельнічаць ва ўсіх прапагандысцкіх сходах, зьездах, выслухоўваючы ўсю гэтую прапаганду. Многія савецкія песьні, вывучаныя тады, памятаю і па сёньня. Апроч таго, я цяжка фізычна працаваў у Паставах, бо бацька ня мог пакрыць усе падаткі, якія наклалі новыя гаспадары з Масквы.

За часам нямецкай акупацыі я запісаўся ў Пастаўскую гімназію. Аднак правучыўся там нядоўга — уладкаваўся на працу ў Дарожнае ўпраўленьне, працаваў на трасе Вільня—Глыбокае. У нашым рэгіёне ўся афіцыйная дакумэнтацыя вялася па-польску. Аднойчы прыходжу ў бюро — усе паперы перапісваюцца па-беларуску. Вялікую ролю ў беларусі зацыі рэгіёну адыграла Пастаўская гімназія, якая стала правадніком беларушчыны. Нацыянальнаму руху вельмі спрыяў павятовы старшыня Адам Дасюкевіч.

З прыходам немцаў людзі зажылі больш-менш спакойна. Паставы жылі абсалютна нармальным жыцьцём, стасункі немцаў з насельніцтвам былі цывілізаванымі й не выходзілі за рамкі закону. Але гэны спакой датычыў толькі гораду. На вёсцы людзям пагражала ня меншая небясьпека, чым за саветамі, — партызаны, што ўсімі магчымымі сродкамі зьдзекаваліся зь людзей. Ня ведаю, чым яны яшчэ займаліся, апроч таго, што сядзелі ў лесе й рабавалі вясковае насельніцтва. А быццам супрацьнямецкія выступы, як, напрыклад, разбурэньне мастоў (якія я потым рамантаваў), адбіваліся не на немцах, а ў першую чаргу на ні ў чым не вінаватых людзях. Менавіта сяляне несьлі адказнасьць за партызанскі гвалт.

Аднаго дня нашую вёску акружылі латыскія войскі. Кіраўнік-немец аб'явіў людзям, што вёску паліць ня будуць, але маладыя хлопцы будуць вывезеныя на працы ў Нямеччыну. У гэтыя шэрагі патрапіў і я. Усяго з раёнаў Мядзелу, Глыбокага, Паставаў у Мюнхэн у кастрычніку 1943 г. былі накіраваныя 300 хлопцаў. Нас прывезьлі ў цэнтар гораду, на Прынцрэгентштрасэ. Мяне зьдзівіла, што нас ніхто не ахоўваў, што дазваляла адчуваць сябе дастаткова вольна. Упершы ж свой выхад у горад я пачуў ад людзей, што непадалёк, на плошчы, адбудзецца выступ Гітлера. Ля трыбуны, на якой меў прамову Гітлер, была ўсталявана нямецкая зброя й самалёт «Мэсэршміт» 2. Падчас свайго выступу «фюрэр» асабліва наракаў на генэрала Паўлюса, які капітуля ваў пад Сталінградам. Спачатку прамова нямецкага тырана не зрабіла на мяне асаблівага ўражаньня, бо я ўжо быў закалёны польскай і асабліва савецка-сталінскай прапагандай. Але калі ён разам са сьвятаром бласлаўляў юных жаўнераў на вайну, па маім целе прабег халадок і мне стала жахліва: «Каму патрэбна гэтае вар'яцтва, каму трэба гэта гвалтоўная вайна?!»

Таксама мяне моцна абурыла, калі я даведаўся, што на нашу, беларускую, вопратку немцы нашылі значкі «остарбайтэраў». Размовы з кіраўніцтвам лягеру станоўчых вынікаў не далі. Нам паведамілі, што мы прыехалі з «ост-бэцырка» (усходняй акругі), прыроўнены да расейцаў і таму мусім насіць гэты значок, што ператварае чалавека, па сутнасьці, у бяспраўную асобу. Тады мы, сем дэлегатаў, накіраваліся да паліцэйскага ўпраўленьня. Я меў пры сабе нямецкі пропуск за подпісам ваеннага камісара, што атрымаў яшчэ ў Дарожным упраўленьні. У графе нацыянальнасьць там было пазначана: «вайсрутэнішэ». Яго я і прадэманстраваў паліцыянтам. У хуткім часе ў лягер прыслалі пасьведчань не, што беларусы пазбаўленыя статусу «остарбайтэраў». Унашых «арбайтсбухах» (працоўных кніжках) выкрасьлілі гэты «ост», запісаўшы нацыянальнасьць як беларускую і занёсшы ў катэгорыю «баў-хільфэ» — дапаможнай сілы на будовах. Лягернай адміністрацыі нічога не заставалася, як зрабіць для беларусаў значна лепшыя ўмовы, выдзеліць асобную кухню. Будаўляная фірма накіравала мяне на працу за 50 кілямэтраў ад Мюнхэну. У мае абавязкі ўваходзіла ўтрыманьне расейцаў, колькасьць якіх зь цягам часу падабралася да двухсот.

Па нейкім часе на пасаду «лягерфюрэра» прыслалі новага чалавека, заўзятага нацыста Германа. Яго жонка мела нэрвовую хваробу, выходзячы зь сябе падчас авіяналётаў. Калі муж быў у хаце, яна яшчэ трымалася, але не магла заставацца адна ў хаце. «Лягер-фюрэр» прызначыў мяне даглядаць ягоную жонку, і я вельмі хутка стаў амаль што членам іх сям'і. Герман часта з захапленьнем распавядаў пра гераізм нямецкага войска, зьнішчэньне жыдоў, праводзіў адкрытую фашыстоўскую прапаганду. Зь іншага боку, ён бараніў мяне перад высокімі чынамі, што імкнуліся адаслаць мяне назад на будоўлю.

Па капітуляцыі Нямеччыны расейцы — яны складалі большасьць жыхароў лягеру — надта кепска паводзілі сябе ў дачыненьні да мясцовага насельніцтва. Часам здараліся бандыцкія напады на дамы, рабаваньне маёмасьці. Асабліва любілі расейскія «блатныя» гэтак званыя «бычкі» — удары ілбом па носе. Аднак я ўмеў за сябе пастаяць (я служыў у лягернай паліцыі), па-другое, у мяне быў пісталет. Дастаць зброю ў тыя часы праблемы не было.

У лягеры я адказваў за кухню, і аднаго дня адзін з такіх бандытаў палічыў, што яму дасталася меней, чым астатнім, ежы. Ён накінуўся на мяне з кулакамі, але атрымаў жорсткі адказ — перакруціўшыся некалькі разоў, «герой» паваліўся на падлогу. Гісторыя зь «недахопам» ежы ня скончыла ся. Празь некалькі дзён я спакойна размаўляў на вуліцы зь сібіракамі (мы вельмі паважалі адзін аднаго), як з-за кута паказалася вялікая кампанія «блатных». «Пацярпелы» паказаў на мяне рукой — я кінуўся ў свой пакой, дзе ў шуфлядзе мусіў ляжаць пісталет. Зброі на месцы не аказала ся— забраў сусед. Мяне акружылі шчыльным колам. Даў аднаму пад бараду, падаючы, той хацеў даць мне паміж ног— не патрапіў, аднак разарваў штаны. Другія ўдарылі збоку. Каб ня быць зьбітым, я пайшоў на хітрыкі: засунуў руку ў кішэню, быццам хачу дастаць пісталет: «Убірайце ся, а ня тое ўсе тут паляжаце!» Яны і разьбегліся. Я расказаў пра гэта здарэньне амэрыканскаму ваеннаму кіраўніцт ву, мне выдалі новы пісталет, параіўшы як мага хутчэй выбірацца з гэтага лягеру.

Я перасяліўся ў польскі лягер, дзе спаткаў шмат беларусаў. Мы пачалі гнаць самагонку. Некаторыя з палякаў таксама пачалі патрабаваць пастаўляць ім гарэлку. Маўляў, калі ня будзе на стале два літры, — пашкадуеце. Сярод нас быў мой зямляк Віталь Орда. Нягледзячы на юны ўзрост (16гадоў), ён меў суровы нораў, нікому ніколі не саступаючы. УВіталя быў аўтамат. Калі палякі ў чарговы раз зайшлі ў наш пакой, Орда ляжаў на ложку: «Што, хлопцы, за гарэлкай прыйшлі? Бярыце адну бутэльку!» І аўтаматную чаргу ім пад ногі. «А цяпер і другую захапіце!» — зноў чарга.

Потым надышоў час усеагульнага перапісу. Тых, хто не пагадзіўся вяртацца на савецкую «радзіму», мяне ў тым ліку, перавезьлі ў польскі лягер у Кобург, дзе я вучыўся ў гімназіі. У Кобургу я пазнаёміўся з шэрагам беларусаў — афіцэрам БКА Гэрманам, Белямуком, Дзехцяром... Як і Белямук, я таксама зьбіраўся паехаць у беларускі лягер у Міхэльсдорф, але дастаў інфармацыю, што сярод беларускай грамады ўзьніклі два варожыя лягеры, і вырашыў пазьбегнуць гэтых нікому не патрэбных сварак.

У Аўстраліі я, як і іншыя беларусы, быў накіраваны па кантракце на «фарму» ў лес. Рабілі за пяць фунтаў у тыдзень, жылі ў палатках сярод камароў, мух, зьмеяў. Варылі сабе ежу, але піва атрымлівалі ад гаспадара — колькі хочаш. Потым прыйшлося папрацаваць на фабрыках у Сыднэі, штаце Вікторыя, хацелі скіраваць мяне на Тасманію, але я вярнуўся ў Сыднэй, дзе й жыву па сёньня. Ажаніўся ў 1954 г., купіў собскую хату. Пасьля шматгадовай працы на фабрыках уладкаваўся на фірму па продажы маёмасьці, у якой прарабіў дваццаць гадоў. Справа пайшла ў мяне добра, і сёньня мы пачуваемся фінансава нядрэнна — ад дзяржавы я нічога не атрымліваю .

У 1972 г. я пабраўся шлюбам з расейкай Валяй, яна паходзіць з Арла. Ад першага шлюбу маю двох сыноў. Пётра скончыў інстытут як чарцёжнік, працуе ў дзяржаўнай установе, займаецца лініямі электраперадачы, мае трох дзяцей. З другім сынам, Іванам, ня ўсё так добра. Адным часам ён зьвязаўся з наркотыкамі, разьвёўся з жонкай, цяпер жыве адзін.

Беларусы Сыднэю цягам дваццаці гадоў зьнічтожвалі агульную працу, сварыўшыся на палітычнай глебе3, у той час як грамада ў Адэляйдзе [Паўднёвая Аўстралія] купіла кавалак зямлі й будавала сваю царкву. Аднойчы Міхась Зуй запрасіў мяне на паседжаньне сваёй прабэцээраўскай арганізацыі 4. Сакратар Алесь Алехнік, памятаю, адзначыў, што танцы, якія час ад часу ладзіліся ў Сыднэі, ужо не прыносяць прыбытку, што, маўляў, мала хто на іх ходзіць — нявыгадна. Я запярэчыў, выказаўшы ўпэўненасьць, што ўсё яшчэ можна выправіць. І пачуў у адказ: «Калі ты такі разумны, бяры на сябе ўсю сацыяльную працу». Я пагадзіў ся. Быў выбраны старшынём камітэту па будове беларуска га дому5, доктар Язэп Малецкі — заступнікам, Міхась Лужынскі — сакратаром, Кастусь Хаванскі — скарбнікам. На першых танцах, зарганізаваных пад маім кіраўніцтвам, мы зарабілі штосьці каля 70 даляраў. Стварылі й зарэгістравалі Беларускі культурна-грамадзкі клюб, ад 1972 г. маем сваю залю. Некалькі гадоў быў старшынём клюбу, потым уваходзіў ва ўправу, але ўрэшце зь яе выйшаў — тыя функцыі, якія на мяне пачалі навешваць, не задавальнялі. Што да маёй палітычнай арыентацыі, то я заўсёды быў нэўтральны ў сваіх поглядах, не прымыкаў ні да «крывічоў», ні да «зарубежнікаў», хоць і першыя, і другія перацягвалі на свой бок.

Першы раз родную Беларусь я наведаў у 1991 г. У 1993 і 1997 гг. браў удзел у І і ІІ зьездах беларусаў сьвету, што ладзіла ЗБС «Бацькаўшчына». Ад апошняга падарожжа на Радзіму мяне шмат хто перасьцерагаў, але я не паслухаў. Адведаў сваякоў у Заслаўі, у офісе «Бацькаўшчыны» раздаваў прывезеныя з Аўстраліі грашовыя падарункі беларусаў сваім блізкім на суму сямнаццаць тысяч даляраў. Дарэчы, праз гэтую вялізную суму меў непрыемнасьці на мытні.

Раніцай тэлефануе да мяне старшыня рады ЗБС «Бацькаўшчына» Ганна Сурмач і паведамляе сумную навіну: «Пажарная каманда не дазваляе правядзеньне зьезду ў будынку тэатру6 ! Міністар па справах рэлігіяў і нацыянальнась цяў Яновіч7 хоча з вамі гаварыць». У парлямэнце дэлегаты зьезду і дзяржаўныя чыноўнікі абменьваліся думкамі, дыскутавалі. Акадэмік Радзім Гарэцкі 8 падняў актуальнае пытаньне з будынкам, у якім было заплянавана правядзеньне зьезду. Уладзімер Замяталін 9 быццам супакоіў прысутных навіной, што адзін з заводаў дае залю для зьезду. Яна, аднак, паводле Гарэцкага, не падыходзіла, бо знаходзілася за дваццаць кілямэтраў ад Менску, а блізу тэатру ўжо быў замоўлены абед. Тады слова ўзяў я: «Хто ж тут гаспадар? Вы ці пажарная ахова? Я ехаў 36 гадзін у вольную й незалеж ную Беларусь, як жа вам ня сорамна такое рабіць?!» Калі ўдзельнікі гэтага імправізаванага круглага стала разышліся, Гарэцкі з Замяталіным яшчэ доўга размаўлялі ў кулюарах. Наступнай раніцай высьветлілася, што дырэктар тэатру разам з ключом паехаў на Нарач, аднак па дарозе яго дагнаў міліцэйскі патруль і прывёз ключ у Менск. На зьезьдзе, скажу без залішняй сьціпласьці, мой выступ зрабіў на прысутных вельмі добрае ўражаньне: мне аплядзіравалі, з просьбай аб інтэрвію зьвярталіся журналісты. Нават у беларускай амбасадзе ў Маскве — у Расею я прыехаў да стрыечнага брата — мяне пазналі, бо мелі на стале факсавую копію маёй прамовы. Я быў запрошаны ў рэзыдэнцыю прэзыдэнта Беларусі. Беларускія журналісты, якія асьвятлялі Алімпійскія гульні ў Аўстраліі, убачыўшы мяне, жартавалі: «Дык хто тут гаспадар, спадар Антух?» І якое было маё расчараваньне, калі ў кнізе, прысьвечанай зьезду10 , я не знайшоў нават згадкі пра Міколу Антуха з Аўстраліі.

НЯ ЎСЁ ТУТ ТАК ДРЭННА

Аляксандар Бакуновіч
(Сыднэй, Новы Паўднёвы Ўэльс)

23 сьнежня 1918 г.,
в. Малыя Сьцяблевічы Пінскага пав. Менскай губ.,
сёньня Жыткавіцкі р-н Гомельскай вобл.

Наша вёска знаходзілася зусім блізка ад мястэчка Ленін11. За царскім часам яно было валасным цэнтрам, мела невялічкі шпіталь, школу, у якую я хадзіў, гарадзкое вучылішча. Калі мястэчка перайшло да палякаў, новая ўлада зьліквідавала шпіталь і вучылішча, пазбавіўшы тутэйшую моладзь магчымасьці здабываць далейшую асьвету. Таму тыя, хто жадаў вучыцца ў гімназіі, мусілі аддаліцца ад родных мясьцінаў на 150 кілямэтраў! Перахапіўшы ў 1939-м уладу, саветы надалі мястэчку ганаровы статус райцэнтру 12. Але партызаны падчас Другой сусьветнай вайны пачалі зьнішчэньне мястэчка, а немцы скончылі. Ад яго застаўся толькі попел. Камуністы ў 1944 г. не захацелі ўсё адбудоўваць наноў ды зрабілі звычайную вёску Леніно, нават назву перарабілі на камуністычны манер. Цяпер, калі я атрымліваю ад брата чарговы паштовы ліст і бачу на канвэрце гэтую назву, — сэрца сьціскаецца ад агіды й смутку.

У 1920—1930-х Польшча пакрыху адбудоўвалася. Глядзіш, там мост пабудавалі, там — дарогу. Пры саветах ня тое што не будавалі, а нават пабудаванае занядбалі. Прыехаўшы ў родныя мясьціны ў 1993-м, быў шакаваны: кругом бедната, бруд, у якім патанула нашая машына, горай, чым за ваенным часам! Горкія ўражаньні...

Мой бацька Пятро высокай адукацыі ня меў, аднак некалькі разоў на агульных сходах выбіраўся на пасаду солтыса. Пратрымаўся ён на гэтай пасадзе, калі не памыляюся, да 1937-га. Пасьля прыходу бальшавікоў паводле фальшывага даносу бацьку арыштавалі й кінулі за краты. Перакананы, што гэта справа рук чалавека, які намагаўся выдаць за мяне замуж сваю дачку. А яна мне ну зусім не падабалася! І тады тая сям'я вырашыла на нас адыграцца. Знайшоўшы яшчэ пару «калегаў-аднадумцаў», бацька дзяўчыны данёс у органы, быццам Пятро Бакуновіч — польскі шпіён ды вораг савецкай улады. Але наша сям'я была хутчэй серадняцкай, багатых людзей у нашых мясьцінах я наагул ня ведаў. Бацьку зьмясьцілі ў турму ў Берасьці, забараніўшы кантактаваць са сваякамі. Ён быў вельмі слабы там. Калі пачалася вайна, людзі зь лёсам, падобным да бацькавага, апынуўшыся на свабодзе, без ваганьняў адпомсьцілі даносчыкам, пусьціўшы ім кулю ў лоб. Але бацька выратаваў жыцьцё ўсім тром: «Што зь іх, дурняў неадукаваных, узяць?»

З прыходам немцаў людзі, напужаныя крывавай агрэсіяй сталінскай палітыкі, чакалі ад немцаў пераменаў да лепшага, хоць розум і падказваў, што такую краіну, як СССР, немцам ніколі не перамагчы.

Напярэдадні вайны мяне прызвалі на ваенныя зборы пад Кобрын, у рабочы атрад, што дзень і ноч будаваў лётнішча. Аднойчы чэрвеньскай раніцай, калі сонца яшчэ не ўзышло над даляглядам, на наш будаўнічы пляц пасыпаўся бомбавы град, такі, што машыны паперакульваліся калёсамі дагары. Наш камандзір ва ўсё горла роў: «Не панікуйце, гэта нашы скідваюць вучэбныя снарады!» Аднак крычаў ён у паветра: ад такой «вучобы» ўсе паразьбягаліся куды толькі вочы глядзелі. Нас адпусьцілі дадому, загадаўшы адразу «мельдавацца» ў ваенкаматах. Да Малых Сьцяблевічаў я ішоў каля двох тыдняў, і пра нейкія ваенкаматы ніхто й не ўспамінаў — панавала поўнае бязладзьдзе.

У нашай вёсцы, акружанай партызанскімі лясамі й дарогамі, змучанай нападамі байцоў смаленскага СД, пераапранутымі ў нямецкую ўніформу, мы аказаліся быццам у рэзэрвацыі, адрэзаныя ад навакольнага сьвету, замкнёныя на ключ. Шмат гаварыць пра вайну мне брыдка й непрыемна, бо зь ёю зьвязана ўсё самае жудаснае, што адбылося ў маім жыцьці. Пекла, што зьнічтожыла, зламала мільёны лёсаў. Пекла, што палыхала перад маімі вачыма. Ніколі не забыць мне сьвіньні, што цягала па дарогах мёртвай вёскі дзіцячую ножку.

Аднойчы камандзір партызанскага атраду, вельмі прыстойны чалавек (былі сярод партызанаў і такія), параіў нам: «Калі хочаш уратаваць дзяцей, выяжджай у горад. Той будзе героем, хто вайну перажыве». Камандзір меў рацыю: мы хацелі жыць, а таму мусілі хуценька, без асаблівых прыгатаўленьняў, зьбіраць рэчы ды ехаць. Куды? У поўную невядомасьць, але далей ад жахаў і выпрабаваньняў, якія мы перажывалі дзень і ноч. У лютым 1943 г. уся наша вялікая сям'я, я з жонкай Оляй і двума малымі сынамі (ажаніўся я рана, у дзевятнаццаць гадоў, бо на гаспадарцы патрабавалі ся працоўныя рукі; у 1939-м у нас нарадзіўся сын Іван, а ў 1944-м — Васіль), бацька, мама Васіліса, брат зь сястрой 13, на прыгатаваных вазах выехалі ў Мікашэвічы, прыкладна за васямнаццаць кілямэтраў ад нашай вёскі. Я атрымаў зь Нямеччыны ліст ад брата Мітрафана, у якім ён шыфраванай мовай, якую мы зь ім засвоілі дасканала, параіў, каб мы ні ў якім выпадку ня зьвязваліся зь немцамі, бо, маўляў, шанцаў на перамогу ў вайне ў іх няма. Бурмістар Леніна, гэты дурак, пабачыўшы ліст і нічога не зразумеўшы, перадаў яго немцам. Брата арыштава лі. Перакладчыкі доўга намагаліся знайсьці крамолу ў ягоным лісьце, аднак празь недахоп доказаў адпусьцілі.

Родную хату пакідалі са сьлязьмі на вачох, бо разьвітва ліся з роднай зямелькай, людзьмі, гаспадаркай, усім тым, што нажылі цяжкай сялянскай працай. Па дарозе спаткалі такога ж бядаку, як і мы, што зрабіў сабе будку акурат каля дарогі. Я яму растлумачыў, што ў такім месцы спыняцца небясьпечна, што яго лёгка расшукаюць, што лепей збудаваць зямлянку ці такую вось прымітыўную хатку ў глыбіні лесу, далей ад чалавечага вока. Да восені сяк-так трымаліся ў Мікашэвічах, затым пераехалі ў Пінск, адкуль у 1944-м выехалі ў Нямеччыну.

Да канца вайны мы працавалі на гаспадарцы ў маёнтку. Потым пачалася нашая вандроўка па беларускіх лягерах — Рэгенсбург, Міхэльсдорф, Віндышбэргэрдорф, Розэнхайм. У перадапошнім і апошнім я дастаў работу, працаваў на выдачы харчоў і ў офісе бугальтарам. У беларускім жыцьці ніякага ўдзелу ня браў, хоць і быў запісаны радным БНР.

Мы маглі зьехаць у Амэрыку, але я пабаяўся — мусіў карміць вялікую сям'ю, а ўрад ЗША не дапамагаў новым эмігрантам. Ступіў на амэрыканскую зямлю — і рабі, што хочаш, ты — вольная птушка. Аўстралія, наадварот, аказвала ваенным эмігрантам усебаковую дапамогу: забясьпеч вала харчамі, жытлом, дапамагала ў пошуках працы. Цяжкія працы выконваць я ня мог, бо меў страшэнныя болі ў назе — падчас тых кобрынскіх збораў жылі мы ў нечалаве чых умовах, спалі на халоднай зямлі й брудзе. Працуючы пры пракладцы водаправодных труб, за год зарабіў 500 фунтаў, у той час калі кавалак зямлі каштаваў 350 фунтаў. Цяпер жа, атрымліваючы 30 тысяч даляраў у год, за той жа кавалак мусіш аддаць 250 тысяч. Працуючы толькі 120гадзін у месяц, атрымліваў 43 фунты за два тыдні — гэта былі сапраўды вялікія грошы. А ўладкаваўшыся на чыгунку, вельмі засмуціўся, бо пачаў атрымліваць усяго дзевятнац цаць. Каб мець у працы нейкую пэрспэктыву, пайшоў вучыцца на машыніста, аднак ажно дзесяць гадоў мусіў працаваць простым качагарам. Пасьпяхова здаўшы іспыты, набраўшыся неабходнага вопыту, атрымаў месца машыніста электравоза. А ўжо на пэнсію выйшаў з пасады машыніста сыднэйскага мэтро.

Прызнаюся шчыра, што надта актыўнага ўдзелу ў беларускім жыцьці ў Аўстраліі я ня браў, бо меў зашмат працы й зусім мала часу. Аднак, па магчымасьці, заўсёды стараўся дапамагчы. Так, сямнаццаць гадоў быў скарбнікам Беларускага грамадзка-культурнага клюбу, стаяў ля яго вытокаў. На мерапрыемствы, якія ладзіць клюб, прыходжу й сёньня, аднак гады ўжо бяруць сваё. Маю вялікія праблемы з вачыма, хварэю на катаракту й глаўкому, кнігі на палічках ляжаць мёртвым грузам. Аднак, гледзячы на іншых старыкоў, у якіх здароўе зусім нікудышнае, цешуся — у мяне яшчэ ня так усё дрэнна!

ПРА БЕЛАРУСКІЯ АРГАНІЗАЦЫІ ДАВЕДАЎСЯ ВЫПАДКОВА

Ян Барысевіч
(Мэльбурн, Вікторыя)

1930 г., в. Лукашына,
сёньня Наваградзкі р-н Гарадзенскай вобл.

Вёска Лукашына, у якой я нарадзіўся, знаходзіцца за 18 кілямэтраў ад Наваградку й за 12— ад Карэлічаў. Нас у бацькоў было трое. Я— наймалодшы. Сястра Марыя была на два гады старэйшая за мяне, Якуб — на чатыры.

Бацька Мікалай быў надзвычайным гаспада ром, працавітым ды здольным. Абрабляў каля дванаццаці гектараў зямлі, займаўся пчалярствам, рабіў алей. Праўда, зямля дасталася нам па лініі маці, Ганны Гацко. Падчас Першай сусьветнай яна апынулася ў Самары, дзе служыла ў нейкага заможнага чалавека. У той час там ішло супрацьстаяньне бальшавікоў з арміяй Калчака, на баку якога ваявалі чэскія дывізіі. Мама — простая сялянская дзяўчына — не дзяліла людзей на «белых» і «чырвоных», «нашых» і «чужых», а старалася дапамагчы ўсім. Аднойчы выратавала жыцьцё чырвонага камісара, затым — чэха. Дарэчы, і рускія, і чэхі моцна дзівіліся зь незнаёмай і дзіўнай для іх беларускай мовы, што лілася з вуснаў маёй мамы.

У 1939 г. саветы замест абяцанай «свабоды» прынесьлі ў Заходнюю Беларусь крывавае ярмо, рабскія калгасы, няволю. Мы былі залічаныя да кулакоў. Нават насушылі сухароў, рыхтуючыся да самага горшага. Таму, калі на нашую зямлю ступілі немцы, бацька, які літаральна ненавідзеў усё савецкае (ён паходзіў са Случчыны, адкуль уцёк у Наваградчыну), ад радасьці танцаваў! Людзкую наіўнасьць сёньня лёгка зразумець: ня маючы ані тэлебачаньня, ані радыё, занятыя толькі сваімі гаспадарскімі справамі, шмат хто прымаў немца за чарговага «вызваліцеля».

За Другой сусьветнай вайной у нашых мясьцінах назіраўся актыўны партызанскі рух. З пачаткам баявых дзеяньняў бездапаможныя савецкія жаўнеры разьбягаліся ўрассыпную, кідалі зброю ды хаваліся ў жыце. Дурныя немцы іх не чапалі, магчыма, ня ведалі, што рабіць. А потым гэтыя жаўнеры панастваралі партызанскіх атрадаў, якія сталі найвялік шай бядой для беларускага народу. Няшчасны беларус пачаў цярпець ня толькі ад немца, але й быццам сваіх партызан. У нашых мясьцінах актыўнічалі два буйныя атрады — Фрунзэнскі й Дэсанцкі 14, якія складаліся прыкладна з 150—200 чалавек. Цікава, што жылі яны не ў лясох, як пішуць у кнігах, а ў людзей на хатах, дзе рабілі ўсё што хочацца, аддзячваючы за прытулак рабункам і гвалтам. Я, напрыклад, хадзіў у беларускую школу ў Машэвічах, дык аднаго дня партызаны пакінулі ад будынку толькі попел — дзеці таксама былі іхнымі ворагамі.

Бацька меў задаўгі язык, нярэдка праз гэта пакутуючы. Аднойчы яго моцна зьбілі партызаны, добра, што яшчэ застаўся жывы, бо яму пагражалі сьмерцю. Пасьля гэтага выпадку стала відавочна, што жыцьця ў роднай вёсцы нам больш ня будзе й трэба дзесьці хавацца. Папярэдзілі брата Якуба, каб заставаўся ў Наваградку, не высоўваў носу, дый самі пераехалі туды да знаёмых. Аднак у хуткім часе нас арыштавалі немцы і кінулі ў турму. Здавалася б, парадокс — за кратамі людзі, якія хаваліся ад партызанаў, галоўных ворагаў немцаў! І па сёньня мне цяжка даць адказ на пытаньне, чаму так здарылася. Можа, нас здалі знаёмыя, якім мы заміналі ў хаце? Ці прычынай стала тое, што бацька не запісаўся ў паліцыю? Ня ведаю. Праз два тыдні нас пагрузілі ў машыны ды адвезьлі ў Наваельню, дзе далучылі да расейскага эшалёну.

У Нямеччыне нас далучылі да расейскага лягеру Арыента ля Дуйсбургу 15. Мама, бацька, брат і сястра працавалі на вялікай фабрыцы. Жылі, як у пекле: амэрыканцы й англічане бамбілі нас па чарзе. Немцы ж зьбівалі іх самалёты, а потым стралялі па парашутыстах.

Аднаго дня, было гэта пры канцы 1944 г., брат не вярнуўся з працы. На наступную раніцу яго, атручанага газам, зь пенай на вуснах, прывезьлі на насілках добра апранутыя мужчыны, хутчэй за ўсё — гестапаўцы. З дапамогай лягерфюрэра адвезьлі Якуба ў шпіталь, дзе ён неўзабаве памёр. Сьмерць брата — другая вялікая таямніца нашай сям'і. Ня ведаю, што магло прычыніцца да такой жорсткай расправы над ім. Якуб быў абсалютна простым, лагодным хлопцам, у палітыку ня лез, у канфрантацыі не ўступаў. Ужо тут, у Аўстраліі, мая жонка знайшла ў газэце рэкляму фірмы, што займалася лёсам загінулых падчас вайны людзей. Я скарыстаўся іхнымі паслугамі. Пошук цягнуўся каля дзевяці гадоў. Знайшлі ўсё, апроч прычыны сьмерці. У тым ліку дакумэнты, на падставе якіх мы быццам жылі ў Нямеччыне з... кастрычніка 1944-га да красавіка 1945 г. Хоць насамрэч на Захад мы трапілі зімой 1942 г. Мяркую, што гэта не памылка, а нежаданьне прызнаць праўды. Сястра, што жыве ў Польшчы, за цяжкую прымусовую працу дабілася пэнсіі ў 20 даляраў. А жыдом, тым часам, выплочваюць усё да цэнта. Халакост у дачыненьні да жыдоў прызналі, у дачыненьні да беларусаў — не. Чаму? Таму што мы не жыды...

Немцы пры адступленьні выкарыстоўвалі нас у якасьці жывога шчыта, рухаючы пасярэдзіне калёны. Па дарозе мы махалі белымі хусткамі, сыгналізуючы пра свае мірныя намеры. Амэрыканцы вызвалілі нас ля Госьляру 16, у вёсцы Шлядэн. Каб не вяртацца ў Саюз, далучыліся да польскага лягеру каля Вільгельмсхафэну, хоць мама не гаварыла па-польску ані слова. Лягер месьціўся ў будынках былых вайсковых кашараў.

У лягеры бацька раптам адурэў, пацягнуўся да палякаў, зацягнуў нас у Польшчу. У 1947 г. мы пасяліліся ў горадзе Мысьлібуж, што пад Шчэцінам. Я ўдзень працаваў, увечары — вучыўся. Скончыў будаўнічы тэхнікум, працаваў у галіне вясковай архітэктуры. Узяў шлюб зь Людвікай Кавалерскай са Львова, зь якой выгадавалі дваіх дзяцей.

У 1973 г. праз даваньне хабару паліцэйскаму я выбіў турыстычную паездку ў Францыю. Тады мы яшчэ ня ведалі, у якую краіну хочам ехаць на эміграцыю, самым галоўным было вырвацца з камуністычнай Польшчы. Перад тым, як забраць сям'ю, сам два разы пабываў у Парыжы, намацаў глебу. Зьвярнуліся да Польска-амэрыканскага эміграцыйнага камітэту, разглядалі варыянты выезду ў ЗША ці Канаду. Былі ня супраць застацца й у Нямеччыне, у Бохуме, аднак нямецкія ўлады не маглі гарантаваць бясьпекі частцы нашай сям'і, што засталася ў Польшчы. Выбралі Аўстралію — там жыў брат жонкі, хоць ніякага кантакту зь ім мы ня мелі.

У Аўстраліі я доўга ня мог знайсьці больш-менш прыстойную працу. Урэшце ўладкаваўся па спэцыялізацыі, рабіў сталяром, прыгатаўляючы шалёнкі для заліўкі бэтону. Пра існаваньне беларускіх арганізацый даведаўся абсалютна выпадкова, бо нават не здагадваўся пра іх, належаў да палякаў. Аднойчы ўбачыў у Мэльбурне дэманстрацыю, удзельнікі якой размаўлялі па-беларуску. Падышоў, пазнаёміўся й пакрыху ўцягнуўся ў наш беларускі рух. На жаль, сёньня тут вельмі бракуе маладых людзей, якія маюць жаданьне займацца грамадзка-палітычнымі справамі, таму, нягледзя чы на катастрафічны недахоп часу, мушу й надалей дапамагаць старшыні Фэдэральнай рады беларускіх арганізацый у Аўстраліі Аўгену Грушу. Нашая дачка Аня памерла, і мы з жонкай мусім даглядаць яе непаўналетнюю дачку Ізабэлу. Езьдзіць да яе даволі далёка. Старэйшы ж сын Артур уладкаваны тут няблага, вучыцца на курсах фотасправы й кампутараў. Але ад беларускіх справаў, як і бальшыня дзяцей беларускіх эмігрантаў, ён, на жаль, надта далёкі...

АЎСТРАЛІЯ БЫЛА ДЛЯ НАС ЗЯМНЫМ РАЕМ

Аўген Груша
(Мэльбурн, Вікторыя)

6 ліпеня 1935 г., в. Морач,
сёньня Клецкі р-н Менскай вобл.

Па рацэ Лань, якая працякае праз Морач, акурат праходзіла савецка-польская мяжа — нашыя сенажаці даходзілі да савецкай тэрыторыі. Людзі казалі, што некалькі чалавек цягалі празь мяжу савецкую агітацыйную літаратуру. Аднак пасьля прыходу чырвоных гэтыя актывісты адразу зьніклі.

Нягледзячы на тое, што Беларусь я пакінуў у сем гадоў, сваю малую радзіму памятаю добра. За польскім часам Морач не была надта вялікай, але пасьля далучэньня да СССР пачала разрастацца. Зьявіліся новыя вуліцы, пабудавалі дзіцячы садок і мураваную школу, а канаву й дрыгву, якія калісьці былі за агародамі, засыпалі й на тым месцы зрабілі поле. Няшмат засталося ў Морачы, што нагадвала пра маё дзяцінства.

Мая маці, Акуліна з дому Салагузаў, паходзіла зь вёскі Чудзіна 17. Ейная сям'я была заможнай, трымала ажно дванаццаць кароў! А вось бацька Рыгор, наадварот, паходзіў зь беднякоў, таму зямлі мы мелі зусім мала. Амаль уся зямля ў нашых мясьцінах належала Радзівілам. Аніякай фабрычнай вытворчасьці не было, і бедна жыла абсалютная большасьць людзей. Адзінай магчымасьцю падзарабіць быў лес, які сэзонна ішоў на продаж. З васьмі дзяцей, якіх выхоўвалі бацькі, я быў самы малодшы. На гэтым сьвеце, апроч мяне, ніхто ўжо не жыве. Бадай самы трагічны лёс напаткаў сястру Маню. Яна працавала ў Нямеччыне на адным з заводаў у лесе. Аднаго дня на прымусовыя работы людзі не патрапілі, бо чыгунка была разьбіта сіламі альянтаў. На станцыі разьюшаны натоўп кінуў яе пад калёсы. 17-гадовая Маня страціла дзьве нагі й руку, але яе адвезьлі ў шпіталь. Калі пасьля перамогі амэрыканцаў мы прыехалі яе адведаць, сястры там не аказалася. Роўна як і зьвестак пра яе месцазнаходжаньне...

Найбліжэйшы паліцэйскі пункт знаходзіўся ад Морачы за сем кілямэтраў — людзі жылі ў няспынным страху, страху за сваё жыцьцё й жыцьцё блізкіх. Гэтак званыя партызаны чынілі над народам жывёльны гвалт, адбіраючы самае апошняе. Здымалі нават кажухі й валёнкі! Разам дзесяць немцаў па справах паехалі ў невялічкую вёску Колак, што ля Чудзіна. Вярталіся назад добра п'яныя, чым скарысталі ся партызаны. Яны застрэлілі аднаго немца. У адказ немцы накіравалі ў Колак некалькі ўзброеных батальёнаў, каб зьнішчыць там усё жывое. Жыхары нашай вёскі падумалі, што ідуць забіваць нас, і ўсе схаваліся на дрыгве. Колак жа разам з прыкладна шасьцюдзесяцьцю жыхарамі спалілі дашчэнту... Дзе ж тады былі тыя «абаронцы насельніцтва» партызаны? Чаму не ратавалі няшчасных людзей?!

Праз партызанскія правакацыі пацярпелі і мы. Здарылася вось што. З падбітых савецкіх самалётаў мясцовыя хлопцы, у тым ліку й мой брат, выплаўлялі розныя хатнія рэчы, якія тады былі ў вялікай нястачы, — лыжкі, грэбні ды іншае. Адной зімовай нядзеляй брат сабраў торбу з такіх прыладаў, захапіў кіляграм масла й паехаў на кірмаш. Адныя з нашых суседзяў (ня памятаю іх прозьвішча), што супрацоў нічалі з партызанамі, данесьлі на брата, што ён... быццам інфармуе немцаў пра партызанскую дзейнасьць. Гэта была чыстай вады хлусьня, і нам было незразумела, зь якой мэтай яна была зьдзейсьнена. Уварваўшыся ў нашу хату, партызаны загадалі: «Айцец, зьбірайся! Вернецца сын — адразу адпусьцім!» Маці, уся ў сьлязах, кінулася да надзейных людзей за парадай. Яны параілі, каб брат ні ў якім разе не вяртаўся дадому, а мы як мага хутчэй уцякалі ў мястэчка. Тады маці пасадзіла мяне, босага, на сьпіну й адправілася хавацца ад яшчэ большага няшчасьця ў Заастравеччы. Нашу хату адразу разабралі на дровы, забралі ўсю жывёлу, а брату пасьля таго здарэньня не заставалася нічога, як паступіць на службу ў паліцыю. Што здарылася з бацькам, мы ня ведалі. Людзі казалі, што бачылі ў балоце труп высокага мужчыны ў лапцях. Бацьку, з-за ягонай багатырскай фігуры, было цяжка з кім-небудзь пераблытаць. Заастраве чанская рада выдзеліла нашай сям'і палову дому, у якой мы пражылі два гады, якія прайшлі спакойна.

У 1943 г. прайшла чутка, быццам на мястэчка рухаецца партызанскі атрад Каўпака: усе жыхары мусілі ўцякаць у лясы, але неўзабаве ўсе вярнуліся па хатах — Каўпак да нашых мясьцінаў так і не дайшоў. Але ў хуткім часе нам прыйшлося пакінуць ня толькі мястэчка, але й Радзіму ўвогуле.

Захапіўшы з сабой мех жыта, на фурманцы праз Клецак, Баранавічы, Польшчу дабраліся да Заходняй Прусіі, дзе ў нас забралі каня й карову й накіравалі на працу да баўэра ў фальварак. Вольных месцаў у хаце не было, таму спалі мы ў кароўніку на сене. Аднак кармілі нас дужа добра, ня горш, чым членаў той нямецкай сям'і. Працы хапала ўсім, я, малы хлапец, напрыклад, пасьвіў гусі, але скажу шчыра: жылося нам там добра, гаспадары ставіліся да нас, «остарбайтэраў», па-чалавечаму. Праўда, затрымаліся ў тым фальварку мы нядоўга, толькі чатыры месяцы. Аднаго дня нас пасадзілі на цягнік і адвезьлі ўглыб Нямеччыны. Прайшоўшы сем-восем пераходных лягераў, затрымаліся ў Хэмніцы 18. Жылі ў чатырохпавярховай фабрыцы разам зь яшчэ паўтысячы людзей. Адной ноччу амэрыканскія самалёты дашчэнту разбамбілі горад, але будынак заводу ацалеў. Нас усіх эвакуавалі за горад, пасялілі ў лесе ў паляўнічым клюбе. Пасьля капітуляцыі Нямеччыны інжынэр Гэнрык прачытаў у газэце, што нашая тэрыторыя падпадзе пад савецкую акупацыйную зону. У тую ж ноч тры сям'і ціхенька ўцяклі з таго клюбу й рушылі ў кірунку амэрыканскай зоны. Перамяшчаліся па самых бясьпечных дарогах, аднак адзін адрэзак шляху мусілі праехаць па «аўтабану», на якім нас затрымала амэрыканская вайсковая паліцыя. Даставілі ў велізарны жыдоўскі лягер, у якім мы спаткалі дваццаць савецкіх ваеннапалонных. Тыя расказалі, што на чыгуначнай станцыі бачылі цягнікі для вывазу людзей у СССР, каля кожнага вагона — узброеная варта. Ноччу група людзей — мы й тыя палонныя — перарэзалі калючы дрот і перабраліся ў амэрыканскую зону, дзе наняліся на працу да баўэра. Савецкія афіцэры, што раптам невядома адкуль зьявіліся, пачалі агітаваць вярнуцца на савецкую «радзіму». Але мы прадэманстравалі паперы, што зьяўляемся польскімі грамадзянамі. Хоць па-польску ня ведалі ні слова. За два тыдні прыехалі польскія афіцэры, якія пераправілі нас у польскі лягер, бальшыню жыльцоў якога складалі... беларусы й украінцы. Амэрыканцы адкармілі нас шыкоўнымі харчовымі пайкамі, у якіх было поўна разнастайнай ежы, як для нас— далікатэсы. Аднак у гэтым раі жылі мы нядоўга: праз чатыры месяцы нас пасялілі ў буйным лягеры, дзе кармілі ўжо толькі хлебам і жыдкім супам.

На пачатку нямецкай акупацыі я пачаў хадзіць у беларускую пачатковую школу, аднак набыцьцё адукацыі адразу скончылася: будынак школы забралі пад свае патрэбы немцы. Жаўнеры выпівалі, палілі, і праз гэта драўляная хата згарэла. Ужо ў Нямеччыне мне ўдалося скончыць чатыры клясы польскай школы.

Пошукі беларускага лягеру прынесьлі посьпех: мы пасяліліся пад Мюнхэнам 19, дзе жыло яшчэ якіх трыста суайчыньнікаў. Мясьціны былі надзвычайныя па сваёй прыгажосьці: лес, горы, возера. Нядзіўна, што пасьля расфарма ваньня лягеру яго зрабілі турыстычнай кропкай. Я належаў да Трэцяга скаўцкага зьвязу ў Баварыі, удзельнічаў у моладзевым беларускім руху. Аднаго дня мы дасталі ліст, у якім са зьдзіўленьнем пабачылі зьмененую назву агульнай скаўцкай арганізацыі: Згуртаваньне Крывіцкіх Скаўтаў на Чужыне. Настаўнік Сымон Шаўцоў абурыўся: які такі крывіцкі, хто гэта прыдумаў і вырашыў?! Частка скаўтаў падтрымала Шаўцова, іншая далучылася да «крывічоў». Такім чынам, раскол у беларускім эміграцыйным грамадз тве не мінуў і нашу, здавалася б, апалітычную скаўцкую арганізацыю.

Трэба прызнаць, што кралі ў нашым лягеры бязбожна. Свае ж людзі. Ужо пазьней мой швагер, які працаваў качагарам, прызнаўся, што з шасьці машынаў вугалю на патрэбы людзей пакідалі толькі тры, астатнія прадавалі на чорным рынку. Тое ж самае наконт вопраткі.

У 1949 г. з італьянскага порту мы ўзялі курс на далёкую й незнаёмую Аўстралію. Плылі да яе 33 дні! Аўстралія пасьля зруйнаванай і галоднай Нямеччыны паказалася нам сапраўдным раем. Спачатку завезьлі нас у часовы лягер, які месьціўся за 200 кілямэтраў ад Мэльбурну. Кармілі, як царскіх асобаў: бараніны, масла, цукру, хлебу, мармэляду было поўна! У першы дзень людзі стараліся больш ежы ўзяць з сабой, бо думалі, што ў далейшым карміць будуць ужо больш сьціпла. Аднак не — і на наступны дзень, і праз тыдзень, і празь месяц харчовы паёк быў ня горшы. Адпраўляючы ў аўстралійскую школу, дзяржава апранула мяне з ног да галавы, нават гальштук выдалі! Зь першага дня нашага знаходжаньня ў новай краіне ўлады падкрэсьлівалі, што мы не чужынцы, а новыя аўстралійцы. Нам ішлі насустрач, вырашалі любую, нават самую дробную, праблему. Не, гэта безь перабольшаньня быў зямны рай.

Старэйшыя браты знайшлі нармальныя працы, крыху падзарабляла ў гатэлі й маці. Ашчадзіўшы крыху грошай, напалову зь іншай сям'ёй набылі стары, але дужа вялікі дом. Калі мне споўнілася шаснаццаць гадоў, я пайшоў працаваць на шынную фабрыку, дзе прарабіў больш за дзевяць гадоў. Потым 31 год працаваў кіроўцам аўтобусаў, у 55 гадоў выйшаў на пэнсію. Чаму так рана? Таму што наш парк перайшоў зь дзяржаўных рук у прыватныя й новыя парадкі мне надта не спадабаліся: машыну мой сам, паліва залівай сам, тое рабі сам...

Танцаваць я зусім ня ўмеў, таму саромеўся пазнаёміцца зь дзяўчынай, якая мне прыглянулася, — Надзяй Сасноўс кай з-пад Магілёва. Але потым адважыўся, і нашае знаёмства перарасло ў 1959 г. у сямейныя дачыненьні. Нарадзілася трое дзяцей: Міхась, Таня й Пятрусь. Першы быў здольны да вучобы, але гультайнічаў. Дачка, скажу шчыра, здольнасьцяў у навуках не праяўляла. У жыцьці яны ўладкаваны ня надта добра. Малодшы сын з самага дзяцінства цікавіўся машынамі, вывучыўся на аўтамэханіка. У 1999-м Надзя, на жаль, памерла.

У 1951 г. я даведаўся, што ў Мэльбурне існуе скаўцкі збор «Усяслаў Чарадзей», праз далучэньне да якога пачалася мая беларуская дзейнасьць у Аўстраліі. Потым разам зь іншымі беларускімі хлопцамі зарганізавалі футбольную дружыну «Зубр», якая праіснавала чатыры гады. Я гуляў у ёй на брамцы.

У 1950-х беларускае нацыянальнае жыцьцё ў Мэльбурне літаральна віравала: на сьвяты, забавы зьбіралася каля 250—300 асобаў! І гэта прытым, што ў матэрыяльным сэнсе людзі пачуваліся яшчэ слаба, сваіх машынаў ня мелі. І гэта толькі на нашым, «зарубежніцкім», баку, «крывічы» мелі сваё Згуртаваньне беларусаў Вікторыі 20. У 1960-х на агульнай сустрэчы бакоў мы вырашылі, што жыць і працаваць далей па розныя бакі «барыкадаў» няма сэнсу, і пастанавілі аб'яднацца. Але яшчэ нейкі час спрачаліся. Маладыя ў бальшыні былі супраць гэтага падзелу, а вось сталым людзям было цяжка пазбавіцца сваіх жорсткіх поглядаў. У1970-х купілі Беларускі дом, сваімі сіламі яго адраманта валі, зарганізавалі хор, школу. У 1976-м дзьвюма машынамі за 750 кілямэтраў паехалі ў госьці да беларусаў Адэляйды. Праз два гады зь візытам у адказ да нас прыехалі адэляйдцы, але ўжо на пяці машынах! Тады й узьнікла думка, што лучнасьць трэба навязваць на агульнааўстралійскім узроўні, з чым пагадзіўся й Сыднэй. Чатырнаццаць беларускіх арганізацый з усёй краіны заклалі агульную Фэдэральную раду беларускіх арганізацый, якая магла весьці дыялёг з уладамі ад імя ўсіх беларусаў Аўстраліі. Першым старшынём Рады стаў Міхась Зуй, а ад 1985 г. яго месца заняў я. Узначаль ваю арганізацыю й па сёньняшні дзень.

У свой час мы мелі спатканьне зь міністрам эміграцыі, падчас Алімпійскіх гульняў у Сыднэі праз аднаго дэпутата намагаліся не прызнаваць Лукашэнкі прэзыдэнтам, калі б той прыехаў у Аўстралію. Падтрымліваем сувязі з рознымі міністэрствамі й дзяржаўнымі арганізацыямі... У жніўні 2005 г. адпала мая правая рука — памёр мой сябра, калега й аднадумца Алег Шнэк.

З кожным годам займацца справамі становіцца ўсё цяжэй: людзі ня хочуць і баяцца займацца палітыкай. Аднак, акрамя палітыкі, не забываемся і пра царкоўнае, культурна -сацыяльнае жыцьцё: працягваюцца службы ў беларускай царкве21 , працуе Беларускі сацыяльны клюб для пэнсіянэ раў22.

У роднай Беларусі я быў толькі адзін раз, у 1991 г., калі прывёз у Гомель гуманітарны груз на суму 48 тысяч аўстралійскіх даляраў. Але цяпер думаю, што ня буду на Радзіме жаданым госьцем.

З МОЛАДЗІ Ў АЎСТРАЛІІ НІХТО НЕ ВУЧЫЎСЯ

Аляксандар Грыцук
(Мэльбурн, Вікторыя)

6 верасьня 1928 г., в. Дуброва,
сёньня Рэчыцкі р-н Гомельскай вобл.

У Савецкім Саюзе, напэўна, усе вёскі аднолька выя. Хоць прыродныя краявіды нашай вёскі, як і ўсяго Палесься, дужа прыгожыя. Былі ў Дуброве два курганы, ці то напалеонаўскіх часоў, ці нейкіх іншых — дакладна ня ведаю. Дзіўлюся, чаму іх не раскапалі, там шмат цікавага можна было знайсьці.

За нямецкім часам вёска жыла заможна: людзі пазабіралі назад маёмасьць, якую адабрала савецкая ўлада, ды гаспадарылі на сваёй зямлі. Працягвалася заможнае жыцьцё нядоўга — вёску спалілі. Паводле афіцыйнай вэрсіі, рукамі немцаў, але я дакладна ведаю, што шмат вёсак было папалена або партызанамі, якіх мы называлі бандытамі, або празь іх. Яны па сваіх каналах атрымлівалі нямецкую форму й, пераапранутыя, часам добра размаўляючы па-нямецку, нішчылі беларускае насельніцтва. Калі пачалі абступаць нашую вёску, я праз плот уцёк на балота, дзе ўжо некаторы час хаваліся жыхары Дубровы. Нас абстрэльвалі з аўтаматаў, але мне пашчасьціла застацца жывым. У той дзень вёску не спалілі, зрабілі гэта праз тыдзень. Але няма сумневу, што ўсю кашу заварылі чырвоныя бандыты, якія займаліся толькі правакацыямі, людзей не баранілі, толькі сядзелі па лясох.

Мой бацька Філіп быў пісарам у генэрала Станіслава Булак-Балаховіча. Ён быў майстра на ўсе рукі, з кавалка жалеза мог зрабіць любую зброю. Дзякуючы гэтаму жылі нябедна. За савецкім часам бацька працаваў трактарыстам, мэханікам, змайстраваў машыну для пляценьня вяровак, якую пазычаў іншым сялянам. Калгас хацеў зрабіць машыну сваёй маёмасьцю. Бацька не пагадзіўся й атрымаў два гады прымусовых прац на папяровай фабрыцы ў Добрушы. Продкі маці Варвары паходзілі са Смаленску, пра што сьведчыць і яе прозьвішча — Смалян. Яе, аўдавелую зь дзецьмі, узяў мой бацька. У сям'і было тры браты, я — самы малодшы. Старэйшы, Павал Гуз, адзін з выбітных дзеячоў нашай эміграцыі, памёр у жніўні 2003 г. Мікалай, вярнуўшыся пасьля вайны зь Нямеччыны, быў асуджаны і высланы ў канцлягер. Пасьля вызваленьня яму не дазволілі жыць у Беларусі. Жыў і працаваў у Чарнігаве, як і бацька, меў «залатыя» рукі, працаваў сталяром. Таксама ўжо памёр.

Памятаю, што за дзень да прыходу немцаў па вуліцах вёскі бегаў вар'ят, дзіка рагатаў, а дзеці яго тыкалі палкамі. Кіраўніцтва калгасу ў паніцы скручвала тэлефонныя лініі й уцякала ў невядомым кірунку... У нашых мясьцінах немцы не кранулі аніводнай жывой душы, пакінулі па сабе толькі добрыя ўражаньні. Часам, калі прыяжджала кухня, з усёй вёскі зьбягаліся дзеці. Немцы кармілі іх са спэцыяльных дзіцячых талерак.

Бядой для нас, апроч лясных бандытаў, стаў бурмістар вёскі Васілевіч, партызан часоў Першай сусьветнай вайны, што актыўна дапамагаў партызанам. Ён і ягоныя паплечнікі арганізавалі банду ды направа й налева забівалі людзей, тых, хто ведаў пра іх гульні на два франты. Не ацалеў ад здрадніцкай рукі й мой бацька... Я ведаю прозьвішчы ўсіх забойцаў, але ня буду іх называць — магчыма, хтосьці зь іх яшчэ жыве. Адзінае ведаю дакладна, што аднаго з членаў гэтай групоўкі застрэліў ягоны родны сын. У нашай вёсцы была самаахова, куды ўваходзіла ўся былая камсамольская ячэйка — вясёлыя, зычлівыя хлопцы, якія часта зьбіраліся каля вясковага клюбу. Там, каля таго клюбу, іх усіх і парэзалі нажамі бандыты. Ня проста парэзалі, а па-зьверску, адрэзаўшы й кінуўшы на зямлю часткі іхных целаў.

Зь Беларусі мы эвакуаваліся добраахвотна. Па дарозе мы мінулі ахопленую паўстаньнем Варшаву й накіраваліся на поўдзень Польшчы, у Чэнстахову. Мінуўшы каталіцкую Мэку, рушылі далей на Прагу, але па дарозе былі прымусова далучаныя да лягеру Дахаў. Печаў для паленьня людзей там не было — гэта чыстай вады хлусьня. Так, для палітычных ворагаў гітлераўскага рэжыму ўмовы жыцьця былі надта жорсткія, а з простых людзей, такіх, як мы, ніхто ня зьдзекаваўся. Мы ў гэтым лягеры працавалі на полі, дзе ў асноўным і карміліся. Жыло ў Дахаў шмат югаславаў, тыя ўсё весяліліся, пелі й танчылі без канца. Швайцарскі Чырвоны Крыж добра іх падкормліваў, а югаславы па-брацку дзяліліся з намі. Пабылі мы ў Дахаў нядоўга, далейшая дарога ляжала ў Аўстрыю, дзе мы жылі ажно да пераезду ў Аўстралію. Брат Павал бэтанаваў берагі ракі й выконваў розныя працы на чыгунцы. Я, акрамя працы на той жа чыгунцы, выконваў надта небясьпечныя функцыі — выкопваў зь зямлі гэтак званыя бомбы запаволенага дзеяньня. Застаўся, дзякаваць Богу, жывы, а аднаго калегу, які выкручваў капсулю, разьнесла па ўсёй акрузе — крывёю было заліта ўсё навакольле, кавалкі цела знайшлі высока на гары.

Маці грузіла камень на чыгуначнай станцыі. Праца была цяжкая, але ў параўнаньні з камуністычным пеклам мы жылі ў раі. Наш лягерфюрэр ставіўся да беларусаў лагодна. Пасьля амэрыканскіх бамбёжак езьдзіў па вёсках, зьбіраў пабітую жывёлу ды прывозіў яе на нашую кухню.

Уставіўшы ў рамку фатаздымак Мікалая, я паехаў шукаць брата па ўсёй Нямеччыне, вывучыўшы некаторыя яе рэгіёны як свае пяць пальцаў. Аднак пра лёс брата я даведаўся шмат пазьней. Пабываў у Франкфурце-на-Майне, дзе купляў білет за пачку цыгарэт, Рэгенсбургу, Розэнгайме. У апошнім горадзе расшукаў беларускі лягер, адкуль прывёз «Пагоню», новыя знаёмствы, адрасы. Дзякуючы ўсяму гэтаму ўдалося зарганізаваць у Куфштайне скаўцкі зьвяз.

У Аўстралію мы плылі на былым нямецкім ваенным крэйсэры, што затануў у нарвэскіх водах, пераробленым пасьля рамонту ў пасажырскае судна. З моладзі ў Аўстраліі ніхто не вучыўся — трэба было зарабляць грошы. Людзі з вышэйшай адукацыяй, дактары, інжынэры маглі забыць пра сваю адукацыю — дыплямаваны лекар у Аўстраліі ператвараўся ў простага санітара. Яшчэ ў Аўстрыі я скончыў два курсы тэхнічнай школы — сталяра й электрыка. Уладкаваўся на мэблевую фабрыку сталяром, пад адкрытым небам абпальваў дрэва. Потым працаваў на сельскагаспадар чых машынах, быў электрыкам, капаў ямы для слупоў, на дзяржаўнай пасадзе рабіў электрамэханікам.

Маё далучэньне да царквы адбылося яшчэ ў Беларусі, у Берасьці, дзе я сьпяваў у хоры ў брацкай царкве23 . У Нямеччыне прыслужваў у аднаго сьвятара, які падарыў мне Біблію. Прачытаўшы яе, зразумеў, што без царквы жыць далей не змагу. У Аўстраліі прайшоў курс багаслоўя зь мітрапалітам і япіскапам, а высьвячацца езьдзіў у ЗША. Адкрыў у Мэльбурне беларускі прыход Еўфрасіньні Полацкай — першы ва ўсёй краіне! Службы праходзілі пры ўкраінскай царкве, свайго памяшканьня мы ня мелі. Тады я зьвязаўся зь біскупам англіканскай царквы, які за тысячу аўстралійскіх фунтаў прапанаваў набыць добры кавалак зямлі. На што нашыя парафіяне адказалі ў тым духу, што цэрквы будуюць сьвятары, а не прыхаджане. Англіканцы гатовы былі пайсьці й на меншую суму, але й гэтая прапанова не ўзварушыла нашых людзей. Потым у нашым царкоўным жыцьці наступіў раскол — іншыя людзі, дарэчы, «крывічы», як і я, адкрылі другі прыход. Тады я перайшоў да ўкраінцаў, быў настаяце лем трох парафіяў. Беларусы ж, калі ізноў перасварыліся паміж сабой, прыбеглі да мяне: ачольце нашую царкву! На што я адказаў катэгарыч ным адказам, зь мяне хапіла!

Раней я ўваходзіў ва ўсе мясцовыя арганізацыі, удзельнічаў ва ўсіх мерапрыемствах, а некалькі гадоў таму адышоў ад усіх справаў. Адышоў таму, што няма цяпер з кім іх вырашаць, вось і на блянку Фэдэральнай рады стаяць толькі два прозьвішчы — Грушы й Барысевіча. Што гэта за арганізацыя такая, з двума членамі?

У 1954-м ажаніўся зь дзяўчынай Тамарай, па бацьку яна беларуска, а па маці — татарка. У 1955-м нарадзілася дачка Ніна, яна займаецца бізнэсам, ачольвае невялічкі філіял сыднэйскай кампаніі, сама сабе начальніца й падначаленая. Сын Філіп, народжаны ў 1959-м, працуе пры аўстралійскай арміі ў галіне забесьпячэньня. Маем чатырох унучак, але я, прызнаюся, надта чакаў хаця б аднаго ўнука.

СВАЯ ГАСПАДАРКА НА ЭМІГРАЦЫІ —
НАПАМІН ПРА БАЦЬКАЎШЧЫНУ

Уладзімер Калесьніковіч
(Адэляйда, Паўднёвая Аўстралія)

28 лістапада 1926 г.,
в. Ліпнікі Пінскага пав. Палескага ваяв.,
сёньня Пінскі р-н Берасьцейскае вобл.

Нарадзіўся я ў 1926 г. у вёсцы Ліпнікі, што на Палесьсі,— за 40 кілямэтраў ад Пінску і за 50 ад Ганцавічаў, калі ісьці праз бало