МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Каханы горад: Зборнік эміграцыйнае ваеннае прозы / Укл. Л. Юрэвіч. Мінск: Беларускі кнігазбор, 2006. — 372 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны, кн. 9).

Кнiга: Каханы горад: Зборнік эміграцыйнае ваеннае прозы / Укл. Л. Юрэвіч. Мінск: Беларускі кнігазбор. 2006. — 372 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны. кн. 9).
Год: 2006
Cерыя: “Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
Раздзел: Проза
Краiна: Нявызначана
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

ЗЬМЕСТ

  • Вітаўт Кіпель. Горад чытае
  • Антон Адамовіч
  • Тут не Масква (Да ўсяго, што сягоньня і ўчора)
  • Менску (На ўгодкі вялікае пажогі)
  • Чорная бель
  • Каханы горад (Завязка раману)
  • Лявон Савёнак
  • Запіскі эмігранта
  • Янка Юхнавец
  • Яно
  • Частка першая
  • Частка другая
  • Частка трэцяя

Горад чытае

Калі б мне давялося раіцца-размаўляць з геральдыстамі, то я запрапанаваў бы ім у герб гораду Менску ўлучыць кнігу, зачыненую ці разгорнутую — ня так важна, але кнігу як сымбаль чытаньня. На мой погляд (а ў маім выпадку — напэўна, суб'ектыўны, бо я родам зь Менску), мне здаецца, што менчукі чытаюць больш за іншых землякоў. Каб устанавіць дакладна ўзровень чытаньня, ясна, трэба аналізаваць статыстыку-колькасьць бібліятэкаў, колькасьць абанэмэнтаў, пазычаных кніжок, г.д. Я гэта разумею, працаваў у тым каля 30 гадоў у Нью-Ёркаўскай публічнай бібліятэцы, што на рагу Пятай авэню й Сорак Другой вуліцы. Я ж выводжу чытальнасьць сэнтымэнтальна, базуюся на такіх штрышкох-успамінах.

У перадваенным Менску на Горным завулку было адзіннаццаць дамкоў (крытых бляхай было толькі два, а рэшта гонтамі), у сямі зь іх былі свае бібліятэчкі. Мне гэта запамяталася як выдатны факт. Каб купіць «Палескіх рабінзонаў» Янкі Маўра, мы з маці прастаялі ў чарзе каля трох гадзінаў (было гэта ў сярэдзіне 30-х гадоў!). Памятаю таксама, як міліцыянты ганялі са сходкаў на вуліцы К. Маркса пераходзя чых у бок гарадзкога саду чытаючых дзяцей і дарослых — маўляў, сходы для хады, а не для сядзеньня-чытаньня.

Факт, што чыталася ў мірны час, можа, ня так ужо й паказальны, але што чыталі і ў вайну, калі ў галаве сядзела адна думка: як паесьці і як выжыць, то аддаваньне чытаньню я ўважаю вельмі паказальна. Вось мае ўспаміны-мамэнты з гадоў вайны, гадоў змрочных, жудасных, якіх не забыць да канца жыцьця.

Летам 1942 году сапраўдным цудам лёсу нашай сям'і пашанцавала вярнуцца ў Менск. Ідучы паўзь Сьвіслач у бок Камароўкі — Залатой Горкі, можна было бачыць такі абраз: соткі а соткі пагарэлішчаў, як чорныя магільныя насыпы, з комінамі-помнікамі, пазарасталымі рэдкай лебядой і крапівой ды бур'янам. Але там-сям віднелася й жыцьцё: пасьвіліся козы, рэдчас каровы, ды сядзелі пастушкі, дзяўчынкі, хлопчыкі, часта з кніжкамі ў рукох ці на худзенькіх каленках. Пастушкі чыталі, іх канцэнтрацыя была ў кнізе, яны не зьвярталі ўвагі на прахожых, на акаляючае асяродзьдзе.

Калі мы нарэшце дабраліся да Горнага завулку, дзе наша хата згарэла, але нас прыюцілі суседзі, дык паказваючы нам месца, дзе мы будзем спаць, гаспадыня сказала: «А ў сенцах кнігі. Чытайце. Мы іх нацягалі ў часе пажару». І пры невялічкай газавічцы-фіцілю тыя кнігі чыталіся.

Калі апынуліся ўлетку 1942 году ў Менску, жыцьцё прывяло мяне хутка на рынак: картак у нас не было, і трэба было нешта «ўтаргаваць», каб купіць бохан (кірпічык) хлебу. З рынкам я хутка азнаёміўся і ўбачыў, што на кожным рынку — Камароўскім, Старажоўскім, Чэрвеньскім — быў кніжны стэнд, а на рынку Сурожскім быў сапраўдны кніжны магазын (ну, хутчэй вялікі ларок), дзе, даўшы залог у пяць марак (толькі маркі!), можна было кнігу пазычыць. Прадаваліся кнігі і ў камісіёнках на Нямізе, і ў вялікім мастацкім магазыне на былой Камсамольскай.

Наагул падкрэсьлю, што кніга ў Менску ў гады вайны была ў пашане: немцы рабавалі бібліятэкі, але на складох, дзе яны рыхтавалі кнігі да вывазу, дазвалялі мінакам «корпацца». Прыкладам, у адным з корпусаў БДУ ў раёне Чырвонага касьцёлу быў такі склад, і людзі кнігі забіралі сабе.

Паколькі я вучыўся ў школе (будынак Музэю прыроды на Траецкім прадмесьці), ведаю, што была й літаратурная праграма. Найчасьцей настаўнікі пазычалі вучням свае кнігі. Праўда, аднойчы дырэктар школы раздаў вучням 7-е клясы хрэстаматыю па беларускай літаратуры (называлася, здаецца, «Родны Край»), а таксама фізычную карту БССР.

Аб чытаньні ў Менску ў часе вайны запомніўся мне й такі выпадак. Ідучы аднойчы пасьля заняткаў на Старажоўскі рынак, недзе ў прамежку паміж могілкамі й рынкам — там найчасьцей стаялі вазы — каля аднаго з вазоў пабачыў 8-10 «мужыкоў», якія моцна рагаталі. Япадышоў бліжэй. На возе сядзеў селянін, трымаў разгорнутую «Беларускую газэту» й нешта чытаў. Услухаўшыся, я зразумеў, што чытаў той чалавек «Дзёньнік Чужанінава», а таварышы ягоныя слухалі. Які тады чытаўся эпізод, не скажу, бо не даслухаў, сьпяшаўся на рынак, але рогат быў вялікі. Аб «Дзёньніку Чужанінава» я пачуў пазьней на aднэй зь вечарынак. Асабліва сьмяяліся з Чужанінава, як той прапаноўваў, як хутчэй стацца «нацыяналістам».

Бясспрэчна, у Менску й па-за Менскам Чужанінава чыталі.

Прыпамінаю і такую дэтальку. Значна, значна пазьней, калі Зора— сяброўка ў Менску — стала маёй жонкай, мы былі адна сям'я-каман да, а празь яе я быў і сябрам аўтара Чужанінава — Лявона Савёнка, — Зора сказала мне, што ў 1941 годзе, калі менчукі ўцякалі ў «бежанства», былі такія сярод іх, што згіналіся пад цяжарам клункаў праз плячо, несьлі свой скарб — кнігі. А гэта, як кажуць на радзіме, «здорава»!

Пра цяперашні час скажу такое: калі бываю ў Менску (штогоду, а то й часьцей), дык выяжджаю з багажом — толькі кнігі.

З прыемнасьцю і ўпэўненасьцю сьцьвярджаю: Менск — кніжны горад.

Хацеў бы сказаць колькі словаў пра аўтараў зьмешчаных тут твораў.

Антон Адамовіч як літаратар выступаў пад дзясяткам псэўдонімаў. Карэнны мянчук. Вельмі пільна зьбіраў усё сваё друкаванае. Меў выдатную бібліятэку — літаратурнае беларускае амаль усё. Кнігі ахвотна пазычаў і часта кнігі «зачытвалі». Мяне ведаў ад часоў высылкі ў Вятку й ці раз казаў: «А ты спытай у таго ці таго, ці ня мае такое (ягонае) кнігі».

Лявон Савёнак (Крывічанін, Свэн). Нарадзіўся ў Вяльцы. Укараніўся, усынавіўся Менску. Стала натаваў жыцьцё і асабліва праявы беларускасьці, і любы напад, насьмешку над беларускасьцю глыбака перажываў, але не падаваў віду. Надзвычай аптымістычна верыў, што Беларусь пераможа чорныя гадзіны. У сямейным коле мой цесьць — выдатны гумарыст, вясёлы субёседнік, за кубкам піва прадыскутавалі мы зь ім ці адну сусьветную праблему. Але заўсёдная наша тэма была— жыцьцё беларускае. Выдатная ягоная бібліятэка згарэла з хатай ягонага цесьця на Першамайскай у 1941 годзе.

Зь Янкам Юхнаўцом зь Лепельшчыны знаёмы ад 1945 году. Вельмі шмат хадзілі па кнігарнях. Бадай, не было тэмы, якую б мы не прадыскутавалі, але грамадзкую беларускую тэматыку — маю ўлюбёную тэму— ён дыскутаваць не любіў.

Вітаўт Кіпель

Мінск
«Беларускі кнігазбор»
2006

Кніга 9

Каханы горад

Зборнік эміграцыйнае
ваеннае прозы

Укладаньне
Лявона Юрэвіча

Каханы горад: зборнік эміграцыйнае ваеннае прозы / Укл. Л.Юрэвіч.— Мн., Бел. кнігазбор, 2006. — 372 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны: кн. 9)

ISBN 985-504-038-4.

К 30

У зборнік ўвайшлі творы трох пісьменьнікаў эміграцыі Антона Адамовіча, Лявона Савёнка і Янкі Юхнаўца. У іхных рознажанравых творах, ад філязофіі да сатыры, _ жыцьцё пад акупацыяй у Менску. Гэта новае невядомае нам раней адлюстраваньне Другой Сусьветнай вайны.

«Каханы горад» _ дзявятая кніга ў сэрыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны», заснаванай МГА «ЗБС «Бацькаўшчына» ў 2004 г.

УДК 821.161.3-3

ББК 64 (4 Беи)

Тут не Масква

Дадатак

Паулюк Трус

Антон Адамовіч

Беларусы — не расейцы!

В. К.

Ішлі гады, паблісквалі вёснамі імклівымі, зіхацелі летамі навальнічнымі, асыпаліся ліставейнымі восенямі, залягалі сьнежна-іскрыстымі зімамі...

Ішлі гады...

Шчасьлівейшыя — мералі вёснамі гады. Маладосьцю мералі ўсё жыцьцё, як адзін вялікі дзень.

Ды ці бывае-ткі яна, вечная маладосьць?

І ці шмат шчасьлівых на сьвеце?

Шчасьлівыя прашчуры толькі — на леты лічылі век. Залаты іхны век — заўсёды ў мінуўшчыне...

«Лета Божага тысяча чатырыста дванаццатага ад нараджэнь ня Хрыста...»

І палеглі ў дамавіны прашчуры, шчасьлівыя, бестурботныя— занадта бестурботныя...

І пакінулі нашчадкам працу ў поце аблічча свайго, пакінулі вялікі, непазбыўны сум.

Сум вялікі, ой! узрос бясконца:

Дзе ж ты і лета, дзе й месяц ліпень?

Пашчапаліся вусны ад сонца

І да плеч кашулі зрэбныя прыліплі...

...І пакінулі нашчадкам, нам — на восені мераць, лічыць гады...

І гады ішлі, цяклі гады, як адна даўгазвонная восень.

Ішлі гады...

* * *

Восень!

Перад новаю зданьню тваёй у экстазе ўкленчыў юнак, і песьня — на вуснах натхнёных.

...А песьня расла, сітавала душу,

Нурцавала ў вяршаліны сосен,

Казала: прыйдзі, так цябе я прашу,

Прыйдзі, пурпуровая восень!

І восень прыйшла, восень — ці здань?

І дарыла дары ўсім, усім, і здалося ўсім — залатая восень. Залаты век — прашчураў век — мільгануў па-за пурпурам здані.

Кароткі век, восеньскі, матыліны век...

І ўгледзелі ўсе: не залатая — пурпуровая восень. І ўгледзелі ўсе — на пурпуры кроў. Кроў, прагная новай крыві. І сваю кроў угледзелі ўсе на пурпуры тым. І ўцямілі ўраз — што позна. Што пярэйдзе на пурпур уся жывая, гарачая кроў — крывічанская кроў краіны...

І чулі, як вецер нагвалт зазваніў,

Бражджаў ува ўсе аканіцы.

Гарэла каліна ў сьцюдзёным агні,

Лісьцё пачало мітусіцца...

І пурпур гарэў, чырванеў, напіваўся, чарнеў...

Чорная восень — вось яна! Чорна, чорна ўсё навокал. І чорных варонаў — раптам — адкуль? — чорных варонаў грудкі й груды, і навалы чорных-чарнюшчых варон.

Чорныя вароны над бязьлістым садам

Узьвіваюцца ўгору ды зноў асядуць...

На гальлі кашлатым сум сябе павесіў...

Як ляцець варонам к радасьці бязь песьняў?

А на песьню ж — якга — прыляцелі сюды. Ухапіць яе ў дзюбы, песьню жывую, ірваць, шкуматаць — і каб капала кроў, крывічанская кроў краіны — пад карканьня крык:

— Мас-ква! Мас-ква! Мас-ква!

З гэтым трыюмфам — да радасьці гэнай ляцець.

Крывавая восень у Крывіі...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Крывавая восень!

Торбы надзела, пугі зьвіла і — туды, дзе заўсёды зіма, дзе—

Сьнягі, ляды,

Абрус жуды,

Назаўсягды,

На вечны час

Ляглі...

Пагнала перад сабою, а тэй там — няма, не было б канца...

І адзадзя, дзе быў бацькаў кут, —

З вараньнячым крыкам узьнімаюць лопат,

Круцяцца над ежай мітусьлівым лётам...

— Мас-ква! Мас-ква! Мас-ква!

Ненажэрная.

Тая, што сьлязам ня верыць...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Пазьлятаюць пялёсткі з шыпшыны —

У дзіды ўпартасьць кладзе яна.

Ах вы, сьцежкі роднай краіны,

Пасьля восені — будзе вясна.

Вясны не было. Навальніцай адразу ўдарыла лета. Навальніца ламала, крышыла, бушавала, навальніца — такое ня бачылі шчэ! І аціхла калі — недалёка вакол пачысьцеў далягляд.

Ды нячутна, ціхутка зь лета — зноў выйшла восень.

Зноў, але — новая. Жоўтая восень.

Залатая восень?

Сьцежкамі роднай краіны паходжвае восень, і ўпартыя дзіды шыпшыніны салютуюць ёй — жыве!

О Беларусь, мая шыпшына,

Зялёны ліст, чырвоны цьвет!

У ветры дзікім не загінеш,

Чарнобылем не зарасьцеш!

Не зарасла, і чорныя крылы варон ня ўскрылі. Бо падрэзаны крылы ўжо,

Даляцець да песьні не хапае сілы,

Анямелі ўзмахі ў варон крыклівых...

Абыходзяць людзі, каб ня чуць іх крыку,

Да таго ён дзікі й да таго ён прыкры...

Няхай пакрычаць. Няхай папрабуюць узьлётваць нават, махаючы даўгімі чорнымі крысамі — там, дзе крылы былі... Няхай. Бо шырока дыхае прасьцяг, новым звонам восені далёка зьвініць:

— Тут не Масква! Тут не Масква!

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Будзе яшчэ й зіма. Можа, лютая, можа, суворая, можа,
даўгая-даўгая ляжа яшчэ зіма. Будзе ўсё.

Але й вясна нарэшце — будзе?

Будзе, стане, бо ўсё мацней і размашысьцей гудзе звон восені, усё гразьней цяжкімі ўдарамі падае медзь:

Тут не Масква.

Менску
(На ўгодкі вялікае пажогі)

Менск, многацерпялівы, многапакутны Менск!

Ці памятаеш ты, ак калісьці, даўно-даўно, на Нямізе тваёй «снапы слалі галовамі»? Ці памятаеш ты злых Яраславічаў, Менск? Ці ўспамінаеш і Ўсяслава свайго, таго Чарадзея, ваўкалака? «Скочы ваўком да Нямігі з Дудутак»...

Забыўся, стары... Забылася й Няміга твая, забылася, звузела, здрабнела, пад мост загналі... Не «дабром пасеяныя» берагі, не «касьцьмі сыноў» — брудам і поскудзьдзю зацягнула, заплыло...

Манамаха ці ўспомніш, Менск? Крывавы рогат: ха-ха, «ізьехахом горад і не оставіхом ні чалядзіна ні скаціны», ха-ха-ха... Тройчы набег Манамахаў ці памятаеш, Менск?

А маскоўскіх татараў, калмыкаў? А Махмэт-Гірэеў ясыр?

І пажары, пажары, пажары...

А Вялікага маленькага Карсыканца, гэтага, на белым кані,— гэтага хіба што мусіш успомніць?

То ж на бруку тваім першы раз спатыкнуўся ваеньніцкі конь... Памятаеш?

... 26-ты чэрвень 1812 год...

Сусьвет пад нагамі, а на бруку тваім першы раз спатыкнуў ся ваеньніцкі конь...

Не, лепш не ўспамінай, лепш забудзься на ўсё, стары, родны, любы Менск! Бо не забыцца табе на адное ніколі.

Не забыцца, як мора агню залівала, плыло і гуло, рагатала старым манамахавым рогатам, трашчэла і пырхала дробным, зларадным сьмяшком.

Не забыцца і не дараваць. Ні таму, ні другому. Ніколі.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Чулі мы ня раз: «Вільня мае сваю душу». Дзе твая душа, Менск? У чым яна?

Ці ня ў імі тваім схаваны сьлед душы твае, Менск?

Горад менны, ты заўсёды мяняў, Менск. Куны, лісы, попел, смалу і соль... Рагвалодавічаў на Яраславічаў, Глебавічаў на Манамахавічаў, польскіх ваяводаў на маскоўскіх — гаспадароў, валадароў сваіх ты мяняў, Менск.

Нават імя сваё — хоць траха, а зьмяняў, Менск. Зносіў, як Мінскам дражнілі цябе.

І забылася Няміга твая, на Ўсяслававу крыўду забылася, а душою тваёй прагавіта жыла...

Імкненьні, імкненьні —

Аўто — і тое памалу,

Нямізе ж мала каменьня —

Сьцены патынкавала

І памаленьку, паволі —

На концы.

Імкненьне яе малое —

Даляры, чырвонцы...

Гэтую конку, гэтую Нямігу, пэўна, добра памятаеш, Менск.

Удзень — Нізкі Рынак, увечар — Брахалка*...

Зьнікла яна, а ўспамінаецца часта:

Як пыл падкалёсны,

У шчыліне кожнай

З усьмешкаю злоснай

Нам зычыць варожасьць:

Вы пашырайце культуру,

Стварайце паэмы, пішэце карціны...

Мы вам з музыкай справім хаўтуры,

Мы вам вянкі ўзложым на дамавіны...

Вы разьбівайце сабе галовы

Ў жалю і крыўдзе за міліёны —

«Дурань заўсёды ходзіць голы,

А разумнага ногі кормяць»...

Зьнікла — ці ж бы? Можа, толькі ў новай скуры — і шчэ горш, бо як бы ў сваёй — мяняе зноў — на Сураскім, Камароўскім, Чэрвеньскім... І — «як пыл падкалёсны»:

— Белоруской (!) буржуазіі не дают развіваться...

. . . . ... . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Старога дудара свайго ці памятаеш, Менск?

Няма, як Менск наш! — дзетачкі міленькі!

Прыгожы, відны, кругом весяленькі...

А гэтага, замілаванага ў цябе трубадура:

Цераз даліны і палі ішоў

Ад бору ў Менск паволі вечар,

І калыхаўся за плячыма шоўк,

Лілёвасьцю аздобіў плечы.

Можа, гэта ня вечар, а дух іхны — дух узыходу і ўзвышша—

Над Менскам лёг на стрэхі камяніц,

Усьпёршы галаву на локаць.

А Менск шуміць, а Менск шуміць,

Пакуль ня прыйдзе ноч здалёку...

А памятаеш, Менск, быў ты — Беларускі Дом.

Вежа твая — маяком. Старая вежа з гадзіньнікам.

І натхнёна трубіў трубадур:

Летуценьні многіх міліёнаў

І змаганьне ўпартае вякоў —

Менск акрэсьліў і краінай вольнай

Беларусь да росквіту павёў.

Ды ўроджаны твой Максім — хоць калі яшчэ — а напрарокваў:

Мы к сьветлу з табой узьляцелі

І шкло ўкруг напаткалі...

І далей болей вёў —

...Матыль дрыжыць ад болю,

Прываблены жывым агнём,

Ён рынуўся туды бяз волі

І сьмерць сваю спаткаў у ём...

Колькі такіх матылёў спаліў ты, Менск! А колькі нас апаліла тады сваё крыльле...

Ты і тады, ты і тады мяняў. Мяняў, разьменьваў сьвятое, страшнае:

Б е л а р у с ь.

Адкупіцца хацеў ад іх?

Дык жа вось і застаўся цяпер пры рэшце.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Ты абураны, ты гневаесься на мяне, Менск? Ня гэта твая душа? «Усё цячэ, усё мяняецца» — ты прэтэндуеш на душу самога жыцьця? Можа...

А можа — «дзьве душы»?

Прабач, родны.

— Дзе п'юць, там і льлюць.

І я, і ты.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Рана вуліцамі тваймі на працу іду.

Не, ня вуліцамі — руінамі.

Руіны стаяць. Руіны ляжаць — друзам.

Возяць друзы старыя коні твае — ламавікі. Цягнуць цягніцы, пружацца з апошняй, цягнуць. Менскія ламавікі — худыя, згаладалыя вайною коні.

Падысьці, упрагчыся, цягнуць разам, бедныя, любыя!

А ці ж ня так ёсьць?

Так жа і цягнеш адзін штодня...

...І некалі так — пайсьці па вуліцах гэтых, расьцягнуцца зьнясіленым ламавіком тваім — Менск, Беларусь!

Так і сканаць. Пад сыкі з «шчыліны кожнай». Пад посьвісты пугі, пад лаянку, гікі.

Шчасьцем такім — родны — не абмінеш?

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Расставаліся калісьці, думалася — навек.

І нечакана — спатканьне...

Дык ці ж можна цяпер ня ймець веры?

Веру! Верым. У цябе, Менск.

І Ён калісьці з горычай, а верыў:

Менск, Менск! Твае заводы —

Больш да карыкатураў падобны.

Але ты расьцьвіцеш,

Ты станеш сапраўдным горадам.

Менск, Менск!

Тады будуць заводы другія,

Не для сэльтэрскай вады ці піва.

Мы можа раней загінем,

Але будзем імкнуцца да мэты

Напорна, цярпліва.

Чорная бель

Ти чого так нервово трепещеш?
Ждеш від мене признаня того?
Я страждаю, та ба! Не признаюсь.
Ти — чужа, не з народу мого!

Кримський

Беларус павінен вышэй трымаць галаву і, калі выбірае сабе таварышку жыцьця, дык такой можа быць толькі свая нацыянальная сяброўка, аднае думкі, аднае ідэі, аднае крыві.

Зь перадавіцаў Ул. Казлоўскага

Чорныя па белым рояцца думкі, шукаюць, як чорнае зь белым зьліць, выліцца ў словы, радкамі — чорным на белым — застыгнуць.

Белыя на чорным кладуцца стыглінкі — белы цярушыць сьнег на чорныя грудзі маці-зямлі.

Першы сьнег.

Першы верш.

Белая пуховая шапачка — як сам першы сьнег. Белая, чыстая — так? — уся сама, і — сьцюдзёная, можа, у белі сваёй — як сам першы сьнег.

А ў самога — чорна так на душы — учарнела даўно, закурэла.

— Ці праўда, што ў Вас усе пішуць вершы?

І дробна, як нейкі верш, выбівае на белым сьлядок чорны маленькі абцас. За ім — большы сьлед — ня ў рыфму... І ня ўрыфму — хрусь — тонкі нейкі лядок.

— Беларусы ўсе пішуць вершы. Хоць раз у жыцьці.

— А каб не пісалі?

— Можа й лепш бы. Ды, пэўна, — горш. Хто ведае. Як каму.

— Перавярнулі б сьвет?

— Можа й добра кажаце самі.

Сьнег — хутчэй, і хутчэй — як шкода! — хада.

— А Ваш «раз» — быў? «Хоць раз у жыцьці»?

— Не было йшчэ — жыцьця... Так усё — нейкі сьнег, і ўсё— нейкі першы... Хоць, кажуць, жыцьцё — яшчэ горш: адвечны, усё леташні сьнег...

— Дык што гэта — здрада народу? Бязь вершаў — і без жыцьця?

Строга нават і ўрачыста:

— Чорныя думкі аб здрадзе, белая ўся наша Беларусь?

Белая ўся, так — як Вы...

А ў самога — чорна так на душы: гэта — ня здрада? І ўжо ўяе пад абцасам таксама хрусьціць лядок.

— Я — не. Не така-ая! А цікава было б зірнуць...

— Як пішуцца вершы?

— На Беларусь. І — як пішуць, таксама.

— Адно — лёгка паказаць.

— А другое? І каторае?

— Хіба што — верш.

Сьнег — і калі? — перасьціх. А сьлядоў на ім ужо — і калі?— як багата! Ці ня ўплёўшыся ў іх — прыцялася й хада.

— Вось мой дом. І трэба дадому.

Так, ён — і ён між белага чорны. Чорнымі вокнамі — мёртвы, сьляпы. А сьляды — чые — і так багата?

— Ведаю, ваш. Ведаю, трэба. Не першыня.

— А можа — часінку?

— Сёньня — не. Дык — да заўтра?

— Можа...

— Ня можа — напэўна! «Не першыня»!

Паўадваротам:

— І каб быў верш!

А маленькім чорным абцасам — нецярпліва й наравіста — загад? — два разы: празь белае — дзьве чорныя ранкі зямлі.

— Да заўтра!

Весьнічкі — раз, і адмахам — два. Дзьве чорныя ранкі. Па дошках па ганку — дробненькі тупат абцасаў.

Так і бяруць «пад абцас»?

Бразгат завалы. І закладаюць ізноў.

Думай цяпер. Здрада. Што здрада? Гэтак хадзіць? Верш напісаць? Не пісаць? Не хадзіць?

Белае — так: Беларусь. Наша. Наша — і «ваша» ў яе...

Чорнае: здрада. І здрада — верш.

Дык верш?

Першы верш.

Першы сьнег.

Можа, калісьці ў сьне
Гэтак было, як цяпер:
Першы бялюткі сьнег,
Я кахаю цябе.
Ты кахаеш мяне
(Гэта — толькі ў сьне)
Ў гэткай прыгожай мане
Першы бялюткі сьнег...
Дружна ўдваіх ідзём,
І рука ў руцэ,
Вось ужо хутка і дом,
Вораг маіх уцех.
Вось ужо хутка і дом —
Колькі навокал сьлядоў!
— Вось ужо хутка ідзём! —
Жаліцца нават лядок.
Сьцішма крыху хаду:
Ростань пасьпее прыйсьці...
Заўтра прыйду — не прыйду —
Іншы мо' будзе прыцін...

Гэта лёгка зусім — верш.

І таму стопудова наваліцца, цісьне пасьля.

Ужо — той абцас? Маленькі такі ж — хіба мог прыгнеціць гэтак?

А ён ткі, ён. Маленькі — дарма, а проста на сэрца, у сэрца. Маленькае й сэрца — пружкі й трапяткі камячок...

— І баліць таму, дык і «рвецца, рвецца на кавалкі за цябе, сябе й за другую»...

За другую, што — хай і нязнанкай яшчэ — адтуль, з-за тысячаў даляў, зь немым дакорам глядзіць: якім правам?

Якім правам — пад абцас, пад той усё пад чужацкі бот — самахоць?

Чакай, не сьпяшай, строгая ты: прававацца — будзем!

Так, ішлі самахоць. І завабленыя — ішлі. Славу несьлі, палеглі ў вякох — усё ім, і ўсё для іх — для чужых і варожых.

Дык і даруецца так? Словамі толькі адплата сплыве?

Не — адрабіць! І цяпер якраз — адрабіць! Перавабіць, перавабіць сабе на свой бок — іхных лепшых, найлепшых — сарваць!

За нашых за тых, што забралі сабе, што ад нас — адарвалі.

І зь яе, з гэтай белай зусім — беларуску зрабіць! Цяжка? — Нашай будзе і ёй, як параніць прадоньнем блакіту вачэй і тугі— Беларусь!

Будзе!

Зьнікла зь немым з дакорам — зусім, а чаму ж так шчыміць, і шчыміць, і шчыміць?

І адкуль гэта — гукі? Жалейка? Скрыпка? А як працінае-шчыміць!...

З цэлага хору — адна.

Зраньня сьнег.

Сьнег — цэлы дзень.

І пад вечар — мяцеліца — сьнег.

Дык — сьпяшайся хутчэй: гэта ж сяньня — учарайшае заўтра, і сяньня — учарайшы верш — аддаць...

Белае з чорным ізноў. Чорны прастор. І белы вар'юецца, скача ў ім — сьнегавей. Мяцеліца.

Стой — ці ня гэтак было?

Па сьняжыстай дарожцы мчыцца ў зброі хтось да вёскі.

А пад буркаю нешта хавае...

Леташні, пазалеташні — ой, як даўны сьнег! Іх, трох Будрысаў, — ці ня тыя ж сьняжыстыя сьцежкі насілі? І чацьвёртым між імі, а першым над імі — сам ён, забраны Адам. Колькі сьцежак — а ўсё ў адну. У адну — у гэту.

Адвечным тропам.

Пад абцас.

Забыўся? «Адрабіць»! «Адрабіць» — толькі рэзкі мяцелічын рогат.

Не — назад! Як крутчэй! Як хутчэй!

Назад і — назаўсёды.

...І ўрачыста, скрозь рогат завеі — скрыпка грыміць.

Чуеш, з цэлага хору — адна.

Назад! Назад!

Ціха. Цёпла. Сьветла. — Дома.

Па ўцёках — ах, як ціха! Хай жа: гукі сусьвету рынуць мацней — разьбіць цішыню. І чорная розьверць — рупар — белай мяцеліцай гукаў — сыпле ад сьценкі — проста з двара?

...Як па вуліцы мяцеліца мяце...

Мяце — не мяце? Здрада — ня здрада? Ці аднэй, ці другой— а чорная. А яны ж — ці адна, ці другая — а белая.

Чорная бель.

І назад — ужо было, і ня можна ізноў ад яго — назад!

Не, не, не!

... Як па вуліцы мяцеліца мяце...

Толькі адно — верш:

Запяваюць ізноў галасы:
«Як па вуліцы мяцеліца мяце».
Запылелі палёў абрусы,
Засьняжыла часьцей і часьцей.
Мітусеньнямі такой часьціні,
Пераплётамі завейных галасоў
Завіруюць і ночы, і дні,
Не пазнаеш, дзе ява, дзе сон.
За мяцеліцай хістаюся — іду,
Не п'яны, а цьвярдосьці не стае.
Як дарожку да мілае знайду,
Як патраплю на заклік яе?
Рэжа вочы мне мяцелічын дым,
Напушчаюцца віхры чарадой,
Замятае адзадзя сьляды,
І наперадзе — жадных сьлядоў.
Хоць вазьмі — на ўзьвей-вецер гукай:
«Пачакай-пастой, дзяўчыненька мая!»
Ды ня дасца й сьлядка адшукаць,
Ды ня выблісьне зь цемры маяк.
Хоць вазьмі — сярод поля стань:
«Загубіла ты малойчыка мяне».

Апошні верш.

Назаўтра была адлега.

Каханы горад
(Завязка раману)

АД АЎТАРА

«Каханы горад» напісаны ў 1943 г. Найпершай нагодай да напісаньня яго былі ўражаньні ад дэманстрацыйнага, «сьвяточнага», але барбарска бязьлітаснага бамбардаваньня безбароннага й пазбаўленага ўсялякіх ваенных аб'ектаў Менску саветамі ў ноч на 1 траўня 1943 г. Туга па каханым горадзе на прымусовым выгнаньні ў Нямеччыне дала апошнюю нагоду, штуршок. Аднак «Каханы горад» нараджаўся, відаць, пад не шчасьліваю зоркаю. Менская «Беларуская газэта», куды ён найперш быў пасланы ў канцы 1943 г., ніяк не магла адважыцца надрукаваць яго. Прапанаваліся аўтару розныя зьмены з гледзішча на цэнзуру ці, праўдзівей і дакладней, на страх магчымае цэнзуры. Зьмены былі для аўтара непрымальныя, бо зусім выялаўлялі рэч. У марудным ліставаньні Нямеччына — Менск, ліставаньні-таргаваньні сплываў час, і, нарэшце, пры пасьпешным эвакуяваньні зь Менску перад савецкім наступам большую частку рукапісу рэдактары зусім згубілі. Аўтар, аднак, не ўтаймоўваўся, аднавіў усё зноў з шчасьлівым выпадкам захаваных чарнавікоў ды пачаў нанова стукацца ў рэдакцыйныя дзьверы, гэтым разам ужо да бэрлінскае «Раніцы». Але й тут удалося прымайстраваць рукапіс толькі ў «Беларускім Работніку», адмысловай газэце для остаў, прыбудоўцы да «Раніцы». Там быццам бы з цэнзурай было лягчэй. Тут «Каханы горад» і быў надрукаваны ўпершыню ўвосень 1944 г.

«Каханы горад» спачатку быў задуманы й выкананы як апрычонае закончанае апавяданьне-навэля. Аднак пры аднаўленьні яго другі раз паўстала думка разглядаць рэч як завязку раману, што й было выказана ў зацемцы ў канцы друкаванага ў «Беларускім Работніку» тэксту. Думкі гэтае аўтар ня кідае й цяпер, чаму ў цяперашнім выданьні «Каханы горад» мае падзагаловак «Завязка раману». Тэкст гэтага выданьня, дарэчы, апрача дробных стылістычных паправак і аднаўленьня некаторых невялічкіх пропускаў паходжаньня чыста друкарскага (а мо' й прымітыўнага, казаў той, прэвэнцыйна-цэнзурнага, «на ўсякі выпадак»), нічым істотна ня розьніцца ад тэксту 1943 г.

Яшчэ, разгаварыўшыся, аўтар хоча сказаць, што ў гэтай, як і ў ранейшых сваіх спробах («Усяночная», «Трывога»), ён карыстаўся, між іншага, адным з найулюбёнейшых мэтадаў нябожчыка З.Бядулі, якім напісаныя ягоныя «Салавей» і «Язэп Крушынскі» і які ўзвышэнскі крытык Адам Бабарэка сваім часам вельмі трапна назваў быў «мэтадам натураграфічнага зашыфроўваньня». Мэтад гэты, вынайдзены ў абставінах савецкага гвалту над свабодаю друку, быў вельмі зручны й пад зусім такім самым, у прынцыпе таталітарным, ціскам нямецка-гітле раўскім. Лёгка было зашыфроўваць сьпісваных проста з натуры герояў «герэнфольку» пад зусім ідэнтычных ім псыхалягіч на камуністых, актывістых, камісараў (у «Каханым горадзе», між іншага, такая эпізадычная фігура Макрыцы, пад якой зашыфраваны як натуршчык ведамы сваім часам у Менску ляйтар усяе «культуры й асьветы» ў Генэральным Камісарыяце Беларусі, зьнямчэлы паляк Сівіца). Натуршчыкамі аўтаравымі былі й некаторыя прэтэндэнты на нашых нацыянальных дзеячоў (у «Каханым горадзе» такі Качка, а таксама, крыху больш толькі зборны, Віктар Лабуніч). Нельга сказаць, аднак, каб усе пэрсанажы былі пісаныя з натуршчыкаў (прыкладам, жанчына ў чорным у «Каханым горадзе»). Бальшыня натуршчыкаў аўтаравых жыве і цяпер, аўтар нават мог бы прысьвяціць ім сваю гэтую пісаніну як невялічкае, ды мо' не такое ўжо крывое (хіба што— крывіцкае) люстэрка.

01.04.1948, Баварыя

Таварыш, пройдзе ўсе баі і войны
Бяз кроплі сну, бяз званьня цішыні.
Каханы горад можа спаць спакойна
І роіць сны, і зелянець сярод вясны.

З папулярнай савецкай песьні

I

— Эскадрыльля, таварышы, атрымала хоць і нескладанае, але вельмі пачэснае заданьне. Кажу «нескладанае», бо ў тых пунктах, якія вы мусіце пакрыць сяньня, няма, шчыра кажучы, ніякіх паважных ваенных аб'ектаў. Няма таму й ніякай ворагавай абароны, аб гэтым у нас пэўныя весткі. Але, мушу падчыркнуць яшчэ раз, заданьне надзвычай пачэснае, бо вы павінны будзеце напярэдадні нашага вялікага травеньскага сьвята і недалёкага яшчэ большага, велізманага наступу прадэманстраваць узрост моцы й магутнасьці сталінскай авіяцыі, і гэта — у закінутых куткох абшараў, часова занятых ворагам. Думаю, усё ясна? Камандзеры зьвязаў атрымаюць «пуцёўкі».

Камандзеры зьвязаў, ня хочучы, але падаліся ўжо былі да камэскадрыльлі, які праказаў сваю невялічкую прамову без асаблівага энтузіязму й ахвоты нават. Усе яны — і камандзер і каманда — маніліся яшчэ гэтага вечару, паводле іхнага тэхнічнага выразу, «даць старт у сьвята». Дык вымушаная адмена гэнага не магла іх цешыць. Заданьні ж, і «пачэсныя» і непачэсныя, і «складаныя» і «нескладаныя», абрыдлі ўжо аж надта, як і сама вайна.

Але раздаваньне «пуцёвак» яшчэ прыпыніў камісар эскадрыльлі, маленькі, вяртлясты таварыш Цэнцыпэр, які вырас як з-пад зямлі каля камандзера, шапянуў яму пару слоўцаў і загадным гэстам рукі прапанаваў усім ізноў сесьці. Відаць, не задаволіла яго камандзерава «ўсё ясна», і ён уважаў за канечнае яшчэ раз «разьясьніць», фактычна ж — распляскаць, размазаць і распэцкаць агульнаведамыя ўсім рэчы. Усе селі зь яшчэ большым расчараваньнем, бо кажны добра знаў наперад, што скажа і што можа наагул сказаць камісар, і ведаў, што ў кароткім часе гэтая казань аніяк не ўкладзецца...

Абрыджэньне павялічвалася яшчэ й тым, што таварыша Цэнцыпэра ўсе страшэнна не любілі, зрэшты, пры ўзаемнасьці зь ягонага боку. Першы рызыкант і вастраслоў эскадрыльлі, пракідкі й спрытны Юрка Галушка, знайшоў для яго трапную прыкладку — Макрыца. Хоць і вынайдзеная, сказаць бы, філялягічным шляхам (Юрка ў камісаравым «імі-войчасьцьве» Марка Ісакавіч замяніў Ісака на больш аўтэнтычнага Іцу, а зМаркі Іцавіча ўжо, як казаў ён, «чыста-матэматычным спосабам перастаўленьня й скарачэньня» атрымалася Макрыца), мянушка гэтая як нельга лепш прылягала да такога, сапраўды, як бы наскрозь мокрага, склізкога, наагул страшэнна плюгавага стварэньня, з абліччам спрэс у чырвоных плямах, таксама наводля нейкіх мокрых лішаёў. Дык сьціха й міжсобку камісара інакш і ня звалі.

— Мы, слаўныя сталінскія сакалы, звыклі не баяцца ніякіх высачыняў і далячыняў, — здалёку, урачыста-ўзьнёсла пачаў сваю рацэю таварыш Цэнцыпэр. Хто слухаў, ня мог адразу, хоць сам сабе, нутрана не ўсьміхнуцца ўсёй міжвольнай самагіроніі гэтага «мы». Бо агульнаведама было, што сам Макрыца аніразу ў жыцьці не адважыўся ўзьняцца на якую-небудзь «высачыню» ў паветра, уважаючы, відаць, за бесьпячнейшае перасоўвацца па цьвёрдай зямлі. Колькі ні прапаноўваў яму той жа Юрка «павазіць па эмпірэях», — праўда, не без патаёмнага намеру добра пабоўтаць камісаравы вантробы ў розных паветраных бочках і іншых фокусах, на якія быў мэт, — «слаўны сакол» заўсёды строга адгаворваўся недапушчальнасьцяй выдаткаваць ваенна важныя матар'ялы, бэнзыну й іншае, «дзеля асабістае прыемнасьці адзінкі, хоць бы сабе й камісара», як казаў ён. «Паказаў бы я табе «асабістую прыемнасьць», — зазначыў быў тады сябром Юрка, завяршаючы свой асуд горкаўскім «роджаны поўзаць— лётаць ня можа». — «Пэўна ж, макрыца», — згаджаліся тыя.

Але цяпер бадай усе былі занятыя ня слуханьнем знаёмае наперад нуднае прамовы, а назіраньнем даволі камічнага здарэньня. Сваім звычаем, «безупынна выдзяляючы мокрадзь адкуль толькі можна», паводле Юркавага азначэньня, Макрыца адразу апляваў бліжэйшых да сябе слухачоў. І найбольшы пырск сьліны прыпаў якраз на нос камандзеру першага зьвязу, Юркаваму земляку й беспасярэдняму начальніку Віктару Лабунічу. Той сядзеў насупраць камісара, як заўсёды, мёртва ўталопіўшыся ў яго сваймі круглымі вачыма. Гэта быў Макрыцавы ўлюбёнец, які разам зь ім падзяляў усіхную нялюбасьць і непрыхільнасьць ды зусім заслужана (праўда, за вочы) абзываўся і кар'ерыстым, і самасуем, і вылупенцам. Цяпер усе сачылі, як Лабуніч удае, быццам ён так пранікла й захоплена слухае прамову, што зусім не спасьцерагае нечага там у сябе на носе, хоць усім добра відаць, як ён змагаецца з тым, каб не скрывіцца, а то й ці ня чхнуць. Абцерці ж плюваціньне Віктар ня важыцца. Праўда, адразу ён быў і памкнуўся ў кішэню па насатку, але тут жа адумаўся, баючыся, каб як мо' не абразіць гэтым свайго патрона. Назіраньне такіх «перажываньняў публічна аплёванага», як схарактарызаваў пасьля Юрка, узьняло крыху агульны настрой, які дасягнуў нарэшце свайго кульмінацыйнага пункту, калі геройскі Галушка ціхенька на пальчыках падкаціўся да Лабуніча й асьцярожна, але спраўна махнуўшы хустачкай, зьбіў зь ягонага носу камісаравы пырскі, чаго апырсканы зноў жа быццам бы не спасьцярог. «Зарабіў толькі ад Макрыцы тры грошы за дэманстрацыю, але што ён мне — на хвост солі насыпе?» — шапнуў на вуха сябру рызыкант, зьвярнуўшыся на месца. На гэтым, аднак, прыемная забава гледачоў мусіла спыніцца, і хоцькі-ня-хоцькі давялося прыслухацца да прамовы.

А прамоўца тым часам разьвіваў якраз сваю ўлюбёную тэму «бязжаласнасьці — гэтай неадымнай якасьці кажнага партыйнага й непартыйнага бальшавіка».

— Гэта, таварышы, факт, — выпырскваў ён, — што сяньня вы павінны будзеце й такі зьнішчыце шмат звычайнага, так званага «мірнага» жыхарства. Ці можа тут мець месца якая-колечы «жаласьць»? Безумоўна, таварышы, не. Не забывайцеся, што гэта тое жыхарства, якое не захацела ісьці з намі, гэта значыць, здраднікі, прадаўцы, ворагі народу. Хто зь іх адумаўся й цяпер шчыра перакінуўся на наш бок, той ужо ў партызанах, у лесе, і значыцца, яго вашыя бомбы не крануць. Апрача таго, памятайце, што гэтае жыхарства — рэзэрвуар працоўнае сілы для нямецка-гітлераўскага ворага і, зьнішчаючы яго, вы гэтым самым падрываеце ворагаву моц...

— І вось тут, — урачыста ўзвышаючы голас і прыціскаючы на асобных словах, прымусіў ужо ўсіх прыслухацца камісар,— перад некаторымі з вас паўстане сяньня вялікае выпрабавань не, сапраўдны экзамэн на баёвага летуна бальшавіка. Я маю на ўвеце нашых сакалятаў першага, я мушу сказаць, і лепшага зьвязу, пад камандай таварыша Лабуніча. Яны лятуць сяньня ня толькі на сваю радзіму, але й на свой родны і, пэўна ж, каханы горад, які ўзгадаваў іх, таварышы, і даў нам. Факт, што ў іх там могуць і павінны быць бацькі, і сваякі, і сябры, мо' яшчэ хто-небудзь, і мілыя ўспаміны. Але я пэўны, што яны з гонарам управяцца згэтым выпрабаваньнем.

Тут камісар пачаў хваліць свайго ўлюбёнца Лабуніча, праехаўся крыху, што ў некаторых іншых ізь зьвязу, — пэўна ж, у Юркі — «бываюць недахопы й дахопы», як сказаў ён, зараз жа, зрэшты, паправіўшыся: «дасягненьні й недасягненьні»... Але ўжо ніводзін бадай з хваленых і ганеных ня слухаў больш яго, апанаваны навалай раптоўных успамінаў і хваляваньня ад блізкай — але якой? — сустрэчы зь любым, родным, так даўно ўжо, здаецца, пакінутым горадам... Нават сам сталёва-вытры маны камандзер Лабуніч схамянуўся ад гэтае навалы пачуцьцяў толькі тады, калі трэ было браць «пуцёўку».

— Ардэнок як прышпілены, — шапянуў яму пры гэтым ягоны дабрадзей, і Віктар адказаў на гэта сваёй заўсёднай, падхалімска-халуйскай усьмешкай — тэй самай непаўторнай усьмешкай, якую ў цэлай Эўропе найлепш можна бачыць на вуснах ці малога ліку грамадзянаў ейнае шостае, усходняе часткі.

— Старт 20.30. Ёсьць час разабраць заданьне, адпачыць і падрыхтавацца, — закончыў зборку камандзер эскадрыльлі.

ІІ

— Папаліся, землячкі! — падышоў адразу да трох, абдараваных «пачэсным заданьнем» бурыць радзімае гняздо, камандзер трэцяга зьвязу, здаравенна-медзьведзяваты й таксама медзьведзявата-настырлівы тамбовец Жарабцоў.

— Трох танкістых, трох вясёлых сябраў, —
Экіпаж машыны баявой, —

загундосіў ён сваім, як казаў Юрка, «жараббасам» дый, наверх, страшэнна фальшывячы. — Дадому, сяброчкі, усё-ткі дадому!— і, аблапіўшы трэцяга пілёта зьвязу, дзявоча-кволага Валіка Сьнягурскага, да якога пачуваў адмысловую сымпатыю й таму найбольш дакучаў, загуў яму на вуха, стараючыся ўдаць асаблівую задушэўнасьць, але яшчэ больш неміласэрна дзеручы ўпоперак:

— Каханы горад сябру ўсьміхнецца,
Знаёмы дом, зялёны сад і той пагляд...

— Адкасьніся хоць сяньня, — з дакукаю адпіхаў яго Валік, якому ўвага й пяшчоты Жарабцова заўсёды спраўлялі вялікую прыкрасьць, а то й проста мучылі.

— А што — сяньня? — не ўтаймоўваўся Жарабцоў. — Падумаеш! Каб мне так зараз сказалі ляцець калупаць мой Тамбоў — я б адразу, калі ласка, з усім-усенькім...

— Дык хто табе не дае? — абарваў яго ўжо Юрка. — Завярніся кругом, ляж курсам назад і трамбуй свае тамбоўскія самавары.

— Самавары — гэта ў Туле, а Тамбоў, браце, слаўны...

— Ведаю, цётка там павінна быць нейкая, яшчэ ў Чэхава пісана... Але цяпер, браце, кілбасься хоць да тае цёткі, калі не да ўсіх мамак, — бачыш сам, не да цябе тут і не да Тамбова.

— Ну, ну няхай, — ціскануўшы яшчэ раз небараку Валіка, здаўся-ткі Жарабцоў, бо ў глыбі душы пабойваўся спрытнага і на язык і на так які фокус Юрку. — Эх, Тамбоў, Тамбоў, — каб адхапіць хоць зь дзянёк водпуску! — уздыхнуў толькі ён і адышоў зусім, усё гундосячы:

— Знаёмы дом, зялёны сад і той пагляд...

— Жывёліна! — папусьціў шэптам яму наўздагон Валік, папраўляючы парушаны жарабцоўскімі пяшчотамі парадак у вопратцы.

— Дык вось, таварышы, — зьвярнуўся строга афіцыйна да сваіх падначаленых, Юркі й Валіка, камандзер зьвязу. Дарма што ўсе тры былі землякамі й нават школьнымі сябрамі ды зналіся добра ад сама адмалку, Віктар, вылупіўшыся ў камандзеры, заўсёды трымаўся падчыркненай афіцыйнасьці пры службовых дачыненьнях. — Я ўжо разьмеркаваў, — і ён пачаў паказваць на пляне, далучаным да «пуцёўкі»: — Вы, таварыш Галушка, адразу ж пакрыеце поўнач гораду, па гэтую вось прыблізна лінію, я сам урэжуся ў сярэднюю паласу так, а вам, таварыш Сьнягурскі, — паўдзённая частка...

— Гэта ты... знарок, Віктар? — углядаючыся ў плян і адразу мяняючыся з твару ды хрыпнучы нек у голасе, спытаўся Валік.

— Што — знарок? Што Вы хочаце сказаць? — як не разумеючы, але ўвесь напружыўшыся, перапытаў Віктар.

— Ты ж ведаеш, тут жыў я... і цяпер, пэўна, мае старыя... на тым самым месцы... — паказваў на пляне Валік. — А вось жа слабодка. Верын дом на рагу...

— Ага, вось яно што, — прыкра засьмяяўся сваім сухім, бразгатлівым сьмехам Віктар, — дык значыцца, нездарма пяяў тут Жарабцоў: «Знаёмы дом, зялёны сад»... Знарок ці не знарок, таварыш Сьнягурскі, але, аказваецца, якраз добра выйшла. Ні ў каго бадай з цэлай эскадрыльлі не засталося яшчэ гэтулькі сэнтымэнтальшчыны й паненскасьці, тэй жаласьлівасьці, як у Вас. А чулі, што так добра казаў сяньня таварыш камісар? Вось якраз вам найлепшая нагода — давядзеце адно з двух: што вы— ці сапраўды цьвёрда мужны лятун-бальшавік, ці, прынамсі, — спрытны й асьцярожны пілёт-баявік. Я, ужо ж напэўна знарок, узяў сам сабе той раён, дзе нашая школа, у якой мы ўсе трох гэтулькі год вучыліся й перажылі так багата прыгожага... Цяпер там — ворагаў штаб, і я мушу даконча зьнішчыць яго, і здрузгачу не здрыгануўшыся. А тут жа што? І я ж пакінуў тут сваю маці і цяпер павінен таксама, дарма што чырвоны крыжык... Зразумела?

— Мяняймася, — запрапанаваў Валіку Юрка, — бо ў маім жа раёне з важных ваенных аб'ектаў — хіба што царква на могілках...

— Ніякіх менак, — сурова абарваў камандзер, — застанецца, як вызначана.

— Так... Дык дзякую за асаблівы давер... — выцадзіў Валік, пераходзячы на тую ж афіцыйнасьць. — Дазволіце ісьці?

— Калі ласка. Старт 20.30, не забудзьцеся, таварыш Сьнягурскі!

Валік пайшоў, крутка павярнуўшыся ды нат не адказыраў шы, толькі нэрвова-падчыркнена адбіваючы абцасамі.

— А праўда, дарма ты даў гэтай румзе такую частку — натаўчэць яшчэ кашы, празь нюні не разгледзеўшыся, — зазначыў па ягоным адыходзе Юрка.

— Колькі разоў прасіў не вучыць мяне — маю-ткі сваю галаву, — асадзіў яго начальнік. — Што, і табе яшчэ Верачка баліць?

— А табе — дык хіба ўжо не?

— Так ці не, але якраз я пэўны, што ўжо куды-куды, а на ейны дом, «знаёмы дом», сяньня й зерне макава не ўпадзе. Іпраўда, я ткі падумаў, падбіраючы адпаведную кандыдатуру, і ягонае «знарок» было не бяз рацыі.

— Маеш сваю галаву, — працягнуў у раздуме Юрка, але раптам якраз у ягонай галаве мільганула шалёная, вар'яцкая, як здалося было яму адразу, думка. І ажыўлены зноў раптоўным хваляваньнем, ён пасьпешна кінуў: — Дык цяпер адпачыць, падрыхтавацца...

І, адказыраўшы, адышоў, мала не бягучы.

Усе ўжо былі паразыходзіўшыся па сваіх палатках.

III

Гісторыя трох сяброў, калі можна было цяпер сапраўды назваць іх сябрамі ў поўным сэньсе, нагадвала крыху гісторыю тых «трох танкістых, трох вясёлых сябраў» з моднае савецкае песьні, якую таму й гундосіў ім бадай заўсёды Жарабцоў. Віктар, Юрка й Валік на самай рэчы ўтварылі свой зьвяз паводле моднага сваім часам у савецкай арміі прынцыпу «экіпажаў братоў, сяброў, землякоў». Але ўвесь іхны шлях да гэтага зьвязу быў даволі своеасаблівым і цікавым.

Ад самае першае, у адной клясе й аднае школы вучыліся Віктар і Валік. У пятай далучыўся да іх і тадышні гадунец дзіцячага дому, кагадзешні герой вуліцы — беспрытульнік Юрка Галушка. Усе тры ў вучэньні аднолькава йшлі ў першым радзе. Кажны меў, кажучы тымі камісаравымі словамі, свае «недахопы й дахопы», але нек яны ўзаемна зраўнаважваліся, і выходзіла так, што ўсе тры ішлі роўна, і ўсе тры — наперадзе.

Найменш здольным быў, бясспрэчна, Віктар Лабуніч, але браў ён выседжваньнем, напорнасьцяй, а што да настаўніцкіх ацэнаў — і падлізьніцтвам ды даношчыцтвам, сваім яму ўжо змалку. І ў школе яго за гэта не любілі, дражнілі «сьмердзю хом», бо ў Віктара, апрача ўсяго, страшэнна і ўжо на вялікай воддалі тхнула ад ног, якія вечна ў яго неміласэрна прэлі. Таму за партай ён заўсёды сядзеў адзін. Заўсёды потныя, непрыемна-сьцюдзёныя й да таго ж нек незгінальныя ў даланёх, як дошчачкі, былі ў Віктара й рукі, і пасьля Юрка бачыў ува ўсім гэтым таямніцу цеснага кантакту сябра з камісарам Макрыцам: «Бо таксама паўмакрыцы й цэлы сьмярдзюх», — казаў ён.

Самому Юрку пры ягоных вялікіх здольнасьцях, пракідкосьці й дасьціпносьці не ставала якраз сталасьці таго выседжавань ня, і таму ён часта, што называецца, пападаўся. І ў школе гэта быў ужо рызыкант, як пасьля ў паветры, — рыса, зрэшты, узгадаваная яшчэ беспрытульніцкай мінуўшчынай. І гэтае рызыканцтва давалася-ткі ў знакі некаторым настаўнікам, уплываючы на Юркаву рэпутацыю ў іх і перашкаджаючы яму выбіцца на сама першае месца. Зрэшты, да гэтага ён і не імкнуўся, як Віктар.

Валік Сьнягурскі меў і здольнасьці ня менш, як у Юркі, і ўседлівасьць ды, наўсуперак яму, быў зусім «ціхім цацам», як казаў той. Але якраз апошняе, даходзячы да скрайнае сарамяжнасьці, нясьмеласьці, не давала як трэба выявіцца Валікавым ведам. Заўсёды ж ведаў ён і паўней, і глыбей за ўсіх, нават за тых двух напэўна, але пры адказах раптоўна чырванеў, бянтэжыўся, часам нават блытаўся, і гэта зьбівала й яму адзнакі. Наагул, усім сваім вонкавым і нутраным складам Валік нагадваў баржджэй дзяўчыну, як хлапца. Ён і сябраваў найбольш зь дзяўчатамі, і тыя проста мелі яго не за хлапца, а як бы за сваю сястру, дзелячыся зь ім усімі, заўсёды так багатымі ў дзяўчатаў, сакрэтамі. За гэта хлапцы дражнілі яго «наша Валя» й «Сьнягурач ка», а часам і «Авечка» — агульнай мянушкай для ўсіх дзяўчатаў клясы, склад якіх, сапраўды, падабраўся быў нек наўзьдзіў шэра, не адзначаючыся нічым выдатным зь ніякага боку.

Але ў сёмай клясе прыйшла да іх новенькая, як неўзабаве выявілася, зусім не «Авечка». Праўда, з выгляду й яна выдалася адразу вельмі сьціплай, асабліва сваймі даўгімі косамі — гэтым «паненскім архаізмам», як здавалася ўсім — і хлапцом, і стрыжаным пад хлапцоў дзяўчатам. Ды ўжо першымі тыднямі выявілася, што ў ейнай асобе прыйшоў моцны канкурэнт тром «перадавіком». Яна проста зьдзіўляла і настаўнікаў, і вучняў заўсёднай грунтоўнасьцяй і глыбінёй сваіх ведаў, сталасьцяй і спакоем пры адказах, наагул вытрыманасьцяй і ўзгадаванась цяй. Пры ўсёй сваёй сьціпласьці яна зусім не была ціхуткаю — умела ўзяць удзел і ўв агульных забавах, і нават у хлапецкіх штуках, і пасьмяяцца, і пажартаваць. І пры ўсім тым ад яе, асабліва ад погляду ейных шэрых вачэй, як бы бруілася нейкая нябачная, незьясьнёная, але спакаральная сіла. Нават хлапцы толькі першы тыдзень спрабавалі торгаць яе за косы й борзда мусілі адмовіцца ад, хоць і вялікай такой, спакусы. Нек само сабой злажылася, што ўсе пачалі заўсёды і ўва ўсім слухацца Веры Рынейскае, і пад канец году яна ўжо была за старасту клясы, застаўшыся нязьменна на гэтай пачэснай пасадзе аж да канца школы. Гэтак заваяваўшы ўсіхныя сэрцы, яна сталася ўлюбёнкаю і хлапцоў, і дзяўчатаў, а калі ў восьмай клясе пад вясну пачала бушаваць кроў у моладзі і таго і таго роду, у цэнтры гэтага бушаваньня стала зноў Вера.

Дзяўчаты першыя выявілі, што ўсе хлапцы — але ж усе без вынятку — закахаўшыся ў гэтай Верачцы. Насьпявалі ўжо звадкі й канфлікты сярод хлапцоў, пачыналі крывіцца й дзяўчаты, бо ні адзін з абраньнікаў іхнага сэрца ці густу — ані вокам ня вёў ні на адну зь іх. Але Вера зноў умела паставіць сябе так, што ўсё гэта ня выбілася наўзьверх і не прывяло да ніякіх «грамадзкіх забурэньняў» у клясе. З усімі роўная, яна нікога не падпушчала бліжэй, але разам з гэтым кажнаму ўпаасобку як бы давала нейкую надзею й тым самым трымала каля сябе ўсіх чыста. Яна нават ахвяроўвалася часам пасядзець якую гадзінку на «пошаснай» парце ізь «сьмердзюхом» Віктарам Лабунічам, і той у глыбі свае самазакаханае й самапэўнае душы мо' найбольш з усіх займеў надзею стацца адзіным Верыным абраньнікам. Але такія ж надзеі паціху таілі і Юрка, і Валік, зь якім Вера, як і рэшта дзяўчатаў, добра тайкавала, а таксама ўсе іншыя хлапцы клясы.

Калі ўжо былі ў дзявятай клясе, нек на пачатку зімы Юрка аднойчы прыйшоў на заняткі наўсуперак свайму звычаю страшэнна панурым і маўклівым. Адмаўчаўшыся гэтак ваўком колькі гадзінаў, пад канец дня ён усё ж ня вытрываў і ў клясе адразу разьнеслася вестка, што Юрка бачыў учора ў кіно Веру зь нейкім маладым прыгожым вайсковым у форме авіяшколы, і Вера была да яго дужа-дужа прыхільнаю, куды больш, як да каго-небудзь із «сваіх» хлапцоў.

Пасьля заняткаў, як разыходзіліся дадому, Веру «выклікалі на тлумачэньні». Яна спакойна, як і заўсёды, сказала, што гэта быў ейны зродны брат, які прыяжджаў да іх на пару дзён у гасьціну.

— Зродны браток ці родны сяброк? — ня вытрываў Юрка, каб ня ўставіць шпількі, хоць тут жа, адчуўшы, што выйшла яна затупой і задурной, нават густа пачырванеў.

— Калі хочаш, дык толькі з такім, як ён, і можна было б сябраваць па-сапраўднаму, — спакойна зноў адказала Вера, прыціскаючы толькі на апошнім слове.

— І выйсьці замуж? — не ўтаймоўваўся Юрка, чуючы, што зусім ужо ляпае дурніну.

— Але, і выйсьці замуж. Калі апошняя падзея здарыцца неяк у маім жыцьці, дык маім абраньнікам будзе напэўна толькі такі мужны, бясстрашны капітан паветра — даконча капітан паветра, — закончыла Вера, неяк ці то летуценна, ці то насьмешліва, хоць ніхто з усхваляваных зайздроствам ейных рыцараў апошняга адценьня не зразумеў і нават не спасьцярог.

На гэтым усе гаворкі пра «падзею» ў кіно спыніліся й не аднаўляліся, бо, зрэшты, больш «нічога такога» за Верай ніхто ня здолеў спасьцерагчы, як ні пільна сачылі цяпер усе, асабліва на першым часе. Але пакрысе сярод хлапцоў клясы пачала раптам выяўляцца надзвычайная цікавасьць да лётнае справы. Ажывілася праца школьнага авіягуртка, які датуль існаваў бадай толькі на паперы, а калі ўвесну быў абвешчаны авіянабор у школу — дзевяціклясьнікі, усе як адзін, пападавалі туды заявы.

Што Віктар і Юрка пройдуць камісію — у гэтым для нікога не было найменшага дзіва, але што трэцім між іх будзе зноў-ткі Валік — сталася для ўсіх поўнай неспадзеўкаю. Праўда, у навуцы ён заўсёды ішоў у адной тройцы з тымі, але ж тут не ў навуцы штука, а ў фізычным стане і здароўя, і сілы, і спрыту. Дзе гэта ўсё ў паненскае нашае Валі, кволае Сьнягурачкі? Усамым факце, што й Валік падаў заяву, бачылі толькі меру ягонае закаханасьці ў Веры, ня меншую, як у іншых. Хлапцы сьмяяліся й дражніліся, што лепш бы падацца яму ў школу мэдычных сёстраў, бо тут для яго рэч безнадзейная ды зусім неадпавед ная. І дзяўчаты таксама шкадавалі беднага ды наперад рыхтаваліся спачуваць і суцяшаць яго пры забясьпечанай няўдачы. Але Валік, хоць нязьменна чырванеў на ўсё гэта, ды станоўка, проста «не па-свойму», як казалі, дамагаўся свайго й дамогся, адшыўшы цэлы рад прэтэндэнтаў, якія фізычна выглядалі куды мацнейшымі за яго й былі зусім пэўныя, што ўжо хто-хто, а Валік тут ім ніякі не канкурэнт.

Неўзабаве й наладзілі праводзіны будучых «капітанаў паветра». Адгулялі іх у Верынай гасподзе, на што ня толькі згадзілася, але нават сама запрапанавала Верына маці — вельмі сымпатычная жанчына, сама настаўніца. Вера была, як заўсёды, роўна вытрыманай і спакойнай, але ўсё ж крышку можна было спасьцерагчы, што ёй ня можа не імпанаваць гэты вычын ейных рыцараў, бо дзяўчына напэўна добра разумела, што гэта тыя колішнія словы, сказаныя ёю зайдросьнікам, так вызначальна ўплылі на выбар імі свае жыцьцёвае кар'еры, гэтак прынадна рамантычнай, але разам з тым і такой цяжкой ды небясьпечнай.

Праводжаныя найлепшымі пажаданьнямі й патаёмнай зайздрасьцяй ці аднога зь незадачлівых канкурэнтаў-аднаклясьні каў, адбылі трох у Маскву, дзе неўзабаве ў чэрвені таго самага году засьпеў іх выбух вайны зь немцамі. Курс авіяшколы быў прысьпешаны як мага, і, добра папрацаваўшы ды, папраўдзе, адмучыўшыся, новасьпечаныя пілёты апынуліся ўжо ля самога фронту, у N-скай эскадрыльлі лёгкіх бамбавікоў, дзе, змушаныя ня так школьным сяброўствам, як тым Верыным бласлаўлень нем і змаганьнем за яе, папрасіліся ўв асобны, свой «зямляцкі» зьвяз, на чало якога выпрабаваныя падхалімскія здольнасьці вынесьлі Віктара Лабуніча.

IV

Юрка бег у сваю скрайнюю, найдалейшую за ўсіх палатку, як бы старт меўся быць ужо, зараз во, і ён ня ўхопіць падрыхтавацца. Гнала яго тая шалёная думка, што раптам выбліснула пад канец гаворкі зь Віктарам.

— Але, дадому — хоць раз добра вырзаў дурны Жарабец,— праказаў ён сам сабе ўжо ля самое свае палаткі і тут жа палахліва азірнуўся, ці не пачуў хто. Блізка не відаць было нікога...

Толькі як гэта зрабіць — трэба абдумаць зараз канкрэтна, грунтоўна, а галоўна — бяз панікі, спакойна. Каб і назад як зьвярнуцца? Не, як скочыш далоў — назад ужо дудкі... Дый навошта? Там жа Вера, дык якраз будзе зь ёй і — адзін... Агэтыя два тут застануцца — яшчэ лепш. Але як сама Вера гэта прыме? Не, хіба ж не «патрыятычна» — чаму ж сама засталася пад акупацыяй, калі Віктар прыйшоў сюды (ня хлусіць жа хіба). І якраз гэтым цяпер можна й заваяваць яе канчальна, што для яе ж скочыў. А вайны гэтае й лётаньня ён мае ўжо аж за самае годзе, хай іншыя даваёўваюць, хто хоча, усё роўна, перамога— віламі па вадзе, дзе... А так — яны будуць разам зь Верай, што б там ні было. І якое ўва ўсім гэтым вар'яцтва, шаленства, як здалося было адразу?

І Юрка супакоіўся канчальна на цьвёрдай, непахіснай пастанове: сяньня ён пакіне і гэтую эскадрыльлю, і Віктара з Валікам, і Макрыцу, і ўсю гэтую «доблесную, непераможную». Іназаўсёды. З парашутам — далоў, у «каханы горад», дадому, хоць і няма яго ў беспрытульнага Юркі, але — да Веры... Дык рыхтавацца, бо старт — незвычайны будзе старт...

Ды вось адразу — першая закавыка: як жа зь ім, з гэтым штурманам-радыстым Гадэнкам? Бо, дазволіўшы на ўтварэньне сяброўска-зямляцкага, ледзь не нацыянальна беларускага зьвязу, пабаяліся ж пакінуць яго чыста такім, дадаўшы на ўсякі выпадак штурманамі чужых. Што праўда, сваіх і не было пад рукамі.

Добра, хоць цяпер гэтага Гадэнкі тут, у палатцы, няма...

— Трэба пачысьціць рэвальвэр, — ізноў праказаў уголас Юрка. Ён не любіў свайго штурмана й без таго. Не падабалася яму нават і тое, што прозьвішча ў гэтага палтаўца — гатовая мянушка, перарабляць ня трэба. І здавалася, што штурман добра й апраўдвае гэнае прозьвішча-мянушку. Усюды, гад, мяшаецца, крытыкуе, устаўляе свае тры грошы, а сам — доўбня-доўбняю. Падазравалася нават, што ён сочыць Юрку, ды ці ня зь Віктаравага даручэньня — «сачком» у «сачкома»... Дык гаду хай і будзе гадава... Ні здагадацца, ні зварухнуцца ня ўхопіць— гэткі цяльпук...

Толькі — не: пакуль яго няма, трэба перш з вопраткай які парадак даць — ня будзеш жа там франтаваць у гэтым «сакаліным», сваё цывільнае трэба падніз, каб гэта пасьля — скінуў і пайшоў сабе...

Юрка борзьдзенька распрануўся, дастаў з куфэрка свой адзіны й сьвяточны дагэтуль, людзкі, як называў ён, цывільны гарнітур. Так, цяпер на гэта адразу — камбінэзон... І ані ня знаць толькі, што мо' зараньня яшчэ гэтак выстраіўся... Ды хто там спасьцеражэ, і што ў гэтым незвычайнага? Ага, вось і грошы тут — добра, што не распусьціў. Хоць, зрэшты, не было й на што. Плацяць, што праўда, добра — за добрую й рызыку, толькі цяпер — нават паўлітра ня купіш звыш таго, што «ў прафэсіі для запраўкі» належыць... Ага, і гэтага рэшткі трэба зьнішчыць, «каб і люлька не дасталася ўражаму ляху»... Але пасьля лепш, перад самым адлётам, якраз — для настрою... А грошы — прыдадуцца, пэўна прыдадуцца...

І Юрка ўзяўся чысьціць сваю зброю, якая мелася сяньня выканаць не зусім прыемную ўсё ж рэч, але бяз гэтага ня выйдзе нічога... Не, ужо каго-каго, а Гадэнкі не шкадаваць... Ня йдзе вось — хай адгуляе сваё апошняе на гэтым сьвеце, і — марш...

Няўзнак, сам сабою накруціўся той матыў, які нядаўна гундосіў ім Жарабцоў. Добрая мэлёдыя, хоць ужо й цяпер для Юркі яна павінна быць «іхнаю», але ўсёдна — добрая. Упраўляючы ся з рэвальвэрам, Юрка сьціху насьпёўваў сам сабе тое:

Каханы горад сябру ўсьміхнецца,
Знаёмы дом, зялёны сад і той пагляд...

Апошняя думка спыніла яго яшчэ на мамэнт: хіба гэта ён — адзіны з трох — найразумнейшы, што ягоную галаву наведала раптам такая геніяльная ідэя? Што, калі й з гэных двух каторы падобна разважыў і — наважыў? Віктар — дык напэўна не: ён нізашто ня кіне свае, так бліскучае, кар'еры тут, ордэнаў, якія ўжо перад ім маячаць... Быў жа ўжо апынуўся на тым баку, і зь Вераю бачыўся нават — назад усё ж прыгнала. Але — Валік? Бедны Валік, якую сьвіньню падлажыў яму сяньня гэты сьмярдзюх. Аднак, бадай, мае рацыю: Верын дом сяньня будзе ў поўнай бясьпецы, гэтага Сьнягурачка дапільнуе, як свайго вока. Ададумацца да такой ідэі, як у Юркі, ды адважыцца пагатоў— ці ж стане на гэта Авечкі?

І зноў, супакойваючы й абнадзейваючы, выплыла слаўная, задушэўная мэлёдыя на тых самых словах:

Знаёмы дом, зялёны сад
І той пагляд...

V

Валік ляжаў нерухома на сваім паходным ложку, уталопіўшыся ўв адзін пункт перад сабою распаленымі вачыма. Гэтым пунктам выпадкам сталася маленькая, акуратненькая кругленькая дзірачка ў палатне палаткі, прабітая куляю. Празь яе відаць было чыстае, ужо цёмна-сіняе неба. Дзірачку нядаўна зрабіў Юрка, як быў у Валіка ў палатцы і, п'яному, заманулася яму застрэліць з рэвальвэра муху, што сядзела была на тым месцы. «Куля прабіла маленькае вакенца ў неба», — падумаў, прыгадаўшы гэта, Валік. Але гэтая думка не спыніла на сабе тым часам ягонае ўвагі, сьлізгануўшы й зьнікшы, як і ўсе іншыя, ды варочаючы ўсё назад да таго аднаго — што за подласьць зрабіў яму Віктар, і што наагул будзе сяньня, за гадзіну-другую, зараз во... Гэта мучыла й пякло, і кавалачак неба ня мог ані супакоіць, ані ўціхамірыць сваёй чыстаю сіняй. Можа, замалы быў ён на гэта. І Валік, хоць увесь час глядзеў на яго, не заўсёды й бачыў, апанаваны цяпер сваёй невымоўнай пакутаю.

...А гэтая скаціна, Жарабцоў, іржэ й лезе з агідным сваім лапаньнем. Можа й праўда, такому — і на свой родны горад, як любяць яны казаць, — напляваць, і ўсё роўна, што напляваць— сыпаць у яго бомбы, сеючы пажары, руіны, сьмерць. Можа, у іх ува ўсіх і праўда няма Бацькаўшчыны, ці бо ёсьць, але толькі «сацыялістычная», і зьнікае тады, як воляю лёсу стаецца «абшарамі», хоць і «часова», але «акупаванымі ворагам». Ды што там — пэўна ж, на Валікавай Бацькаўшчыне ўсім ім няма бацькаўшчыны, ня можа быць дый быць не павінна.

А Віктар, Юрка? Віктар — зусім такі, як усе яны, мо' яшчэ й больш, а ў подласьці — дык пэўна. Юрка ж із школы знаны сваёй «незвычайнай лёгкасьцяй у думках». Будзе сабе бестурботна раскідваць направа й налева, абы куды, Галушка — галушкі... Не, ня сьмешна. Яму, Валіку, аднаму баліць гэта і за сябе, і за іх, і за...

...А песьня гэная — які зьдзек, хоць бы сабе й не Жарабцоў сьпяваў. Што за чортава, пякельная гіронія:

Каханы горад можа спаць спакойна
І роіць сны, і зелянець сярод вясны...

Хай жа паспрабуе заснуць спакойна сяньня, хай паспрабуе сьніць і зелянець, калі прылятуць адудзячыцца яму за ўсё родныя сыны, гадунцы, пестуны...

Каханы горад сябру ўсьміхнецца...
Усьміхнецца — вышчарбамі руінаў, дымам пажараў...
Знаёмы дом, зялёны сад і той пагляд...

А тады ж, як праводзілі іх у школу, у Веры, сьпявалі ўсе гэта за патэфонам, і не спасьцерагалася гэнага нічога, і так хораша, слаўна ўсё было тады...

І навошта, навошта было ляцець у гэтае «лятунства»? Ніколіж, ніколі не ляжала да яго душа, ні да вайны... Нат малым не любіў гуляць у вайну, у салдаты...

Перш думаў — для яе, Веры. А тады, на праводзінах, як апынуліся нек зь ёй удваіх у садку («зялёны сад»...), — сказала яму як бы з дакорам: «А ты, Валік, ты ж чаго? Ты ж мастак, і гэтаж— не для цябе зусім»... І насьмеліўся (пэўна, пачырванеў, ды цёмна было, не відаць), і пачаў: «А ты ж сама казала калісь»...— «Бедненькі, дурненькі! І ты таксама ўзяў за праўду?» І палажыла яму руку на плячо. — «Ды дармо цяпер, запозна... Ідзі, Валік... Трэба быць і такім, трэба будзе й такіх»... Іраптам— пацалавала моцна-моцна ў вусны... Аж цяпер, як успомніць, узгараецца ўсё ад таго адзінага, першага й апошняга— але, хіба й апошняга — пацалунку. А тады — ачмурэў зусім, і як да прытомнасьці зноў дайшоў — яна ўжо зьнікла... Так праводзіла яго. Толькі яго аднаго, ці й тых таксама, кажнага мо' паасобку? Загадка, заўсёды была й засталася загадкай яна, гэтая Вера...

Валік устаў з ложка, адамкнуў свой куфэрак і дастаў, рупліва загорнуты ў тонкую паперу, аркушок, выдзерты калісь із «сшытка на маляваньне», на якім — яна. Сам маляваў алоўкам на лекцыях, і выйшла — як улітая ўся, нездарма ж быў Валік — першы ў клясе мастак, і мастаком летуцеў стацца, пакуль тыя словы... Рупліва, рыска па рысцы, наносіў на паперу тады, хаваючыся ад іншых — і ад настаўнікаў, і ад сяброў. А яна спасьцерагла нешта й прыслала пісульку: «Я ж — можа не абраз, што ўсё так узіраесься ў мяне»... Бо й праўда — глядзеў, усё глядзеў... Папрасіў прабачэньня, па-дзіцячаму дакляраваў, што «болей ня будзе»... Дый усё, бадай што, было ўжо гатова, і цяпер — глядзіць на яго — жывая!...

...І той пагляд...

Пагляд шэрых вачэй, пільны, праніклы, і разам з тым — жывы, зь іскрачкамі, агеньчыкамі дзесь у глыбі. І пагляд — загадка... Пасярод галавы — прадзел, ад яго імкнуцца цёмна-русыя валасы ў дзьве даўгія касы за плячыма. І вусны — тыя вусны... Раз — толькі раз — апалілі яго, і тое — мо' сьнілася хіба... А як усьміхнецца — агеньчыкі ў вачох выб'юцца, выкрасяцца наўзьверх, і за вуснамі — буйныя, белыя зубы-пэрлы, і на шчоках — дзьве ямінкі, тут... «І той пагляд», і той пагляд... Хай бы сказаў цяпер, наўчыў, што рабіць, што рабіць? Не, маўчыць і пагляд, і пагляд — усё тая ж загадка, той жа сьфінкс, Джакондава загадка...

Валік схаваў партрэт свайго рысунку за ўлоньне — мусіць быць сягоньня зь ім — кінуўся ніцма на ложак, на яго... Што рабіць, што рабіць? Хацелася плакаць, наўзрыг, заходзіцца ад плачу... Ды сьлёзаў не было, хоць, здаецца, так нядаўна яшчэ плакаў употай ад іншых... А цяпер — ужо сталасьць, і сьлёзаў няма, і далёка маленства адзадзя... А й сталасьці тэй — таксама няма, каб стала разважыць, няма, як і дзіцячых сьлёзаў... Няма, нічога няма, і ўсё, што будзе, — адно нічога...

Ён перакінуўся зноў наўзнак, і зноў трапіў зрок на кавалачак тае нябёснае сіні — «вакенца ў неба».

Сінь сьцямнела яшчэ, і цёмна рабілася ўжо навакол, а яшчэ цямней — у душы, у думках...

Толькі адзін Віктар рыхтаваўся да «апэрацыі» стала, сыстэматычна й мэтадычна, як прапісана ўсімі статутамі й «слаўнымі» традыцыямі. Ён глынуў — незамала й незашмат, у меру, не п'янюга ж які. Ён пачуваў усё нутраное здавальненьне ад таго, як «удружыў» Валіку... «Валіку прывітаньне», — сказала яна, як бачыліся апошні раз, на тым баку. Пэўна ж, ён не перадаў і дасюль, бо так даткнула балюча... Але ж, будзеш мець цяпер ад яго прывітаньне... Ды не, не дапусьціцца Валік, каб як хоць блізка што ўпала — Віктар сказаў гэтак Юрку, і цяпер зусім пэўны ў гэтым. І наагул, можа здрэйфіць, баючыся, каб Веры не закрануць, можа падсадзіць сябе сам, а цяпер жа — вайна, раз-два — і выбыў із строю... Застанецца адзін Юрка, а той ужо пэўна — не цяпер, дык у чацьвер за нешта ды зачэпіцца. Вось і сяньня з гэтай хустачкай каля яго — камісар жа бачыў, пры выпадку не забудзецца прыплюсаваць да іншых штукаў. Тады— тады некалі будзе перамога, і ён, Віктар, што значыць «пераможац»...

Праўда, адно крыху пякло Віктара часам. За колькі дзён перад вайной яго выклікалі былі тэлеграмай дадому — цяжка зьлегла маці. Там залавіла вайна, і такі нечаканы маланкавась цяй сваёй гітлераўскі наступ... Уцякаючы з гораду ад бомбаў, апынуўся ўсё ж на нямецкім баку. І там, на сяле, спаткаўся тады зь Верай, таксама ўцякачкай. Першым рухам было — застацца цяпер пры ёй, балазе якраз адзін... А Вера станоўка наважыла заставацца пад немцамі. І прызналася нават раптам, што тады, як прыйшла вучыцца ў іхную школу, яны з маткаю прыехалі ў гэты горад, бо бацьку — расстралялі... Дык хіба ўцякаць ёй далей з тымі забойцамі бацькі? Ды як Віктар сказаў, што й ён застанецца мо' тут, запярэчыла катэгарычна: «Не, табе трэба туды, як баржджэй туды, тут табе няма й ня будзе чаго рабіць». Тады не прызнаўся й ён, як нікому не прызнаваўся (а ёй — ужо хацеў быў), што й ягоны бацька — не «бязь вестак загінуў», як казалася ўсім, а таксама, тэй самай дарогай, што ў яе, толькі куды раней, на самым пачатку...

І тады — пайшоў зараз жа, не турбуючыся больш аб матцы, цяжка хворай ды такім часам... Разышліся зь Верай у розныя бакі — яна вярталася ў горад, і ён таксама вяртаўся — у авіяшколу, у Маскву. Ды сыдуцца некалі зноў, вернуцца зноў адно да аднаго...

І дабраўся-ткі да школы. І добра, што пайшоў, што дабраўся— праўда, тут, толькі тут ягонае месца, толькі адсюль прыйдзе змалку жаданая, чаканая слава...

«Ардэнок — як прышпілены», — успомнілася, як сяньня шапнуў камісар.

Але ад тых усіх успамінаў было ўсё ж і неяк мулка. Бацьку свайго Віктар памятаў мала, дый баяўся ўспамінаць, баяўся, каб ня выплыла нек, каб не даведаліся, каб не... І часам бадай— ненавідзеў. Ненавідзеў за тое, што празь нешта, што бацька зрабіў ці не зрабіў, ён, Віктар, мусіць цяпер усьцяж калаціцца ад страху быць выкрытым, злоўленым на «схаваньні сацпаходжаньня», ды яшчэ — «ад контррэвалюцыйнага элемэнту»...

Зрэшты, любіў Віктар толькі сябе, і Веру — хіба. Не, не любіў, а хацеў толькі для сябе... Па-дурному быў пэўны: дасца й гэта, як даецца дасюль усё, што хацеў. Гэта дарма што цяпер яна — на тым баку, і што бацька, і што тады казала так...

Перад стартам усмак храпануў гадзінкі зь дзьве.

VI

«Каханы горад» пераняў сваіх нечаканых гасьцей яшчэ па дарозе.

Калі Валік, злучаны таксама слухальнікам з радыёапаратам, незнарок прыслухаўся да тых хваляў, што лавіў, седзячы адзадзя за ім ягоны памагаты, слаўны хлопец, штурман-радысты Ахмет Шырахметаў, прыслухаўся баржджэй дзеля таго, каб адарвацца ад усё тых жа думак — безвыніковых шуканьняў выйсьця, што рабіць, — якія падмяняліся праваламі ў поўную пусьціню, у нейкае «абсалютнае нічога», — яму пачуліся раптам гукі, якія сваёй знаёмасьцяй і роднасьцяй глыбака кранулі за сэрца. Ён даў Ахмету знак, і той пакінуў сваё падарожжа па хвалях этэру, навёўшы злоўленае на большую чутнасьць. Цяпер гукі пачалі апранацца ўв аддаўна знаёмыя, квола-далікат ныя словы, якія толькі знае простая ды шчырая народная нашая песьня:

Мае босенькія ножкі,
Сьцюдзёна стаяць...

Але ж, яна, шырака знаная і на бацькаўшчыне, і далёка за ёй, засмучона-пяшчотная наша «Ў полі вярба». І яшчэ раз рэфрэнам:

Мае босенькія ножкі,
Сьцюдзёна стаяць...

Валік адразу занурыўся, патануў увесь у даўно ўжо ня чутых, а блізка сваіх гуках, і можа, нейкую часіну апарат ішоў сам, сапраўды насьлепа, занядбаны рукою й воляй пілёта. Усё. Як шкада! Але вось — за няўхопным зь непрывычкі голасам чужога дыктара ў мала зразумелай мове — гаворыць... родны горад, каханы горад! І на тэй самай хвалі, як калісьці гаварыў! Сьпявае, гаворыць у тэй самай мове, якую, казалі там, у іх, забаранілі тут зусім, перасьледуюць... Казалі — пэўна ж хлусілі, як і хлусяць усё, а хаценьні такія, хаценьні забараніць і сьцерці зусім — самі мелі заўсёды, ды ці мала ўжо чаго пасьціралі...

Мае босенькія ножкі,
Сьцюдзёна стаяць... —

адбілося водгульлем, паўтарылася яшчэ раз дзесь глыбака там, у душы. Так, значыцца, блізка ўжо дзесь сам ён, каханы горад. Зараз, зараз ужо

...сябру ўсьміхнецца
Знаёмы дом, зялёны сад...

І, можа, там, на Слабодцы, у тым «зялёным садзе», дзе й апошняе тое было, стаіць, залетуцеўшыся, без спадзяваньня нават якіх-колечы там трывогаў — Яна, і стыгнуць ейныя босенькія ножкі ў прохаладзі вясьнянага вечару... Успомнілася — бачыў раз нек, — босая, несла вядро вады і, згледзеўшы яго здалёку, махала другой, вольнай рукой... Вера. І верыў заўсёды ў яе, а дзе вера цяпер? Вера — «Вярба»...

...Дзіва — тады здавалася ім, бадай усім, гэтая «Вярба» такой абрыджонай ужо, зацяганай, зьбітай песьняй, што як завядзе хто незнарок — і падцягваць, і слухаць нават ніхто не хацеў. Інакшым зусім выглядаў гэты «Таварыш» — «далёка ў сьвет таварыш адлятае»... А як апынуўся «далёка ў сьвеце», за сьветам, як пачуў ізноў пра вярбу й ваду — і адчулася зразу ўсё прадоньне між гэтай і гэным. Тут — простасьць і шчырасьць, якую няпраўда, не зацягаць і ня зьбіць нікому й ніколі, бо прасякнуты ёю гукі, словы наскрозь. Там — пад вонкавай задушэўнасьцяй — адна фальш, хлусьня, гіронія, зьдзек — асабліва цяпер, калі за мамэнт-другі разбудзяць сьмерцяносныя гукі каханы горад, не дадуць яму «спаць спакойна і роіць сны», хіба што — ці аднаго вечным сном супакояць...

— Падрыхтавацца... — пакрыў усё, і думкі, бразгатлівы Віктараў голас у слухальніках, аж здрыганула ад яго. Валік глянуў уніз — там, далавах, добра бачны ў відной, зорнай, хоць і бязьмесячнай маладой начы, памалу падплываў родны горад, ніколі ня бачаны з такое высакосьці, а ўсёдна знаёмы, да болю зн