МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Эквівалент: Зборнік эміграцыйнай гістарычнай прозы / Укл. Л. Юрэвіч. Мінск: Беларускі кнігазбор, 2005. — 412 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны, кн. 7).

Год: 2005
Cерыя: “Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
Раздзел: Проза
Краiна: Беларусь
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

Змест:

Проза эміграцыйнага жыцьця

«Эміграцыя — гэта свайго кшталту рэвалюцыя... гэта як бясконцы парадокс: гледзячы наперад, увесь час азірацца назад. Выгнаньнік быццам завісае, умёрзлы ў часе, трансфармаваным у фотаздымак. Адмаўляючы рух, спыняючы неверагоднае над сваёю бацькаўшчынаю, ён чакае таго непазьбежнага моманту, калі фотаздымак пачне ажываць і бацькаўшчына верне страчанае», — напісаў Салман Рушды бы пра аўтараў гэтае кнігі.

Іх тут дзевяць _ беларускіх празаікаў, што пісалі свае творы на землях Амэрыкі й Аўстраліі, Нямеччыны й Фінляндыі ў прамінулым XX стагодзьдзі, ад Юркі Віцьбіча эсэ 1950 г. да апавяданьня Васіля Быкава, дасланага ў 1999 годзе з Хэльсінкаў у Нью-Ёрк для публікацыі. Але марна чытач будзе шукаць на старонках гэтае кнігі малюнкі замежных краявідаў, хмарачосаў ля чужых берагоў. Аўтары апавядаюць пра беларускіх багоў, пра Францыска Скарыну й Міколу Гусоўскага, пра ваяроў Вялікага Княства Літоўскага... Пісьменьніку-выгнанцу ўсё— гісторыя: «амэрыканка» 30-х, жыцьцё «остаўцаў» 40-х. І нават антыўтопія пра Рэспубліку Бутэлькавую — таксама гісторыя. Свая, уласная, сваёй краіны.

Можна было б сказаць, што сабраныя тут творы — невялікая частка мастацкай спадчыны створанага беларускімі пісьменьнікамі па-за межамі краіны — нарэшце вяртаюцца на Беларусь. Толькі яны ніколі й не пакідалі яе.

Лявон Юрэвіч

Мы дойдзем

Калісьці ў мінулым пяшчотна агарнула нас прыгожае, непаўторнае каханьне. З таго часу на суворым жыцьцёвым шляху прыастыгла сэрца, але каханьне назаўсёды засталося з намі, як застаецца пад грубым і халодным лёдам бурлівы і неўтрапёны струмень. Здаецца, яе звалі Марыля, а магчыма — інакш. Ейнае імя ведаеце сяньня толькі вы адны.

Часам, у гадзіны падарожжа, вы радасна ўздрыгнецеся, заўважыўшы наперадзе знаёмыя постаць і хаду. Вы мімаволі прысьпяшаеце крок і, параўняўшыся, адразу пераконваецеся ў сваёй памылцы. Не, гэта не яна. Тая мела прывабны славянскі твар зтонкімі абрысамі вуснаў, зь сінімі задуменнымі вачыма, і валасы ейныя нагадвалі кужаль. Гэта не яна. А часам пачуецца вам зводдаль знаёмы сьмех. Вы ўсхвалявана сьпяшаецеся туды, адкуль ён даляцеў і, яшчэ не даходзячы, спыняецеся. Не, гэта таксама не яна. Сьмех тае нагадваў і гутарку лясное крыніцы, ісьпеў жаўрука над жытам, і водгульле далёкае жалейкі. Гэта не яна. Гэта не Марыля.

Чаму ж зьдзіўляецца іншаземец, калі заўважыць, што мы зьюнацкім спрытам сьпяшаемся да нібы знаёмых рэкаў, а потым разгублена аглядаем іхнія берагі. Камусьці з нас спачатку прыгадаўся ціхі Сож пад сівым Крычавам, камусьці хуткаплын ная Дзьвіна пад зацятым Вяліжам, камусьці ж здалося, што гэта ахутаны паданьнямі бацька Нёман паволі агінае Новы Сьвержань. І толькі трапіўшы на бераг, мы пераконваемся, што гэта нямецкі ідылічны Рэген плыве ў Дунай, адлюстроўваючы ў сабе крушні замкаў Обэрфальцу, што гэта амэрыканскі руды ад нафты Дэлавэр сьпяшаецца праз пракураную хвабрычным дымам Пэнсыльванію, што гэта аўстралійскі Мурэй скочваецца з узвышшаў Уэльсу да лагчынаў кенгуровае Вікторыі. Ня ідуць па іх лайбы й плыты, не схіліліся над імі ніцыя бярозы й вербы, іне амываюць яны сьвятое Барысавае каменьне. Не, гэта ня Сож, не Дзьвіна й ня Нёман.

Чаму ж зьдзіўляецца іншаземец, калі мы, угледзеўшы наперадзе прыгожыя ўзгоркі, хутка ўзьбіраемся на іх, а потым зсумам дзівімся вакол. Адным з нас здалося, што гэта Віцебская Града, другім, што Наваградзкі Горб, а трэйцім прыгадаліся маляўнічыя Панары пад Вільняй. Але зь іх мы бачым не гасьцінцы й курганы, не гарадзішчы й капліцы, а гмахі Нью-Ёрку, капальні Льежу і докі Буэнас-Айрэсу. Не, гэта ня Віцебская Града, не Наваградзкі Горб і не Панары.

Чаму ж зьдзіўляецца іншаземец, калі мы, дзеці адвечных пушчаў, пабачыўшы лес, кідаемся да ягоных абдымкаў і без спагады спакідаем іх. Хтосьці з нас спачатку прыгадаў Белавежу, некаторыя — Налібокі, а нехта Вокаўскі Лес. Але ж у запраўднасьці — гэта Елаўстоўнскі нацыянальны парк на мяжы Уайёмінгу і Мантаны, а можа, амазонскія джунглі Бразыліі, калі не канадыйская тайга. Тут не вандруе зубр, не кукуе зязюля і не чырванеюць духмяныя суніцы. Не, гэта не Белавежа, не Налібокі й ня Вокаўскі Лес.

Чаму ж зьдзіўляецца іншаземец, калі, пачуўшы аддалены звон, мы пабожна падымаем руку, каб перахрысьціцца, і нечакана апускаецца яна. Нам здалося, што гэта зьвіняць званы Сьвятой Сафіі, а можа, Жыровіцаў, а магчыма, касьцёлаў Вільні і Божая Маці з Вострае Брамы ўздымае над намі свой амафор. Але ж гэта толькі мары. Незнаёмыя праведнікі глядзяць каменнымі вачыма на нашае бесхацімнае вандроўе.

І мы ідзём далей. Ідзём празь дзень, праз ноч. Ідзём і ўзімку і ўлетку. Ідзём і ў навальніцы і ў сьпёкі. Мы цягнем з сабой усьціплых хатылёх няўтольны сум, што большы ад Гімалаяў іглыбейшы за Атлянтыку. І ніколі ня можа таго стацца, каб мы не дайшлі нарэшце да свае непаўторнае любові, да сінявокае Беларусі. Занадта вялікае нашае замілаваньне ёю і занадта глыбокая варажнеча да ейных ворагаў, каб гэтае ня зьдзейсьнілася. Але я бачу, як нечакана спазма сьціснула вам горла і задрыжэлі вашыя вусны. На нашых нагах кроў, і крывёю сьцякаюць нашыя сэрцы. Дык дайце руку — і пойдзем далей. Ву-унь бачыце там, далёка-далёка, дзе ясьнейшае неба, зноў сінеюць рэкі, чарнеюць лясы і ўздымаюцца ўзгоркі.

Мы дойдзем! Абавязкава дойдзем! Пашчасьліў нам, Божа! Так станься!

Юрка Віцьбіч

Аб багох крывіцкіх сказы (Беларуская міталёгія)

ПАЧАТАК БАГОЎ

Сусьветныя прасторы ўкрываліся ў процьмах беспрасьветнае млякі— колядзі халоднай.

Не было неба. Не было зямлі. Толькі далоўкі плюскала бязьмежнае, бясконцае мора.

Паднімаліся ў імгле беспрасьветнай шэрай туманы морскія, угару цягнуліся, у воблака сівое скупіліся.

Затрапяталі воблачныя абрысы жывою істотаю, выцягнуліся ў постаць белую, сьветазарную, жаночую.

І прыйшла на сьвет першая істота — жывая Багіня-прародзіца Жыва-Каляда.

Імгліліся над морам бязьмежным бесканечныя сівыя туманы-колядзь.

Мляка беспрасьветная панавісла над сусьветам.

НАРАДЖЭНЬНЕ ДАЛЬБОГА

Насілася ў прасторах сівых імгляных Жыва.

Сум і беспрасьветнасьць панавалі над сусьветам.

І не было нічога апрача мора водаў бязьмежных, бурлівых.

І сумна зрабілася Жыве адной у прасторах сусьветных беспраглядных.

Набеглі з суму вочы багіні сьлязамі.

Туга ў цела Жывіна ўвапнулася асьцяном гострым.

Прагаю істоты жывой-таварышкуючай.

І зацяжарыла прагаю гэтай багіня-прародзіца.

Хаценьнем чыстым запладнілася.

Плакала з радасьці ўжо багіня, што зачала сваю прагу сьвятляную залатую.

Капнула сьляза Жывы-багіні ў мора — у востраў-вырай абярнулася.

Капнула другая — і прарасла яна дрэвам высокім на востраве-выраі, уверх безупынна пнулася.

І тады нарадзіла Жыва-Каляда сьветлалікага сонечнага Далібога — сусьвету ўладара, гаспадара вялікага.

Нарадзіўся Вялікі Дальбог.

Усьміхнуўся ўсьмешкаю сонечнаю, над краем мора ўзьняўшыся.

І пад вокам двулікага замітусіліся туманы сівыя, сьцені сумныя.

З жахам у куты кінуліся, у процьмах бяздонных морскіх згінулі, царства Чарнабогава творачы.

І настаў тады дзень сонечны над морам сусьветным.

І ноч месячная.

Бо два твары меў Дальбог Вялікі:

Сонечны, дзённы, ласкавы

І месяцовы ночны, таёмны, халодны.

МАЙЯ

Пад поглядам-променем Дальбогавым пачало ўсьміхацца сівое, хмурае мора.

Хвалі халодныя шумавінныя вясёлым звонам плёскаюцца, уверх цягнуцца — ласкі Дальбогавай просячы.

І пад шопат хваляў морскіх у бязьмежжах сусьветных, у самоце ходзячы, запрагнуў Дальбог сяброўкі свае, судружыцы.

Плюснула хваля, аб бераг вострава-выраю ўдарылася.

І выскачыла з вады багіняю прыгожаю, пышнаю Майяю.

Пайшла багіня-хваля па беразе, вадою морскаю зялёнаю сьцякаючы.

І дзе ступіла багіня, сьлед мокры ў пяску пакідаючы, — выпрыскваў на тым месцы аер пахкі боскім водырам, а дзе кропель некалькі вады зь цела багіні крапнула — там трава зялёная зазелянела.

А насустрэчу ёй сам Дальбог у бляску сонечным на востраў спусьціўся.

Убачыла Дальбога зблізка Майя — багіня нованароджаная, і ўзяў багіню ляк нязнаны, сорам дзявоцкі, перад панам сваім, уладаром боскім.

Схавацца, укрыцца ад вачэй боскіх запраглася.

Абярнулася Майя тады ў дрэўца стрункае із станам дзявочым, зкудзеркамі пухкімі — галінкамі, зь целам — карою белаю, сьнежнаю.

Стаіць бярозачкаю, лісткамі шапаціць сарамліва, стыдліва пахіліўшыся.

І прыйшоў Дальбог да маладой сваёй.

Пазнаў бярозку-Майю, сяброўку, сабе з хвалі створаную.

І было першае каханьне ў сусьвеце вялікім.

ЗЯМЛІ ТВАРЭНЬНЕ

А па начох пашлюбных у харомах Дальбогавых затужыла Майя-багіня па моры сваім бязьмежным, па дне марскім з пяскамі жоўтымі — залатымі.

І тады прыйшоў тварэньня час.

Каб мець сваё роднае каля сябе, апусьцілася Майя ў бяздоню морскую на дно, прыгаршчы пяску залатога загарнула і на паверхню мора кінула.

І вырасла зь пясчынак, на гладзь морскую кіненых, цьвердзь земская— Майі ўладарства.

Зазелянілася пад ступою Майінаю.

Гаямі бярозавымі ўмаілася з загаду Дальбогавага, на ўспамін багіні, што калісь у бярозку абярнулася.

І тады першы раз злы Чарнабог сваю руку паганую, каб перашкодзіць тварэньню боскаму, прылажыў.

Калі кідала прыгаршчы пяску на морскую гладзь Майя, каб зямлю стварыць, высунуўся Чарнабог з процьмы морскай, куды перад поглядамі-праменьнямі Дальбога хавацца быў змушаны, і пачаў з-пад долу новую зямлю сваім гарбом падкідваць, пароць.

І з таго лядацтва Чарнабогава парэпалася зямля маладая, не застыглая прадоньнямі-шчылінамі, а ў іншых мясцох арабаценьнямі-горамі нарасла.

А часьціну пясчынак дробненькіх лядачы Чарнабог рукою схапіў
і на зямлю, плюючыся ад люці, кінуў.

І сыпанулі пясчынкі з рукі Чарнабогавай каменьнем малым і вялікім на палеткі зямныя, каб Майя, па зямлі ходзячы, сабе пальцы ногаў зьбівала.

А пляўкі Чарнабогавы ў балоты-дрыгву чорную, бяздонную абярнуліся— царствамі Чарнабога на паверхні зямлі сталіся, выхадамі ў ягонае панаваньне глыбокае.

І НАЗВАЎ БОГ СВОЙ ТВОР ЗЯМНЫ — ЧАЛАВЕКАМ

І сказала Майя Дальбогу:

— Зямлю стварылі, але сумна мне па зямлі хадзіць. Весялей у моры было, калі я хваляю ў ім бегала паміж тысячаў іншых хваляў.

А тут я адна. Няма над кім мне апекавацца, няма каму мяне славіць.

А ў выраі Каляда-прародзіца пані.

І тады пастанавіў Дальбог стварыць чалавека на зямлі.

Узяў бог зямлі жменю клустай з вадой морскай, салонай, замяшаў івыляпіў чалавека па ўзору свайму боскаму, а ў грудзі яму дух уклаў.

І калі стварыў бог чалавека, тады другі раз Чарнабог, каб пашкодзіць боскаму тварэньню, руку сваю паганую прылажыў.

Боскае тварэньне, чалавека, на векі вечныя не дасканальным зрабіў, бо сваю чорную, пякельную атруту-руду ў жылы людзкія, у кроў падкінуў.

Бо як браў бог зямлю, каб чалавека ляпіць, трапіла зь зямлёю ў чалавека руда балотная з царства дрыгвянага, Чарнабогава, у целе людзкім звадой морскай памяшалася — і зрабілася людзкая кроў ад гэтага сумества цечаю бурліваю, шалёнаю, што чалавека часам на розныя вар'яцтвы паклікае, у бяздоньне кідае, у пятлю ўсаджвае, чортам робіць.

Бунт супроць бога выклікае.

І назваў бог свой твор зямны чалавекам-істотай, якая вечна будзе жыць, і пад апеку Майі даў.

ЯНА

Але атручаны быў новы твор боскі ў жылах сваіх рудою балотнаю Чарнабогавай.

Скардзіўся чалавек на самоту сваю, на багоў скардзіўся, што, на сьвет яго адзінокага пусьціўшы, пакрыўдзілі.

Плакаў, сьмяяўся, у гнеў трапіўшы — шалеў, лаяўся, бо насіла ягоную кроў-руду пякельнае цечыва, зь зямлёю туды праніклае.

Паказала яму Майя дарогу ў вырай, да прадрэва, што неба падтрымоўвае, прывяла, але не супакоіўся чалавек у смазе сваёй.

Зь зямлі створанага, да зямлі з паваротам цягнула.

Ня цешыла яго прыгаство вырайскае — жыцьцё вечнае.

На зямлі ён выраю хацеў, на сваёй зямлі жыцьця шчасьлівага, радаснага.

Вярнуўся на зямлю чалавек, а з сабою Жывы-багіні, прародзіцы, дарунак прынёс — з прадрэва галінку маладую, жыцьця крыніцу вечную.

— Пакуль будзе дрэва жыцьця з табою, будзеш вечна жыць, — сказала Жыва чалавеку.

Пасадзіў чалавек галінку прадрэва ў зямлю — і зазелянілася Іва лісточкамі зялёнымі, у пупяхі пухнастыя залатыя ўбралася.

І стала Іва-вярбіна адзіным сябрам чалавека ў самоце ягонай.

Павяраў ён Іве зялёнай свае думкі сукрытыя. Песьні ёй свае пеў, стан дрэвіны стрункі абыймаў.

І акрывала яна беднага чалавека сваімі галінамі аксамітнымі, калыхала яго да сну пошумам верхавінкі сваёй зялёнае, шаптала яму казкі цудоўныя, мроі, крозы навейвала.

Пакахаў чалавек Іву-вярбіну — дрэва жыцьця вечнага — і пачаў багоў прасіць, каб далі яны Іву яму ў жонкі. Наракаць пачаў:

— Не хачу я вашай вечнасьці адзінокай. Не хачу я Івы — дрэва нерухомага, хачу, каб сталася Іва такім жа чалавекам, як я.

Бо бунтавала супроць боскіх дзеяньняў чалавечая кроў, Чарнабогам атручаная.

Да граху клікала.

І разгневаўся Дальбог на чалавека неразумнага, які ня хоча вечна жыць, і выканаў просьбы чалавечыя.

Абярнуў ён Іву ў жанчыну прыгожую, падчас сну чалавечага.

Згубіў чалавек з свае дурасьці жыцьцё вечнае.

Але за тое сяброўку жыцьця свайго кароткага атрымаў.

Ды пашкадаваў бог, каб людзкі род на гэтай пары скончыўся, і таму зрабіў бог, што будзе прадаўжаць жанчына род людзкі, новага чалавека радзіць век у век, і хоць памрэ сама разам з чалавекам сваім, будзе жыць яна ў пакаленьнях сваіх, як галінка вярбіны ў зямлі вочкам аджываючы.

І ад дрэва назваў сваю жанчыну чалавек Іваю — Еваю.

І таму, што зь Івы-вярбіны яна створанай была, засталіся ў жанчыны свомасьці вярбіныя.

Пад ветрам ніцма хіліцца, гальлё-рукі ад тугі апускаць Івай плакучай, расою-сьлязьмі плакаць, ды пры першым пробліску сонечным залатою ўсьмешкаю сьмяяцца.

ПАТОП

А заздрасьць Чарнабога ў процьмах ягоных бурыла, кроў ягоную чорную шумавіла супроць пана сусьвету.

І як толькі адлучыцца куды Дальбог або засьне, дык пачне Чарнабог назлосьць шкоду рабіць.

Мора на зямлю пераверне, ледзяною крыгаю-гарою на тысячы вёрстаў прасторы зямныя пакрые.

І вернецца ці прачнецца Дальбог, а тут, дзе зямля была, мора бушуе, дзе расьліны красавалі — горы лядовыя па край сьвету.

І з чалавекам клопат: падашле Чарнабог сваю жонку Мару, забярэ яна падчас сну душу чалавецкую і Евіную ў сваё царства процьмавае, ману ў вочы пусьціць, цуды розныя пакажа, ёміны нечуваныя, нябачаныя, прагу, пожадзь хваравітую выкліча й назад кіне.

Прачнецца чалавек, а ў вушах яшчэ музыка цудоўная, а ў вачах яшчэ мары сонныя.

І збунтуецца боскае тварэньне, плыняй руды Чарнабогавай цераз кроў атручанае.

Слухае Дальбог нараканьні чалавечыя, углядаецца на работу Чарнабогаву зласьлівую і ўзьбіраецца гнеў боскі ў грудзёх на злога.

А Чарнабог, пабачыўшы, што раз нашкодзіць удалося, другі раз удалося, адвагі нахабнае набраўся і парашыў самы вырай і неба вадой заліць, усё боскае тварэньне затапіць, і, калі Дальбог кудысь адвярнуўся, узьняў Чарнабог мора вялікае ўгару і на небе хмараю павалок тапіць вырай.

Але на шчасьце ў гэтую хвіліну азірнуўся Дальбог.

Спалахнуў пан сусьвету Маланкаю наглаю, секануў гнеў боскі Перуном магутным.

У Чарнабога ўдарыў.

Грымоты сьветам здрыгнулі. Паваліўся сьцяты боскім гневам Чарнабог у процьму ліхую, а хмары разьбітыя ўніз на зямлю струмамі-дажджом навальным паліліся.

І ліў дождж з мора разьбітага, што на неба Чарнабог зацягнуў сем
пасем дзён. І затапіла вада ўсю гладзь зямную.

Чалавек зь Еваю ўзапнуліся, ратуючыся ад паводкі, на самае высокае дрэва, але вада штораз прыбывала й прыбывала. І тады апрытомнеў чалавек з нагавораў Чарнабогавых і ратунку ў Дальбога запрасіў.

І зьлітаваўся Дальбог.

Загадаў Перуну-богу, які з гневу пана сусьвету радзіўся, перакінуць масток з выраю да дрэва, на якім чалавек зь Еваю сядзелі, каб маглі яны ў вырай перайсьці, выратавацца ад паводкі.

Узяў Пярун сем устугаў рознакалёрных цудоўных і цераз неба да дрэва, на якім чалавек сядзеў, перакінуў.

І перайшоў чалавек Перуновым мастком празь неба аж да выраю, цэлы, няўшкоджаны.

І так узрадавалася сэрца чалавечае ратунку, што назвала масток Перуновы цудоўны — Вясёлкаю. Бо радасьць ён чалавеку прынёс. Радасьць ратунку ад пагібелі.

А каб і далей не пасьмеў Чарнабог свае ўчынкі злыя даконваць на небе й на зямлі, паставіў Дальбог Перуна вартавым нябесным і ключаром выраю боскага.

І як пабачыць толькі Пярун дзе Чарнабога ці слугаў ягоных пры рабоце пякельнай, дык і секане Маланкаю па злым, грымне грымотамі, агнём нябесным асмаліць.

А заразам і людцоў, што супроць пана сусьвету грашаць, пакарае засувязь із злымі моцамі.

ПАВАРОТ НА ЗЯМЛЮ СВАЮ

Сышла вада зь зямлі пасьля патопу, сонейка падсушыла, выпарыла вільгаць, траўка зазелянелася, бярозкі, вербы зашапацелі сваімі лісцікамі зноў песьню жыцьця.

І тады затужыў чалавек па зямлі, седзячы ў выраі.

І сонейка яму вырайскае ня цёплае, і прадрэва сусьвету ня радуе, і кветкі цудоўныя вырайскія ня цешаць, і мёды вырайскія не смакуюць.

Добра ў выраі, але яшчэ лепш у роднай хаце, на роднай зямлі, цела зьцела якой чалавек сам быў.

І ўзмаліўся да Дальбога чалавек:

— Пусьці мяне, Божа, з паваротам на зямлю!

Не прымае душа мая выраю...

А жонка ягоная, хоць і з выраю паходзіла, ад прадрэва галінкі, зачалавекам запрасілася.

— Бо дзе чалавек, там і я...

Буду ягоныя болькі суцішаць...

Тугу разьвейваць...

Песьні яму пяяць.

Зьдзівіўся Дальбог хаценьням чалавечым неразумным. Даў аднак журавоў ключ і казаў ім чалавека зь Еваю на зямлю адвясьці.

А над чалавекам апекуноў вызначыў адумысных:

Раду-багіню, якая лёсы жыцьця чалавечага вясьці мае, і Кона, у якога на кію лёс, кожнага чалавека доля засечкай наканаваная.

І калі прыйдзе час, на Кона кію засечаны, Радаю пастаноўлены, тады

споўніцца над чалавекам наканаванае.

А калі няма чаго ў жыцьці і долі чалавечай, Радай пастаноўленай, дыквыйдзе чалавек з лапаў самога Чарнабога і жонкі ягонай Кастухі-Маруны цэлы, нячэплены.

Бо ня маюць чорныя сілы й сьмерць самая голасу ў чалавечых справах, калі гэта боскімі апекунамі ня вызначана.

А за тое, што абразіў чалавек Дальбога, у выраі застацца ня хочучы, пакараў пан сусьвету чалавека тым, што па сьмерці мусіў дух чалавека ў падземнае царства Чарнабога ісьці вандраваць, па пустынях лядовых і процьмах бязьмежных.

І ня добрая Рада прыходзіла па душу чалавека па сьмерці, а Маруна чорная, страшная.

А жанчыны пасьля сьмерці ў лесе жылі над вадою, на бярозах гальлі гушкаючыся, у вадзе плёскаючы, гушкалкамі вадзянымі.

ЗАПОМНЕНАЕ СЛОВА

А калі адсылаў Дальбог сваімі ганцамі журавамі чалавека на зямлю, пашкадавала яго Рада-багіня, жонку ягоную на бок паклікала і слова боскае цудоўнае шапнула на вуха Еве.

Калі, кажа, цяжка вам там на зямлі станецца, тады перавярні да гары дном камень і клікні ты гэтае слова вядуннае.

Прылятуць мае журавы тады з выраю і вас сюды з паваротам забяруць, на радаснае, вырайскае бытаваньне.

Былі радасныя першыя дні чалавеку на зямлі абноўленай. Але штораз цяжэй прыходзілася з часам.

Каменьне, раскіданае Чарнабогам, ногі зьбівала, дрыгва балотаў засмоктвала. Зюзя-зімавіца подыхам лютым кроў у жылах студзіла.

Яшчэ чалавек неяк кідаўся, а Ева дык і зусім далася — плача, вырай цёплы, цудоўны ўспамінае.

І захацелі яны вярнуцца да выраю, які здуру пакінулі.

І як толькі яны падумалі аб гэтым, паказаліся небам журавы, ключамі летучы.

Перавярнула Ева камень, што ля ногаў ляжаў, як Рада вучыла, а слова вядуннае і запомніла.

Закружыліся над галовамі журавы, каменем зачыненым затрыманыя, мітусяцца, курлыкаюць, а Ева слова вядуннае запомніла.

Сіліцца, сіліцца і ўспомніць ня можа.

Гэтак і адляцелі журавы без чалавека ў вырай.

З тае пары, як толькі цяжка чалавеку на зямлі, прышле па яго Рада журавоў з выраю, затрымаюць чалавек зь Еваю журавоў на небе каменем абарочаным, а слова-замову ўспомніць ніяк ня могуць.

Гэтак і засталіся й надалей на зямлі неразумныя дзякуючы Евінай пустой галаве, што замову запомніла, аб сваіх толькі ўборах жаночых думаючы ды песьні пяючы.

НАРАДЖЭНЬНЕ ЯРЫЛЫ СОНЦАЛІКАГА

Старэць пан сусьвету Дальбог магутны пачаў. На вочы прыхвараць. Менш зямлёй апекавацца. Менш даглядаць.

А бяз догляду Дальбогава й іншыя багавікі разьленаваліся. Пярун, замест чорныя моцы пільнаваць, у забаўкі-гулянкі ўдаўся, котку на небе катае, грукоча.

Кон па-за кіем лёсу засяканым нічога ня бачыць.

А Рада толькі сядзіць ды ў кнізе доляў сабе чыркае, калі якую душу чалавечую Маруне аддаць.

А тады і Чарнабог із сваёй дружынай адвагі набраўся, зноў із процьмаў выпаўз супроць сьветлага ваяваць.

Каб зьнішчыць Дабро, каб цемрач у сусьвеце запанавала, зачыніў ён жыцьцё зямное, на ключ замкнуў, завязаў.

І ўзнамерыўся самую Жыву-Каляду зьнічтожыць, бо ведаў, хуткі час народзіць яна бога маладога, які на варце Дальбогавае дзяржавы стане, і тады навекі заставацца Чарнабогу толькі ў сваіх нетрах падземных.

Ляжаў хворы Дальбог у выраі.

Хадзіла Жыва-Каляда па зямлі, Чарнабогавымі моцамі апанаванай.

Марозамі-сьцюжай, сьнягамі акрытай, пад подыхамі Зюзі-зімавіцы сьцюдзёнае.

Хадзіла, мейсца ціхуткае выбірала, дзе радзіць будзе Сонечнага...

І клікнуў тады Чарнабог усіх слугаў сваіх.

Зюзю-зімавіцу з булавою каменнаю.

Віхуры злыя, сьцюдзёныя.

І казаў ім за Жываю на зямлю ўдацца і прародзіцу сусьвету загубіць, карыстаючыся Дальбогавай хваробаю.

Пачула Жыва вой люты, слугаў Чарнабогавых, булавы Зюзявай страшнае вуханьне. Абярнулася казою белаю Жыва, стралою стрункаю, ад моцаў чорных у бег паімкнулася.

Сам Чарнабог у мядзьведзя перакінуўся, а дружына ягоная віхуровая ўваўкоў лютых і наўздагон за Жываю-Калядою шуганулі.

Рыкам страшным роўкаюць-выюць.

Імчыцца каза-багіня па зямлі, а за ёю перасьледвальнікі ліхія. Усьцяж бліжэй і бліжэй.

Мара жахлівая зь нетраў сваіх вылезла, касьцьмі заляскала.

Вось-вось дагоняць злыя моцы Жыву-казу.

Але хоць хворы быў Дальбог, пачуў і зразумёў, што гэта Чарнабог Жыву перасьледуе.

Узмахнуў пан сусьвету рукою і паслаў ён на Чарнабога сон мёртвы.

Уваліўся Чарнабог у бярлогу лясную і абмёр.

Засталіся ягоныя слугі-віхуры, ваўкі без кіраўніка.

Са сьледу Жывы-Каляды зьбіліся.

Зблудзілі.

Па зямлі бегаюць, выюць.

А Жыва-Каляда прыбегла на Крывіцкую зямлю.

Каля стогу із жыта-снапамі прытулілася.

І на снапох жытніх нарадзіла Сонцалікага Ярылу, Дальбогавага сына.

БАРАЦЬБА ЗА ЗЯМЛЮ

І прадзначаны быў Ярыла — Дальбогаў сын — палажыць канец панаваньня моцаў злых на зямлі, цемры лютае Чарнабогавае.

Не па днёх, а па хвілінах рос малы Ярыла, дужэў.

І ўзяў ён у рукі свае маладыя меч прамяністы і ў нетры апусьціўся, уцарства падземнае, каб бой Чарнабогу даць.

Ключы зямныя адабраць, зямлю зноў да жыцьця адчыніць, Чарнабогам замкнёную.

І чакала Жыва, і ўсе багі ў выраі, і чалавек на зямлі змаганьня вялікага вынікаў.

Да пана сусьвету маліліся, каб сілу Ярыле-змагару зь цемраю даў.

І спаткаліся ў нетрах падземных дзьве сілы: сьвятла й цемры.

Бліснулі мячы, сыпанулі іскры. Здрыганулася зямля, закалыхалася мора.

І грукат вялікі ўчыніўся над усім сусьветам.

Змагаліся багі.

Не бярэ меч Ярылаў Чарнабога да канца, адкінуў тады Ярыла яго набок, схапіў Чарнабога ў абыймы, сьціснуў і, ключы зямныя з поясу ягонага сарваўшы, самога аб скалы кінуў.

Ад удару аб скалы трэснула зямля, горамі пакарабацілася.

І пацякла з горла Чарнабога пераможанага кроў-дрыгва вагнявая-апаляльная цераз шчыліны зямныя смуродам вялікім. Дымам, дрыгвою вагнявою, балотам гарачым чорным выбілася, пацякла.

І быў тады ўсёй зямлёю землятрус, гукі падземныя, грукаты.

Каб заспакоіць хутчэй Жыву-маці, пакуль сам на зямлю вернецца, схапіў Ярыла ў міжскальлі падземным каменьчыкаў шэрых жменю, духам сваім на іх дунуў і ўверх кінуў.

І абярнуліся каменьчыкі ў птушак легкакрылых, жаўранкаў — пасланцоў Ярылавых, на зямлю панясьліся.

І як вырваліся яны зь нетраў Чарнабогавых на зямлю, узьнялі яны гімн радасны Ярыле-пераможніку, у паветры крылцамі з радасьці перабіраючы.

Хвалу Сонцалікаму ўзносячы. І на птушак-ганцоў Ярылавых зыкі шчасьлівыя пакацілася перапалоханая Зюзя ў глыбокія нетры, віхуры-ваўкі, хвост паджаўшы, са страхам за ёю зь зямлі паўцякалі.

Выехаў Ярыла-пераможац на зямлю, ключамі адамкнуў жыцьцё замёрлае.

Едзе Ярыла, і ад подыху каня ягонага таюць ляды Зюзіны, бягуць сьнягі сьлязою халоднай.

А пад капытамі траўка зелянее, вярбіна пупяхамі вясельнымі ўбіраецца.

Славяць у небе высока Пераможніка жаўранкі, граюць у трубы журавы, ад Дальбога прывітаньне Ярыле несучы.

Сьвята на небе, сьвята на зямлі.

Жывому ўсяму Вялікдзень настаў.

Вялікі дзень перамогі сьвятла над цемраю.

ЯРЫЛА Й ЛЯЛЯ

Ехаў Ярыла па ўваскрослай зямлі, і п'янела ўсё жывое радасьцю буйнаю, Ярылу сустракаючы.

Расчынялі дрэвы свае пупяхі зялёныя, смалістыя.

Краскі ўлоньні свае насустрач богу маладому адкрывалі, нэктар цудоўны яму падносячы ў дарунак. Курывам — пахкім водырам цьветавым — дарогу ягоную акраплялі.

Брыняла зямля пяшчотаю нявесты маладой, цеплынёю курылася ласкавай.

Яр хадзіў па зямлі, сама зямля яравала, улоньне прагна насустрач Сонцалікаму з пожадзьдзю раскрывала.

І вылілася пожадзь — каханьне зямное — да бога-вызваліцеля залатымі лотацямі на грудзях зямлі.

Убачыў Ярыла ў сваім паходзе ўрачыстым латоцьця цьвет, убачыў, ізаварушылася маладое сэрца бога.

Ключмі ня толькі зямлю сырую адчыніў, сэрцы істотаў зямных, але ісваё собскае.

Заярылася яно вагнём каханьня да зямлі-нявесты.

Да лотаця цьвету, сэрца зямнога, да пяшчоты расчыненага.

І пад поглядам палкім бога-юнака здрыганулі ад раскошы лотацевыя пялёсткі, асалоды водырам, нібы імглою, акрыліся.

І пачалі ў імгле лотацевыя пялёсткі грудкамі цела белага, раніцы адценьнем ружовым, вуснамі чырвонымі абяртацца, вырастаць.

Яшчэ міг — і стала перад Ярылаю ўва ўсёй сваёй красе земскай дзева зь целам, нібы лотаць залатая, а вачыма, нібы неба блакітнае, з косамі, нібы лён крывіцкі.

Зямная прага каханьня.

Зямная пожадзь запладненьня.

Ляля-прыгажуня, Ляля — Ярылавая нявеста — на хмельным банкеце вясновым.

Ляля — багіня вясны, багіня радасьці хмельнай, багіня каханьня, багіня прыгаства.

І быў на зямлі банкет вясельны.

І была Ярылавая шлюбная ноч.

І было на зямлі каханьне.

І зачатак плоду зямнога.

І ПАСЛАЎ ДАЛЬБОГ СЫНА СВАЙГО ЧАЛАВЕКУ

Калі настала ноч, калі сонейка ў выраі хавалася, выпаўзала з процьмаў цемра чорная, зямлю акрывала.

І хадзілі цемраю па зямлі моцы чорныя, злыя — слугі Чарнабогавы.

Лесавік, дзед стары з барадою мохавай, з валасамі з амялы па лесе вандраваў.

Чарты хвастатыя, злыдні, ведзьмы ў ступах лёталі.

Жабурэньнем аброслы вадзянік з вады вылазіў, па беразе рыскаў.

Карачун, пасланец Марунін, у хаты падкрадваўся, людзей, што сьпяць, за горла хапаў, душыў, на грудзі сеўшы.

І чым даўжэй сонейка ў вырай хавалася, тым вялікшыя гулі пачыналі моцы чорныя, зь людзей зьдзекаваліся, безбаронных страшылі.

І сабраўся тады ўвесь народ, што на зямлі быў, на гару высокую Дальбога клікаць, маліць, аб помачы людзём прасіць.

Каб і ўначы абарону супроць моцаў чорных мець.

Каб і начою багаславеньне боскае зь людзьмі было.

Казаў Дальбог Ярыле пякучаму ў паход сабрацца, да людзёў на помач, каб ім начны час асьвятліць, цеплынёю сваёй сагрэць, сьцені чорныя разагнаць.

Спусьціўся Ярыла на гару да людзёў, сабраных духам на дрэве высокім сухім, маланкаю прамяністаю, сьвятым вагнём запалаў, сьцені чорныя разганяючы, людзёў цешачы, цеплыню даючы.

І назвалі з радасьці людзі сышоўшага бога, Ярылу-агня, Багачом.

Бо багатым з тае пары стала жыцьцё людзкое.

Сьветлае, цёплае.

Узьнесьлі людзі гімн магутны небу. Хвалу Дальбогу, пану сусьвету, апекуну чалавецкаму.

Панесьлі людзі Багача па хатах сваіх, на таку паклалі, гальлём сьвятым вярбовым падсычваючы.

І радасьць настала ў хатах крывіцкіх.

Уцеха вялікая.

КРЫВІЦКІ НАРОД РАТУЕ ЯРЫЛУ

Але прызвычаіліся людзі да цяпла, і стала яно іх штодзёньніцай. Запамінаць пачалі, галінкамі сьвятымі агонь падсычваць пакінулі. Наварце пры Багачы ў пуні-багоўні сядзець ня сталі, і тады пакінуўаднаго дня вагонь людзей.

А калі кідаў Багач хаты людзкія, падсьцярог яго Яшчар люты, красуняю абярнуўся, да сябе запрашаючы, песьняю чароўнай вабячы.

І прывабіў ён Багача ў нетры свае морскія, у харомы падземныя.

І аблутаў там, сілу адняўшы, Багачу-Ярылу рукі вадаростамі да скалы прыкаваў.

І калі настала ноч, не запалаў Багач у пуні-багоўні, не зашумеў вагонь у хатніх вогнішчах.

Тады заенчыў народ у жаху, пазнаўшы грэх свой.

На калены ўпаў, Дальбога зьлітавацца просячы.

Ярылу-Багача клікаючы.

Але закуты-павязаны Багач на дне морскім у Яшчара.

Цемрач халодная зноў над зямлёю пануе.

І зьлітавалася тады над людзьмі неразумнымі апякунка іхная Рада-багіня, навучыла старых вешчуноў людзкіх, як Багача-Ярылу з мора ратаваць, ад Яшчара вызваляць, ласку ягоную нанова здабыць.

Зрабілі людзі па загаду старых жэрдку доўгую, пры канцох папапярэчыне прывязалі. Дрэва паваленае, на якім ужо Ярыла маланкаю на зямлю схадзіў, знайшлі. І, узяўшыся за папярэчыны рукамі, пачалі яе па дрэвіне туды й назад цягаць, каб крыжавіньнем гэтым зарок Яшчараў зь Ярылы-Багача зьняць, з-пад морскіх харомаў Яшчаравых вызваліць.

Дарма шалелі моцы чорныя, дарма страшылі. Упарты быў чалавек.

І стаўся чаканы цуд.

Закурэўся над дрэвам дымок, і спалахнуў вагонь у цемры бліскучым полымем.

Вызвалены быў Ярыла-вагонь, цяпер Купалаю названы, бо ў моры купаўся, зь нетраў морскіх.

Зь няволі Яшчаравай.

І радасьць зноў вялікая была між людзьмі ў гэтую ноч. Палалі наўзгорках агні, людзей ачышчаючы з грахоў. Грымелі песьні, славячыя Купалу — другі Ярылаў прыход на зямлю.

А ключ Ярылаў цудоўны, якім Сонцалікага з паваротам на зямлю выратавалі-адамкнулі з тоні морскай, на свой знак людзі ператварылі. І бараніў гэты знак крывічоў перад Чарнабогавай зграяй, сілу даваў, моц крывіцкаму народу.

А Яшчара злога куклай саламянай, агнём Ярылавым пераможным палілі, у ваду кідалі пераможанага.

ЯШЧАР І ВОЛАС

І прыйшоў ізноў Яшчар пракляты на зямлю.

Начою цёмнаю падкрадваўся ён у падпавеці, ў загароды з дабыткам рагатым людзкім.

І пад лапаю Яшчаравай валілася скаціна — статак сялянскі.

І дзе было сто хвастоў — тры засталося, і дзе было дзесяць — аніводнага.

І плач быў вялікі сярод народу крывіцкага.

Тады пастанавілі старэйшыя:

Уласкавіць трэба бога злога, удабрыць лютага Яшчара.

І паслалі да стані Яшчара паслоў людзі.

А з пасламі дзяўчынку нявінную, найпрыгажэйшую.

Злому богу ў ахвяру.

Прыйшлі вечарам пасланцы да балота — дрыгвы бяздоннай, даЯшчаравай стані.

Ніцма назем упалі, гукаць лютага пачалі, дзяўчыну ахвяруючы.

Выпаўз Яшчар страшны з дрыгвы чорнай. Пасткаю з клыкамі-піламі заляскаў, вачыма вугольнымі запалыхаў, хвастом дзесяцілакцёвым пабалоце запляскаў.

Пхнулі да яго з жахам ахвяру абамлелую і ўпаўзьлі пасланцы ўпярэпалаху назад.

Але не надоўга ўласкавілі лютага Яшчара.

Не мінула доўгага часу, не пасьпелі яшчэ людзі маладняку быдлячага ад пазасталай скаціны нагадаваць, як выпаўз ён ізноў на зямлю.

Як пачаў ён ізноў статак сваёй лапай чорнай гарнуць.

Дый ня толькі статак, але і гаспадароў ягоных сваімі кіпцюрамі значыў.

І гінуў значаны ад таўра Яшчаравага.

Зноў далі Яшчару ахвяру з дзяўчаці маладога.

Але не ўласкавілі ўжо Яшчара.

Кажны дзень ахвяры новае жадаў ненасытны.

І не дадуць людзі ахвяры — сотні гінулі.

І быў у паселішчы адным пастух, і ніхто ня ведаў, скуль ён між людзёў зьявіўся, колькі год яму ёсьць.

Пасьвіў ён быдла, на жалейцы граў, пана сусьвету, вялікага Дальбога, славячы.

І калі пачаў Яшчар сваю лютую расправу сярод быдла рабіць, узяў аднаго дня пастух кія свайго пастушага і пайшоў да балота Яшчаравага. А калі выпаўз Яшчар зь бяздоньня балотнага, на ахвяру спадзеючыся новую, — схапіў яго пастух за пашчу клыкастую рукою старэчай, ібыла тая рука мацнейшай за скалу каменную. А кіем сваім пачаў Яшчару вочы выпорваць.

Бо быў пастух багавіком-Воласам, якога паслаў Дальбог на зямлю быдлам апекавацца. Зароў Яшчар з болю і ў злосьці ў тры колцы скручваўся, раскручваўся, хвастом аб балота біў.

На моц з адным вокам з рук Воласавых вырваўся, у балота шугануў ісьлед за сабой замёў.

А тады прыйшлі людзі і пазвалі Воласа, і хвалу яму далі, і ўчынілася на зямлі вясельле вялікае, буйнае й радаснае.

А каб Яшчар і далей ня мог у аселішчы людзкія пракрасьціся, узялі людзі барану, Воласа — апекуна жывёлы — на скурах пасадзілі іабвалачылі на сабе поезд гэты Воласаў навакол сядзібаў сваіх, колам замкнулі.

І калі спрабаваў Яшчар, ачуняўшы, зноў да скаціны людзкой дабірацца, натрапляў ён, паўсьляпы, на сьлед поезду Воласавага і з жаху дзікага перад апекуном жывёлы, думаючы, што ён недзе тут блізка знаходзіцца, кідаўся з паваротам у балота сваё, у самы глухі куточак забіваўся, дрыжэў.

ЖЫЦЕНЬ-СПАРЫШ

І нарадзіўся Дальбог двулікі другі раз спарышом-двуколасам жытнім ад зямлі-каханкі.

Бо калі Ярыла-сын пераможцам зь нетраў Чарнабогавых на зямлю зьявіўся, калі радасьць вялікая зямлёй і небам запанавала, калі хмель буйны сьветам хадзіў, ажыла тады старая кроў Дальбогава і ўвайшоў ён ува ўлоньне зямлі — палюбоўніцы сваёй, а калі час прайшоў азначаны, радзіўся нанова Прадвечны спарышом-двуколасам жыта буйнага.

Бо даў пан сусьвету чалавеку жыцьцё, а на падтрыманьне яго — жыта-расьліну даў.

І ходзіць Дальбог па палетках жытніх старым Жыценем-Спарышом зкаласянаю барадою, аб'яжджае із поездам сваім казіным, і дзе ступяць козы, Дальбогавы воз ягоны цягнучы, — буйніцца жыта, калосіцца.

Прыйдзе Жыцень-Спарыш па Дажынках у хаты крывіцкія, у покуце памесьціцца ў снапу дажынковым, багаславенства хаце несучы, дабра прыспараючы, аж да другога нараджэньня ў годзе наступным.

Прызначыла кажнаму чалавеку Рада-багіня Долю-апякунку — духа добрага, а ў хату кажную гаспадара-Багавіка вызначыла, Дамавіком званага, каб дбалі яны аб людзёх добрых, а злых і грэшных каралі.

Бо калі толькі ня ўмее чалавек з доляю сваёй абыходзіцца, сыдзе яна зпаваротам да Лады на скаргу, і тады прапаў бяз долі чалавек, або і да іншага перабяжыць, і будзе тады таму шанцаваць усюды, а бяздольнаму, хоць жывому, а жыцьця няма.

І з Дамавіком таксама. Любіць Дамавік малачко, каб яму людзі на ноч ставілі, і казла махнатага паезьдзіць, пабавіцца. Тады ходзіць Дамавік-гаспадар, клеці падмятае, канём косы заплётвае, а хто ня дбае абгаспадару, тады адчыніць Дамавік падпечак і клікне слугаў сваіх злыдняў.

І ўсядуцца злыдні — маленечкія людзі з бародамі да зямлі, із поглядам лютым — у хаце, на шыю чалавеку, заядуць зусім.

ЦЁТКА СТРАШНАЯ

А ў балоце Цётка-багіня сядзіць. Ня Цёткай яна па праўдзе завецца, аТрасцаю-шухляю, але ня можна яе гэтым імем зваць, бо вельмі яна чуткая і злая на імя сваё. Натыхмест да таго, хто імя яе прамовіць, зьявіцца і за грудзі сваёю рукой ледзяной схопіць, і тады гіне чалавек павольна ў абыймах Цёткавых.

Асьцярожна трэба каля дрыгвы на балоце хадзіць, Цёткавай хароміны, а галоўнае — спаць ня можна, бо падкрадзецца да соннага, на грудзі жабаю асьлізлаю скочыць, і ня вырвацца тады з абыймаў Цётчыных.

Калісь паняю была яна сярод людзей, у хатах панавала, і людзі баяліся яе, нізка кланяліся, самы лепшы кут ёй, каб уласкавіць, давалі, дрыготкаю ліхою дрыжучы, потам халодным абліваючыся ад зімавіцы-Цёткі подыху, пад сонцам гарачым.

Ды пашкадавала Рада — апякунка чалавека, спусьцілася яна на зямлю на бой з Цёткаю, а Цётка вырасла жабаю вялікаю, з гару велічынёй, сонца сабою закрыла, цемру робячы, каб Рада не змагла ў цемры яе пабачыць.

І раскрыла яна пашчу сваю, каб багіні шыю перагрызьці. Але не далася Рада злой Цётцы. Абярнулася яна ў бусла вялікага, як тры гары, зьдзюбай даўгою, з нагамі высокімі.

Скача жаба-Цётка, ня толькі да шыі Радзе не дасягне, нават і грудзей не дастане. А Рада-бусел зьверху ды дзюбаю. Завішчэла Цётка немым голасам — ды ў балота, а бусел за ёю. Насілу ў нетры свае схавалася.

І з той пары баіцца Цётка — злая Трасца — у хаты ўлазіць. Ловіць людзей сонных дзе ў балоце, бо на варце хатаў паставіла Рада буслоў, пасланцоў сваіх, каб аселішчы людзкія пільнавалі.

І баіцца Цётка боскага пасланца.

СЛОЎНІЧАК МІТАЛЁГІІ КРЫВІЦКІХ БАГОЎ

Жыва-Каляда — Прародзіца-багіня. Сама нарадзілася з морскіх туманаў. Зь яе сьлёзаў, што капаюць у сусьветнае мора, паўстаў правостраў, на якім ёсьць вырай і вырасла прадрэва, якое падтрымоўвае неба. Эмблема Жывы— дрэва жыцьця, прадрэва-вярба.

Дальбог-Дажбог — галоўны бог, пан сусьвету. Нарадзіўся з Жывы, зачаты, заплоднены яе прагаю супольніка ў мёртвым сусьвеце. Дальбог мае два твары: сонечны й месяцовы, дзённы й ночны. Езьдзіць нажуравох. Эмблема— сноп жыта. Стварыў зь зямлі чалавека, з галінкі вярбы — жанчыну.

Жыцень-Спарыш — другая інкарнацыя (увасабленьне) Дальбога ўвыніку сувязі зь зямлёй — Майяй. Эмблема — двуколас жыта (двутвары) і жытні сноп. Езьдзіць на козах.

Ярыла — бог вясновага сонца. Народжаны ад супалкі Дальбога зЖываю. Пераможац Чарнабога. Уладар ключоў, адмыкаючых зямлю да жыцьця. Эмблема — двукрыж і коньнік на белым кані зь мячом (Пагоня). Ярылава птушка — жаўранак.

Купала — другая інкарнацыя Ярылы-сонца пасьля ягонага выхаду зпадводных нетраў. Эмблема — двукрыж.

Майя — сужонка Дальбога, якая нарадзілася пад поглядам Дальбога зморскае хвалі. Тварыцелька зямной гладзі. Нараджае ад Дальбога ягоную інкарнацыю Жыценя-Спарыша. Эмблема — бярозка, аер, зялёная трава. Мае сваіх падначаленых духаў і гушкалак.

Ляля — багіня вясны, судружыца Ярылы. Нарадзілася з лотаці адЯрылавай прагі. Эмблема — цьвет лотаці.

Пярун — бог грымотаў, вартавы ў выраі. Нарадзіўся з гнеўнага погляду Дальбога.

Рада — багіня розуму, апякунка чалавека. Кіруе людзкімі справамі, жыцьцём і сьмерцю разам з Конам. Мае сваіх падначаленых духаў — долі, якія прыдзяляе кажнаму чалавеку. Ёй падпарадкуецца багавік — Дамавік із сваімі слугамі — злыднямі. Эмблема — бусел. Езьдзіць набусьле.

Кон — разам з Радай кіруе лёсам чалавека. Мае кій лёсу, на якім засечаны (заканаваны) лёс і дзень сьмерці кажнага. Кон — выканаўца пастаноў Рады.

Волас — бог, апякун скаціны. Эмблема — пчала.

Чарнабог — уладар злога й цемры. Паўстаў у першапачатку зь цемраў сусьвету. Знаходзіцца ў нетрах. Шкодзіць богавым справам. Эмблема— мядзьведзь і вуж. Мае слугаў: віхуры-ваўкі, чарты, злыя духі, лесавікі.

Мара-Маруна-Марэна — багіня сьмерці, Кастуха, жонка Чарнабога. Забірае, аднак, людзей толькі з пастановы Рады. Пасылае на сонных багавіка Карачуна й Пярэпалаха, што людзей страшыць. Пад яе загадам— душы памерлых, пакуль ня трапяць у вырай. Эмблема — людзкі чэрап.

Яшчар — злы бог паморку ў выглядзе аграмаднай яшчаркі, бог зімы. Ягоная інкарнацыя — вадзянік.

Зюзя — багіня зімы, жонка Яшчара. Слугі яе — завеі.

Цётка-Трасавіца — багіня хваробаў. Старая баба. Эмблема — жаба.

Сяргей Хмара

Полацкае дзіва

1

Зіма ў 1486 годзе была доўгай і лютай. Яшчэ на пачатку сакавіка стаялі злосныя маразы. Усе рэкі скаваныя тоўстым вэлюмам лёду, бялюткага ад штодзённага напластаваньня сьнегу. Ужо каторы месяц спыніўся рух чаўноў і купецкіх баржаў па рацэ Дзьвіне. Дзе-каторыя зь іх пасьпелі сваім часам адысьці зполацкае прыстані і цяпер, як тыя абледзянелыя прывіды, агромністымі патарчакамі безнадзейна глядзелі на бясконцую беласьнежную роўнядзь шырака разьлеглага рэчышча. Чакаць ім і не дачакацца вясновай цеплыні, што павінна разваражыць заснулую прыгажуню і адрадзіць бурнае жыцьцё ўздоўж дзьвінскіх берагоў.

Не чуваць цяпер на тых берагох зухаватых выкрыкаў купецкіх людзей, што давалі загады найманым, як і куды разгружаць прывезеныя ў Полацак із Смаленску й Віцебску або з маёнткаў Паддзьвіньня футры й скуры, мёд і воск, лён і збожжа, смалу й попел. Ня рэжа цяпер тут мясцовае вуха мова рыскіх ды кралевецкіх купцоў, якія некалі ўжо зраньня гарлапанілі па-нямецку на мясцовых грузчыкаў, устаўляючы для зразумеласьці дзе-якое славянскае слова. Ня чуецца й зусім зразумелая тут гаворка віленскіх і гарадзенскіх купцоў. Замоўк стрыгат скрыняў зь сякерамі, нажамі, жалезам, волавам, медзьдзю й цынкам зь нямецкіх земляў. Заціхла водгульле гуканьня паміж людзьмі, калі перакідвалі адзін аднаму пакі вугорскага й валахійскага сукна, турэцкіх сукняў. Вецер даўно ўжо разьнёс і выветрыў дарэшты пахі перцу й міндалю ўздоўж прырэчных будынінаў, выпетрыўся смурод нямецкага піва й кіслы пах замежных вінаў. Жыцьцё як бы зусім запынілася, усё як бы занямела, на ўсім была адзнака зімы-чарадзейкі.

Аднак сіла тае вядзьмаркі слабела й сыходзіла на нішто ўсамім Полацку. Ужо на ягоным заходнім узьмежжы, уздоўж выкручастай ракі Палаты, натоўпы хлапчукоў-падлеткаў павыраблялі сабе сьцежкі на лёдзе і з крыкамі юнацкае радасьці насіліся на коўзанках. Вуліцы Вялікага пасаду кішэлі ад народу.

Быў гандлёвы дзень. Уздоўж Вялікай вуліцы на правым беразе Дзьвіны ды на Прабойнай вуліцы зраньня каля крамаў праходзілі грамадкі людзей, апранутых у цёплыя адзежыны зкуніцавымі й сабалёвымі каўнярамі ды лісінаю падшыўкаю. Звабленыя размаітымі вырабамі мясцовых і замежных майстроў, дзе-хто адчыняў дзьверы ў крамы. Па Віцебскай вуліцы, Невельскім тракце ды па Прабойнай з поўначы цягнуліся вялізарныя калымагі з дабром. Іхнім возьнікам проста ўперадзе, удалечыні, на Чорнай гары за Чорным ручаём, на Дзядзінцы, вымалёўваліся муры Верхняга замку. Над ім магутна ўзносіліся абрысы выцягнутых стромка ўвысь званіцаў Сафійскага сабору. Па гэты бок Дзядзінцу цягнуўся лес колькіпавярховых ладных дамоў полацкіх багацеяў Вялікага пасаду.

На поўначы гораду пад зімовым, але ўжо досыць высокім ізыркім у сакавіку сонцам зіхацела вясёлым золатам свайго купалу Спаса-Ефрасіньнеўская царква.

Мінуўшы ўзгорыстыя палі й перасекшы Задзьвінскую дарогу, кіруючыся на Гандлёвую плошчу, возьнікі ўпіраліся ў Бельчыцкія ўзгоркі. На іх нельга было ня ўбачыць чатыры высачэзныя крыжы над званіцамі Барысаглебскага манастыра, якія асянялі разьлеглыя там вялікакняжыя замкі. Праўда, возьнікам цяпер было не да тых дойлідзкіх пэрлаў. Ім трэба было трапіць як найхутчэй да пакупнікоў места.

Гандаль у Полацку пачынаўся ад самага сьвітаньня. Запозьненыя падводчыкі адно з зайздрасьцю паглядалі на пакупнікоў, якія ўжо ўправіліся валачы адтуль поўныя кошыкі. Купчыкі, якія ўжо выгадна прадалі свой тавар, цяпер цягнуліся да пітных дамоў. Каля каторых шынкоў чулася гамана людзей. Адтуль выходзілі ў кажухох рупныя дзецюкі, якія выглядалі ўжо зраньня падвесялелымі, зь вясёлымі словамі на вуснах.

Тым часам з Запалацьця й Вялікага пасаду новыя людзі ішлі й ехалі на конях усё ў тым жа кірунку да Гандлёвага пляцу. Чалавекі й жанкі, хлапцы й дзяўчаты, рухавыя дзеці ішлі на рынак, каб удзельнічаць ва ўсеагульным гандлі. Новы чалавек у Полацку мог вынесьці ўражаньне, што ўвесь Полацак бяз вынятку заняты ў той вымене.

А дзясятай гадзіне раніцы на Прабойнай вуліцы каля крутога берагу ручая зьявіліся ваяводзкія стражнікі й пачалі зганяць адтуль тыя падводы, якія заместа таго, каб зьехаць на Гандлёвую плошчу, запыніліся тут на прыбярэжжы й пачалі прадаваць на недазволеным месцы. Тымчасам на плошчы пачалі зьбіраць мыта, пяць пенязяў з падводы бралі мытнікі ваяводы. Зборка ішла гладка, тым болей, што тут жа для астуджваньня жарсьцяў побач знаходзіліся й стражнікі з баёвымі сякерамі на доўгіх паліцах. Сяньня той збор прынясе ў ваяводзкую казну ладны куш — багата копаў грошай. Аднак радаснае ўзбуджэньне панавала сярод людзей на Гандлёвай плошчы й вакол яе. Цэлае мора зычных галасоў будзіла гучнае рэха й несла яго далёка на вуліцы полацкага Вялікага пасаду.

2

Дом купца футраў і скураных вырабаў Лукаша Скарыны высіўся ў Вялікім пасадзе на Вялікай вуліцы на ўзьбярэжжы Дзьвіны. Адтуль добра быў бачны стары манастыр Багародзі цы, а за ім за Чорным ручаём на высокай далечыні ўздымаўся славуты Сафійскі сабор. Для тых, хто шукаў Скарынаву хату, бліскучы ў нябёсах Багародзіцкі крыж заўсёды быў добрым паказальнікам напрамку. Па той бок Дзьвіны ў паўднёвым кірунку красаваўся сваімі званіцамі манастыр Яна Папярэдніка. Кожны малы й стары мог паказаць знаны Скарынаў дом у тры паверхі з вычварнымі выкрутасамі на ліштвах. Фігура выразанага з моцнага дубу шарсьцістага бабра на падстрэшшы ўпрыгожвала той будынак. Па ім прыежджыя купцы лёгка знаходзілі патрэбны ім дом.

У пакоях кожны новапрыбылы бачыў разьвешаныя на сьценах сабалёвыя й гарнастаевыя скуркі. Яны ж засьцілалі крэслы й тапчаны. Чучала прыгатаванай да скоку на сваю ахвяру куніцы шчэрыла пашчу ў дальшым кутку прасторнай гасьцёўні. Высокія сьцены з усіх бакоў былі ўпрыгожаныя малярскімі палотнамі. На адным зь іх мастак перадаваў у колерах сцэну княскага паляваньня — конных паляўнічых з князёўскай сьвіты ўкалярова-парэстых гарнітурах і карункавых каўнярох, а ўперадзе іх— чараду ганчакоў з ашчэранымі ад узбуджэньня зяпамі. Аперад імі — уцёкі ашалелага ад пагоні, спалоханага лася. Наіншых абразах былі намаляваныя родзічы і заснавальнікі слаўнага дому Скарынаў. Вісела колькі іншых абразоў на біблейскія тэмы. Паміж імі вылучалася сваімі памерамі шматфарбная карціна, на якой было намалявана Ўваскрашэньне Хрыстовае.

Тут, у гэтай упрыгожанай абразамі гасьцёўні, адбываліся многія пагадненьні купцоў з усяго сьвету са старшынёй Полацкае купецкае гільдыі Лукашом Скарынам. Апошні ведаў сабе цану. Вялікая ягоная крама была недалёка адгэтуль, побач Гандлёвага пляцу. Калі ён часам ішоў пехатою да свае крамы каля яткаў, паглядаючы на дробныя крамкі, ён з гонарам думаў, што яны — драбяза, не раўня яму, купцу шырака знанаму ў сьвеце, часта нават згадванаму ў наказах князёў і каралёў. Кожны сустрэчны нізка кланяўся яму ў пояс, аддаючы належнае славутаму палачаніну.

Сяньня Лукаш Скарына не пайшоў у сваю краму. У той дзень, 6 сакавіка, ён меў вялікую турботу — жонка чакала дзіця. Старэйшаму сыну было ўжо восем гадоў. Але Іванка яшчэ не памочнік. Хлапчанё. З дачкі невялікая дапамога. А тымчасам гандлёвы абыходак расьце. Вось жа некалі свае хлопцы яшчэ як спатрэбяцца, каб было на каго абаперціся безь ніякае рызыкі й круцельства.

Лукаш цешыўся сваім сынам Іванкам, пелегаваў, як зрэнку вока, надзею, што расьце будучы спадкаемца, каб пасьпяхова весьці далей слаўны й багаты дом Скарынаў.

Акрамя ўсяго, Лукаш праз усё жыцьцё адзначаўся дзеталюбствам. Любіў гладзіць малых па галоўцы, калі сустракаў іх у часе сваіх шпацыраў або па дарозе ў краму. Наглядаючы за тым ці іншым хлопчыкам, ён заўсёды параўноўваў яго ўдумках са сваім малым Іванкам. Яму заўсёды ягоны малы здаваўся лепшым за іншых, больш кемлівым дый спрытнейшым. Цяпер прыгадваў, зь якім спрытам Іванка ў імгненьне вока мог апынуцца на самым версе даху, каб парадкаваць сваю галубятню.

Лукаш пры гэтым не забываўся, што той немец, які вучыць ужо Іванку лічэньню і дае яму ўрокі лацінскае мовы, надта ж ужо хваліць ягонага малога за посьпехі ў латыні ды і ў нямецкай мове. «Даймаю я свайго малога рознымі даручэньнямі, — думаў цяпер Лукаш. — То зьбегай туды, аднясі рахунак аднаму купцу-пакупніку, то паведамі другому, каб пасьпяшаўся з даўгамі, каб не было патрэбы скардзіцца ваяводзкім людзям аб няспраўнасьці. Ёсьць жа людзі для гэтага іншыя. Трэба будзе абмежаваць сынаву дапамогу. Няхай лепш вучыцца больш ды й гуляе ўволю. Лепш будзе гадавацца на нашую радасьць. Расьце хай на волі — некалі ў жыцьці мінецца яна».

Тут ён прыгадаў сваю Магдалену. «З часіны на часіну яна чакае дзіцяці. Паводле ўсіх адзнакаў роды мусяць стацца сяньня. Павітуха ўжо не адыходзіць ад яе ні на хвілінку. Адылі трэба й яму быць блізка. Кажнай хвіліны можа яно здарыцца. Яму трэба быць тут, каб распарадзіцца».

З гэтымі думкамі ён падаўся ісьці на другі паверх па шырокіх, бліскучых ад воску, драўляных усходках. Крыху задыхаўшыся ад таропкае хады, ён з хваляваньнем адчыняў дзьверы ў спальны пакой, дзе на шырокім ложку, затонутая ў пуховай пярыне, пад ватнаю коўдраю ляжала ягоная Магда. Ейны збляднелы твар выразна акаймляўся шатэністымі валасамі, што беспарадкавымі пасмамі рассыпаліся вакол галавы на падушцы. Збалелыя рысы твару выказвалі, што парадзіха ўжо цярпела ад болю. Павітуха трымала яе за руку й нешта прыгаворвала.

— Ну як, Магдачка, ці не прыйшоў ужо час? — запытаўся Лукаш, дарма што яно відаць было й без запытаньня. Лукаш глядзеў у вочы Магдзе, нібыта чакаючы ейнага слова. Але парадзіха павяла вачыма на свой жывот і ледзь чутна прамовіла:

— Пачынаецца ўжо... нешта надта забалела ўнізе. Балець стала і ў грудзёх... Можа, лепш лекара прывезьці. Таго немца, што некалі Іванку прымаў...

Яна хацела яшчэ нешта дадаць, але ад болю не магла прамовіць, і адно скрыўлены твар прамаўляў сам за сябе, што пачыналіся мучэньні.

— Я зараз жа загадаю паклікаць таго лекара, ён тут недалёка жыве... — прамовіў Лукаш і пабег стрымгалоў з пакою ўніз.

— Іваська, Івась! — гукнуў ён свайго хлопца на двары, дзе той гуляў зь іншымі дзецьмі, коўзаючыся на санках па абледзянелым дварышчы. — Бяжы хутчэй, Івась, на Нямецкую вуліцу да лекара, Курта Бэйкмана. Ты ж ведаеш, дзе ён жыве, быў уяго колькі разоў. Кажы яму, каб зараз жа на кані ехаў да нас. Скажы, што парадзіха чакае на яго дапамогу.

— Добра, татка, — адказаў танклявым галаском хлопчык ізараз жа пабег рухавымі крокамі ў бок Прабойнай вуліцы, каб адтуль дастацца да Нямецкай. Не прайшло й паловы гадзіны, як стары лекар Курт ужо злазіў са сваёй каламажкі ды ішоў са двара ў Скарынаву гасподу.

3

Тым часам сонца, якое ўжо стаяла досыць высока, пачало зусходняга боку засланяцца нейкаю цёмнаю плямаю. Тая паступова расла й гусьцела, рабілася менш пранікальнай для сьвятла, кожным сваім пасоўваньнем на сонечную кулю ўсё больш ібольш зьмяншаючы ейную сьвятлейшую часьціну. На вуліцах Полацку рабілася ўсё цямней і цямней. Ужо, як у тумане, пачалі хавацца ад зроку людзей абедзьве брамы Дзядзінца: паўночна-заходняя — Духаўская, што выводзіла на Себескую дарогу, і Астроская, што злучала з Астрогам дарогаю каля знанае Чырвонае вежы.

Народ з апаскай углядаўся ў тое дзіва на небе і пачаў хавацца, дзе мог. Было ўжо не да гандлю. Полацкія мяшчане беглі дахаты, каб прыхавацца пад дахам. Прыежджым не было куды бегчы ад сваіх коней, і яны адно палахліва пазіралі на неба й пакрыты змрокам горад. Аднекуль выпаўзалі шаптуны, якія прарочылі канец сьвету. А старая блазнаватая Анішчыха запынілася каля ятак і пачала апавядаць пра тое, як яна бачыла ўва сьне нікому тут не вядомага „сьвятога» Ахрыма, які раіў усім пакідаць Полацак перад нечуваным няшчасьцем. Горад нібыта апануюць нячыстыя сілы і будуць вышукваць усіх праведнікаў, каб спаліць іх у смале на вогнішчы на вачох блуднікаў. Гаварыла Анішчыха, што ўжо недзе бачыла тыя вялікія катлы ды нават нарыхтаваныя для гэтае мэты смалу й карчы для падпальваньня. Спачатку яе слухалі з увагай. А потым нейкі малады дзяцюк без пашаны вымавіў да старой:

— Дык чаму ж ты не ўцякаеш, падсмаліўшы пяткі, замест таго каб нам тут чмурыць галовы?

І ён, наблізіўшыся да яе, над самай галавой старой моцна засьвісьцеў, нібыта падуў у самаробную дудку. Хто-ніхто зарагатаў усьлед. Старая Анішчыха адно бліснула на яго злоснымі вачыма й адразу ж зьнікла... Яткі пачалі пусьцець, і адно адзінотныя пешаходы яшчэ дзе-нідзе кандыбалі сваёю дарогаю дадому.

Па часе вежа Спаса-Ефрасіньнеўскае царквы пачала таксама зьнікаць за даляглядам на поўначы гораду. У далёкай шэрасьці толькі залацісты высокі крыж цяпер ледзь прыкметнаю зданьню яшчэ заўважаўся на пачарнелым небе. Цемень адбірала ўсе адрознасьці на званіцах Сафіі, затуляла іх узорыстыя падкрыжжы. Ужо ня бачылася знаная мігатлівасьць Сафійскіх сьценаў. Адно сем вярхоў саборавых па-ранейшаму ахіналі горад унізе сьвятой раскошай і надавалі яму натхнёны высокай мудрасьцю выгляд. Паднятыя высака ўгару крыжы ледзь прыкметнымі прывідамі па-ранейшаму арыентавалі палачаніна і паказвалі кірунак ягонаму руху ў густым мораку.

Зацьменьне сонца над Полацкам таго шостага сакавіка захапіла палачан неспадзеўкі і напоўніла іхнія душы турботным неспакоем. Усе хутка пахаваліся па хатах, а каторых яно засьпела наводшыбе, гнала безаглядна ў кірунку хаты. Вуліцы неўзабаве апусьцелі і пачалі здавацца фантастычным марывам. Вялізарнымі прывідамі сярод маленькіх дамкоў вылучаліся шэрыя абрысы большых камяніцаў. Людзі жагналіся, гледзячы на Сафійскія крыжы, перад тым як увайсьці ў хату. Прайшло некалькі часу, пакуль зьнікла першае ўтрапеньне. А потым людзі, як краты, пачалі вылазіць са сваіх сховішчаў. Першымі пачалі выбягаць жэўжыкі-падлеткі з задымленымі шкельцамі, каб назіраць, як сонца будзе вызваляцца паступова з паланеньня. Хлапецкая дапытлівасьць відавочна брала верх над першым прыступам баязьлівасьці. Калі на пачатку зацьменьня хлапчукі беглі з рэчышча Палаты стрымгалоў дахаты, дык празь некаторы час яны зноў пачалі зьбірацца на ачышчаным лёдзе тае ракі. Але на гэты раз ня гэтак дзеля коўзаньня на ёй, а каб гуртам, дзеля весялосьці, наглядаць за тым полацкім дзівам, якое гэтак зьбянтэжыла напачатку ўсіх палачанаў і перавярнула на той дзень звыклы ход жыцьця. Дзіцячы гоман зноў перапаўняў лядовыя прасторы Палаты і поўніў рэхам бліжэйшыя да ракі вуліцы й плошчы. Малады запал перадаваўся старэйшым. Хутка сталі бачныя й дарослыя з задымленымі шкельцамі ў руках перад вачыма з узьнятай да неба галавой. Яны рабілі спробы нешта бачыць на сонцы, якое нешта надта доўга не магло вызваліцца ад навалы на яго цёмнае сілы.

4

У доме Лукаша Скарыны тым часам адбываліся іншыя падзеі. Нікога там зацьменьне ня спужала і выклікала адно нейкае невыразнае зьдзіўленьне. Калі ў хаце сьцямнела, пакаёўка запаліла сьвечкі і паставіла іх у гасьцёўні ды ў пакоі, дзе ляжала парадзіха. Лекар распрануўся й на запросіны Лукаша хуценька пайшоў у пакой да парадзіхі. Адтуль ужо чуліся голасныя енкі. Курт агледзеў Магдалену, паслухаў ейны пульс, абмацаў жывот і загадаў прынесьці цёплай вады й ручнікі.

Ад безупыннага руху людзей каля ложка хісталася полымя сьвечкі, і на твар парадзіхі клаліся сьцені і пасьпешліва, мітусьліва перабягалі зь ейнага твару на грудзі й коўдру. Курт ссунуў убок зь ейных ног коўдру, вызваліў іх з-пад лішняе ношкі. Цела парадзіхі адразу адчула палёгку, і стала лягчэй дыхаць. А Лукашу Курт Бэйкман загадаў выйсьці з пакою парадзіхі.

Лукаш з трапяткім сэрцам стаяў за дзьвярыма ў другім пакоі і ўслухоўваўся ў кожны шорхат. Ён пераступаў з нагі на нагу, шаптаў пацеры, вусны ягоныя ціхама вымаўлялі словы звароту да Бога. Час здаваўся яму вечнасьцю.

Калі ўжо пасьвятлела ў доме і сталася бачная ікона Божай Маці зь дзіцянём-Ісусам каля грудзей, ён раптам пачуў задзьвярыма выразны й прарэзьлівы крык дзіцяці. Во як закалацілася ягонае сэрца! Ён адразу памкнуўся быў ісьці ў той пакой і зрабіў нерашучы крок у той бок, але раптам спыніўся і пачаў чакаць адтуль навіны. Тыя лічаныя хвілінкі здаваліся яму гадзінамі...

Аж раптам адчыніліся запаветныя дзьверы, адтуль выйшла пакаёўка і радасным голасам абвесьціла:

— Сын, ладны хлопец, віншую! — прамовіла яна й запрашальна паказала, што Лукаш можа ўвайсьці. «Дзякуй Богу, відаць, дайшлі мае словы да Яго», — удзячна прамовіў ён шэптам і, калоцячыся ад хваляваньня, увайшоў у жончын пакой. Магдалена ляжала супакоеная, адкінуўшы голаў. Рассыпаныя па падушцы валасы падкрэсьлівалі змучанасьць ейнага зьбялелага твару. Але бачна было, што яе апанаваў ужо нейкі новы клопат. Задаволеная нараджэньнем моцнага і ўвесістага хлапца, яна цяпер турбавалася іншым. Яна ўсё не магла ў сваіх думках пагадзіць нарадзіны з гэтым зацьменьнем. Лукаш узяўся лагодна за ейную руку і моцна прыціснуў яе да сваіх вуснаў.

— Дзякую табе, Магдачка, за сынка і за ўсё, што вынесла за яго, — ціхама гаварыў Лукаш, нахіліўшыся над жонкай, узрушаны бачаным каля Магдаленавых грудзей ружовенькім смактуном, які прытуліўся да поўнае цыцкі чырвоненькім роцікам.

— Гэта ж такая цемень была найшла сярод белага дня, калі я раджала! Што гэта магло значыць, ці не на бяду якую? — запыталася Лукаша ледзь чутным слабым голасам Магда. Курт Бэйкман пачуў і пасьпяшаўся супакоіць парадзіху.

— Гэта звычайная прыродная зьява, добра ведамая астраномам. Раз у якое дзесяцігодзьдзе сонца засланяецца месяцам. Але зацьменьне звычайна прыносіць зямлі, над якой яно бачыцца, добрыя ўраджаі. Значыць, гэты год будзе ўрадлівым, зьявяцца новыя людзі, багата народзіцца скаціны і зьвяр'я, кожнае зерне дасьць багаты плён. А ў вас у хаце ўжо ёсьць добры плён — такога сына вам Бог паслаў. Асяні, Ойча, гэтую слаўную хату вечнай любоўю, ласкай Божай!

— А тое, што ваш сынок зьявіўся на сьвет якраз у момант, калі пачало сьвятлець і зьнікла цямнота, дык гэта таму, — дадаў аўтарытэтна Курт, — што яму наканавана вялікае прызначэньне быць сьветачам свайму народу: будзе множыць веду й добра паслужыць людзям паспалітым сваім навучаньнем.

Слова адукаванага чалавека было важкім для Скарынаў. Магдалена супакоена з удзячнасьцю зірнула на лекара. А Лукаш паціснуў ягоную старэчую руку. Раптам усе заўважылі, што ўпакоі зрабілася ўжо зусім сьветла. Пакаёўка кінулася гасіць сьвечкі.

Калі выйшлі на панадворак выпраўляць Курта Бэйкмана, іх зрокі прыпалі да неба на поўдні. Сонца зноў радасна сьвяціла над зямлёй і адбівалася бліскучымі іскрамі на паддахавых лядзяшках. Адылі левая частка сонца была накрытая маладзіко вым сярпом, які засланяў сабою прамяністую зыркасьць. Непранікальная шэрасьць таго сярпа на сонцы засталася ў памяці Лукаша. Ён даў сабе зарок расказаць, калі падрасьце сынок, якім выглядала сонца ў дзень ягоных нарадзінаў.

Ад таго дня ўсё жыцьцё і дзейнасьць нованароджанага пайшлі пад знакам месяца на сонцы. Ён надасьць ім чалавечыя твары і будзе ўжываць іх як друкарскі гуманістычны герб. Такім вызначальным стаўся сымбаль ягонага нараджэньня.

Сьвiтанак над лахваю

1

— Гу-га-га! Но, ваўкарэзіна! А каб цябе воўк спляжыў! — чуліся галасы вазакоў, калі коні запыняліся па дарозе, а калёсам не было як выкаляіць з выбоіны па размытых даўгімі лістападаўскімі дажджамі дарогах. Праўда, цяпер ужо, на пачатку сьнежня, падмарозіла й запарушыла першым сьняжком. А ўсё адно колы, трапіўшы ў выбоіну, доўга коўзаліся й пакідалі цяжка гружаны воз на месцы, пакуль ён, падперты плячыма дарожных дзецюкоў, не выкотваўся на роўную паверхню гасьцінца.

Ужо цэлы тыдзень купецкі абоз зь Вільні на Магілёў павольна сунуўся на ўсход. Кожнае начы каля сотні вазоў спынялася на прыдарожных дворышчах, дзе падарожныя мелі харчы й страху над галавой. А на сьвітаньні зноў гаманлівы натоўп купецкіх дзецюкоў напаўняў гoласам навакольле, і доўгая чарада вазоў выцягвалася ўздоўж гасьцінца — насустрач ружоваму золку. Сярод прызвычаеных да такіх вандровак хлопцаў вылучаўся ціхай пакораю малады чалавек у даўгім, бадай што да пятаў, аўчынным кажуху, з-пад якога пры хадзе выглядаў чорны гарнітур шкаляра Віленскага Калегіюму. На яго галаве цяпер была высокая — стаўбуном — мядзьведжая шапка, што ратавала вушы ад першага, а таму, здавалася, асабліва калючага, марозу. Са шчыліны паміж шапкаю ды каўняром адно вочы сьвяціліся жывымі агеньчыкамі на збляклым за доўгую дарогу твары.

Удзень Мікола мала ехаў на возе, дзе яму было прызначана добрае месца на сене побач з вазаком. Ён усё больш тупаў побач і тым грэў ногі, — дарма што на іх былі надзетыя добрыя валёнкі, безь якіх купцы ніколі не падаваліся ў падарожжа. Так рабілі бадай што ўсе маладзейшыя дзецюкі — подбегам ледзь пасьпяваючы за коньмі ды безупынна галёкаючы на іх, ня так зпатрэбы, як дзеля свае маладзецкае зухаватасьці.

Шкаляр ехаў да бацькі ў Гусава, дзе той служыў княжым палясоўшчыкам. Бацькаў выдзел шырака разьлёгся паміж Лахваю ды Дняпром — усё некранутыя пушчы, пракаветныя лясы й урочышчы.

Чым далей адыходзіў ад Вільні, тым усё настойлівей вяртаўся ў сталіцу думкамі. Далася яна яму ў знакі!.. Прыходзіла ся й удзень, а часам і ўначы сядзець над вялізнымі фаліянтамі, напісанымі на лаціне. Больш яму былі даспадобы тыя дні, калі мог з раньня да зьмярканьня праседжваць у мурох віленскіх манастыроў над кірылічнымі граматамі вялікіх літоўскіх князёў, калі мог з галавой акунуцца ў сьвет роднае даўніны. Там ён зьведаў асалоду спазнаньня мінуўшчыны краю ліцьвінаў. Найбольш варажылі ягонае ўяўленьне Вітаўтавы дзеі. Ох, як не любіў вялікі князь баязьліўцаў, і як хутка распазнаваў, дзе хавалася крыўда, і як ён караў хлусоў! Клятваадступнікаў судзіў, як забойцаў. Подкупы, хабар, ліхвярства караў бязьлітасна. Таму й перавяліся былі тыя ліхасьці ў Вялікім Княстве Літоўскім. За гэта належыцца Вітаўту найвышэйшае ўвекавечаньне.

Успомніўся Міколу-шкаляру й настаўнік-канонік Эразм Цёлка. Яму Мікола абавязаны сваімі посьпехамі ў калегіюме. Пад ягоным кіраўніцтвам ён дасканала авалодаў лацінаю, навучыўся размаўляць на ёй, бліскуча дэклямаваць творы Люкрэцыя, Вэргілія, Гарацыя. Гэта ён некалі й параіў бацьку паслаць Міколу ўВільню.

З айцом Цёлкам выпадкам пазнаёміліся ў пробашча катэдры сьвятога Станіслава ў Вільні. Тады канонік якраз распачынаў вучыць шкаляроў навуцы Божай у Вільні й адразу зьвярнуў увагу на дапытлівага хлапца, які ўжо тады выяўляў нязвычны нахіл дайсьці да сэнсу ўсялякае зьявы ў сьвеце. Затым яму прыгадаліся выпадкі, калі айцец Эразм браў яго з сабою на перамовы ў дзяржаўную канцылярыю й даручаў яму сакратарскія абавязкі. Цяпер неахвотна, але згадзіўся, каб Мікола зьезьдзіў дахаты на Каляды — ужо колькі год ня быў удома.

Пятага сьнежня апоўдні купецкі абоз пераехаў бродам Лахвіцу, адкуль ужо недалёка было й да Лахвы, на поўдзень ад якой разьлеглася вялікае сяло Гусава.

О, як забілася Міколава сэрца, калі яму здалося, што ён пачуў пахі роднага Гусьлішча (так завуць сваё месца народжаныятам)! На першым прыпынку Мікола расплаціўся з возьнікам, аддаў яму кажух, валёнкі, скураную магерку, а сам апрануў паверх шкалярскага ўбраньня сваю бравэрку. Здымаючы ласёвыя рукавіцы, ён заўважыў, што намуляў імі на пальцах мазалі. «Ведама, адвыклі рукі ад грубога, даўно ўжо не трымалі лука ды дзіды. Цяпер адно да гусінага пёрка й дакранаюцца. Колькі год прайшло з таго часу, як з бацькам паляваў на дз